From Wikipedia, the free encyclopedia
Літоўскае генерал-губернатарства (1794—1801), Літоўскае ваеннае губернатарства (1801—1830), Віленскае часовае ваеннае губернатарства (1830—1832), Віленскае ваеннае генерал-губернатарства (1832—1864), Віленскае генерал-губернатарства (1864—1912) — шэраг генерал-губернатарстваў у Расійскай Імперыі ў 1794—1912 гг. з цэнтрам у Гродне (з 1794 г.) і Вільні (з 1795 г.), якія па сутнасці тэрытарыяльна і бюракратычна з'яўляліся пераемнікамі адзін аднаго. Першае генерал-губернатарства было створана ў 1794 г. з акупаваных зямель Вялікага Княства Літоўскага, якія Расійская Імперыя ўключыла ў свой склад па выніках трэцяга падзела Рэчы Паспалітай (1795). Неафіцыйна (а часам і ў афіцыйных дакументах расійскай улады) гэтыя генерал-губернатарствы называліся як «літоўскія губерні», «Літоўскі край» ці «Літва».
Паводле свайго маніфеста ад 30 кастрычніка 1794 г. расійская імператрыца Кацярына ІІ загадала пасля падаўлення паўстання 1794 года галоўнакамандуючаму расійскімі войскамі Мікалаю Рапніну падзяліць акупаваныя землі Вялікага Княства Літоўскага на тры часткі (у складзе 17 паветаў) — Ковенскую, Віленскую і Гродзенскую, і прызначыла Рапніна літоўскім генерал-губернатарам (ці «генерал-губернатарам Літоўскага княства») з рэзідэнцыяй (Вярхоўным Праўленнем) у Гродне[1][2].
Пасля трэцяга падзела Рэчы Паспалітай 14 снежня 1795 г. захопленыя тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, якія яшчэ з 30 кастрычніка 1794 г. падпарадкоўваліся літоўскаму генерал-губернатару Рапніну, былі падзелены на Слонімскую (тэрытарыяльна правобраз будучай Гродзенскай губерні) і Віленскую губерні і засталіся пад кіраваннем літоўскага генерал-губернатара[3][4]. Цэнтрам Літоўскага генерал-губернатарства, якое тады складалася толькі са Слонімскай і Віленскай губерняў, станавілася Вільня.
Афіцыйнай рэзідэнцыяй генерал-губернатара ў Вільні стаў палац віленскіх каталіцкіх біскупаў, які быў пабудаваны апошнім у часы Вялікага Княства Літоўскага віленскім біскупам (1762—1794) Ігнатам-Якубам Масальскім (1727—1794). Палац пачаў выконваць не толькі функцыі месца жыхарства і службы генерал-губернатара, але і месца перабывання для расійскага імператара, членаў яго сям'і і высокіх гасцей (у тым ліку з каранаваных асоб), калі яны наведвалі горад. (Зараз былы палац генерал-губернатара служыць рэзідэнцыяй прэзідэнта Рэспублікі Літва).
Паводле ўказа расійскага імператара (1796—1801) Паўла I ад 12 снежня 1796 г. Віленская і Слонімская губерні былі аб'яднаны ў адну Літоўскую губерню[5], толькі з якой пачало складацца Літоўскае генерал-губернатарства.
Генерал-губернатарства з цэнтрам у Вільні неафіцыйна (а часта і ў афіцыйных дакументах) называлася як «літоўскія губерні», «літоўскія правінцыі», «Літоўскі край» ці «Літва».
Літоўскае ваеннае губернатарства было створана паводле ўказу расійскага імператара (1801—1825) Аляксандра I ад 9 (21) верасня 1801 г., якім Літоўская губерня падзялялася на «дзве літоўскія» — Літоўска-Віленскую і Літоўска-Гродзенскую губерні, што былі ўключаны тым жа ўказам ў склад Літоўскага ваеннага губернатарства з цэнтрам у Вільні[6][7][8]. У складзе Літоўскага ваеннага губернатарства знаходзіліся толькі Літоўска-Віленская і Літоўска-Гродзенская губерні.
Ваеннае губернатарства з цэнтрам у Вільні неафіцыйна (а часта і ў афіцыйных дакументах) працягвала называцца як «літоўскія губерні», «літоўскія правінцыі», «Літоўскі край» ці «Літва».
