усходнеславянская мова From Wikipedia, the free encyclopedia
Украі́нская мо́ва (укр.: українська мова, IPA: [ukrɑˈjɪɲsʲkɑ ˈmɔwɑ], гістарычныя назвы — рус[ь]кая, русінская[12][13][14]) — нацыянальная мова ўкраінцаў. Адносіцца да усходнеславянскай групы славянскай галіны індаеўрапейскай моўнай сям’і. Колькасць носьбітаў — каля 45 млн, большасць з якіх жыве ва Украіне. З’яўляецца дзяржаўнай мовай ва Украіне[15], адна з дзяржаўных у Прыднястроўі і ў Рэспубліцы Крым. Распаўсюджаная таксама ў Беларусі[16], Малдове[17][18], Польшчы[19], Расіі[20][21], Румыніі[22], Славакіі[23], Германіі, Чэхіі, Казахстане[24], Аргенціне, Бразіліі, Вялікабрытаніі[25], Канадзе[26], ЗША[27] і іншых краінах, дзе жывуць украінцы. Украінскай мовай у свеце карыстаюцца ад 41 да 45 млн чалавек, яна з’яўляецца другой або трэцяй славянскай мовай па колькасці носьбітаў (пасля рускай і, магчыма, польскай) і ўваходзіць у трэці дзясятак распаўсюджаных моў свету[заўв 4].
Украінская мова | |
---|---|
Саманазва | українська мова |
Краіны | Украіна, Расія, Беларусь, Польшча, Малдова, Славакія, Румынія, Казахстан |
Рэгіёны | Усходняя Еўропа |
Афіцыйны статус |
Украіна
Польшча[4] |
Арганізацыя, якая рэгулюе | Нацыянальная акадэмія навук Украіны: Інстытут украінскай мовы, Украінскі моўна-інфармацыйны фонд, Інстытут мовазнаўства імя А. А. Патэбні |
Агульная колькасць носьбітаў | |
Статус | у бяспецы[d] |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
Пісьменнасць | кірыліца |
Моўныя коды | |
ДАСТ 7.75–97 | укр 720 |
ISO 639-1 | uk |
ISO 639-2 | ukr |
ISO 639-3 | ukr |
WALS | ukr |
Ethnologue | ukr |
Linguasphere | 53-AAA-ed |
ABS ASCL | 3403 |
IETF | uk |
Glottolog | ukra1253 |
Вікіпедыя на гэтай мове |
Навука пра ўкраінскую мову завецца лінгвістычнай украіністыкай або ўкраіназнаўствам .
Для запісу ўкраінскай мовы выкарыстоўваюць адаптаваную кірыліцу (т. зв. «гражданка»), зрэдку — лацініцу ў розных варыянтах. Правілы ўкраінскай мовы рэгулюе Нацыянальная акадэмія навук Украіны, у прыватнасці Інстытут украінскай мовы НАН Украіны (гісторыя, граматыка, лексікалогія, тэрміналогія, анамастыка, стылістыка і культура маўлення, дыялекталогія, сацыялінгвістыка), Украінскі моўна-інфармацыйны фонд НАН Украіны (камп’ютарная лінгвістыка, слоўнікі), Інстытут мовазнаўства імя А. А. Патэбні НАН Украіны (украінская мова ў сувязях з іншымі мовамі).
Штогод 27 кастрычніка ва Украіне адзначаецца Дзень украінскага пісьменства і мовы. У гэты дзень праходзіць штогадовы флэш-моб — Усеўкраінская радыёдыктоўка нацыянальнай еднасці — акцыя Украінскага радыё , якая аб’ядноўвае ўкраінцаў усяго свету вакол украінскай мовы.
Паводле традыцыйнай генеалагічнай класіфікацыі, украінская мова адносіцца да ўсходнеславянскай групы славянскай галіны індаеўрапейскай моўнай сям’і[28][29][30].
Найбліжэйшай генеалагічна да ўкраінскай з’яўляецца беларуская мова[31][32][33] (пачынаючы з IX—XI стагоддзяў абедзве мовы часткова фарміраваліся на сумеснай дыялектнай аснове — у прыватнасці, паводле доктара філалагічных навук, лінгвіста-славіста Пятра Бузука, паўночная дыялектная група ўкраінскай мовы ўтварае дыялектны кантынуум з крайнімі паўднёвымі беларускімі гаворкамі Палесся[34], абодва народы ў сярэднія вякі мелі агульную пісьмовую кніжную мову[35][36]).
Паводле тыпалагічнай класіфікацыі, украінская — флектыўная мова[37].
