Remove ads
беларускі і польскі паэт From Wikipedia, the free encyclopedia
Ян Анто́ні Чачо́т (6 ліпеня (17 ліпеня) 1796[3], в. Малюшычы Навагрудскага павета Слонімскай губерні, цяпер Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць — 11 (23) жніўня 1847, Друскенікі, цяпер Друскінінкай, Літва; Псеўданім: Tłumacz Piosnek wieśniaczych z nad Niemna i Dźwiny; Крыптанімы: Jan Cz…t; Jan Cz…tt; F. Kol…) — беларускі[4][5] і польскі паэт , драматург , перакладчык, фалькларыст, мовазнавец.
Ян Чачот | |
---|---|
| |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | Ян Антоні Чачот |
Псеўданімы | Tłumacz Piosnek[1] |
Дата нараджэння | 24 чэрвеня 1796[2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 23 жніўня 1847 (51 год) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Бацька | Тадэвуш Чачот |
Маці | Клара з Гасіцкіх |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | драматург, перакладчык, паэт, фалькларыст, пісьменнік, этнограф |
Кірунак | рамантызм |
Жанр | верш, балада, песня |
Мова твораў | беларуская, польская |
Подпіс | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Цытаты ў Вікіцытатніку |
Сабраў каля тысячы аўтэнтычных беларускіх народных песень і выдаў іх у шасці зборніках «Сялянскіх песень…» у перакладзе на польскую мову, восьмую частку з якіх апублікаваў у беларускім арыгінале[6]. У сваёй прадмове да «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны» 1846 годзе ён зрабіў нарыс граматычных асаблівасцей беларускай мовы і ўпершыню паставіў пытанне аб прынцыпах будучага «крывіцкага» правапісу[7]. У баладнай творчасці Янам Чачотам было адлюстравана дванаццаць паданняў і народных казак, а таксама дзесяць матываў з народных вераванняў і звычаяў[8]. Пазнейшыя збіральнікі народнай творчасці (А. Кіркор, І. Насовіч, П. Шэйн) у сваіх зборніках актыўна публікавалі запісаны Янам Чачотам фальклорны матэрыял, пры гэтым не заўсёды пазначаючы крыніцу прыведзеных тэкстаў[9].
Яго руплівая дзейнасць па збіранні беларускага фальклору і спробы ўнармавання беларускай граматыкі, паводле польскіх і беларускіх даследчыкаў, з’яўляюцца досвіткам беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння[10][11]. У пераважнай большасці выпадкаў паэт называе беларускую мову «славянакрывіцкай мовай» альбо «крывіцкім дыялектам»[12]. Ужыванне Янам Чачотам у мастацкіх творах выразаў «Белая Русь» і «па-руску пяём» заўважыў яшчэ беларускі мовазнавец Леў Цвяткоў[13].
Вершы паэта актыўна ставіліся на музыку яго сучаснікам Станіславам Манюшкам: усяго на арыгінальныя тэксты і пераклады вусна-паэтычных твораў Яна Чачота кампазітар напісаў 22 песні, болей, чым на словы любога іншага аўтара[14].
Нарадзіўся 7 ліпеня (24 чэрвеня) 1796 года ў вёсцы Малюшычы ў сям’і беззямельнага шляхціча Тадэвуша Чачота і Клары з Гасіцкіх. Быў ахрышчаны ў парафіяльным касцёле ў Варончы, прычым, двойчы — спачатку, 6 ліпеня, уніяцкім, а потым, 19 ліпеня, каталіцкім святаром, які даў яму другое імя Антоні[15]. З Малюшычаў Чачоты, якія арандавалі там фальварак, праз нейкі час перабраліся пад Баранавічы ў фальварак Рэпіхава Навамыскай парафіі (цяпер — Ляхавіцкі раён), дзе яго бацька ўладкаваўся аканомам да памешчыка Тызенгаўза.
Адсюль, недзе ў 1809 годзе, Ян Чачот перабраўся ў павятовы горад Навагрудак, дзе ў 1809—1815 гадах вучыўся ў дамініканскай школе. Тут ён моцна пасябраваў з сваім аднакласнікам Адамам Міцкевічам. Пра гэты пэрыяд іх сяброўства ўспамінаў Ігнат Дамейка ў працы «O młodości Mickiewicza»:
Два нашыя студэнты Наваградскай школы з гадоў маленства добра ведалі наш літоўскі люд, палюбілі яго песні, прасякнуліся яго духам і паэзіяй, да чаго, вядома ж, прычынілася і тое, што малое мястэчка Наваградак не шмат чым адрознівалася ад нашых вёсак і засценкаў. Школьнае жыццё было хутчэй сельскае. Сябры хадзілі на кірмашы, на царкоўныя ўрачыстасці, бывалі на сялянскіх вяселлях, дажынках і хаўтурах. У тыя школьныя часы ўбогая страха і народная песня распалілі ў абодвух першы паэтычны агонь. Адам хутка ўзнёсся да высокай сферы сваіх цудоўных твораў. Ян жа да смерці застаўся верны роднай паэзіі…[16] |
Вінцэнт Каратынскі, азнаёміўшыся з школьнымі кнігамі, якія захоўваліся ў Навагрудскай гімназіі, пісаў:
З пераходам Міцкевіча ў чацвёрты клас, пачалі падавацца рапарты аб выдатніках. З таго часу імя Адама побач з імем Яна Чачота заўсёды на тых ганаровых старонках фігуравала[17]. |
Восенню 1815 года выехаў у Вільню, дзе ў 1816 годзе паступіў на факультэт маральных і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта і з-за фінансавых цяжкасцей правучыўся толькі адзін год. Каб зарабіць на хлеб, спачатку меў невялікі заробак за паслугі віленскім адвакатам[15], а потым уладкаваўся пісарам у Радзівілаўскую камісію, створаную па ўказе імператара Аляксандра I у лютым 1814 г. для распараджэння спадчынай апошняга прадстаўніка нясвіжскай галіны роду Радзівілаў — Дамініка Радзівіла (1786—1813), палкоўніка войск Варшаўскага герцагства.