1 (13) снежня 1830 г. у Літоўска-Віленскай, Літоўска-Гродзенскай, Мінскай губернях і Беластоцкай вобласці было ўведзена ваеннае становічша ў сувязі з Лістападаўскім паўстаннем 1830—1831 гадоў[10]. Літоўскае ваеннае губернатарства было пераўтворана ў снежні 1830 г. у «Віленскае і Гродзенскае часовае ваеннае губернатарства», якое скарочана пісалася як «Віленскае часовае ваеннае губернатарства» альбо «Віленскае ваеннае губернатарства». У яго складзе знаходзіліся Літоўска-Віленская і Літоўска-Гродзенская губерні.
Паводле царскага ўказу ад 30 кастрычніка 1831 г. Беластоцкая вобласць (1808—1842) перайшла пад уладу віленскага часовага ваеннага губернатара і ў склад Віленскага часовага ваеннага губернатарства.
Віленскае часовае ваеннае губернатарства 1 чэрвеня 1832 г. было рэарганізавана ў «Віленскае ваеннае генерал-губернатарства». У яго складзе знаходзіліся Літоўска-Віленская і Літоўска-Гродзенская губерні, а таксама і Беластоцкая вобласць (1808—1842). З-за таго, што генерал-губернатар меў званне яшчэ і ваеннага губернатара адной з падначаленых губерняў (Віленскай губерні), адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура мела поўную афіцыйную назву «Віленскае ваеннае губернатарства, Гродзенскае і Беластоцкае генерал-губернатарства», адлюстроўваючы пералік адзінак, якія ўваходзілі ў яго склад, а кіраўнік — «віленскі ваенны губернатар, гродзенскі і беластоцкі генерал-губернатар» (г.зн. ваенны губернатар, які вярхоўна кіруе і грамадзянскай часткай у губернях). Найчасцей у законах і дакументах ужываліся больш скарочаная афіцыйная назва «Віленскае ваеннае, Гродзенскае і Беластоцкае генерал-губернатарства» і, адпаведна, тытул «віленскі ваенны, гродзенскі і беластоцкі генерал-губернатар». У справаводстве ў 1832—1864 гг. маглі таксама выкарыстоўвацца і іншыя скарачэнні: «віленскі ваенны і генерал-губернатар», «віленскі ваенны генерал-губернатар», «віленскі ваенны губернатар» ці «віленскі генерал-губернатар».
У 1834 г. у склад Віленскага ваеннага генерал-губернатарства ўвайшла яшчэ і Мінская губерня. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура пачала афіцыйна называцца «Віленскае ваеннае губернатарства, Гродзенскае, Мінскае і Беластоцкае генерал-губернатарства» (ці «Віленскае ваеннае, Гродзенскае, Мінскае і Беластоцкае генерал-губернатарства»), а генерал-губернатар як «віленскі ваенны губернатар, гродзенскі, мінскі і беластоцкі генерал-губернатар» (ці «віленскі ваенны, гродзенскі, мінскі і беластоцкі генерал-губернатар»). Неафіцыйна (а часам і ў афіцыйных дакументах расійскай улады) Віленскае ваеннае генерал-губернатарства працягвала называцца як «літоўскія губерні», «Літоўскі край» ці «Літва».
18 ліпеня 1840 г. расійскі імператар (1825—1855) Мікалай I перайменаваў Літоўска-Віленскую і Літоўска-Гродзенскую губерні ў адпаведна Віленскую і Гродзенскую губерні, а Беларуска-Віцебскую і Беларуска-Магілёўскую губерні — у Віцебскую і Магілёўскую губерні[11].
Паводле ўказу ад 18 снежня 1842 г. са складу Віленскай губерні былі вылучаны Ковенскі, Цельшаўскі, Расіенскі, Панявежскі, Вількамірскі і Новааляксандраўскі паветы, з якіх была створана новая губерня — Ковенская губерня, якая ўвайшла ў склад Віленскага ваеннага генерал-губернатарства[12]. Тым жа ўказам ад 18 снежня 1842 г. Беластоцкая вобласць (1808—1842) была ўключана ў склад Гродзенскай губерні. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура пачала афіцыйна поўнасцю называцца як «Віленскае ваеннае губернатарства, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства», адлюстроўваючы пералік складовых адзінак ваеннага генерал-губернатарства — Віленская, Ковенская, Гродзенская і Мінская губерні; а ваенны генерал-губернатар поўнасцю — як «віленскі ваенны губернатар, ковенскі, гродзенскі і мінскі генерал-губернатар».
