Remove ads
уварванне Расіі ва Украіну 24 лютага 2022 года From Wikipedia, the free encyclopedia
Уварванне Расіі ва Украіну — ваенны канфлікт паміж Расіяй і Украінай, які пачаўся 24 лютага 2022 года каля 05:00 па кіеўскім часе. Таксама ўварванне называюць расійскай агрэсіяй супраць Украіны або расійска-ўкраінскай вайной, а ў расійскім афіцыёзе і прапагандзе — спецыяльнай ваеннай аперацыяй[40]. Кампанія пачалася пасля канцэнтрацыі расійскіх войск каля расійска-ўкраінскай мяжы і прызнання Расіяй самаабвешчаных Данецкай Народнай Рэспублікі і Луганскай Народнай Рэспублікі, а затым уводам Узброеных сіл Расіі на тэрыторыю Украіны з тэрыторыі Расіі, Беларусі, анэксіраванага Крыма і самаабвешчаных ДНР і ЛНР, з ўдзелам іх войск, па чатырох асноўных кірунках — з поўначы на Кіеў, з паўночнага ўсходу на Харкаў, з паўднёвага ўсходу з Данбаса і з поўдня з Крыма.
Артыкул апісвае бягучыя падзеі. |
Уварванне Расіі ва Украіну | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Расійска-ўкраінская вайна | |||
Дата | з 24 лютага 2022 | ||
Месца | Украіна | ||
Прычына |
Расійская пазіцыя: невыкананне ўкраінскім бокам Мінскіх пагадненняў па Данбаскім канфлікце, мілітарызацыя Украіны, узнікненне пагрозы для мірных жыхароў, рост нацыяналізму, дзейнасць НАТА, прыгнёт рускамоўнага насельніцтва[1][2] Украінская пазіцыя: імкненне Расіі ліквідаваць украінскую дзяржаўнасць[3] |
||
Статус | працягваецца | ||
Праціўнікі | |||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Агульныя страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Паводле даных Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў за месяц больш за 3,8 млн чал. былі вымушаныя бегчы з Украіны, і гэты крызіс бежанцаў стаў самым вялікім і дынамічным пасля Другой сусветнай вайны[41]. За 100 дзён вайны амаль 14 мільёнам украінцаў давялося пакінуць свае дамы[42]. Станам на пачатак 2024 года каля 3,7 мільёнаў чалавек застаюцца перамешчанымі ва Украіне, амаль 6,5 мільёнаў з’яўляюцца ўцекачамі ва ўсім свеце[43].
З пачатку 2022 года назіралася нарастанне вайсковай актыўнасці на ўсходзе Украіны ў зоне расійска-ўкраінскага канфлікту. Некалькі аналітыкаў, у тым ліку група Bellingcat, апублікавалі доказы таго, што многія з заяўленых тэрактаў, выбухаў, а таксама эвакуацыя на Данбасе былі інсцэнаваныя Расіяй. 21 лютага пасля абстрэлу спыніла работу Луганская ЦЭС[44].
Прызнаўшы самаабвешчаныя ДНР і ЛНР, 21 лютага 2022 года Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін загадаў увесці расійскія войскі на Данбас у рамках «міратворчай місіі»[45]. Краіна закрыла паветраную прастору на мяжы з Украінай.
22 лютага 2022 года Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг, Прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо і інш. заявілі пра расійскае ўварванне ва Украіну. Тым жа днём расійскі Савет Федэрацыі дазволіў Уладзіміру Пуціну ўжыць ваенную сілу за межамі Расіі[46]. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі распарадзіўся пра прызыў рэзервістаў[47].
23 лютага ва Украіне ўведзена надзвычайнае становішча[48]. Расія пачала эвакуацыю свайго пасольства ў Кіеве. Сайты ўкраінскага парламента і ўрада, а таксама банкаўскія сайты трапілі пад DDoS-атакі[49].
У адказ на прызнанне дзвюх самаабвешчаных рэспублік многія краіны пачалі ўводзіць санкцыі супраць Расіі. 22 лютага Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан абвясціў пра санкцыі ў дачыненні да некаторых расійскіх банкаў[50], а таксама мільярдэраў-паплечнікаў Уладзіміра Пуціна[51][52][53]. Тым часам Канцлер Германіі Олаф Шольц прыпыніў працэс сертыфікацыі газаправода «Паўночны паток-2»[54], а міністры замежных спраў ЕС унеслі ў чорны спіс усіх дэпутатаў Думы, якія прагаласавалі за прызнанне сепаратысцкіх рэгіёнаў, адначасова забараніўшы інвестарам з ЕС гандляваць расійскімі дзяржаўнымі аблігацыямі, а таксама мэтанакіраваны імпарт і экспарт з сепаратысцкімі структурамі[55]. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абвясціў санкцыі супраць двух банкаў[56], а таксама ў дачыненні да суверэннай запазычанасці Расіі[57]. 24 лютага Прэм’ер-міністр Аўстраліі Скот Морысан заявіў аб фінансавых санкцыях да васьмі членаў Савета нацыянальнай бяспекі Расіі[58].
Украінскае камандаванне перад уварваннем скрытна перадыслакавала вайсковую тэхніку, са сваіх баз вывелі самалёты, танкі і бранятэхніку, а таксама зенітныя батарэі[59].
Раніцай 24 лютага 2022 года Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін абвясціў пачатак ваеннай аперацыі на Данбасе з мэтай «абароны людзей, якія на працягу васьмі гадоў падвяргаюцца здзеку, генацыду з боку кіеўскага рэжыму». Паводле яго слоў, Расія не можа адчуваць сябе ў бяспецы і жыць з пастаяннай пагрозай з боку Украіны[1].
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі перакананы, што галоўная мэта праціўніка — ліквідацыя Украіны як дзяржавы[60].
Украіна ўвяла ваенны стан 24 лютага[61]. Уладзімір Зяленскі ў ноч на 25 лютага стварыў і сам узначаліў стаўку Вярхоўнага галоўнакамандуючага[62]. Ён абвясціў усеагульную мабілізацыю[63].
21 верасня Уладзімір Пуцін абвясціў частковую мабілізацыю ў Расіі[64]. 30 верасня ў Маскве адбылася цырымонія падпісання дагавораў аб далучэнні да Расіі ДНР, ЛНР, Запарожскай і Херсонскай абласцей[65]; ад 5 кастрычніка 2022 года ў складзе Расійскай Федэрацыі афіцыйна з’явіліся чатыры новыя суб’екты.
