Паўднёва-Заходні край
From Wikipedia, the free encyclopedia
Паўднёва-Заходні край — з 1840-х гг. размоўная, публіцыстычная і афіцыйна-бюракратычная назва Кіеўскага ваеннага генерал-губернатарства (1832—1864), а пасля Кіеўскага генерал-губернатарства (1864—1916), — адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Расійскай Імперыі, якая складалася з Валынскай, Падольскай, Холмскай і Кіеўскай губерняў. Гэтыя генерал-губернатарствы ў пэўнай ступені тэрытарыяльна і бюракратычна былі пераемнікамі Кіеўскага намесніцтва (1781—1796), Кіеўскага генерал-губернатарства (1796—1801) і Кіеўскага ваеннага губернатарства (1801—1832), бо ўключалі ў свой склад горад Кіеў, які быў цэнтрам адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.
Кіеўскае намесніцтва (1781—1796)
У верасні 1781 г. было створана Кіеўскае намесніцтва, на чале якога стаяў генерал-губернатар.
Кіеўскае генерал-губернатарства (1796—1801)
У 1796 г. Кіеўскае намесніцтва было рэарганізавана ў Кіеўскае генерал-губернатарства. З 1796 да 1798 г. вярхоўная ўлада кіеўскага генерал-губернатара адначасова распаўсюджвалася і на Маларасійскую губерню — Левабярэжную Украіну (Палтаўшчыну і Чарнігаўшчыну).
Кіеўскае ваеннае губернатарства (1801—1832)
Расійскі імператар (1801—1825) Аляксандр I сваім указам ад 9 (21) верасня 1801 г. рэарганізаваў Кіеўскае генерал-губернатарства ў Кіеўскае ваеннае губернатарства (1801—1832) з цэнтрам у Кіеве: у склад ваеннага губернатарства ўвайшлі Кіеўская і Мінская губерні[1]. У 1808 г. Мінская губерня была вылучана са складу Кіеўскага ваеннага губернатарства і перастала ўваходзіць у склад якога-небудзь генерал-губернатарства (ваеннага губернатарства)[2]. У складзе Кіеўскага ваеннага губернатарства засталася толькі Кіеўская губерня.
Кіеўскае ваеннае генерал-губернатарства (1832—1864)
Кіеўскае ваеннае губернатарства 22 студзеня 1832 г. было рэарганізавана ў «Кіеўскае ваеннае генерал-губернатарства». У яго складзе знаходзіліся Кіеўская, Падольская і Валынская губерні. З-за таго, што генерал-губернатар меў званне яшчэ і ваеннага губернатара адной з падначаленых губерняў (Кіеўскай губерні), адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура мела поўную афіцыйную назву «Кіеўскае ваеннае губернатарства, Падольска і Валынскае генерал-губернатарства», адлюстроўваючы пералік адзінак, якія ўваходзілі ў яго склад, а кіраўнік — «кіеўскі ваенны губернатар, падольскі і валынскі генерал-губернатар» (г.зн. ваенны губернатар, які вярхоўна кіруе і грамадзянскай часткай у губернях). Найчасцей у законах і дакументах ужываліся больш скарочаная афіцыйная назва «Кіеўскае ваеннае, Падольскае і Валынкае генерал-губернатарства» і, адпаведна, тытул «кіеўскі ваенны, падольскі і валынскі генерал-губернатар». У справаводстве ў 1832—1864 гг. маглі таксама выкарыстоўвацца і іншыя скарачэнні: «кіеўскі ваенны і генерал-губернатар», «кіеўскі ваенны генерал-губернатар», «кіеўскі ваенны губернатар» ці «кіеўскі генерал-губернатар».
Першым кіеўскім ваенным генерал-губернатарам быў прызначаны падольскі часовы ваенны губернатар (1831—1832) Васіль Васілевіч Левашоў .
З пачатку 1840-х гг. пасля скасавання ў Расійскай імперыі ўніяцтва (1839), што ўспрымалася афіцыйнымі расійскімі ўладамі як духоўнае і этнічнае «вяртанне» Расійскай імперыяй насельніцтва «спрадвечна рускія зямель»[3], заходнія губерні («Заходні край») у афіцыйнай ідэалогіі былі аб'яўлены «Заходняй Руссю» («Заходняй Расіяй», «Заходне-рускім краем»), «вернутымі ад Польшчы старажытнымі вобласцямі», бо гэтай назвай хацелася падкрэсліць яшчэ і этнаканфесійна «рускі» характар гэтых зямель. Па гэтай прычыне Віленскае ваеннае генерал-губернатарства атрымала паралельную назву Паўночна-Заходні край (і ідэалагічнае значэнне «Паўночна-Заходняя Русь, «Паўночна-Заходняя Расія»), а Кіеўскае ваеннае генерал-губернатарства — Паўднёва-Заходні край (і ідэалагічнае значэнне «Паўднёва-Заходняя Русь», «Паўднёва-Заходняя Расіія»)[4]. Віцебскае генерал-губернатарства працягвала паралельна менавацца як «беларускія губерні», «Беларускі край» ці «Беларусія».
Кіеўскае генерал-губернатарства (1864—1915)

Па жаданні расійскага імператара (1855—1881) Аляксандра II указам Сената ад 25 лютага 1864 г. «Кіеўскае ваеннае губернатарства, Падольскае і Валынскае генерал-губернатарства» было перайменавана ў «Кіеўскае, Падольскае і Валынскае генерал-губернатарства»[5] і афіцыйна складалася з Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губерняў.
З 1881 г. тэрыторыя дэ-факта была пашырана да пяці губерняў, калі генерал-губернатар Аляксандр Дрэнтэльн быў прызначаны часовым генерал-губернатарам Чарнігаўскай і Палтаўскай губерняў.