Традыцыйна для запісу ўкраінскай мовы выкарыстоўвалі кірыліцу. Гэта звязана з усходнім абрадам украінскай царквы, якая доўгі час была магутным, амаль адзіным пашыральнікам адукацыі. Да XVIII стагоддзя ўжываўся класічны кірылічны шрыфт, у XVI—XVII стагоддзях паралельна выкарыстоўваўся таксама «казацкі скорапіс », у якім напісанне літар было іншым («хвалістым» або «барочным»)[38]. Агульнавядомая генетычная сувязь кірыліцы з грэчаскім алфавітам здаўна прыводзіла да таго, што ў дэкаратыўных мэтах кірылічныя надпісы часам рабіліся шрыфтамі, напісанне якіх паўтарала прапісныя грэчаскія літары (з адпаведнай стылізацыяй тых славянскіх літар, аналагаў якіх не было ў грэчаскім). Прыклады таму сустракаюцца ў гравюрах украінскіх выданняў з самага пачатку XVII стагоддзя, а таксама ў гравіраваных шрыфтах загалоўкаў[заўв 5]. Паводле звестак «Усерасійскага „слоўніка-тлумачальніка“»[40], «грамадзянскія літары … ўпершыню ўжытыя ў друку Пятра Магілы, канчаткова ўведзеныя расійскім імператарам Пятром I у 1708 годзе, г. зв. гражданка (грамадзянскі шрыфт)». З Расіі выкарыстанне гэтага шрыфту распаўсюдзілася і на іншыя народы, якія ўжывалі кірылічнае пісьмо. Такім чынам, стварэнне новай украінскай арфаграфіі адбывалася на аснове гражданкі.
Сёння для запісу ўкраінскай мовы выкарыстоўваюць адаптаваную кірылічную азбуку з 33 літар. Асаблівасцямі ўкраінскага алфавіта ў параўнанні з іншымі кірылічнымі з’яўляецца наяўнасць літар ґ, є і ї (ґ ужываюць таксама ва ўрумскім і, часам, у беларускім алфавітах).
А а | Б б | В в | Г г | Ґ ґ | Д д | Е е | Є є | Ж ж | З з | И и |
І і | Ї ї | Й й | К к | Л л | М м | Н н | О о | П п | Р р | С с |
Т т | У у | Ф ф | Х х | Ц ц | Ч ч | Ш ш | Щ щ | Ь ь | Ю ю | Я я |
У розныя гістарычныя эпохі для запісу ўкраінскай мовы выкарыстоўвалі таксама лацінскі алфавіт розных рэдакцый. Сёння ўкраінская лацініца не мае адзінага стандарту і афіцыйнага статусу (на афіцыйным узроўні замацаваныя толькі правілы транслітарацыі з кірыліцы на лацініцу). Яе ўжыванне вельмі абмежаванае: як правіла, гэта публікацыі на тэму ўласна ўкраінскай лацініцы[41]. Дыскусіі па ўніфікацыі і магчымым укараненні лацінкі ва ўкраінскім правапісе адбываліся спачатку ў Галіцыі і Букавіне ў 1830-я, 1850-я гады, пасля ў 1920-я гады ва УССР, а пасля ў 1991 годзе яны аднавіліся ўжо ў незалежнай Украіне.
Украінская мова як асобная славянская мова мае шматлікія рысы, якія збліжаюць або аддаляюць яе ад суседніх славянскіх моў — польскай, беларускай, рускай, балгарскай і славацкай[заўв 8].
Сваю спецыфіку мова праяўляе на ўзроўні словаўтваральных мадэлей і, найбольш выразна, на ўзроўні лексікі — так званых лексічных украінізмаў[42].
На фанетычным і марфалагічным узроўні ўкраінскую мову адрознівае:
Асноўны слоўнікавы фонд украінскай мовы змяшчае чатыры пласты славянскіх слоў: агульнаіндаеўрапейская лексіка (укр.: батько (бацька), укр.: матір (маці), укр.: сестра (сястра), укр.: дім (дом), укр.: вовк (воўк), укр.: бути (быць), укр.: жити (жыць), укр.: їсти (есці) і г. д.); праславянскія словы (укр.: коса (каса), укр.: сніп (сноп), укр.: жито (жыта), укр.: віл (вол), укр.: корова (карова), укр.: ловити (лавіць) і г. д.); уласна ўкраінскія словы, уласцівыя ў асноўным украінскай мове (укр.: кисень (кісларод), укр.: водень (вадарод), укр.: мрія (мроя), укр.: зволікати (марудзіць), укр.: зайвий (лішні), укр.: байдуже (абыякава), укр.: примхи (прымхі), укр.: перекотиполе (павей) і г. д.); запазычанні з іншых славянскіх моў[46][47] (з беларускай — укр.: розкішний (раскошны), укр.: обридати (абрыднуць), укр.: нащадок (нашчадак), укр.: ззаду; з польскай — укр.: перешкода (перашкода), укр.: недолугий (шалапутны), укр.: дощенту (дашчэнту), укр.: обіцяти (абяцаць), укр.: цікавий (цікавы), укр.: гасло (лозунг), укр.: мить (імгненне), укр.: шлюб, укр.: завжди (заўсёды); з чэшскай — укр.: брама, огида (агіда), укр.: ярко (ярка), укр.: паркан, карк (карак); з сербскай — укр.: хлопець (хлопец), з балгарскай — укр.: храм, глава, владика (уладыка), укр.: сотворити (здзейсніць); з царкоўнаславянскай мовы — укр.: приязнь (прыхільнасць), укр.: злочин (злачынства)[заўв 9][50], запазычанні з розных цюркскіх моў — укр.: кавун, торба, тютюн (тытунь), запазычанні з германскіх моў — укр.: фарба, дах. Рэшту лексікі складаюць познія запазычанні, сярод якіх найбольш з мёртвых класічных моў — старажытнагрэчаскай — укр.: огірок (агурок), укр.: троянда (ружа); лаціны — укр.: мета (мэта), укр.: раптом (раптам). У савецкі час у лексікон увайшло шмат русізмаў — укр.: копійка (капейка), укр.: вертоліт (верталёт). Апошнім часам лексічны склад актыўна папаўняецца запазычаннямі з англійскай мовы. Агульнае развіццё мовы, як і ў іншых унармаваных мовах, адбываецца таксама за кошт унутраных рэсурсаў украінскай мовы: новыя словы ўзнікаюць на базе ўжо існых[51].
