праваслаўная і ўніяцкая святая From Wikipedia, the free encyclopedia
Ефрасі́ння По́лацкая[заўв 1], або Еўфрасі́ння, свецкае імя Прадсла́ва (магчыма, 5 студзеня 1104[3] , Полацкая зямля — 23 мая 1167[3] , Іерусалім, Іерусалімскае каралеўства) — ігумення. Першая жанчына, кананізаваная Рускай праваслаўнай царквой (1547), пасля прылічаная да святых (1893).
Ефрасіння Полацкая | |
---|---|
| |
Свецкае імя | Прадслава |
Дата нараджэння | каля 1104[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 25 мая 1167[2] ці 25 мая 1173[1] |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Манаскае імя | Ефрасіння |
Шануецца | у Праваслаўнай царкве, у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве |
У ліку | прападобных |
Галоўная святыня | мошчы ў Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры |
Дзень памяці | 23 мая (5 чэрвеня) |
Заступніца | жаночага манаства, Беларусі |
Бацька | Святаслаў Усяславіч |
Маці | Сафія[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дачка князя Святаслава Усяславіча. У юнацтве таемна пайшла ў манастыр і такім чынам адмовілася ад шлюбу. Пасля пасялілася ў келлі Полацкага Сафійскага сабора, перапісвала кнігі, на думку некаторых даследчыкаў, перакладала іх, а таксама вяла міратворчую і асветніцкую дзейнасць. Пабудавала на свае сродкі дзве царквы ў Полацку, заснавала паблізу Полацка жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі асяродкамі асветы Полацкай зямлі. На заказ Ефрасінні створаны напрастольны крыж, ахвяраваны ёю свайму жаночаму манастыру. Мужчынскаму манастыру ахвяравала абраз «Маці Божая Адзігітрыя Эфеская». У 1167 годзе паломнічала па святых мясцінах, памерла і пахавана ў манастыры Св. Феадосія ў Іерусаліме[4].
Звестак пра жыццё і дзейнасць Ефрасінні ў крыніцах няма. Аснова гістарыяграфіі — яе «Жыціе», а іканаграфіі — напісаная да кананізацыі ікона, якая не захавалася да цяперашняга часу і згадваецца ў крыніцы XIX ст. Ефрасіння на іконе апісана як «подобием бледна лицем от пощения, ризы преподобнические, как у преподобномученицы Евдокеи». Найстаражытнейшай захаванай іканапіснай выявай лічыцца гравюрная копія XVI ст., зробленая з даўняга арыгінала[5].
У спісах XVI—XVIII стст. захаваліся царкоўныя спевы, прысвечаныя Ефрасінні; адна сціхіра вядома ў рукапісе канца XII ст. — унікальны помнік музычнай культуры ранняга Сярэднявечча на тэрыторыі Беларусі[5].
Часу нараджэння крыніцы не паведамляюць, даследчыкі даюць вельмі шырокі перыяд — паміж 1100 і 1120 гадамі[6] , некаторыя памяншаюць яго да 1101—1104 або 1110—1113 гадоў[7] . Аляксей Мельнікаў прапанаваў як магчымую дату нараджэння 5 студзеня 1104 года, яна цяпер лічыцца найбольш імавернай.
Прадслава (магчымае значэнне прадвесніца славы) паходзіла з роду Ізяславічаў Полацкіх, нашчадкаў Ізяслава — сына кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча і полацкай княжны Рагнеды. Дзед Прадславы — полацкі князь Усяслаў Брачыславіч, бацька — малодшы яго сын Георгій. Лічыцца, што Георгій — хроснае імя Святаслава Усяславіча. Некаторыя даследчыкі думаюць, што Георгіем у хрышчэнні быў Расціслаў Усяславіч, але гэта малаімаверна[8] .
Паводле Васкрасенскага летапісу, маці Прадславы — адна са старэйшых дачок Уладзіміра Манамаха і, магчыма, звалася Сафіяй. Ёсць і іншыя меркаванні, напрыклад, Леў Гарошка лічыў, што Прадслава па маці была сваячкай візантыйскай імператарскай дынастыі Камнінаў, і яе дзядзькам мог быць Мануіл I Камнін, аднак спасылак і абгрунтавання аўтар не даў, а гісторыкі лічаць сваяцтва з Камнінамі неімаверным[8] .
На думку А. Мельнікава, хроснае імя Прадславы, магчыма, было Еўпра́ксія (Параске́ва)[3] ; даследчык зыходзіў з царкоўнай традыцыі выбіраць інацкае імя на першую літару хроснага, а таксама з устойлівых пар імён у гэтай традыцыі. Аднак такая традыцыя ўзнікла пазней, у XIII—XIV стст., да яе інацкія імёны выбіралі па святцах, хаця і такую практыку ўхвалялі не ўсе архірэі.