Пасля скасавання ў Расійскай Імперыі ўніяцтва (1839) у адносінах да Віленскага ваеннага генерал-губернатарства (як жаданне паказаць этнаканфесійна «рускі» (г.зн. праваслаўны), а не «літоўскі» ці «польскі» (г.зн. каталіцкі)[13] характар гэтых зямель) у расійскай урадавай тэрміналогіі (а хутка — і ў публіцыстыцы) пачаў ужывацца тэрмін «Паўночна-Заходні край» («паўночна-заходнія губерні»)[14] ці «Заходні край» («заходнія губерні»), хоць тэрмін «Заходні край» («заходнія губерні») ужываўся паралельна для абазначэння ўсіх дзевяці «заходніх губерняў» (Валынскай, Падольскай, Кіеўскай, Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў)[15][16]. Аднак да пачатку сялянскай рэформы (1861) і асабліва да паўстання 1863—1864 гадоў тэрмін «Паўночна-Заходні край» (ці «Заходні край» — у значэнні Віленскага ваеннага генерал-губернатарства) выкарыстоўваўся вельмі рэдка. Нягледзячы на тое, што ўніяты заходніх губерняў былі пераведзены ў праваслаўе, у краі мелася значная доля католікаў — з асабліва высокім працэнтам у Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях.
У 1850—1855 гг. віленскі ваенны генерал-губернатар кіраваў і Віленскай навучальнай акругай.
Паводле ўказу ад 17 лютага 1856 г. Мінская губерня была вылучана са складу Віленскага ваеннага генерал-губернатарства і перастала ўваходзіць у склад якога небудзь генерал-губернатарства. Само Віленскае ваеннае генерал-губернатарства афіцыйна пачало поўнасцю называцца як «Віленскае ваеннае губернатарства, Ковенскае і Гродзенскае генерал-губернатарства» (ці «Віленскае ваеннае, Ковенскае і Гродзенскае генерал-губернатарства»).
У сувязі з сялянскімі хваляваннямі (пасля адмены прыгону ў 1861 г. у Расійскай імперыі) і ростам апазіцыйнасці мясцовых (галоўным чынам, каталіцкіх і польскамоўных) дваран, якія патрабавалі злучэння «заходніх губерняў» з губернямі Царства Польскага, паводле ўказу ад 16 жніўня 1862 г. Мінская губерня зноў увайшла (да 22 снежня 1870 г.) у склад Віленскага ваеннага генерал-губернатарства, якое пачало поўнасцю называцца як «Віленскае ваеннае губернатарства, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства» (ці «Віленскае ваеннае, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства»), а яго кіраўнік як «віленскі ваенны губернатар, ковенскі, гродзенскі і мінскі генерал-губернатар» (ці «віленскі ваенны, ковенскі, гродзенскі і мінскі генерал-губернатар»).
Паводле рэформы генерал-губернатары Расійскай імперыі з 1862 г. сталі прызначацца адначасова і на пасаду начальніка аднайменнай ваеннай акругі: віленскі ваенны генерал-губернатар узначаліў Віленскую ваенную акругу, што працягвалася да 1884 г.
Паводле ўказу Сената ад 30 красавіка 1863 г.[17] па прычыне пачатку паўстання 1863—1864 гадоў Магілёўская і Віцебская губерні былі пераведзены (гэтак жа як і часовыя ваенныя губернатары ў літоўска-беларускіх землях[18]) пад уладу віленскага ваеннага генерал-губернатара. Ва ўказе адзначалася: «<...> па прычыне пастаянна ўзрастаючых мяцежніцкіх дзеянняў, і з мэтай сканцэнтравання ў асобе Галоўнага Начальніка края неабходных сродкаў для своечасовага прыняцця належных мер да сканчэння падобных беспарадкаў <...> прадаставіць Галоўнаму Начальніку края права часова знімаць з пасад грамадзянскіх губернатараў 6-ці губерняў (Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай) і прызначаць для выканання іх абавязкаў іншых асоб, на сваё меркаванне <...> Незалежна ад таго, што дзве Беларускія губерні[19] і Мінская губерня складаюць, па тым элементам насельніцтва, якія ў іх знаходзяцца, у многіх адносінах як бы асобную ад Літоўскіх губерняў[20] групу, і патрабуюць асобных рашучых распараджэнняў, і ў асаблівасці для аказання садзейнічання да ўтаймавання мяцяжу ў Літве, для чаго спакой і строгі парадак у гэтых губернях павінны быць цалкам неадкладна ўстаноўлены, <...> дазволіць Галоўнаму Начальніку края прызначаць, на сваё меркаванне, <...> у адзначаных губернях да выканання абавязкаў часовых ваенных губернатараў <...>»[17]. З аднаго боку расійская ўлада не хацела злучаць шэсць губерняў разам і не прызнавала падобнасць Магілёўскай і Віцебскай губерняў з іншымі губернямі, створанымі з земляў былога Вялікага Княства Літоўскага, а з другога — па прычыне паўстання вымушана была аб'яднаць іх пад адной адміністрацыяй у паўстанчы і пасляпаўстанчы час, чым ускосна прызнавалася наяўнасць еднасці і салідарнасці мясцовага дваранства, якія захаваліся з часоў Вялікага Княства Літоўскага.
