From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэнесанс у Беларусі
У розных краінах Адраджэнне не супадала храналагічна і тыпалагічна. У адрозненне ад класічнага італьянскага Адраджэння, рэнесансавую культуру ў некаторых краінах Заходніх і Цэнтральнай Еўропы - Германіі , Скандынаўскіх краінах, Англіі і г.д. - называюць Паўночным Адраджэннем, асаблівасці якога: кампраміс з сярэдневяковымі традыцыямі, сувязь з рэлігійнымі і нацыянальна-культурнымі рухамі, Рэфармацыяй і інш. Да такога тыпу належыць і ўсходнееўрапейскае Адраджэнне, распаўсюджанае на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Літвы, дзе інтэнсіўна развіваліся нацыянальныя самасвядомасць, навука і культура, значных поспехаў дасягнулі літаратура і мастацтва.
На Беларусі ў 15 — першай палове 17 ст. ўжо існавалі пэўныя перадумовы для развіцця культуры Адраджэння: эканамічнае і сацыяльна-палітычнае ўзмацненне гарадоў, актывізацыя прагрэсіўнага рэфармісцкага руху (аграрная, адміністрацыйная, судовая, ваенная рэформы 1550—1580-х гг.), у выніку якіх адбывалася палітыяная цэнтралізацыя і дзяржаўна-прававая стабілізацыя беларуска-літоўскага грамадства. Сведчаннем Адраджэння на Беларусі было фарміраванне беларускай народнасці і рост яе самасвядомасці, пашырэнне міжнародных культурных сувязяў, гуманістычны і рэфармацыйны рух. Секулярызацыя духоўнага жыцця тут выявілася ў развіцці адукацыі, кнігадрукавання, прытоку разнастайнай кніжнай прадукцыі з-за мяжы і камплектаванні айчынных бібліятэк, мецэнацтва і ўзнікнення гуманістычных цэнтраў пры дварах буйных феадалаў (Слуцкіх, Радзівілаў, Хадкевічаў, Кішкаў, Глябовічаў і інш.), захапленні антычнай культурай, станаўленні беларускай літаратуры і літаратурнай мовы, развіцці гістарыяграфіі, філасофскай і грамадска-палітычнай думкі, прававой тэорыі і практыкі, выяўленчае мастацтва, архітэктуры, музыкі. На Беларусі Адраджэнне адбывалася ў спецыфічных умовах узаемадзеяння ўсходняй і заходняй рэлігійна-царкоўнай і духоўна-культ. тэндэнцый, станаўлення беларускай культуры ў складзе поліэтнічнага і рознарэлігійнага дзяржаўнага ўтварэння (ВКЛ, Рэчы Паспалітай), незавершанасці працэсаў нацыянальнай і дзяржаўнай дыферэнцыяцыі беларускага, украінскага і літоўскага народаў. Характэрнымі рысамі беларускага Адраджэння была наяўнасць у ВКЛ адноснай рэлігійнай талерантнасці, узаемадзеянне і ўзаемапранікненне беларускай, украінскай, літоўскай, польскай і рускай культур, развіццё і функцыянаванне рэнесансавай культуры ва ўмовах каталіцкай экспансіі і Контррэфармацыі. Рэнесансавы гуманізм тут часцей выяўляўся як «хрысціянскі гуманізм»: захоўваліся асноўныя прынцыпы хрысціянства і рэвізаваліся некаторыя яго традыцыйна-сярэдневяковыя ўяўленні і паняцці; фарміраваўся беларускі менталітэт — спецыфічны спосаб светаўспрымання і светаадчування, які вызначаў нацыянальны характар і своеасаблівасць духоўнай культуры Беларусі; развівалася філасофская і грамадска-палітычная думка, літаратура, архітэктура, выяўленчае мастацтва, музыка, тэатр.