Князь Георгій у «Жыціі» названы полацкім князем, але на праўдзе не мог быць ім, як малодшы з братоў. Многія даследчыкі лічаць, што ён трымаў Віцебскі ўдзел, таму Прадслава магла нарадзіцца ў Віцебску[9] [3] .
Прадслава была старэйшай дачкой[3] , таксама «Жыціе» называе яе малодшую сястру Гардзіславу і братоў Давыда і Вячку. З «Аповесці мінулых гадоў» вядомы таксама брат Васілька[9] .
Што ж зрабілі нашы роды, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж, і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула іхняя слава, быццам прах, горай за павуцінне. Затое жанчыны, што жылі раней і, узяўшы мужчынскую моц, пайшлі следам за сваім Жаніхом, і целы свае аддалі на мукі, і паклалі галовы пад меч, а іншыя хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але мячом духоўным адсеклі цялесныя асалоды, аддаўшы целы пасту, чуйнаванню, і малітоўнаму кленчанню, і зямному ляжанню — тых памятаюць на зямлі, іх імёны напісаны на нябёсах, дзе яны з анёламі Бога ўсхваляюць. Жыціе Еўфрасінні Полацкай |
Прадслава атрымала дамашнюю адукацыю. Князёўна таемна прыняла пострыг у манастыры (на думку розных даследчыкаў, у Полацкім або Ізяслаўльскім[заўв 2][3] ), паводле Аляксея Мельнікава, гэта адбылося 15 лютага 1116 года[3] . Па дасягненні 12-гадовага ўзросту яе хацелі выдаць замуж, такім чынам пострыг дачкі для бацькоў стаў яўным, спачатку яны былі ў роспачы. Прычыны яе ўчынку невядомыя; на думку Любові Ляўшун, на рашэнне князёўны паўплываў бяспраўны стан жонак арыстакратаў[заўв 3][3] , але грунтоўныя даследаванні адмаўляюць звычайнасць падобнага.
Ігуменняй манастыра была Раманава — удава князя Рамана Усяславіча, Прадславінага дзядзькі. Раманава крытычна паставілася да рашэння князёўны і баялася гневу яе бацькі, адгаворвала пляменніцу. Аднак пасля блаславіла яе. Князь Святаслаў Усяславіч быў у гневе, спрабаваў пераканаць дачку пакінуць манастыр; маці галасіла як па нябожчыцы. Паводле «Жыція», па Прадславе «смуткаваў увесь дом»[6] . Даследчыкі звяртаюць увагу, што Прадслава была пастрыжана не епіскапам (як патрабавалі манаскія Правілы), а звычайным святаром. Аляксей Мельнікаў тлумачыць гэта тым, што полацкі епіскап Міна дажываў апошнія дні, і не было магчымасці папрасіць яго блаславення[9] .
Атрымала інацкае імя Ефрасіння. У старажытнагрэчаскай міфалогіі слова «эўфрасіна» азначае «радасць». Магчыма, пострыг адбыўся 25 верасня, калі царква адзначае дзень святой Ефрасінні Александрыйскай[7] .
Кожны дзень павучала сясцёр сваіх: старых вучыла цярплівасці і ўстрыманню; юных жа навучала душэўнай чысціні і цялеснаму супакаенню; хадзе спакойнай, голасу засяроджанаму, слову дабрачыннаму, ядзе і піццю маўкліваму; у адносінах да старэйшых быць пакорлівымі, а мудрых слухаць; да роўных і меншых — любові некрывадушнай; менш казаць, а болей разумець. Жыціе Еўфрасінні Полацкай |
Імаверна, у канцы 1110-х гадоў Ефрасіння прыняла і схіму. Праз пэўны час (паміж 1118—1122 гадамі, магчыма, што пасля ваенных дзеянняў 1119 года), з дапамогай полацкага епіскапа Іллі, пасялілася ў келлі-галубніцы Сафійскага сабора, пачала перапісваць кнігі («нача книгы писати своими руками») у скрыпторыі пры саборнай бібліятэцы. Менавіта перапісванне кніг было, відаць, адным з яе схімных зарокаў.
Працэс пісьма быў складаны і марудны, а таксама цяжкі фізічна, і займаліся гэтым звычайна мужчыны. Перапісчык пісаў не на стале, а на далоні левай рукі, упёртай локцем на калена. Пісалі на пергаменце ўставам — буйным і прамым, без нахілу, почыркам, кожная літара аддзялялася ад суседняй. Часта перапісчыкі не толькі добра ведалі граматыку, а мелі і мастацкія здольнасці, бо пачатковыя літары і загалоўкі раздзелаў звычайна аздаблялі жывёльным або раслінным арнаментам. Часта кнігі ўпрыгожваліся адмыслова выпісанымі загаловачнымі літарамі, буквіцамі або ініцыяламі і мініяцюрамі. За дзень дасведчаны перапісчык мог спісаць не болей за чатыры старонкі[9] .
