Латыская мова
балцкая мова From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
балцкая мова From Wikipedia, the free encyclopedia
Латы́ская мова (саманазва: latviešu valoda) — мова ўсходнебалцкай падгрупы балцкай групы індаэўрапейскае моўнае сям’і, якой карыстаецца каля 2 млн чалавек у Латвіі, а таксама блізу 200—300 тыс чалавек у астатнім сьвеце. Нацыянальная мова латышоў. Дзяржаўная мова Латвійскае Рэспублікі, адна з афіцыйных моваў Эўразьвязу.
Латыская мова | |
latviešu valoda | |
Ужываецца ў | Латвіі |
---|---|
Рэгіён | Усходняя Балтыка |
Колькасьць карыстальнікаў | 2,2 мільёну |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейская сям’я
|
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | Латвіі, Эўразьвязе |
Рэгулюецца | Дзяржаўным цэнтрам мовы Латвійскае Рэспублікі (Latvijas Republikas Valsts valodas centrs) |
Пісьмо | лацінскае пісьмо і латыскі альфабэт[d] |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | lv |
ISO 639-2(Б) | lav |
ISO 639-2(Т) | lav |
ISO 639-3 | lav |
SIL | LAT |
Латыская мова ўзьнікла прыкладна ў VII—IX ст н. э. у выніку аддзяленьня ўласналатыскіх гаворак латгалаў, зэмгалаў, куршаў і сэлаў — плямёнаў, што ў будучым утварылі латыскі этнас, ад гаворак, зь якіх утварылася сучасная летувіская мова.
Сучасная фанэтычная сыстэма латыскай мовы склалася прыблізна да пачатку ХІІІ ст. У мове выдзяляюць тры групы дыялектаў: лівонскі, сярэдне-латыскі і верхне-латыскі (латгальскі). У аснову літаратурнай мовы быў пакладзены сярэдне-латыскі дыялект. Латгальская мова яшчэ ў 20—30 гг. ХХ ст. лічылася латвійскімі ўладамі за афіцыйную, сёньня прыхільнікамі адраджэньня латгальскай ідэтычнасьці вядзецца барацьба за вяртаньне ёй афіцыйнага статусу. Латгальскі дыялект прызнаецца заканадаўствам Латвіі, а ягоная пісьмовая норма лічыцца адной зь дзьвюх літаратурных нормаў латыскай мовы, нароўні з уласна латыскай. Латгальскі дыялект ў некаторай ступені адасобіўся ад астатніх дыялектаў латыскае мовы ў выніку ўваходжаньня часткі Латгаліі ў склад Рэчы Паспалітай (Інфлянты), ягоная лексыка вылучаецца пэўнай колькасьцю польскіх і беларускіх запазычваньняў.
Першым упарадкаваным пісьмовым помнікам на латыскай мове лічыцца каталіцкі «Катэхізыс» (1585)[1], аднак асобныя спарадычныя пераклады касьцёльных сьпеваў і пацераў адносяцца ўжо да першай паловы XVI ст. Для перадачы мовы на пісьме першапачаткова выкарыстоўваўся гатычны шрыфт, а сама артаграфія была пазычаная зь ніжненямецкай мовы.
У першай палове XVII ст. была створаная ўжо досыць трывалая артаграфічная сыстэма латыскай мовы на базе верхненямецкага пісьма, якая праіснавала ажно да сярэдзіны ХІХ ст. Замацаваньню гэтай сыстэмы пісьма садзейнічалі такія выданьні як «Postilla» Г. Манцэля і Катэхізыс (1680) зь Бібліяй (1685—1694) у перакладзе Э. Глюка.
Штуршок да разьвіцьця мова атрымала ў ХІХ ст. у сувязі зь адукацыйнай дзейнасьцю младалатышоў, якія спрыялі разьвіцьцю народнай асьветы й культуры. Зь імёнамі Ю. Алунанса й А. Кронвалдса зьвязана зьяўленьне латыскай літаратурнай мовы. Вялікая праца па ўзбагачэньні мовы новымі лексычнымі формамі вялася на старонках газэты «Pēterburgas Avīzes» — своеасаблівага латыскага адпаведніку «Нашай Нівы».