Як паведаміла Дзяржаўная памежная служба Украіны, атака пачалася ў 5 гадзін раніцы з трох кірункаў[66]. Паводле інфармацыі МЗС Украіны[67], крылатымі і балістычнымі ракетамі сталі абстрэльваць шэраг аб’ектаў Кіева[68].
Расійскія верталёты з дэсантам на борце праляцелі ўздоўж Кіеўскага вадасховішча з Беларусі ў Гастомэль. Хоць яны і панеслі страты ў баі, пачалі прызямляцца і высаджваць дэсантнікаў. Завязаўся наземны бой за аэрапорт. Паводле даных украінскай разведкі, з Пскова вылецелі транспартныя самолёты Іл-76, аднак прызямляцца ў Гастомэлі яны не сталі. Расійскі дэсант вёў бой у акружэнні і панёс значныя страты.
Па ўсёй краіне здзейснены напады на вайсковыя аб’екты[69]. Вайскоўцы Расіі перайшлі мяжу каля Харкава[67]. Адначасова расійскія войскі прасунуліся далей на ўкраінскую тэрыторыю з Крыма[70]. Чуліся выбухі ў Краматорску, Адэсе, Харкаве, Бэрдзянску[71].
Як заявіла Міністэрства абароны Расіі, яны не наносяць ракетныя, авіяцыйныя ці артылерыйскія ўдары па гарадах Украіны[67], а толькі «высокатрапнымі сродкамі паражэння выводзяцца з ладу вайсковая інфраструктура, аб’екты СПА, вайсковыя аэрадромы, авіяцыя Узброеных Сіл Украіны»[72].
У Луганскай вобласці сілы ЛНР атакавалі горад Шчасця[73] і захапілі яго, Украіна страціла кантроль яшчэ над двума пасёлкамі[74]. Сілы ДНР пачалі абстрэл украінскіх пазіцый па ўсёй лініі судакранання[1], разгарнуліся шматдзённыя баі за Валнаваху.
Поўдзень Херсонскай вобласці перайшоў пад кантроль вайскоўцаў РФ[75][76]. На поўначы пачаўся захоп Чарнобыльскай АЭС[77]. Да вечара Украіна страціла Змяіны востраў[78], гарады Чарнобыль, Гэнічэск, Кахоўка (пазней адноўлены кантроль[79]) і Новая Кахоўка[80]. ФСБ Расіі паведаміла, што ўкраінскія пагранічнікі сышлі з расійска-ўкраінскай мяжы[81].
Расійскія войскі ноччу прайшлі з боку Беларусі цераз зону адчужэння Чарнобыльскай АЭС і падышлі да Кіева з поўначы, там жа канцэнтраваліся падраздзяленні Расгвардыі. Перадавыя атрады заходзілі ў раён Абалонь[82][83]. Па сталіцы былі нанесеныя ўдары ракетамі[84]. На захад ад Кіева, дзе высадзіўся расійскі дэсант, завязаліся працяглыя баі за Гастомэль і мясцовы аэрадром[85]. У сталіцы рыхтаваліся да абароны, абясшкоджваліся дыверсійныя групы, якім удалося пранікнуць у горад[86].
Да раніцы расійскімі войскамі акружаны Канатоп, дзве расійскія групоўкі прасоўваліся ў бок Кіева з усходу па тэрыторыі Сумскай вобласці, ішлі баі за Ахтырку і іншыя населеныя пункты[82][87]. З Курскай вобласці расіяне прарваліся да Чарнігава[88][89]. Украінцы ўзарвалі масты ў раёне Чарнобыля і па дарозе ад Чарнігава да Кіева[82].
На поўдні расійскія войскі ўвайшлі ў Мелітопаль. Працягвалася абарона Херсона, ля горада абаронцы ўзарвалі мост.
Уначы з 25 на 26 лютага ішлі баі ў горадзе Васылькіў і аэрадром паблізу Кіева, дзе спрабавалі высадзіцца расійскія дэсантнікі[90], завязаліся вулічныя баі ў сталіцы[91][92][93]. Ад раніцы сітуацыя ў сталіцы нармалізавалася, але Кіеўскі метрапалітэн працуе як сховішча, цягнікі не ходзяць, як і іншы гарадскі транспарт[94].
Удзень украінскі бок на ўсходзе страціў кантроль над пасёлкамі Станіца Луганская і Маркаўка і вёскай Крымскае ў Луганскай вобласці[95][96]. Баі ідуць каля Балакліі ў Харкаўскай вобласці.
На поўдні ваеннае супрацьстаянне каля Мелітопаля і Марыупаля. Расійскія войскі намагаліся атакаваць абласны цэнтр Мікалаеў[97].
На дамбе пры ўпадзенні ракі Ірпінь у Кіеўскае вадасховішча падарвалі шлюзы, вада пачала затапліваць рачную даліну[98]. Да гэтага дня ўкраінцы знішчылі ўсе шляхі, якія злучалі мясцовую чыгунку з расійскай[99].
На поўнач ад Кіева з ночы ішлі баі. Расійскія танкі з боку Бучы ўвайшлі ў Ірпінь, але ўкраінскім вайскоўцам удалося выбіць іх з горада[100]. Пасля начнога абстрэлу расійскія войскі прарваліся ў Харкаў[101][102], яны праніклі ўглыб горада, дзе былі разгромлены[103]. У Бэрдзянск увайшла цяжкая тэхніка, расіяне ўзялі пад кантроль адміністрацыйныя будынкі[104].
28 лютага пасля перамоў з гарадскім кіраўніком расійскія войскі без бою занялі горад Куп’янск Харкаўскай вобласці[105][106]. Удзень расійская армія масіравана абстраляла Харкаў[107]. Адбываліся артылерыйскія і ракетныя абстрэлы на некаторых іншых напрамках. Расійскім бокам узяты пад кантроль Энэргадар і тэрыторыя вакол Запарожскай атамнай электрастанцыі[108].
З паўночнага захаду ад Кіева расійскія падраздзяленні пад артылерыйскімі атакамі ўкраінцаў спрабавалі згрупавацца і перагрупавацца. Удзень быў нанесены ракетны ўдар па тэлевежы. У выніку ракетнага абстрэлу Харкава пацярпеў цэнтр горада. Працягвалася абарона Херсона, у горадзе ішлі вулічныя баі[109].
У Данецкай вобласці расійскія ваенныя сілы імкнуліся да акружэння Марыупаля[110]. Паблізу Горлаўкі ў палон трапілі мясцовыя педагогі, якія пасля мабілізацыі ў «ДНР» ваявалі на расійскім баку[111].