Абапіраючыся на вуснае паданне, некаторыя гісторыкі (Борх і Ластоўскі) прапанавалі гіпотэзу, што Ефрасіння магла пісаць Полацкі летапіс, які знаходзіўся ў Полацкай бібліятэцы і не захаваўся да нашых дзён. Аднак іншыя даследчыкі лічаць, што звесткі пра пісанне Ефрасінняй летапісу напэўна легендарныя, яны нічым не пацверджаны[3] .
«Жыціе» апавядае, як аднойчы ў сне анёл павёў Ефрасінню ў Сяльцо, месца за дзве вярсты ад Полацка на беразе Палаты, і сказаў: «Тут належыць табе быць!». Сон паўтарыўся тройчы. Пасля гэтага полацкі епіскап Ілля, узяўшы сведкамі полацкага князя Барыса, Прадславінага бацьку князя Святаслава і полацкіх баяр, перадаў чарніцы Сяльцо[10] .
Да 1129 года Ефрасіння, тады яшчэ інакіня, ініцыявала будаўніцтва жаночага Спаскага манастыра. Каля 1133 года[заўв 4][3][11]пачалося будаўніцтва Спаскага сабора, якім цяпер некаторыя аўтары ацэньваюць як найбуйнейшую падзею полацкага дойлідства таго перыяду[10] [12] . На думку Дароты Нікалаюк, заказчыкам будаўніцтва мог быць князь Васілька, які вярнуўся са ссылкі ў Візантыю[9] , але гіпотэза мае шэраг супярэчнасцяў, у тым ліку не вядома ці быў Васілька ў ссылцы, магчыма, дзяцей Святалава-Георгія як унукаў Уладзіміра Манамаха не ссылалі разам з бацькам. Паводле «Жыція», царква пабудавана вельмі хутка па тых часах — за 30 тыдняў (адзін будаўнічы сезон). Калі ў будаўнікоў скончыўся будаўнічы матэрыял — плінфа, то пасля малітвы Ефрасінні назаўтра ў печы знайшлася плінфа, і ў той жа дзень быў узнесены крыж[6] . Гісторык архітэктуры і археолаг Мікалай Варонін лічыў, што брак цэглы быў выкліканы незвычайнасцю верхніх частак храма, якія патрабавалі шмат будаўнічага матэрыялу[13] . Будаваў царкву Святога Спаса дойлід Іаан. Царква ў Сяльцы была трохнефнывым шасціслуповым крыжова-купальным храмам памерам 8x12 метраў[7] . Царкву пабудавалі на беразе Палаты, на месцы старой рэзідэнцыі полацкіх епіскапаў (легендарнае з’яўленне анёла і блаславенне епіскапа, магчыма, адносяцца да ночы свята Праабражэння Гасподняга 6 жніўня 1126 года[3] ), а Ефрасіння тады ж была ўзведзена ў сан ігуменні гэтага манастыра. Пазней Спаскі сабор два з паловай стагоддзі належаў ордэну езуітаў і быў касцёлам. Цяпер гэта адзіны ў Беларусі храм, дзе захаваліся роспісы XII стагоддзя[11][10] .
Пазней Ефрасіння ініцыявала будаўніцтва побач мужчынскага Багародзіцкага манастыра (сярэдзіна XII ст.; у 1580 годзе ўжо не існаваў, або быў у поўным заняпадзе) і царквы Святой Багародзіцы пры ім (1151—1154, асвечана ў 1157, не захавалася).
Памочніцамі Ефрасінні сталі сёстры — родная Гардзіслава і стрыечная Звеніслава.
Ефрасіння, якая на той час была ігуменняй, папрасіла бацьку прыслаць да яе малодшую сястру для навучання грамаце, а пасля таемна пастрыгла яе ў манашкі. Бацька, калі даведаўся пра гэта, у вялікай роспачы прыехаў у Сяльцо, горка плакаў і не хацеў аддаваць у манахіні і другую дачку. Пострыг Гардзіславы адбыўся не пазней за 1129 год[8] .
У тым жа 1129 ці, можа, нават у 1128 годзе, хутка пасля смерці свайго бацькі, следам за Гардзіславаю ў Спасаву абіцель уступае і стрыечная сястра Ефрасінні Звеніслава Барысаўна. Звеніслава сама прыйшла да Ефрасінні і прынесла свой багаты пасаг у дар храму[заўв 5]. Атрымаўшы пасля пострыгу імя Еўпраксія, яна была асабліва блізкая з Ефрасінняй — «яко едина душа въ двою телесу». Пазней Еўпраксія заняла месца Ефрасінні і стала ігуменняй, працягваючы асветніцкую дзейнасць сястры.
Перад ад’ездам, зрабіла манахінямі дзвюх дачок свайго брата Вячкі — Вольгу і Кірыяну. «Жыціе» сцвярджае, што Ефрасіння мела ад Бога дар: зірнуўшы на каго, адразу бачыла, ці мае той чалавек дух дабрадзейны і ці можа ён стаць Божым абраннікам[10] .
