From Wikipedia, the free encyclopedia
Паўно́чна-Захо́дні край, або паўно́чна-захо́днія губе́рні, (рус. Северо-Западный край, або северо-западные губернии; польск.: Kraj Północno-Zachodni) — размоўная, публіцыстычная і афіцыйна-бюракратычная назва шасці губерняў Расійскай імперыі (Віленская, Ковенская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская і Віцебская губерні). Тэрмін «Паўночна-Заходні край» («паўночна-заходнія губерні») пачаў першапачаткова ўжывацца ва ўрадавай тэрміналогіі ў адносінах да Віленскага ваеннага генерал-губернатарства пасля скасавання ў Расійскай імперыі ўніяцтва (1839) як жаданне паказаць не толькі спадчынна-дынастычны, але і этнаканфесійна «рускі» характар гэтых зямель (Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай губерняў). Аднак да пачатку сялянскай рэформы (1861) і асабліва да паўстання 1863—1864 гадоў тэрмін «Паўночна-Заходні край» выкарыстоўваўся вельмі рэдка і не распаўсюджваўся на Віцебскую і Магілёўскую губерні. Да пачатку 1860-х гг. часцей за ўсё ў расійскай урадавай тэрміналогіі «паўночна-заходнія губерні» не вылучаліся асобна, а разам з «беларускімі» (Віцебскай і Магілёўскай губернямі) і «паўднёва-заходнімі губернямі» («Паўднёва-Заходнім краем» — Кіеўскім ваенным генерал-губернатарствам) прадстаўляліся сукупна і фігуравалі пад агульнай назвай «заходнія губерні» (ці «Заходні край»). Падпарадкаванне ў 1863 г. (з-за пачатку паўстання 1863—1864 гадоў) Віцебскай і Магілёўскай губерняў уладзе віленскага ваеннага генерал-губернатара распаўсюдзіла тэрмін «Паўночна-Заходні край» і на гэтыя («беларускія») губерні, што захавалася нават пасля выхаду ў 1869 г. Віцебскай і Магілёўскай губерняў з-пад улады віленскага генерал-губернатара. У расійскай імперскай ідэалогіі і ідэалогіі «заходнерусізму» тэрмін «Паўночна-Заходні край» фактычна абазначаў паўночна-заходнюю частку «адзінай Русі» — «Паўночна-Заходнюю Русь» («Паўночна-Заходнюю Расію»), што асабліва пачало прапагандавацца пасля паўстання 1863—1864 гадоў. Акрамя таго, замацаванне з 1860-х гг. за шасцю губернямі (Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай) назвы «Паўночна-Заходні край» («паўночна-заходнія губерні»), нават пасля скасавання ў 1912 г. Віленскага генерал-губернатарства, фактычна было прызнаннем, што гэтая тэрыторыя з’яўляецца землямі былога Вялікага Княства Літоўскага і мае падобныя агульныя рысы ва ўсіх адносінах, што і адлюстроўвалася, адпаведна, у спецыфіцы кіравання і рэжыме законаў у гэтых губернях. З 1830-х гг. спецыфіка кіравання і рэжым законаў у паўночна-заходніх (і паўднёва-заходніх) губернях паступова набывалі выразна русіфікатарскі і дыскрымінацыйны характар у адносінах да многіх катэгорый мясцовага насельніцтва (у параўнанні з іншымі часткамі Расійскай імперыі). Плошча Паўночна-Заходняга края (шасці губерняў — Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай) у пачатку XX ст. складала 260 490 квадратных рускіх вёрст (ці 266 978 квадратных дзесяцін)[1]. Цэнтрам Паўночна-Заходняга края лічылася Вільня.
Жаданне паказаць справядлівасць захопу зямель Рэчы Паспалітай, атрыманых у выніку трох падзелаў (1772, 1793, 1795), праявілася ва ўзнікненні ў афіцыйна-бюракратычным справаводстве Расійскай імперыі тэрміну «губерні, вернутыя ад Польшчы» («губернии, возвращённые от Польши»)[2], які выкарыстоўваўся адразу з часу першага падзела (1772) да пачатку 1860-х гг.[3] У ходзе падзелаў Рэчы Паспалітай, калі адбываўся працэс усталявання расійскіх парадкаў у «нованабытых» губернях імперыі, у расійскім афіцыйным справаводстве выкарыстоўваліся таксама тэрміны «новадалучаныя ад Польшчы вобласці», «набытыя ад Польшчы вобласці», «зноў далучаныя да Расіі ад Польшчы губерні» і г.д.[4]
З 1796 г., пачаткам царавання Паўла I, па сярэдзіну 1830-х гг. (нават пасля «Лістападаўскага паўстання») у адносінах да «новадалучаных» губерняў выкарыстоўваўся таксама тэрмін «польскія губерні» («нашы польскія губерні», «польскія правінцыі»), якія не планавалася злучыць з ваяводствамі Царства Польскага[5]. У справаводстве таксама можна было сустрэць тэрміны «літоўскія губерні» («літоўскія правінцыі», «Літва») і «беларускія губерні» («беларускія правінцыі»[6], «Белая Расія» альбо «Беларусія») у адносінах да адпаведных губерняў, якія так называліся сукупна. Зрэдку ўжываліся і тэрміны «Літоўскі край» і «Беларускі край»[7].
Пасля падаўлення Лістападаўскага паўстання (1830—1831) у адносінах да ўсіх губерняў, атрыманых Расійскай імперыяй у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, пачаў стала выкарыстоўвацца аж да 1917 г. тэрмін «заходнія губерні» (альбо «Заходні край»)[8]. Землі былога Вялікага Княства Літоўскага ўваходзілі ў склад адасобленых суседніх генерал-губернатарстваў і не вылучаліся ў бюракратычнай тэрміналогіі асобна з «заходніх губерняў» (у першую чаргу, з-за падобнасці ўрадавай палітыкі ў адносінах да гэтых губерняў)[9]. Менавіта гэты тэрмін быў самым распаўсюджаным да пачатку 1860-х гг. у заканадаўчых актах Расійскай імперыі. У пачатку 1840-х гг. (у час эйфарыі ўрада пасля скасавання ўніяцтва і павелічэння колькасці праваслаўных у Расійскай імперыі за кошт былых уніятаў) і ў пачатку 1860-х гг. (у час чарговага абвастрэння адносін паміж мясцовым дваранствам і расійскай уладай) у афіцыйных дакументах імперыі можна было сустрэць і такія тэрміны (з узмацняльнай канатацыяй) як «нашы заходнія губерні» альбо «заходнія, вернутыя ад Польшчы губерні»[10].
Пасля скасавання ў Расійскай імперыі ўніяцтва (1839) у адносінах да Кіеўскага ваеннага генерал-губернатарства (1832—1864), якое складалася з Валынскай, Падольскай і Кіеўскай губерняў, у афіцыйным расійскім справаводстве і прэсе пачаў паралельна выкарыстоўвацца тэрмін «Паўднёва-Заходні край» («паўднёва-заходнія губерні»), а адносна Віленскага ваеннага генерал-губернатарства (1832—1864) — тэрмін «Паўночна-Заходні край» («паўночна-заходнія губерні»)[11] ці «Заходні край» («заходнія губерні»), хоць тэрмін «Заходні край» («заходнія губерні») ужываўся паралельна для абазначэння ўсіх дзевяці «заходніх губерняў» (Валынскай, Падольскай, Кіеўскай, Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў)[12][13]. Прычым, тэрмін «Заходні край» для абазначэння Віленскага ваеннага генерал-губернатарства быў больш распаўсюджаным да пачатку 1860-х гг., чым тэрмін «Паўночна-Заходні край»[14]. У тыя часы Віцебская і Магілёўская губерні не ўваходзілі ў склад Віленскага ваеннага генерал-губернатарства і не адносіліся да «паўночна-заходніх», а называліся «беларускімі». Да пачатку 1860-х гг. у заканадаўстве і справаводстве Расійскай імперыі «заходнія губерні» (як «паўночна-заходнія», так і «паўднёва-заходнія» і «беларускія»), калі пра іх ішла гаворка ў дакументах, часта прыводзіліся проста пералікам губерняў па імені альбо ўказаннем генерал-губернатарства (ці ваеннага губернатарства).
Тэрміны «Паўночна-Заходні край» і «Паўднёва-Заходні край» часцей сталі размоўна, публіцыстычна і афіцыйна-бюракратычна ўжывацца з пачатку 1860-х гг., калі ў Расійскай імперыі пачала абмяркоўвацца і праводзіцца сялянская рэформа (1861), бо адносна губерняў Віленскага ваеннага генерал-губернатарства і Кіеўскага ваеннага генерал-губернатарства выпрацоўваліся розныя ўмовы надзялення сялян зямлёй, што было зафіксавана ў розных «Мясцовых палажэннях» для гэтых двух груп губерняў. Актуалізавала шырокае ўжыванне гэтых тэрмінаў наспяванне паўстання 1863—1864 гадоў. Пасля пераводу ў 1863 г. (з-за пачатку паўстання) Віцебскай і Магілёўскай губерняў пад уладу віленскага ваеннага генерал-губернатара тэрмін «паўночна-заходнія губерні» пачаў распаўсюджвацца і на гэтыя («беларускія») губерні.
У пачатку 1860-х гг. у расійскай імперскай ідэалогіі і афіцыйнай гістарычнай навуцы (асабліва заходнерусіцкага кірунку) тэрыторыя Паўночна-Заходняга края фактычна пачала трактавацца і разумецца як «Паўночна-Заходняя Русь» (альбо «Паўночна-Заходняя Расія»), Паўднёва-Заходняга края — «Паўднёва-Заходняя Русь» (альбо «Паўднёва-Заходняя Расія»), а цалкам «заходнія губерні» трактаваліся і разумеліся як «Заходняя Русь» (ці «Заходняя Расія», «Заходне-рускі край», «заходне-рускія губерні»). У расійскай імперскай ідэалогіі і афіцыйнай навуцы тэрмін «Паўночна-Заходняя Русь» таксама меў сваім адэкватам тэрмін «Белая Русь» (ці «Беларусія і Літва»), «Паўднёва-Заходняя Русь» — «Заходняя Маларосія». Цалкам Украіна («Малая Русь» ці «Маларосія») называлася як «Паўднёвая Русь» ці «Паўднёвая Расія»[15][16]. Самі «беларусы» і «маларусы» разглядаліся не як самастойныя народы, а разам з «вялікарусамі» як тры галіны адзінага «рускага народа», які павінен быць выключна праваслаўным па веры.
Напачатку ў публіцыстыцы заходнерусістаў Паўночна-Заходні край называўся тэрмінам не «Паўночна-Заходняя Русь», а проста — «Заходняя Русь», па аналогіі, як Паўночна-Заходні край яшчэ пэўны час працягваў размоўна называцца як «Заходні край»[17]. Адсюль і ўтварылася вызначэнне кірунку ідэалогіі — «заходнерусізм». (А Паўднёва-Заходні край напачатку ў тэрміналогіі заходнерусістаў так і называўся як «Паўднёва-Заходняя Русь»).
Карэнныя дваране (шляхта) шасці губерняў Паўночна-Заходняга краю, якія былі прамымі нашчадкамі шляхты Вялікага Княства Літоўскага і пераемнікамі яе культуры і звычаяў, ужывалі ў сваім коле на працягу XIX — пачатку XX ст. адносна гэтых губерняў тэрміны «былое Вялікае Княства Літоўскае», «землі былога Вялікага Княства Літоўскага», «Літва»[18], а ў афіцыйных зваротах у адміністрацыйныя ўстановы (услед за расійскімі ўрадавымі чыноўнікамі) тэрміны «Тутэйшы Край» (па-руску — «Здешний Край») альбо проста «Край»[19]. Прычынай гэтага было тое, што знешнія межы Вялікага Княства Літоўскага па стану да першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) амаль супадалі са знешнімі межамі шасці губерняў Паўночна-Заходняга края, таму гэты «край» поўнасцю асацыяваўся ў мясцовай шляхты (якая называла сябе і як «літоўцы» (па-польску «літвіны»)[20][21], і як «палякі»[22]) са сваёй былой дзяржавай. Да таго ж рускае слова «край» («вобласць») у польскай мове мае і значэнне «краіна» («Kraj»).
У асяроддзі мясцовай шляхты таксама ўзнік і тэрмін «захоплены край» (па-польску «kraj zabrany»), які меў сентыментальную і высокаэмацыянальную афарбоўку незадаволенасці існуючым становішчам — адсутнасці ўласнай дзяржаўнасці. У цэлым жа да «заходніх губерняў» у асяроддзі мясцовых дваран, якія марылі аднаўлення федэратыўнай Рэчы Паспалітай, выкарыстоўвася польскамоўны тэрмін «ziemie zabrane» («захопленыя землі»)[23], бо расійская ўлада цвёрда лічыла іх «заходне-рускімі» і не жадала ні ў якім разе ўключаць («аддаваць») у склад супольнай аўтаноміі з польскімі землямі (Царствам Польскім), што нейкім чынам нагадвала б вобраз былой Рэчы Паспалітай. Да «захопленых зямель» адносілася таксама і Курляндыя — Курляндская губерня Расійскай імперыі. У Царстве Польскім, нягледзячы на падабенства ўнутрыпалітычнай сітуацыі (апазіцыйнасць мясцовай эліты) з «заходнімі губернямі», задачы масавай русіфікацыі і насаджэння праваслаўя да паўстання 1863—1864 гадоў не ставіліся, а землі прызнаваліся этнічна польскімі[24].