У кола Чачотавых абавязкаў па службе ўваходзіла ўпарадкаванне і капіраванне спадчынных дакументаў. У сувязі з гэтым даводзілася выязджаць у Навагрудак, Мінск, Варшаву і іншыя гарады. Нягледзячы на вялікую занятасць працягваў наведваць вольным слухачом асобныя лекцыі Іаахіма Лялевеля і Ігната Даніловіча: вывучаў літаратуру, гісторыю, мовы і асабліва права, імкнучыся стаць адвакатам[18].
Прававому ўдасканаленню садзейнічала вывучэнне Статута Вялікага Княства Літоўскага, які для паэта стаў «лёсу вытокам»[19]. У лісце да Ануфрыя Петрашкевіча ён адзначаў:
Так я заглыблены ў Статут, што калі з Жэготам пачынаем спяваць, то ён з кнігі нямецкай, а я са «Статута» што-небудзь спяваю[20]. |
16 красавіка 1818 года паводле выдатнай рэкамендацыі Адама Міцкевіча залічаецца ў нядаўна створанае Таварыства філаматаў[21], дзе прымае чынны ўдзел на філамацкіх пасяджэннях з сваімі творамі, з разглядам творчасці сяброў, з навуковымі паведамленнямі і аглядамі варшаўскага друку[20].
Карыстаўся вялікаю павагаю сяброў за вясёлыя песні і вершы, якія ён пісаў «на народнай гаворцы» да ўсіх сходак і вечарынак Таварыства. Паводле «Польскага слоўніка біяграфічнага», спецыяльнасцю Яна Чачота былі «беларускія песні, якія ён складаў на падзеі дня на ўзор народных песень»[22]. Рытуальнаю, напрыклад, стала песня на беларускія словы Яна Чачота «Што мы вашэці скажам…», якую філаматы спявалі на кожнай урачыстасці[21].
Як адзначае польскі літаратуразнавец Станіслаў Швірко ў кнізе «Z kręgu filomackiego preromantyzmu»:
Наймацней адбівалася ў жыцці філаматаў песенная творчасць якраз Чачота. Не было імянін, маёўкі ці сяброўскага сходу, якога б Янак (альбо Ян з Мышы — як яго таксама звалі) не аздобіў сваімі сардэчнымі «песенькамі», як заўсёды, патрыятычнымі, народнымі па сваім духу, нярэдка напісанымі на матыў песні беларускага люду…[23] |
На паэтычным турніры філаматаў, які адбыўся 21 снежня 1818 у Вільні, быў прызнаны трэцім (пасля Адама Міцкевіча і Тамаша Зана) паэтам[24]. З 1820 года ўзначаліў найбольш важны — Блакітны (літаратурны) аддзел у складзе Таварыства філарэтаў, які аб’ядноўваў літаратараў і ўдзельнічаў у дзейнасці прамяністых. Тут ён вельмі актыўна ўзяўся за выхаванне літаратурнай моладзі, з вялікай патрабавальнасцю ставячыся да яе творчасці, за што маладыя літаратары жартам празвалі яго «Ментарам». Узяў пад асабістую апеку Антонія Эдварда Адынца[25].
У 1819 годзе паводле хронікі Марціна Бельскага і Яна Длугаша напісаў лібрэта аперэты «Малгажата з Зембаціна». У яго межах Ян Чачот расказаў эпізод вяртання з вайны рыцара Мікалая якраз у той момант, калі яго адданая жонка Малгажата можа стаць ахвяраю інтрыг спакусніка Шчэпана і яе служанкі Эвы. Адам Міцкевіч лічыў гэтае лібрэта творчай удачай сябра, даваў высокую ацэнку музычнасці верша ў пачатковых арыях[26].
У 1820 годзе пачаў актыўна вывучаць нямецкую мову, што, аднак, не паўплывала на яго паэзію і скончылася перакладам некалькіх нямецкіх вершаў на польску мову[19]. Выступаў у якасці рэдактара і карэктара першага паэтычнага зборніка Адама Міцкевіча, калі той знаходзіўся ў Коўне. Клапаціўся аб яго выданні ў Вільні[27].
У 1823 годзе арганізаваў паэтычны клуб «Касталія». У клуб ўваходзілі будучы збіральнік і перакладчык літоўскіх песень Эмерык Станевіч, паэт і перакладчык Дантэ Юліян Корсак, паэт і арыенталіст Людвік Шпіцнагель[28] і іншыя.
Арыштаваны 10 (22) кастрычніка 1823 года ў час выкрыцця тайных студэнцкіх згуртаванняў пры Віленскім універсітэце. Утрымліваўся ў былым касцёле місіянераў, затым быў пераведзены ў былы францысканскі манастыр.
У часе арышту ўжо сабраў значную колькасць народных песень, якія ўвайшлі ў яго рукапісны зборнік «Песенькі і іншыя творы», складзены ў турме паміж допытамі і перададзены на захаванне безнадзейна каханай ім Зосі Малеўскай, сястры філамата Францішка Малеўскага[29]. У рукапісны зборнік акрамя песень уваходзілі таксама элегіі (т.зв. трэны).
У паказанні ад 10 кастрычніка 1824 года Ян Чачот падаў наступныя біяграфічныя звесткі:
Завуць мяне Ян Чачот, узрост мой — 27-ы год. Паходжання шляхецкага, доказы на гэта ёсць у фаміліі, ведаю, што ёсць радавод, у якім я змешчаны. Родам з Гарадзенскай губерні Наваградскага павета. Маёнтка не маю, служу ў Радзівілаўскай камісіі пры кантролі і з гэтай пасады кармлюся. Вучыўся ў школе айцоў дамініканцаў у Наваградку. Пасля прыбыцця ў Вільню наведваў у 1816 г. універсітэт, таксама і пазней у 1817 г., наколькі мне дазваляла мая служба пры адвакаце Турскім; у 1818 г., паступіўшы ў камісію, спыніў свае навукі і не маю ніводнай навуковай ступені і звання[30]. |
Яна Чачота абвінавачвалі «в чтении на собраниях филаретов дерзких и ругательством против россиян наполненных стихов и в произнесении приветствий и речей, противных верности к Российскому Престолу»[31]. Каб адвесці пагрозу ад арыштаваных таварышаў, браў на допытах віну на сябе, за што разам з Тамашам Занам і Адамам Сузіным панёс самае суровае пакаранне — дзесяцігадовае выгнанне ў глыбіні Расіі.
