горад у Расеі From Wikipedia, the free encyclopedia
Вялі́ж — места ў Расеі, на рацэ Дзьвіне. Адміністрацыйны цэнтар Вяліскага раёну Смаленскай вобласьці. Насельніцтва на 2016 год — 7068 чалавек. Знаходзіцца за 124 км ад Смаленску, за 70 км на поўнач ад чыгуначнай станцыі Рудня (лінія Віцебск — Смаленск). Аўтамабільныя дарогі на Віцебск, Невель, Смаленск. Рачная прыстань.
Вяліж лац. Vialiž | |||||
Меская ратуша на Рынку | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1392 | ||||
Магдэбурскае права: | 20 сакавіка 1585 | ||||
Краіна: | Расея | ||||
Суб’ект фэдэрацыі: | Смаленская вобласьць | ||||
Муніцыпальны раён: | Вяліскі | ||||
Плошча: | 32 км² | ||||
Вышыня: | 160 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2016) | |||||
колькасьць: | 7068 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 220,88 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +7 48132 | ||||
Паштовы індэкс: | 216290, 216291 | ||||
Нумарны знак: | 67 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 55°36′0″ пн. ш. 31°12′0″ у. д. | ||||
Вяліж | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
Афіцыйны сайт |
Вяліж — магдэбурскае места гістарычнай Віцебшчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша, цэрквы Сьвятога Ільлі (віленскае барока), Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа і Сьвятога Мікалая, касьцёлы Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і Спачыну Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнікі архітэктуры XVIII ст., што пацярпелі ў апошнюю вайну і былі дашчэнту зьнішчаныя савецкімі ўладамі па яе заканчэньні.
На думку географа Аркадзя Смоліча, тапонім Вяліж[1][2][3] утварыўся ад прыметніка «вялікі»[4]. Існуе меркаваньне, што ў старажытнасьці рака Дзьвіна мела назву «Велья»[5]. Увогуле, форма Вяліж лічыцца ўласьцівай беларускім тапонімам, утвораным ад назваў рэчак: Усяж, Бусяж, Тонеж ды іншыя[6].
Тэрыторыя сучаснага места (Вяліская воласьць) сьпярша ўваходзіла ў склад Смаленскага княства, пазьней — у склад ягонага ўдзелу — Таропецкага княства. Разам з апошнім у 1355 годзе гэтыя землі далучыліся да Вялікага Княства Літоўскага. Пад 1392 годам Вяліж упамінаецца ў Хроніцы Быхаўца, калі вялікі князь Вітаўт учыніў паход на Смаленск:
Пойдзе князь вялікі Вітольд, сабраўся пад гарада Псковія: Вяліж, Красны горад… | ||
Па няўдалай выправе Жыгімонта Старога згодна зь мірнай дамовай 1533 году Вяліж адышоў да Маскоўскага княства. У красавіку 1536 году маскоўскі гаспадар загадаў збудаваць на левым беразе Дзьвіны драўляны замак зь дзевяцьцю вежамі. Расейскія летапісцы падкрэсьлілі факт пабудовы наступнай фразай: «…а прежде в том месте Литовский город бывал». Нягледзячы на наяўнасьць больш раньняга ўспаміну пра Вяліж[7], гэтая дата афіцыйна лічыцца ў Расеі годам заснаваньня сучаснага места.
За часамі Інфлянцкай вайны (1558—1583) у 1562 годзе Вялікае Княства Літоўскае імкнулася авалодаць Вяліскімі землямі, што ажыцьцявіў гетман вялікі Мікалай Радзівіл «Руды». Праз год места захапіла Маскоўская дзяржава, аднак 6 жніўня 1580 году яго адваявалі войскі канцлера Я. Замойскага — «чрэз падане дабравольнае»[7]. Паводле Ям-Запольскага міру 1582 году, Вяліж адышоў да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стаў цэнтрам староства Віцебскага ваяводзтва. 20 сакавіка 1585 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў месту Магдэбурскае права і герб: «залаты крыж, над ім аголены меч, скіраваны лязом на ўсход, на блакітным шыхце эўрапейскага тыпу»[8].