У сучаснай беларускай і іншых гістарыяграфіях тэрмін «Паўночна-Заходні край» часам мае сваім адпаведнікам тэрмін «літоўска-беларускія землі Расійскай імперыі» (альбо «беларуска-літоўскія землі Расійскай імперыі», «беларуска-літоўскія губерні Расійскай імперыі», «літоўска-беларускія губерні Расійскай імперыі», «літоўска-беларускі край Расійскай імперыі» і г.д.) і суадносіцца з тэрыторыяй сучаснай Літвы (Рэспублікі Літва) і Беларусі (Рэспублікі Беларусь), хоць тэрыторыя Паўночна-Заходняга края была шырэйшаю, чым сучасная супольная тэрыторыя гэтых дзвюх дзяржаў.
Тэрмін «Паўночна-Заходні край» узнік у 1840-ыя гг. у асяроддзі расійскай імперскай бюракратыі і прастола не проста ў геаграфічным значэнні (для абазначэння паўночна-заходняй ускраіны Расійскай імперыі), але і набыў выразную ідэалагічную афарбоўку. У афіцыйнай ідэалогіі пасля скасавання ўніяцтва (1839) у Расійскай імперыі ён стаў аналагам тэрміна «Паўночна-Заходняя Расія» («Паўночна-Заходняя Русь») для абазначэння зямель («края»), якія да другога падзела Рэчы Паспалітай (1793) уваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Аднак тэрмін «Паўночна-Заходні край» стаў асабліва шырока выкарыстоўвацца ў пачатку 1860-х гг. у сувязі з узнаўленнем напярэдадні і пасля паўстання 1863—1864 гадоў ідэалагічнай барацьбы з мясцовым каталіцкім дваранствам за права на землі былога Вялікага Княства Літоўскага і працягам легітымацыі ў грамадскай думцы еўрапейскай супольнасці гэтых зямель як «спрадвечна рускіх». Па сутнасці ж прыняцце расійскай уладай у 1860-ыя гг. для шасці губерняў Расійскай імперыі (Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў) супольнага тэрміна «Паўночна-Заходні край», наадварот, было фактычна прызнаннем, што гэтая тэрыторыя з’яўляецца землямі былога Вялікага Княства Літоўскага, не зніклага са свядомасці салідарызаванага карэннага дваранства, якое было спадкаемцам яго гісторыі і традыцый.
Само далучэнне да Расійскай імперыі зямель Рэчы Паспалітай, атрыманых у выніку трох падзелаў (1772, 1793, 1795), праходзіла пад лозунгамі расійскай імперскай ідэалогіі аб адзінстве ў траічнасці «усіх Расій» (Вялікай, Белай і Малай Расіі) і заяўлася як легітымны працэс «збірання рускіх зямель». Адразу пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 (а затым і другога ў 1793) расійская расійская імператрыца Кацярына II аб’явіла захопы тэрыторый як справядлівы працэс вяртання («Отторженная возвратихъ» ) пад уладу расійскага прастола і ва ўлонне праваслаўнай царквы «спрадвечна рускія землі» Кіеўскай Русі (т.зв. «Заходнюю Русь» альбо «заходне-рускія землі»), нібыта гістарычна адарваныя ў свой час (XIII—XV стст.) пад прымусовую ўладу літоўцаў і палякаў, якія змянілі «рускае аблічча» гэтых зямель, насадзіўшы там «польскую шляхецкую культуру», польскую мову, уніяцтва і каталіцызм[25].
Так, у 1795 г. Кацярына II афіцыйна заяўляла, што ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай не захапіла «ніводнага кавалка польскай зямлі» і мае поўнае права на «Літву», бо яшчэ кіеўскім князем Уладзімірам Полацк быў аддадзены свайму старшаму сыну Ізяславу, а апошні аддаў Літву свайму сыну Святаславу[26], які не меў патомства. Імператрыца таксама ўказвала, што «ва ўсёй Літве» у XVII ст. усе справы ў судах вяліся на «рускай мове», што гады азначаліся ад стварэння свету па грэчаскаму вылічэнню і што цэрквы будаваліся алтарамі на ўсход, а «паўднёва-заходнюю Русь» самі палякі называлі Чырвонай Руссю[27][28]. Кацярына II лічыла, што парушаць усе прывілеі далучаных зямель адразу непрыстойна і памылкова, аднак і не след называць іх чужаземнымі і абыходзіцца з імі такім чынам: «Іх трэба найлягчэйшым спосабам прывесці да таго, каб яны абруселі»[29].
У цараванне расійскіх імператараў Паўла I, Аляксандра I і Мікалая I прапаганда тэорыі аб адзінстве «трох Расій» (Вялікай, Белай і Малай Расіі), адзінстве «рускага народа» у трох галінах (вялікарусаў, беларусаў і маларусаў) і «рускасці» края стала менш актыўнай. Расійская ўлада пры Паўле I і Аляксандры I маўкліва прызнавала этнічную, канфесійную і культурную своеасаблівасць сваіх заходніх ускраін і наяўнасць шматлікай, апазіцыйна настроенай мясцовай «польскай шляхты» (эліта якой была адукаванай і заможнай праслойкай са сваімі інтарэсамі), а ў бюрактарычнай тэрміналогіі ўрада «заходнія губерні» часам называліся нават як «нашы польскія губерні» (у супастаўленні з землямі Царства Польскага)[30]. Пры Паўле I і Аляксандры I, якія давалі абяцанні і захоўвалі надзеі ў мясцовага дваранства на адраджэнне Рэчы Паспалітай на чале з расійскім манархам, у афіцыйнай бюракратычнай тэрміналогіі пачаў выкарыстоўвацца замест фразы «губерні, вернутыя ад Польшчы» выраз «губерні, далучаныя ад Польшчы», які адносіўся да губерняў, атрыманых Расійскай імперыяй у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай[31]. Часам тэрмін «губерні, далучаныя ад Польшчы» не распаўсюджваўся на «беларускія губерні» (Віцебскую і Магілёўскую губерні), якія былі атрыманы ў ходзе першага падзела (1772) і заўжды лічыліся расійскімі ўладамі за «рускія» землі. Гэтым падкрэслівалася афіцыйнае (і прапагандысцкае) стаўленне ўлады да гэтых частак імперыі[32].
Пры Мікалаі I ужо ў ходзе паўстання 1830—1831 гадоў тэрмін «губерні, вернутыя ад Польшчы» пачаў зноў выкарыстоўвацца ўрадам у адносінах да ўсіх «заходніх губерняў»[33], а пасля пачалося ўзмоцненае наступленне на каталіцызм і польскую мову ў «заходніх губернях». Аднак толькі скасаванне ўніяцтва ў 1839 г. актывізавала ідэалагічныя захады ўлад па падмацаванні легітымнасці валодання «заходнімі ўскраінамі» і пацягнула за сабой правядзенне новых уніфікацыйных мерапрыемстваў. Заходнія губерні («Заходні край») у афіцыйнай ідэалогіі былі аб’яўлены «Заходняй Руссю» («Заходняй Расіяй»), «вернутымі ад Польшчы старажытнымі абласцямі»[34]. Калі да таго заходнія губерні разглядаліся толькі як дынастычная (з часоў Кіеўскай Русі) спадчына расійскіх імператараў, то перавод уніятаў у праваслаўе («рускую веру») успрымаўся як духоўнае і этнічнае «вяртанне» насельніцтва «спрадвечна рускіх зямель»[35], бо ў тыя часы ў Расійскай імперыі галоўнай этнавызначальнай прыкметай лічылася веравызнанне[36]. У вядомай просьбе ўніяцкага святарства ад 12 лютага 1839 г. да расійскага імператара Мікалая I падчас Полацкага царкоўнага сабора адзначалася: «З адарваннем ад Русі, у смутныя часы, заходніх яе абласцей Літвою, і наступным пасля далучэннем іх да Польшчы, Рускі праваслаўны народ падвергнуўся ад іх цяжкаму выпрабаванню»[37]. Афіцыйны рускі гісторык Мікалай Устралаў (1805—1870), які зблізіўся з міністрам народнай асветы Сяргеем Уваравым і супольна з ім распрацаваў «тэорыю афіцыйнай народнасці», пачаў з падачы ўлад прапагандаваць у навуцы, публіцыстыцы і афіцыйных падручніках па гісторыі ідэі аб «спрадвечна рускім» паходжанні сялянскага насельніцтва заходніх губерняў. Устралаў прыдумаў у 1839 г. схему рускай гісторыі, паводле якой Вялікае Княства Літоўскае («Літоўскае княства») было, па сутнасці, «рускай» дзяржавай, «Заходняй Руссю», якая была ўз’яднана з «Усходняй Руссю» (Маскоўскай дзяржавай) у адно цэлае — Расійскую імперыю, «і з той пары літоўская гісторыя павінна змоўкнуць»[38].
Сярод самых значных уніфікацыйных мерапрыемстваў было выданне ўказа Мікалая І ад 25 чэрвеня 1840 г. «Аб распаўсюджанні сілы і дзеяння Расійскіх грамадзянскіх законаў, на ўсе Заходнія, вернутыя ад Польшчы, вобласці», якім канчаткова скасоўвалася дзеянне тых асобных артыкулаў трэцяга Статута ВКЛ, што яшчэ ўжываліся ў Расійскай імперыі ў Валынскай, Падольскай, Кіеўскай, Літоўска-Віленскай, Літоўска-Гродзенскай і Мінскай губернях і Беластоцкай вобласці, і ўводзіў дзеянне там толькі агульнарасійскіх законаў[39]. Ва ўказе ўтрымліваліся такія радкі: «… у некаторых заходніх, вернутых ад Польшчы абласцях, мы прызналі за дабро распаўсюдзіць цалкам сілу і дзеянне Расійскіх законаў на гэтыя спрадвеку рускія па паходжанні, норавах і звычаях іх жыхароў вобласці»[40]. Жадаючы паказаць «рускі», а не «літоўскі» ці «польскі» характар заходніх губерняў, расійскімі ўладамі Віленскае ваеннае генерал-губернатарства пачало з 1840-х гг. паралельна называцца як «Паўночна-Заходні край» (ці «Заходні край»), а Кіеўскае ваеннае генерал-губернатарства як «Паўднёва-Заходні край»[41]. Магілёўская і Віцебская губерні, якія ўваходзілі ў склад Віцебскага генерал-губернатарства, называліся «беларускімі» і іх «рускасць» не ставілася пад сумненне, хоць яны таксама адносіліся да «заходніх губерняў».
Пасля скасавання ўніяцтва цэнтральная і мясцовая генерал-губернатарская ўлада надавала пільную ўвагу русіфікацыі, галоўным чынам праз насаджэнне праваслаўя (з яго царкоўнаславянскай мовай набажэнстваў), аднак усё ж стрымана глядзела на «адзінавернасць», «рускасць», «аднапляменнасць» (тэорыю адзінства «рускага народа» у трох галінах) сялянскага насельніцтва заходніх губерняў[42]. Нягледзячы на тое, што ўніяты заходніх губерняў былі пераведзены ў праваслаўе, у краі была значная доля католікаў — з асабліва высокім працэнтам у Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях. Мясцовая шляхта, нават тая, якая памятала, што яе продкі былі праваслаўнымі і называлі сябе два стагоддзі назад «рускімі» (па-польску — «русінамі»)[43], упарта супраціўлялася спробам асіміляцыі і была гатова цярпець усялякія нягоды, але захоўваць каталіцызм[44]. Распаўсюджанне афіцыйнай ідэалогіі і масавае насаджэнне рускай мовы ў краі сярод мясцовых сялян у тыя часы было немагчымым з-за адсутнасці шырокай сеткі школ і дастатковага штату настаўнікаў, а галоўнае — прыгоннага становішча сялян, што захоўвала іх непісьменнасць і стрымлівала ў маёнтках і межах царкоўных прыходаў.
Менавіта ў час царавання расійскага імператара (1855—1881) Аляксандра II прапаганда тэорыі адзінства «рускага народа» у трох галінах актывізалася, атрымала новае развіццё, стала адной з прычын нараджэння «заходнерусізму», а тэрміны «Паўночна-Заходні край» і «Паўднёва-Заходні край» пачалі пастаянна і шырока выкарыстоўвацца[45].
Пасля паражэння Расійскай імперыі ў Крымскай вайне (1853—1856) сярод дваран Царства Польскага і заходніх губерняў адрадзіліся надзеі на стварэнне нейкай асобнай аўтаноміі (якая б ахоплівала тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай да першага падзелу ў 1772 г.), аднаўленне дзейнасці ўніверсітэтаў (у Варшаве і Вільні), асобнае заканадаўства і інш. У час свайго візіту ў Варшаву ў маі 1856 г. новы імператар Аляксандр II адмовіў дваранам у іх жаданнях. Найбольш уражлівай стала фраза цара па-французску «Pas de rêveries» (г.зн. «Ніякіх мрояў»). Гэта стала пачаткам радыкалізацыі настрояў дваран і мяшчан Царства Польскага і «заходніх губерняў», а таксама штуршком да стварэння планаў вызвалення ад расійскага панавання шляхам узброенага паўстання. У адрозненне ад паўстання 1830—1831 гадоў, дзе асноўнай сілай паўстанцаў была рэгулярная армія Царства Польскага і шляхецкія канфедэрацыі «заходніх губерняў», новае паўстанне па адраджэнні Рэчы Паспалітай у яе былых межах было вырашана ўзняць з шырокім прыцягненнем мяшчанскага і сялянскага насельніцтва. Разгарнулася ідэалагічная барацьба ў першую чаргу за прыхільнасць шматлікага сялянскага насельніцтва «заходніх губерняў», як з боку лідараў будучага паўстання, так і царскага ўрада[46].