2 сакавіка, як паведаміў Генеральны штаб, Узброеныя сілы Украіны на асобных напрамках пачынаюць перахопліваць ініцыятыву. Расійскія войскі прасоўваліся ў напрамку Макарыў — Брусілаў — Фасціў і часткаю сіл — на Кіеў. Наступаючыя на Ірпінь былі спынены. Перадавыя падраздзяленні знаходзіліся ў Жытомірскай вобласці. Наступленне ў раёне Чарнігава захлынулася[112]. Танкавыя і агульнавайскавыя падраздзяленні Расіі вялі наступальныя дзеянні ў напрамку Краснаграда і Ізюма з мэтай стварэння ўмоў для акружэння групоўкі ўкраінскіх сіл на ўсходзе. На поўдні расійскія войскі занялі Херсон, яны ўвайшлі ў Балаклію[113], працягвалася наступленне ў кірунку Запарожжа і на Марыупаль, няўдалай аказалася спроба захапіць Баштанку ў Мікалаеўскай вобласці, пачаліся баі за Вазнэсэнск на рацэ Паўднёвы Буг, дзе абаронцамі былі ўзарваны масты.
3 сакавіка расійская авіяцыя здзейсніла атаку на Чарнігаў, гэта прывяло да ахвяр сярод цывільнага насельніцтва[114].
Расійскія войскі працягвалі наступальную аперацыю, засяродзіўшы асноўныя высілкі на акружэнні гарадоў Кіеў, Харкаў, Мікалаеў (Мікалаеўская вобласць), выхадзе на адміністратыўныя межы ў Луганскай і Данецкай абласцях, стварэнні сухапутнага калідора з Крымам; наносіліся авіяцыйныя ўдары па аб’ектах інфраструктуры[115]. Як паведаміла брытанская выведка, расійскія войскі цягам 4-5 сакавіка мінімальна прасунуліся наперад[116]
Уначы з 3 на 4 сакавіка расійскія войскі атакавалі Запарожскую АЭС. Сітуацыю на АЭС узяла пад кантроль Росгвардыя[117].
Валнаваха і Марыупаль знаходзіліся ў атачэнні. 11 сакавіка Міністэрства абароны Расіі паведаміла аб вызваленні Валнавахі войскамі ДНР[118].
4 сакавіка ўкраінскія войскі адкінулі суперніка на паўночны захад ад Кіева, замацаваліся ў Ірпіні, атакавалі Бучу, Гастомэль, Макарыў[119].
Складаная сітуацыя была ў Чарнігаве. Расійскі бок абсталёўваў пазіцыі ў раёнах населеных пунктаў Мыхайла-Кацюбынскэ, Ляўковічы, Жукоткі, Гарадня Чарнігаўскай вобласці[120].
Украінскі бок прызнаў страту горада Трасцянэць у Сумскай вобласці, абласны цэнтр трымаў асаду[121], у той жа час пагранічнікі і ваенныя аб’явілі, што выйшлі да ўкраінска-расійскай мяжы.
Вяліся абстрэлы Харкава. Паводле інфармацыі ад Узброеных сіл Украіны яны да 5 сакавіка перайшлі ў контрнаступленне пад Харкавам[122], за наступны дзень узялі пад кантроль Чугуіў[123]. Вяліся баі за горад Ізюм, у паўночнай частцы якога замацаваліся расійскія войскі.
Жорсткія баі ішлі ў Рубежным і Папаснай, абстрэльваліся Лісічанск і Севераданецк на Луганшчыне. Пад ударамі знаходзіліся Аўдзііўка і Мар’інка паблізу Данецка.
Згодна з дамовамі пачалася эвакуацыя насельніцтва з аточаных войскамі Валнавахі і Марыупаля, аднак праз абстрэлы намер не ажыццявілі. Цягам часу ўдалося арганізаваць гуманітарныя калідоры на асобных напрамках.
Расійскія ваенна-марскія сілы блакавалі ўзбярэжжа Чорнага мора, наносілі ракетныя ўдары па аб’ектах на тэрыторыі Украіны. У Бэрдзянску быў знішчаны расійскі дэсантны карабель «Саратаў»[124].
У занятых расійскімі войскамі Херсоне, Кахоўцы, Мелітопалі, Энергадары адбываліся праўкраінскія пратэсты. Акупанты адступілі ад Вазнэсэнска ў бок Мікалаева, асада якога працягвалася.
Да 25 сакавіка паводле заявы Міністэрства абароны Расіі асноўныя задачы першага этапу аперацыі былі выкананы, наступнай галоўнай мэтай названа вызваленне Данбаса[125].
Расійскія падраздзяленні знаходзіліся на паўночны захад і паўночны ўсход ад Кіева, абстрэльвалі прадмесці, пасля баёў увайшлі ў Славутыч на поўначы Кіеўскай вобласці на левым беразе Дняпра, у той жа час яны адступілі з раёнаў Лук’яніўкі і Рудныцкага[126], украінскі сцяг узняты над Макарывам[127]. 28 сакавіка паведамлена аб вызваленні горада Ірпінь, 31 сакавіка — Бучы, 1 красавіка — Гастомэля і Іванківа. Расійскія войскі 31 сакавіка пакінулі Чарнобыльскую АЭС, 2 красавіка тут узняты сцяг Украіны[128]. У гэты дзень Міністэрства абароны паведаміла аб вызваленні ўсёй Кіеўскай вобласці[129].
Чарнігаў знаходзіўся пад абстрэламі, без электрычнасці, вады і цяпла[130]. Паступова на дадзеным напрамку асобныя расійскія падраздзяленні адцягваліся да дзяржаўнай мяжы. 1 красавіка расіяне пакінулі Гарадню[131], 2 красавіка ўкраінскія вайскоўцы ўвайшлі ў Мыхайла-Кацюбынскэ[132]. Напачатку красавіка адноўлены кантроль над усёй тэрыторыяй Чарнігаўскай вобласці.
26 сакавіка ўкраінскі бок заявіў аб вызваленні горада Трасцянэць у Сумскай вобласці[133], працягваліся баі ў Канатопскім, Ахтырскім і Сумскім раёнах[134]. 4 красавіка галава адміністрацыі паведаміў, што ў Сумскай вобласці ўжо няма захопленых расіянамі населеных пунктаў[135].
