Remove ads
краіна ў Паўднёвай Еўропе From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэспубліка Паўночная Македонія (макед.: Република Северна Македонија), да 2019 года Рэспубліка Македонія (макед.: Република Македонија) — краіна на Балканскім паўвостраве ў паўднёва-ўсходняй Еўропе. Мяжуе з Косава на паўночным захадзе, Сербіяй на поўначы, Балгарыяй на ўсходзе, Грэцыяй на поўдні і Албаніяй на захадзе. Выхаду да моране мае.
| |||||
Дэвіз: «Слобода или смрт за Македонија» «Воля або смерць за Македонію» | |||||
Гімн: «Денес над Македонија» | |||||
Дата незалежнасці | 8 верасня 1991 (ад Югаславіі) | ||||
Афіцыйныя мовы | македонская мова і албанская мова[1] | ||||
Сталіца | |||||
Найбуйнейшыя гарады | Скоп’е, Бітала, Куманава, Прылеп, Цетава | ||||
Форма кіравання | Парламенцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Прэм'ер-міністр | Стэво Пендароўски Дзімітар Кавачэўскі | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні | 25.713 км² 1,9 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2012) • Перапіс (2002) • Шчыльнасць | 2.062.294 чал. (146-я) 2.022.547 чал. 80,1 чал./км² (122-я) | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2013) • На душу насельніцтва |
$26,1 млрд (124-ы) $12.587 (84-ы) | ||||
ВУП (намінал) • Разам (2013) • На душу насельніцтва |
$9,576 млрд (137-ы) $4.931 (97-ы) | ||||
ІРЧП (2013) | 0,732 (высокі) (84-ы) | ||||
Этнахаронім | Македонцы | ||||
Валюта | Македонскі дэнар (MKD) | ||||
Інтэрнэт-дамены | .mk, .мкд | ||||
Код ISO (Alpha-2) | MK | ||||
Код ISO (Alpha-3) | MKD | ||||
Код МАК | MKD | ||||
Тэлефонны код | +389 | ||||
Часавыя паясы | UTC+1 |
Тэрыторыя краіны складае каля траціны больш буйнога геаграфічнага рэгіёна Македоніі, які таксама ўключае ў сябе часткі Грэцыі, Балгарыі і Албаніі.
Адна з дзяржаў-пераемніц былой Югаславіі, незалежнасць ад якой абвясціла ў 1991 годзе. У 1993 годзе дзяржава стала членам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Паводле перапісу 2014 года насельніцтва Паўночнай Македоніі складае болей за 2 млн жыхароў, з якіх 500 тысяч жыве ў сталіцы краіны — Скоп’і. Македонцы складаюць каля 64 % ад агульнай колькасці насельніцтва краіны. Апроч іх, у Паўночнай Македоніі жыве вялікая этнічная меншасць албанцаў (25 %) і іншыя невялікія меншасці, што прыводзіць да канфліктаў на этнічнай глебе, асабліва паміж македонцамі і албанцамі.
Паўночная Македонія мае адну з самых слабых эканомік у Еўропе і знаходзіцца ў працэсе эканамічнай і палітычнай трансфармацыі. Краіна змагаецца з высокім узроўнем беспрацоўя, слабай інфраструктурай і адсутнасцю інвестыцый. Дзяржава з’яўляецца сябрам ААН, Цэнтральна-Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Савета Еўропы, Сусветнай гандлёвай арганізацыі, Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банку, а таксама НАТА, з 2005 года з’яўляецца афіцыйным кандыдатам на членства ў Еўрапейскім Саюзе.
Македонія ўключае ў сябе больш за 50 азёр і 16 гор, вышыня якіх перавышае 2000 метраў.