Латыская мова зазнала вялікі ўплыў з боку нямецкай мовы, які адбываўся на працягу XIII—XIX стагодзьдзяў, што тлумачылася ў асноўным дзейнасьцю нямецкіх пастыраў, якія стараліся як мага эфэктыўней данесьці да простага люду божыя запаветы, для чаго выкарыстоўвалі сваю родную мову ў якасьці крыніцы інтэлектуальнага натхненьня; іншаю прычынай было адносна доўгае нямецкая культурная перавага ў Латвіі, якая працягвалася нават пры знаходжаньні Латвіі ў складзе Расейскай імпэрыі. У ХІХ ст. пашырыўся ўплыў расейскай мовы, які моцна павялічыўся за часамі знаходжаньня Латвіі ў складзе СССР. Канец ХХ — пачатак ХІХ ст. выразна засьведчыў тэндэнцыі ўзнавіць аўтэнтычныя формы мовы. Чыстка закранула перш за ўсё яе лексычны склад, у якім значна паболела прыдуманых і вернутых з забыцьця ці па-просту пераасэнсаваных і адаптаваных да новых умоваў словаў.
Навуковае апісаньне структуры латыскай мовы пачалося ўжо ў XVII ст. Першая друкаваная граматыка, якую склаў Ё. Г. Рэехузэн, зьявілася на сьвет у 1644 годзе ў Рызе. Але яна ўтрымлівала надзвычай мала эмпірычнага матэрыялу, таму сучасныя лінгвісты пры вывучэньні старалатыскай мовы аддаюць перавагу граматыкам Г. Адольфі (1685) і Г. Стэндэра (першае выданьне — 1761). Першымі навуковымі граматыкамі, напісанымі па-латыску, сталі «Latviešu gramatika» і «Latviešu valodas mācība» аўтарства Я. Эндзэлінса і К. Міленбаха, якія выйшлі ў 1907 годзе.
Да XVII ст. адносіцца й узьнікненьне слоўнікаў латыскай мовы, самы першы зь якіх, пад назовам «Lettus», быў выдадзены Г. Манцэлем у 1638 годзе. Затым зьявіліся самавітыя слоўнікі аўтарства Стэндэра (1761, 1789) і Я. Ланге (1772, І т.; 1777, ІІ т.). Вялікае значэньне для фармаваньня латыскай нацыі мелі патройныя – расейска-латыска-нямецкі (1872) і латыска-расейска-нямецкі (1879) – слоўнікі, выдадзеныя К. Валдэмарсам. За часамі першай рэспублікі (1918—1940) быў выдадзены вялікі слоўнік Міленбаха «Latviešu valodas vārdnīca» (у чатырох тамох, выдаваўся з 1923 да 1932 году), які спаміж уласна лексычных і фразэалягічных адзінак падаваў этымалёгію словаў і складовыя інтанацыі.
Графічная сыстэма латыскай мовы пабудаваная на лацінскім альфабэце, адкуль яна пазычыла 22 літары (за выключэньнем q, w, x, y). Для больш натуральнай перадачы жывога маўленьня ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў да гэтага раду былі далучаныя яшчэ 11 мадыфікаваных літараў.
У латыскай мове 33 літары:
Aa, Āā, Bb, Cc, Čč, Dd, Ee, Ēē, Ff, Gg, Ģģ, Hh, Ii, Īī, Jj, Kk, Ķķ, Ll, Ļļ, Mm, Nn, Ņņ, Oo, Pp, Rr, Ss, Šs, Tt, Uu, Ūū, Vv, Zz, Žž.
Гукі латыскай мовы імкнуцца да простай суаднесенасьці з ужыванымі на пісьме графічнымі знакамі: мала ня кожнай фанэме адпавядае асобная літара.
Усе гукі латыскай мовы падзяляюцца на галосныя й зычныя, а галосныя яшчэ – на манафтонгі (простыя галосныя) й дыфтонгі (складаныя галосныя). Акрамя таго, простыя галосныя могуць быць кароткімі й доўгімі, даўжыню гучаньня якіх прынята суадносіць як 1/2,5. На пісьме павялічаная даўжыня гукаў пазначаецца дыякрытычным значком макрон (гарызантальнай рысачкай, garumzīme).