Антрапаніміка[заўв 10] ўкраінскай мовы зазнала моцны ўплыў хрысціянства і грэчаскай мовы.
Лексічна ўкраінская мова паўплывала на іншыя суседнія славянскія мовы, перш за ўсё на польскую[52] і рускую літаратурныя мовы[заўв 11]. У многія мовы свету ўвайшлі ўкраінскія словы[53]: укр.: «гопак», укр.: «козак», укр.: «степ», укр.: «бандура», укр.: «борщ» (у польскую былі запазычаны ўкраінскія словы польск.: „hreczka” — укр.: гречка, польск.: „chory” — укр.: хворий, да рускай руск.: «вареники» — укр.: вареники, руск.: «пасека» — укр.: пасіка, руск.: «бублик» — укр.: бублик, руск.: «подполковник» — укр.: підполковник і інш.
Украінскія запазычанні ў беларускай мове называюць украінізмамі. Украінская лексіка пачала пранікаць у практыку беларускага пісьменства ўжо прынамсі з XV ст., чаму спрыялі творы на аснове ўкраінскіх крыніц; творы, напісаныя на беларуска-ўкраінскім этнічным памежжы, перамяшчэнне цэнтра праваслаўя ВКЛ у Кіеў і паходжанне некаторых вялікалітоўскіх пісьменнікаў з украінскіх ваяводств. Існавала таксама лексіка, што мела ўкраінскую агаласоўку, лексічныя або словаўтваральныя ўкраінізмы, а таксама змяшэнне на пісьме літар и—ы, ѣ—и[54].
У пэўнай ступені новая хваля ўкраінізмаў адзначаецца ў новай гісторыі, калі ў XX ст. у сучасную літаратурную беларускую мову трапілі словы, утвораныя на аснове ўкраінскіх лексічных мадэлей (напрыклад, барацьбіт, дзеяслоў), а таксама словы для спецыфічных паняццяў украінскай культуры (гл. вышэй). Некаторая рысы, характэрныя для ўкраінскай мовы, таксама ўласцівыя паўднёва-заходнім гаворкам беларускай мовы[54].
У сучаснай украінскай мове вылучаюць тры асноўныя дыялекты[55][56][57]:
Апроч таго, да паўднёва-заходняга дыялекту некаторыя лінгвісты адносяць асобную русінскую мікрамову.
Суржыкам называюць ненарматыўнае маўленне ўкраінцаў, якое ўвабрала ў сябе элементы рускай мовы — перш за ўсё лексічныя і ў меншай ступені марфалагічныя (фанетыка і граматыка застаюцца ўкраінскімі).
Гэтая з’ява ўзнікла ў канцы XVII — пачатку XVIII стагоддзяў, калі асіміляцыйная палітыка Расійскай імперыі перапыніла развіццё стараўкраінскай пісьмовай традыцыі на захопленых землях усходняй Украіны[62]. Тэрмін «суржык» для абазначэння моўнай з’явы пачалі выкарыстоўваць у першай чвэрці XX стагоддзя. Верагодна, гэты тэрмін паходзіць з народнай гаворкі, дзе ў літаральным сэнсе абазначаў сумесь розных відаў збожжа, а ў пераносным — чалавека змешанага паходжання[62].
Пры гэтым даць агульную характарыстыку суржыку вельмі цяжка з прычыны шырокай рэгіянальнай і індывідуальнай варыятыўнасці. Нягледзячы на агульныя рысы, на індывідуальным узроўні розныя людзі, гаворачы на суржыку, могуць ужываць розную колькасць русізмаў, прычым няўстойлівасць можа назірацца нават у маўленні аднаго чалавека[62].
Украінская мова мае найбольшую колькасць фанем сярод славянскіх моў — 48[заўв 12][63]:
Галосных гукаў ва ўкраінскай мове шэсць ([ɑ] — a, [ɛ] — e, [i] — i, [u] — y, [ɔ] — o, [ɪ] — и), акрамя таго, ёсць напаўгалосны [j] — й (паводле іншай класіфікацыі, гэта шчылінны санорны сярэднеязычны цвёрдападнёбны мяккі зычны).