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Вяліжу і ваколіцаў ліцьвінамі: «литвин Велижского повету Яремка» (1607 год)[9], «…приехали <…> из Велижа два литвина Кузька Федоров да Иванко Офромеев…»[10], «…приехал на Велиж, стал на посаде, у литвина у Степанка»[11] (абодва 1609 год), «литвин малой Стенка, Борисовской волости Велижского повета» (1609—1610 гады)[12], «Велижского уезда <…> литвин Васка Шавра, меня излаял и назвал меня москалем» (1644 год)[13]. Сьведчаньне самавызначэньня жыхароў Вяліжу як «літвы» зьмяшчае дакумэнт 1609 году: «приехали Велижские торговые люди… а сказывали: уже намъ, нашей Литве худо стало…»[14].
З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі намаўлялі вяліжцаў здацца на літасьць маскоўскага гаспадара ва ўмовах наступу ўсёй тэрыторыяй Вялікага Княства Літоўскага, аднак замак пратрымаўся да ліпеня 1655 году, калі яго ўзялі штурмам і спалілі. У выніку Андрусаўскага замірэньня 1667 году места трапіла пад уладу Маскоўскай дзяржавы. У 1678 годзе, наўзамен Кіева і ваколіцаў, Вяліж вярнулі Вялікаму Княству Літоўскаму. За маскоўскім гаспадаром Аляксеем Міхайлавічам, на званіцы тутэйшае Мікалаеўскае царквы вісеў пазялянелы ад часу звон. На ягоным версе меўся надпіс вялікімі літарамі: «Алексей Михаилович всея Великія и Малыя и Белая Руси Царь, Государь и Самодержец», а ўнізе дробнымі літарамі адзначалася: «А майстра зрабив Дёмка». Да таго ж, вяліжане менавалі яго «Дзёмкіным звонам», а не «Царскім» ці «Аляксееўскім»[15]. 15 ліпеня 1697 году тутэйшы замак дашчэнту згарэў ад маланкі, па чым больш не аднаўляўся.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Вяліж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1804 годзе стаў цэнтрам павету Віцебскай губэрні. 21 верасьня 1781 году места атрымала новы расейскі герб з выявай Пагоні. На 1799 тут было 689 будынкаў, дзеялі 7 цэркваў (усе ў юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду), зь якіх 3 мураваныя і 4 драўляныя, 2 мураваныя касьцёлы, працавалі 3 млыны, расейская народная вучэльня.
На 1860 год у Вяліжы было 1322 дамы, зь якіх толькі 17 мураваных; дзеялі 10 цэркваў, зь якіх 3 драўляныя, касьцёл, збудаваны ў 1754 годзе на сродкі Базыля Дашкевіча, сынагога і 2 юдэйскія малітоўныя дамы. У гэты час працавалі 4 школы, старэйшая зь якіх адкрылася ў 1830 годзе. У кастрычніку 1861 году ў Вяліжы здарыўся вялізны пажар, які зьнішчыў большую частку места. На 1891 год тут было 2033 драўляныя будынкі і 154 мураваныя, 67 прамысловых прадпрыемстваў, на якіх працавала 1279 працоўных. Існавала 4 прадмесьці — Усьвяцкае, Таропецкае, Віцебскае і Смаленскае. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, беларусы складалі 86% жыхароў Вяліскага павету[16].
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Вяліж абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 9—18 лістапада 1918 году ў ваколіцах места прайшло масавае антыбальшавіцкае паўстаньне. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Вяліж увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павету («падраёну») Віцебскага раёну[17]. Аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 годзе беларускія бальшавікі прасілі вярнуць Вяліж БССР, аднак Масква не задаволіла гэтую просьбу[18].
У Другую сусьветную вайну з 14 ліпеня 1941 да 20 верасьня 1943 году Вяліж знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У Вяліжы працуюць 2 сярэднія агульнаадукацыйныя школы, 3 ўстановы дадатковай адукацыі — дом дзіцячай творчасьці, спартовая школа ды дзіцячая школа мастацтваў, 5 муніцыпальных дзіцячых садкоў і 1 праваслаўны, прафэсійная вучэльня.
Дзеюць гістарычна-краязнаўчы музэй, дом адпачынку, дзіцячая і дарослая бібліятэкі, 3 аўтаклюбы[24].
Рака Вяліжка і глыбокі яр з ручаём падзяляюць места на тры часткі. Паводле генэральнага пляну 1778 году Вяліж атрымаў прастакутную сетку вуліцаў, якая ўлічвала гістарычны плян. У першай палове XIX ст. цэнтар Вяліжу забудоўваўся мураванымі дамамі ў стылі позьняга клясыцызму: адміністрацыя места, гандлёвыя рады. У другой палове XIX — пачатку XX стагодзьдзя зьявіліся будынкі ў стылях эклектыкі і мадэрну. Шматлікія сакральныя будынкі Вяліжу былі пашкоджаныя ў апошнюю вайну і зьнішчаныя савецкімі ўладамі места па яе заканчэньні.