Узброеныя сілы Украіны ўтрымлівалі пазіцыі паблізу Харкава, па асобных напрамках перайшлі ў контрнаступ. Пад атаку трапілі некаторыя аб’екты на сумежнай тэрыторыі Белгародскай вобласці Расіі. 1 красавіка здзейснены авіяцыйны ўдар па нафтабазе ў Белгарадзе, у выніку якога ўзнік пажар[136].
Вяліся баі ў раёне Ізюма[137], блакіраванага[138] (затым занятага) расійскімі войскамі, якія таксама пераправіліся цераз Северскі Данец і прасоўваліся ў бок Барвенкава і Славянска[139].
У напрамках населеных пунктаў Гуляйполе і Запарожжа ўкраінскія вайскоўцы стрымлівалі суперніка[140].
На Луганшчыне здзяйсняліся артылерыйскія і авіяцыйныя абстрэлы Севераданецка, Лісічанска, Рубежнага, Папаснай[141]. Паблізу Данецка атакаваліся Аўдзееўка, Мар’інка, Краснагорыўка[142]. У разбураным Марыупалі адбываліся вулічныя баі.
Расійскія ўзброеныя сілы стваралі наступальную групоўку ва ўсходняй аперацыйнай зоне. 18 красавіка заняты горад Крэмінна на Луганшчыне[143]. Да 8 мая ўкраінскія войскі адышлі з Папаснай. Цягам мая праціўнік заняў Рубіжнэ, атакаваў Севераданецк, замацоўваўся ў раёне Лымана[144], наступаў з боку Папаснай у напрамку Лісічанска і Бахмута. 25 мая ўзяты Севераданецк, 3 ліпеня Міністэрства абароны Расіі заявіла пра поўны кантроль над Лісічанскам[145], апошнім значным горадам Луганскай вобласці.
21 красавіка міністр абароны Расіі абвясціў аб узяцці пад кантроль Марыупаля, за выключэннем тэрыторыі завода «Азоўсталь», які было загадана заблакаваць[146]. Наносіліся масіраваныя артылерыйскія і авіяцыйныя ўдары. Пры дапамозе ААН і Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа была праведзена эвакуацыя цывільнага насельніцтва. З 16 мая абаронцы пачалі складваць зброю, 20 мая расійскі бок заявіў аб поўным вызваленні камбіната «Азоўсталь»[147].
Паблізу Данецка адбываліся пазіцыйныя сутыкненні. Расійскія фарміраванні атакавалі ў напрамку Бахмута, Сівэрска, Салэдара, Аўдзееўкі.
Украінскія вайскоўцы ажыццявілі контрнаступальныя дзеянні на поўнач і паўночны ўсход ад Харкава, але абстрэлы горада з цягам часу аднавіліся. Расійскія войскі спрабавалі развіць наступленне ад Ізюма ў кірунку Барвенкава і Славянска.
Узброеныя сілы Украіны распачалі контрнаступальныя дзеянні на херсонскім напрамку, захапілі плацдармы на левым беразе ракі Інгулец. Цягам лета былі выведзены з ладу стацыянарныя масты цераз Дняпро, расійская групоўка на правым беразе ракі цярпела цяжкасці з забеспячэннем.
30 чэрвеня расійскія войскі пакінулі Змяіны востраў.
29 жніўня Узброеныя сілы Украіны разгарнулі наступальныя дзеянні ў Херсонскай вобласці на правабярэжжы Дняпра. 4 верасня 2022 паведамлена аб вызваленні Высакапілля. 8 кастрычніка здарыўся выбух на Крымскім мосце, у выніку была моцна пашкоджана адна з ключавых артэрый забеспячэння паўднёвай групоўкі расійскіх войск. 9 лістапада міністр абароны РФ Сяргей Шайгу загадаў пачаць адвод войск за Дняпро[148]. 10 лістапада вызвалена Снігурыўка. 11 лістапада ўкраінскі спецназ зайшоў у Херсон на хвасце ў расійскай арміі, якая на плаўсродках пакідала правы бераг Дняпра, падрываючы за сабою масты[149], над будынкам Херсонскай адміністрацыі з’явіўся ўкраінскі сцяг.
6 верасня распачалося ўкраінскае наступленне на ўсходзе Харкаўскай вобласці. 8 верасня паведамлена аб узяцці пад кантроль Балаклеі[150]. Да 10 верасня расійскія войскі, якія знаходзіліся ў раёнах Балаклеі і Ізюма, перагрупаваныя і перакінуты для нарошчвання сіл на данецкім напрамку[151], украінская армія заняла Ізюм. Да 16 верасня цалкам вызвалены Куп’янск. 1 кастрычніка ва Узброеных сілах Украіны заявілі аб завяршэнні акружэння расійскай групоўкі ў раёне Лымана[152], горад быў вызвалены[153]. Баявыя дзеянні разгортваліся на захад ад Крэміннай і Сватавэ.
Расійскія сілы наступалі на Бахмут, Салэдар, Аўдзііўку, Вуглэдар.
Фронт у Запарожскай вобласці адзначаўся адноснай стабільнасцю.
10 кастрычніка 2022 г. Расійская Федэрацыя пачала атакі на аб’екты крытычнай інфраструктуры Украіны, за суткі было пашкоджана 30 % энергетычнай інфраструктуры. Білі па электрападстанцыях, аб’ектах гідраэнергетыкі і цеплавой генерацыі. Па ўсёй краіне пачалося аварыйнае адключэнне электразабеспячэння. 15 лістапада Расія выпусціла па тэрыторыі Украіны сто ракет, гэта быў самы масавы абстрэл энергасістэмы з пачатку вайны. 23 лістапада Расія зноў ударыла, Мінэнергетыкі Украіны заявіла аб тым, што блэкаўт пачаўся ва ўсёй энергасістэме[154]. Новы масіраваны ракетны ўдар нанесены 5 снежня, расійскія войскі выпусцілі семдзесят ракет, украінскія сілы супрацьпаветранай абароны шэсцьдзясят з іх збілі[155]. Наступныя масіраваныя ракетныя атакі здзейснены 16 снежня і 29 снежня.
З пачатку 2023 года працягваліся расійскія ракетныя атакі на аб’екты крытычнай інфраструктуры Украіны, іх інтэнсіўнасць паступова зменшылася.
Актыўныя баявыя дзеянні адбываліся на ўсходнім кірунку. 19 студзеня была акупавана расійскімі войскамі Клішчыіўка. Да 25 студзеня Узброеныя сілы Украіны пакінулі Салэдар. Ішлі гарадскія баі ў Бахмуце, расійскі бок наступаў у раёне Аўдзііўкі, працягваліся баявыя дзеянні ў Мар’інцы з захаду ад Данецка. Расійскае наступленне ў раёне Вуглэдара хутка было спынена.
