Венесуэла
краіна ў Паўднёвай Амерыцы From Wikipedia, the free encyclopedia
краіна ў Паўднёвай Амерыцы From Wikipedia, the free encyclopedia
Венесуэ́ла (ісп.: Venezuela), Баліварыя́нская Рэспу́бліка Венесуэ́ла (ісп.: República Bolivariana de Venezuela) — краіна на поўначы Паўднёвай Амерыкі. Абмываецца Карыбскім морам i Атлантычным акіянам на поўначы, мяжуе з Гаянай на ўсходзе, з Калумбіяй на захадзе, з Бразіліяй на поўдні. Сталіца і найбуйнейшы горад — Каракас.
| |||||
Гімн: «Gloria al bravo pueblo («Слава адважнаму народу»)» | |||||
Дата незалежнасці | 5 ліпеня 1811 (ад Іспаніі) | ||||
Афіцыйная мова | іспанская | ||||
Сталіца | Каракас | ||||
Форма кіравання | Федэрацыйная прэзідэнцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Віцэ-прэзідэнт В. а. прэзідэнта | Нікалас Мадура° Хорхэ Арэаза Хуан Гуайдо° | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні | 32-я ў свеце 916 445 км² 0,3 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2018) • Шчыльнасць | 31 689 176[1] чал. (43-я) 34 чал./км² | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2017) • На душу насельніцтва |
$382 млрд. $12514 | ||||
ВУП (намінал) • Разам (2017) • На душу насельніцтва |
$100 млрд. $6683 | ||||
ІРЧП (2018) | ▼ 0,761 (выс.) (75-ы) | ||||
Валюта | Венесуэльскі балівар | ||||
Інтэрнэт-дамен | .ve | ||||
Код ISO (Alpha-2) | VE | ||||
Код ISO (Alpha-3) | VEN | ||||
Код МАК | VEN | ||||
Тэлефонны код | +58 | ||||
Часавыя паясы | −4 | ||||
°Легітымнасць аспрэчваецца |
Краявіды Венесуэлы змяняюцца ад заснежаных пікаў Анд да саваннаў Арынокскай нізіны, ад дажджавых лясоў Амазоніі да сталовых гор Гвіянскага пласкагор’я. Жывая прырода Венесуэлы характарызуецца выключным відавым багаццем, аб чым сведчыць сёмае месца ў спісе краін паводле біяразнастайнасці.
У XVI—XVIII ст. была іспанскай калоніяй. У 1811 дэкларавала незалежнасць, у 1821—1830 уваходзіла ў склад федэрацыі Вялікая Калумбія. У 1830 атрымала поўную незалежнасць. З іспанскай спадчынай звязаны асаблівасці сучаснага насельніцтва Венесуэлы: іспанская мова, перавага ў этнічным складзе метысаў, каталіцтва як асноўная канфесія, размяшчэнне насельніцтва ўздоўж узбярэжжа.
Венесуэла — федэратыўная прэзідэнцкая рэспубліка, падзяляецца на 23 штаты і сталічную тэрыторыю. Палітычнае жыццё краіны вызначае ініцыяваная прэзідэнтам Чавесам Канстытуцыя 1999, паводле якой Баліварыянская Венесуэла — сацыялістычная дзяржава, што развіваецца з апорай на ўласныя сілы. У аснову знешняй палітыкі пакладзены антыамерыканскія погляды з марай аб шматпалярным свеце. У 2006—2013 Венесуэла самым шчырым чынам сябравала з Беларуссю.
Венесуэла паводле асаблівасцяў насельніцтва — тыповая паўднёваамерыканская краіна, але з некаторымі карыбскімі адзнакамі. Колькасць насельніцтва павялічваецца, але ўжо не вельмі хутка. У расавым складзе пераважаюць метысы, у рэлігійным — каталікі. Дзяржаўная мова — іспанская. Насельніцтва канцэнтруецца ўздоўж узбярэжжа і па далінах гор. У гарадах жыве 93 % венесуэльцаў.
Самая багатая нафтай краіна свету. Здабыча і экспарт нафты складаюць аснову эканомікі. Папулістычная палітыка Уга Чавеса і яго спадкаемцы Нікаласа Мадура прывялі да жудаснага эканамічнага крызісу, што распачаўся ў 2013 і цягнецца па сёння. Спыніўся прыток замежных інвестыцый; узраслі беспрацоўе, беднасць, дзіцячая смяротнасць. У венесуэльскіх крамах даўно няма самых неабходных тавараў. Па выніках 2018 інфляцыя склала 1 370 000 %.[2] Усё гэта вылілася ў масавую эміграцыю, грамадзянскае супрацьстаянне з вулічнымі пратэстамі і міжнародны палітычны крызіс.
Венесуэла — адзін з пяці заснавальнікаў нафтавага картэля АПЕК. Са снежня 2005 Венесуэла — член Меркасур.
Краіна атрымала сваю назву падчас экспедыцыі іспанскага мараплаўцы Алонса дэ Ахеда, што ў 1499 наведаў паўночнае ўзбярэжжа Паўднёвай Амырыкі. Згодна з найбольш папулярнай і прынятай версіяй, індзейскія дамы на палях у раёне возера Маракайба нагадалі італьянцу Амерыга Веспучы — найбольш вядомаму сёння ўдзельніку экспедыцыі — Венецыю, таму ён назваў рэгіён «маленькай Венецыяй», што па-італьянску гучыць як Veneziola, а на іспанскі манер — Venezuela. Зрэшты, іншы ўдзельнік той экспедыцыі, Martín Fernández de Enciso, у сваёй працы «Summa de geografía» сцвярджае, што слова Veneciuela было саманазвай тубыльцаў.
У 1999 годзе да назвы Рэспубліка Венесуэла новым прэзідэнтам Уга Чавесам быў дададзены прыметнік «Баліварыянская».
