Спаса-Праабражэнская царква (Полацк)
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Спаса-Праабражэнская царква або Спаса-Ефрасіннеўская царква — праваслаўнае сакральнае збудаванне ў Полацку, узведзенае ў XII стагоддзі і часткова перабудаванае ў XVII—XIX стагоддзях (змянілася канструкцыя даху і форма купала). Аб’ект Дзяржаўнага спісу гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Знаходзіцца ў цэнтры комплексу Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра.
Сакральнае збудаванне | |
Спаса–Праабражэнская царква | |
---|---|
| |
55°30′15″ пн. ш. 28°46′51″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Полацк |
Канфесія | Руская праваслаўная царква |
Епархія | Полацкая |
Архітэктурны стыль | Полацкая школа дойлідства |
Архітэктар | Дойлід Іаан |
Дата заснавання | XII стагоддзе |
Вядомыя насельнікі | Ефрасіння Полацкая |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 210Г000621 |
Сайт | spas-monastery.by |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
На просьбу Ефрасінні Полацкай мясцовы епіскап выдзяліў для будаўніцтва царквы вёску Сяльцо за межамі Полацка каля епіскапскай пахавальні, «идеже братия наша лежа, преже нас бывши епископи». «Жыціе Ефрасінні Полацкай» дае падставу меркаваць, што Ефрасіння магла распачаць узвядзенне ў 1128—1129 гадах па блаславенні епіскапа Міны. Імаверна, царкву заклалі пасля смерці бацькі Ефрасінні, князя Святаслава Усяславіча ў 1128 годзе[1]:
И тако начаста пребывати в монастыри. И по сему блаженная Ефросиния заложи церковь каменну Св. Спаса. |
Магчыма, царкву асвяціў паміж 1133 годам і пачаткам 1140-х гадоў епіскап Ілія, які ў гэты час (да 1145 года) займаў полацкую кафедру. Паводле іншых меркаванняў, царкву мог асвяціць пераемнік епіскапа Іліі Казьма, які быў полацкім епіскапам з 1143 па 1166 гады[1]. Аўтар «Жыція» апісвае гэту падзею наступным чынам:
Преподобная Ефросиния видевше совершенну церковь, возрадовася, и бысть священие ей — велия радость всем христьяном; и собравшися князи и сильнии мужие, иноки и инокиня и простии людие и бысть торжество велие и праздноваша многия дни. |
Дакладна вядома, што царкву за 30 тыдняў збудаваў полацкі дойлід Іаан («муж нарочит именем Иоан, приставник над делатели церковными», т.зв. кіраўнік арцелі ўзвядзення цэркваў) па заказу прападобнай ігуменні Ефрасінні Полацкай.
У 1563—1579 гадах у манастыры ўжо не было манахаў[2], у 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы перадаў яго будынкі Полацкаму езуіцкаму калегіуму. Вядома, што езуіты атрымалі комплекс у зруйнаваным стане. Неўзабаве яны аднавілі старажытную царкву і пакінулі ёй стары тытул — Панскага Перамянення[3].
У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) пасля захопу Полацка маскоўскім войскам у 1656 годзе па загаду цара Аляксея Міхайлавіча Спаса-Праабражэнская царкву паўторна асвяцілі як праваслаўную. Пасля вызвалення горада яна зноў знаходзілася ва ўладанні езуітаў, якія выкарыстоўвалі будынак як касцёл. Паміж 1728 і 1734 гадамі, а таксама ў 1786 годзе ордэн праводзіў аднаўленчыя работы. У 1800—1803 гадах будынак грунтоўна рэканструяваў прафесар архітэктуры езуіт Войцех Абрампольскі[4]. У вайну 1812 года царква пацярпела, але неўзабаве яе аднавілі. Паводле тагачаснага інвентара збудаванне мела наступны выгляд:
Франтон касцёлка з чатырма калонамі, над каторымі малая мураваная вежачка з касцёльным званочкам. Па баках франтона дзве малыя жалезныя піраміды і дзве вазы, абітыя жалезнай бляхай, купал таксама бляшаны, дах жа касцёльны пакрывае дахоўка. У сярэдзіне ва ўсім касцёле старадаўняе маляванне на сценах і на шасці падпіраючых хоры і купал калонах. |
Пасля скасавання ордэна ў 1820 годзе будынак перайшоў да іншых гаспадароў, і толькі ў 1832 годзе расійскія ўлады перадалі царкву Маскоўскаму патрыярхату. У 1833 годзе пад кіраўніцтвам архітэктара А. Порты яе часткова перабудавалі. Асвячэнне «благолепно отремонтированного Спасова храма» адбылося 30 ліпеня 1839 года.