У латыскай мове дванаццаць простых галосных ([a], [a:], [ɛ], [ɛ:], [æ], [æ:], [i], [i:], [ɔ], [ɔ:], [u], [u:]), а таксама дзесяць дыфтонгаў ([aj], [uj], [ɔj], [ɛj], [aŭ], [iŭ], [eŭ], [ɔŭ], [iɛ], [uɔ]), кожны зь якіх (за выняткам [uɔ]) пазначаецца пры дапамозе дзьвюх літараў. Пры гэтым спалучэньне на пісьме кароткага галоснага зь літарамі j ці v таксама вымаўляецца дыфтангічна, напрыклад: [ij] і [iŭ] у словах birojs і zivs.
Зычныя гукі падзяляюцца на глухія і звонкія, цьвёрдыя й мяккія, пры гэтым існуе падрадковы знак кома, які ставіцца пад літарамі k, g, l, n, а ў ранейшых правапісах — таксама пад r. Гэты знак, як правіла, пазначае асаблівае вымаўленьне гэтых гукаў, адрознае ад звычайных літараў бяз комы (напрыклад, ņ пазначае гук [ɲ] накшталт ангельскага ng). Пры адсутнасьці комы гук звычайна вымаўляецца па-звычайнаму й цьвёрда (напрыклад, прозьвішча «Zatlers» будзе гучыць як [Затлэрс]). Глухія зычныя ў сытуацыі паміж кароткімі галоснымі падаўжаюцца (так, слова lapa будзе вымаўляцца як «lappa»). Перад глухімі зычнымі звонкія гукі аглушаюцца, аднак гэтае правіла не датычыць іх знаходжаньня на канцы словаў, дзе яны заўсёды вымаўляюцца звонка. Перад звонкімі зычнымі званчэюць, між тым, і глухія зычныя.
Для напісаньня афрыкатаў [ʒ] і [ǯ], як і ў беларускай лацінцы, выкарыстоўваюцца дыграфы dz і dž адпаведна. Аднак, гэтыя літары могуць пазначаць і два розныя гукі, як, напрыклад, у назьве Vidzeme.
Латыская мова належыць да ліку флектыўных моваў. У ёй існуюць толькі два роды: мужчынскі і жаночы. Назоўнікі мужчынскага роду маюць канчаткі -s, -š, -is, -us, а жаночага — канчаткі -a, -e, -s (апошняя фіналь выкарыстоўваецца досыць рэдка). Існуюць два лікі (адзіночны і множны) і шэсьць скланеньняў назоўнікаў у сямі склонах. Парадак словаў у сказе вольны; у залежнасьці ад сэнсу, які мае быць выказаны, ён часта мяняецца.
У латыскай мове няма артыкляў. Але затое для сувязі словаў часта выкарыстоўваецца дапаможны дзеяслоў «būt» («быць») у розных формах: «Tas ir ozols» – «Гэта (ёсьць) дуб».
Націск у латыскай мове ёсьць пераважна нерухомым і падае на першы склад слова.
Астатнія словы, якія не падпадаюць пад гэтыя правілы, замежнікам рэкамэндуецца проста запомніць пры вывучэньні мовы.
Апрача замацаванага націску ў мове існуе тон, які мае сэнсаадрозную ролю. Звычайна маюцца на ўвазе тры тоны, аднак у рэчаіснасьці ў маўленьні большасьці звычайна вылучаюцца толькі два тоны.
У латыскай мове не існуе дыфтонгу [ɛŭ]. Менавіта таму на будучых банкнотах Эўрапейскага Зьвязу, што будуць выпускацца пасьля ўваходжаньня Латвіі ў зону эўра, мае зьявіцца трэці варыянт напісаньня гэтай валюты (пасьля агульнакантынэнтальнага «Euro» і грэцкага «Ευρώ»), а менавіта: Eiro [ɛjro], які ўтвораны ад латыскага Eiropa.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.