З іменем Ефрасінні звязваецца набыццё Полацкім Сафійскім саборам абраза Багародзіцы Эфескай. На той час існавалі толькі тры такія абразы і лічылася, што пры жыцці Дзевы Марыі гэтыя абразы намаляваў апостал Лука[6] . Ефрасіння паслала свайго слугу Міхаіла да візантыйскага імператара Мануіла I Камніна і патрыярха Лукі Хрысаверга ў Канстанцінопаль па ікону святой Эфескай Багародзіцы для Багародзіцкага манастыра. Многіх гісторыкаў здзіўляе, што пасольства было выпраўлена не полацкім епіскапам, а самой ігуменняй, і з гэтай прычыны яны думаюць, што ў XII ст. вышэйшая царкоўная, а часткова і свецкая ўлада належала настаяцельніцы полацкіх манастыроў[9] .
З Эфеса 100 ваяроў імператара даставілі ікону ў Кастанцінопаль, дзе ў саборы Святой Сафіі яе перадалі Міхаілу. Атрыманую святыню Ефрасіння Полацкая «ўнесла ў царкву Святой Багародзіцы… аздобіла золатам і самацветамі, і ўстанавіла насіць яго [абраз] кожны аўторак па святых цэрквах».
Большасць сучасных даследчыкаў лічаць, што на праўдзе ў Полацк прыслана копія Царградскай (а не Эфескай) Адзігітрыі і рэліквіі[10] , а падарожжа адбылося паміж 1156 і 1160 годам[8] . У сярэднявеччы, у 1239 годзе (па іншых звестках у XVI ст.) ікона перанесена ў Уваскрасенскую царкву Таропца. Цяпер абраз захоўваецца ў фондах Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу[6] .
У лета 6669 кладзе Ефрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога Спаса. Дрэва гэтае бясцэннае, акова ж яго з золата і срэбра… І хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць… Ефрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі… Надпіс на крыжы Ефрасінні Полацкай (пераклад на беларускую мову) |
Да асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай адносіцца і адкрыццё іканапіснай і ювелірнай майстэрань[14] . У 1161 годзе Ефрасіння Полацкая заказала мясцоваму майстру Лазару Богшы выраб напрастольнага крыжа з рэліквіямі, які пазней стаў вядомы як Крыж Ефрасінні Полацкай. Крыж стаў беларускай нацыянальнай святыняй[6] і адначасова помнікам старабеларускага пісьменства.
Крыж быў каўчэгам для захавання хрысціянскіх рэліквій. Ён быў шасціканцовы, вышынёй 52 см, даўжынёй верхняй папярочкі — 12 см, ніжняй — 21 см, таўшчынёй 2,5 см. Аснова крыжа — кіпарысавае дрэва, пакрытае золатам з каштоўнымі камянямі.
Крыж захоўваўся ў царкве Святога Спаса да пачатку 1220-х гадоў, потым быў вывезены ў Смаленск, адтуль у 1514 годзе ў Маскву, адкуль вернуты ў Полацк вялікім князем маскоўскім Іванам IV у 1563 годзе пасля захопу Полацка. Падчас вайны 1812 года крыж схавалі ў замураванай нішы сцяны Сафійскага сабора, а ў 1841 годзе вярнулі ў храм Спаса[15] .
У 1921 годзе крыж канфіскавалі савецкія ўлады. У 1928 годзе дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея Вацлаў Ластоўскі вывез крыж з Полацка ў Мінск, а ў 1929 годзе перадаў яго Беларускаму музею ў Магілёве, пра што быў складзены Акт. Акт 1929 года сведчыць пра вялікія мастацкія страты крыжа — 13 выяў святых былі выламаны або сапсаваны, з каштоўных камянёў засталіся толькі два — аметыст і гранат, з розных частак помніка знікла пакрыццё з золата і пярліны, бачны сляды няўдалых рамонтаў[16].
Крыж канчаткова згублены ў 1941 годзе падчас адступлення Чырвонай арміі з Магілёва[10] .
Пасляваенныя пошукі крыжа былі беспаспяховымі, таму ў 1997 годзе брэсцкім майстрам Мікалаем Кузьмічом зроблена дакладная копія крыжа, якая захоўваецца ў Полацку ў царкве Ефрасінні Полацкай[6] .
У 1166 годзе Ефрасіння намерылася здзейсніць паломніцтва ў Іерусалім. Правесці сястру ў дарогу ў Полацк прыехалі браты Вячка і Давыд. Брат Вячка прыехаў з дзвюма дочкамі — Кірыніяй і Вольгай, якім прасіў у Ефрасінні блаславення, а потым пагадзіўся каб дочкі засталіся паслушніцамі манастыра. Ігуменства і апеку манастыроў Ефрасіння перадала сваёй сястры Еўдакіі (Гардзіславе)[9] .