Па прыгаворы 10 (22 кастрычніка) 1824 года яны былі адпраўленыя ў Арэнбург. Чачот сасланы спачатку ў крэпасць Кізіл, дзе адбыў шасцімесячны тэрмін зняволення. Жывучы ў спасылцы ў Кізіле, перакладаў на польскую мову Вашынгтона Ірвінга (пераклад выйшаў у Вільні ў 1830 годзе), пісаў вершы.
У 1826—1830 гадах жыў ва Уфе. Уфіміскі перыяд жыцця Яна Чачота малавядомы, і асноўнай крыніцай з’яўляюцца матэрыялы паліцэйскага нагляду: даносы, даклады і інфармацыі[32].
У 1827 годзе паступіў на дзяржаўную службу канцылярыстам у бюро мясцовага губернатара. Паэту таксама дазволілі жыць на кватэры ў заможных гаспадароў і вучыць іх дзяцей. Атрымліваў на жыццё 50 капеек сутачных[32]. У вольны ад гувернёрскіх заняткаў час займаўся вывучэннем замежных моў. Беларускі гісторык Валянцін Грыцкевіч знайшоў у Цэнтральным дзяржаўным архіве Башкірыі, у фондзе Арэнбурскага грамадзянскага губернатара за 1824—1830 гг., наступны запіс:
Студэнт Іван Фадзееў сын Чачот — перайменаваны ў канцылярыста ў мінулым 1828 годзе ліпеня з 14-га дня, знаходзіцца на кватэры і працягвае служэнне ў канцылярыі пана Арэнбурскага губернатара, займаецца пісьмаводствам і ад казны ўжо ніякага жалавання не мае, а атрымлівае адпаведна працы грошы[33]. |
У маі 1830 года быў вызвалены ад паліцэйскага нагляду і атрымаў дазвол пасяліцца ў цэнтральных губернях Расіі. У 1830 годзе змог пераехаць у Маскву.
З 1830 года жыў у Цверы, дзе падчас эпідэміі халеры па загадзе губернатара К. Я. Цюфяева разам з іншымі ссыльнымі палякамі паўгода ўтрымліваўся пад арыштам.
У Цверы захапіўся збіраннем мясцовых этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў, якія пасылаў свайму сябру-філамату манголазнаўцу Восіпу Кавалеўскаму ў Казань, куды той быў сасланы. Гэтыя матэрыялы загінулі ў час паўстання 1863—1864 гадоў ў варшаўскай кватэры Кавалеўскага, які к таму часу вярнуўся ў Польшчу. Пазней Кавалеўскі пісаў навукоўцу-ўсходазнаўцу В.В. Грыгор'еву :
…І гэта стос пісьмаў (Чачота), каля 200 аркушаў, у час разгрому маёй маёмасці ў Варшаве знік без вестак. Цяжка, цяжка аб гэтым пісаць[33]. |
У 1833 годзе яму дазволілі вярнуцца на Беларусь, у мястэчка Лепель, дзе ён уладкоўваецца канцылярыстам у інжынерным упраўленні Бярэзінскага канала, якое месцілася ў Лепельскім павеце. За добрую службу атрымлівае чын губернскага сакратара[34]. У Лепелі Ян Чачот заняўся зборам народных песень, якія потым увайшлі ў яго зборнікі.
Толькі ў 1839 годзе «государь император высочайше повелеть соизволил» адпусціць Яна Чачота дамоў, на Наваградчыну, і зняць з яго паліцэйскі нагляд[20].
З 1841 года працаваў бібліятэкарам у Шчорсаўскай бібліятэцы да смерці яе ўладальніка Адама Храптовіча ў 1844 годзе[20]. Тут ён беспаспяхова спрабуе зацвердзіць у расійскім дваранстве сваю галіну роду Чачотаў[34]. Таксама актыўна займаецца збіраннем і публікацыяй беларускага фальклору. Пасля смерці гаспадара Шчорсаў (1844) разлічваў на службу ў бібліятэцы ў Лагойску, але Канстанцін Тышкевіч не адгукнуўся на яго прапанову[35]. Пазней жыў у сваіх сяброў на Наваградчыне — спачатку ў Вяржбоўскіх у Далматаўшчыне (разам з Тамашам Занам[36]), потым у Рафала Слізеня ў Вольнай і Бортніках, займаўся выданнем у Вільні сабраных ім твораў беларускага фальклору.
У надзеі паправіць сваё надломленае здароўе вясной 1847 года выехаў на лячэнне ў Друскенікі «на воды», дзе ў жніўні з ім здарыўся параліч. Але лячэнне не дало чаканага выніку і 11 (23) жніўня 1847 года Ян Чачот памёр у суседняй з Друскенікамі вёсцы Ротніца, дзе і быў пахаваны паблізу касцёла.
Праз дзесяць гадоў пасля пахавання намаганнямі гарадзенца Заторскага над магілай Чачота быў пастаўлены помнік, на якім выбілі эпітафію Антонія Эдварда Адынца.