Да сярэдзіны мая ўкраінскія вайскоўцы выцеснены на заходнія ўскраіны Бахмута, адначасова распачалі контратакі на флангах паблізу горада. 21 мая Міністэрства абароны Расіі заявіла аб поўным кантролі над горадам, баі за які вяліся са жніўня 2022 года[156].
Сілы абароны Украіны стрымлівалі праціўніка на захадзе Луганскай і паўночным усходзе Харкаўскай абласцей.
На тэрыторыі Херсонскай вобласці лінія фронту праходзіла па Дняпры. 6 чэрвеня была падарвана[157][158][159] і разбурана Кахоўская ГЭС.
Ад пачатку чэрвеня ўкраінскія войскі развівалі наступальныя дзеянні паблізу Бахмута, на памежжы Данецкай і Запарожскай абласцей, а таксама на асобных участках фронту ў Запарожскай вобласці, у тым ліку на поўдзень ад Врэміўкі і ў напрамку Работына. Расійскі бок папярэдне выбудаваў тут лінію абароны[160].
Узброеныя сілы Украіны замацаваліся ў раёне Краснагорыўкі на ўчастку тэрыторыі, якая была пад расійскім кантролем з 2014 года[161]. 17 верасня была вызвалена Клішчыіўка[162]. Летняе ўкраінскае контрнаступленне прывяло да абмежаваных поспехаў, добра ўмацаваная лінія абароны, якую падрыхтавала Расія, выстаяла[163].
У кастрычніку Міністэрства абароны Расіі паведаміла аб прасоўванні расійскіх войск у раёне Аўдзііўкі[164]. Адбываліся наступальныя дзеянні Украіны ў Херсонскай вобласці[165], на левым беразе Дняпра[153], з сярэдзіны кастрычніка ўкраінскі бок утрымлівае плацдарм каля сяла Крынкы[166].
Пад канец восені пасіліліся расійскія паветраныя ўдары, у тым ліку з дапамогай кіраваных авіябомб[167]. Масіраваны налёт беспілотнікаў па Кіеве і Кіеўскай вобласці ў ноч на 25 лістапада ўкраінскія ўлады назвалі самым маштабным з пачатку вайны. Яшчэ больш масіраваная паветраная атака з выкарыстаннем беспілотных апаратаў і ракет розных тыпаў была здзейснена ў ноч на 29 снежня[168], пад удар трапілі Кіеў, Харкаў, Дніпро, Адэса, Запарожжа, Львоў.
У канцы года на фронце ўкраінскі бок у асноўным перайшоў да абароны. Найбольш інтэнсіўныя пазіцыйныя і сустрэчныя баі адбываліся на ўсход ад Купянска ў Луганскай вобласці, у раёнах Бахмута, Аўдзііўкі, Мар’інкі Данецкай вобласці, Работына Запрарожскай, Крынак Херсонскай вобласці[169]. 25 снежня Міністэрства абароны Расіі паведаміла аб узяціі Мар’інкі[170].
Цягам года была істотна аслаблена расійская карабельная групоўка ў заходняй частцы Чорнага мора[171].
Напачатку года ліня фронту была адносна стабільнай, вайна мела ў асноўным пазіцыйны характар. Расійскі бок паступова нарошчваў наступальныя дзеянні. Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу заявіў аб узяцці цягам студзеня трох населеных пунктаў: Вясёлага паблізу Данецка, Крахмальнага і Табаіўкі ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці[172].
Расійскае наступленне развівалася з захаду ад Данецка, на поўнач і поўдзень ад Аўдзііўкі. У першай палове лютага горад быў напаўаточаны, расійскія падраздзяленні зайшлі ў яго асобныя раёны. Украінскае камандаванне абвесціла аб вывадзе падзраздзяленняў Узброеных сіл Украіны з Аўдзііўкі ў ноч на 17 лютага[173]. Далей расійскія войскі прасунуліся на захад ад Аўдзііўкі. Атакавалася Краснагорыўка, на поўнач ад Мар’інкі. Расійскі бок разгортваў наступальныя дзеянні ад Бахмута на Часаў Яр. У красавіку захоплена Ачэрэтынэ на паўночны захад ад Аўдзііўкі.
10 мая з расійскай тэрыторыі пачалося наступленне на паўночны ўсход Харкаўскай вобласці, завязаліся баі за Ваўчанск, наносіліся авіяракетныя ўдары па Харкаву. Прасоўванне расійскіх войск да канца мая было спынена.
У Запарожскай вобласці актыўныя баявыя деянні адбываліся ў раёне Работына.
Укарінскія вайскоўцы ўтрымлівалі плацдарм на левым беразе Дняпра ў раёне Крынак у Херсонскай вобласці. Улетку адбываліся баі на астравах[174].
Караблі Чарнаморскага флоту Расіі цярпелі ад украінскіх атак.
24 лютага 2022 года расійскае кіраўніцтва паведаміла пра гатоўнасць правесці перамовы з украінскім кіраўніцтвам[175]. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 25 лютага прапанаваў Уладзіміру Пуціну сесці за стол перамоў. Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што краіна гатовая адправіць у Беларусь дэлегацыю для перамоў, а мясцовы лідар Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці стварыць адпаведныя ўмовы.
Расійскую дэлегацыю ўзначаліў памочнік прэзідэнта Уладзімір Мядзінскі[176]. У склад украінскай групы ўвайшлі міністр абароны Аляксей Рэзнікаў і саветнік кіраўніка офіса прэзідэнта Міхаіл Падаляк[177].
Упершыню бакі сустрэліся 28 лютага на тэрыторыі Беларусі. Затым перамовы працягваліся, фармат і месцы іх правядзення змяняліся. Праекты дамоўленасцей датаваліся 17 сакавіка і 15 красавіка 2022 года, а сумеснае «камюніке» было ўзгоднена на перамовах у Стамбуле 29 сакавіка. Паводле выдання «The New York Times» дасягненне паразумення ў тых умовах не было магчымым[178]. У выніку мірныя перагаворы былі сарваныя.
Інфармацыя аб забітых, параненых, палонных і знішчанай у ходзе баявых дзеянняў тэхніцы Украіны і Расіі перыядычна змяняецца, удакладняецца, пацвярджаецца альбо абвяргаецца. Бакі актыўна пераважна публікуюць звесткі аб стратах праціўніка. Некаторыя дадзеныя могуць быць недакладнымі.
