экзархат Расейскай праваслаўнай царквы From Wikipedia, the free encyclopedia
Белару́скі экзарха́т Маско́ўскага патрыяха́ту (БЭ МП) (некананічная назва — Белару́ская правасла́ўная царква́, БПЦ) — рэспубліканскае рэлігійнае аб’яднаньне Беларусі, падразьдзяленьне Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ), заснаванае ў 1989 годзе. Складаецца з праваслаўных япархіяў у межах Беларусі. Дзейнасьць рэглямэнтуецца Статутам БПЦ і Статутам РПЦ (разьдзел ХII — «Экзархаты»[4]). У цяперашні час — адзіны экзархат у Маскоўскім патрыярхаце.
Беларускі экзархат | |
Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату | |
Катэдральны сабор Сашэсьця Сьвятога Духу (Менск, сакавік 2013 г.) | |
Абрэвіятура |
БЭ БПЦ |
---|---|
Папярэднік | Менская мітраполія |
Дата ўтварэньня | 16 кастрычніка 1989 (35 гадоў таму) |
Юрыдычны статус | рэлігійнае аб’яднаньне |
Мэта | пашырэньне праваслаўнай хрысьціянскай веры[1] |
Штаб-кватэра | Менск, Цэнтральны раён, вул. Вызваленьня, д. 10 |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Экзарх | Веніямін (Тупека) |
Кіраўнік справамі | Сергій (Брыч)[2] |
Старшыня Царкоўнага суду | Гурый (Апалька) |
Старшыня Рэвізійнай камісіі | Аляксандар Вярбіла[3] |
Кіроўны орган | Сынод |
Матчына кампанія | Маскоўскі патрыярхат |
Зьвязаныя кампаніі | Менская япархія, Полацкая япархія |
Сайт | church.by |
Згодна з Статутам РПЦ, найвышэйшая царкоўная ўлада ў экзархаце належыць мясцоваму сыноду пад старшынёўствам экзарха. Тым часам сынод экзархату і яго кіраўнік (экзарх) прызначаюцца сынодам Маскоўскага патрыярхату[5]. Апроч таго, Масква прымае пастановы аб ліквідацыі, перайменаваньні і зьмяненьні межаў экзархату, ажыцьцяўляе суд найвышэйшай інстанцыі, узгадняе і зацьвярджае Статут экзархату, пастановы аб утварэньні або ліквідацыі япархіяў[4].
Расейская праваслаўная царква абвяшчае сябе адзінай кананічнай праваслаўнай царквой у Беларусі, аднак гэта аспрэчвае Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква. Тым часам Усяленскі (Канстантынопальскі) патрыярхат вызнае Маскоўскі патрыярхат толькі ў межах 1589 году, калі заходняя граніца Маскоўскай дзяржавы прыкладна адпавядала сучаснай беларуска-расейскай граніцы. Гістарычная праваслаўная Літоўская мітраполія Канстантынопальскага патрыярхату ў 1596 годзе аднавіла еднасьць зь Сьвятым Пасадам і цяпер дзейнічае як Беларуская грэцка-каталіцкая царква.
Кананічная назва падразьдзяленьня Расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі — Беларускі экзархат Расейскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату). Назва «Беларуская праваслаўная царква» не зьяўляецца кананічнай, бо яе надалі сьвецкія, а не царкоўныя ўлады[5].
Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату выводзіць сваю гісторыю з 992 году — часу заснаваньня Полацкай япархіі Кіеўскай мітраполіі Канстантынопальскага патрыярхату. Аднак існаваньне Маскоўскай мітраполіі (папярэдніцы Маскоўскага патрыярхату) пачалося толькі па захопе Залатой Ардой Кіева ў 1240 годзе, калі загінуў мітрапаліт кіеўскі Ёсіф, а ў 1299 годзе мітрапаліт Максім перанёс сваю рэзыдэнцыю ўва Ўладзімер на Клязьме — бліжэй да ардынскай сталіцы Сараю. У 1352 годзе катэдру перанесьлі ў Маскву, пры гэтым тамтэйшыя мітрапаліты працягвалі тытулявацца «кіеўскімі». Тым часам самавольны перанос біскупскай катэдры не адпавядае царкоўным канонам, бо забараняецца правілам 82 Картагенскага сабору, таму такое тытуляваньне было некананічным[6]. Фактычная ліквідацыя Кіеўскай мітраполіі (бо мітрапаліт больш не знаходзіўся ў Кіеве) прычынілася да ўтварэньня асобных Маскоўскай і Наваградзкай (Літоўскай) мітраполіяў Канстантынопальскага патрыярхату.
У 1448 годзе Маскоўская мітраполія, якая пашыралася на тэрыторыю Маскоўскай дзяржавы і не датычылася Вялікага Княства Літоўскага, у аднабаковым парадку выйшла з-пад юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, за што праваслаўныя цэрквы перасталі лічыць яе кананічнай і вызначылі як схізму. Ужо ў 1459 годзе ў дакумэнце Маскоўскага сабору колішняя мітраполія называецца Маскоўскай царквой (рас. Церковь Московская)[7]. Кананічная ізаляцыя Маскоўскай царквы працягвалася 141 год і прычынілася да зьяўленьня ў яе богаслужбовай практыцы пэўных разыходжаньняў зь іншымі праваслаўнымі цэрквамі[8]. У 1588 годзе фактычны маскоўскі гаспадар Барыс Гадуноў запрасіў патрыярха канстантынопальскага Ерамію ў Маскву на перамовы пра магчымы пераезд з захопленага туркамі-асманамі Канстантынопалю. Аднак у самой Маскве Гадуноў на паўгода зьняволіў[9] патрыярха і такім чынам прымусіў яго ў 1589 годзе ня толькі вызнаць аўтакефалію Маскоўскай царквы, але і абвясьціць яе патрыярхатам. Разам з тым усе праваслаўныя прыходы на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага (у тым ліку сучаснай Беларусі) працягвалі знаходзіцца ў юрысдыкцыі Літоўскай (Кіеўскай) мітраполіі Канстантынопальскага патрыярхату, з чым Маскоўская царква на той час пагадзілася.