Юзаф Ігнацы Крашэўскі, які быў пры хворым у апошнія хвіліны, пісаў:
Бедны, як Ж.-Ж. Русо, і горды, як ён, сваёй беднасцю, Чачот скончыў свае дні ў маленькай хатцы, у нястачы, пра якую амаль не здагадваўся[35] |
Адам Міцкевіч, са спазненнем даведаўшыся пра смерць свайго сябра, пісаў 26 чэрвеня 1853 года Ігнату Дамейку з Парыжа ў Чылі:
Дарагі Ігнат, вось штосьці пра нашых былых сяброў і мінулыя часы. З двух канцоў зямлі, якія аддалілі нас адзін ад аднаго, мы бачым па-рознаму цяперашнія часы, у мінулым жа мы сустракаемся па-ранейшаму. Не ведаю, ці вядома табе, што ад нас пайшоў твой ранейшы таварыш, а мой стары сябар (з першага класа) Ян Чачот. Дзень яго смерці нам невядомы. Мы даведаліся толькі, што ён памёр. Прыблізна ў той час, калі ён памёр, мне ўсё снілася пра яго адно і тое ж: што ён прыехаў у Парыж, а я з-за нейкіх перашкод не магу з ім пабачыцца. Гэта мучыла мяне ў сне, і я прачынаўся сумны. Мне доўга не хацелася верыць весткам пра яго смерць, якія ў нас так цяжка праверыць. Цяпер я ведаю пэўна, што ён памёр. Доўгія гады і многія ўспаміны звязвалі мяне з ім. Перад смерцю ён выдаў беларускія песні, і яны там мелі вялікую прыхільнасць…[27] |
Сам жа Ігнат Дамейка так пісаў пра Чачота:
З дзяцінства Чачот быў паэтам, як Адам, і хоць яны былі нібы звязаныя адной душой, значна адрозніваліся знешнасцю, характарам, як гэта кажуць, тэмпераментам… Чачот адзіны, можа, каму дазволена было бурчаць на Адама, дакараць яго і рабіць яму заўвагі. Нават у знешнасці яго заўважаўся дзіўна лагодны, рахманы характар. Нізкі, круглатвары, як паблажлівы да ўсіх, так патрабавальны да сябе і Адама, ён быў сапраўдным увасабленнем чуласці і любові да бліжняга…[37] Жывы, душэўны, вясёлы, таварыскі з усімі, просты і аднолькавы непасрэдна, нават бесцырымонны як да маладзейшых за сябе, так і да паважных вучоных людзей; любіў спяваць, чула адгукаўся на розныя падзеі, хутка мог успыхнуць ад гневу і гэтак жа хутка астыць, дараваць людзям за нейкую крыўду, асабліва паблажлівы быў да сціплых і гаротных, меў напраўду сялянскую натуру, прытым слыў ён набожным католікам. Заўсёды гатовы быў служыць нам, але часта і бурчаў, не змоўчваў, калі бачыў у нас нешта кепскае, бо хацеў, каб яго сябры, і перш за ўсё Адам, былі бездакорныя ва ўсім[31]. |
Першыя вядомыя літаратурныя творы Яна Чачота з’явіліся недзе каля 1818 года і, так ці інакш, былі звязаныя з філамацкім жыццём. Песні і вершы з нагоды студэнцкіх урачыстасцей пісаліся на гатовы матыў ужо вядомых яму беларускіх народных песень[38]. Такім чынам узніклі вельмі папулярныя сярод філамацкага кола песенныя творы «Што старыя за вар’яты», «Прэч, прэч, сум, нудоты…», «Сем дзён малаціла, шастак зарабіла…», «Ой валы ж мае да палавыя», «Бяду сабе купіла да за свае грошы», «Як не бачу Петруся, то я з ветру валюся» і інш. У прыпісах да гэтых твораў Ян Чачот пазначаў зыходную назву народнай песні альбо тлумачыў, што песня напісаная на матыў «крывічан»[38]. Паводле Ірыны Бароўскай, Ян Чачот сфармуляваў асноўныя законы і прынцыпы, згодна з якімі і павінна была з’явіцца і развівацца нацыянальная прафесійная песня[39].
Надзвычай высокай папулярнасцю сярод філаматаў карысталіся тыя творы Яна Чачота, якія былі напісаныя па-беларуску[40]. Першыя з беларускіх твораў паэта, якія дайшлі да нас, адносяцца да 1819 года. Гэта паэтычная сцэнка (паводле іншых звестак — драматычная паэма[27]), прымеркаваная да 7 сакавіка 1819 года — як своеасаблівае віншаванне з імянінамі старшыні Таварыства філаматаў Юзафа Яжоўскага, родам з Украіны. Умоўна гэты твор названы «Яжовыя імяніны». Папулярная сярод моладзі была таксама і песня «Да пакіньце горла драць», напісаная да ўгодкаў філамата Дзянісія Хлявінскага[41]. Пра поспех гэтай песні Ян Чачот пазней расказаў у лісце да Адама Міцкевіча 16 лістапада 1819 года:
На імяніны Дзіянісія я напісаў некалькі мужыцкіх песень, сярод якіх апошняя «Да пакіньце горла драць» найбольш прыйшлася даспадобы Тамашу, ён прыдумаў да яе, як я ўжо казаў, матыў і лез з ёй да ўсіх, як цыган на кірмашы. А раз спадабалася песня, я мусіў напісаць вершы і для Яроша і той самы верш «Да пакіньце горла драць» перарабіць для яго. І не толькі гэтыя, але і «Што ж мы вашэці скажам», разахвочаныя, спявалі. Словам, на імянінах і чыталі, і спявалі…[42] |
Ведаючы пра асаблівую цікавасць Адама Міцкевіча да твораў на беларускай мове[43], Ян Чачот у гонар аднаго з прыездаў апошняга з Коўна напісаў верш «Едзеш, міленькі Адам», які быў прачытаны на імяніннай урачыстасці Міцкевіча і Зана 24 снежня 1819 года[44].