Венесуэла — дзяржава плошчай 916 тыс. кв.км. на поўначы Паўднёвай Амерыкі. На працягу 2800 паўночных км абмываецца цёплымі водамі Карыбскага мора i Атлантычнага акіяна на поўначы. У Карыбскім моры Венесуэле належаць шматлікія астравы, найбуйнейшы з якіх — Маргарыта. Мяжуе з Гаянай на ўсходзе, з Калумбіяй на захадзе, з Бразіліяй на поўдні. На паўночным усходзе мае марскую мяжу з Трынідадам і Табага. Межы у асноўным цяжкапраходныя, ідуць па забалочаных і залесеных нізінах, стромых плато і высозных гарах. Такі характар межаў з аднаго боку спрыяе бяспецы краіны, з іншага — замінае развіццю інтэграцыі з суседзямі. Венесуэла прэтэндуе на дзве траціны тэрыторыі суседняй Гаяны на захад ад ракі Эсекіба.
Тэрыторыя Венесуэлы адрозніваецца складанай геалагічнай будовай і, адпаведна, рэльефам. Заходняя частка краіны ляжыць у маладым складкаватым поясе — гэта паўночна-ўсходняя ўскраіна Андаў, дзе Усходняя Кардыльера дзеліцца на два ланцугі: Сьера-дэ-Перыха (заходні) і Кардыльера-дэ-Мерыда (усходні) з найвышэйшай кропкай краіны — гарой Балівар (5007 м). Паміж ланцугамі размяшчаецца адкрытая да Карыбскага мора ўпадзіна Маракайба. На паўднёвым усходзе Венесуэлы паўстала велічнае Гвіянскае пласкагор’е, якое геалагічна адпавядае Гвіянскаму шчыту Паўднёваамерыканскай платформы. Пры абсалютных вышынях 1-3 км, пласкагор’е ўражвае неверагоднымі стромымі схіламі кіламетровай вышыні — гэта рэльеф пясчанікавых сталовых гор тэпуі. Паміж Андамі і Гвіянскім пласкагор’ем заціснулася Арыноцкая нізіна, створаная адкладамі ракі Арынока і яе левых прытокаў.
Складанасць геалагічнай будовы абумовіла шырокі набор карысных выкапняў: нетры Венесуэлы тояць сусветныя запасы нафты (упадзіна возера Маракайба, першае месца ў свеце), рэгіянальныя запасы баксітаў і жалезных руд.
Клімат Венесуэлы характарызуецца чаргаваннем вільготных экватарыяльных паветраных мас пры штылявым надвор’і летам і сухіх пасатных вятроў зімой. На болей як трох чвэрцях плошчы краіны дажджлівы сезон працягваецца з мая па лістапад, сухі — з снежня па красавік. Тэмпературы мала змяняюцца на працягу года і залежаць у асноўным ад вышыні мясцовасці. Прыбярэжныя мясцовасці адрозніваюцца начной спякотай і высокай вільготнасцю паветра, на схілах і ў далінах гор тэмпературы ніжэй і ўмовы больш камфортныя для пражывання чалавека. Менавіта таму ўсе буйныя гарады размешчаны на вышыні ад 600 да 1850 метраў над узроўнем мора. Вышэй за 1800 м клімат значна халаднейшы.
Галоўная рака краіны — Арынока. Гэта трэцяя паводле даўжыні рака кантыненту і адна з самых шматводных рэк свету. Пры ўпадзенні ў Атлантычны акіян Арынока ўтварае вялікую дэльту. Вадазборны басейн Арынока займае прыкладна чатыры пятых тэрыторыі Венесуэлы. Рака Касік’ярэ сістэмы Арынока атрымала вядомасць дзякуючы з’яве біфуркацыі: Касік’ярэ злучае вярхоўі Арынока з вярхоўямі Рыу-Негру і яе воды падзяляюцца паміж дзвюма рачнымі сістэмамі. Яшчэ адзін з прытокаў сістэмы Арынока, рака Чурун, робіць галавакружны скачок з Аўян-Тэпуі, такім чынам утвараючы найвышэйшы ў свеце вадаспад — Анхель, вышынёй 979 метраў. На некаторых буйных прытоках Арынока (напрыклад, Карані) створаны вадасховішчы. На паўночным захадзе Венесуэлы знаходзіцца кроплепадобнае возера-лагуна Маракайба, найвялікшае возера Паўднёвай Амерыкі.
Разнастайнасць абсалютных вышынь, колькасці ападкаў і іншых умоў асяроддзя тлумачыць неаднароднасць расліннага покрыва і багацце флоры краіны. Можна вылучыць некалькі фларыстычных абласцей. Венесуэльскія Анды — гэта працяг Андыйскай вобласці захаду Паўднёвай Амерыкі. Схілы венесуэльскіх Анд пакрытыя густымі і цяжкапраходнымі мохавымі туманнымі лясамі. Гэта пояс хіннага дрэва (Cinchona). Вышэй мяжы вырастання дрэў знаходзяцца бязлесныя парама з дамінаваннем хмызнячкоў і падушкападобных раслін. Гэтыя высакагорныя супольнасці радуюць вока шматлікімі яркімі кветкамі, якія надаюць ім падабенства з вялізнымі альпійскімі садамі.
Вобласць Льянас на Арыноцкай нізіне ўяўляе сабой абшары саваннаў: зараснікі высокай травы, пальмавыя гаі і рэдкалессі. Добра прадстаўлены многія сямействы, але найбольш прыкметныя бабовыя і пальмы, якія выпінаюцца з мора травы. Бліжэй да Карыбскага ўзбярэжжа лясы набываюць характар калючых зараснікаў з шматлікімі кактусамі і шыпастымі бабовымі. На поўдні і ўсходзе краіны ўздоўж межаў з Бразіліяй і Гаянай лістападныя лясы замяшчаюцца тыповымі дажджавымі амазонскімі лясамі з высокіх вечназялёных дрэў, шматлікімі ліянамі і слаба выяўленым падлескам. Невялікая па плошчы, але самая цікавая фларыстычная правінцыя займае плоскія вяршыні тэпуі. Гэта старажытная рэліктавая зона. Тут расце шмат вузкаэндэмічных верасовых, марэнавых, брамеліевых і кіпарысавых.