У развіцці грамадскай думкі эпохі Адраджэння вылучаюць 3 перыяды: 1-ы (пач. 16 —сярэдзіны 16 ст.; ад Скарыны да Рэфармацыі) звязаны з пранікненнем у грамадскую свядомасць ідэі аднаўлення; 2-і (сярэдзіна — канец 16 ст.) — з сінтэзам рэфармацыйна-гуманістычнай тэорыі і сацыяльна-дзяржаўнай практыкі; 3-і (канец 16 ст. — першая палова 17 ст.) — з рацыяналізацыяй рэнесансава-гуманістычнай думкі і выхадам яе на агульнаеўрапейскую арэну (сацыніянства), акумуляцый рэнесансавых ідэй дзеячамі грамадска-рэлігійнай барацьбы, якая разгарнулася пасля Берасцейскай уніі 1596 года, культурай беларускага барока. У галіне анталогіі, гнасеалогіі і метадалогіі ідэі Адраджэння выяўляліся пераважна ў рэлігійна-тэалагічнай форме (рацыяналізм С. Буднага і інш.). Існаваў і уласна філасофскі спосаб фармулёўкі асноўных уяўленняў (С. Лован, К. Лышчынскі), у якіх аналізаваліся пытанні сутнасці Бога, натуры Хрыста, паходжання свету (Берасцейская Біблія, «Хроніка» М. Стрыйкоўскага), разуменне цудаў, несмяротнасці душы , замагільнага жыцця , суадносін ідэальнага і матэрыяльнага , пазнання, веры і розуму, багаслоўя і філасофіі і інш. Вучэнне беларускіх мысліцеляў пра мараль было заснавана на прызнанні натуральнай прыроды чалавека, перакананні ў магчымасці яе ўдасканалення праз індывідуальныя намаганні. Гуманізаваліся і набліжаліся да рэальнага жыцця ідэі хрысціянскай этыкі , адраджаліся філасофска-этычныя вучэнні стоікаў, Цыцэрона, эпікурэйцаў, па-новаму інтэрпрэтавалася платонаўскае і арыстоцелеўскае вучэнне пра мараль. У рамках праблемы чалавека, яго адносін да Бога, навакольнага асяроддзя, грамадства ўзнімаліся пытанні шчасця, сэнсу жыцця, агульнага і індывідуальнага дабра, свабоды выбару, адказнасці, маральнага і інтэлектуальнага ўдасканалення, грамадзянскага абавязку і інш. (Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі, Міхалон Літвін, С. Кашуцкі, Андрэй Волан, Якуб з Калінаўкі, Марцін Чаховіц, Сімяон Полацкі). Асноўная праблема сацыяльна-палітычнай і прававой думкі беларускага Адраджэння — удасканаленне грамадства і дзяржавы (Францыск Скарына, Сымон Будны, Астафій Валовіч, Леў Сапега, Андрэй Волан). Геніяльным прадбачаннем Міколы Гусоўскага сталі ідэі экалагічнага выхавання чалавека. У працэсе станаўлення нацыянальнай самасвядомасці на першым этапе (16 ст.) пераважалі этнакультурны кампанент і секулярызаваная канцэпцыя нацыянальных каштоўнасцяў (Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі); на другім этапе (канец 16 — першая палова 17 ст.) нацыянальная свядомасць выяўлялася пераважна ў працэсе рэлігійна-канфесіянальнага самавызначэння (С. Зізаній, Мялецій Сматрыцкі, Іпацій Пацей і інш.). Праблемы нацыянальна-культурнага суверынітэту беларускага народа вырашаліся ў барацьбе за сцвярджэнне ў грамадстве і дзяржаве прынцыпу талерантнасці, верацярпімасці (Сымон Будны, Леў Сапега, Мялецій Сматрыцкі).
Характэрная рыса літаратурнага працэсу Беларусі эпохі Адраджэння — узаемадзеянне ўсходніх, візантыйска-праваслаўных і заходніх, лаціна-каталіцкіх традыцый, сярэдневяковых і рэнесансавых тэндэнцый. Побач з царкоўна-рэлігійнай літаратурай у 15—16 стст. усё больш выкарыстоўвалася жывая народная мова, якая падрывала манаполію царкоўнаславянскай мовы. З'явіліся беларускія пераклады свецкіх твораў замежнай літаратуры («Жыціе Аляксея, чалавека Божага», «Аповесць пра трох каралёў»), кніг Бібліі.
Вялікую ролю ў станаўленні нацыянальнай літаратуры Беларусі адыграла свецкае дзелавое пісьменства на старабеларускай мове (матэрыялы велікакняжацкай і інш. канцылярый, дзяржаўныя прывілеі, граматы, Статуты Вялікага Княства Літоўскага і інш.), новыя беларускія летапісы («Беларуска-літоўскі летапіс 1446», «Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца» і інш.), якія адначасова былі і гістарычнымі аповесцямі. Высокімі літаратурна-мастацкімі якасцямі вызначаліся «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага, Баркулабаўскі летапіс.
Здабыткам беларускай літаратуры эпохі Адраджэння стала творчая спадчына паэтаў-лаціністаў пачатку 16 ст. Міколы Гусоўскага («Песня пра зубра») і Яна Вісліцкага («Пруская вайна»).