У гэтай сітуацыі быў прыдуманы новы бюракратычны тэрмін, які па сутнасці падкрэсліваў нежаданне расійскай улады мець злучанымі гэтыя шэсць губерняў (Віленскую, Ковенскую, Гродзенскую, Мінскую, Віцебскую і Магілёўскую губерні). Афіцыйная назва новай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай структуры атрымала з 30 красавіка 1863 г. дзіўную для менавання генерал-губернатарстваў Расійскай імперыі форму: «Віленскае ваеннае губернатарства, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства з падпарадкаваннем Віцебскай і Магілёўскай губерняў». Афіцыйна віленскі ваенны генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў (1796—1866) у 1863—1864 гг. называўся «Віленскі ваенны губернатар, ковенскі, гродзенскі і мінскі генерал-губернатар і галоўны начальнік Віцебскай і Магілёўскай губерняў». З 1863 г. віленскі ваенны генерал-губернатар (віленскі генерал-губернатар) у афіцыйным справаводстве пачаў стала паралельна называцца як «галоўны начальнік Паўночна-Заходняга края» (ці скарочана як «галоўны начальнік края»[21]), усе шэсць губерняў якога стала пачалі сукупна менавацца як «паўночна-заходнія губерні» («Паўночна-Заходні край»).
У расійскай імперскай ідэалогіі тэрмін «Паўночна-Заходні край» акрамя геаграфічнай прывязкі стала набыў выразную ідэалагічную афарбоўку, фактычна пачаў абазначаць паўночна-заходнюю частку «адзінай Русі» — «Паўночна-Заходнюю Русь» («Паўночна-Заходнюю Расію»), стаў часта і шырока выкарыстоўвацца ў адносінах да літоўска-беларускіх губерняў паводле ідэалогіі «заходнерусізма».
Па прычыне паўстання восенню 1863 г. Аўгустоўская губерня (дзе сялянства было ў асноўным балтамоўнае) у ваенна-адміністрацыйных адносінах была таксама пераведзена пад уладу віленскага ваеннага генерал-губернатара, якому даручалася кіраваць ваеннымі і паліцэйскімі дзеяннямі супраць паўстанцаў. У афіцыйнай поўнай назве віленскага ваеннага генерал-губернатарства гэта ніяк не адлюстравалася. Перавод Аўгустоўскай губерні пад уладу віленскага ваеннага генерал-губернатара быў адным з першых крокаў праекта ўрада аб вылучэнні Аўгустоўскай губерні са складу Царства Польскага, бо, паводле думкі віленскага ваеннага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва, у Аўгустоўскай губерні «насельніцтва больш жмудскае[22] і таму па ўсёй справядлівасці належыць не да Польшчы, а да Літоўскага края»[23]. Да падзелаў Рэчы Паспалітай значная частка тэрыторыі Аўгустоўскай губерні ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Аднак пасля падаўлення ў 1864 г. паўстання верагодны праект рэканфігурацыі меж Царства Польскага быў пакінуты ўрадам[24].
Па жаданні расійскага імператара (1855—1881) Аляксандра II указам Сената ад 25 лютага 1864 г. «Віленскае ваеннае губернатарства, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства» было перайменавана ў «Віленскае, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства»[26] і афіцыйна складалася з Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў. З-за таго, што пад уладай віленскага генерал-губернатара знаходзіліся яшчэ Віцебская і Магілёўская губерні, адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура, якая складалася з шасці губерняў (Віленская, Ковенская, Гродзенская, Мінская, Віцебская і Магілёўская губерні), у дакументах пачала менавацца як «Віленскае, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства з падпарадкаваннем Віцебскай і Магілёўскай губерняў», а генерал-губернатар як «віленскі, ковенскі, гродзенскі і мінскі генерал-губернатар і галоўны начальнік Віцебскай і Магілёўскай губерняў».