Атрымаўшы блаславенне полацкага епіскапа Дыянісія, выправілася з братам Давыдам і стрыечнай сястрой Еўпраксіяй (Звеніславай) спачатку ў Канстанцінопаль, потым у Святую зямлю. Магчыма, што пры гэтым Ефрасіння выконвала і царкоўна-дыпламатычную місію, а на землях Русі, праз якія праязджала, — міратворчую місію. Само падарожжа было сухаземным, а не традыцыйным шляхам «з варагаў у грэкі», інакш немагчымай была б сустрэча князёўны з імператарам Мануілам[8] .
На шляху ў Царград сустрэлася з імператарам Мануілам, які ў той час ішоў на вайну з венграмі. Сустрэча Ефрасінні з імператарам ставіць пад сумненне калісьці прынятую дату паломніцтва і смерці святой — 1173 год. Візантыйскі імператар апошні раз ваяваў з венграмі ў 1167 годзе, прычым выйшаў у паход 8 красавіка на Вялікдзень, прыкладна ў гэты час граніц Візантыі дасягнулі полацкія паломнікі. У навуковай і царкоўнай літаратуры раней называўся год смерці святой Ефрасінні — 1173, але ў гэтым годзе Мануіл Камнін ваяваў не з венграмі, а з сербамі[8] . Таму годам смерці святой паводле новых даследаванняў лічыцца 1167 год[5][10] [4].
Імаверна, была ў Канстанцінопалі, а ў канцы красавіка 1167 года дасягнула Іерусаліма. Іерусалім належаў крыжакам, уладарыў у ім Амальрых I, які даводзіўся Ефрасінні далёкім сваяком — праз Ганну, дачку вялікага князя кіеўскага Яраслава Уладзіміравіча і жонку французскага караля Генрыха I[10] . У Іерусаліме Ефрасіння наведала Гроб Гасподні, пасля тры дні прыходзіла да яго для малення. Праз некалькі дзён захварэла і паслала брата з сястрой за вадой на Іардан[6] .
Пасля яўлення Ефрасіння пачала падрыхтоўку да сваёй смерці. Яна пасылае ў старажытную Лаўру Савы Асвячонага з просьбай пра пахаванне ў манастырскім храме, але Лаўра была мужчынскім манастыром, і там не прымалі жанчын. Аляксей Мельнікаў сцвярджае, што жаданне быць пахаванай у манастыры Святога Савы было вынікам наследавання Ефрасінняй жыцця Ефрасінні Александрыйскай, якая жыла пад імем інака Ізмарагда і была пахавана ў мужчынскім манастыры. Атрымаўшы адмову, Ефрасіння пасылае слугу купіць грабніцу ў крыпце храма Прасвятой Багародзіцы ў Феадосіевым манастыры[9] .
Хварэла Ефрасіння 23 дні, памерла 23 мая 1167 года.
Уладзімір Арлоў сцвярджаў, што Ефрасіння значна ўплывала на палітычнае і грамадскае жыццё ў Полацку сярэдзіны XII ст., была своеасаблівым сцягам змагання палачан за незалежнасць[10] , але звестак пра яе палітычную і грамадскую дзейнасць у крыніцах няма. Аднак ігумення была сучасніцай гістарычных падзей, паходзіла з уладарнай дынастыі, мела пэўны аўтарытэт, таму магла б паўстагоддзя ўплываць на палітыку ў Полацку. Пасля 1101 года адбыўся спадчынны падзел Полацкай зямлі на асобныя княствы паміж сынамі полацкага князя Усяслава, а потым і іх нашчадкамі — полацкія, менскія, віцебскія і друцкія князі змагаліся паміж сабою за ўладу, а таксама з кіеўскімі і іншымі князямі або ў саюзе з імі. На думку Г. Авакян, Ефрасіння сваім духоўным складам магла ў гэтых умовах быць абаронцай міру і спрыяць узаемаразуменню[7] .
Пячатка Ефрасінні, знойдзеная на Рурыкавым гарадзішчы ў Ноўгарадзе, можа сведчыць пра нейкую ролю ігуменні ў палітычным жыцці. На думку Арлова, ігумення праз полацкае веча магла ўплываць на прызначэнне епіскапаў і запрашэнне князёў. Магчыма, таму ў 1132 годзе палачане выгналі з горада князя Святаполка, пасаджанага вялікім князем кіеўскім пасля выгнання полацкіх князёў у Візантыю, і пасадзілі на полацкі сталец роднага брата Ефрасінні — Васільку. Ігумення магла мець дачыненне да падзей 1151 года, калі полацкае веча адмовіла ў даверы Рагвалоду-Васілю і аддало яго ў палон менскім князям Глебавічам, а таксама да падзей 1158 года, калі палачане зноў запрасілі на сталец Рагвалода-Васіля. Усобіцы на Полаччыне працягваліся і ў 1162, а пасля і ў 1167 годзе. «Жыціе» кажа, што Ефрасіння нікога не хацела бачыць ворагамі — «ни князя со князем, ни бояри с боярином, ни служанина со служанином — но всех хотяше имети, яко едину душю»[10] .