Па вайне з Рэччу Паспалітай (1654—1667), у выніку якой Маскоўская дзяржава захапіла Кіеў, у 1685 годзе маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч даслаў ліст патрыярху канстантынопальскаму Якаву з просьбай перадаць Кіеўскую мітраполію Маскве, на што атрымаў адмову. Тады ён самавольна з парушэньнем царкоўных канонаў (у тым ліку 8-га правіла III Усясьветнага Сабору і 2-га правіла II Усясьветнага Сабору[8]) ажыцьцявіў гвалтоўны перавод праваслаўных прыходаў, што знаходзіліся на заваяванай тэрыторыі Рэчы Паспалітай, пад уладу Маскоўскага патрыярхату. Па сьмерці патрыярха Якава ў 1686 годзе Аляксей Міхайлавіч зьвярнуўся да ўладаў Асманскай імпэрыі, на тэрыторыі якой на той час была рэзыдэнцыя патрыярха канстантынопальскага, і прапанаваў ім мір. Адзінай умовай была згода з боку новага патрыярха Дыянісія на перавод Кіеўскай мітраполіі ў юрысдыкцыю Масквы[10]. Неўзабаве той мусіў падпадаркавацца асманскім уладам і выдаў адпаведную грамату, за што атрымаў матэрыяльную ўзнагароду[11]. Аднак ужо ў 1687 годзе Канстантынопальскі сабор асудзіў патрыярха Дыянісія за адмову ад Кіеўскай мітраполіі на карысьць Масквы і пазбавіў яго патрыяршага пасаду за сыманію (хабарніцтва). Хоць выдадзеная на загад сьвецкіх уладаў грамата Дыянісія ня можа лічыцца кананічным дакумэнтам[12], з гэтага часу Кіеўская мітраполія апынулася дэ-факта ў складзе Маскоўскага патрыярхату. Старая традыцыя памеснасьці захоўвалася толькі Ўніяцкай царквой Вялікага Княства Літоўскага, па-ранейшаму аб’яднанай у Кіеўскую мітраполію (з цэнтрам у Наваградку, пазьней у Вільні)[5].
З скасаваньнем маскоўскім гаспадаром Пятром I Маскоўскага патрыярхату і ўтварэньнем у 1721 годзе «Найсьвяцейшага ўрадавага сыноду», аднаго зь міністэрстваў Расейскай імпэрыі, адабраная ў Канстантынопалю частка Кіеўскай мітраполіі трапіла пад яго фактычную ўладу. Па падзелах Рэчы Паспалітай Маскоўская (Грэцка-Расейская) царква «Найсьвяцейшага ўрадавага сыноду» атрымала на землях Беларусі паноўны статус. У 1839 годзе з дапамогай расейскіх ўладаў «Найсьвяцейшы ўрадавы сынод» захапіў уніяцкую частку Кіеўскай мітраполіі, што завяршыла працэс інкарпарацыі праваслаўных беларусаў у Маскоўскую царкву з стратай імі царкоўнай памеснасьці[5]. Усіх беларускіх вернікаў-уніятаў, якія складалі каля 80% жыхароў Беларусі[13], прымусова перавялі пад уладу «Найсьвяцейшага ўрадавага сыноду». Пра зьдзекі зь беларусаў-уніятаў пісалі дзеячы расейскай культуры — Леў Талстой, Аляксандар Герцэн[14]. Захаваліся шматлікія сьведчаньні фізычнага гвалту і прымусу з боку царскіх уладаў[15]:
З боку грамадзянскага начальства катаваньнем камандаваў акруговы Навіцкі. Гэты паліцэйскі апостал сек людзей датуль, пакуль катаваны не згаджаўся прыняць прычасьце ад праваслаўнага папа. Адзін чатырнаццацігадовы хлопчык па дзьвюх сотнях розгаў адмовіўся ад такіх зносінаў з Хрыстом. Яго зноў пачалі секчы, і толькі тады, саступаючы страшнага болю, ён пагадзіўся. Праваслаўная царква перамагла![16] | ||
У XIX ст. улады Расейскай імпэрыі даручылі падкантрольнаму «Найсьвяцейшаму ўрадаваму сыноду» галоўную ролю ў маскалізацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў. У 1840 годзе выйшла забарона прамаўляць па-беларуску царкоўныя казаньні. Япіскапы патрабавалі ад сьвятароў і іхных жонак карыстацца расейскай мовай і ў прыватным жыцьці, каб даць прыклад парафіянам[15]. Шырокую вядомасьць атрымаў дэвіз Мураўёўва-вешальніка: «Што не дарабіў расейскі штык — даробіць расейская школа і царква». З 1860-х гадоў пачалося масавае руйнаваньне помнікаў царкоўнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, замест якіх будаваліся мураўёўкі. У 1865 годзе Мураўёў-вешальнік нагадаў маскоўскаму гаспадару пра патрэбу ўзмацненьня ролі Маскоўскай царквы ў колішнім Вялікім Княстве Літоўскім[5]:
Я растлумачыў Яго Вялікасьці, што край гэты ўтрымліваецца за намі сілаю зброі і трэба было б яго цяпер аб'яднаць маральна-палітычна-рэлігійным элемэнтам Арыгінальны тэкст (рас.)
Я изъяснил Его Величеству, что край этот удерживается за нами силою оружия и надо бы его теперь воссоединить нравственно-политически-религиозным элементом
|
||
Па распадзе Расейскай імпэрыі (1917 год) 23 ліпеня 1922 году менскі япіскап Мэльхісэдэк (Паеўскі) склікаў зьезд япархіі, які абвясьціў у катэдральным саборы аб стварэньні незалежнай ад Маскоўскай патрыярхіі Беларускай мітраполіі (Менск, Беларуская ССР)[17]. У 1924 годзе Ўсяленскі патрыярх Рыгор VII надаў аўтакефалію Польскай праваслаўнай царкве, у склад якой увайшла значная частка былой Кіеўскай мітраполіі, у тым ліку Заходняя Беларусь зь Віленшчынай. У сваім томасе ён заявіў, што[18]
аддзяленьне ад Нашага Пасаду Кіеўскай мітраполіі і залежных ад яе праваслаўных мітраполіяў Літвы і Польшчы, а роўна далучэньне іх да Маскоўскага патрыярхату наступіла не паводле кананічных правілаў, а таксама не было выканана ўсё тое, што было ўстаноўлена адносна поўнай царкоўнай аўтаноміі кіеўскага мітрапаліта, які насіў тытул экзарха Ўсяленскага Пасаду. | ||
У 1927 годзе Беларуская мітраполія абвясьціла аўтакефалію[19], аднак у выніку пашыраных з 1935 году рэпрэсіяў супраць сьвятарства на 22 чэрвеня 1941 году ў БССР не засталося легальна адчыненых цэркваў[20]. У часы Другой сусьветнай вайны царква аднавіла сваю дзейнасьць. 30 жніўня — 2 верасьня 1942 году ў Менску адбыўся Ўсебеларускі царкоўны сабор, які зацьвердзіў статут Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, але адклаў кананічнае абвяшчэньне аўтакефаліі да вызнаньня яе памеснымі праваслаўнымі царквамі (артыкул 113 Статуту), якога аднак не адбылося. Яшчэ раз БАПЦ (на эміграцыі) заснаваў у месьце Канстанцы (Нямеччына) у чэрвені 1948 году япіскап УАПЦ С. Ахаценка, які знаходзіўся пад анатэмай канстантынопальскага патрыярха.