У 1918 годзе савецкія ўлады закрылі манастыр. Сваю дзейнасць царква аднавіла ў 1990 годзе ў складзе Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату.
Помнік Полацкай школы дойлідства. Дойлід Іаан імкнуўся стварыць урачысты архітэктурны вежападобны манумент, помнік-рэквіем[1].
Царква атрымала вельмі выразнае кампазіцыйнае рашэнне. Гэта быў выцягнуты ў плане крыжова-купальны 3-нефны шасцістоўпны аб’ём (даўжыня без апсіды 14,4 м, з апсідай 18,2 м, шырыня 9,8 м, таўшчыня выкладзеных плінфай сценаў (1,24—1,8 м). У плане сабор мае амаль базілікальную выцягнутасць прапорцый па восі ўсход — захад, што таксама характэрна і для іншых заходнерускіх храмаў XII стагоддзя, такіх як Дабравешчанская царква ў Віцебску і Барысаглебская царква Бельчыцкага манастыра ў Полацку. Гэта дазваляе гаварыць пра фарміраванне ў гэты перыяд у Полацкіх зямлях сваёй архітэктурнай традыцыі, а, магчыма, і пра прыналежнасць гэтых храмаў да адной будаўнічай арцелі[5]. Як і ў будынках Барысаглебскага манастыра, падкупальная прастора сабора ссунута ад цэнтра на захад, а яго сцены выкладзены з плінфы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам»[6].
Цэнтральны неф храма з усходу завяршаўся паўкруглай апсідай, крапаванай тонкімі паўкалонкамі. Бакавыя апсіды малых памераў паўцыркульныя, звонку нябачныя. Бакавыя паўднёвы і паўночны фасады падзяляюцца пілястрамі з паўкалонамі на 2 вузкія і 2 шырокія прасценкі, іх праразаюць 2 ярусы аркавых аконных праёмаў, дэкараваных броўкамі. Аконныя праёмы ніжняга яруса ў паўтара разы большыя за верхнія, з броўкамі з 4 радоў плінфы. Барабан купала абапіраўся на кубічны пастамент. Моцна высунутая паўкруглая апсіда рытмічна падзяляецца 6 тонкімі паўкалонкамі, на барабане ў прасценках вузкіх аркавых аконных праёмаў — прамавугольныя ў сячэнні лапаткі. Будынак мае 2 уваходныя парталы — заходні галоўны і паўднёвы дадатковы[1].
Царква захавалася амаль цалкам, пэўныя перабудовы адбыліся толькі ў верхняй частцы. Праведзеныя ў другой палове XX стагоддзя даследаванні храма дазволілі прыйсці да высновы, што ён меў не двухсхільны дах, які з’явіўся ў выніку перабудоў XIX стагоддзя, а пазакамарнае перакрыцце асноўнага аб’ёма і больш нізкага прытвора з захаду. Акрамя гэтага, архітэктарам былі выкарыстаны кілепадобныя какошнікі, якія забяспечвалі паступовы пераход да кубічнага пастамента-асновы для барабана і купала. Такое канструкцыйнае і кампазіцыйнае рашэнне надавала ўсяму будынку вежападобнасць, дынамічнае нарастанне мас[6]. Вынікам перабудовы стала замена закамарнага пакрыцця насценным, увядзенне ў афармленне атынкаваных фасадаў гафрыраванага фрызавага пояса, які наклалі на старажытны раманскі; салярнага арнамента ў пазухах вялікіх закамараў, капітэлей пілястраў з вертыкальный гафраваннем, збіўка паўкалонак на вуглавых лапатках. Апроч таго, з аконных праёмаў прыбралі броўкі паўцыркульнага абрысу з бакавымі гарызантальнымі ўсёкамі (г. зв. — сірыйскага тыпу)[7].