Зрабіўшы для дваран некаторыя другасныя саступкі (зняцце 29 сакавіка 1855 г. ваеннага становішча, уведзенага 21 лютага 1855 г. у Царстве Польскім, Курляндскай, Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай, Валынскай і Падольскай губернях у сувязі з Крымскай вайной; амністыя для ўдзельнікаў паўстання 1830—1831 гадоў; дазвол выкладання польскай мовы ў Віленскай навучальнай акрузе і г.д.), імператар Аляксандр II адначасова працягваў русіфікацыю «заходніх губерняў» і ўводзіў новыя абмежаванні[47]. А самае галоўнае — урад рыхтаваў сялянскую рэформу (1861) у імперыі, умовы правядзення якой у «заходніх губернях» неслі ў сабе выразныя русіфікатарскія мэты[48]. Не толькі русіфікацыя школы і аправаслаўленне, але і ўбіванне кліна паміж мясцовымі дваранамі і сялянамі на маёмаснай глебе ўрад палічыў за лепшы сродак «дэпаланізацыі» губерняў[49].
Незадаволенне мясцовых дваран і іх актыўная падтрымка хваляванняў у Варшаве вымусілі ўжо ў жніўні 1861 г. увесці ў Віленскім ваенным генерал-губернатарстве ваеннае становішча. Вылучаныя лідары дваран літоўска-беларускіх губерняў граф Віктар Старжынскі і Аляксандр Лапа спрабавалі знайсці кампраміс і прапаноўвалі ўраду ўвесці аўтаномію ў сферы культуры, адукацыі і самакіраванні[50][51]. Яны хадайнічалі аб дазволе развіцця свайго края ад імя «усяго народа», тым адмаўляючы афіцыйны «дагмат» аб рускасці сваіх сялян. У сваіх праектах карэнныя дваране рабілі акцэнт і на развіцці пачатковай адукацыі сялян (просячы перадаць іх асвету ў свае рукі) і пачалі адкрываць школы (на польскай і беларускай мовах) пры маёнтках, бо ўрад пасля скасавання прыгону актыўна абмяркоўваў у 1861—1862 гг. і праект адукацыйнай рэформы ў імперыі[52].
Сепаратысцкія настроі і актыўнасць дваран у барацьбе за прыхільнасць сялян прывялі да прымянення ўрадам супрацьмер. Традыцыйнае расійскае ўрадавае і грамадскае стаўленне да рускасці грунтавался на тым, што да рускага народа адносіліся толькі асобы праваслаўнага спавядання, выхаваныя ў праваслаўным асяроддзі (у сям’і праваслаўных бацькоў)[53]. У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях (не кажучы пра Ковенскую) яшчэ быў значным працэнт сялян-каталікоў, а землі (акрамя «Жамойці» — Ковенскай губерні) называліся «Літвой», а самі жыхары — «літоўцамі» («літвінамі»), да якіх маянткоўцы і святары адносілі і мясцовых сялян[54].
У гэтай сітуацыі для доказаў рускасці «літоўскіх губерняў» адміністрацыяй віленскага ваеннага генерал-губернатара Уладзіміра Назімава быў выкарыстаны вельмі неардынарны для кіравання ўскраінамі імперыі лінгвістычны падыход, паводле якога галоўная роля ў вызначэнні рускасці асобы адводзілася мове[35][56]. У пачатку 1860-х гг. расійскі ўрад таксама стаў фінансаваць ідэолагаў «заходнерусізму» (Міхаіл Каяловіч, Ксенафонт Гаворскі і інш.), якім была пастаўлена задача акцэнтоўваць «адзінапляменнасць» і «адзінавернасць» славянамоўнага сялянскага насельніцтва «заходне-рускага края» і абгрунтоўваць, што Беларусь як «Заходняя Расія» з’яўляецца непадзельнай часткай «адзінай Расіі», а «беларусы» — арганічнай часткай «адзінага рускага народа», якой не трэба самастойнае культурнае і палітычнае развіццё без астатняй Расіі[57]. Так, Міхаіл Каяловіч у 1863 г. заявіў у часопісе славянафіла Івана Аксакава «День», што Беларусія — гэта «усё тое племя, якое мовіць беларускай гаворкай», і апісаў арэал рассялення беларусаў, ахопліваючым Віцебскую губерню, частку Магілёўскай і Мінскай, большую частку Гродзенскай і Віленскай і малую частку Ковенскай губерняў[58].
У сувязі з узрослай апазіцыйнасцю карэнных дваран («палякаў») адміністрацыя Віленскага ваеннага генерал-губернатарства разглядала мясцовых сялян (у першую чаргу — праваслаўных) у якасці галоўнай апоры ўрада і імперыі на яе «заходніх» ускраінах, а таксама ставіла задачу велікарускай землеўласніцкай каланізацыі края, у якой удзельнічалі б прадстаўнікі не толькі дваран, але і іншых саслоўяў[59]. Менавіта з 1863 г. шэсць літоўска-беларускіх губерняў губерняў, упершыню аб’яднаных разам пад уладай аднаго генерал-губернатара — віленскага, у афіцыйных дакументах Расійскай імперыі пачынаюць пастаянна афіцыйна называцца як «Паўночна-Заходні край» («паўночна-заходнія губерні»), выразна набыўшы ідэалагічную афарбоўку і значэнне «Паўночна-Заходняй Расіі» («Паўночна-Заходняй Русі»)[60].
З гэтай мэтай уладамі рабіліся маштабныя захады, каб распаўсюдзіць назву «беларусы» на ўсё славянамоўнае сялянскае насельніцтва края. Яшчэ ў канцы 1850 — пачатку 1860-х гг. з друку выйшаў шэраг (часам супярэчных адзін аднаму) афіцыйных этнаграфічных і статыстычных даследаванняў (М. Лябёдкіна, А. Коравы, П. Баброўскага, Д. Афанасьева і інш.), дзе большая частка славянамоўнага насельніцтва Гродзенскай і Віленскай губерняў называлася не «літоўцамі» («літвінамі») ці «палякамі», а «беларусамі», «чарнарусамі» і нават «крывічамі» (у апошнім выпадку расійскія навукоўцы спрабавалі вярнуць насельніцтву назву племені з часоў Кіеўскай Русі)[61][62][63][64].
У пачатку 1860-х гг. мясцовыя расійскія ўлады, асабліва папячыцель Віленскай навучальнай акругі А. Шырынскі-Шыхматаў, спрабавалі выкарыстоўваць «беларускую гаворку» («белорусское наречие») з друкам толькі на кірыліцы («русскими буквами») у ідэалагічным спаборніцтве з карэннымі (каталіцкімі і польскамоўнымі) дваранамі, якія разгарнулі друк на літоўскай («жмудзінскай») і беларускай гаворках для сялян лацініцай[65][66]. А ў 1863 г. з ухвалы адміністрацыі Віленскага ваеннага генерал-губернатарства ў прапагандысцкіх мэтах для распаўсюджвання сярод сялян Віленскай і Гродзенскай губерняў назвы «беларусы» (якія аб’яўляліся часткай «рускага народа») кіраўніцтвам Віленскай навучальнай акругі была выдадзена ў Вільні ў друкарні А. Сыркіна кніга ананімнага аўтара (аўтараў) пад назвай «Рассказы на белорусском наречии» (1863). У якасці чытання для народных школ кнігу было загадана выкарыстоўваць з 1863 г. ва ўсёй Віленскай навучальнай акрузе[67].
Аднак з пачаткам паўстання 1863—1864 гадоў расійскія ўлады адмовіліся ад «эксперыментаў» у вызначэнні рускасці насельніцтва толькі праз лінгвістычны (і этнанімічны) падыход, які не дапамог прадухіліць сепаратысцкія настроі і паўстанчыя дзеянні[35]. Пасля прызначэння папячыцелем Віленскай навучальнай акругі Івана Карнілава яны згарнулі падтрымку друку на беларускай мове, палічыўшы, што без аправаслаўлення насельніцтва русіфікацыя не з’яўляецца дастатковай, і працягвалі перавод католікаў у праваслаўе[35][68]. Разам з заявамі, што беларусы — частка рускага народа, афіцыйныя ўлады і навука дадавалі, што беларуская мова і культура з’яўляюцца другараднымі і малазначнымі, а выкладанне ў школах пачалося толькі на рускай мове[69][70].
Віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў, угадваючы настроі цэнтральнай улады, сцвярджаў у сваёй запісцы расійскаму імператару Аляксандру II, што ў заходніх губернях «праваслаўе злучана з паняццем аб рускай народнасці, у той жа час, наадварот, паляк і католік складаюць адно»[71]. Адразу пасля паўстання 1863—1864 гадоў урадам былі выдадзены тэндэнцыйныя этнаграфічныя атласы Аляксандра Рыціха («Атлас населения Западно-Русского края по исповеданиям», Санкт-Пецярбург, 1864 г.) і Родрыга Эркерта («Взгляд на историю и этнографию западных губерний России», Санкт-Пецярбург, 1864 г.), якія паказвалі этнічную структуру насельніцтва «заходніх губерняў» («заходне-рускага края») Расійскай імперыі, дзе для доказаў рускасці зямель праваслаўныя жыхары (галоўным чынам — мясцовыя славянамоўныя сяляне) у «Заходнім краі» лічыліся за «рускіх», колькасць якіх была наўмысна павялічана, а дваране-каталікі — «палякамі»[72][73].
Акрамя таго, у Вільні ў 1864 г. была створана Віленская археаграфічная камісія, а ў Кіеве — цэнтры Паўднёва-Заходняга краю — працягвала працаваць (з 1843 г.) Кіеўская археаграфічная камісія, якім была пастаўлена задача адшукаць і прывесці ўсе «доказы» (у тым ліку — для іншаземнага чытача), што ўсё насельніцтва Паўночна-Заходняга і Паўднёва-Заходняга краёў было і з’яўляецца «рускім» на падставе перш за ўсё праваслаўнага веравызнання[74]. Гэтыя і іншыя мерапрыемствы ўлад павінны былі служыць практычным пацверджаннем рашэння Заходняга камітэта ў 1864 г. аб тым, што «Паўночна-Заходні край з’яўляецца рускім, складаючым старажытную спадчыну Расіі». Пасля задушэння паўстання 1863—1864 гадоў расійская ўлада і афіцыйная навука ўсё часцей сталі называць карэнных (каталіцкіх і польскамоўных) дваран у краі «палякамі», а тэрмін «літоўцы» («літвіны») ужываць у дачыненні да балтамоўнага насельніцтва Ковенскай і Віленскай губерняў[75][76].
Расійская ўлада імкнулася да ўніфікацыі кіравання і гамагенізацыі насельніцтва. Указаныя канцэпцыі (канфесійная і моўная) адмаўлялі этнасу ў праве быць негамагенным у этнанімічных, моўных, культурных і нават канфесійных адносінах, не прымалі варыятыўнасці. У мэтах апраўдання валодання тэрыторыямі выкарыстоўваліся любыя выгадныя факты і акцэнтаваліся другарадныя характарыстыкі. Канфесійны і моўны крытэрыі (прынцыпы), пакладзеныя ў складанне расійскай этнічнай статыстыкі, карт і ідэалогіі, ігнаравалі і не ўлічвалі наяўнасць структуры нефармальных сувязей сярод насельніцтва[77].
Акрамя таго, сама непаслядоўнасць у вызначэнні крытэрыяў «рускасці» і тапанімічным найменні губерняў былі абумоўлены тым, што расійская ўлада імкнулася не толькі да «абрусення края», «зліцця з Расіяй», але таксама думала аб адміністрацыйным кантролі і спакоі ў паўночна-заходніх (і паўднёва-заходніх) губернях[71][78]. Многім высокім чыноўнікам расійскага ўрада хуткая русіфікацыя і аправаслаўленне края здаваліся цяжкімі ці немагчымымі з-за супраціўлення русіфікацыі сярод мясцовага насельніцтва і адсутнасці ў краі значнага працэнта чыноўнікаў, вайскоўцаў, святароў, настаўнікаў і маянткоўцаў з ліку рускіх (вялікарусаў) — і яны думалі больш аб прадухіленні перадумоў новага паўстання. Таму практычныя мерапрыемствы па ўстанаўленні кантроля над краем не заўсёды адпавядалі заяўленай ідэалогіі «рускасці» края і «адзінства рускага народа» у трох галінах, а асіміляцыя пасля 1864 г. была непаслядоўнай — толькі культурнай асіміляцыяй, якая мела знешні, павярхоўны характар: распаўсюджваліся руская (велікаруская) мова і праваслаўе[71].
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на «новадалучаных» тэрыторыях была ўсталявана ў першую чаргу ўлада генерал-губернатараў[80]. У Расійскай імперыі стратэгіяй утрымання заваяваных тэрыторый былі асіміляцыя (русіфікацыя) карэннага насельніцтва і ўніфікацыя кіравання (распаўсюджанне агульнаімперскіх законаў і ўстаноў). Адсюль галоўнай задачай генерал-губернатараў на заваяваных ускраінах было спрыянне найскарэйшай падрыхтоўцы насельніцтва ўскраіны (праз паступовую ліквідацыю ранейшых юрыдычных норм, парадкаў і звычаяў) да ўспрыняцця агульных правіл кіравання — поўнай інкарпарацыі ў склад імперыі на аснове губернскай сістэмы кіравання (без прамежкавага — генерал-губернатарскага ўзроўню), ператварэння захопленых зямель у звычайныя расійскія губерні[81]. Адметнымі рысамі інстытута генерал-губернатарства былі яго надзвычайны і палітычны характар, які перавышаў значэнне іншых устанаўленняў, а таксама ваенны кампанент яго дзейнасці і статус у палітычнай іерархіі Расійскай імперыі[82].