Украінскія галосныя — поўнага ўтварэння. Яны вымаўляюцца дакладна і выразна як у націскной пазіцыі, так і ў ненаціскной, але ў ненаціскных пазіцыях вымаўляюцца прыкладна ўдвая карацей, і, як вынік, больш выразна, што найбольш прыкметна для галосных з вельмі падобнымі артыкуляцыйнымі параметрамі. Аднак ва ўкраінскай мове няма кароткіх рэдукаваных галосных, ненаціскныя галосныя, гэтак жа як і націскныя, з’яўляюцца гукамі поўнага ўтварэння.
Спалучэнне й з галоснай перадаюць адной літарай (я, є, ї, ю), за выключэннем прыставак най-, якнай-, щонай-, як, напрыклад, у слове найекологічніший (найбольш экалагічна чысты). Няма звыклай для беларускага алфавіта літары ё, на пісьме яна перадаецца спалучэннем «йо» і «ьо», а таксама (толькі ў асобных дыялектах) спалучэннем «йи» і «ьи».
Большасць зычных мае 3 разнавіднасці: цвёрды, мяккі (палаталізаваны) і доўгі, напрыклад: л, ль, лл або н, нь, нн. На пісьме разнавіднасць зычнага звычайна абазначаюць наступным галосным. У асобных выпадках ужываюць асаблівы знак мяккасці — ь і цвёрдасці — апостраф. Для пазначэння даўгаты зычны пішуць двойчы запар.
Гукі d͡z (дз) і гук d͡ʒ (дж), як і ў беларускай мове, не маюць адмысловых літар для пазначэння: кожны з іх пазначаюць дзвюма літарамі.
/nʲ/ | укр.: знання (веды/[аў]) | [znɑˈɲːɑ] | [знан':а́] |
/dʲ/ | укр.: суддя (суддзя) | [suˈɟːɑ] | [суд':а́] |
/tʲ/ | укр.: життя (жыццё/[ця]) | [ʒɪ̞ˈcːɑ] | [жиет':а́] |
/lʲ/ | укр.: зілля (зелле/[ля]) | [ˈzʲiʎːɑ] | [з’і́л':а] |
/t͡sʲ/ | укр.: міццю (моцай) | [ˈmʲit͡sʲːu] | [м’і́ц':у] |
/zʲ/ | укр.: мотуззя (вяроўка/[кі]) | [moˈtuzʲːɑ] | [моуту́з':а] |
/sʲ/ | укр.: колосся (калоссе/[ся] | [kɔˈlɔsʲːɑ] | [коло́с':а] |
/t͡ʃ/ | укр.: обличчя (твар/[ру]) | [ɔˈblɪt͡ʃʲːɑ] | [обли́ч’:а] |
/ʒ/ | укр.: збіжжя (збожжа) | [ˈzbʲiʒʲːɑ] | [зб’і́ж’:а] |
/ʃ/ | укр.: затишшя (зацішша) | [zɑˈtɪʃʲːɑ] | [зати́ш’:а] |
У некаторых паўднёва-ўсходніх гаворках /rʲ/ таксама асіміляваў наступны /j/, утвараючы мяккі доўгі [rʲː], напрыклад укр.: пірря (пёры) [ˈpirʲːɐ] [п’і́р':а], літаратурна пір’я [ˈpirjɐ] [п’і́рйа].
Ва ўкраінскай літаратурнай мове вымаўленне слоў і словазлучэнняў падпарадкоўваецца наступным правілам:
Ва ўкраінскай мове вылучаюць марфалагічныя і немарфалагічныя спосабы словаўтварэння[68]. Да марфалагічных спосабаў адносяцца наступныя тыпы ўтварэння[69]:
Пры немарфалагічных спосабах утварэнне новага слова адбываецца:
Яшчэ адной разнавіднасцю словаўтварэння з’яўляецца абрэвіяцыя: укр.: медсестра ← медична сестра (медсястра ← медыцынская сястра), укр.: ЛПУ ← Ліберальна партія України (ЛПУ ← Ліберальная партыя Украіны), укр.: ДЕК ← державна екзаменаційна комісія (ДЭК ← дзяржаўная экзаменацыйная камісія) і г. д.
Ва ўкраінскай мове традыцыйна вылучаюць дзесяць часцін мовы[70][71]:
Назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік і дзеяслоў з’яўляюцца зменнымі часцінамі мовы (скланяюцца), іншыя часціны з’яўляюцца нязменнымі. Ва ўкраінскай мове вылучаюць сем склонаў[72]: (назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны, клічны) і два лікі (адзіночны і множны)[73]. Парны лік, які быў уласцівы стараславянскай мове, толькі часам праяўляецца ў сучаснай украінскай мове[заўв 13], напрыклад, у творным склоне: укр.: очима, плечима (вачыма, плячыма), нароўні з укр.: очами, плечами (вачамі, плячамі)[74]. Існуе тры граматычныя роды: мужчынскі, жаночы і ніякі[75].