Некаторыя беларускія творы Яна Чачота не дайшлі да сённяшняга дня. Так, напрыклад, Адам Мальдзіс у кнізе «Падарожжа ў XIX стагоддзе» (1969) адзначае, што ў Яна Чачота была п’еса, прысвечаная Адаму Міцкевічу, напісаная для тэатра[43]. З «Матэрыялаў да гісторыі таварыства філаматаў» вядома, што на навуковым пасяджэнні 12 снежня 1818 года паэт чытаў верш «Купала», які аднагалосна ўхвалілі, а на паседжанні 23 снежня таго самага года Адам Міцкевіч чытаў «Крытыку „Купалы“ Чачота»[45].
У часе зняволення па справе віленскіх згуртаванняў моладзі Ян Чачот напісаў шмат песень сваёй каханай Зосі Малеўскай, якая пазней выконвала іх пад фартэпіяна[27].
У 1845 годзе ў альманаху «Rubon» размясцілі паэтычны цыкл Яна Чачота пад назваю «Песенькі», складзены з адзінаццаці вершаваных твораў. Вершы «Яна далёка», «Раскоша», «Малацьбіты», «Адмаўленне», «Клетка» і «Праснічка» выяўляюць яскравыя лірычныя тэмы, якія, на думку Уладзіміра Мархеля, натхняліся безнадзейным каханнем паэта да Зосі Малеўскай[46].
Таксама захаваўся верш Яна Чачота на французскай мове «La retour à la chapell» («Вяртанне да капліцы») — успамін аб гадах дзяцінства і юнацтва, аб страчаных сябрах і маладых марах[47]. Гэты верш памылкова прыпісан Яну Чачоту, на самой справе, ён яго толькі запісаў, альбо перапісаў.[48] У 1846 годзе выдаў зборнік песень асветніцка-павучальнага характару на польскай мове «Песні дзедзіча» (па-польску: Pieśni ziemianina).
Варта адзначыць, што не ўсе польскамоўныя вершы Яна Чачота з’яўляюцца на цяперашні момант перакладзенымі. У вершы «Na śmierć szpaka» Ян Чачот называе свой край «Белай Руссю»: «Sława nauk po Białej tak błaka sie Rusi» (радок 77). У вершы «Duma nad mogiłami Francuzow» паэт апісвае вайскоўцаў з арміі Напалеона, як абаронцаў вольнасці беларускага краю[49]. У вершы «Тыртэй» аўтар услаўляе спартанцаў, як барацьбітоў за нацыянальную свабоду. У сцэнічным творы Я. Чачота «Апалон на калядаванні» яскрава выяўляецца матыў антыклерыкалізму, уласцівы і іншым філаматам. У даным творы вуснамі музы Каліёпы аўтар гаворыць наступнае: «Я ўжо абміну крыжовыя паходы, да якіх падгаворвалі манахі, пераварочванне бяздольных інкаў цаною праліцця крыві.. Цэлы свет, як студэнт пад паказкаю Лаёлы, стагнаў, бядак… шмат вякоў пражыў свет, пакуль даведаўся аб мэце рэлігіі» (радкі 111—116)[50]. Моцным антыклерыкальным пафасам прасякнуты і верш-пахвала ксяндзу Дзянісу Хлявінскаму «Powieść o miodzie w bodze welebnego księdza Dyonizego»:
Шкада, што ты зусім не дбаеш, не звяртаеш увагі на злы прыклад, які падаеш... Калі тваім брухам распёртая карэта бяскарна ламае брук, выбіваючы іскры, ты лётаеш увесь чырвоны, як быццам тая камета, а ззаду, як хвост, цягнуцца за табою гайдукі. Ты бліснеш сярод дому, дзе юрлівая дзеўка спяшаецца атрымаць пацалункі, якія толькі што набылі святасць, і з ветлівым прысяданнем сустракае цябе на месцы свайго мужа, бо ты не грэбуеш гэткімі падламі[51]. |
Леў Цвяткоў, аналізуючы вершы Яна Чачота пад агульнаю назваю «Jaroszowe», сцвярджае, што тут мы знаходзім спрэчку паміж святымі Францішкам і Геранімам з узаемнымі абвінавачваннямі такога гатунку, што «я не адважваюся ўмясціць гэтыя прыклады ў мой артыкул»[52].
Верш «Праснічка» з «рубонаўскага» цыкла асабліва ўпадабаў Станіслаў Манюшка і неўзабаве паклаў яго на музыку, змясціўшы ў трэцім «Хатнім спеўніку» (1851). У тым жа «Спеўніку» была змешчана песня «Салоўка», напісаная на Чачотаў пераклад з беларускай народнай песні. У другі «Хатні спеўнік» (1845) Манюшка ўключыў адну песню на словы Чачота — «Кум і кума», у чацвёрты (1855) — першы варыянт «Вандроўнай птушкі». Другая музычная версія на гэты тэкст трапіла ў пяты «Хатні спеўнік» (1858), у які ўвайшлі яшчэ 12 песень, напісаных на Чачотавы наследаванні і пераклады беларускага меласу[14].
Усяго на арыгінальныя тэксты і пераклады вусна-паэтычных твораў Я. Чачота Станіслаў Манюшка напісаў 22 песні, болей, чым на словы кожнага іншага аўтара, напрыклад Адама Міцкевіча ці Уладзіслава Сыракомлі[14].
З літаратурнай спадчыны Яна Чачота вялікую цікавасць маюць балады, напісаныя ім у 1818—1819 гадах. Да нас дайшлі восем балад паэта («Бекеш», «Наваградскі замак (балада)», «Калдычэўскі шчупак», «Падземны звон на горцы ў Пазяневічах», «Радзівіл, або заснаванне Вільні», «Узногі», «Мышанка», «Свіцязь») і ўсе яны напісаныя паводле беларускіх народных паданняў[53].