Ефрасіння была пахавана ў Феадосіевым Іерусалімскім манастыры, а пасля захопу гораду мусульманамі, у 1187 годзе рака з целам была перанесена ў Феадосіевы пячоры Кіеўскай лаўры[12] . Паводле падання, манахі збіраліся перанесці святыню ў Полацк, аднак перашкодзіла варожасць кіеўскіх і полацкіх князёў[10] . Ёсць іншая думка, што прычына ў апошняй волі Ефрасінні быць пахаванай менавіта ў мужчынскім манастыры Св. Феадосія[3] , таму раку пакінулі ў аднайменных пячорах мужчынскага манастыра ў Кіеве.
Мясцовае царкоўнае шанаванне ў Полацкай зямлі пачалося прынамсі ў канцы XII ст., калі ўжо была складзена царкоўная служба прападобнай Ефрасінні Полацкай і агіяграфічнае «Жыціе» (імаверна, да 1187 года ў адным з заснаваных Ефрасінняй манастыроў). Царкоўнае шанаванне да XVI ст. мела толькі мясцовы характар, да ўключэння ў Макар’еўскія спісы імя Ефрасінні ў Рускай праваслаўнай царкве не было шырокавядомым[9] . Аднак і на Макар’еўскіх саборах 1547 і 1549 гадоў афіцыйна кананізацыя не адбылася. Агульная служба святой зацверджана РПЦ адносна нядаўна — у 1893 годзе[8] .
У пачатку ХХ ст. у друку з’яўляліся звесткі, што Ефрасіння кананізавана Папам Рыгорам Х на 2-м Ліёнскім саборы ў 1274 годзе. Дакументальнага пацвярджэння гэтаму няма, але паводле традыцыі Каталіцкая царква, як і Уніяцкая, прызнае Ефрасінню святой[10] .
Хадайнічаць аб перанясенні мошчаў у Полацк пачаў у 1833 годзе епіскап Віцебскі і Мінскі Гаўрыіл, Святы Сінод застаўся безуважным да звароту правялебнага. Праз сем гадоў безвыніковае прашэнне паўтарыў епіскап Васіль (Лужынскі). На другі зварот епіскапа Васіля ў 1852 годзе ўлады таксама не далі станоўчага адказу[6] .
У 1858 годзе ў час праўлення імператара Аляксандра III аб перанясенні мошчаў Ефрасінні прасілі жыхары Полацка, у 1864 годзе хадайніцтва падтрымаў Міхаіл Мураўёў, генерал-губернатар Паўночна-Заходняга краю. Толькі ў 1871 годзе полацкі епіскап Сава дамогся, каб у Спаскі манастыр даставілі частку мошчаў[6] .
Дазвол на перанос быў атрыманы толькі ад імператара Мікалая II. Самі астанкі, з выняткам сімвалічнай часткі, былі перанесены ў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у 1910 годзе. Таксама была абвешчана і гаючасць астанкаў. Перанос адбываўся вельмі ўрачыста, мошчы суправаджалі вядомыя рэлігійныя і дзяржаўныя асобы Расіі. У дзень смерці асветніцы — 23 мая (5 чэрвеня) нятленныя астанкі прывезлі ў Спасаўскі сабор і паклалі ў спецыяльна зробленую кіпарысавую раку, абкладзеную срэбрам. Вернікі ахвяравалі на раку вялізную суму ў 12 тысяч рублёў[6] .
Рака была выраблена маскоўскім фабрыкантам Мяшковым па праекце і чарцяжах мастака Паўла Зыкава і ўяўляла сабой саркафаг на ўзор старажытных. Па вуглах ракі знаходзіліся капітэлі, а на пярэднім баку — дакладная копія старадаўняга барэльефа, што быў на дамавіне Ефрасінні ў Кіева-Пячэрскай лаўры. На дамавіне размяшчалася ікона Ефрасінні Полацкай у поўны рост у ляжачым становішчы.
Рака Ефрасінні знікла ў 1920-я гады. Адноўленая рака выраблена мастаком Мікалаем Кузьмічом (які аднавіў і Крыж Ефрасінні Полацкай) і асвечана 5 чэрвеня 2007 года. Пасля цырымоніі асвячэння мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт уручыў прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку Ордэн Святога Уладзіміра І ступені[6] .