Назоўнік змяняецца па ліках, скланяецца:
Склон (укр.) | Прыклад (укр.) | Склон (бел.) | Прыклад (бел.) |
укр.: називний хто / що? | укр.: брат, мова | назоўны хто/што? | брат, мова |
укр.: родовий кого / чого? | укр.: брата, мови | родны каго / чаго? | брата, мовы |
укр.: давальний кому / чому? | укр.: братові/у, мові | давальны каму / чаму? | брату, мове |
укр.: знахідний кого / що? | укр.: брата, мову | вінавальны каго / што? | брата, мову |
укр.: орудний ким / чим? | укр.: братом, мовою/й | творны кім / чым? | братам, моваю/й |
укр.: місцевий о/на/у/по/ кому / чому? | укр.: по браті/ові, у мові | месны аб/па/на/па кім / чым? | па браце, у мове |
укр.: кличний хто / що? | укр.: брате, мово | клічны[заўв 14] | браце, — |
Дзеяслоў мае 4 часы: цяперашні — укр.: читає (чытае), прошлы — укр.: читав (чытаў), будучы, які мае тры формы: простую — укр.: прочитає (прачытае), складаную — укр.: читатиме (будзе чытаць / чытацьме), састаўную — укр.: буде читати (будзе чытаць), і даўномінулы час — укр.: був читав (быў чытаў). Усе дзеясловы дзеляцца на два трыванні — закончанае і незакончанае. У прошлым часе дзеяслоў не мае характарыстыкі асобы, затое мае характарыстыку роду[76]. Да дзеяслова таксама традыцыйна адносяць дзеепрыслоўе і дзеепрыметнік[77].
Прыметнік — нязначная колькасць прыметнікаў мужчынскага роду разам з агульнаўжывальнай поўнай формай мае кароткую (нязменную) форму: укр.: ясен (ясны), укр.: дрібен (дробны), укр.: зелен (зялёны), укр.: повен (поўны), укр.: славен (слаўны), укр.: красен (красны), укр.: винен (вінны), укр.: потрібен (патрэбны), укр.: певен (пэўны), укр.: годен (годны), укр.: ладен (ладны), укр.: рад (рады)[заўв 15]. Поўныя формы прыметнікаў могуць мець не ўласцівую ўкраінскай мове нясціслую форму (толькі прыметнікі жаночага і ніякага роду, сустракаюцца ў асноўным у народнай творчасці і паэтыцы) у назоўным і вінавальным склонах адзіночнага і множнага лікаў[78]: укр.: гарная (пекная), укр.: гарнеє (пекнае), укр.: гарнії (пекныя); укр.: синяя (сіняя), укр.: синєє (сіняе), укр.: синії (сініі); замест традыцыйнага ўжывання укр.: гарна, гарне, гарні; синя, синє, сині.
Пра паходжанне і станаўленне ўкраінскай мовы ёсць шмат версій[79], найбольш вядомыя з якіх — праславянская[80][81][82], старажытнаруская[83][84], паўднёваруская[85][86].
Гісторыя ўкраінскай мовы пачынаецца ад праславянскага моўнага адзінства (да VI ст.). Пэўна вызначана, што спецыфічныя моўныя рысы ўкраінскай мовы сустракаюцца ўжо ў помніках XI—XII стагоддзяў, якія паходзяць з Паўднёвай Русі[87]. Яны сістэматычна выяўляюцца ў помніках позняга часу (XIV—XV стагоддзяў). Украінскі этнас фарміраваўся ў нетрах Кіеўскай Русі, перш за ўсё на аснове насельніцтва Кіеўскага , Чарнігаўскага, Пераяслаўскага, Галіцкага і Валынскага княстваў. Кансалідацыі ўкраінскага народа, станаўленню яго мовы перашкаджала тая акалічнасць, што пасля мангольскага нашэсця ў XIII стагоддзі ўкраінскія землі ўваходзілі ў склад розных дзяржаў. Так, Чарнігава-Севершчына, Падолле і Кіеўшчына з Пераяслаўшчынай, а таксама вялікая частка Валыні належалі Вялікаму Княству Літоўскаму з афіцыйнаю «рус[ь]кай», г. зн. агульнай старабеларуска-ўкраінскай мовай; Паўночная Букавіна стала часткай Малдаўскага княства — тут таксама доўгі час усе дзяржаўныя справы вяліся на «рус[ь]кай» мове; частку Заходняй Валыні і Галічыну захапіла Польшча, а Закарпацце — Венгрыя.
Ужо ў перыяд існавання ВКЛ гаворкі ўкраінскай мовы кантактавалі з нормамі маўлення старабеларускай мовы. Украінізмы ў тагачаснай беларускай літаратуры вядомыя прынамсі з XV ст. і ўкараняліся дзякуючы творам на аснове ўкраінскіх крыніц; твораў, створаных на этнічным беларуска-ўкраінскім памежжы, а таксама дзякуючы перамяшчэнню цэнтру літоўскага праваслаўя з Вільні ў Кіеў. З іншага боку, трапленню ў старабеларускую мову ўкраінізмаў спрыялі аўтары паходжаннем з украінскіх зямель, якія тварылі на тэрыторыях сучаснай Беларусі. Да гэтых украінізмаў адносілася не толькі лексіка, але і словы з украінскай агаласоўкай, лексічныя або словаўтваральныя ўкраінізмы[54].