Як адзначае польскі даследчык літаратуры Станіслаў Швірка, Янам Чачотам было адлюстравана дванаццаць паданняў і народных казак, а таксама дзесяць матываў з народных вераванняў і звычаяў. Паводле яго слоў, як народныя паданні, так і матывы пададзены аўтарам з вялікаю дакладнасцю[8]. На думку Уладзіміра Мархеля, агульная асаблівасць балад паэта заключалася ў тым, што ў іх спалучаліся два пачаткі — асветніцка-рацыяналістычны і рамантычны[54]. Тым не менш, даследчык польскай літаратуры Станіслаў Станкевіч адзначае, што:
Балады — самыя слабыя творы Чачота. Грэшаць яны як недасканалаю кампазіцыяй, так і хібамі тэхнікі стылю — цяжкага і нязграбнага. Бракуе ім выразнасці ды кампактнасці, яны залішне доўгія, «Свіцязь», напрыклад, мае 560 радкоў. Чачоту… на ніве балады бракавала эпічнага чуцця, і ён не мог зраўняцца з лепшымі баладамі Зана. Аднак, нягледзячы на значныя мастацкія хібы, Чачотавы балады вельмі цікавыя, бо ў іх выяўляюцца на поўную моц шчырыя і непасрэдныя адносіны паэта да фальклору[55]. |
Будучы паводле зместу творамі баладнага жанру, яны цярпелі жанравыя страты праз павучальныя ўпляценні ў вершаванае апавяданне, гэтак жа як і ад таго, што народныя паданні ўзнаўляліся ў іх максімальна дакладна праз спрошчана-гутарковы стыль і перанасычэнне падзей побытавымі рэаліямі[35]. Як адзначае Уладзімір Мархель, балады Яна Чачота неслі ў сабе відавочныя рысы гавенды — жанру, які пашырыўся ў польскай літаратуры як варыянт вершаванага апавядання і знайшоў развіццё ў форме «народнай гутаркі» ў творчасці Уладзіслава Сыракомлі і быліцы — у Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
Зрэшты, польскія даследчыкі, як адзначае перакладчык паэзіі філаматаў Кастусь Цвірка, да галоўных недахопаў балад Яна Чачота прылічаюць рыхласць кампазіцыі, зацягнутасць, а таксама сляпое прытрымліванне фальклорнай асновы і карыстанне гутарковаю моваю, «засмечанаю» шматлікімі «правінцыялізмамі» і «дыялектызмамі»[53].
Упершыню балады Яна Чачота былі апублікаваныя ў 1886—1889 гг. Янам Рыхтэрам пад назвай «Ян Чачот і яго нязнаныя вершаваныя творы». Ян Рыхтэр натрапіў у паперах аднаго з сяброў паэта — гаспадара маёнтка Цешаўля Наваградскага павета Адольфа Кабылінскага — на рукапісны сшытак з Чачотавымі баладамі. Пазней сшытак выпаў з-пад увагі даследчыкаў і лічыўся страчаным. Другі раз яго знайшоў у 1953 годзе Чэслаў Згажэльскі . Як выявілася, перададзены ў бібліятэку Асалінскіх у Львове, сшытак быў няправільна зарэгістраваны і згубіўся ў папяровых секцыях. Толькі ў 1972 годзе ўсе восем вышэйзгаданых балад былі апублікаваныя Станіславам Швіркам у кнізе «З кола філамацкага перадрамантызму»[53].
Чачотавым баладам належыць вельмі сціплае месца ў развіцці гэтага літаратурнага жанру ў Польшчы з прычыны іх нізкага мастацкага ўзроўню, аднак, як адзначае Станіслаў Швірка, яны, у шэрагу з паэтавымі песнямі, «былі галоўным імпульсам, які падштурхнуў Міцкевіча ў кірунку народнасці…»[56]
Ян Чачот сабраў каля тысячы аўтэнтычных народных песень і выдаў іх у шасці зборніках[57]. Па вяртанні з высылкі, наладзіўшы кантакты з памочніцамі-карэспандэнткамі і ў выніку назапасіўшы багаты фальклорны матэрыял, Ян Чачот падрыхтаваў яго да друку пад агульнаю назваю «Сялянскія песні…». У сваіх выданнях паэт вызначаў канкрэтную асветніцкую задачу: выклікаць у пануючых класаў і адукаванай публікі роднага краю цікавасць да духоўнага жыцця сялянства, звярнуць увагу на маральна-этычную змястоўнасць і эстэтычную каштоўнасць сялянскай песнятворчасці, прывіць ім павагу да здабыткаў народнай культуры[58]. У прадмове да свайго зборніка ён заклікаў недакладна пачаць збіранне беларускага фальклору:
…будуць некалі, праз некалькі вякоў пасля нас, шкадаваць і заслужана папракаць сённяшнія часы, калі мы не збяром рупліва гэтых помнікаў і не перададзім нашчадкам[57]. |
У першых зборніках Ян Чачот публікаваў «крывіцкія» песні ў перакладах на польскую мову, аднак у выданні «Сялянскія песні з-над Нёмана і Дзвіны» 1844 году ён апублікаваў дзевятнаццаць арыгінальных беларускіх песень «з тэкстам арыгіналу». Працягам працэсу збліжэння Яна Чачота з беларускім словам стаў апошні зборнік «Сялянскіх песень…», выдадзены ў 1846 годзе. У яго ўвайшлі арыгінальныя валачобныя, вясеннія, купальскія, калядныя, дажынкавыя ці летнія, вясельныя, хрэсьбінныя і іншыя беларускія народныя песні. Да таго ж тут быў змешчаны верш «Да мілых мужычкоў», напісаны Чачотам па-беларуску[58].
Паводле Аляксандра Крывіцкага, запісы песень у апошніх двух зборніках маюць важнае дыялекталагічнае значэнне, таму што яны адлюстроўваюць два тыпы беларускіх гаворак: гаворкі паўночнай часткі Беларусі, пераважна наваколля Лепеля («з-над Дзвіны», частка паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы), і гаворкі ваколіц Наваградка, Ліды і інш. («з-над Нёмна», частка паўднёва-заходняга дыялекту). У іх досыць шырока і ў асноўным дакладна раскрываюцца асаблівасці гаворак абодвух тыпаў, а таксама і іх адрозненні[59]. Варта адзначыць, што для перадачы гука [ў] у запісах Яна Чачота ўжываецца асобная літара — «ú»[59].
