стыль у мастацтве і архітэктуры From Wikipedia, the free encyclopedia
Раманскі стыль — стыль сярэдневяковага еўрапейскага мастацтва X — XIII стагоддзяў. Pаманскі стыль склаўся пад уплывам феадальна-рэлігійнай ідэалогіі, увабраў у сябе элементы старажытнарымскага і візантыйскага мастацтваў і прыйшоў на змену шматлікім мясцовым варыянтам, лакальным стылям (меравінгскаму , каралінгскаму і інш.).
Стыль спачатку атрымаў у даследчыкаў розныя вызначэнні: візантыйскі, навагрэчаскі, старагерманскі, раманскі (у сэнсе рымскі). Але ніводная з прыведзеных дэфініцый не можа лічыцца дакладнай і вычарпальнай. Аднак з лёгкай рукі французскіх гісторыкаў Шарля дэ Жэрвіля і дэ Камона , якія ўпершыню выкарысталі ў 1820 годзе тэрмін «раманскі стыль», агульнае прызнанне атрымала менавіта гэтая назва.
Вызначальная роля належала суровай, крэпаснога характару архітэктуры (замкі, манастырскія комплексы, цэрквы, гарадскія дамы), якой уласціва сукупнасць набліжаных адзін да аднаго аб’ёмаў рознай вышыні, канструкцыйна аб’яднаных узаемазвязанасцю апор і перакрыццяў, ураўнаважаных вежай-ліхтаром ці купалам над сяродкрыжжам. У ранні перыяд у будынках рабілі плоскія драўляныя перакрыцці, пазней цыліндрычныя і, нарэшце, крыжовыя.
У цэлым раманскія храмы працягвалі традыцыі рымскай архітэктуры — тут выкарыстоўваўся прамавугольны храм (базіліка) з прадольнымі нефамі і апсідай. Новым было з’яўленне трансепты — галерэі, перпендыкулярнай нефам. У выніку цэнтральны неф і трансепт складалі крыж, што адпавядала хрысціянскай сімволіцы. Над гэтым перакрыжаваннем размяшчалася вежа (яшчэ адна прыкмета раманскай пабудовы). Найбольш закончаны тып збудаванняў раманскага стылю — манастырская царква (базіліка, крыжападобная ў плане ў Заходняй Еўропе, круглая ў плане ратонда ў Цэнтральнай Еўропе).
Збудаванні вызначаліся манументальнасцю, масіўнасцю канструкцый, аздабляліся абстрактна-геаметрычным арнаментам і скульптурай на тымпанах парталаў, капітэлях апор. У скульптуры і фрэсках пераважалі дагматычнасць, скаваны арнаментальна-плоскасны характар кампазіцыі, умоўная трактоўка фігур у спалучэнні з павышанай экспрэсіяй. Прафесійны ўзровень выканання пабудоў быў не вельмі высокі. Справа ў тым, што іх будавалі непрафесійныя рабочыя або манахі. Толькі ў канцы XII ст. узніклі першыя арцелі муляраў з ліку міран.
Яркія ўзоры архітэктуры раманскага стылю створаны ў Германіі (сабор у Вормсе, XII — XIII ст.), Францыі (царква Нотр-Дам у Пуацье, XII ст.), Італіі (царква Сан-Мікеле ў Павіі, XII ст.) і інш. У Беларусі да раманскага стылю належыць Камянецкая вежа.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.