Расійская ўлада разумела, што працэс уніфікацыі кіравання, русіфікацыі і аправаслаўлення зямель былой Рэчы Паспалітай, дзе было шмат уніятаў, каталікоў, іудзеяў, дзе мясцовая эліта (шляхта) карысталася ў царкоўнай, адукацыйнай і адміністрацыйнай сферах польскай мовай і дзе былі выразна адметныя культура і звычаі ўсяго мясцовага насельніцтва, зойме працяглы час. Рэжым законаў на тэрыторыі Паўночна-Заходняга і Паўднёва-Заходняга краёў на працягу XIX ст. пэўнымі крокамі змяняўся ад своеасаблівага ў параўнанні з многімі іншымі губернямі Расійскай імперыі, калі спачатку былі захаваны некаторыя старыя юрыдычныя нормы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай (галоўным чынам, судовага і эканамічнага характару), усё больш як да агульнарасійскага ўзору, так і абмежавальнага і дыскрымінацыйнага характару да мясцовых жыхароў (асабліва пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў), што зноў рабіла адметнымі ў Расійскай імперыі гэтыя былыя землі Рэчы Паспалітай.
Так, былі ўведзены выключныя законы, галоўным чынам, рэпрэсіўнага характару ў адносінах да мясцовага дваранства: абмежаванні прыёму «палякаў» на службу ў родных губернях; прымусовая ваенная ці грамадзянская служба мясцовых дваран (абавязак выслугі гадоў у карэнных рускіх губернях); абмежаванні ў выкарыстанні звыклай для мясцовых дваран (за стагоддзі ўжывання) польскай мовы ў мясцовым афіцыйным справаводстве і сістэме адукацыі; русіфікацыя грамадскага жыцця[83]; забароны навучання ў замежных універсітэтах; забарона католікам (пасля 1863 г.) працаваць у адукацыйных установах (школах і гімназіях) заходніх губерняў; абмежаванні ў перамяшчэнні і жыхарстве ў расійскіх губернях і за мяжой імперыі; кантрыбуцыйныя зборы[84]; розныя забароны адносна каталіцкага касцёла і пратэкцыянізм адносна праваслаўнай царквы; прымусовыя пераводы сялян з уніяцтва і каталіцтва ў праваслаўе; увядзенне з 1870-х рускай мовы замест польскай у дадатковае каталіцкае набажэнства ў касцёлах; мэтанакіраванае насаджэнне рускага («вялікарускага») землеўладання; службовыя перавагі і ільготы для набыцця маёнткаў з казённых і канфіскаваных зямель для асоб «рускага паходжання»; забароны ў выкарыстанні «нацыянальнай» вопраткі для «палякаў» (кунтушы, канфедэраткі і г.д.) і яўрэяў; мяжа яўрэйскай аселасці і г.д. Адным з самых дыскрымінацыйных пастанаўленняў быў закон ад 10 снежня 1865 г., накіраванны на памяншэнне працэнта «польскага» землеўладання ў краі: паводле закона «асобам польскага паходжання»[85] забаранялася купляць зямлю (маёнткі) у «заходніх губернях», якую можна было атрымаць і перадаць толькі па спадчыне (хоць часам рабіліся нешматлікія выключэнні, асабліва для лаяльных дваран)[86]. Гэты закон быў скарэктаваны толькі ў 1905 г. у ходзе ліберальна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расіі[87]. Пасля закрыцця ў 1832 г. Віленскага ўніверсітэта і ў 1864 г. Горы-горацкага земляробчага інстытута ў літоўска-беларускіх губернях (паводле «дэпаланізатарскай» палітыкі ўлад) адсутнічалі вышэйшыя навучальныя ўстановы са статусам універсітэта для хрысціян: толькі дзейнічалі (з перапынкамі) дзясяткі рэлігійных вышэйшых навучальных устаноў для іудзеяў (ешыботы ў Валожыне, Міры, Пінску, Брэсце, Слуцку, Гродне, Любавічах, Слабодцы[88], Цельшах і інш.); а ў 1911 г. быў толькі адкрыты філіял Маскоўскага гісторыка-археалагічнага інстытута ў Віцебску.
Працэс змены рэжыму законаў адносна губерняў Паўночна-Заходняга і Паўднёва-Заходняга краёў праходзіў як па прычыне захадаў расійскай улады па русіфікацыі і ўніфікацыі гэтых зямель з цэнтральнымі губернямі імперыі, так і па прычыне вызваленчых паўстанняў пад кіраўніцтвам мясцовай эліты (паўстанне 1830—1831 гадоў і паўстанне 1863—1864 гадоў), што толькі падштурхоўвала імперскую ўладу да прыняцця чарговых «выключных законаў» і іншых мер.
Мадэллю кіравання і палітычным статусам паўночна-заходніх (і паўднёва-заходніх) губерняў у складзе Расійскай імперыі да паўстання 1863—1864 гадоў была «адміністрацыйная аўтаномія» — аўтаномія з вярхоўнай расійскай уладай (на генерал-губернатарскім і губернатарскім узроўнях) і змешанай адміністрацыяй (з рускіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва) на сярэднім і ніжнім узроўнях[89]. Прадстаўнікі мясцовага дваранства ніколі не прызначаліся на пасады мясцовых генерал-губернатараў (ваенных губернатараў), зрэдку прызначаліся на пасады губернатараў і віцэ-губернатараў (галоўным чынам, у перыяд ад заканчэння Венскага кангрэсу (1815) да паўстання 1830—1831 гадоў)[90]. Карэнныя дваране толькі абсалютна пераважалі на пасадах губернскіх і павятовых маршалкаў, бо гэтыя пасады былі выбарнымі, хоць канчатковае зацвярджэнне на пасадзе выбранага дваранамі маршалка (і іншых выбраных на пасады дваранскага самакіравання асоб) таксама залежала ад расійскай улады. Пасля паўстання 1830—1831 гадоў адміністрацыйная аўтаномія была звужана, бо пасада земскага спраўніка (начальніка павятовай паліцыі) пачала замяшчацца не паводле выбару дваран, як гэта гарантавалася «Дараванай граматай дваранству» (1785), а паводле прызначэння расійскай улады[91].
Мадэллю кіравання і палітычным статусам паўночна-заходніх (і паўднёва-заходніх) губерняў у складзе Расійскай імперыі пасля паўстання 1863—1864 гадоў была не палітычная ці адміністрацыйная аўтаномія (альбо губерні агульнарасійскага тыпу), а калонія[92]. Дваранскія выбары былі адменены і на пасады дваранскага самакіравання (губернскі маршалак, павятовы маршалак, павятовы суддзя, дэпутат дваранства і інш.) пачалі прызначацца асобы паводле рашэння расійскага ўрада (з 1870-х гг. — у абсалютнай большасці з асоб некарэннага дваранства), што было чарговым парушэннем «Даравальнай граматы дваранству» (1785). З-за ўзнятага паўстання і недаверу да мясцовага дваранства ў заходніх губернях не былі ўведзены земствы — новыя важныя ўстановы мясцовага самакіравання, створаныя ў 1864 г. у Расійскай імперыі ў ходзе ліберальных рэформ 1860-х гг., што тармазіла эканамічнае і культурнае развіццё, а таксама развіццё сістэмы аховы здароўя літоўска-беларускіх зямель[93][94]. Прагрэсіўная судовая рэформа, якая ў імперыі ў 1864 г. стварыла ўсесаслоўныя суды, у заходніх губернях пачалася толькі ў 1872 г. з увядзення міравых судоў і з прынцыповымі абмежаваннямі: міравыя суддзі не выбіраліся (з прычыны адсутнасці земстваў), а прызначаліся міністрам юстыцыі і цалкам залежалі ад яго. Акруговыя суды былі ўведзены толькі ў 1883 г., прычым улады пакінулі за сабой права фарміраваць склад прысяжных засядацеляў[95]. Галоўным прынцыпам кіравання станавілася адсутнасць усялякай выбарнасці на месцах. Забарона пасля 1863 г. мясцовай эліце (прадстаўнікам карэннага (галоўным чынам, польскамоўнага і каталіцкага) дваранства) займаць якія-небудзь пасады ў сістэме мясцовага кіравання пераўтварала паўночна-заходнія (і паўднёва-заходнія) губерні ў калонію — ускраіну з дзяржаўнай (агульнаімперскай) адміністрацыяй на ўсіх узроўнях кіравання (генерал-губернатар, губернатар, губернскі маршалак, павятовы маршалак, павятовы спраўнік, земскі начальнік і інш.)[96]. Запланаванага расійскай уладай пераўтварэння захопленых зямель Рэчы Паспалітай у звычайныя расійскія губерні не адбылося[97].
Рэвалюцыя 1905—1907 гадоў у Расійскай імперыі ўвяла парламенцкія інстытуты (Дзяржаўную думу і Дзяржаўны савет), куды карэннае дваранства літоўска-беларускіх губерняў атрымала права абірацца. Аднак завяршэнне рэвалюцыі прывяло да росту ў органах кіравання рускага вялікадзяржаўнага шавінізму, звужэння некаторых ліберальных праў, у тым ліку — прыняцця законаў, якія змяншалі палітычную ролю як Дзяржаўнай Думы, так і Дзяржаўнага савета, і звужалі ў іх прадстаўніцтва дэпутатаў ад каталіцкіх дваран края, чыя роля станавілася мізэрнай[98].
Звычайна тэрмін «Паўночна-Заходні край» з 1840-х гг. (пасля скасавання ў Расійскай імперыі ўніяцтва) суадносіўся з губернямі, што ўваходзілі ў склад Віленскага ваеннага генерал-губернатарства (1832—1864), а пасля Віленскага генерал-губернатарства (1864—1912), якія складаліся з 3-4 губерняў (Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай і Мінскай). У залежнасці ад спіса «даручаных» генерал-губернатару губерняў, Віленскае ваеннае генерал-губернатарства ў 1862—1864 гг. мела афіцыйную поўную назву «Віленскае ваеннае губернатарства, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства», а Віленскае генерал-губернатарства ў 1864—1870 гг. — «Віленскае, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства».
Афіцыйна Віцебская і Магілёўская губерні ў склад Віленскага ваеннага генерал-губернатарства і Віленскага генерал-губернатарства ніколі не ўваходзілі, а былі толькі паводле ўказу Сената ад 30 красавіка 1863 г.[99] па прычыне пачатку паўстання 1863—1864 гадоў пераведзены (гэтак жа як і часовыя ваенныя губернатары ў літоўска-беларускіх землях) пад уладу віленскага ваеннага генерал-губернатара (і былі пад яго кіраўніцтвам да 1869 г.). Ва ўказе адзначалася: «<…> па прычыне пастаянна ўзрастаючых мяцежніцкіх дзеянняў, і з мэтай сканцэнтравання ў асобе Галоўнага Начальніка края неабходных сродкаў для своечасовага прыняцця належных мер да сканчэння падобных беспарадкаў <…> прадаставіць Галоўнаму Начальніку края права часова знімаць з пасад грамадзянскіх губернатараў 6-ці губерняў (Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай) і прызначаць для выканання іх абавязкаў іншых асоб, на сваё меркаванне <…> Незалежна ад таго, што дзве Беларускія губерні[100] і Мінская губерня складаюць, па тых элементах насельніцтва, якія ў іх знаходзяцца, у многіх адносінах як бы асобную ад Літоўскіх губерняў[101] групу, і патрабуюць асобных рашучых распараджэнняў, і ў асаблівасці для аказання садзейнічання да ўтаймавання мяцяжу ў Літве, для чаго спакой і строгі парадак у гэтых губернях павінны быць цалкам неадкладна ўстаноўлены, <…> дазволіць Галоўнаму Начальніку края прызначаць, на сваё меркаванне, <…> у адзначаных губернях да выканання абавязкаў часовых ваенных губернатараў <…>»[99]. З аднаго боку расійская ўлада не хацела злучаць шэсць губерняў разам і не прызнавала падобнасць Магілёўскай і Віцебскай губерняў з іншымі губернямі, створанымі з зямель былога Вялікага Княства Літоўскага, а з другога — па прычыне паўстання вымушана была аб’яднаць іх пад адной адміністрацыяй у час паўстання і пасля яго, чым ускосна прызнавалася наяўнасць адзінства і салідарнасці мясцовага дваранства, якія захаваліся з часоў Вялікага Княства Літоўскага.
Восенню 1863 г. Аўгустоўская губерня, дзе сялянства было ў асноўным балтамоўнае, у ваенна-адміністрацыйных адносінах была таксама пераведзена пад уладу віленскага ваеннага генерал-губернатара, якому даручалася кіраваць ваеннымі і паліцэйскімі дзеяннямі супраць паўстанцаў[102]. Перавод Аўгустоўскай губерні пад уладу віленскага ваеннага генерал-губернатара быў адным з першых крокаў праекта ўрада аб вылучэнні Аўгустоўскай губерні са складу Царства Польскага, бо, паводле думкі віленскага ваеннага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва, у Аўгустоўскай губерні «насельніцтва больш жмудскае[103] і таму па ўсёй справядлівасці належыць не да Польшчы, а да Літоўскага края»[104][105]. Аднак пасля падаўлення ў 1864 г. паўстання імаверны праект перадзелу меж Царства Польскага быў пакінуты ўрадам[106].