Фалькларыстычна-версіфікацыйная праца Яна Чачота мела даволі шырокі рэзананс сярод перадавой грамадскасці. Зборнікі «Сялянскіх песень…», якія выдаваліся ім на працягу дзевяці гадоў (1837—1846), выклікалі зацікаўленыя водгукі ў перыядычным друку. Сучаснікі паэта прыхільна ставіліся да яго дзейнасці, аднак вынікі яе ўспрымалі і ацэньвалі па-рознаму[6].
Вядомы крытык, ідэолаг «Tygodnika Peterburskiego» М. Грабоўскі каштоўнасць «Сялянскіх песень…» бачыў у тым, што паэзія адной з «правінцыйных гаворак» зведзеная ў іх «да нацыянальнай мовы». Паэт-фалькларыст Ігнат Храпавіцкі расцэньваў фалькларыстычна-версіфікацыйную працу Чачота як з’яву, скіраваную на ўнутрыкраёвыя культурныя патрэбы, а не як правінцыйны элемент асваення беларускага фальклору польскай літаратурай. Ігнат Храпавіцкі, у прыватнасці, падкрэсліваў:
Шаноўны перакладчык выдадзеных некалькі гадоў таму ў Завадскіх «Песенек люду з-над Дзвіны» паказаў прыклад, які павінен быў бы знайсці паслядоўнікаў. Яго малы томік робіць самае прыемнае ўражанне на тых, каму не чужая гэтая зямля, так добра ў ім адлюстраваная, што ніводная гучная апісальная паэмы не можа зраўняцца з гэтым сціплым зборнікам песень…[6] |
Творчасць Яна Чачота на ніве беларуска-польскага фальклорна-літаратурнага сумежжа ўспрымалася сучаснікамі пераважна як таленавітае перайманне, наследванне і майстэрскі, дакладны пераклад беларускіх народных песень, прытым з разуменнем і прыманнем іх рэгіянальнай асаблівасці, але галоўным чынам у кантэксце польскай літаратуры[6]. Змясціўшы арыгінальныя тэксты беларускіх вусна-паэтычных твораў у трэцім і пятым зборніках, паэт-фалькларыст выдаў па-беларуску ўсяго восьмую частку ад тысячы сабраных і перакладзеных ім на польскую мову песень[6].
Беларускі паэт Максім Багдановіч у сваім артыкуле «Белорусское возрождение» прылічыў Яна Чачота да пачынальнікаў новай беларускай літаратуры:
Более ценен вклад в белорусскую литературу, сделанный Яном Чечотом… Искренний демократ, горячо любивший белорусский народ, он собирал и издавал произведения народного творчества, писал по-белорусски морализующего характера брошюрки (они, однако, не были напечатаны), а в сборнике «Piosńki wieśniacze» 1844 г. поместил десятка три своих белорусских стихотворений. Стиль был выдержан Чечотом столь удачно, что эти пьески неоднократно перепечатывались разными этнографами в качестве чисто народных[60]. |
Жывучы ў Лепелі (Беларусь), падрыхтаваў да выдання зборнікі народных песень, якія выдаваліся ў Вільні вядомым кнігавыдаўцом і кнігагандляром Юзафам Завадскім (1837, 1839, 1840 і пазней). Пры садзейнічанні сяброў і знаёмых сабраў і апублікаваў 957 песень. Тэксты выкарыстаў кампазітар Станіслаў Манюшка ў серыі зборнікаў песень «Хатні песеннік» („Śpiewnik domowy“, 1843—1859).
За год да смерці Чачота быў выдадзены адзіны зборнік яго ўласных твораў «Песні селяніна», таксама без імя аўтара, з дамінуючымі патрыятычнымі матывамі. Засталіся не выдадзенымі пры жыцці рыфмаваная гісторыя Вялікага Княства Літоўскага «Песні пра старажытных ліцвінаў да 1434 года».
Ян Чачот меў магчымасць грунтоўна азнаёміцца з двума асноўнымі масівамі беларускіх гаворак: паўночна-ўсходнім дыялектам альбо наддзвінскай гаворкай (праца на Лепельшчыне) і паўднёва-заходнім альбо наднёманскай гаворкай (дзяцінства на Наваградчыне). У сваёй лексікаграфічнай працы «Некаторыя крывіцкія ідыёмы (уласнаназвы) з Наваградскага павета» і ў прадмовах да «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны» беларускую мову, у пераважнай большасці выпадкаў, паэт называе «крывіцкім дыялектам»[12] альбо «славянакрывіцкай мовай»[61]. Такім чынам, Я. Чачот працягвае традыцыю ўжывання тэрміна «крывіцкі» ў дачыненні да насельніцтва Беларусі. Разумеючы ўсю сукупнасць беларускіх гаворак як адно цэлае, часам раўназначна ўжывае тэрмін «язык» і «мова»[12] і ставіць «крывіцкі дыялект» нароўні з польскім, рускім і ўкраінскім:
Дыялект крывіцкі з'яўляецца сярэднім паміж польскім, рускім і ўкраінскім. Украінскі, або палянскі, па сваёй будове і меладычнасці больш падобны да польскага, а крывіцкі да рускага[12]. |
Да агульнабеларускіх фанетычных рыс ён адносіць аканне (агонь, акном), дзеканне і цеканне (дзень, ціхі), пераход «л» і «в» у «ў» (даў, у сяле), наяўнасць прыстаўных зычных (восень, вуліца), нехарактэрнасць жывым беларускім гаворкам гука ф (ахвіцэр, хваліварок) і ґ выбухнога (гарбуз), асіміляцыйнае азванчэнне і аглушэнне (збіты, с табою), падваенне зычных (вецце, каменне) і некаторыя іншыя[7].