Новая рака ўяўляе сабой невялікі каўчэг, памерамі 210 х 120 х 90 см. Кляновая рама-каркас абліцавана сярэбранымі пласцінамі і ўпрыгожана бронзавымі залачонымі барэльефамі. Выявы адрозніваюцца ад першапачатковага арыгінала. Бакавыя барэльефы адлюстроўваюць найважнейшыя моманты біяграфіі ігуменні: момант закладкі царквы Спаса і перанясенне яе астанкаў з Іерусаліма ў Кіеў. На тыльным баку паказаны трынаццаць беларускіх святых і сама Ефрасіння. У галавах — адліты крыж у ззянні і надпіс «Субяседніцы анёлаў», у нагах — выява Полацка XII ст. Па перыметры прапушчаны арнамент з каляровых эмалей і вінаграднай лазы. У верхняй частцы ракі Ефрасіння паказана ў поўны рост. Рыза, мантыя і схіма святой выкананы са срэбра. Новая рака стала не копіяй былой, а самастойным аўтарскім творам М. Кузьміча[17].
Падчас эвакуацыі ў час Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе астанкі былі перанесены ў Растоўскі Аўраміеў манастыр[18] .
У лютым 1919 года Народны камісарыят юстыцыі РСФСР прыняў пастанову, паводле якой праводзілася арганізаванае ўскрыццё святых мошчаў па ўсёй краіне[6] . Там, у Растове, у 1920 годзе грабніца была ўскрыта, а 13 мая 1922 года ўжо ў Полацку яна была ўскрыта паўторна, астанкі былі адасланы на атэістычную выстаўку ў Маскву, а адтуль — у экспазіцыю Віцебскага краязнаўчага музея. Усе каштоўнасці, якія былі пры астанках, у тым ліку 40-пудовая срэбная рака, былі канфіскаваны[19] .
Падчас нямецкай акупацыі вернікі перанеслі раку ў Свята-Пакроўскую царкву, а пасля 23 кастрычніка 1943 года астанкі былі вернуты ў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, дзе застаюцца і дагэтуль[19] .
У наш час прынятае шанаванне Ефрасінні як «заступніцы Беларусі» і «асветніцы Беларусі» (Гл. таксама: шанаванне і кананізацыя).
Таксама заўважаецца, што асветніцкая дзейнасць Ефрасінні магла мець не цалкам кананічны характар, а яе царкоўная дзейнасць магла быць скіраванай, на грунце яе высокага паходжання, у абыход царкоўнай іерархіі, на павышэнне самастойнасці Полацка ў царкоўных справах. Мяркуецца, што гэта магло быць прычынай канфліктаў між Ефрасінняй і царкоўнымі ўладамі і паслужыла сапраўднай прычынай таго, што астанкі Ефрасінні былі пакінуты ў Кіеве, а не вярталіся ў Полацк[20].
Мясцовае шанаванне Ефрасінні Полацкай узыходзіць да XIV ст. Тэксты іканапісных арыгіналаў лаканічныя: «Акі Еўдакія». Паясная выява прападобнай на іконе «Рускія святыя» (1814) знаходзіцца ў адным шэрагу з Еўфрасінняй Суздальскай. Толькі ў пачатку XX стагоддзя старажытнаруская князёўна і ігумення, заснавальніца двух манастыроў у Полацку, атрымала сапраўдную славу. На стаўпе Уладзімірскага сабора ў Кіеве вядомы мастак В. М. Васняцоў размясціў яе насупраць св. Еўдакіі[21].
У 1837 годзе на праваслаўных могілках Вільні па блаславенні архіепіскапа Полацкага і Віцебскага Смарагда (Крыжаноўскага) была закладзена Свята-Ефрасіннеўская царква (архітэктар Мікалай Чагін). Дабудаваная ў 1838 годзе царква ўяўляла сабой ратонду, якая нагадвае фінікійскія грабніцы, і сваім знешнім выглядам была падобнай да капліцы[22] .
У Санкт-Пецярбургу на праспекце Стачак 15 лістапада 1911 года была закладзена драўляная капліца. Сечаная з бярвення, крыжападобная ў плане капліца, увянчаная двума шатрамі, была асвячона ў імя Ефрасінні Полацкай у першай палове наступнага года. Яна займала адказнае становішча каля злому Пецяргофскай дарогі, павароту на Царскае Сяло і Маскоўскую дарогу і служыла мясцовай горадабудаўнічай дамінантай. 29 жніўня 1918 года да капліцы было дазволена прыбудаваць алтар і служыць у ёй літургію. Абшчына і царква існавалі да 1935 года. У канцы 1930-х гадоў усе будынкі падворка былі разабраны.
У Беларусі існавала Івянецкая Свята-Ефрасіннеўская царква (збудавана ў 1914 годзе, разбурана ў 1951 годзе), у 1990-х таксама была збудавана новая царква таго ж імя. У Мінску на вуліцы Прытыцкага ў канцы 1990-х гадоў пабудавана царква ў гонар Ефрасінні Полацкай, якая адносіцца да Мінскага прыходу. Ёсць цэрквы ў гонар Ефрасінні Полацкай у Віцебску, Полацку (частка комплексу Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра), Драгічыне, Радуні (Воранаўскі раён), Бароўцы (Верхнядзвінскі раён), Вішневе (Смаргонскі раён), Азершчыне (Рэчыцкі раён), Соснах (Любанскі раён), Скаўшыне (Салігорскі раён), Варончы (Навагрудскі раён), будуецца ў Рудзенску (Пухавіцкі раён). Праваслаўныя храмы ў імя Ефрасінні Полацкай ёсць у Лондане, Саус-Рывер (каля Нью-Ёрка, ЗША), Таронта.