У адпаведнасьці з генэральным плянам 1983 году захаваная гістарычная левабярэжная частка места, у цэнтральнай частцы — парк з алеямі. Места разьвіваецца галоўным чынам на поўнач.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
1-ы Горкага завулак | Гарэлая вуліца | |
2-гі Горкага завулак | Траецкая вуліца | |
Акопная вуліца | Міхайлаўская вуліца | |
Валадарскага вуліца | 1-я Смаленская вуліца (частка) 2-я Смаленская вуліца (частка) Смаленскі гасьцінец | |
Гарохава вуліца (з 1963 г.) | Гарохавая вуліца | |
Дзяржынскага плошча | Рынак пляц | Свабоды плошча |
Камсамольская вуліца | Прачысьценскі завулак (частка) Узгорская вуліца (частка) | |
Камунальная вуліца | Чартарыйскі завулак | |
Крапоткіна вуліца | Духаўская вуліца | Ленінская вуліца |
Красінец вуліца | Узьвіжанская вуліца | Чырвонаармейская вуліца (з 14.09.1977 г.) |
Кузьняцова вуліца | Жыдоўская вуліца Нова-Слабадзкая вуліца | |
Курасава вуліца | Жгутоўская вуліца | Пашуціна вуліца |
Лейтэнанта Шміта вуліца | Траецкая набярэжная (частка) Надзьвінская вуліца (частка) Набярэжная вуліца (частка) | |
Леніна вуліца (з 11.03.1953 г.) | Усмынскі гасьцінец Вялікалуцкая вуліца | |
Нахімсона вуліца | Слабадзкая вуліца | |
Невельская шаша | Касьцельна-Суярачная вуліца | |
Перамогі вуліца | Ганчарная вуліца | Будзённага вуліца |
Рабочая вуліца | Міхайлаўская вуліца (частка) Пятроўская вуліца (частка) Бярозавая вуліца (частка) | |
Розы Люксэмбург вуліца | Прачысьценская вуліца (частка) Вучэльневая вуліца (частка) | |
Савецкая вуліца (з 16.11.1961 г.) | Касьцельная вуліца (частка) Ільлінская вуліца (частка) Пакроўская вуліца (частка) Мікольская вуліца (частка) | Інтэрнацыянальная вуліца Сталіна вуліца |
Сака і Ванцэці вуліца | Чартарыйская набярэжная | |
Сьвярдлова вуліца | Віцебскі гасьцінец | |
Чапаева вуліца | Васільеўская вуліца | |
Чырвоных Зор завулак | Кавальскі завулак | |
Энгельса вуліца | Прыроўская вуліца | |
Яна Томпа вуліца | Меская Набярэжная вуліца (частка) Прыстанская Набярэжная вуліца (частка) Замкавая вуліца (частка)[25] |
З урбананімічнай спадчыны Вяліжу да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Берагавая, Дзіцячая, Паркавая, 1-я і 2-я Садовыя і Таропецкая, завулкі Невельскі і Судзейскі.
Гістарычныя мясцовасьці Вяліжу: Усьвяцкае, Таропецкае, Віцебскае і Смаленскае прадмесьці, а таксама Руская Слабада.
Мэблевая фабрыка, ільнозавод, прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.
Празь Вяліж праходзяць аўтамабільныя дарогі Р133 (Невель — Смаленск), Р131 (Вяліж — Сенькава) і Р112 (Вяліж — Віцебск).
Аўтобуснае злучэньне з Смаленскам, Віцебскам, Санкт-Пецярбургам. Найбліжэйшая чыгуначная станцыя Рудня (лінія Віцебск — Смаленск) знаходзіцца за 93 км. У 1945—2005 гадох у месьце і ваколіцах дзеяла Баранаўская вузкакалейная чыгунка, якая належала Вяліскаму леспрамгасу (ня мела выйсьця на магістральную чыгуначную сетку).
Да 1990-х гадоў існавала грузавое і пасажырскае суднаходзтва Дзьвіною.
У месьце дзее Вяліскі гістарычна-краязнаўчы музэй.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.