беларускі інфармацыйны вэб-сайт From Wikipedia, the free encyclopedia
«Новы час» — беларускамоўная грамадзка-палітычная газэта, заснаваная ў сакавіку 2002 г. Менскай гарадской арганізацыяй грамадзкага аб’яднаньня «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны»[3].
Новы час лац. Novy čas | |
Тып | Тыднёвік |
---|---|
Фармат | А3 |
Заснавальнік | Таварыства беларускай мовы |
Уладальнік | ТБМ |
Выдавец | ПВУП «Час навінаў» |
Краіна | |
Галоўны рэдактар | Аксана Колб |
Заснаваная | 25 сакавіка 2002 (22 гады таму)[2] |
Мова | Беларуская |
Штаб-кватэра | Менск, вул. Мележа, 1-1234 |
Наклад | 5200 (жнівень 2021) |
ISSN | 2218-2144 |
Афіцыйны сайт | novychas.online |
Новы час у Вікісховішчы |
Першы выпуск выданьня выйшаў у сакавіку 2002 году. Да траўня 2006 году выйшла 45 нумароў газэты. 17 лютага 2007 году Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь перарэгістравала газэту на плятформе закрытай газэты «Згода» бяз права распаўсюду праз шапікі «Белсаюздруку» й падпіску «Белпошты»[4].
7 сакавіка 2014 г. газэта зьмяніла лягатып, а таксама дадала ў афармленьне чырвоны колер. Юбілейны 500-й выпуск выйшаў 16 верасьня 2016 году.
22 сакавіка 2017 году, пасьля больш за 10-летняга перапынку, РУП «Белсаюздрук» падпісала дамову на распаўсюд газэты «Новы час» праз сваю гандлёвую сетку. 8 красавіка 2017 года газэта зьявілася ў шапіках «Белсаюздруку» ў Менску і Менскай вобласьці, а таксама зь ліпеня 2017 году зьявілася магчымасьць афармленьня падпіскі на газэту праз каталёг РУП «Белпошта».
У 2018 годзе газэта апублікавала сэрыю артыкулаў Дзяніса Івашына «Хто і як павінен будаваць» пра магчымых уладальнікаў рэстаранна-забаўляльнага комплексу «па-расейску: Поедем поедим» каля мэмарыяла Курапаты. У жніўні прадпрымальнік Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд пазоў пра абарону гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі[5], запатрабаваў кампэнсацыю 40000 BYN ад «Новага часу» й 1000 BYN ад Івашына. У верасьні суд Савецкага раёну Менска адмовіў Ізраілевічу ў задавальненьні пазову й абавязаў пазоўніка кампэнсаваць адказчыкам паслугі адвакатаў — 600 BYN[6].
1 лістапада 2020 году падчас асьвятленьня «Маршу супраць тэрору» былі затрыманы тры фотакарэспандэнта газэты, сярод іх Яна Трусіла й Аляксандар Зяньковіч. Суд Кастрычніцкага раёну Менску (судзьдзя — Алена Жывіца) прысудзіў Яне 13 сутак адміністрацыйнага арышту паводле 23.34 КоАП Беларусі[7].
29 лістапада 2020 году падчас асьвятленьня «Маршу суседзяў» была затрымана пазаштатны фотакарэспандэнт газэты Яна Трусіла. 30 лістапада суд Ленінскага раёну Менску (судзьдзя — Юлія Шут) прысудзіў ёй 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле 23.34 КоАП Беларусі[8].
14 студзеня 2021 году стала вядома, што «Белсаюздрук» разрывае дамову з рэдакцыяю газэты на распаўсюджаньне яе выданьня ў сваіх шаліках зь лютага 2021 году, пасьля чаго газэта стана даступнаю толькі праз падпісны індэкс «Белпошты»[9].
Па крымінальнай справе за ўмяшаньне ў дзейнасьць міліцыі 12 сакавіка 2021 году быў арыштаваны Дзяніс Івашын, журналіст выданьня, які быў аўтарам цыкла артыкулаў «Каго ці што абараняе „Бэркут“ у Беларусі» й за дзень да затрыманьня даваў інтэрвію каналу «Настоящее время», у якім паведаміў пра вынікі свайго журналісцкага расьсьледваньня[10]. 24 сакавіка 2021 году сумеснай заяваю васьмі арганізацыяў, сярод якіх Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хэльсінскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтар, быў прызнаны палітычным вязьнем[11].