У 1939 годзе па далучэньні Заходняй Беларусі і Ўкраіны да СССР утварыўся экзархат Заходніх Беларусі і Ўкраіны Маскоўскага патрыярхату на чале з архіяпіскапам Панцеляймонам (Ражноўскім). У 1943 годзе пры спрыяньні Сталіна ў Маскве прайшоў Сабор япіскапаў РПЦ, на якім адбылася зьмена другой афіцыйнай назвы Маскоўскага патрыярхату — з Расейскай праваслаўнай царквы (рас. Российская православная церковь) на «Рускую праваслаўную царкву» (рас. Русская православная церковь)[8]. Тытул прадстаяцеля царквы зьмянілі з Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Расеі (рас. Патриарх Московский и всея России) на «Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі» (рас. Патриарх Московский и всея Руси). Пытаньне аб назьве патрыярхату ўзьняў Сталін, аднак паводле афіцыйнай вэрсіі[21], сам тытул прапанаваў новы патрыярх Сергій (Старагародзкі), Сталін нібы толькі пагадзіўся з прапановай і дадаў, што «гэта слушна».
Па Другой сусьветнай вайне праваслаўныя парафіі Беларусі разам зь сьвятарамі зноў увайшлі ў склад Расейскай праваслаўнай царквы. Іх прымалі аўтаматычна, сьвятару дастаткова было прыйсьці ў царкоўную ўправу і заявіць аб сваім жаданьні служыць далей. Уся тэрыторыя БССР увайшла ў адну япархію РПЦ — Менскую. Масква прызначыла аднаго япіскапа, які атрымаў тытул менскага і беларускага[5]. У гэты час у складзе Менскай япархіі дзейнічала больш за 950 цэркваў, якія абслугоўвалі 724 сьвятары. У канцы 50-х гадоў пачаўся новы наступ на царкву і вернікаў. У 1963 годзе савецкія ўлады зачынілі Менскую духоўную сэмінарыю, да 1970 году засталося 380 парафіяў і адзін Жыровіцкі манастыр. Царква знаходзілася ў поўнай залежнасьці ад дзяржавы і КДБ[5]. Існуюць выпадкі, калі з прычыны даносаў праваслаўных сьвятароў ламаліся лёсы людзей[5].
Утварэньне Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату (некананічная сьвецкая назва[5] — Беларуская праваслаўная царква) адбылося на Архірэйскім саборы Расейскай праваслаўнай царквы, які праходзіў 9—11 кастрыніка 1989 году. 16 кастрычніка 1989 году Сынод Маскоўскага патрыярхату прызначыў экзархам усяе Беларусі Філарэта (Вахрамеева)[22], ураджэнца Масквы. У пачатку 1990-х гадоў, калі іншыя цэрквы ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату дабіліся ад яго пэўнай самастойнасьці, Філарэт (Вахрамееў) чыніў супраціў гэтаму працэсу ў Беларусі[23], а 11 ліпеня 2013 году па атрыманьні ордэна Аляксандра Неўскага, падзякаваўшы за давер Уладзімера Пуціна, дадаў: «Служу Расеі!»[24].
25 сьнежня 2013 году Сынод Маскоўскага патрыярхату прызначыў кіраўніком Беларускага экзархату мітрапаліта разанскага Паўла (Панамарова), ураджэнца Караганды і грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі. Тым часам закон Беларусі «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» у артыкуле 13 забараняе кіраваць рэлігійнымі арганізацыямі іншаземцам[25]. 16 сьнежня 2014 году Агульны сход япархіяў Менскай мітраполіі БПЦ ухваліў Выніковы дакумэнт, у 19-м пункце якога вызначыў: «Прасіць мітрапаліта менскага і заслаўскага Паўла, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі хадайнічаць перад патрыярхам маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і Сьвятым сынодам аб наданьні БПЦ статусу самакіраванай царквы ў складзе Маскоўскага патрыярхату паводле ўзору Латвіі, Малдовы і Эстоніі»[26]. На сходзе экзарх Павал заявіў: «Беларускі экзархат прыйдзе да самакіраваньня па прыкладзе Украіны, Эстоніі … у Эстоніі 2 япіскапы — самакіраваная царква, у Латвіі 2 япіскапы — самакіраваная, у Малдове 5 япіскапаў — самакіраваная, у нас 16 япіскапаў — мы не самакіраваная. Дзесьці нават крыўдна становіцца. Таму я буду, пэўна, уздымаць гэтае пытаньне. … мяне гэта закранае, бо тут ужо гонар БПЦ». Пасьля таго, як выказваньне экзарха Паўла выклікала воплескі і знайшло адлюстраваньне ў Выніковым дакумэнце, той адзначыў: «выяўляецца такое вось далікатнае пачуцьцё, унутрана такое пачуцьцё годнасьці нашай царквы, нашай дзяржавы: суседзі атрымалі такі самакіраваны статус, а мы, царква большая, не»[27]. Запытаны самакіраваны статус прадугледжваў самастойны выбар мітрапаліта БПЦ замест прызначэньня маскоўскім Сынодам і выданьне пастановаў Сынода БПЦ без патрэбы іх зацьвярджэньня Сынодам у Маскве[28]. 18 студзеня 2015 году экзарх Павал абвясьціў, што здымае тэму самакіраванасьці экзархату на бліжэйшыя 25—50 гадоў[29]. У студзені 2019 году ён заявіў, што «для Беларускай праваслаўнай царквы аўтакефалія — сьмерць»[30].
14 жніўня 2020 году на сустрэчы зь вернікамі экзарх Павал папрасіў прабачэньня за заўчаснае віншаваньне Лукашэнкі зь перамогай на выбарах 9 жніўня[31], а 17 жніўня ён наведаў зьбітых АМАПам пратэстоўцаў у лякарні хуткай мэдычнай дапамогі ў Менску. 25 жніўня 2020 году Сынод Маскоўскага патрыярхату прыняў прашэньне мітрапаліта Паўла аб адстаўцы і прызначыў новым беларускім экзахам япіскапа барысаўскага і мар’інгорскага Веніяміна (Тупеку)[32].
27 лістапада 2020 году ўпаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка падпісаў папярэджаньне Беларускай праваслаўнай царкве (БПЦ), у якім зьвярнуў увагу на абавязак выконваць 16-ы артыкул Канстытуцыі Беларусі, паводле якога «забараняецца дзейнасьць рэлігійных арганізацыяў, іх органаў і прадстаўнікоў, накіраваная супраць сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу». Пагатоў, упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў спаслаўся на 8-ы артыкул Закону Беларусі «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях», які забараняў правядзеньне ў храмах «мерапрыемстваў палітычнага характару, а таксама выступы і заклікі, якія абражаюць прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, службовых асобаў і асобных грамадзянаў». У папярэджаньні Леанід Гуляка напісаў, што можа зьвярнуцца ў суд з заявай аб пазбаўленьні рэлігійнага аб’яднаньня яго праўнага стану і права на існаваньне, калі БПЦ паўторыць «парушэньне» цягам году[33].