У Венесуэле водзяцца ягуар, пума, ацэлот, хмызняковы сабака, блізкая да куніц тайра, выдры, малпы, свінкавыя, нутрыя, дзікабраз, тапір і пекары. Сустракаюцца таксама алені і апосумы. У многіх рэках звычайныя кракадзілы, алігатары і чарапахі. У джунглях прадстаўлены ўдавы, іншыя змеі і яшчаркі. На нізінах сустракаецца мноства жураўлёў, чапляў, буслоў, качак і іншай воднай дзічыны, а ў гарах — драпежных птушак.
У Венесуэле 43 нацыянальных паркі, да ліку найбольш вядомых адносяцца Канайма, Маракой, Мачыма.
Першыя сляды чалавека на зямлі сучаснай Венесуэлы датуюцца 15 тысячамі гадоў. Каменныя скрабкі, вастрыі коп’яў ды іншыя прадметы старажытнага ўжытку такога ўзросту былі знойдзены на тэрасах ракі Рыа Педрэгал. Найбольш развітай дакалумбавай культурай у паўночных Андах лічыцца гістарычная супольнасць Цімота-Куіка (ісп. Timoto-cuicas). На памяць чалавецтву ад іх засталася ў першую чаргу антрапаморфная кераміка. Таксама ім прыпісваюць вынаходніцтва аладак арэпа — асноўнага прадукту венесуэльскай кухні. Лічыцца, што напярэдадні прыбыцця Калумба на зямлі сённяшняй Венесуэлы жыло каля 1 млн чал.
У 1498 Калумб падчас свайго трэцяга падарожжа праплыў уздоўж дэльты Арынока і трапіў у заліў Парыя. Уражаны магутнай прэснаводнай плынню, што адносіла яго на ўсход, Калумб у захапленні пісаў Ізабэле і Фердынанду, што, маўляў, дасягнуў брамы «нябёсаў на зямлі», бо толькі з нябёсаў можа плыць такая магутная рака. У 1499 узбярэжжа Венесуэлы наведаў больш празаічны Алонса дэ Ахеда з Амерыга Веспучы на борце, які і даў краіне сучасную назву. Іспанская каланізацыя Венесуэлы, тады больш вядомай пад назвай Новая Андалузія, пачалася ў 1522 годзе з заснаваннем пасялення на месцы сучаснай Куманы. У 1567 іспанцы заснавалі Каракас, і горад ва ўрадлівай прахалоднай даліне, захінуты сцяною гор ад узбярэжнай спякоты і піратаў, хутка набыў сталічнае значэнне. Заваёўнікі сутыкнуліся з адпорам з боку індзейцаў, якіх павялі за сабой правадыры Гуаікайпура і Таманака. Індзейцы ж сутыкнуліся не толькі з тэхнічнай перавагай прыхадняў, але і з еўрапейскімі хваробамі, што былі яшчэ няўмольнейшымі за сваіх носьбітаў. З 1718 Венесуэла стала часткай віцэ-каралеўства Новая Гранада.
5 ліпеня 1811 года Венесуэла дэкларавала незалежнасць. Разбуральнае каракаскае землетрасенне 1812 года разам з паўстаннем арыноцкіх льянера дапамаглі іспанцам аднавіць уладу. Спатрэбілася яшчэ дзесяцігоддзе вайны з іспанскімі каланіяльнымі войскамі, каб у 1821 Венесуэла стала часткай насамрэч незалежнай Вялікай Калумбіі. У гэтым годзе адбылася бітва пры Карабоба, у якой Сімон Балівар, Хасэ Паэс і Антоніа Сукрэ разбілі іспанцаў. У 1830 незадаволены федэральным урадам Хасэ Паэс узняў паўстанне, у выніку якога Венесуэла аддзялілася ад федэрацыі і стала самастойнай дзяржавай, а Паэс стаў яе першым прэзідэнтам.
XIX і першая палова XX стагоддзя прайшлі ў чаргаванні перыядаў палітычнага хаосу і дзяржаўных пераваротаў ды аўтакратычных рэжымаў ваенных-каўдыльё, першым сярод якіх стаў якраз генерал Паэс, што быў прэзідэнтам у 1830—1835, 1839—1843, 1861—1863 гг. У 1854 годзе было адменена рабства. Палітычны хаос прывёў да крывавай грамадзянскай вайны 1859—1863. Найбольш вядомым пасляваенным каўдыльё стаў Антоніа Гузман Бланка, што кіраваў Венесуэлай у 1870—1887, таксама як і Паэс, з антрактамі. 1895 адзначыўся канфліктам з Вялікабрытаніяй (так званы Венесуэльскі крызіс 1895) за тэрыторыю Гаяна-Эсекіба, на якую прэтэндавалі абедзве дзяржавы.
У 1899 уладу захапіў Сіпрыяна Кастра, што рушыў на Каракас на чале атрада ў 60 чалавек. Яго прыход да ўлады выліўся ў грамадзянскую вайну, другі Венесуэльскі крызіс (1902-03) і канфлікт з Нідэрландамі (1908). Падчас апошняга, знаходзячыся на перамовах ў Еўропе, Кастра быў змешчаны сваім паплечнікам і сябрам Хуанам Вісэнтэ Гомесам. Падчас кіравання Гомеса, калі ў Еўропе сціхалі грымоты першай сусветнай вайны, былі адкрыты радовішчы нафты ў басейне Маракайба, пасля чаго аграрны эканамічны твар краіны змяніўся на нафтаздабыўны. Дзякуючы нафтаваму буму, папулярны ў народзе Гомес кіраваў Венесуэлай да сваёй смерці ў 1935, а Венесуэла стала самай заможнай дзяржавай Лацінскай Амерыкі. У пачатку 1940-х была праведзена палітычная рэформа, што дазволіла аднавіць дзейнасць палітычных партый. У 1945 да ўлады, ўпершыню ў гісторыі краіны, прыйшлі дэмакратычныя сілы на чале з Рамулам Бетанкурам. Дэмакраты ў 1947 годзе правялі першыя дэмакратычныя выбары, пераможца якіх, Ромула Гальегас, неўзабаве быў скінуты ваеннай хунтай.