28 траўня 2021 году намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Максім Варонін вынес галоўнаму рэдактару «Новага часу» афіцыйнае папярэджаньне, выказаўшы прэтэнзіі да трох артыкулаў, апублікаваных у лютым і красавіку 2021 году, прычым некаторыя цытаты з тых артыкулаў у папярэджаньні, падпісаным Вароніным, былі перакладзены зь беларускай мовы на расейскую некарэктна[12]. 7 чэрвеня 2021 году «Белпошта» адрэагавала на папярэджаньне й праінфармавала рэдакцыю, што газэту на другое паўгодзьдзе ў падпісны каталёг ня возьме[13].
5 жніўня 2021 году Дзьмітры Дзьмітрыеў, фатакор газэты, быў затрыманы ў сябе дома й арыштаваны на 15 содняў за «непадпарадкаваньне» міліцыянтам[14][15].
10 жніўня 2021 году стала вядома пра спыненьне выпуску друкаванай газэты пасьля 12 жніўня: прыватная друкарня «Рол Прынт» у сваім лісьце ад 27 ліпеня спаслалася на складанасьці ў вытворчым цыкле, у выніку чаго стала немагчымым надалей выконваць дагавор на друк[14]. Рэдакцыя спрабавала знайсьці ёй замену, аднак беспасьпяхова[14]. Тым ня менш было паабяцана, што сайт і сацыяльныя сеткі будуць абнаўляцца[14].
19–20 кастрычніка 2021 году ў сядзібе выданьня й па месцах жыхарства журналістаў прайшлі ператрусы, супрацоўнікі былі дапытаны[15][16]. Да таго ж канфіскавалі кампутары й іншую офісную тэхніку[16]. Міжнародная фэдэрацыя журналістаў(uk), Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў(uk), Беларуская асацыяцыя журналістаў раскрытыкавалі атаку на «Новы Час»[15].
28 кастрычніка 2021 году перастаў адкрывацца сайт novychas.by у Беларусі й за яе межамі[17]. У адказ на блякіроўку рэдакцыя запусціла люстэрка novychas.online[18].
У студзені 2024 году стала вядома, што сайт ды інтэрнэт-старонкі «Новага часу» абвясьцілі экстрэмісцкімі матэрыяламі ў Беларусі[19]. Яшчэ раней, у 2023 годзе, экстрэмісцкімі прызналі Telegram-канал выдання[20], яго групу ў «Аднакласніках»[21], старонку ў Instagram[22] ды акаунт у TikTok[23].
Газэта-штотыднёвік «Новы Час» зьяўляецца адным зь нешматлікіх рэспубліканскіх выданьняў, якое выдаецца цалкам на беларускай мове. У выданьні надаецца значная ўвага нацыянальнай культурнай і гістарычнай тэматыцы, газэта актыўна прапагандуе захаваньне і ўмацаваньне незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, а таксама захаваньне і распаўсюд беларускай мовы. Выданьне лічыцца газэтаю для інтэлектуалаў[24].
У 2009 г. газэта атрымала Прэмію імя Герда Буцэрыюса «Вольная прэса Ўсходняй Эўропы(ru)» (Gerd Bucerius-Forderpreis Freie Presse Osteuropas) у памеры 30000 эўра. Намінавалі газэту на прэмію: міністар замежных спраў Нямеччыны Гернот Эрлер(uk), Беларуская асацыяцыя журналістаў, Саюз беларускіх пісьменьнікаў і беларускае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН. Цырымонія ўручэньня ўзнагароды адбылася ў сталіцы Нарвэгіі Осьлё ў Нобэлеўскім інстытуце.
Галоўны рэдактар газэты Аляксей Кароль стаў пераможцам міжнароднага конкурсу журналістаў імя Найта (Knight International Journalism Award) за 2008 г., які праводзіцца Міжнародным цэнтрам для журналістаў (ICFJ).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.