8 чэрвеня 2021 году Сынод Беларускага экзархату пастанавіў вызваліць з пасады архіяпіскага гарадзенскага і ваўкавыскага Арцемія (Кішчанку), ураджэнца Менску, які ў жніўні 2020 году адзіны з архіярэяў экзархату адкрыта выказаўся супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня: «Той, хто старэйшае пакаленьне, якое бурчыць, настаўнікі: „Мы там палітыку ўбачылі“ — вам на каленях трэба стаяць, за ўсе фальсыфікацыі, за тую хлусьню, якую вы пхалі нашым дзецям! За гэты БРСМ, за камсамол, за ўсё тое, што было… атэістычнае. Вось вынік вашага выхаваньня! Цяпер вашы выхаванцы з ланцуга сарваліся! Яны прагнуць крыві. Яны шалёныя». Пазьней ён адзначыў, што «Царква не павінна быць абыякавай… Маўчаньнем прадаецца Бог»[34]. Ужо 9 чэрвеня 2021 году на сваім тэрміновым[35] паседжаньні Сынод РПЦ зацьвердзіў пастанову Сыноду Беларускага экзархату. Сам Арцемій (Кішчанка) дасягнуў веку ў 69 гадоў і не пісаў прашэньня аб адстаўцы, тым часам паводле Статуту РПЦ, беларускія архіярэі падаюць на імя маскоўскага патрыярха прашэньне аб адстаўцы толькі ў 75 гадоў[36]. Адначасна архіяпіскапам гарадзенскім і ваўкавыскім прызначылі япіскапа слуцкага Антонія (Дароніна), ураджэнца Баку і расейца паводле нацыянальнасьці, які фактычна падтрымаў рэжым Лукашэнкі ў жніўні 2020 году, назваўшы пратэсты супраць гвалту і беззаконьня «палітыкай» і забараніўшы браць удзел у іх сьвятарам Слуцкай япархіі[37].
Паводле 9-га артыкула Статуту, Беларуская праваслаўная царква ажыцьцяўляе:
Пад націскам грамадзкасьці[5] ў 1989 годзе беларускі экзарх Філарэт стварыў Біблійную камісію для перакладу кніг Сьвятога Пісаньня на сучасную беларускую мову[38]. У 1991 годзе выйшаў беларускі пераклад Біблійнай камісіі Эвангельля паводле Мацьвея. Празь некалькі гадоў па-беларуску выйшлі астатнія тры Эвангельлі паводле Марка, Лукі і Яна. Пазьней надрукавалі кнігу Дзеяньняў апостальскіх. Усе гэтыя выданьні былі 4-моўнымі і зьмяшчалі па парадку: арыгінальны старажытнагрэцкі тэкст, царкоўнаславянскі, расейскі сынадальны пераклад XIX стагодзьдзя і беларускі пераклад Біблійнай камісіі. У 2007 годзе выдалі па-беларуску богаслужэбнае Эвангельле ўсіх 4-х апосталаў-эвангелістаў. Выданьне зьмяшчала пазнакі ўрыўкаў, якія варта зачытваць сьвятарам у вызначаныя дні цягам году, таму стала выкарыстоўвацца ў цэрквах пры набажэнстве[39].
2 верасьня 2017 году на Дні беларускага пісьменства ў Полацку беларускі экзарх Павал прадставіў «Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста» ў новым перакладзе на беларускую мову[40]. Пераклад з арыгінальнага старажытнагрэцкага тэксту ажыцьцявіла Біблійная камісія Беларускай праваслаўнай царквы, у склад якой увайшлі 6 асобаў: протаярэй Сергій Гардун, кандыдат багаслоўя протаярэй Аляксандар Пачопка, бакаляўр багаслоўя Іван Чарота, доктар філялягічных навук Уладзімер Васілевіч, кандыдат філялягічных навук Алесь Кароль і кандыдатка багаслоўя Тацяна Матрунчык. Выданьне на царкоўныя грошы выйшла накладам у 6000 асобнікаў з выявай Эўфрасіньнеўскага крыжа на вокладцы[39]. Тым часам гэты пераклад характарызуюць як моцна русіфікаваны[5]. Увогуле, за час працы Біблійнай камісіі зь яе складу выйшлі многія вядомыя перакладнікі і лінгвісты, пратэстуючы супраць русіфікацыі беларускай мовы[5].
Пры канцы жніўня 2022 году прыход Петрапаўлаўскага сабору ў Менску выдаў «Кароткі царкоўнаславянска-беларускі слоўнік праваслаўнай лексыкі», які падрыхтавала Біблейская камісія Беларуская праваслаўнай царквы. Адказным рэдактарам слоўніка быў спачылы протаярэй Сергій Гардун, які таксама пераклаў на беларускую мову такія богаслужэбныя тэксты, як: Боская літургія Яна Златавуста і Вялікая вячэрня, Ранішнія і Вечаровыя малітвы, Пасьледаваньне да Сьвятога прычасьця і Малітвы падзякі пасьля Сьвятога прычасьця, Малітвы перад споведзьдзю, Таінсты вянчаньня і хрышчэньня, Таінства мірапамазаньня і шэраг канонаў. Усе вышэйпералічаныя пераклады сталі выкарыстоўваць у паўсядзённых набажэнствах прыходаў БПЦ, дзе тыя рэгулярна праводзілі па-беларуску[41].
«Кароткі царкоўнаславянска-беларускі слоўнік праваслаўнай лексыкі» меў разьдзел «Імёны сьвятых паводле праваслаўнага месяцаслова», які зьмяшчаў у 1-м слупку царкоўнаславянскую форму імя, першапачатковае значэньне гэтага імя і пазначэньне мовы паходжаньня гэтага імя. У 2-м слупку прыводзілася беларуская царкоўная форма імя, а ў 3-м — вытворныя формы імя. Усе імёны падавалі з пазначэньнем націску. У разьдзеле «Назвы праваслаўных сьвятаў» 2-і слупок зьмяшчаў беларускую царкоўную назву сьвята ў кароткай і поўнай форме, а 3-і слупок — беларускія народныя назвы гэтага сьвята. У асобным разьдзеле прыводзіўся пераклад назваў шанаваных у Праваслаўнай царкве абразоў. Іншы разьдзел утрымліваў пераклад назваў усіх 77 кніг Сьвятога Пісаньня ў адпаведнасьці з парадкам у праваслаўі. У апошнім разьдзеле зьмясьцілі правілы тытулаваньня і звароту да духавенства[41].