Важным этапам у развіцці беларускай літаратуры эпохі Адраджэння была дзейнасць Францыска Скарыны, заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Яго прадмовы і пасляслоўі да біблейскіх кніг — высокамастацкія і арыгінальныя творы беларускай літаратуры пачатку 16 ст. Яны сведчаць пра талент Скарыны як пісьменніка, паэта, гімнографа, рытара, мастака. На працягу 15 — пачатку 17 ст. ў Вялікім Княстве Літоўскім утварыўся шэраг культурна-асветных цэнтраў з буйнымі сховішчамі рукапісных і друкаваных кніг, скрыпторыямі, друкарнямі, школамі (Заблудаў, Берасце, Нясвіж, Заслаўе, Лоск, Вільня, Полацк, Слуцк, Любча і інш.), дзе працавалі кнігавыдаўцы, перакладчыкі, паэты, публіцысты. Тут выдаваліся тэалагічныя і літургічныя творы розных канфесій, гістарычныя, філасофскія, палітычныя трактаты, творы антычных пісьменнікаў, падручнікі па граматыцы, рыторыцы, паэтыцы.
Рэфармацыйна-гуманістычны рух, рэлігійна-грамадская барацьба 16 — першай пал. 17 ст. спрыялі дзейнасці многіх таленавітых літаратараў, якія пісалі на беларускай, польскай, лацінскай мовах (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, С. Кашуцкі, Андрэй Волан, Леў Сапега, С. і Лаўрэнцій Зізаніі, Іпацій Пацей, Л. Карповіч, Мялецій Сматрыцкі, Ян Казімір Пашкевіч, Іосіф Руцкі, Афанасій Філіповіч, Б. Будны, Андрэй Рымша, Я. Радван, С. Грахоўскі, Ян Казаковіч, Лявон Мамоніч, Гальяш Пельгрымоўскі, Фама Іяўлевіч, Ян Пратасевіч, М. Сарбеўскі, Сімяон Полацкі і інш.).
Росквіту дасягнула публіцыстыка — палемічная літаратура розных жанраў: ліст (пасланне), адказ (водпаведзь), слова (казанне), лямант (плач), прадмова.
У паэзіі дамінаваў жанр эпіграмы, якой надавалася актуальнае маральнае і грамадскае гучанне, а таксама вершаваныя звароты да чытача, эпітафіі і інш. З'явіліся вершаваныя паэмы Андрэя Рымшы «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы князя Крыштофа Радзівіла», Пельгрымоўскага «Пасольства да вялікага князя маскоўскага», Іяўлевіча «Лабірынт, або Заблытаная дарога», парадыйна-сатырычныя творы, напісаныя сакавітай народнай мовай («Прамова Мялешкі»).
Цікавасць ла прыватнага жыцця чалавека абумовіла развіццё мемуарнай літаратуры (Ф. Еўлашоўскі, Ф. Кміта-Чарнабыльскі, А. Каменскі-Длужык, Я. Цадроўскі і інш.). Разам са школьным тэатрам узнікла драма (Сімяон Полацкі). Зараджалася тэорыя вершаскладання (Л. Зізаній, Мялецій Сматрыцкі). Помнікамі беларускай прозы сталі трактаты па паэтыцы, рыторыцы, тэорыі літаратуры выкладчыкаў беларускіх калегіумаў, Віленскай акадэміі («Пра дасканалую паэзію» Сарбеўскага, «Практычнае красамоўства» Сігізмунда Лаўксміна і інш.).
Пад уплывам рэнесансавай культуры Заходняй Еўропы ў выяўленчым мастацтве Беларусі 16 — сярэдзіны 17 ст. склаліся асяродкі гуманістычнай культуры (двары Жыгімонта Аўгуста ў Вільні, Радзівілаў у Нясвіжы, Алелькавічаў у Слуцку), развіваліся новыя віды і жанры мастацтва. У жывапісе пашыраўся партрэт, у якім праявілася рэнесансавае разуменне асобы чалавека. На аснове сінтэзу заходне-еўрапейскіх формаў і візантыйскай мастацкай спадчыны ўзнік нацыянальны варыянт параднага партрэта (партрэт Міхаіла Барысавіча). Пэўны час ён існаваў побач з рэпрэзентатыўным (партрэт Юрыя Радзівіла) і надзеленым рысамі псіхалагізму паўфігурным (партрэт К. Слуцкай-Радзівіл). Складваўся жанравы і батальны жывапіс (А. Вейдэ).
Рэлігійнае мастацтва развівалася ў некалькіх кірунках. Алтарная карціна вызначалася пластычнасцю формаў, яркасцю палітры, элементамі лінейнай перспектывы, атрыбутамі гістарычнай моды («Пакланенне вешчуноў», пасля 1514). У іканапісе з яго поствізантыйскай традыцыяй з’явілася наватарская плынь: у сюжэтную канву ўводзіліся бытавыя і этнаграфічныя дэталі, архітэктурныя краявіды («Тройца» з Дастоева, «Нараджэнне Марыі» з Маларыцкага раёна), узбагачаўся эмацыйны каларыт, арнаментыка фонаў («Параскева Пятніца», Слуцкі раён; «Лука і Сымон», Лунінецкі раён).