У гэтай сітуацыі быў прыдуманы новы бюракратычны тэрмін, які па сутнасці падкрэсліваў нежаданне расійскай улады мець злучанымі гэтыя шэсць губерняў (Віленскую, Ковенскую, Гродзенскую, Мінскую, Віцебскую і Магілёўскую губерні)[107]. Афіцыйная назва новай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай структуры атрымала з 30 красавіка 1863 г. дзіўную для наймення генерал-губернатарстваў Расійскай імперыі форму: «Віленскае ваеннае губернатарства, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства з падпарадкаваннем Віцебскай і Магілёўскай губерняў»[108]. Афіцыйна віленскі ваенны генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў (1796—1866) у 1863—1864 гг. называўся «віленскі ваенны губернатар, ковенскі, гродзенскі і мінскі генерал-губернатар і галоўны начальнік Віцебскай і Магілёўскай губерняў», а з 25 лютага 1864 г. (па прычыне перайменавання генерал-губернатарства) як «віленскі, ковенскі, гродзенскі і мінскі генерал-губернатар і галоўны начальнік Віцебскай і Магілёўскай губерняў»[109]. З 1863 г. віленскі ваенны генерал-губернатар (віленскі генерал-губернатар) у афіцыйным справаводстве пачаў стала паралельна называцца як «галоўны начальнік Паўночна-Заходняга края» (ці скарочана як «галоўны начальнік края»[110]), усе шэсць губерняў якога стала пачалі сукупна менавацца як «паўночна-заходнія губерні» («Паўночна-Заходні край»)[109].
Тым не менш, размоўна і публіцыстычна нават пасля выхаду з-пад улады віленскага генерал-губернатара ў 1869 г. Магілёўская і Віцебская губерні (а пасля і Мінская губерня, якую ў 1870 г. вылучылі са складу Віленскага генерал-губернатарства) таксама называліся «паўночна-заходнімі» да 1917 г.[111], бо ўсё ж расійскай уладзе прыходзілася прызнаваць вялікае падабенства іх ва ўсіх адносінах з астатняй часткай былой тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і наяўнасць разнастайных сувязей паміж жыхарамі шасці губерняў, што і адлюстроўвалася, адпаведна, у спецыфіцы кіравання і рэжыме законаў у гэтых губернях аж да падзення царскай улады ў лютым 1917 г.
Губерні Паўночна-Заходняга края ў розны час уваходзілі ў склад розных генерал-губернатарстваў Расійскай імперыі:
Землі, якія атрымала Расійская імперыя ў 1772 г. у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай, увайшлі паводле ўказа расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ ад 28 мая 1772 г. у склад Пскоўскай (тэрытарыяльна правобраз будучай Полацкай губерні, а пасля Віцебскай) і Магілёўскай губерняў[114]. Цэнтрамі губерняў сталі Апочка і Магілёў. Абедзве губерні былі падпарадкаваны генерал-губернатару Захару Чарнышову, які стаў называцца як «Беларускі генерал-губернатар», а яго падначаленая тэрыторыя як Беларускае генерал-губернатарства (1772—1796)[115]. Сваёй рэзідэнцыяй Чарнышоў выбраў Магілёў.
Выданне «Устанаўлення кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» (1775) прывяло да чарговых адміністрацыйных пераўтварэнняў. Паўстала таксама пытанне аб мэтазгоднасці далейшага аб’яднання ў складзе Пскоўскай губерні далучаных зямель Вялікага Княства Літоўскага разам з велікарускімі землямі, на якія не распаўсюджваліся выключэнні з г.зв. «польскіх праў». Сваім указам ад 24 жніўня 1776 г. Сенат Расійскай імперыі зацвердзіў праект Чарнышова аб стварэнні дзвюх губерняў яго генерал-губернатарства: была створана Магілёўская губерня (з былым тэрытарыяльным складам) і Полацкая губерня (замест Пскоўскай), ад якой аднялі Пскоўскі і Велікалуцкі паветы. У 1778 г. адбылася чарговая адміністрацыйная рэформа: 28 мая 1778 г. Полацкая губерня была пераўтворана ў Полацкае намесніцтва (1778—1796), а 4 чэрвеня 1778 г. Магілёўская губерня — у Магілёўскае намесніцтва (1778—1796).
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Расійская імперыя атрымала значную частку цэнтральнай тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, менавіта з якой і была створана ўказам расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ ад 23 красавіка 1793 г. новая губерня — Мінская губерня з цэнтрам у Мінску. Мінская губерня (як і частка зямель Польскага каралеўства, якую атрымала Расія ў ходзе другога падзела Рэчы Паспалітай) увайшла ў 1793 г. у склад Мінскага, Ізяслаўскага і Брацлаўскага генерал-губернатарства (1793—1795), першы генерал-губернатар якога Міхаіл Крачэтнікаў хутка памёр, а наступны (Цімафей Туталмін) сваёй рэзідэнцыяй зрабіў Нясвіж.
Паводле свайго маніфеста ад 30 кастрычніка 1794 г. расійская імператрыца Кацярына ІІ загадала пасля падаўлення паўстання 1794 года галоўнакамандуючаму расійскімі войскамі Мікалаю Рапніну падзяліць акупаваныя землі Вялікага Княства Літоўскага на тры часткі (у складзе 17 паветаў) — Ковенскую, Віленскую і Гродзенскую, і прызначыла Рапніна літоўскім генерал-губернатарам (ці «генерал-губернатарам Літоўскага княства») з рэзідэнцыяй (Вярхоўным Праўленнем) у Гродне[116][117]. Пасля трэцяга падзела Рэчы Паспалітай 14 снежня 1795 г. захопленыя тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, якія яшчэ з 30 кастрычніка 1794 г. падпарадкоўваліся літоўскаму генерал-губернатару Рапніну, былі падзелены на Слонімскую (тэрытарыяльна правобраз будучай Гродзенскай губерні) і Віленскую губерні і засталіся пад кіраваннем літоўскага генерал-губернатара[118][119]. Цэнтрам Літоўскага генерал-губернатарства станавілася Вільня.
5 ліпеня 1795 г. Мінскае, Ізяслаўскае і Брацлаўскае генерал-губернатарства (у сувязі з трэцім падзелам Рэчы Паспалітай і далучэннем да генерал-губернатарства паўднёва-ўсходніх ваяводстваў Польскага каралеўства) была рэарганізавана і перайменавана ў Мінскае, Валынскае і Брацлаўскае генерал-губернатарства (1795—1796), цэнтрам якога працягваў заставацца Нясвіж. Указ імператрыцы Кацярыны ІІ ад 5 мая 1795 г. загадваў стварыць Мінскае намесніцтва, якое была адкрыта толькі 2 кастрычніка 1795 г.[120]
18 чэрвеня 1796 г. літоўскі генерал-губернатар князь Мікалай Рапнін спланаваў рэарганізацыю падначаленай яму тэрыторыі ў Віленскае і Слонімскае намесніцтвы[121]. Указ імператрыцы Кацярыны ІІ ад 8 жніўня 1796 г. Рапніну загадваў стварыць Віленскае і Слонімскае намесніцтвы, але па прычыне смерці імператрыцы яны не былі створаны[122].
Новы расійскі імператар (1796—1801) Павел I правёў новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел імперыі, накіраваны на ўзбуйненне адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Паводле ўказу ад 12 снежня 1796 г. Віленская і Слонімская губерні аб’ядноўваліся ў адну Літоўскую губерню (1796—1801) з цэнтрам у Вільні — заставалася ў складзе Літоўскага генерал-губернатарства (з адной Літоўскай губерняй); Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы — у Беларускую губерню (1796—1801) з цэнтрам у Віцебску[123]; скасоўвалася Беларускае генерал-губернатарства, а Беларуская губерня перастала ўваходзіць у склад якога-небудзь генерал-губернатарства; Мінскае намесніцтва пераўтворана (перайменавана) у Мінскую губерню; а Мінскае, Валынскае і Брацлаўскае генерал-губернатарства (1795—1796) было рэарганізавана і перайменавана ў Мінскае, Валынскае і Падольскае ваеннае губернатарства (1796—1801), цэнтрам якога стаў Камянец-Падольскі.
Расійскі імператар (1801—1825) Аляксандр I сваім указам ад 9 (21) верасня 1801 г. падзяліў Літоўскую губерню на дзве — Літоўска-Віленскую і Літоўска-Гродзенскую губерні, якія ўвайшлі ў склад Літоўскага ваеннага губернатарства (1801—1830) з цэнтрам у Вільні; Беларускую губерню — на Беларуска-Віцебскую і Беларуска-Магілёўскую губерні, якія ўвайшлі ў склад Беларускага ваеннага губернатарства (1801—1823) з цэнтрам у Віцебску[124]; Мінская губерня разам з Кіеўскай увайшлі ў склад Кіеўскага ваеннага губернатарства (1801—1832) з цэнтрам у Кіеве[125]. У 1808 г. Мінская губерня была вылучана са складу Кіеўскага ваеннага губернатарства і перастала ўваходзіць у склад якога-небудзь генерал-губернатарства (ваеннага губернатарства)[126]. У 1812—1815 гг. існавала Мінскае ваеннае губернатарства, якое складалася толькі з Мінскай губерні.
7 жніўня 1823 г. Беларускае ваеннае губернатарства было рэарганізавана ў генерал-губернатарства з цэнтрам у Віцебску («Віцебскае генерал-губернатарства»), у яго склад на пачатку ўключаюцца чатыры губерні — Беларуска-Віцебская, Беларуска-Магілёўская, Смаленская і Калужская. Афіцыйная назва генерал-губернатарства з цэнтрам у Віцебску залежала ад спіса губерняў, якія ў розныя часы ўваходзілі ў яго склад, а менавіта — Віцебская, Магілёўская, Мінская, Смаленская і Калужская губерні. Так, у 1823—1831 гг. генерал-губернатарства з цэнтрам у Віцебску называлася «Віцебскае, Магілёўскае, Смаленскае і Калужскае генерал-губернатарства». У сувязі з паўстаннем 1830—1831 гадоў, якое пачало ахопліваць і Мінскую губерню, расійскай уладай было вырашана (указам Сената ад 8 студзеня 1831 г.) Калужскую губерню вылучыць са складу Віцебскага генерал-губернатарства, а Мінскую губерню, што яшчэ з 1 снежня 1830 г. знаходзілася на ваенным становішчы, уключыць у яго склад. Генерал-губернатарства пачало афіцыйна называцца як «Віцебскае, Магілёўскае, Смаленскае і Мінскае генерал-губернатарства». Аднак ужо 13 красавіка 1831 г. Мінская губерня была вылучана са складу Віцебскага генерал-губернатарства і перайшла (13 красавіка 1831 — 31 ліпеня 1831) пад уладу Галоўнакамандуючага Рэзервовай арміяй, а пасля (31 ліпеня 1831 — 6 кастрычніка 1831) Галоўнакамандуючага Дзеючай арміяй. Паралельна было створана таксама Мінскае часовае ваеннае губернатарства (31 красавіка 1831 — 22 студзеня 1832) для задушэння паўстання ў Мінскай губерні і далейшага арышту і прыцягнення да следства яго ўдзельнікаў.
У ходзе паўстання 1830—1831 гадоў Літоўскае ваеннае губернатарства было рэарганізавана ў Віленскае часовае ваеннае губернатарства (1830—1832). Паводле царскага ўказу ад 30 кастрычніка 1831 г. Беластоцкая вобласць (1808—1842) перашла пад уладу віленскага часовага ваеннага губернатара. У 1832 г. Віленскае часовае ваеннае губернатарства рэарганізавана ў Віленскае ваеннае генерал-губернатарства (1832—1864), у складзе якога захавалася і Беластоцкая вобласць. А ў 1834 г. у склад Віленскага ваеннага генерал-губернатарства ўвайшла яшчэ і Мінская губерня.
18 ліпеня 1840 г. расійскі імператар Мікалай I загадаў Сенату перайменаваць Літоўска-Віленскую і Літоўска-Гродзенскую губерні ў адпаведна Віленскую і Гродзенскую губерні, а Беларуска-Віцебскую і Беларуска-Магілёўскую губерні — у Віцебскую і Магілёўскую губерні[127]. 18 снежня 1842 г. са складу Віленскай губерні былі вылучаны Ковенскі, Цельшаўскі, Расіенскі, Панявежскі, Вількамірскі і Новааляксандраўскі паветы, з якіх была створана Ковенская губерня (увайшла ў склад Віленскага ваеннага генерал-губернатарства)[128]; а Беластоцкая вобласць (1808—1842) тым жа ўказам уключана ў склад Гродзенскай губерні.
17 лютага 1856 г. Мінская губерня выйшла са складу Віленскага ваеннага генерал-губернатарства, а таго ж дня Віцебскае генерал-губернатарства было ліквідавана. Мінская, Магілёўская і Віцебская губерні перасталі ўваходзіць у склад якога-небудзь генерал-губернатарства імперыі, аднак не сталі звычайнымі расійскімі губернямі, бо ў іх захоўваліся спецыфіка кіравання і рэжым законаў, падобныя да губерняў Віленскага ваеннага генерал-губернатарства.
16 жніўня 1862 г. Мінская губерня зноў увайшла ў склад Віленскага ваеннага генерал-губернатарства, а 30 красавіка 1863 г. па прычыне пачатку паўстання 1863—1864 гадоў пад уладу віленскага ваеннага генерал-губернатара былі таксама пераведзены Магілёўская і Віцебская губерні (гэтак жа як і часовыя ваенныя губернатары ў краі)[99]. Віленскае ваеннае генерал-губернатарства паводле ўказу Сената ад 25 лютага 1864 г. было перайменавана ў Віленскае генерал-губернатарства[129].
27 чэрвеня 1869 г. Магілёўская[130], а 2 лістапада 1869 г. — Віцебская губерня былі выведзены з-пад улады віленскага генерал-губернатара («из ведения Главного Управления Северо-Западным краем»)[131], а 22 снежня 1870 г. Мінская губерня была вылучана са складу Віленскага генерал-губернатарства, якое ў 1870—1912 гг. складалася толькі з трох губерняў — Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай.