Асабліва вялікае значэнне для кансалідацыі ўкраінскага народа і яго мовы, развіцця яго самасвядомасці і дзяржаўнасці меў Кіеў. Гэты горад стаў магутным цэнтрам развіцця і распаўсюджвання навукі, адукацыі і культуры, тут зарадзіліся ідэі народна-вызваленчай барацьбы супраць чужаземнага прыгнёту. У другой палавіне XVI — першай палавіне XVII стагоддзяў украінцы засялялі ў асноўным Кіеўшчыну, Чарнігаўшчыну, Палтаўшчыну , Брацлаўшчыну (Падолле), Запарожжа , Валынь, Галічыну, Паўночную Букавіну і Закарпацкую Русь. У гэты час узмацняецца міграцыйны рух украінцаў з захаду на ўсход — на поўдзень Кіеўшчыны, Брацлаўшчыну, левабярэжную Украіну, Слабажаншчыну.
Характэрныя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы ўкраінскай народнай мовы ўвайшлі ў яе першую літаратурную форму — агульную старабеларуска-ўкраінскую літаратурную мову. У некаторых тагачасных пісьмовых помніках фіксуюцца такія напісанні, як шість замест шесть, адбываецца чаргаванне в з у (ужити — вжити, утиск — втиск), ужываюцца мясцовыя народныя словы (верховина — верхняя плынь ракі, грунь — пагорак, криничина — мясцовасць, багатая на крыніцы, полонина — горная паша і інш.), юрыдычная тэрміналогія (дідич, дідизна, займище, закоп, нащадок, осадити, податок) і інш.
З XV стагоддзя ва Украіну пранікаюць рэфарматарскія ідэі, выкліканыя з’яўленнем перакладаў евангельскіх тэкстаў на стараўкраінскую (старабеларускую) літаратурную мову, якая з аднафункцыянальнай (дзелавой) становіцца многафункцыянальнай, што значна пашырае яе слоўнік і ўзбагачае магчымасці выражэння.
У пачатку XVIII стагоддзя ўказам расійскага цара Пятра I ва Усходняй Украіне было забаронена друкаваць на ўкраінскай мове рэлігійную літаратуру. Гэта адбілася на кнігавыдавецкай справе ў цэлым. Украінская мова прымусова выцяснялася рускай[88]. Тым не менш, украінская мова працягвала функцыянаваць на заходнеўкраінскіх землях, якія знаходзіліся ў складзе Аўстра-Венгрыі.
З канца XVIII стагоддзя зараджаецца новая ўкраінская літаратурная мова на народнай аснове. Такія ўкраінамоўныя пісьменнікі, як Іван Катлярэўскі, Тарас Шаўчэнка, Іван Франко, Панас Мірны, Міхаіл Кацюбінскі, Леся Украінка і іншыя, сваёй творчасцю ўзнялі новую ўкраінскую літаратурную мову да ўзроўню агульнанароднай[89][90][91][92][93][94]. У 1860-1880-х гадах развіццё ўкраінскай літаратурнай мовы штучна абмяжоўвалася царскімі забаронамі (Валуеўскі цыркуляр, 1863; Эмскі акт, 1876)[95][96].
З пачатку XX стагоддзя ўкраінская літаратурная мова была адзначана не толькі ў мастацкай, але ў навуковай і публіцыстычнай літаратуры. Асабліва бурна яна развіваецца пасля аднаўлення ўкраінскай дзяржаўнасці (1917) і практычна да канца 1-й трэці XX стагоддзя ўваходзіць ва ўсе сферы грамадскага жыцця, стаўшы інструментам асветы, навукі і культуры, спрыяе росту новай украінскай інтэлігенцыі. І хоць у гады бальшавіцкіх рэпрэсій рабілася ўсё, каб замарудзіць працэс развіцця ўкраінскай мовы[97][98], аднак знішчыць мову, укаранёную ў сістэме адукацыі і культуры, сродках масавай інфармацыі, было ўжо немагчыма. Новае наступленне на яе было здзейснена ў часы застою — украінская мова пачала знікаць з навучальных устаноў, навукі, іншых сфер грамадскага жыцця. Больш падрабязна пра ўціск украінскай мовы ў Савецкім Саюзе пісаў дысідэнт Іван Дзюба ў сваёй працы «Інтэрнацыяналізм ці русіфікацыя? »
У 1989 годзе дзякуючы намаганням патрыятычнай грамадскасці быў прыняты Закон УССР «Пра мовы ва Украінскай ССР» , які надаў украінскай мове статус дзяржаўнай. Гэты статус быў замацаваны ў Канстытуцыі Украіны 1996 года.
Назву «ўкраінская мова» ўжывалі, пачынаючы з XVI стагоддзя, для абазначэння мовы паўднёварускіх зямель Рэчы Паспалітай, аднак да сярэдзіны XIX стагоддзя асноўнай назвай гэтай мовы была «рус[ь]кая мова»[заўв 16]. Гэта пачало ўносіць блытаніну з моманту далучэння Украіны да Масковіі (пазней да Расійскай імперыі), бо рускія пачынаючы з XVIII стагоддзя пачалі пазначаць сваю мову падобным прыметнікам (руск.: русский язык).