З 1958 на працягу чатырох дзесяцігоддзяў Венесуэлай кіравалі дэмакратычна абраныя ўрады. Шматпартыйная сістэма даволі хутка стала дэ-факта двухпартыйнай: галоўнымі сіламі на палітычным рынгу сталі партыя Дэмакратычнае дзеянне і сацыяльна-хрысціянская партыя КОПЕІ. Неаліберальныя рэформы прэзідэнта Карласа Андрэса Перэса (Дэмакратычнае дзеянне) і падзенне сусветных цэн на нафту выклікалі эканамічныя цяжкасці, што ў канцы 1980-х і 1990-х выліліся ў палітычныя крызісы, уключаючы сталічны мяцеж 1989 года, вядомы пад назвай Каракаса (паводле розных ацэнак, загінула ад 276 да 2000 чалавек); дзве спробы дзяржаўнага перавароту ў 1992 і выніковы імпічмент Перэса ў 1993 за растрату дзяржаўных сродкаў. Далейшае падзенне даверу да існуючых палітычных партый абярнулася абраннем у 1998 на пасаду прэзідэнта палкоўніка Уга Чавеса.
У 1999 Чавес запаліў полымя Баліварыянскай рэвалюцыі, якая пачалася з прыняцця новай канстытуцыі і змянення назвы краіны на «Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла». Канстытуцыя дэкларавала грамадзянскія правы індзейцам, што дало Чавесу падставу правесці новыя выбары ў 2000, на якіх ён быў пераабраны прэзідэнтам, а ягоны палітычны блок атрымаў большасць месцаў у парламенце. У 2007 і 2009 годзе, каб кіраваць краінай «колькі таго пажадае народ і Гасподзь», Чавес ініцыяваў рэферэндумы па змяненні канстытуцыі; першая спроба была няўдалай, і Чавес прызнаў сваю паразу. Ідэалогія Чавеса — своеасаблівы мікс ідэй Сімона Балівара і сацыялізму. Папулістычная палітыка Уга Чавеса і яго спадкаемцы Нікаласа Мадура прывялі да жудаснага эканамічнага крызісу, што распачаўся ў 2013 і цягнецца па сёння. Спыніўся прыток замежных інвестыцый; узраслі беспрацоўе, беднасць, дзіцячая смяротнасць. У венесуэльскіх крамах даўно няма самых неабходных тавараў. Па выніках 2018 інфляцыя склала 1 370 000 %[2]. Усё гэта вылілася ў масавую эміграцыю, грамадзянскае супрацьстаянне з вулічнымі пратэстамі і міжнародны палітычны крызіс.
У 2023 годзе абвастрыўся гаянска-венесуэльскі крызіс, звязаны з тэрытарыяльнай спрэчкай з нагоды прыналежнасці Гаяны-Эсекіба.
Венесуэла — прэзідэнцкая рэспубліка. На чале дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які з’яўляецца адначасова кіраўніком дзяржавы і ўрада і выбіраецца насельніцтвам на шэсць год. Да рэферэндуму 15 лютага 2009 года адзін і той жа чалавек мог быць абраным на пасаду кіраўніка дзяржавы не больш як на два тэрміны запар. Уга Чавес — першы прэзідэнт Баліварыянскай Венесуэлы —двойчы выносіў на рэферэндум пытанне аб неабмежаванай колькасці тэрмінаў. Прызнаўшы паразу на першым рэферэндуме, ён перамог на другім, каб па жудаснай іроніі лёсу кіраваць некалькі месяцаў свайго здабытага з боем звыштэрміновага тэрміну з бальнічнага ложка. Новым прэзідэнтам стаў Нікалас Мадура — паслядоўны прыхільнік Чавеса. 23 студзеня 2019 спікер Нацыянальнай асамблеі Хуан Гуайдо абвясціў сябе выконваючым абавязкі прэзідэнта краіны і прынёс прысягу проста на масавым мітынгу ў Каракасе. Аб прызнанні Гуайдо кіраўніком Венесуэлы заявілі ЗША, Канада, большасць краін Паўднёвай Амерыкі, Еўрапарламент, Аўстралія, Ізраіль.
Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатная Нацыянальная асамблея (Asamblea Nacional), якая складаецца са 165 дэпутатаў, пры гэтым 3 месцы замацавана за прадстаўнікамі карэнных народаў Венесуэлы. 162 дэпутаты абіраюцца па прапарцыйна-спіскавай сістэме ў шматмандатнай акругах, у тым ліку 97 персанальна, а 65 — па партыйных спісах. Тэрмін дэпутацкіх паўнамоцтваў — пяць год. Дэпутаты могуць выбірацца максімум на тры тэрміны. На парламенцкіх выбарах 2015 перамогу атрымаў апазіцыйны блок «Круглы стол дэмакратычнага адзінства» (56 % месцаў у Асамблеі). Чавісцкі «Вялікі патрыятычны полюс» набраў 41 % галасоў.
Вышэйшы судовы орган — Вярхоўны суд (Tribunal Supremo de Justicia). Яго члены выбіраюцца на адзін дванаццацігадовы тэрмін.