1 ліпеня 1912 г. Віленскае генерал-губернатарства, якое з часу ліквідацыі 17 лютага 1856 г. Віцебскага генерал-губернатарства заставалася адзіным (акрамя часовых) генерал-губернатарствам у Паўночна-Заходнім краі, было скасавана[132], а Ковенская, Віленская і Гродзенская губерні перасталі ўваходзіць у склад якога-небудзь генерал-губернатарства. З гэтага часу на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю не існавала ніякіх генерал-губернатарстваў.
У часы паўстанняў ці верагодных ваенных дзеянняў у літоўска-беларускіх губернях расійскай уладай ствараліся часовыя ваенныя губернатарствы (Мінскае часовае ваеннае губернатарства, Віленскае часовае ваеннае губернатарства, Дынабургскае часовае ваеннае губернатарства, Беластоцкае часовае генерал-губернатарства, Бабруйскае ваеннае губернатарства)[133]. Акрамя таго, калі ў 1830—1840-ыя і 1860—1870-ыя гг. у асобных губернях края аб’яўлялася ваеннае становішча, грамадзянскія губернатары атрымлівалі статус ваенных губернатараў. Так, у Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губернях (пасля пачатку рэвалюцыйных хваляванняў у вольным горадзе Кракаве, Вялікім Княстве Пазнаньскім (Каралеўства Прусія) і Галіцыі (Аўстрыйская імперыя), а таксама з-за верагоднасці паўстання ў суседніх польскіх губернях) у 1846—1851 гг. дзейнічала ваеннае становішча, таму ў гэты перыяд ковенскі і гродзенскі губернатары атрымалі статус ваеннага губернатара і тытулаваліся адпаведна як «ваенны губернатар горада Коўна і ковенскі грамадзянскі губернатар» і «ваенны губернатар горада Гродна і гродзенскі грамадзянскі губернатар»[134]. Напярэдадні паўстання 1863—1864 гадоў і ў час яго губернатары Ковенскай, Гродзенскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў атрымлівалі статус ваенных губернатараў[135] і называліся як «ваенны губернатар горада Коўна і ковенскі грамадзянскі губернатар», «ваенны губернатар горада Гродна і гродзенскі грамадзянскі губернатар» і г.д.
У ходзе франка-расійскай вайны 1812 года на акупаванай войскамі французскага імператара Напалеона I тэрыторыі Расійскай імперыі існавала пасада ваеннага генерал-губернатара Літвы, падначаленага французскай уладзе. Пасаду ваеннага генерал-губернатара Літвы (функцыяй якога было куратарства над створаным «Вялікім Княствам Літоўскім» (1812)) займаў генерал граф Дзірк ван Гогендорп, якому падпарадкоўваліся ваенныя губернатары ў дэпартаментах (Віленскім, Гродзенскім, Мінскім і Беластоцкім): віленскі ваенны губернатар генерал Жаміні, гродзенскі ваенны губернатар генерал ле Брун, мінскі ваенны губернатар генерал Бранікоўскі, беластоцкі ваенны губернатар генерал Ферар.
Напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Вялікае Княства Літоўскае мела поўную назву «Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае». Прычым традыцыйна «Жамойцю» называлася Жамойцкае староства (па паўночным-усходзе Княства), «Руссю» — падзвінскія і падняпроўскія ваяводствы і паветы, а ўся астатняя тэрыторыя мела назву «Літва». Тэрмін «Літва» таксама выкарыстоўваўся для кароткага абазначэння ўсяго «Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага». Пад уплывам Расійскай імперыі і праваслаўных актывістаў Рэчы Паспалітай часам для вызначэння падзвінскіх і падняпроўскіх ваяводстваў і паветаў у ВКЛ разам з тэрмінам «Русь» выкарыстоўваўся і тэрмін «Белая Русь»[136]. У Рэчы Паспалітай адносна ж велікарускага насельніцтва Расійскай імперыі выкарыстоўваўся тэрмін «расіяне» (па-польску «rosjanie»), а мовы — «расійская мова» («język rosyjski»), якія працягвалі ўжывацца мясцовым польскамоўным дваранствам і пасля падзелаў Рэчы Паспалітай[137].
Аб’яўленне зямель былога Вялікага Княства Літоўскага «спрадвечна рускімі землямі», «уз’яднанымі» («воссоединёнными») з астатнімі рускімі землямі пад уладай расійскага імператара, ігнаравала тое, што ў складзе Вялікага Княства Літоўскага былі землі, населеныя балтамоўным і змешаным насельніцтвам (Жамойць і Віленскі край), якія ніколі не ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, і тое, што значная частка славянамоўнага шляхецкага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага ў яго заходніх і цэнтральных рэгіёнах не выкарыстоўвала тэрміны «рускія» («русіны», «беларусы») для ўласнага самавызначэння. І спачатку, дзейнічаючы асцярожна і абачліва, расійская імператрыца Кацярына II не падыйшла радыкальна да ўнутраных пераўтварэнняў адносна захопленых тэрыторый і захавала геаграфічную тэрміналогію Вялікага Княства Літоўскага (Жамойць—Літва—Русь(Беларусь)), назваўшы «беларускімі» толькі землі Падняпроўя і Падзвіння Вялікага Княства Літоўскага. Гэта тлумачыцца тым, што, жадаючы замацаваць ліквідацыю Рэчы Паспалітай, імператрыца імкнулася ў першую чаргу цэнтралізаваць кіраванне на далучаных тэрыторыях паводле «Устанаўлення кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» (1775) і вырашыла праводзіць прадваранскую ўнутраную палітыку без татальнай ломкі існуючага парадку, уцягваючы ў сістэму кіравання лаяльную мясцовую каталіцкую шляхту і закрываючы часова вочы нават на абарону «дысідэнтаў» (праваслаўных, уніятаў, пратэстантаў)[138]. Менавіта Кацярына II заснавала ў Расійскай імперыі 3 снежня 1773 г. Магілёўскую каталіцкую епархію і захавала ордэн езуітаў, скасаваны ў 1773 г. паводле папскай булы ў іншых краінах свету (акрамя Парагвая, дзе езуіты не дазволілі абвясціць булу).
Так, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. падзвінскія і падняпроўскія ваяводствы і паветы ВКЛ увайшлі ў склад Пскоўскай (правобраз будучай Полацкай, а пасля і Віцебскай губерні) і Магілёўскай губерні, якія не толькі былі аб’яднаны ў Беларускае генерал-губернатарства (1772—1796), але і пачалі ў расійскай урадавай тэрміналогіі адразу называцца як «беларускія губерні»[139].
Размоўна, публіцыстычна і афіцыйна-бюракратычна назву «беларускіх» атрымлівалі і іншыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі, якія былі тэрытарыяльна «пераемнікамі» Полацкай і Магілёўскай губерняў, што нават часта адлюстроўвалася ў іх афіцыйнай назве: Беларуская губерня (1796—1801), створаная шляхам аб’яднання Полацкага і Магілёўскага намесніцтваў у адно цэлае; Беларускае ваеннае губернатарства (1801—1823); Беларуска-Віцебская губерня (1801—1840); Беларуска-Магілёўская губерня (1801—1840); Віцебская губерня (1840—1917) і Магілёўская губерня (1840—1917). Расійская ўлада адразу з часоў падзелаў Рэчы Паспалітай (нават у перыяд паўстання 1863—1864 гадоў) пазбягала злучаць губерні, створаныя з былых зямель Вялікага Княства Літоўскага, у адно генерал-губернатарства — асабліва Віцебскую і Магілёўскую губерні з «літоўскімі», бо лічыла іх (у параўнанні з «літоўскімі») з-за прысутнасці кораню «рус-» у назве «беларускія» дакладна ўласна «рускімі» землямі.
За цэнтральнымі і заходнямі землямі былога Вялікага Княства Літоўскага, уключанымі ў склад Расійскай імперыі пасля другога (1793) і трэцяга (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай і размеркаванымі ў некалькі новаствораных губерняў (Мінскую, Віленскую і Слонімскую губерні), з самага пачатку захавалася назва «літоўскія», што нават адлюстроўвалася ў афіцыйных назвах адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак: Літоўская губерня (1796—1801); Літоўскае генерал-губернатарства (1794—1801); Літоўскае ваеннае губернатарства (1801—1830); Літоўска-Віленская губерня (1801—1840), у склад якой уваходзіла і Жамойць, выдзеленая ў 1842 г. са складу Віленскай губерні (1840—1917) у асобную Ковенскую губерню (1842—1917); Літоўска-Гродзенская губерня (1801—1840). Мінская губерня ніякіх азначэнняў («літоўская» альбо «беларуская») у сваёй афіцыйнай назве не атрымала, бо ў 1793—1801 гг. уваходзіла ў склад Мінскага, Ізяслаўскага, Брацлаўскага генерал-губернатарства (1793—1796) і яго тэрытарыяльных «пераемнікаў» (Мінскага, Валынскага і Брацлаўскага генерал-губернатарства; Мінскага, Валынскага і Падольскага ваеннага губернатарства), а ў 1801—1808 гг. уваходзіла ў склад Кіеўскага ваеннага губернатарства (1801—1832), аднак разглядалася звычайна як «літоўская»[141].
Пасля стварэння Напалеонам I Варшаўскага герцагства, у дваран «заходніх губерняў» успыхнулі надзеі, што французскі імператар шляхам вайны з Расіяй зможа аднавіць Рэч Паспалітую ў яе ранейшых межах. Жадаючы перацягнуць на свой бок сімпатыі карэнных дваран «заходніх губерняў» напярэдадні патэнцыяльных ваенных канфліктаў з Францыяй, цар Аляксандр I у 1810 г. выступіў з намёкамі (у першую чаргу да ўплывовых у асяроддзі карэнных дваран «заходніх губерняў» асоб — князя Адама-Ежы Чартарыйскага і князя Міхала-Клеафаса Агінскага) аб магчымым стварэнні самастойнай дзяржавы на чале з расійскім манархам, якая б ахоплівала ў будучым былыя землі Рэчы Паспалітай. Першым крокам да гэтага, па намёках Аляксандра I, павінна было быць стварэнне Вялікага Княства Літоўскага з зямель, якія ў той час уваходзілі ў склад Расійскай імперыі, як яўная дэманстрацыя намераў расійскага цара. У 1811 г. князь Агінскі падаў праект стварэння на чале з расійскім манархам дзяржавы «Вялікае Княства Літоўскае» (1811) з Літоўска-Віленскай, Літоўска-Гродзенскай, Мінскай, Беларуска-Віцебскай, Беларуска-Магілёўскай, Валынскай, Падольскай, Кіеўскай губерняў і Беластоцкай вобласці і заўпэўніў, што «літоўцы» (па-польску — «літвіны») гэтага несумненна жадаюць, а цар Аляксандр I з іроніяй дыпламатычна запытаўся ў Агінскага, ці ахвотна жыхары Валыні, Падолля і Кіеўшчыны насілі б імя «літоўцы» («літвіны»)[142]. У сапраўднасці ж Аляксандр I не збіраўся ствараць Вялікае Княства Літоўскае і зацягваў гэтую справу. Гэта стала прычынай таго, што многія карэнныя дваране «заходніх губерняў» у час франка-расійскай вайны 1812 года актыўна падтрымалі французскага імператара Напалеона I.
Называнне расійскімі ўладамі Віцебскай і Магілёўскай губерняў «беларускімі», а Віленскай, Гродзенскай і Мінскай — «літоўскімі», аказвала ўплыў і на еўрапейскае грамадства. Стварыўшы ў 1812 г. з акупаваных сваімі войскамі зямель Расійскай імперыі «Вялікае Княства Літоўскае» (1812) з Літоўска-Віленскай, Літоўска-Гродзенскай і Мінскай губерняў і Беластоцкай вобласці, французскі імператар Напалеон I у склад яго, нягледзячы на просьбы мясцовага дваранства, Беларуска-Віцебскую і Беларуска-Магілёўскую губерні не ўключыў, а планаваў стварыць з апошніх асобнае «Беларускае княства»[143].
Падчас паўстання 1830—1831 гадоў, калі апошняе разгарнулася і ў Літоўска-Віленскай, Літоўска-Гродзенскай, Мінскай губернях і Лепельскім павеце Беларуска-Віцебскай губерні, быў створаны Часовы паўстанцкі ўрад Літвы, які (гэтак жа як і паўстанцкія войскі) узначаліў граф Тадэвуш Тышкевіч (1774—1852). З пачаткам паўстання Літоўскае ваеннае губернатарства (1801—1830) было перайменавана ў Віленскае часовае ваеннае губернатарства (1830—1832), а пасля ў Віленскае ваеннае генерал-губернатарства (1832—1864) і пазбавілася азначэння «літоўскае» у сваёй афіцыйнай назве, аднак губерні захавалі свае афіцыйныя і размоўныя назвы «літоўскія».
У 1834 г. Мінская губерня была ўключана ў склад Віленскага ваеннага генерал-губернатарства і працягвала неафіцыйна называцца расійскай уладай як «літоўская». Да пачатку 1860-х гг. у афіцыйным справаводстве Жамойць часам называлася як «Самагіція» ці «самагіцкія паветы» (па-руску «самогитские поветы») — Шавельскі, Цельшаўскі, Расіенскі і Упіцкі паветы[144]. Існавала каталіцкая «Самагіцкая» (Жамойцкая) дыяцэзія, перайменаваная 11 кастрычніка 1840 г. у Цельшаўскую (з цэнтрам у Варняі), а ў 1848 г. старая назва «Самагіцкая» была зноў дазволена расійскімі ўладамі да выкарыстання побач з новай[145]. 18 снежня 1842 г. са складу Віленскай губерні былі вылучаны паветы з пераважна балтамоўным сялянскім насельніцтвам губерні, з якіх была створана Ковенская губерня, атрымаўшая неафіцыйную назву «Самагіція» («Жамойць», «Жмудзь»)[146]. Называнне расійскім урадам Магілёўскай і Віцебскай губерняў «беларускімі» (а мясцовай шляхтай паралельна называнне і як «рускімі»), а ўсіх астатніх — «літоўскімі», пратрымалася да паўстання 1863—1864 гадоў, а часткова і далей[147][148]. Так, у сваіх падарожных запісках («Путевые заметки на поездке из Дерпта в Белоруссию и обратно, весной 1835 года») Фадзей Булгарын адзначыў гэтую дваістасць назвы адной і той жа тэрыторыі: «Паміж Курляндыяй, Ліфляндыяй, губернямі Пскоўскай, Смаленскай, Арлоўскай, Чарнігаўскай і Мінскай ляжыць краіна, якая называецца здаўна ў расіян Белай Расіяй, ці Беларусіяй, а ў палякаў Руссю»[149][150].