Унутраная прастора падзяляецца 6 масіўнымі апорнымі слупамі (унізе васьмігранныя, вышэй — чатырохгранныя) на 3 нефы, бакавыя з якіх вузейшыя і завяршаюцца паўкруглымі эксэдрамі ў тоўшчы ўсходняй сцяны. Кампазіцыя плану характарызуецца рытмічным падзелам унутранай прасторы: шырокі прытвор, потым вузкі нартэкс, далей зноў шырокая малітоўная зала і, нарэшце, вузкая апсіда. Прытвор адмяжоўваецца ад малітоўнай залы 3 невысокімі аркамі, над якімі размяшчаюцца хоры, на якія ідзе лесвічны ход у тоўшчы заходняй сцяны. Па іх баках 2 маленькія крыжападобныя ў плане перакрытыя купальнымі скляпеннямі на ветразях келлі, адна з якіх (справа ад уваходу), паводле падання, прызначалася для Ефрасінні Полацкай, другая — для яе сястры Еўпраксіі. Перакрыцці нефаў — цыліндрычныя скляпенні. Пад царквой скляпеністая крыпта.
Асаблівую гістарычна-мастацкую каштоўнасць маюць фрэскавыя роспісы XII стагоддзя — унікальны твор манументальнага мастацтва сусветнай значнасці, якія па поўнасці захаванасці могуць быць параўнальныя хіба што з фрэскамі Спаса-Праабражэнскага сабора Міражскага манастыра (каля 1140 года). Роспісы яшчэ часткова знаходзяцца пад алейнымі запісамі, але нераскрытымі застаюцца менш чвэрці ад іх агульнай плошчы, што дазваляе скласці досыць дакладнае ўяўленне аб іх складзе і іконаграфічнай праграме і вызначыць большасць сюжэтаў[5]. Старажытныя фрэскі таксама ўпрыгожвалі вонкавую паўднёвую сцяну (не збераглася)[8].
У царкве захоўваўся напрастольны крыж, зроблены ў 1161 годзе. Разам з цудоўным абразом «Маці Божая Эфеская-Карсунская» крыж забраў маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч у паход на Рыгу ў 1656—1667 гадах (крыж вярнулі ў манастыр у 1659 годзе, абраз вывезлі ў Маскву)[9].
У наш час праводзіцца рэстаўрацыя царквы, навуковым кіраўніком якой з’яўляецца Г. Лаўрэцкі[10]. Лаўрэцкі выступае за захаванне выгляду будынка, які той набыў у XIX стагоддзі[11]
У 2007 годзе надбудаваны ўладамі Расійскай імперыі драўляны купал-цыбуліну дэмантавалі, а на яго паставілі новы, абшыты пад золата (супраць гэтага купала сваё меркаванне выказвалі найбольш аўтарытэтныя беларускія навукоўцы). Праз павелічэнне вагі канструкцыі пачалося разбурэнне скляпенняў і муроў царквы[12]. З гэтай прычыны ЮНЕСКА адмовіла Беларусі ва ўключэнні царквы ў спіс Сусветнай спадчыны[13].
У 2003 годзе Нацыянальным банкам РБ была адбітая манета, на рэверсе якой выяўлены храм.
У верасні 2011 года ў царкве раскрылі фрэску XII стагоддзя з выявамі святых князёў-пакутнікаў Барыса і Глеба, якія былі братамі, і святога чэшскага князя Вацлава[14].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.