На першую палову 24 лютага паведамлялася пра страту расійскім бокам 5 самалётаў і 1 верталёта[179]. Украінскія сілы, паводле адных крыніц, страцілі некалькі сотняў чалавек забітымі[180]. Згодна з іншым, былі забітыя 8 чалавек[181]. Яшчэ 19 лічыліся прапаўшымі без вестак[182].
Пасля поўдня паведамлялася пра 50 загінулых расійскіх[183] і 40 украінскіх вайскоўцаў[184]. У баявых дзеяннях таксама былі забітыя 10 мірных жыхароў[184]. У дадатак, Расія страціла 4 танкі[185]. Адначасна расіянам удалося нейтралізаваць значную частку ўкраінскіх ваенных авіябаз і сістэм СПА[186]. У выніку ўдараў выведзены з ладу 74 наземныя аб’екты вайсковай інфраструктуры Украіны, у тым ліку 11 аэрадромаў ВПС, 3 камандныя пункты, пункт базавання ВМС і 18 радыёлакацыйных станцый комплексаў СПА С-300 і «Бук-М1»[187].
У другой палове дня па меншай меры 2 расійскіх вайскоўцаў патрапілі ў палон да ўкраінцаў[188]. Армія Расіі страціла яшчэ 1 самалёт, 1 верталёт (да вечара былі збітыя яшчэ чатыры[189]) і значную колькасць браняванай тэхнікі[190]. У сваю чаргу Украіна страціла адзін транспартны самалёт, які быў збіты праціўнікам. Падчас крушэння загінулі пяць чалавек[191].
Паводле інфармацыі на вечар, у раёне дзейнасці падраздзяленняў ДНР 14 украінцаў пакінулі зброю і здаліся паўстанцам[192]. Адначасова ўкраінскія сілы страцілі адзін верталёт і чатыры дроны[193]. У той жа час падвергліся нападам два грамадзянскія судны РФ[194]. Таксама Расія пацвердзіла страту 2 сваіх самалётаў. Заяўлялася, што да канца дня загінула 17 грамадзянскіх асоб[195]. Ад дзеянняў расіян у Адэсе пацярпела турэцкае грамадзянскае судна[196].
На 25 лютага Міністэрства абароны Украіны заявіла аб 800 загінулых расіянах, знішчаных 130 браняваных машын, 30 танкаў і 7 самалётаў, а таксама 4 палонных. Страты грамадзянскіх асоб былі ацэнены ў 18 чалавек[197]. У сваю чаргу расійскі бок рапартаваў аб вывадзе з ладу 118 аб’ектаў ваеннай інфраструктуры Украіны і паланенні 150 чалавек[198].
На вечар, паводле Упраўлення ААН па правах чалавека, у ходзе баявых дзеянняў агульная колькасць загінулых грамадзянскіх асоб склала больш за 25 чалавек[199]. Украіна заявіла аб гібелі 57 мірных жыхароў[200]. Было пашкоджана судна пад сцягам Малдовы[201]. Крыху пазней пацярпела японскае[202] і панамскае[203] судны.
Украінскі бок заяўляў пра 2800 загінулых байцоў праціўніка, 80 знішчаных танкаў і 516 браняваных машын, а таксама аб збіцці 7 верталётаў і 10 самалётаў[204]. Пры гэтым Кіеў пацвердзіў гібель 137 сваіх вайскоўцаў[205]. Міністр абароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес заявіў пра 450 загінулых[206]. У сваю чаргу ваеннае ведамства Расіі дала справаздачу аб вывядзенні з ладу 211 ваенных аб’ектаў ваеннай інфраструктуры Украіны. Сярод іх 17 пунктаў кіравання і вузлоў сувязі, 19 зенітных ракетных комплексаў СПА С-300 і «Аса», 39 радыёлакацыйных станцый. Збіта 6 баявых самалётаў, 1 верталёт, 5 беспілотных лятальных апаратаў. Знішчана 67 танкаў і іншых баявых браніраваных машын, 16 рэактыўных сістэм залпавага агню, 87 адзінак спецыяльнай ваеннай аўтамабільнай тэхнікі[207].
На раніцу ўкраінскія ўлады заяўлялі пра 3500 забітых і 200 палонных расіян. Сцвярджалася, што УСУ ўдалося знішчыць 102 танкі, 536 адзінак бронетэхнікі, збіць 14 баявых самалётаў, 8 верталётаў і 2 транспартнікі[208][208][209]. Паводле расійскага ваеннага ведамства, на той момант ім усяго ўдалося падбіць 7 верталётаў, 7 самалётаў і 9 дронаў праціўніка, а таксама знішчыць 8 караблёў ВМС Украіны. Нейтралізаваны 821 вайсковы аб’ект, у тым ліку 14 аэрадромаў, 19 пунктаў кіравання, 24 зенітна-ракетных комплексаў С-300 і «Аса», 48 радыёлакацыйных комплексаў[210].
Да вечара ААН заявіла аб забітых 64 мірных жыхароў за ўвесь час канфлікту. Таксама, паводле ацэнак арганізацыі, больш за 150 000 чалавек вымушаныя былі пакінуць свае дамы[211]. Сярод ахвяр баявых дзеянняў былі дзесяць грамадзян Грэцыі, якія загінулі ад дзеянняў расійскіх войскаў[212].
У гэты жа дзень ТАСС, спасылаючыся на крыніцы з Міністэрства абароны РФ, заявіла, што страты Узброенных Сіл РФ склалі: 14 самалётаў, 8 верталётаў, 102 танкі, 536 бронемашын, 15 артылерыйскіх установак, 1 ЗРК БУК-1 і больш за 3500 вайскоўцаў. Аднак, вельмі хутка агенцтва выдаліла інфармацыю[крыніца?].
Украінскія ўлады заявілі, што за ўвесь час супрацьстаяння ахвяры сярод мірнага насельніцтва склалі 352 забітымі і 1684 параненымі[213]. Страты праціўніка ацэнены ў 4300 забітымі і 200 палоннымі. Таксама, паводле ўкраінскіх звестак, Расія да таго часу страціла 146 танкаў, 536 адзінак іншай бронетэхнікі, 27 баявых самалётаў, 26 верталётаў і 2 транспартнікі[214].
Міністэрства абароны Расіі заявіла аб паланенні парадку 621 украінца[215].