У рамках створанага ў 1823 г. Віцебскага генерал-губернатарства (1823—1856), якое ахоплівала Беларуска-Віцебскую, Беларуска-Магілёўскую, Смаленскую і Калужскую губерні, у паўсядзённай мове чыноўнікаў правінцыі і сталіцы Магілёўская і Віцебская губерні афіцыйна-бюракратычна і неафіцыйна сукупна называліся (нават пасля 18 ліпеня 1840 г.) як «беларускія губерні», што не распаўсюджвалася на Смаленскую і Калужскую губерні, а само Віцебскае генерал-губернатарства называлася «беларускім»[151][152].
У 1827 г. Пётр Кёпен выдаў працу «О происхождении, языке и литературе литовских народов», у якой упершыню ў расійскай навуцы паспрабаваў вызначыць межы рассялення «літоўскіх народаў» (імі разумеліся балтамоўныя народы — літоўцы і латышы) і мяжу, якая аддзяляе балтамоўнае і славянамоўнае насельніцтва імперыі. Гэтае даследаванне Кёпена дало пачатак паступоваму замацаванню ў расійскай навуковай літаратуры тэрміна «літоўцы» у першую чаргу за балтамоўным насельніцтвам[153][154]. Звесткі, сабраныя Кёпенам у 1827 г. адносна славянамоўнага насельніцтва імперыі, не былі надрукаваны і знаходзіліся ў рукапісе[155]. Працай Кёпена скарыстаўся вядомы славіст Павел Шафарык, які ў сваім даследаванні «Славянскі народапіс» (Прага, 1842)[156] на падставе мовы акрэсліў тэрыторыю рассялення «беларусаў» і падаў лічбы пра агульную іх колькасць (2 726 000 чалавек — 2 376 000 праваслаўных і 350 000 каталікоў). «Беларускую мову» Шафарык назваў гаворкай «агульнарускай мовы», а абшарам яе распаўсюджання ўказаў цалкам Магілёўскую і Мінскую губерні, большую частку Віцебскай і Гродзенскай губерняў і Беластоцкай вобласці, а таксама меншую частку Віленскай губерні. Аднак Шафарык падышоў да праблемы павярхоўна, бо ў абшар «беларускай мовы» трапілі раёны з гарадамі Брэст, Кобрын, Пінск і інш., якія пазнейшыя лінгвісты адносілі да абшару «маларускай мовы» (украінскай мовы). Да таго ж Шафарык у «беларускай мове» вылучаў уласна «беларускую гаворку» («белорусское подречие») у Магілёўскай і Віцебскай губернях і «літоўска-рускую» («литовско-русское подречие») — у Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губернях[157]. Гэта гаворыць аб тым, што Шафарык вылучыў не рэальныя дыялекты беларускай мовы і межы рассялення беларусаў, а межы рассялення ўсяго славянамоўнага насельніцтва ў пяці губернях края, частка якога тапанімічна адносілася па тагачаснай традыцыі да «Беларусі» (Віцебская і Магілёўская губерні), а частка — да «Літвы» (Віленская, Гродзенская і Мінская губерні). Аднак да пачатку царавання расійскага імператара (1881—1894) Аляксандра III, які ўзняў чарговую хвалю ўзмоцненай русіфікацыі, у Расійскай імперыі галоўнай этнавызначальнай прыкметай была не мова, а веравызнанне[35]: у прыватнасці, да рускіх адносілі ўсіх, хто быў праваслаўным у імперыі[158].
Вырашыўшы вызваліць сялян імперыі ад прыгону, Аляксандр II звярнуўся ў 1857 г. за падтрымкай сваёй ініцыятывы да «літоўскіх дваран», якія першымі ў імперыі падтрымалі намер цара. Напярэдадні і ў ходзе правядзення з 1861 г. сялянскай рэформы ў Расійскай імперыі ў афіцыйных дакументах Віцебская і Магілёўская губерні называліся «беларускімі» (на іх распаўсюджваліся «Мясцовыя палажэнні аб пазямельным уладкаванні сялян, паселеных на маянткоўскіх землях у губернях: Вялікарасійскіх, Наварасійскіх і Беларускіх»), а астатнія — «літоўскімі» (на іх распаўсюджваліся «Мясцовыя палажэнні аб пазямельным уладкаванні сялян, паселеных на маянткоўскіх землях у губернях: Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай і частцы Віцебскай[159]»)[160].
Летам 1862 г. у Вільні мясцовымі тайнымі групамі прыхільнікаў незалежнасці («белыя» і «чырвоныя») быў створаны Літоўскі правінцыйны камітэт, які пачаў рабіць захады па стварэнні сваіх тайных камітэтаў у рэгіёнах — шасці літоўска-беларускіх губернях. 20 студзеня (1 лютага) 1863 г. віленскія «чырвоныя» (Канстанцін Каліноўскі, Зыгмунт Чаховіч і інш.) абвясцілі маніфест аб далучэнні да паўстання і стварылі Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі[161]. Аднак ініцыятыву хутка перахапілі «белыя» (Якуб Гейштар, Аляксандр Аскерка і інш.), якія наладзілі кантакты з Часовым нацыянальным урадам у Варшаве і з яго ўпаўнаважання 27 лютага (11 сакавіка) 1863 г. утварылі ў Вільні Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Пад правінцыямі разумеліся «Жамойць», уласна «Літва» і «Беларусь»[162]. Віленскія «белыя» здолелі захаваць пад сваім кантролем усе тайныя паўстанцкія камітэты ў шасці літоўска-беларускіх губернях, зыходзячы з прынцыпа «цэласці Літвы», хоць Варшава жадала атрымаць пад сваю ўладу Беласточчыну і паўднёвыя паветы Гродзенскай губерні[163]. «Чырвоныя» вырашылі далучыцца да «белых» і іх праграмы.
У гістарычнай навуцы савецкага і сучаснага перыяду стаў распаўсюджанным міф, што паводле свайго вядомага сенацкага ўказу ад 18 ліпеня 1840 г.[127] расійскі імператар Мікалай I забараніў ужываць у афіцыйным справаводстве тэрміны «Литва» і «Белоруссия», нібыта адмаўляючы існаванне такіх краін і народаў[164][165]. Аднак на самой справе імператарам загадвалася пісаць губерні (Літоўска-Віленскую, Літоўска-Гродзенскую, Беларуска-Віцебскую і Беларуска-Віцебскую[166]) проста — па назве губернскага цэнтра («Віленская губерня», «Гродзенская губерня», «Віцебская губерня», «Магілёўская губерня»), без азначэнняў «Літоўская» ці «Беларуская» і без наймення іх сукупна як адпаведна «літоўскія губерні» і «беларускія губерні» ва ўрадавым справаводстве[167]. Расійская ўлада ў 1840-ыя гг. і не думала забараняць тэрміны «Литва» і «Белоруссия», якія прысутнічалі ў афіцыйным тытуле расійскага імператара[168], а з пачатку 1860-х гг., наадварот, імкнулася распаўсюдзіць і замацаваць тэрмін «Белоруссия», лічачы «беларусаў» (галоўным чынам, сялянскае праваслаўнае і нядаўна ўніяцкае насельніцтва края) за складовую частку «рускага народа», адзінага ў трох галінах («вялікарусах», «беларусах» і «маларусах»)[169][170]. У гэтай сітуацыі звужалася толькі тэрыторыя, якую адносілі да «Літвы», а назва «Беларусь», наадварот, пашыралася на суседнія губерні[171].
Прыкметна, што ў справаводстве Сената Расійскай імперыі назва «беларускія губерні» у адносінах да Віцебскай і Магілёўскай ужывалася, нягледзячы на загад Мікалая I ад 18 ліпеня 1840 г., на працягу ўсяго стагоддзя да 1890-х гг.[172] Акрамя таго, у Расійскай імперыі ў 1841—1917 гг. надрукавана каля 190 кніжак і брашур са словам «Белоруссия» на тытуле[173]: у 1853—1856 гг. выйшла кніга Паўла Шпілеўскага «Путешествие по Полесью и Белорусскому краю»; у 1855 г. — Міхаіла Без-Карніловіча «Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии»; у 1857 г. — Восіпа Турчыновіча «Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен» і г.д. Прычым тэрмін «Беларусь» («Белоруссия») у кнігах Шпілеўскага, Без-Карніловіча, Турчыновіча і многіх іншых датычыўся толькі Магілёўскай і Віцебскай губерняў.
Паўстанне 1863—1864 гадоў прымусіла перавесці пад уладу аднаго генерал-губернатара ўсе шэсць «паўночна-заходніх» губерняў. Як толькі пагроза новых ваенных выступленняў у Паўночна-Заходнім краі стала лічыцца малаверагоднай, у 1869 г. Віцебская і Магілёўская губерні выйшлі з-пад улады віленскага генерал-губернатара (па ініцыятыве самога генерал-губернатара Аляксандра Патапава). Гэтым расійская ўлада хацела адасобіць іх адміністрацыйна ад «літоўскіх» губерняў і скасаваць асацыяцыю адміністрацыйных меж генерал-губернатарства з межамі Вялікага Княства Літоўскага[174]. Былы магілёўскі губернатар (1856—1868) Аляксандр Беклямішчаў у 1869 г. у сваім мемарандуме пісаў, што неабходна прадэманстраваць «усяму насельніцтву, што прызнанне Беларусіі чыста рускай вобласцю ёсць факт беспаваротны»[174]. Расійская ўлада разумела, што само існаванне абшырнага ўскраіннага генерал-губернатарства з асаблівымі надзвычайнымі ўмовамі кіравання падтрымлівае самаідэнтыфікацыю карэннага дваранства з былой тэрыторыяй Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай і можа правакаваць сепаратысцкія настроі[174], бо яно, паводле думкі Беклямішчава, «прыводзіць у частыя зносіны паў-палякаў магілёўскіх з сапраўднымі палякамі віленскімі і ковенскімі»[174]. У 1869 г. таксама была скасавана каталіцкая Мінская дыяцэзія (1798—1869), сяляне-каталікі пачалі прымусова ў 1870-ыя гг. пераводзіцца ў праваслаўе, хоць складалі ў тыя часы невялікую частку насельніцтва Мінскай губерні ў параўнанні з сялянамі-праваслаўнымі (у асноўнай масе былымі ўніятамі, лаяльнасць і шчырасць да праваслаўя якіх доўга ставілася пад сумненне расійскім урадам[175]). А 22 снежня 1870 г. і сама Мінская губерня расійскімі ўладамі была вылучана са складу самога Віленскага генерал-губенатарства. У афіцыйным заканадаўстве з 1863 г. «літоўскія губерні» пачалі называцца толькі як «паўночна-заходнія губерні».
У 1870-ых гг. да «Беларусі» пачалі прылічаць ужо і Мінскую губерню[176][177], а Ковенская, Віленская і Гродзенская губерні неафіцыйна і публіцыстычна называліся «літоўскімі» («Літвой»)[178][179]. З 1890-х гг. назва «Беларусь» пачала стала распаўсюджвацца і на Гродзенскую (акрамя паўднёвых яе паветаў)[180] і большую частку Віленскай губерні (за выключэннем «паўночна-заходняга яе кутка» — Троцкага павета)[181][182][183]. Гэтаму ў першую чаргу спрыялі лінгвістычныя (і менш — этнаграфічныя) даследаванні (Іван Насовіч, Павел Шэйн, Юльян Крачкоўскі, Мікалай Нікіфароўскі, Яўхім Карскі і інш.), якія праводзіліся навуковымі ўстановамі Расійскай імперыі і прыватнымі даследчыкамі ў папярэдні час[184]. Даследаванні паказвалі падобнасць гаворак мовы сялянскага насельніцтва ў многіх частках пяці губерняў Паўночна-Заходняга края (Гродзенскай, Віленскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай), а таксама ў сумежных — Смаленскай і Чарнігаўскай. Канчаткова замацавала назву «Беларусь» за тэрыторыяй упершыню ў гісторыі апісаных і нанесеных на карту гаворак мовы, якая цвёрда атрымала назву «беларускай мовы»[185], публікацыя фундаментальнага шматтомнага даследавання Яўхіма Карскага «Беларусы» (асабліва тамы «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» (1903) і «Мова беларускага племені» (1908)). Праўда, пазней Карскі выказваўся, што акрэсліў тэрыторыю не беларускага этнаса, а беларускай мовы. Характэрна, што ў гэтых і іншых даследаваннях «беларусы» разглядаліся (як таго патрабавала афіцыйная расійская імперская ідэалогія і цэнзура) як частка «адзінага рускага народа», аднак выяўленыя рысы мовы і культуры (нават сялянскага насельніцтва) сведчылі аб выразнай своеасаблівасці «Паўночна-Заходняга края» ад іншых частак Расійскай імперыі.