Рэспубліка Македонія з часоў распаду Югаславіі вяла спрэчку з Грэцыяй пра сваю назву. Па патрабаванні Грэцыі Рэспубліка Македонія была прынята ў ААН у 1993 годзе пад назвай Былая югаслаўская Рэспубліка Македонія (БЮРМ). Грэцыя настойвала на тым, каб назва Македонія была зменена, каб пазбегнуць блытаніны з грэчаскай правінцыяй — гістарычнай вобласцю Македонія, якая мяжуе з аднайменнай незалежнай рэспублікай[2]. Больш за дваццаць гадоў ішла спрэчка, Грэцыя дабівалася неабходнасці змянення назвы краіны-суседкі і выступала супраць яе ўступлення ў Еўрасаюз і НАТА. 17 чэрвеня 2018 года Грэцыя і Рэспубліка Македонія падпісалі пагадненне аб перайменаванні былой югаслаўскай рэспублікі ў Рэспубліку Паўночная Македонія[3]. 11 студзеня 2019 года македонскія парламентарыі ўхвалілі ўнясенне адпаведных паправак у Канстытуцыю.
Тэрыторыя сучаснай Паўночнай Македоніі ў розныя гістарычныя перыяды належала розным дзяржавам і імперыям — Паёніі, Старажытнай Македоніі (чыю назву ўспадкаваў увесь геаграфічны рэгіён), Рымскай і Візантыйскай імперыям, сярэднявечнаму Балгарскаму царству, Сербскаму царству, Асманскай імперыі. У 864, калі тэрыторыя знаходзілася ў складзе Балгарскага царства, хрысціянства было прынята дзяржаўнай рэлігіяй. Сучасныя македонцы этнічна блізкія да балгараў. У XIV ст. гэтыя землі былі заваяваныя Асманскай імперыяй.
У 1878 Расія вызваліла Балгарыю і заключыла з Турцыяй Сан-Стэфанскі мір, паводле якога з’яўлялася дзяржава Балгарыя, а часткі Македоніі, населеныя паўднёвымі славянамі, уваходзілі ў межы Балгарыі. Аднак гэта было нявыгадна вялікім сілам у Еўропе і за Сан-Стэфанскай дамовай рушыла ўслед Берлінская, разрэзаўшая Балгарыю на дзве часткі — Княства Балгарыя і Усходнюю Румелію. Македонія з яе паўднёваславянскім насельніцтвам ізноў перайшла да турак.
У 1912 пачалася першая Балканская вайна. Балгарскія і саюзныя балканскія хрысціянскія войскі разграмілі Турцыю і Македонія ізноў стала балгарскай. Аднак амаль адразу жа пачалася вайна паміж саюзнікамі — Балгарыяй і астатнімі балканскімі хрысціянскімі народамі, у выніку якой Балгарыя страціла Македонію.
У выніку Балканскіх войн 1912 і 1913 і падзення Асманскай імперыі Македонія была падзеленая паміж Сербіяй пад назвай Južna Srbija («Паўднёвая Сербія»), Грэцыяй (Эгейская Македонія) і Балгарыяй (Пірынскі край). Пасля Першай сусветнай вайны Сербія ўступіла ў ізноў створанае Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. У 1929 каралеўства атрымала новае імя — Югаславія і было падзелена на правінцыі — бановіны. Тэрыторыя сучаснай Рэспублікі Македоніі стала Вардарскай правінцыяй (Vardarska banovina).
У 1941 Югаславію захапілі Краіны Восі. Тэрыторыя Вардарскай бановіны была падзеленая паміж Балгарыяй і Албаніяй. Частка македонскіх славян падтрымлівала рух супраціву, які ўзначаліў Ціта, які пасля стаў прэзідэнтам Югаславіі. Паслу заканчэння Другой Сусветнай вайны была ўтворана Федэратыўная Народная Рэспубліка Югаславія з шасці рэспублік, у тым ліку Народнай Рэспублікі Македоніі. Пры перайменаванні аб’яднання ў Сацыялістычную Федэратыўную Рэспубліку Югаславію у 1963 Македонія таксама была перайменавана ў Сацыялістычную Рэспубліку Македонію.
2 мая 1992 Еўрапейскі саюз пагадзіўся прызнаць Македонію толькі ў тым выпадку, калі будзе знойдзена прымальная для ўсіх назва новай дзяржавы. У красавіку 1993 Македонія была прынята ў ААН, але пад назвай Былая югаслаўская Рэспубліка Македонія.
Македонія — дэмакратычная парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Канстытуцыя Македоніі была прынята 17 лістапада 1991 года, пазней унесена 32 папраўкі.
Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які абіраецца на 5-гадовы тэрмін у ходзе ўсеагульных выбараў і можа знаходзіцца на пасадзе толькі два тэрміны запар. Прэзідэнт прадстаўляе краіну за мяжой, адказвае за правядзенне знешняй палітыкі, з’яўляецца галоўнакамандуючым узброенымі сіламі, валодае правам вета на законапраекты, зацверджаныя парламентам у першым чытанні, вылучае кандыдатуру прэм’ер-міністра, аб’яўляе памілаванне, прызначае паслоў, прапануе кандыдатуры двух членаў Рэспубліканскага судовага савета і Савета па міжэтнічных адносінах, прызначае членаў Савета бяспекі.
Вышэйшы орган выканаўчай улады — урад. Складаецца з прэм’ер-міністра, якому прэзідэнт даручае сфарміраваць кабінет, і міністраў, прапанаваных прэм’ер-міністрам. Пасля гэтага ўрад абіраецца парламентам і нясе перад ім адказнасць.
Вышэйшы заканадаўчы орган краіны — аднапалатны Сход, які складаецца з 120 дэпутатаў (85 з іх абіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем, 35 праходзяць па партыйных спісах). Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў — 4 гады. Выбарчым правам надзелены ўсе грамадзяне краіны, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту. Парламент распрацоўвае і ўхваляе канстытуцыю, прымае законы, сцвярджае падаткі і бюджэт, ратыфікуе міжнародныя дагаворы і пагадненні, прызначае рэферэндумы, сцвярджае і ссоўвае ўрад, прызначае і ссоўвае суддзяў, аб’яўляе амністыю.
Дыпламатычныя дачыненні ўрады ўстанавілі 20 студзеня 1993. З 3 красавіка 2002 года македонскі пасол у Расіі атрымаў акрэдытацыю ў Беларусі па сумяшчальніцтве[4].
Грамадзяне Беларусі могуць карыстацца безвізавым ўездам у Рэспубліку Македонію на тэрмін да 90 дзён пры наяўнасці афіцыйнага ці гасцявога запрашэння альбо турыстычнага ваўчара[5].
УС Македоніі ўдзельнічалі ў Іракскай вайне.
27 сакавіка 2020 года Паўночная Македонія ўступіла ў НАТА.
На 2020 год ва Узброеных сілах Рэспублікі Македонія налічваецца 8 000 чалавек[6].
Статыстычны рэгіён | Муніцыпалітэты | Плошча, км² | Насельніцтва | Статыстычны рэгіён | Муніцыпалітэты | Плошча, км² | Насельніцтва | ||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Вардарскі | Велес (11[ап 1]) Градска (15) Дэмір-Капія (21) Кавадарцы (28) Негоціна (45) Росаман (55) Чашка (68) |
3995 | 153,272 | Паўночна-Усходні | Кратава (33) Крыва-Паланка (35) Куманава (37) Ліпкава (38) Ранкаўцэ (54) Стара-Нагарычанэ (60) |
2306 | 176,174 | ||
Паложскі | Багавінье (2) Брвеніца (7) Госцівар (14) Егуноўцэ (23) Жэліна (24) Маўрава і Растуша (42) Урапчыштэ (64) Цеарцэ (65) Цетава (66) |
2479 | 319,532 | Пелаганійскі | Бітала (5) Долнэні (17) Дэмір-Хісар (22) Крушэва (34) Крывагаштані (36) Могіла (43) Новацы (46) Прылеп (52) Рэсен (56) |
4719 | 231,500 | ||
Паўднёва-Заходні | Вевчані (10) Дэбар (18) Дэбарца (19) Кічэва (30) Македанскі-Брод (41) Охрыд (47) Пласніца (50) Струга (61) Цэнтар-Жупа (67) |
3280 | 220,065 | Скопскі | Арачынава (1) Зелянікава (25) Іліндэн (27) Петравец (48) Скоп’е (58) Сопіштэ (59) Студэнічані (63) Чучэр-Сандэва (69) |
1818 | 617,646 | ||
Паўднёва-Усходні | Басілава (3) Богданцы (6) Валандава (8) Васілева (9) