Геаграфічная карта (мапа) — зменшаная абагульненая выява зямной паверхні на плоскасці, якая паказвае розныя аб’екты і з’явы, іх дынаміку і сувязь паміж імі ў залежнасці ад яе прызначэння. Аб’екты і з’явы могуць быць фізіка-геаграфічнага і сацыяльна-эканамічнага характару. Да неад’емных асаблівасцей карт адносяцца:
- асаблівы спосаб выявы выпуклай зямной паверхні на плоскасці (картаграфічная праекцыя);
- адбор неабходных аб’ектаў і з’яў (картаграфічная генералізацыя);
- паказ аб’ектаў і з’яў у выглядзе спецыяльных знакаў (картаграфічныя знакі) і іх тлумачэнне (легенда карты).
![Thumb](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/9/9c/Physical_world.jpg/640px-Physical_world.jpg)
Геаграфічную карту неабходна адрозніваць ад плана (які выконваецца без уліку крывізны зямной паверхні) і схемы (у якой не абавязкова захаваны масштаб).
Класіфікацыя карт
Геаграфічныя карты адрозніваюцца:
- паводле ахопу тэрыторыі (карты свету, мацерыкоў, краін і інш.);
- паводле зместу (агульнагеаграфічныя і тэматычныя);
- паводле маштабу:
- буйна- (1:200 000 і больш),
- сярэдне- (ад 1:200 000 да 1:1 000 000),
- дробнамаштабныя (менш за 1:1 000 000);
- паводле прызначэння (навуковыя, вучэбныя, інжынерныя, спартыўныя, турыстычныя і інш.).
Картаграфія
Картаграфія — навука аб даследаванні, мадэляванні і адлюстраванні прасторавага размяшчэння, спалучэння і ўзаемасувязі аб’ектаў і з’яў прыроды і грамадства (геаграфічнай абалонкі Зямлі). У больш шырокай трактоўцы картаграфія ўключае тэхналогію і вытворчую дзейнасць.
Аб’ектамі картаграфіі з’яўляюцца Зямля, нябесныя целы, зорнае неба і Сусвет. Найбольш папулярнымі пладамі картаграфіі (зразумелымі большасці людзей) з’яўляюцца вобразна-знакавыя мадэлі прасторы ў выглядзе плоскіх карт, рэльефных і аб’ёмных карт, глобусаў. Яны могуць быць прадстаўлены на цвёрдых, плоскіх або аб’ёмных матэрыялах (папера, пластык) або ў выглядзе малюнка на відэаманіторы.
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.