Высокага ўзроўню дасягнула паліхромная драўляная скульптура і разьба алтароў (Іакім і Ганна, Жабінкаўскі раён; Праабражэнскі касцёл у в. Новая Мыш, Баранавіцкі раён). Пашыралася партрэтная пластыка надмагілляў (Альбрэхта Гаштольда ў Вільні, Мікалая Крыштафа Радзівіла ў Нясвіжы). Складалася медальерная школа (Я. Энгельгарт і інш.).
Дасягнуў росквіту дрэварыт, з канца 16 ст. — медзярыт. Дасканаласцю выканання вылучаліся тытульныя лісты, застаўкі, ініцыялы, канцоўкі і ілюстрацыі ў выданнях Францыска Скарыны (Біблія, 1517—1519), у Брэсцкай бібліі (1563), Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Узніклі графічныя партрэты (Скарыны, Жыгімонта III, М. Р. Радзівіла, В. Цяпінскага), геральдычныя кампазіцыі. Т. Макоўскі і іншыя выконвалі архітэктурныя пейзажы, карты, ілюстрацыі да навуковых трактатаў.
З 16 — першай паловы 17 ст. дайшлі творы жывапісу, у якіх адлюстраваны тыповыя рысы еўрапейскага Адраджэння, асабліва ў пашыраным на беларускіх землях парадным (сармацкім) партрэце (Грызельда Сапега, Юрыя Радзівіла, Софіі Алелькаўны Радзівіл і інш.).
У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве стылістыка Адраджэння выявілася ў арнаментацыі абкладаў абразоў (Будслаўская шата), царкоўнага начыння і параднай зброі эмалямі, каштоўнымі камянямі, літымі і чаканенымі накладкамі. З’явілася кафля з сюжэтнымі, гербавымі і партрэтнымі выявамі (Лагойск, Заслаўе), з каляровым глазураваным пакрыццём. З заснаваннем мануфактур (15 ст.) пашыраўся асартымент вырабаў са шкла.
У беларускім мастацтве першай паловы 17 ст. формы Адраджэння працягвалі суіснаваць з рысамі маньерызму, але ўсё больш саступалі месца стылістыцы барока.
У архітэктуры і горадабудаўніцтве Беларусі з эпохай Адраджэння звязаны спробы комплекснай рэканструкцыі гарадоў на аснове рэгулярнага плана, які формамі набліжаўся да прамавугольніка, авала, паўавала (Нясвіж, Быхаў, Слуцк). Цэнтрам яго кампазіцыі звычайна была плошча з ратушай і храмамі. Будаваліся таксама палацы, шпіталі, дамы цэхавых брацтваў і інш.
Напачатку рысы рэнесансу спалучаліся з элементамі готыкі, але гатычныя формы збудаванняў пачатку 17 ст. набывалі пластычны дэкор (Мірскі замак, Сынкавіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць). Свецкая і культавая архітэктура паступова траціла суровыя абарончыя рысы: палацы афармляліся аркаднымі галерэямі (палац у Рагачове), з’явіліся храмы на ўзор ратонды з купалам (Смаргонскі кальвінскі збор), вежы некаторых храмаў аздабляліся дэкаратыўнымі элементамі (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). Інтэр’ер узбагачаўся разнымі алтарамі, скляпенні — ляпнымі нервюрамі, якія ўтваралі дэкаратыўны ўзор (Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл, Вішнеўскі касцёл Адведзін Марыі).
На Беларусі першыя еўрапейскія тэатральныя формы, як літургічная драма, школьны тэатр, з'явіліся ў XVI ст. праз дзейнасць каталіцкай царквы. Пазней, у эпоху барока, яны разам з прыдворным тэатрам сталі важнымі кампанентамі беларускай тэатральнай культуры.
На Беларусі асноўнымі асяродкамі музычнага Адраджэння з'яўляліся брацкія школы, каталіцкія калегіумы, дзе была добра пастаўлена музычная адукацыя, практыкаваліся шматгалосыя харавыя спевы па 5-лінейнай нотнай сістэме. Асноўным узорам новага нотнага запісу стаў псалтыр Яна Гуса, які засведчыў з'яўленне нотадрукавання. Пратэстанцкія канцыяналы, выдадзеныя ў Берасці (зборнік «Песні хвал боскіх», 1558), Нясвіжы і Любчы, побач з духоўнымі творамі змяшчалі свецкія песні.
Сярод музычных дзеячаў Адраджэння на Беларусі — Вацлаў з Шамотул, Цыпрыян Базылік, Валянцін Бакфарк. У гэты час зарадзілася самабытная культура беларускага канта, што стала значнай з'явай у прафесійным свецкім і царкоўным мастацтве.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.