Значная частка мясцовай інтэлігенцыі, якая атрымала адукацыю ў расійскіх навучальных установах (гімназіях і ўніверсітэтах), успрыняла назву «Беларусь» («Беларусія») і пачала падтрымліваць і прапагандаваць гэтую назву для тэрыторыі, дзе большасць насельніцтва размаўляе на мове, названай «беларускай», заяўляючы адначасова пра асобнасць і самастойнасць свайго народа[186]. Пасля скасавання прыгоннага становішча сялян, якое замацоўвала раней сялян у рамках панскіх маёнткаў і царкоўных прыходаў, у ходзе пашырэння пачатковай адукацыі ў вёсцы стала магчымым пашырэнне гістарычных ведаў і назвы «беларусы» сярод шырокіх кол насельніцтва. У 1891 г. малазаможны дваранін, удзельнік паўстання 1863—1864 гадоў і паэт Францішак Багушэвіч у сваёй прадмове да зборніка «Дудка беларуская» стварае паэтычны вобраз і акрэслівае межы беларускай айчыны, адным з галоўных сімвалаў якой выступае менавіта «мужыцкая мова»: «Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя „мужыцкай“ завуць, а завецца яна „беларускай“. Я сам калісь думаў, што мова наша — „мужыцкая“ мова, і толькі таго! Але, паздароў Божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і праканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая. <…> Можа хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, Яна, гдзе наша мова жывець: Яна ад Вільна да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак»[187].
Пашырэнню з 1890-х гг. назваў «Беларусь» і «беларусы» значна паспрыялі і мясцовыя народніцкі, сацыялістычны і дэмакратычны рухі (Беларуская рэвалюцыйная грамада (1902), перайменаваная ў 1903 г. у Беларускую сацыялістычную грамаду, і інш.), якія ўжывалі гэтыя вызначэнні для ўсёй тэрыторыі славянамоўнага насельніцтва края; матэрыялы першага перапісу насельніцтва ў Расійскай імперыі ў 1897 г.[188]; працы гісторыкаў Мітрафана Доўнар-Запольскага і Вацлава Ластоўскага, асабліва выдадзеная ў Вільні «Кароткая гісторыя Беларусі»[189] (1910); прэса, у першую чаргу газета «Наша ніва»[190].
Тэрмін «Край», якім карэннае каталіцкае і польскамоўнае сярэднезаможнае і заможнае дваранства шасці літоўска-беларускіх губерняў азначала землі былога Вялікага Княства Літоўскага, даў назву палітычнаму руху «краёўцаў» пачатку XX ст. у Беларусі і Літве. Знешнія межы Паўночна-Заходняга края амаль супадалі са знешнімі межамі былога Вялікага Княства Літоўскага (па стану да першага падзела Рэчы Паспалітай), таму гэты «край» поўнасцю асацыяваўся ў карэннага дваранства з дзяржавай сваіх продкаў[191]. І сама «краёвая ідэя» паходзіла з памяці карэнных дваран і інтэлігенцыі аб былым адзінстве гэтай тэрыторыі (паўночна-заходніх губерняў Расійскай імперыі) у часы Вялікага Княства Літоўскага і імкнення «краёўцаў» захаваць і ўмацаваць тое адзінства «края» (з яго этнічна, моўна, канфесійна і культурна стракатым насельніцтвам) і надалей[192].
«Краёўцы» у сваёй ідэалогіі, атрымаўшай назву «краёвасць» (альбо «краёвая канцэпцыя», «краёвая ідэя»), сумяшчалі аўтанамісцкія, ліберальныя і інтэрнацыянальныя лозунгі і выступалі супраць падзелу насельніцтва па канфесійнай, моўнай, культурнай і этнічнай прыкмеце, выказваліся за роўнасць праў народаў, моў, культур і рэлігій, а тэрыторыя Паўночна-Заходняга края непасрэдна разглядалася імі як месца рэалізацыі іх ідэй і намаганняў па развіцці роднай зямлі, супраціўлення распальванню міжканфесійнай і міжэтнічнай варожасці, супрацьстаяння русіфікацыі[193].
Маштабная і ўсеахопная праз сістэму адукацыі, царквы і прэсы расійская ідэалогія і афіцыйная навука, змяняўшыя тапанімічную і этнанімічную тэрміналогію ў краі, аказвалі свой уплыў на мясцовую эліту — карэнных каталіцкіх дваран-маянткоўцаў, хоць і са спазненнем у часе. Так, у сваіх мемуарах адзін з лідараў «краёўцаў» Эдвард Вайніловіч указвае, што нарадзіўся ў 1847 г. у маёнтку Сляпянка пад Мінскам-Літоўскім; апісваючы акруговыя земскія з’езды ў 1881 г., стварэнне сельскагаспадарчых таварыстваў у краі (у 1880-ыя гг.), дзейнасць мясцовых дэпутатаў у Дзяржаўнай думе і Дзяржаўным савеце Расійскай імперыі (з 1906 г.), называе Мінскую, Віцебскую і Магілёўскую губерні «беларускімі», а Ковенскую, Віленскую і Гродзенскую губерні — «літоўскімі губернямі»[194].
У пачатку рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расіі былі выдадзены законы, якія гарантавалі многія грамадзянскія правы і свабоды (у тым ліку ў рэлігійных, моўных і нацыянальных адносінах). Узніклая сярод мясцовых дваран і інтэлігенцыі «краёвая» дыскусія ў Паўночна-Заходнім краі шырока ўжывала адносна заходніх губерняў (паўночна-заходніх і паўднёва-заходніх губерняў) традыцыйную геаграфічную тэрміналогію часоў Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) і Рэчы Паспалітай, якой мясцовыя дваране паралельна карысталіся на працягу ўсяго XIX стагоддзя: «Літва і Русь» — у адносінах да ўсяго Заходняга края; «Літва» — у адносінах да ўсіх паўночна-заходніх губерняў (былых зямель ВКЛ); паралельна «Літва» (у вузскім сэнсе) — у адносінах да Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў; «Русь» — у адносінах да Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губерняў; «Беларусь» — у адносінах да Віцебскай і Магілёўскай губерняў (часам да Мінскай); «Валынь», «Падолія» і «Украіна» (альбо цалкам «Русь» (у вузкім сэнсе)) — у адносінах адпаведна да Валынскай, Падольскай і Кіеўскай губерняў[195]. Так, у 1905 г. у першым нумары газеты «Kurier Litewski», якая стала адной з галоўных трыбун «краёвасці», у артыкуле «Індустрыялізацыя Літвы» адзначалася: «Літва (ва ўрадавай тэрміналогіі Паўночна-Заходні край) ахоплівае Віленскае генерал-губернатарства, г.зн. Віленскую, Ковенскую і Гродзенскую губерні, а таксама Мінскую, Магілёўскую і Віцебскую губерні. Вялікі гэта шмат зямлі: на захадзе гранічыць з Каралеўствам Польскім, Курляндскай і Ліфляндскай губернямі; на поўначы з Пскоўскай губерняй, на ўсходзе са Смаленскай, Чарнігаўскай і Кіеўскай губернямі, на поўдні з Валынскай губерняй. Агульна займае прастору каля 260 490 квадратных вёрст, ці палову тэрыторыі Францыі, і трошкі менш за палову Германскай імперыі. Насельніцтва края складае каля 12 000 000. Хоць літоўскія губерні належаць да розных адміністрацыйных адзінак, аднак гэта з эканамічнага пункту гледжання складае адну цэласць. <…> Увогуле ўсе літоўскія губерні ў эканамічным плане вельмі недаразвітыя»[196]. Аднак адразу ж газета «Kurier Litewski» пачала паралельна ўжываць і афіцыйную ўрадавую геаграфічную і этнанімічную тэрміналогію для паўночна-заходніх губерняў: выдавецтва газеты друкавала ў 1905—1909 гг. кнігу-даведнік Напалеона Роўбы «Przewodnik po Litwie i Białejrusi» («Праваднік па Літве і Беларусі»), якая давала кароткія гістарычныя і геаграфічныя звесткі аб населеных пунктах і дзе «Літвой» называліся Ковенская, Віленская і Гродзенская губерні, «Беларуссю» — Мінская, Віцебская і Магілёўская, і ўказвалася, што Вільня «з’яўляецца несумненна асяродкам, дзе з’ядноўваюцца ўсе ніці жыцця Літвы і Беларусі»[197]. У газетных артыкулах «краёўцаў» тэрмін «беларусы» адносіўся да беларускамоўнага, а «літоўцы» — да літоўскамоўнага (балцкага) насельніцтва. Пазней, напрыклад, Эдвард Вайніловіч у сваіх мемуарах, апісваючы падзеі ў Паўночна-Заходнім краі ў 1914—1918 гг., ужо акрэслівае тэрыторыю «Беларусі», зыходзячы з моўнага і светапогляднага крытэрыяў, такім абшарам: частка Віленскай губерні, большая частка Гродзенскай і цалкам Мінская, Віцебская і Магілёўская губерні[198].
Укладванне ў тэрмін «беларусы», якім стала пачалі называць большасць славянамоўнага сялянскага насельніцтва края, значэння часткі (галіны) «адзінага рускага народа» было непрымальным для самаідэнтыфікацыі значнай часткі (асабліва матэрыяльна незалежнага) мясцовага дваранства, бо было б прызнаннем этнічнай асіміляцыі (абрусення) і адрачэння ад уласнай гісторыі і традыцый[199]. А замацаванне ў другой палове XIX ст. у афіцыйнай расійскай навуцы, ідэалогіі і прэсе тэрміна «літоўцы» («літвіны») толькі за балтамоўным насельніцтвам прывяло да таго, што мясцовае дваранства, якое не згадзілася аднесці сябе да балтаў, для знешніх адносін з афіцыйнай уладай і рускім дваранствам пачало карыстацца толькі тэрмінам «палякі», хоць у прыватных зносінах паміж сабой і з «караняжамі» (г.зн. з палякамі з уласна польскіх губерняў Расійскай імперыі — губерняў былога Царства Польскага) яшчэ выкарыстоўвалі паралельна і тэрмін «літоўцы» («літвіны»)[200]. Непрыняцце новага значэння тэрміна «літоўцы» (г.зн. толькі балтамоўнае насельніцтва)[201] прывяло да ўзнікнення ў канцы XIX — пачатку XX ст. і пэўнага распаўсюжання ў асяроддзі мясцовага (каталіцкага і польскамоўнага) дваранства (асабліва ў этнакантактнай зоне — у Віленскай губерні, прымежнай з асноўным масівам балтамоўнага насельніцтва — Ковенскай губерняй) тэрміна «младалітоўцы» для абазначэння балтамоўнага насельніцтва, а для ўласнага самавызначэння — тэрмінаў «старалітоўцы» (starolitwini), «гістарычныя літоўцы» (litwini historyczni), «міцкевічоўцы» (у знак салідарнасці з тым значэннем паняцця «літоўцы» (litwini), які выкарыстоўваў Адам Міцкевіч у сваім творы «Пан Тадэвуш»)[202][203]. Хоць хутка і яны пачалі менаваць сябе толькі як «палякі»[204].
У 1915 г., з прыходам у Вільню нямецкіх войск у часе Першай сусветнай вайны, ідэя «краёўцаў» аб непадзельнасці і цэласнасці літоўска-беларускіх губерняў (Паўночна-Заходняга краю — былых зямель Вялікага Княства Літоўскага) увасобілася ў стварэнні Рады Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага — блока лідараў мясцовых беларускіх, літоўскіх, яўрэйскіх і польскіх этнапалітычных і этнакультурных рухаў, якія адносіліся да ліберальна-дэмакратычнага кірунку «краёвасці». Ініцыятыва яе стварэння належала беларускім краёўцам-дэмакратам. Праграмныя дакументы Канфедэрацыі ВКЛ, якія распаўсюджваліся на чатырох мовах (беларускай, літоўскай, польскай і ідыш), пастуліравалі неабходнасць вылучэння акупаваных немцамі паўночна-заходніх губерняў з-пад юрысдыкцыі Расійскай імперыі і ўтварэння на гэтай тэрыторыі «незалежнай дзяржаўнай адзінкі» з соймам (парламентам) у Вільні, сфарміраваным шляхам агульных, роўных, прамых выбараў пры тайным галасаванні. Германскія ўлады не праявілі зацікаўленасці ў адраджэнні ВКЛ[205].
Пасля таго, як у пачатку лістапада 1918 г. нямецкія войскі пакідалі тэрыторыю Магілёўскай губерні паводле рашэнняў Брэсцкага міра (1918), лідары карэннага дваранства Мінскай губерні (галоўным чынам, члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі — прыхільнікі ліберальна-кансерватыўнага кірунку «краёвасці») былі супраць падзелу Беларусі на часткі, выступілі з ініцыятывай стварэння пад нямецкім куратарствам Вялікага Княства Літоўска-Беларускага (з паўночна-заходніх губерняў) і папрасілі ў Мінску нямецкага генерала Эрыха фон Фалькенгайна (1861—1922) паведаміць аб гэтым імкненні германскаму імператару Вільгельму II. Прыкметна, што мінскія дваране прапаноўвалі даць назву новай дзяржаве не «Вялікае Княства Літоўскае» (альбо «Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае»), а «Вялікае Княства Літоўска-Беларускае», што сведчыла пра прыманне імі новага значэння геаграфічнай і этнанімічнай тэрміналогіі. Генерал фон Фалькенгайн адказаў дэлегацыі мінскіх дваран, якіх узначаліў граф Ежы Чапскі (1861—1930), што павінен строга выконваць рашэнні Брэсцкага міра, але перадасць прапанову ў Галоўную імператарскую стаўку. Аднак немцы ў лютым 1919 г. хутка пакінулі ўсю тэрыторыю Беларусі, а на змену ім прышлі войскі бальшавікоў[206].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.