На 2015 год пры Сынодзе дзейнічала 17 аддзелаў і камісіяў:
БПЦ утвараюць 11 япархіяў. На 7 студзеня 2012 году дзейнічала 34 манастыры (16 жаночых, 7 мужчынскіх). У тым ліку:
На 7 студзеня 2012 г. экзархат налічваў 1555 прыходаў. Послух несьлі 14 архірэяў (у тым ліку 3 вікарыі), 1485 сьвятароў і 166 дыяканаў. Дзейнічала звыш 100 брацтваў і сястрыцтваў.
Дзейнічаюць наступныя навучальныя ўстановы:
Выдаюцца часопісы:
Друкуюцца газэты:
У 1924 годзе Ўсяленскі патрыярх Рыгор VII, надаўшы аўтакефалію Польскай праваслаўнай царкве, у склад якой увайшла значная частка былой Кіеўскай мітраполіі, у тым ліку Заходняя Беларусь зь Віленшчынай, у сваім томасе зазначыў, што далучэньне Кіеўскай мітраполіі да Маскоўскага патрыярхату не было кананічным[18]. У 1990-я гады ў лісьце патрыярху маскоўскаму Аляксію (Рыдыгеру) Усяленскі патрыярх Дзімітры заявіў, што Канстантынопаль вызнае Маскоўскі патрыярхат у межах 1589 году, гэта значыць без тэрыторыі Беларусі, Украіны, Балтыі і Смаленшчыны, якія на той час уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Наступны Ўсяленскі патрыярх Барталамей дадаў, што РПЦ бесьперапынна ўрывалася ў краіны, якія знаходзяцца пад духоўнай юрысдыкцыяй Канстантынопаля, менавіта ў Эстонію, Вугоршчыну і іншы краіны, робячы гэта заўсёды з дапамогай узброенай сілы савецкай арміі[44]. У 2006 годзе патрыярх Барталамэй зрабіў заяву ў Кіеве, што Канстантынопаль лічыць Кіеўскую мітраполію сваёй дачкой і, калі прыйдзе час, разгледзіць пытаньне аб яе самастойнасьці. У кастрычніку 2018 году Сынод Канстантынопальскай царквы спыніў дзеяньне граматы 1686 году аб падпарадкаваньні Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату[45].
Увогуле, праваслаўныя каноны (34-е апостальскае правіла[46]) патрабуюць асобнай царквы для асобнага народу, аднак РПЦ працягвае не прызнаваць беларусаў (як і ўкраінцаў) асобнымі народамі. З гэтай прычыны на розных узроўнях агучваецца і паўтараецца формула пра «трыадзіны расейскі народ»[5].
Па актывізацыі рэлігійнага жыцьця ў 1990-я гады масавы характар набылі перабудовы помнікаў сакральнай архітэктуры, якія знаходзяцца ў валоданьні Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату. Гэтыя перабудовы выконваюцца з парушэньнем дзейнага заканадаўства ў сфэры аховы помнікаў і характарызуюцца мэтанакіраваным насаджэньнем пазалочаных купалоў-цыбулінаў, зьмяненьнем аўтэнтычнага выгляду асобных архітэктурных элемэнтаў, выкарыстаньнем недапушчальных пры рэстаўрацыі будаўнічых матэрыялаў і мэтодык.
У 2004 годзе кіраўнік Беларускага экзархату Філарэт (Вахрамееў) накіраваў ліст старшыню менскага гарвыканкаму Паўлаву, у якім выступіў з ініцыятывай замест аднаўленьня царквы Сьвятога Духа, унікальнага помніка архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнэсансу, збудаваць на месцы яе падмуркаў і крыптаў новую капліцу Маскоўскага патрыярхату. Яшчэ адну капліцу ў гонар Аляксандра Неўскага ён прапанаваў паставіць на месцы падмуркаў Малога гасьцінага двара[47].
У ліпені 2007 году на тэрыторыі Магілёўскага Замчышча спынілася будаваньне «храма-помніка» Маскоўскага патрыярхату ў імя «Святых царственных мучеников и новомучеников и исповедников XX века», адноўленае без узгадненьня з археолягамі ў сярэдзіне чэрвеня таго ж году. Паводле факту будаваньня распачалі крымінальную справу. Загаднік катэдры археалёгіі Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк паказвае на тое, што стаўленьне да замчышча было барбарскім:
Ужо можна адкрыць ува ўнівэрсытэце адмысловую выставу знаходак з тых рэчаў, якія пасьпелі ўратаваць як на Замчышчы, так і на сьметніку, куды будаўнікі вывезлі частку культурнага слою. Гэта, акрамя мэталічных рэчаў і керамікі ХІІ—ХVII стагодзьдзяў, таксама і сэнсацыйная знаходка – невялікі абразок, які датуецца ХІ стагодзьдзем. | ||
Ігар Марзалюк назваў гэта наўмысным зьнішчэньнем нацыянальнага помніка археалёгіі[48]. Апроч таго, рэканструкцыя закранула магілёўскі манастыр Сьвятога Мікалая — помнік архітэктуры самабытнага магілёўскага барока XVII—XVIII стагодзьдзяў. Так, у 2008 годзе на ягоную браму, накрытую дахоўкай, паставілі пазалачоны купал-цыбуліну з 8-канцовым маскоўскім крыжом.
У 2008 годзе ў Менску пры будаваньні Асьветнага цэнтру Маскоўскага патрыярхату на тэрыторыі Высокага Места і вуліцы Зыбіцкай не праводзіліся належныя археалягічныя раскопкі, у выніку чаго былі непапраўна пашкоджаныя і страчаныя культурныя пласты ХІ—ХІХ стагодзьдзяў[49].
У 2008 годзе ў Клецку настаяцель мясцовага прыходу Беларускага экзархату, які займае будынак колішняга дамініканскага касьцёла (гістарычна-культурная каштоўнасьць 1-й катэгорыі) Мацьвей Белавус самавольна паставіў над дахам купал-цыбуліну з 8-канцовым маскоўскім крыжам агульнай вышынёй 6 мэтраў. Будаўнічыя працы праводзіліся насуперак лісту Міністэрства культуры, у якім паведамлялася, што дзеяньні Белавуса пярэчаць заканадаўству, бо яны непазьбежна вядуць да зьмены вонкавага выгляду помніка[50]. У 2010 годзе стала вядома, што Белавус паставіў на колішні касьцёл яшчэ два купалы-цыбуліны[51].
У 2009 годзе ў в. Гошчаве ў выніку несанкцыянаваных рамонтных работаў (праект рэканструкцыі не ўзгадняўся зь Міністэрствам культуры[52]) на царкве Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа (гістарычна-культурная каштоўнасьць 3-й катэгорыі), праведзеных мясцовым сьвятаром Беларускага экзархату, над дахам зьявіліся купалы-цыбуліны ў маскоўскім стылі. А адзін купал зьявіўся там, дзе яго ніколі не было. Такім чынам помнік незваротна страціў свае адметныя архітэктурныя і мастацкія рысы, што ставіць пад сумнеў яго ахоўны статус[53]. Рэканструкцыя непарыўна зьмяніла вонкавы выгляд помніка, яго канструкцыі, мастацка-архітэктурнае аздабленьне, што зьяўляецца парушэньнем артыкулаў 27; 28; 29; 32; 33; 36; 37; 45 Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» ад 9 студзеня 2006 году[52].