У Венесуэле назіраецца культ Сімона Балівара, што адбілася нават у назве рэспублікі. У гонар Вызваліцеля названы найвышэйшы пункт краіны, грашовая адзінка. У час прэзідэнцтва Чавеса адно з крэслаў на паседжаннях дзяржаўнага савета заўсёды было пустым, Чавес сцвярджаў, што ў гэтым крэсле засядае прывід Сімона Балівара.[3]
Пакідаючы гісторыі палітычныя крызісы 1900-х, на працягу XX стагоддзя Венесуэла падтрымлівала сяброўскія адносіны з большасцю краін Амерыкі і свету. Сітуацыя змянілася пасля спробы дзяржаўнага перавароту 2002, калі ЗША прызналі легітымнасць часовага ўрада Педра Кармона. З таго часу антыімперыялістычная палітыка Чавеса ўзмацнілася, і адносіны Венесуэлы з большасцю неварожых да ЗША краін свету сталі нацягнутымі. У 2015 Нікалас Мадура афіцыйна заявіў, што ЗША і Абама ўяўляюць пагрозу для яго краіны.
Адпаведна, сябрамі Венесуэлы з’яўляюцца ўсе апаненты ЗША і ўсе сацыялістычныя дзяржавы свету (што, як правіла, супадае). У Лацінскай Амерыцы гэта Балівія, Нікарагуа, Куба; у свеце — Расія і Кітай. 27 красавіка 2017 Венесуэла заявіла, што пакідае Арганізацыю амерыканскіх дзяржаў (ААД) у адказ на ўмяшальніцтва арганізацыі ў палітычны крызіс у Венесуэле.[4] З мэтай гуртавання аднадумцаў з ініцыятывы Чавеса быў створаны «Баліварыянскі альянс для народаў нашай Амерыкі» (ALBA), куды ўваходзіць 10 дзяржаў (з іх 7 карыбскіх) і дзе асноўную скрыпку грае Венесуэла. Тэарэтычна ж галоўнай палітычнай ідэяй сучаснай Венесуэлы з’яўляецца мультыпалярны свет, у якім краіны, што развіваюцца, будуць знітаваныя трывалымі сувязямі.
Дыпламатычныя адносіны ўсталяваны 4 лютага 1997 года[5]. Кіраўніцтвы Беларусі i Венесуэлы маюць падобныя пазіцыі па асноўных пытаннях сусветнай палітыкі. Краіны актыўна ўдзельнічаюць у працы ААН, Руху недалучэння. На тэрыторыі Венесуэлы пры ўдзеле беларускіх спецыялістаў завершана будаўніцтва і ўведзены ў эксплуатацыю такія аб’екты як жылы мікрараён на 2520 кватэр у сектары Гуасімаль, г. Маракай, штат Арагуа; жылы мікрараён на 4448 кватэр у раёне ваеннай базы «Лібертадор», штат Арагуа; 288 кватэр у складзе 8 дамоў у раёне ваеннай базы «Фуэртэ цівун», штат Міранда; завод па вытворчасці керамічных блокаў магутнасцю 25 млн блокаў у год у Гуарэнас-Гуацірэ, штат Міранда; завод «ВенеМінск» па зборцы трактароў «Беларус», завод па зборцы грузавых аўтамабіляў «МАЗ», завод па зборцы дарожна-будаўнічай тэхнікі — усе ў прамысловай зоне «Санта Інэс», штат Барынас.[6]
Цяпер відавочна, што беларуска-венесуэльскія адносіны можна падзяліць на два перыяды: чавесаўскі і постчавесаўскі. Першы перыяд (2006—2013) характарызуецца цеплынёй і станоўчай дынамікай адносін. Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес у 2006 годзе наведаў Беларусь і з тых часоў ажыццяўляў візіты штогод — у 2007, 2008, 2009 і 2010 гадах. Беларускі прэзідэнт, Аляксандр Лукашэнка ў адказ наведаў Венесуэлу ў 2007, 2010 і 2012 гадах. Два лідары вельмі сімпатызавалі адзін аднаму. У гэтыя гады актывізавалася эканамічнае супрацоўніцтва, а таксама развіццё двухбаковых сувязей у галіне культуры, навукі, адукацыі, у гуманітарнай сферы. Прэзідэнты Беларусі і Венесуэлы прынялі ўдзел у пуску першай чаргі сумеснага прадпрыемства па здабычы нафты «Петралера Беловенесалана». Яно здабыла 1 млн тон нафты ўжо ў 2008, а ў перспектыве планавалася здабыча да 7 млн тон нафты штогод. 5 сакавіка 2013, у дзень смерці Уга Чавеса, па ўсёй Беларусі былі прыспушчаны дзяржаўныя сцягі.
З прыходам да ўлады Нікаласа Мадура пачалося ахаладжэнне адносін. Хоць Беларусь стала адной з першых краін, якія наведаў Нікалас, гэта адбылося хутчэй за ўсё па інерцыі. У наступныя гады аб’ём гандлю скараціўся ў сотні разоў (з 1,4 млрд дол. у 2010 і 2011 да 2 млн у 2016), затухлі супольныя праекты, дзяржаўныя СМІ перасталі называць Венесуэлу і яе новага прэзідэнта нашымі сябрамі. Па той жа інерцыі ў 2010-х гады былі дабудаваны сумесныя прадпрыемствы.
Беларуска-венесуэльскія адносіны знайшлі адлюстраванне ў культуры: так сяброўскім эканамічным стасункам дзвюх дзяржаў прысвечана песня «Венесуэла» гурта Разбітае сэрца пацана.
Венесуэла — федэратыўная рэспубліка. Венесуэла падзелена на 23 штаты (estados), адну федэральную (сталічную) акругу (distrito federal) і адно федэральнае ўладанне (dependencia federal) (72 дробныя астравы ў Карыбскім моры). На муніцыпальным узроўні Венесуэла падзяляецца на 335 муніцыпій (municipios), а на базавым — на 1 084 паветаў (parroquias). Штаты згрупаваныя ў 9 адміністрацыйных рэгіёнаў (regiones administrativas), што былі ўсталяваны ўрадам у 1969 годзе.