З марфалагічных рыс адзначыў варыянтнасць канчаткаў творнага склону (маткаю, -ай), роднага склону займеннікаў і прыметнікаў (мае -ей, міленькае -ай), адсутнасць часціцы «сь», прыслоўі на -учы(ючы). Адзначыў дыялектнае размежаванне канчаткаў дзеясловаў першай асобы множнага ліку (робім — робімо), дысіміляцыйны характар акання і якання ў наддзвінскім дыялекце (вісна, паночык) і закрытасць націскных галосных у наднёманскім дыялекце (дзяўке, панэ), ужыванне парнага ліку і даўномінулага часу ў наднёманскім — дзве назе, быў зрабіў і інш[7].
Ян Чачот упершыню паставіў пытанне аб прынцыпах будучага «крывіцкага» правапісу. Ён зазначае, што цяжкасць заключаецца ў немагчымасці прымірыць вымаўленне і этымалогію:
І хоць той правапіс самы дасканалы, у якім як вымаўляюць, так і пішуць, аднак паколькі немагчыма, каб які-небудзь з правапісаў прыйшоў да гэтай дасканаласці, то чым болей будучы граматыст здолее ашчаджаць вымаўленне на пісьме і бліжэй да яго дастасавацца, тым большая будзе як яго праца, так і заслуга[62] |
Тым не менш, у сваіх беларускіх творах паэт карыстаўся адмысловым правілам: галосныя — адпаведна вымаўленню, зычныя — згодна з этымалогіяй. Гэты прынцып выкарысталі пазнейшыя нармалізатары беларускай мовы, у прыватнасці, Браніслаў Тарашкевіч у сваёй «Беларускай граматыцы для школ»[63].
Сваёй дзейнасцю Ян Чачот заклаў падмурак практычнай лексікаграфіі беларускай мовы. У зборніку «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны» 1846 года ён змяшчае адразу тры тыпы слоўнікаў: першы — невялікі (на 200 рэестравых слоў) «Слоўнік крывіцкіх слоў» (польск.: Słownik wyrazów krewickich, mniej zrozumiałych, w tych się piosnkach znajdujących z tłumaczeniem), дзе беларускія словы перакладаюцца на польскія; другі — тлумачальны «Некаторыя крывіцкія ідыёмы…» (польск.: Niektóre idiotyzmy (własnonazwy) krewickie…), дзе падаецца разгорнутае апісанне больш чым 200 адметных беларускіх слоў, часам з параўнаннямі з іншымі мовамі; трэці слоўнік — фразеалагічны «Крывіцкія прыказкі і прымаўкі» (польск.: Przysłowa Krewickie), у якім прыводзіцца 130 беларускіх пагаворак у перакладзе на польскую мову або з тлумачэннем; асобна даюцца «Прыказкі і прымаўкі, прыстасаваныя да свят» (15 адзінак) і «Адметныя выразы і параўнанні, якія можна аднесці і да прымавак» (40 адзінак)[63].
Мовазнаўчая дзейнасць Яна Чачота не засталася незаўважанаю для пазнейшых рупліўцаў беларускай мовы. Так, у 1855 годзе паэт і драматург Уладзіслаў Сыракомля ў артыкуле «Працы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча» зазначыў:
Няшмат можна налічыць гэтых працаўнікоў добрай і разумнай волі. Р. Зянкевіч сабраў і перанёс на паперу песенькі пінскага люду, высакароднай памяці Ян Чачот, робячы тое ж самае для люду з-над Нёмана і Дзвіны, у сваёй прадмове накідаў навуковы фундамент граматыкі крывіцкага дыялекту[64]. |
Заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства Яўхім Карскі высока ацэньваў мовазнаўчы матэрыял Яна Чачота:
Характеристика белорусского наречия сделана значительно обстоятельнее, нежели у Шафарика… Вообще в этом томике очень много ценных сведений, не утративших своего значения до сих пор[12]. |
Ян Чачот таксама выявіў сябе ў якасці публіцыста і глыбокага мысліцеля. У архіве філаматаў захаваўся тэкст яго прамовы на пасяджэнні таварыства 7 мая 1821 года «Пра будучае прызначэнне Таварыства філаматаў, пра варыянты яго сённяшняй будовы, пра тое, наколькі адпавядаюць яны нашым мэтам», а таксама артыкулы «Думкі для ніжэйшага класа» і «Думкі, якія павінен пашыраць вышэйшы клас». У гэтых працах аўтар разважаў над тым, як пашырыць гуманістычныя ідэі філаматаў у асяроддзі суайчыннікаў, а таксама ў ідэалістычна-рамантычным духу фармуляваў стрыжнёвыя паняцці філамацкага гуманізму: што такое шчасце, хто такі сапраўдны грамадзянін, дзеля чаго мусіць існаваць рэлігія, якую шкоду грамадству нясуць маральная распушчанасць, празмернасць і раскоша, якую карысць даюць ашчаднасць, працавітасць, якім чынам можна пашырыць асвету ў родным краі, якія навукі найбольш патрэбныя гэтаму краю і якія існуюць шляхі паляпшэння хатняга выхавання[65].
Польская мова Яна Чачота ў паэтычных творах і карэспандэнцыі паэта зазнала моцны ўплыў народнай гаворкі Наваградчыны, тым самым набыўшы яскравы рэгіянальны лексічны закрас, што выявілася ў вялікай колькасці правінцыяналізмаў і зваротаў[66]. Як адзначае Станіслаў Станкевіч, паэт свядома не пазбягаў уплыву на сваю творчасць мясцовага фальклору[67].
У гонар Яна Чачота ў мінскім раёне Брылевічы названая вуліца[68][69]. Імя паэта носіць таксама адна з вуліц Варшавы[70]. У 1996 годзе ў Новай Мышы з ініцыятывы краязнаўца Міхася Берната быў усталяваны бюст паэта[71][72]. Таксама ў гонар паэта ўсталяваны помнік у Карэлічах[73] і памятная шыльда ва ўрочышчы Рэпіхава[74].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.