У 1992 годзе вуліца Ефрасінні Полацкай з’явілася ў Полацку, у 2010 годзе — у Мінску[23], у 2012 годзе — у Слоніме[24].
У 1995 годзе ў Рэчыцы ўзведзена помнік-капліца Святой Ефрасінні Полацкай (аўтар Э. К. Агуновіч). У 1999 годзе ў дворыку БДУ ўстаноўлены помнік Еўфрасінні Полацкай працы скульптара Ігара Голубева[25]. У 2000 годзе ў Полацку быў устаноўлены помнік славутай палачанцы, аўтарам якога таксама выступіў Голубеў[10] . Яшчэ адзін помнік у беларускай сталіцы ўстаноўлены ў 2002 годзе каля ўваходу ў Інстытут сродкаў аўтаматызацыі па праспекце Незалежнасці, 117. У свой час гэты помнік працы Анатоля Арцімовіча[26] не прайшоў атэстацыі паводле памераў — яго палічылі замалым і адмовіліся ўсталёўваць у іншым, больш выгодным месцы. Пастамент помніка мае форму разгорнутае кнігі[27]. Невялікі помнік асветніцы знаходзіцца ў цэнтры Слабодкі (Браслаўскі раён), куды ён быў перанесены з тэрыторыі касцёла Сэрца Ісуса[28]. Святая Ефрасіння Полацкая адлюстравана таксама на памятным знаку «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці», устаноўленым у 2017 годзе да Дня беларускага пісьменства недалёка ад полацкага Сафійскага сабора[29].
4 чэрвеня 2001 года Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь выпушчаныя памятныя манеты наміналам 20 (сярэбраная якасці «пруф») і 1 (медна-нікелевая якасці «пруф-лайф») беларускіх рублёў з нагоды 900-годдзя Ефрасінні Полацкай. Манеты адчаканены Манетным дваром Польшчы ў Варшаве тыражом 2000 штук кожная.
17 кастрычніка 2007 года Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусціў памятную сярэбраную манету ў гонар Ефрасінні Полацкай наміналам 1000 рублёў.
У жніўні 2022 года Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт атрымаў імя ў гонар святой.
«Жыціе Ефрасінні Полацкай» — адзін з найбольш ранніх твораў гістарычнай прозы, адзіная крыніца біяграфічных звестак пра ігуменню.
«Жыціе» складзена, імаверна, манахам з манастыра Св. Багародзіцы. У творы аўтар услаўляе настойлівую і самаахвярную жанчыну, яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці, перадае ў строгай храналагічнай паслядоўнасці сапраўдныя гістарычныя факты, звесткі пра Полацк, яго культурнае жыццё, побыт княжацкай сям’і[5].
Мінуласць ляжыць надмагільным вянком над тымі, што ў смерці застылі, Ларыса Геніюш, «Еўфрасіння Полацкая» |
Ефрасіння Полацкая стала гераіняй шматлікіх твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.
Вобраз Ефрасінні ўвасобіла Вольга Іпатава ў аповесці «Прадслава», таксама яна з’яўляецца ў раманах Алеся Асіпенкі «Святыя і грэшнікі» і Валянціны Коўтун «Пакліканыя»[6] .
Свае вершы прысвяцілі беларускай асветніцы шматлікія беларускія паэты: Уладзімір Арлоў («Еўфрасіння»), Алег Бембель («Абсяг Еўфрасініі»), Рыгор Барадулін («У Полацкай Спаса-Еўфрасіннеўскай царкве»), Данута Бічэль-Загнетава («Еўфрасіння Полацкая»), Навум Гальпяровіч («Веі замружу, і выплыве вечар»), Ларыса Геніюш («Еўфрасіння Полацкая», «У горы я пад тваімі ранамі»), Сяргей Законнікаў («Святло Еўфрасінні»), Алесь Звонак («Цень Еўфрасінні»), Васіль Зуёнак («Апошняя малітва Еўфрасінні Полацкай», «Шукаю Богшу»), Алег Лойка («Еўфрасіння Полацкая»), Валянцін Лукша («Фрэскі святой Еўфрасінні»), Алесь Разанаў («Папярэджанне»), Людміла Рублеўская («Еўфрасіння»), Віктар Шніп («Хрыстова нявеста»), Сяргей Панізнік («Споведзь»), Леанід Дранько-Майсюк («Еўфрасіння»).
Ефрасіння выяўлена на палотнах Нэлі Шчаснай, Алеся Цыркунова, Аляксея Марачкіна, Аляксея Кузьміча, на графічных аркушах Арлена Кашкурэвіча, на габелене Сымона Свістуновіча[6] .
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.