Венесуэла прэтэндуе на дзве траціны тэрыторыі суседняй Гаяны на захад ад ракі Эсекіба. Восьмая зорка на сцягу Венесуэлы, дададзеная Уга Чавесам у 2006 годзе, сімвалізуе не толькі Сімона Балівара, але і тэрыторыю Гаяна-Эсекіба.
Як і паўсюль у Паўднёвай Амерыцы, у сённяшняй Венесуэле назіраецца затуханне дэмаграфічнага выбуху: натуральны прырост за кошт маладога складу насельніцтва яшчэ вялікі (1,3 % у 2018), аднак на адну жанчыну ў сярэднім прыходзіцца ўсяго 2,3 дзіцяці. Сярэдняя працягласць жыцця складае 76 гадоў.[7] Эканамічны крызіс другой паловы 2010-х выклікаў вялікую хвалю эміграцыі, маштабы якой ацаніць няпроста. Незалежныя эксперты кажуць пра 2,3 млн эмігрантаў па стане на верасень 2018, паводле найгоршага сцэнару да пачатку 2019 за мяжой — пераважна ў суседніх Эквадоры і Калумбіі — акажацца 4 млн венесуэльцаў. У любым разе у XXI стагоддзі больш грамадзян пакідала толькі Сірыю.[8]
Каля 95 % жыхароў краіны — венесуэльцы, народ, які ўтварыўся ад змяшэння іспанскіх заваёўнікаў і перасяленцаў з мясцовым насельніцтвам — індзейцамі аравакскай, карыбскай і іншых моўных сем’яў, а таксама з неграмі-рабамі, прывезенымі з Афрыкі. У XIX-XX ст. сюды актыўна імігравалі жыхары Паўднёвай Еўропы. Расавы склад: метысаў — 51,6 %, белых — 43,6 %, чорных — 2,9 %, індзейцаў — менш за 2 %. Індзейцы пражываюць пераважна ў малаасвоеных раёнах на поўдні і ўсходзе краіны, а таксама на заходнім беразе возера Маракайба, дзе на мяжы з Калумбіяй склаўся арэал самага шматлікага індзейскага народа вайю. Дзяржаўная і гутарковая мова — іспанская.
Большасць вернікаў — каталікі. Як і паўсюль у Паўднёвай Амерыцы, свае пазіцыі ўмацоўвае пратэстантызм (17 % у 2011, у асноўным евангелісты). 6 % венесуэльцаў называюць сябе агностыкамі, яшчэ 2 % — атэістамі.
Большая частка венесуэльцаў жыве ў стакіламетравай паласе ўздоўж Карыбскага ўзбярэжжа, вялікая гушчыня насельніцтва і ва ўрадлівых, прахалодных андскіх далінах. Льянас, Сельва і асабліва Гвіянскае нагор’е заселеныя зусім слаба ў сувязі з іх цяжкапраходнасцю і складаным кліматам. Звыш 90 % насельніцтва жыве ў гарадах. Найбуйнейшая агламерацыя — Вялікі Каракас, родны горад для 5,2 млн чалавек; другая — Маракайба (2,5 млн), далей — Валенсія (2 млн) і Баркісімета (1,3 млн).
Венесуэла — індустрыяльна-аграрная краіна. Грашовая адзінка — венесуэльскі балівар. Прамысловасць дае да 40 % ВУП, сельская гаспадарка — 5 %. Вядучае месца ў гаспадарчым комплексе займае нафтаздабыўная і нафтахімічная прамысловасць (каля 1/3 ВУП, 70 % даходаў бюджэту, звыш 80 % экспарту). Такім чынам, эканоміка Венесуэлы моцна залежыць ад цаны на нафту на сусветным рынку. Яе высокі ўзровень выліваўся ў гады дабрабыту (1970-я, 2000-я, калі Венесуэла належала да ліку найбольш развітых краін Лацінскай Амерыкі); доўгатэрміновае падзенне цаны прыводзіла да крызісаў (1980-я — 1990-я, 2010-я — ?). Эканамічны дабрабыт пачатку 2000-х суправаджаўся ростам дабрабыту сацыяльнага, нябачаным скарачэннем беднасці, аднак празмерныя нафтавыя грошы выключна траціліся і ніякай «падушкі бяспекі» не стваралася.
Гэтая няўмелая, папулісцкая сацыяльная палітыка Уга Чавеса і Нікаласа Мадура прывяла — як толькі цана на нафту ўпала чарговы раз —да немінучага і найбольш моцнага ў гісторыі краіны эканамічнага крызісу. Знешнія праявы пачаліся са знікнення з паліц крамаў туалетнай паперы, малака і мукі (на пачатак 2019 гэтыя і многія іншыя тавары застаюцца недасяжнай марай для большасці простых венесуэльцаў). У 2015 годзе падзенне ВУП склала неслабыя 6 %, а ў наступныя 3 гады — катастрафічныя 16, 14 і 18 % адпаведна. ВУП на душу насельніцтва, што ў 2000-х быў на роўных з аргенцінскім, за тры гады ўпаў з 17 да 12 тыс. долараў і наблізіўся да паказчыкаў Балівіі і Парагвая. 2018 стаў працягам рэцэсіі. Інфляцыя дасягнула 1 400 000 %, што ставіць Венесуэлу ў адзін шэраг з Германіяй 1923 і Зімбабве канца 2000-х. На думку часопіса The Wall Street Journal, у Венесуэле найгоршая ў свеце сітуацыя з правам уласнасці: экспрапрыяцыя без кампенсацыі тут звыклая з’ява.[7]
У 2010 годзе геалагічныя адкрыцці дазволілі Венесуэле абысці Саудаўскую Аравію і падняцца на першае месца ў свеце па выведаных запасах нафты. Асноўныя раёны здабычы нафты — упадзіна возера Маракайба і паўночная частка басейна ракі Арынока. Да таго ж Венесуэла мае другія запасы прыроднага газу, праўда, толькі ў заходнім паўшар’і. Нафтавы сектар краіны кантралюецца дзяржаўнай кампаніяй Petroleos de Venezuela (PDVSA), якой паміж іншым належыць сетка з 14 000 аўтазаправачных станцый CITGO (ЗША). Перапрацоўка нафты засяроджана ў гарадах Маракайба, Кабімас, Амуай, Пуэрта-ла-Крус, Каракас. Галоўныя парты па экспарце нафты і нафтапрадуктаў — Маракайба, Амуай, Кабімас. Венесуэла — адзін з пяці заснавальнікаў нафтавага картэля АПЕК. З 2005 года дзейнічае праграма льготных паставак нафты краінам Карыбскага басейна (Петракарыбе). Гадавая здабыча нафты складае 124 млн т (2016), гэта 11 месца ў свеце.
Здабыўная прамысловасць апроч нафтавай: здабываюць таксама золата (другі па важнасці экспартны прадукт), жалезную руду (каля 17 млн тон, 2013), баксіты, нікелевыя, марганцавыя руды, серабро, алмазы і інш. У зусім невялікіх аб’ёмах вядзецца здабыча каменнага вугалю 4 тыс. т. (1997).
Энергетыка: ГЭС Гуры (адна з наймагутнейшых у свеце) і Макагуа на рэчцы Карані, на долю якіх прыпадае да 3/4 усіх энергетычных магутнасцей краіны. Вытворчасць электраэнергіі 131 млрд кВт * гадзін (2013). У 2016 годзе незвычайна працяглая для рэгіёна засуха, выкліканая Эль-Ніньё, абязводзіла Карані настолькі, што Венесуэла апынулася ў энергетычным крызісе. Каб сэканоміць электрычнасць, урад скараціў колькасць працоўных дзён, прымусіў крамы выкарыстоўваць уласныя генератары.[9]
Металургія: На базе радовішчаў баксітаў і жалезных руд + таннай электрычнасці ГЭС Гуры створаны металургічныя камбінаты (выплаўка сталі, алюмінію) ў С’юдад-Гуаяне — раёне новага асваення; яшчэ адзін камбінат працуе ў Маракайба.
Машынабудаванне: вытворчасць аўтамабіляў, трактароў, сельскагаспадарчых машын, электрычнай апаратуры ў Каракасе і Баркісімета.
Развітая вытворчасць цэменту.
Сельская гаспадарка не забяспечвае ўнутраных патрэб краіны. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі займаюць 25 % тэрыторыі краіны, асноўны земляробчы раён — поўнач і паўночны захад, жывёлагадоўчы — Льянас (цэнтральная Венесуэла). Пераважае буйное землеўладанне. Галоўныя культуры: кукуруза, рыс, цукровы трыснёг, сорга, бульба, какава, бананы, памідоры, апельсіны, кава. З тэхнічных культур — бавоўнік і сізаль. Гадуюць буйную рагатую жывёлу, свіней, коз, авечак, птушку.
Да 1970-х Венесуэла спаборнічала з Калумбіяй па вытворчасці кавы, пазней быў зроблены акцэнт на нафтаздабычу і кава адышла на другі план, таму сёння Венесуэла трымае ўсяго каля 1 % сусветнага рынку кавы. У апошнія гады адбываецца ўздым вытворчасці какавы (Венесуэла некалі была адным з галоўных вытворцаў, пазней саступіла Заходняй Афрыцы), у краіне вырошчваецца рэдкі гатунак какавы, які лічыцца самым смачным і духмяным у свеце і ідзе на выраб арыгінальнага шакаладу.
Галоўны від транспарту — аўтамабільны. Даўжыня аўтадарог 96 тыс. км, у тым ліку 32 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Галоўныя аўтамагістралі — Каракас — С’юдад-Балівар, Каракас — мяжа з Калумбіяй. Агульная даўжыня чыгунак складае 447 км (2014), у канцы XX ст. было ў паўтара разы больш. Выключнае значэнне мае сетка трубаправодаў: даўжыня нафтаправодаў — 7588 км, газаправодаў — 5941 км, нафтапрадуктаправодаў — 1778 км. Развіты паветраны транспарт (444 аэрапортаў і аэрадромаў, з іх 127 з асфальтаванай паласой). Суднаходства па рацэ Арынока і яе прытоках (7 тыс. км). Па возеры Маракайба могуць хадзіць нават акіянічныя судны. Больш за 100 марскіх і рачных портаў. Найбуйнейшы нафтавы порт — Jose terminal. Галоўны порт краіны для нянафтавых тавараў — Ла-Гуайра (аванпорт Каракаса).
Да крызісу 2010-х Венесуэла была папулярным турыстычным напрамкам. І прыродных і гісторыка-культурных прывабнасцяў тут хопіць на шмат тыдняў актыўнага адпачынку. Што да аматараў пляжнага баўлення часу, то іх сустракаў добраўпарадкаваны і шыкоўны востраў Маргарыта.
Экспарт: нафта і нафтапрадукты (каля 85 %), золата, жалезная руда, пракат, баксіты і алюміній, сельскагаспадарчая прадукцыя і рыба. Асноўныя пакупнікі прадукцыі — ЗША (40 % у 2016), Індыя і Кітай (па 20 %), Швейцарыя (7 %). Імпарт: харчовыя тавары, хімікаты і лекі, угнаенні, машыны і абсталяванне. Асноўныя пастаўшчыкі тавараў — ЗША (34 %), Кітай (17 %), Бразілія (8 %).[10]
У г. Барынас (штат Барынас) дзейнічае сельскагаспадарчы каледж міжнароднай супольнасці імя С. Балівара.
Культура Венесуэлы мае іспанскія і індзейскія карані, з сярэдзіны XX стагоддзя адбіваецца некаторы ўплыў Злучаных Штатаў. Роля афракарыбскага насельніцтва ў станаўленні нацыянальнай культуры вельмі малая.