З 1864 па 1884 г. існавала спецыяльная пасада памочніка віленскага генерал-губернатара па грамадзянскай частцы кіравання, бо, нягледзячы на перайменаванне пасады, для генерал-губернатара аднымі з галоўных былі ваенныя функцыі.
Як толькі пагроза новых ваенных выступленняў у Паўночна-Заходнім краі стала ўжо лічыцца малаверагоднай, 27 чэрвеня 1869 г. Магілёўская, а 2 лістапада 1869 г. — Віцебская губерня былі выведзены з-пад улады віленскага генерал-губернатара («из ведения Главного Управления Северо-Западным краем»)[27]. Пасля вылучэння Магілёўскай губерні адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура пачала менавацца як «Віленскае, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства з падпарадкаваннем Віцебскай губерні», а генерал-губернатар — як «віленскі, ковенскі, годзенскі і мінскі генерал-губернатар і галоўны начальнік Віцебскай губерні». Пасля вылучэння Віцебскай губерні — як «Віленскае, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства», а генерал-губернатар — як «віленскі, ковенскі, гродзенскі і мінскі генерал-губернатар».
Паводле ўказу ад 22 снежня 1870 г. Мінская губерня была вылучана са складу Віленскага генерал-губернатарства, якое доўга пачало ўключаць толькі тры губерні (Ковенскую, Віленскую і Гродзенскую губерні) і афіцыйна менавацца як «Віленскае, Ковенскае і Гродзенскае генерал-губернатарства», а віленскі генерал-губернатар — як «віленскі, ковенскі і гродзенскі генерал-губернатар». Коратка генерал-губернатарства маглі называць як «Віленскае генерал-губернатарства», а генерал-губернатара — як «віленскі генерал-губернатар».
Пасля выхаду з-пад улады віленскага генерал-губернатара ў 1869 г. Магілёўскай і Віцебскай губерняў, а ў 1870 г. — і Мінскай губерні, шэсць літоўска-беларускіх губерняў (Ковенская, Віленская, Гродзенская, Мінская, Віцебская і Магілёўская губерні) працягвалі размоўна і публіцыстычна адносіцца да «паўночна-заходніх», а ўсе шэсць губерняў па ідэалагічных матывах захавалі сукупную назву «Паўночна-Заходні край» аж да падзення расійскага самадзяржаўя ў лютым 1917 г. Неафіцыйна (а часам і ў навуковых і публіцыстычных працах) Віленскае генерал-губернатарства працягвала называцца як «літоўскія губерні», «Літоўскі край» ці «Літва».
З 1884 г. віленскія генерал-губернатары перасталі прызначацца ўладамі паралельна на пасаду начальніка Віленскай ваеннай акругі. Сумяшчэнні гэтых пасад у адной асобе сталі рэдкімі. З 1884 г. таксама перастала існаваць пасада памочніка віленскага генерал-губернатара па грамадзянскай частцы кіравання.
Пры ўпраўленні генерал-губернатара з 1898 г. пачаў дзейнічаць музей Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва — віленскага ваеннага генерал-губернатара, які падавіў паўстанне 1863—1864 гадоў у «Літве». Пры ўпраўленні таксама дзейнічала інспекцыя друкарняў, а ў 1904—1915 гг. выдаваўся зборнік навуковых прац па статыстыцы, гісторыі, мовазнаўстве, культуры паўночна-заходніх губерняў пад назвай «Виленский временник».
З 1909 генерал-губернатары не прызначаліся. Віленскае генерал-губернатарства было скасавана 1 ліпеня 1912 г.[28], а Ковенская, Віленская і Гродзенская губерні перасталі ўваходзіць у склад якога-небудзь генерал-губернатарства.
Рэзідэнцыя прэзідэнта Рэспублікі Літва (у былым палацы віленскага генерал-губернатара), фасад, фота 2007 г. | Рэзідэнцыя прэзідэнта Рэспублікі Літва (у былым палацы генерал-губернатара), задні двор, 2008 г. | Рэзідэнцыя прэзідэнта Рэспублікі Літва (у былым палацы генерал-губернатара), задні двор, 2008 г. | У аднапавярховым будынку кардэгардыі (злева; цяпер Калонная зала) знаходзіўся музей музей Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва, 2008 г. |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.