Пасля пэўнага перыяду ваганняў між тымі ці іншымі назвамі менавіта назва «ўкраінская мова» паступова перамагла ва ўсіх украінскіх рэгіёнах.
У розны час, між іншага, мелі ўжытак наступныя назвы:
З XVIII стагоддзя існавала і канкурыравала некалькі сістэм украінскага правапісу (да 50-ці рознай ступені распаўсюджанасці, у тым ліку і чыста індывідуальныя[101]) з розным саставам алфавіта і заснаваныя на розных прынцыпах. Іх можна падзяліць на тры асноўныя групы:
Геаграфічна і гістарычна тэрыторыя распаўсюджання ўкраінскай мовы размяшчаецца між арэалам распаўсюджання рускай мовы на паўночным усходзе (пазней таксама і на ўсходзе), беларускай на поўначы, польскай і славацкай на захадзе, балгарскай на паўднёвым-захадзе. З неславянскіх моў украінская прыкладна ад 895 года мяжуе на захадзе з венгерскай, якая належыць да ўральскай сям’і, на паўднёвым захадзе з румынскай і яе малдаўскімі гаворкамі (раманская група), якія прынамсі з XIII стагоддзя разарвалі непасрэдны кантакт між украінскай і балгарскай мовамі; да 1945 года і з пачатку 1990-х гадоў таксама і з крымскататарскай мовай, якая належыць да цюркскай моўнай сям’і.
Раней кантакты ўкраінскай мовы з цюркскімі былі больш моцныя і разнастайныя: печанегі (X—XI стагоддзі), полаўцы (XI—XIII стагоддзі) і татары (з XIII стагоддзя) межавалі з ёй на ўсходзе і паўднёвым усходзе, а часам пранікалі і ўглыб украінскай тэрыторыі, туркі гранічылі з украінскімі землямі на поўдні (асабліва ў XVII—XVIII стагоддзях). У асобных рэгіёнах украінская мова мела цесныя кантакты таксама з румынскай (Букавіна, Хатыншчына , Буджак, Прыднястроўе), венгерскай (Закарпацце), славацкай (Прашыўшчына ў Славакіі) і беларускай (Берасцейшчына, Чарнігаўшчына) мовамі. Кантакты з немцамі, армянамі, сербамі і іншымі народамі былі абмежаваны ў часе і тэрытарыяльна[103].
Украінская мова з’яўляецца роднай мовай украінцаў, якія пражываюць на тэрыторыі Украіны (па перапісе 2001 года роднай яе лічылі 32 млн 600 тыс. чалавек — 67,5 % насельніцтва Украіны, і 85,2 % этнічных украінцаў[104]) і за межамі Украіны: у Расіі (валодае 1 млн 800 тыс. чалавек [105]), Малдове (без уліку Прыднястроўя ўкраінская з’яўляецца роднай для 181 тыс. чалавек[106][107], Канадзе (валодае 174 тыс. чалавек[108]), ЗША (129 тыс. носьбітаў[109]), Казахстане (размаўляюць украінскай 128 тыс. чалавек[110]), Беларусі (роднай называе 116 тыс. чалавек[111][112]), Румыніі (57 тыс. носьбітаў[113]), Польшчы (23 тыс. чалавек, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Польшчы[114] і ад 20 да 450 тыс. чалавек з ліку рабочых эмігрантаў[115][116]), Бразіліі (ня менш за 17 тыс. носьбітаў), Славакіі (11 тыс. чалавек, якія назвалі сваю мову ўкраінскай[117] і 24 тыс. чалавек, якія назвалі сваёй мовай русінскую[118]) і іншых краінах.
Украінская мова займае па колькасці яе носьбітаў, паводле розных крыніц, 25[119] або, магчыма, 22 месца[120] у свеце. Яна таксама трэцяя[119] або другая[120] па распаўсюджанасці сярод славянскіх моў. Па розных ацэнках, у свеце ў цэлым на ўкраінскай мове размаўляе ад 41 млн[9] да 45 млн чалавек[51].
Па даных пошукавай сістэмы «Яндэкс», восенню 2010 года найбольшая доля запытаў на ўкраінскай мове ў гэтай сістэме была ў Цярнопальскай вобласці — 33 %, найменшая — у Крыме — 3,7 %. Аднак рускамоўнымі лічыліся тыя запыты, якія аднолькава пісаліся як на ўкраінскай, так і на рускай мовах[121].
Украінская таксама з’яўляецца адной з даступных моў у сэрвісе нейронавага машыннага перакладу DeepL[122][123].
Паводле звестак рэсурсу w3techs.com, на 5 красавіка 2021 года ўкраінская мова займала 16 месца ў свеце па выкарыстанні ў інтэрнэце[124] і дэманстравала імклівы рост папулярнасці[125][126].
Пасля пачатку поўнамаштабнага уварвання Расіі ва Украіну выкарыстанне ўкраінскай мовы ў сацсетках значна павялічылася[127].
Станам на 14 снежня 2023 года сайт платформы «Маніфест»[128] змяшчае больш за 11 тысяч украінамоўных YouTube-каналаў[129].