Міністэрства абароны Украіны заявіла аб 5300 забітых салдат праціўніка. Паведамлялася, што ўкраінцам удалося знішчыць 191 танк, 816 адзінак бронетэхнікі, па 29 верталётаў і самалётаў, 2 транспартнікі[216]. Расійскі бок ацаніў страты Украіны ў 7 збітых самалётаў і 7 верталётаў (яшчэ 31 самалёт знішчаны на зямлі[217]), 9 дронаў, 314 знішчаных танкаў і баявых машын, 274 адзінак спецыяльнай тэхнікі[218] і 8 караблёў ВМС. Разам з тым, 1114 аб’ектаў ваеннай інфраструктуры выведзены з ладу[218]. ААН заявіла пра 102 загінулых мірных жыхароў і 406 параненых. 500 000 сталі бежанцамі. Яшчэ 7 млн, паводле дадзеных ЕС, сталі ўнутранымі перамешчанымі асобамі[219].
На 2 сакавіка Расія пацвердзіла гібель 498 сваіх вайскоўцаў, яшчэ атрымалі раненні 1597[220]. МА Украіны назвала лічбу ў 5710 загінулых рас. Таксама, паводле ўкраінскага боку, былі знішчаны 198 танкаў, 846 адзінак бронетэхнікі, 29 самалётаў і 29 верталётаў, 2 транспартнікі[221].
Страты ўкраінскай арміі, па расійскіх дадзеных: больш 2870 чалавек загінулі, каля 3700 атрымалі раненні, 572 патрапілі ў палон[220]. Заяўлена пра знішчэнне 472 танкаў і баявых машын, 336 спецыяльных машын, 62 рэактыўныя ўстаноўкі, 206 артылерыйскіх гармат, 38 сістэм СПА, 11 самалётаў (+47 знішчаныя на зямлі) і 7 верталётаў, 46 дронаў і 8 караблёў. Таксама 1502 ваенных аб’ектаў нейтралізаваны[222].
Амерыканскія крыніцы заяўлялі аб 2000 загінулых расіян і 1500 украінцаў[223].
Паводле ААН, на той момант у баявых дзеяннях загінулі 136 грамадзянскіх асоб, яшчэ 400 паранены. Больш за 677 тысяч чалавек пакінулі краіну, а 1 млн сталі ўнутранымі перамешчанымі асобамі[224].
Паводле заяў украінскага боку, рана 24 лютага былі ажыццёўлены напады з боку беларускай мяжы, дзе падтрымку расійскай арміі аказалі Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь[4]. На аператыўным пасяджэнні з вайскоўцамі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абверг гэтую інфармацыю. Аднак ён заявіў, што ў выпадку неабходнасці краіна можа далучыцца да расійскай аперацыі[5]. Са слоў памочніка Міністра абароны Беларусі па ідэалагічнай рабоце генерал-маёра Леаніда Касінскага, войскі знаходзяцца ў пунктах пастаяннай дыслакацыі і выконваюць задачы ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі Узброеных Сіл па прызначэнні. Праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па ўзмацненні ўчасткаў мяжы з мэтай выключэння пранікнення дыверсійна-разведвальных груп, спыненні спробаў дастаўкі зброі і боепрыпасаў. Таксама асобныя часткі і падраздзяленні выконваюць комплекс мерапрыемстваў па павышэнні баявой гатоўнасці з мэтай выключэння раптоўнага нападу[225].
26 лютага кіраўнік Дзяржаўнай пагранічнай службы Украіны генерал-маёр Сяргей Дайнэка напісаў ліст старшыні Дзяржаўнаму пагранічнаму камітэту Беларусі генерал-лейтэнанту А. Лапо, што «Рэспубліка Беларусь сумесна з Расійскай Федэрацыяй вядзе вайну супраць Украіны, грэбуючы палажэннямі міжнароднага права, элементарнымі нормамі, чалавечай мараллю і каштоўнасцямі жыцця»[226].
9 сакавіка беларускія добраахвотнікі стварылі батальён імя Каліноўскага для абароны Кіева[227].
26 лютага калона з узбраеннем з Польшчы паступіла ва Украіну. УСУ перададзены 60-мм мінамёты (100 штук) і боепрыпасы да іх (1500 штук), БПЛА (8 камплектаў), 152-мм кумулятыўныя боепрыпасы, боепрыпасы да аўтаматычных гармат і шлемы. Выказана гатоўнасць перадачы СТРК «Javelin», аўтаматаў «Grot»[228].
З пачатку канфлікту існавала імавернасць выкарыстання Расіяй сваіх сіл у Прыднястроўі супраць Украіны. На гэтай тэрыторыі расійскія і мясцовыя сепаратысцкія фарміраванні праяўлялі дэманстрацыйную актыўнасць.
У канцы лютага ў Малдове было ўведзена надзвычайнае становішча. 2 чэрвеня парламент краіны прыняў закон аб абароне інфармацыйнай прасторы, які забараняе рэтрансляцыю навінавых і аналітычных праграм і ваенных фільмаў з Расіі. 19 чэрвеня Прэзідэнт Малдовы Мая Санду падпісала закон.
15 чэрвеня Малдова далучылася да сустрэчы начальнікаў штабоў і міністраў абароны ў фармаце «Рамштайн», якая прысвечана аказанню ваеннай дапамогі Украіне.
31 кастрычніка ракета, збітая ўкраінскай зенітнай сістэмай, упала паблізу сяла Наслаўча, што знаходзіцца ў Рэспубліцы Малдова ля мяжы з Украінай[229]. Ракетныя ўдары па Украіне прыводзілі да збояў у энергасістэме Малдовы.
У дзень пачатку ўварвання Латвія забараніла трансляцыю каналаў «Расія 1» і «Расія 24»[230][231]. Акрамя таго, на тры гады забаронена рэтрансляцыя перадач канала «ТБ Цэнтр»[232]. Нацыянальны савет Польшчы па тэлерадыёвяшчанні забараніў вяшчанне тэлеканалаў «Расія 24», «РТР Планета», «Саюз», RT і RT Documentary на тэрыторыі краіны. Вяшчанне расійскіх СМІ забаронена як па кабельных сетках, так і па спадарожніку, і на мясцовых інтэрнэт-пляцоўках[233].