У 1889 г. быў вернуты склад з трох губерняў. У такім выглядзе край праіснаваў да скасавання ў 1915 г. Апошнім генерал-губернатарам стаў Фёдар Трэпаў.
У 1903 г. у краі ўведзена земства паводле асаблівых правілаў — з прызначэннем земскіх гласных ад ураду, а ў 1911 г. — выбарнае земства па правілах, што дыскрымінавалі землеўладальнікаў польскага паходжання. Прыняцце гэтага закона справакавала востры палітычны крызіс.
Кіеўскае генерал-губернатарства было скасавана ўказам расійскага імператара ад 30 кастрычніка 1914 г. Ліквідацыйны перыяд працягваўся да 1916 г.
Спіс генерал-губернатараў, ваенных губернатараў, ваенных генерал-губернатараў
Генерал-губернатар Кіеўскага намесніцтва (1781—1796)
- 1781—1796 — граф Пётр Аляксандравіч Румянцаў-Задунайскі, генерал-фельдмаршал
Кіеўскія генерал-губернатары (1796—1801)
- 18.11.1796—29.11.1797 — граф Іван Пятровіч Салтыкоў, генерал-фельдмаршал
- 30.11.17976—12.03.1798 — Андрэй Рыгоравіч Розенберг (1739—1813), генерал ад інфантэрыі
- 03.1798—06.1798 — Іван Васілевіч Гудовіч (1741—1820), генерал ад інфантэрыі
- 13.06.1798—1799 — Аляксандр Андрэевіч Бекляшоў (1743—1808), генерал ад інфантэрыі
Кіеўскія ваенныя губернатары (1801—1832)
- 1801—1803 — Андрэй Міхайлавіч Феньш, генерал-лейтэнант
- 1803—1806 — Аляксандр Пятровіч Тармасаў, генерал ад кавалерыі
- 28.09.1806—03.07.1809 — Міхаіл Іларыёнавіч Кутузаў (1745—1813), генерал ад інфантэрыі
- 1810—08.1818 — Міхаіл Андрэевіч Міларадавіч (1745—1813), генерал ад інфантэрыі
- 08.1818—1827 — вакансія
- 1827—1829 — Пётр Фёдаравіч Жалтухін, генерал-лейтэнант
- 1829—22.01.1832 — Барыс Якаўлевіч Княжнін, генерал-лейтэнант
Кіеўскія ваенныя генерал-губернатары (1832—1864)
- 22.01.1832—09.06.1835 — граф Васіль Васілевіч Левашоў (1783—1848), генерал ад кавалерыі, генерал-ад'ютант
- 09.06.1835—15.11.1837 — граф Аляксандр Дзмітрыевіч Гур'еў (1785—1865), генерал-лейтэнант
- 19.01.1863—19.01.1865 — Мікалай Мікалаевіч Аненкаў, генерал ад інфантэрыі, генерал-ад'ютант
- 29.12.1837—30.08.1852 — Дзмітрый Гаўрылавіч Бібікаў, генерал-ад'ютант, генерал-лейтэнант (генерал ад інфантэрыі)
- 30.08.1852—12.11.1862 — князь Іларыён Іларыёнавіч Васільчыкаў, генерал-ад'ютант, генерал-лейтэнант
- 19.01.1863—19.01.1865 — Мікалай Мікалаевіч Аненкаў, генерал ад інфантэрыі, генерал-ад'ютант
Кіеўскія генерал-губернатары (1864—1915)
- 19.01.1863—19.01.1865 — Мікалай Мікалаевіч Аненкаў, генерал ад інфантэрыі, генерал-ад'ютант
- 19.01.1865—16.01.1869 — Аляксандр Паўлавіч Безак, генерал-ад'ютант, генерал ад артылерыі
- 16.01.1869—16.04.1878 — князь Аляксандр Міхайлавіч Дандукоў-Корсакаў, генерал-ад'ютант, генерал-лейтэнант
- 16.04.1878—13.01.1881 — Міхаіл Іванавіч Чарткоў, генерал-ад'ютант, генерал-лейтэнант
- 13.01.1881—15.07.1888 — Аляксандр Раманавіч Дрэнтэльн, генерал ад інфантэрыі, часовы генерал-губернатар чарнігаўскі і палтаўскі
- 12.08.1889—07.12.1897 — граф Аляксей Паўлавіч Ігнацьеў, генерал-лейтэнант
- 01.01.1898—24.12.1903 — Міхаіл Іванавіч Драгаміраў, генерал-ад'ютант, генерал ад інфантэрыі
- 24.12.1903—19.10.1905 — Мікалай Васілевіч Клейгельс, генерал-лейтэнант
- 19.10.1905—18.12.1908 — Уладзімір Аляксандравіч Сухамлінаў, генерал-лейтэнант
- 18.12.1908—11.09.1914 — Фёдар Фёдаравіч Трэпаў, генерал ад кавалерыі
- 11.09.1914—30.10.1914 — вакансія
- 30.10.1914—1916 — (працэс скасавання)
Зноскі
- Поўны збор законаў Расійскай Імперыі. Збор першы. Т. 26, №20004.
- Киселев, А.А. Система управления и чиновничество белорусских губерний... С. 50.
- У тыя часы ў Расійскай Імперыі галоўнай этнавызначальнай прыкметай лічылася веравызнанне. Гл.: Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — С. 108—111.
- Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — С. 103, 108.
- Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор другі, Т. 39, аддз. 1, №40635. Тым жа ўказам былі перайменаваны і іншыя ваенныя генерал-губернатарствы і ваенныя губернатарствы Расійскай Імперыі.
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.