Станам на 19 снежня 2023 года сайт «КУЛІ» (укр. Каталог української локалізації ігор) змяшчае інфармацыю пра 1731 афіцыйную, 39 напаўафіцыйных і 415 неафіцыйных украінскіх лакалізацый відэагульняў[130].
З пачатку XVII і да XX стагоддзя ўкраінская мова не мела паўнапраўнага дзяржаўнага статусу, знаходзілася пад забаронай або ў прыгнечаным становішчы (гл. паланізацыя, русіфікацыя), часам наогул трапляла пад рэпрэсіі ў краінах, куды ўваходзілі ўкраінскія землі.
Украінская мова была дзяржаўнай ці рэгіянальнай, між іншым, у такіх дзяржавах і адміністрацыйных суб’ектах, як:
Паводле артыкула 10 (Раздзел I — «Агульныя палажэнні») Канстытуцыі Украіны[137], украінская мова з’яўляецца адзінай дзяржаўнай мовай Украіны.
Вярхоўная Рада Украіны 25 красавіка 2019 года прыняла Закон Украіны «Пра забеспячэнне функцыянавання ўкраінскай мовы як дзяржаўнай», які забяспечвае выключнае выкарыстанне ўкраінскай мовы ва ўсіх сферах дзяржаўнага жыцця. Украінскія дэпутаты таксама прыраўнялі публічнае прыніжэнне або грэбаванне дзяржаўнай мовай да правапарушэнняў, звязаных з публічным здзекам з дзяржаўных сцяга, герба і гімна[138].
У выніку падзей анексіі Крыма і наступнай інтэрвенцыі Расіі ва Украіну 18 сакавіка 2014 года Расіяй і самаабвешчанымі ўладамі паўвострава Крым было зацверджана фактычнае далучэнне тэрыторыі паўвострава Крым да Расіі. На месцы дэ-факта скасаванай Аўтаномнай Рэспублікі Крым Украіны ўладамі Расіі было абвешчана ўтварэнне Рэспублікі Крым, адной з дзяржаўных моў якой стала ўкраінская мова[1]. Севастопаль (не ўваходзіць у Аўтаномную Рэспубліку Крым) расійскімі ўладамі пераўтвораны ў горад федэральнага значэння, і Севастопальская гарадская рада, паводле Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі, не можа ўстанаўліваць дзяржаўную мову.
За межамі Украіны і Прыднястроўя статус украінскай мовы рэгулюе «Еўрапейская хартыя рэгіянальных моў»[4].
Статус рэгіянальнай мовы:
Паводле артыкула 12 Канстытуцыі непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі, украінская мова, нароўні з малдаўскай і рускай, з’яўляецца адной з трох афіцыйных моў ПМР[2].
Мова нацменшасці:
Паводле артыкула 14 раздзела II «Памесны Сабор» Статута пра кіраванне Украінскай праваслаўнай царквой Кіеўскага патрыярхата, яе афіцыйнай мовай сабору і вядзення пратаколаў з’яўляецца ўкраінская мова[141]. Таксама ўкраінская выкарыстоўваецца як мова богаслужэнняў, навучання, пропаведзей, тэалагічнай і царкоўнай літаратуры[142]
З 1919 года ўкраінская мова нароўні з царкоўнаславянскай з’яўляецца мовай набажэнстваў ва Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царкве[143].
Украінская мова выкарыстоўваецца для правядзення богаслужэнняў у некаторых парафіях Украінскай Праваслаўнай Царквы маскоўскага патрыярхата, якая ўваходзіць у склад Рускай Праваслаўнай Царквы на правах самакіруемай царквы з правамі шырокай аўтаноміі[144].
Украінская мова нароўні з англійскай выкарыстоўваецца ва Украінскай праваслаўнай царкве Канады, якая з’яўляецца самакіруемай царквой у складзе Канстанцінопальскай праваслаўнай царквы[145]
Украінскія супольнасці Польскай праваслаўнай царквы ўжываюць украінскую мову ў чытанні Свяшчэннага Пісання і ў пропаведзі[146].
Паводле першага пункту «Рашэнняў і пастаноў, ухваленых Сінодам Біскупаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, які адбыўся ў Рыме ў дні з 24 верасня па 8 кастрычніка 1989 года», Украінская грэка-каталіцкая царква ў сваім набажэнстве выкарыстоўвае ўкраінскую мову, хоць яе афіцыйнай літургічнай мовай з’яўляецца царкоўна-славянская[147].
Украінская мова выкарыстоўваецца шэрагам міжнародных дзяржаўных тэлеканалаў, сярод іх:
Таксама на ўкраінскай вядуць сваё вяшчанне такія прыватныя міжнародныя тэлеканалы, як Міжнародны славянскі канал, Інтер +, 1+1 International.
На ўкраінскай мове вядзе радыёвяшчанне шэраг дзяржаўных міжнародных радыёстанцый, сярод якіх:
Таксама на ўкраінскай мове вядуць міжнароднае радыёвяшчанне прыватныя радыёстанцыі, такія як: Радыё Свабода, Транссусветнае радыё — Украіна, Голас Бібліі, Радыё Тэас, Адвентысцкае сусветнае радыё — Голас Надзеі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.