У 2009 годзе ў в. Велямічах у выніку рэканструкцыі царквы Сьвятога Прарока Ільлі (гістарычна-культурная каштоўнасьць 2-й катэгорыі), якую праводзіць мясцовы прыход Беларускага экзархату, адбылося зьнішчэньне барокавых купалоў на вежах і традыцыйных каваных 4-канцовых сонцакрыжоў з заменай іх маскоўскімі пазалачонымі цыбулепадобнымі купаламі і 8-канцовымі крыжамі[54].
У чэрвені 2010 году грамадзкасьць даведалася пра тое, што ў выніку рэканструкцыі, якую праводзіць Беларускі экзархат у Наваградку, на вежы царквы Сьвятых Барыса і Глеба (гістарычна-культурная каштоўнасьць 1-й катэгорыі) плянуецца паставіць какошнікі з шатрамі, завершанымі залатымі цыбулепадобнымі купаламі[55]. З нагоды зьнішчэньня аўтэнтычнага выгляду гэтага і іншых помнікаў беларускай архітэктуры філёзафы Алесь Анціпенка і Валянцін Акудовіч, архітэктарка Ірэна Лаўроўская, мастацтвазнаўцы Сяргей Харэўскі і Максім Жбанкоў зьвярнулася ў Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з зваротам, у якім патрабуюць спыніць разбурэньне беларускай гістарычна-культурнай спадчыны[56]:
Лічым сваім маральным абавязкам апэляваць да грамадзянскай і культурніцкай супольнасьці краіны з мэтаў выказаць рашучы пратэст супраць антыкультурнай, антыбеларускай дзейнасьці РПЦ. Зьвяртаем таксама ўвагу на тое, што разбурэньне аўтахтоннай культуры і беларускіх гістарычных помнікаў — адна з праяваў тыповай каляніяльнай палітыкі, што расейскія ўлады ажыцьцяўлялі цягам некалькіх мінулых стагодзьдзяў у акупаванай і далучанай да імпэрыі Беларусі. Цяпер гэтую палітыку працягвае РПЦ. Мы патрабуем спыніць разбурэньне нашай спадчыны! | ||
Аднак нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці, у лістападзе таго ж году, купалы-цыбуліны зьявіліся на вежах помніка. У зьвязку з гэтым старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч зьвярнуўся зь лістом у Міністэрства культуры з просьбай спыніць працы ў Наваградку. Ён прасіў распачаць у адносінах да прыходу царквы і адказных супрацоўнікаў Наваградзкага райвыканкаму адміністрацыйную справу. Апроч таго, А. Астаповіч зьвярнуўся ў наваградзкую пракуратуру[57].
З 2010-х гадоў антырэстаўрацыйная актыўнасьць Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату набыла беспрэцэдэнтныя маштабы[58], параўнальныя зь дзейнасьцю Мураўёўва-вешальніка ў справе маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага. У выніку праведзеных рэканструкцыяў аўтэнтычны выгляд страцілі цэрквы ў Амсьціславе, Безьдзежы, Валавелі, Войскай, Горадні, Дамашанах, Малых Лядах, Новым Сьвержані, Опалі, Пацавічах, Покрах, Слуцку, Талачыне, Трабах, Чарнаўчыцах, Чашніках, Шумаках, манастыр у Горадні, колішнія касьцёлы ў Астроўне, Малых Шчытніках, Сёмкавым Гарадку і Слоніме. Нягледзячы на звароты ў праваахоўныя органы, усе памянёныя выпадкі засталіся беспакараннымі. Пры гэтым зьнішчэньне мастацкага аблічча комплексаў базылянскіх манастыроў у Горадні і Талачыне адбылося пад кіраўніцтвам прысланых з Расеі начальніц адпаведных жаночых манастыроў Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату.
26 сакавіка 2016 годзе кіраўнік Беларускага экзархату Павал (Панамароў) накіраваў віцэ-прэм’еру Беларусі афіцыйны зварот, у якім просіць пазбавіць статусу гістарычна-культурнай каштоўнасьці тры будынкі XIX ст. у Менску з наступным абгрунтаваньнем: «паколькі яны ня маюць ніякага гістарычнага значэньня і не ўяўляюць культурнай ці архітэктурнай значнасьці»[59].
Архітэктар-рэстаўратар Уладзімер Папруга паказвае на тое, што мэтай маскоўскіх перабудоваў беларускіх цэркваў зьяўляецца зьнішчэньне культурных асаблівасьцяў Беларусі[60]:
І што такое нацягваньне расейскіх «цыбулін» на беларускія храмы, якія да Маскоўскай патрыярхіі нічога агульнага ня мелі ад пачатку? Гэта фактычна тая ж мэтафара — як зь Беларусі зрабіць Расею, то бок пазбавіць яе сваёй мовы. Калі чалавек мяняе свой унутраны код, пераходзіць на іншую мову, ён робіцца іншым. Калі мы на беларускія храмы нацягваем расейскія «цыбуліны», яны робяцца Расеяй. Гэта такі мэтадалягічны асыміляцыйны прынцып. | ||
У 1990—2010-я гады назіраецца тэндэнцыя масавай замены Беларускім экзархатам Маскоўскага патрыярхату ў цэрквах старых 4-канцовых каваных крыжоў (сонцакрыжоў), твораў беларускага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на 8-канцовыя маскоўскія крыжы[61]. Таксама на маскоўскія замяняюцца традыцыйныя 4-канцовыя драўляныя прыдарожныя крыжы[62]. У цэрквах вешаюць абразы з выявамі сям’і апошняга расейскага гаспадара Мікалая ІІ, складаюць вершы пра «сьвятую Русь»[61]. У 2008 годзе ў вёсцы Крайску Лагойскага раёну Менскай вобласьці побач з царквой паставілі бюст Мікалаю II. Паводле мясцовых жыхароў, у Крайск пачалі прыязджаць людзі, якія вераць ня столькі ў Бога, колькі «ў Мікалая»[63]. У 2009 годзе на тэрыторыі вайскова-забаўляльнага комплексу пад назвай «Лінія Сталіна» з бласлаўленьня кіраўніка экзархату Філярэта (Вахрамеева) пачалі будаваць капліцу ў гонар Аляксандра Неўскага[64]. 4 красавіка 2013 годзе ў Віцебску, на Прачысьценскай гары адкрылі помнік кіраўніку Маскоўскага патрыярхату Аляксію II (Рыдыгеру)[65].