У РФ Федэральная служба па наглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый выступіла з афіцыйным патрабаваннем да СМІ і інфармацыйных рэсурсаў пры размяшчэнні публікацый, якое тычыцца асвятлення бягучых ваенных падзей ва Украіне, абавязаўшы іх «выкарыстоўваць інфармацыю і дадзеныя, атрыманыя імі толькі з афіцыйных расійскіх крыніц». Сеткавае выданне «Медыязона» адзначыла, што за «распаўсюд загадзя ілжывай інфармацыі» на падставе артыкула 13.15 КаАП ведамства будзе караць СМІ блакаваннем і штрафамі ў памеры да 5 млн рублёў[234][235]. У гэты ж дзень рэдакцыя краснаярскага сеткавага выдання «Праспект Міру» заявіла, што атрымала апавяшчэнне з патрабаваннем выдаліць навінавае паведамленне пад загалоўкам «СМІ паведамляюць аб выбухах у гарадах і сталіцы Украіны», якое прадстаўляла падборку відэасюжэтаў аб ваенных дзеяннях са спасылкамі на CNN, РІА Навіны і расійскія тэлеграм-каналы, што ведамства пазначыла як «ілжывыя паведамленні аб актах тэрарызму і недакладную грамадска значную інфармацыю»[236][237].
25 лютага Раскамнагляд, на падставе рашэння Генеральнай пракуратуры Расійскай Федэрацыі, унёс у рэестр забароненых сайтаў навінавыя публікацыі на рускай мове пяці замежных выданняў — Эстонскага Нацыянальнага тэлерадыёвяшчання (ERR), ArmenianReport, а таксама трох украінскіх — «Край», VGorode і «Скцэнты», у якіх са спасылкай на словы ўкраінскіх вайскоўцаў і чыноўнікаў паведамлялася аб першых выбухах на тэрыторыі Украіны раніцай 24 лютага[238][238]. Таксама ў гэты ж дзень Раскамнагляд «часткова абмежаваў доступ» да сацыяльнай сеткі Facebook, якую Генпракуратура Расіі прызнала датычнай да парушэння правоў і свабодаў расіян[239][240]. Раней Facebook адмовіўся «спыніць незалежную праверку фактаў і маркіроўку кантэнту», якія публікуюцца СМІ РФ у сацсетцы[241].
У Кіеве, а затым і ў Харкаве адкрылі бясплатны доступ у метрапалітэн, выкарыстоўваць станцыі метро маюць намер як бамбасховішча. Па паведамленні прэс-службы Міністэрства інфраструктуры Украіны, у краіне была зачынена вялікая частка марскіх партоў. Тым не менш, была захавана работа чыгуначнага транспарту, але, у мэтах бяспекі, часова прыпынены рух цягнікоў у Харкаў і на ўчастку Валнаваха-Паўднёваданбаская і эвакуяваны персанал[242]. Жыхары Кіева масава скуплялі тавары першай неабходнасці і прадукты, у крамах выстройваліся чэргі, у некаторых месцах не было хлеба і іншых асноўных прадуктаў. Кафэ і рэстараны зачыненыя. Вялікія чэргі таксама сталі ля банкаматаў і на аўтазаправачных станцыях. Паведамлялася аб вялікіх чэргах, што стаяць на памежных КПП. Украінскія ўлады распарадзіліся зачыніць усе КПП на мяжы з Беларуссю[243].
Маскоўская біржа часова спыніла працу, а пасля і Санкт-Пецярбургская біржа. Курс долара і еўра да рубля на валютным рынку дасягнуў гістарычных максімумаў у 90 і 101 рубель, адпаведна[244]. Цэнтральны банк Расійскай Федэрацыі пачаў валютныя інтэрвенцыі для падтрымання курсу рубля. У Расіі да 2 сакавіка зачынілі аэрапорты ў гарадах: Растоў-на-Доне, Краснадар, Анапа, Геленджык, Эліста, Стаўрапаль, Белгарад, Бранск, Арол, Курск, Варонеж, Сімферопаль. Грамадзянскія самалёты былі пасланыя ў абыход Украіны[67].
Расійская «Новая газета» паведаміла аб адкрытым лісце, у якім больш за 100 муніцыпальных дэпутатаў з розных гарадоў Расіі выступілі з асуджэннем «спецаперацыі» ў дачыненні да Украіны"[245].
З уварваннем цана на газ у Еўропе адразу пасля адкрыцця біржы вырасла адразу на 35 %[67].
У Нью-Ёрку было склікана пасяджэнне Савета Бяспекі ААН[67], удзельнікі якога асудзілі расійскую агрэсію і заклікалі прэзідэнта Пуціна спыніцца. На пасяджэнні ўвечары 23 лютага Пастаянны прадстаўнік Расійскай Федэрацыі пры ААН Васіль Нябензя заявіў, што падзеі ва Украіне нельга называць вайной, паколькі «гэта называецца спецыяльная ваенная аперацыя на Данбасе» і «мы не чынім агрэсію супраць украінскага народа, а супраць той хунты, якая захапіла ўладу ў Кіеве»[246].
Папа Францішак распачаў розныя ініцыятывы па ўмацаванні міру пасля ўварвання. У тым ліку ён наведаў пасольства Расіі пры Апостальскай Сталіцы [247]. У пачатку сакавіка Францыск адправіў з дапамогай двух высокапастаўленых кардыналаў ва Украіну[248]. Гэтымі спецыяльнымі пасланцамі былі папскі міласцінераздатчык кардынал Конрад Краеўскі і кардынал Майкл Чэрні, кіраўнік папскай канцылярыі, якая займаецца міграцыяй, дабрачыннасцю, справядлівасцю і мірам. Гэтая місія, якая складалася з некалькіх паездак, лічылася вельмі незвычайным ходам дыпламатыі Ватыкана[249]. 25 сакавіка Францыск асвяціў і Расію, і Украіну [250].
16 сакавіка Міжнародны суд ААН пастанавіў, што Расія павінна неадкладна спыніць ваенную аперацыю на Украіне[251].
7 красавіка Генеральная Асамблея ААН у ходзе спецыяльнай сесіі па Украіне прыняла рэзалюцыю аб прыпыненні членства Расіі ў Савеце па правах чалавека[252].
19 кастрычніка Еўрапарламент прысудзіў прэмію Сахарава ўкраінскаму народу і Уладзіміру Зяленскаму.
American officials had expected additional Russian troops to stream toward the Ukrainian border in December and early January, building toward a force of 175,000.
{{cite news}}
: Папярэджанні CS1: url-status (спасылка){{cite news}}
: Папярэджанні CS1: url-status (спасылка){{cite news}}
: |archive-date=
патрабуе |archive-url=
(даведка)Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.