Этнатыпам Венесуэлы лічыцца «льянера» — жыхар раўнін (Льянас), які нагадвае аргенцінскага гаўча. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца фальклор льянера, іх песні, танцы і легенды.
Упадабаны жанр фальклору льянера — харопа, які ўяўляе сабой цэлую сюіту з танцаў, песень і інструментальных п’ес. У музычным суправаджэнні ўдзельнічаюць нацыянальныя інструменты — марака (трашчотка, зробленая з высушанага гарбуза), невялікая арфа і чатырохструнная гітара куатро. З іншых народных танцаў папулярнасцю карыстаюцца тона льянера (мелодыя раўнін); пасілья, разнавіднасць крэольскага вальса; мерэнгі, агульны для ўсёй антыльскай зоны жанр афраамерыканскага фальклору; і «тангіта», венесуэльскае аргенцінскае танга. Народная песня Венесуэлы прадстаўлена жанрамі коплі (куплет) і карыды, якія склаліся на аснове іспанскага раманса.
Шэраг культурных арганізацый і ўстаноў, такіх як каракаскі тэатр «Атэнеа», вядуць актыўную прапаганду нацыянальнага мастацтва і народнай музыкі. Многія творы народнага музычнага мастацтва ўключаны ў рэпертуар хору «Арфеон Ламас», на чале якога доўгі час стаяў кампазітар Вісентэ Эміліа Соха (1887—1974). Соха быў таксама дырыжорам Нацыянальнага сімфанічнага аркестра Каракаса. Інстытут вывучэння фальклору ў Каракасе выконвае ролю інфармацыйнага цэнтра пры арганізацыі рэгіянальных фестываляў народнага мастацтва. Многія з гэтых фестываляў праводзяцца ў дні рэлігійных святаў.
Фарміраванне венесуэльскай літаратуры звязана з імёнамі Сімона Радрыгеса, Андрэса Белья і Сімона Балівара. Рамантызм у нацыянальнай літаратуры прадстаўляюць празаік Ферміна Тора (1807—1865) і паэт Хуан Антоніа Перэс Бональдэ (1846—1892). Пачынальнікам рэалізму стаў Мануэль Вісентэ Рамера Гарсія (1865—1917), аўтар рамана «Пеонія» (1890). Эстэтыку іспанаамерыканскага мадэрнізму развівалі празаікі Мануэль Дыяс Радрыгес (1868—1927) і Руфіна Бланка Фамбона (1974—1944). Да ліку вядомых пісьменнікаў адносіцца таксама Тэрэса дэ ла Пара (1891—1936), адна з самых папулярных пісьменніц Лацінскай Амерыкі. Найвялікшым венесуэльскім пісьменнікам XX стагоддзя быў экс-прэзідэнт Ромул Гальегас (1884—1969), творы якога прысвечаны ўзаемаадносінам чалавека і прыроды; яго раман «Донна Барбара» заваяваў міжнароднае прызнанне. Марыяна Пікон Салас (1901—1965), майстар мастацкай прозы, быў таксама вядомым лацінаамерыканскім сацыёлагам. З венесуэльскіх паэтаў XX ст. найбуйнейшым лічыцца Андрэс Элой Бланка (1897—1955). Да ліку найбольш значных сучасных празаікаў адносяцца Мігель Атэра Сільва (1908—1985), аўтар шэрагу раманаў сацыяльнай тэматыкі, а таксама выдатнага гістарычнага рамана «Лопе дэ Агіэе, Князь Свабоды» (1979); і Артура Услар П’етра (1906—2001), таксама выбітны крытык і аўтар кароткіх апавяданняў; вядомасцю карыстаецца яго гістарычны раман пра эпоху барацьбы за незалежнасць Венесуэлы «Пунсовыя дзіды» (1931).
Венесуэла была адной з самых бедных іспанскіх калоній, таму тут няма выбітных помнікаў каланіяльнай архітэктуры. Нешматлікія прыклады пабудоў гэтага перыяду можна знайсці ў сталіцы, а таксама ў старых гарадах Мерыда і Валенсія. Найбуйнейшым венесуэльскім мастаком каланіяльнай эпохі быў Хуан Педра Лопес (1724—1787), аўтар царкоўных роспісаў. У XIX стагоддзі вылучаецца Марцін Тавар-і-Тавар (1828—1902), які адлюстраваў эпізоды вайны за незалежнасць ад Іспанскай кароны. Іншы мастак-рамантык XIX стагоддзя, Артура Мічэлена (1873—1898), пісаў буйныя творы на рэлігійныя і свецкія сюжэты. З мастакоў XX ст. найбольш вядомы Ціта Салас (1889—1974). Сярод больш маладога пакалення мастакоў адным з найбольш адораных лічыцца Асвальда Вігас. Папулярнасцю карыстаюцца скульптары Алехандра Коліна і Франсіска Нарваэс. Цэнтрам выяўленчага мастацтва Венесуэлы з’яўляецца Музей вытанчаных мастацтваў у Каракасе. З пачаткам нафтавага буму з’явілася мноства тварэнняў сучасных архітэктараў. Гэта новая крыніца багацця стымулявала бурнае будаўніцтва, асабліва ў Каракасе.
Венесуэльская нацыянальная кухня адносіцца да ліку найбольш разнастайных у рэгіёне. У стравах венесуэльскага стала можна ўгледзець працяглую гісторыю кантактавання розных народаў (еўрапейцаў, афрыканцаў, індзейцаў), а яшчэ — кліматычныя кантрасты розных куткоў краіны. І хоць у кожным штаце сваё «меню», асноўныя інгрэдыенты паўсюль адны і тыя ж: кукуруза, рыс, бананы, ямс, фасоля і розныя гатункі мяса; дадаткам служаць памідоры, цыбуля, баклажаны, кабачкі і інш. Некалькі найбольш папулярных страваў:
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.