4 красавіка 2011 году Сынод Беларускага экзархату пастанавіў зьвярнуцца да кіраўніка Маскоўскага патрыярхату Кірыла з хадайніцтвам аб «магчымасьці праслаўленьня ў абліччы мясцовашанаваных сьвятых Беларускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Ёсіфа (Сямашкі, 1789—1868)», аднаго з галоўных праваднікоў палітыкі маскалізацыі Вялікага Княства Літоўскага, вядомага зьнішчэньнем тысячаў помнікаў беларускага пісьменства, у тым ліку Тураўскага Эвангельля XI стагодзьдзя[66]. 3 верасьня 2012 году Сынод усталяваў дні малітоўнага ўспаміну Ёсіфа (Сямашкі). 21 лістапада ў царкве Покрыва Багардзіцы ў Менску маліліся за іншага вядомага правадніка палітыкі маскалізацыі — Мураўёўва-вешальніка[67]. 20 сакавіка 2018 году Павал (Панамароў) заявіў, што Беларускі экзархат ня будзе праводзіць асобную малітву за Беларусь 25 сакавіка ў гонар 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, «каб не палітызаваць малітву і набажэнства»[68].
Пры выбары архітэктурных праектаў сучасных цэркваў Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату ігнаруе традыцыі готыкі і барока — стыляў, у якіх праваслаўнае дойлідзтва на Беларусі дасягнула высокага ўзроўню архітэктурна-мастацкіх разьвязкаў і нацыянальнай самабытнасьці. Таксама адзначаецца нешматлікае і фрагмэнтарнае выкарыстоўваньне спадчыны народнага дойлідзтва з прыярытэтнай арыентацыяй на сярэднявечную архітэктуру Маскоўскай дзяржавы, што разьвівае архітэктурныя традыцыі, не ўласьцівыя беларускаму сакральнаму дойлідзтву[69].
Супрацоўнікі Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру НАНБ крытыкуюць Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату за прыярытэтнае будаваньне цэркваў у стылістыцы, уласьцівай не беларускай, а расейскай архітэктуры[70]:
<...> небясьпеку выклікаюць сёньняшнія памкненьні праваслаўнага духавенства прарасейскай арыентацыі прыўнесьці ў беларускі ляндшафт драўляныя царкоўныя формы новаерусалімскіх храмаў, помнікаў Архангельску ці Валагодзкага краю. Ігнараваньне выпрацаваных стагодзьдзямі мясцовых традыцыяў і навязваньне аб'ёмаў і формаў, не ўласцівых тутэйшаму дойлідзтву, разбурае тую натуральную гармонію, што склалася на працягу стагодзьдзяў народнага жыцьця. | ||
Паводле філёзафа і тэоляга Ірыны Дубянецкай, заказьнікі даводзяць да архітэктараў адмысловую ўстаноўку, каб тыя не праектавалі праваслаўныя цэрквы ў беларускім стылі[61]. Мастак і этнакультуроляг Тодар Кашкурэвіч паказвае на тое, што Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату працуе на геапалітычныя інтарэсы Расейскай Фэдэрацыі[71], і праводзіць паралель паміж «мураўёўкамі» і сучаснай царкоўнай архітэктурай Маскоўскага патрыярхату на Беларусі:
<...> гэта, я б сказаў, усьвядомлены культурны аспэкт. Мы маем справу з тэндэнцыяй: прасоўваньнем пэўнага стылістычнага моманту як вельмі істотнага ідэалягічнага. Карані цягнуцца з Масквы. Уся Беларусь — цэнтральныя гарады, цэнтральныя дарогі — застаўленыя рускай праваслаўнай царквой у псэўдарускім стылі. Амаль у тым жа кшталце, як у ХІХ ст. рабіліся «мураўёўкі». Яны вельмі добра разумеюць палітычны патэнцыял гэтага стылістычнага моманту: «грыбы» паставяць — пазначаць сваю тэрыторыю ўплыву. Як сабака меціць дрэвы. Гэта агромністы палітычны капітал, які вымяраецца нават грашовым эквівалентам. | ||
—Тодар Кашкурэвіч, Драма Гародні: нацыянальны праект як гульні ўлады // «Наше мнение», 12 чэрвеня 2007. |
Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату крытыкуюць за пасьлядоўную і працяглую русіфікацыі беларусаў, пры гэтым яго дзейнасьць будуецца ў адпаведнасьці з расейскімі, а не беларускімі гістарычнымі і культурна-моўнымі традыцыямі. Апроч зьнішчэньня беларускіх помнікаў і насаджэньня расейскай архітэктуры, таксама адзначаецца абсалютная перавага ў кнігавыдавецкай дзейнасьці расейскай мовы з поўным ігнараваньнем беларускай, асабліва ў літаратуры рэлігійна-асьветніцкага характару, прызначанай дзецям[72].
Як зазначаў у 2012 годзе беларускі гісторык Сяргей Абламейка, «беларусы сёньня думаюць, што ходзяць у праваслаўныя цэрквы, хоць, насамрэч, яны ходзяць у цэрквы расейскія»[73].
Сярод іншага, 1 верасьня 2021 году на асабістую просьбу ярэя Беларускага экзархату Яўгена Саланкова да дзяячкі рэжыму Лукашэнкі Натальлі Качанавай беларускую школу ў мястэчку Жыровічах перавялі на расейскую мову[74].
Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату крытыкуюць за магчымы ўдзел у падрыхтоўцы да гібрыднай вайны Расеі супраць Беларусі паводле ўкраінскага сцэнару[75].
Вонкавыя выявы | |
---|---|
Скандал зь Мільчаковым | |
Мільчакоў з галавой шчаня (рэтуш) | |
Мільчакоў з свастыкай Трэцяга Райху | |
Мільчакоў у якасьці інструктара на зборах | |
Беларускія дзеці на вайсковых зборах у Мільчакова | |
У сьнежні 2015 году выявілася, што пры Гарадзенскай япархіі Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату існуюць вайсковыя клюбы («Дружына» пры царкве Божага Яўленьня ў Шчучыне, «Славяне» пры катэдральным саборы Покрыва Багародзіцы ў Горадні і інш.), куды набіраюць цяжкіх падлеткаў векам 13—15 гадоў і рыхтуюць зь іх «воінаў Хрыста». Пры гэтым дзеці праходзяць узброеную падрыхтоўку пад кіраўніцтвам інструктараў, якія публічна заклікаюць да ліквідацыі Беларускай дзяржаўнасьці. Апроч таго, на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы клюбаў зьмяшчаецца рэкляма баевікоў нэанацысцкай арганізацыі Расейскага нацыянальнага адзінства, у якой добраахвотнікаў запрашаюць на вайну «ў абарону расейцаў на тэрыторыі былой Украіны»[76]. У студзені 2016 году беларускі блогер Эдуард Пальчыс выявіў 6 сьвятароў Беларускага экзархату Маскоўскага патрвярхату, якія на сваіх старонках у сацыяльных сетках усхваляюць сталінізм, расейскіх баевікоў і адмаўляюць існаваньне беларусаў як асобнай нацыі[77].
У траўні 2016 году разгарэўся чарговы скандал з прычыны ўдзелу беларускіх дзяцей з вайсковых клюбаў пры цэрквах Віцебскай япархіі Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату (Талачынскае «Праваслаўнае ваенна-патрыятычнае братэрства імя сьвятых благаверных князёў Барыса і Глеба прыхода храма Ўвядзеньня ўва храм Прасьвятой Багародзіцы», Друцкі «Праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб імя Архангела Міхаіла» і інш.) у вайсковых лягерах на тэрыторыі Расеі, дзе заняткі праводзілі нэанацысты, у тым ліку Аляксей Мільчакоў, вядомы фотасэсіяй з адразаньнем галавы шчаню («сабакі ня толькі сябры чалавека, але і выдатны шашлычок», — пісаў на сваёй старонцы Укантакце Мільчакоў і заклікаў забіваць ня толькі жывёлаў, але і бамжоў) і фатаздымкамі на фоне зьнявечаных целаў украінскіх салдатаў (з выразанымі на тварах 8-канцовымі свастыкамі і адрэзанымі вушамі)[78].
18 лістапада 2016 году стала вядома, што праваахоўныя органы Беларусі затрымалі сьвятара Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату, ураджэнца і грамадзяніна Расеі Канстанціна Бурыкіна. Паводле афіцыйнай вэрсіі, падставай да затрыманьня стала захоўваньне зброі. У дадатак высьветлілася, што Бурыкін спавядаў нацысцкія погляды — нават калі атрымаў царкоўны сан (без сканчэньня сэмінарыі, за абяцаньне збудаваць царкву Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату ў Гатаве). Захаваліся фотаматэрыялы, дзе Бурыкін як сьвятар Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату бярэ ўдзел у вайсковых зборах расейскіх нэанацыстаў у якасьці духоўніка. Апроч таго, у РНЕ Бурыкін набіў сабе вялікую свастыку на грудзях і арла Трэцяга Райху на плячы. У вялікім пакоі кватэры Бурыкіна, якую ён збудаваў ужо па атрыманьні сьвятарства, вісіць люстра ў выглядзе свастыкі[79]. 12 сьнежня газэта Наша Ніва атрымала доступ да фотакопіі карціны аўтарства Бурыкіна, дзе ён выяўляецца ў форме нацысцкіх СС, і іншых фотаматэрыялаў, якія пацьвярджаюць захапленьне сьвятара ідэалёгіяй нацызму[80]. 10 ліпеня 2017 году суд вызнаў Бурыкіна вінаватым у незаконным захоўваньні зброі і боепрыпасаў і асудзіў да 3 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму[81]. Пры гэтым на час адбываньня пакараньня кіраўніцтва экзархату ня стала пазбаўляць яго сьвятарскага сану[82]. У чэрвені 2019 году супраць Бурыкіна завялі крымінальную справу за гвалтаваньне ўласнай дачкі[83]. 26 чэрвеня газэта Наша Ніва апублікавала споведзь Аляксандры Бурыкінай, дзе тая расказала пра зьдзекі і фізычнае зьбіцьцё, а таксама пра сэксуальны гвалт, які яна цярпела ад бацькі з 13 гадоў[84].
10 верасьня 2017 году ў Сьвята-Елісавецінскім жаночым манастыры, вядомым сваёй камэрцыйнай дзейнасьцю[85], адбылася сустрэча з «падпалкоўнікам расейскага ГРУ» Антонам Маньшынам, які заклікаў прысутных мужчынаў да ўдзелу ў вайне «за Сьвятую Русь». Паводле Маншына «тэрарызм прыдумалі амэрыканцы і брытанцы, каб хутчэй распачаць Трэцюю сусьветную вайну, каб зьнішчыць Расею». У залі прысутнічала пад сотню чалавек, у тым ліку манашкі, а таксама бацькі зь дзецьмі. Ніводны з прысутных не запярэчыў выступоўцу і не спыніў сустрэчы[86]. Па пашырэньні ў мас-мэдыя інфармацыі пра выступ Маньшына, рэдактарка сайту манастыра інакіня Іаанна заявіла, што «гэта была памылка» і «непрыемная гісторыя». Тым часам манашка Елізавета, якая ладзіла сустрэчу, адмовілася камэнтаваць яе зьмест[87].
27 лістапада 2016 году ў Менску ў царкве Покрыва Багародзіцы з бласлаўленьня мітрапаліта Паўла (Панамарова) прайшла канфэрэнцыя «Готов собою жертвовать…»[88] (пазыцыянавалася арганізатарамі як навуковая), прысьвечаная памяці Мураўёва-вешальніка, якога назвалі «яскравай і выдатнай асобай». Загаднік катэдры царкоўнай гісторыі Менскай духоўнай сэмінарыі протаярэй Аляксандар Раманчук выступіў з дакладам, у якім разглядаў маральна-этычны аспэкт учыненага на загад Мураўёва публічнага забойства 8 каталіцкіх сьвятароў за «вуснае злачынства» — чытаньне ў касьцёлах Маніфэста нацыянальна-вызвольнага паўстаньня. У сваім дакладзе ён прыйшоў да наступнай высновы[75][89]:
Фактычна ён паставіў пытаньне, ці мае ў вачах Бога расейскі праваслаўны сьвет такую каштоўнасьць, каб дзеля яго караць сьмерцю каталіцкіх сьвятароў. Быўшы праваслаўным вернікам, ён адказаў на гэтае пытаньне станоўча і выканаў прысуды. Такім чынам ён пагадзіўся ў поўнай ступені несьці адказ за свае дзеяньні перад Богам у пытаньні выратаваньня душы. Такім чынам, мы ня можам адмаўляць, што граф Мураўёў, расстраляўшы 8 каталіцкіх ксяндзоў, выступіў у ролі расейскага рэлігійнага і нацыянальнага лідэра і тым зьдзейсьніў асабісты духоўны подзьвіг самаахвярнасьці. | ||
Вонкавыя відэафайлы | |
---|---|
Інтэрвію Паўла (Панамарова) |
Адзін з кіраўнікоў Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату Павал (Панамароў) у 2011 годзе атрымаў вядомасьць сваім інтэрвію, у якім заяўляе пра гатоўнасьць Расеі «адкрыць чарнобыльскі кранік», каб пакараць сваіх супраціўнікаў. Ён мяркуе, што для большасьці расейцаў «жыцьцё і ламанай капейкі не каштуе»[90].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.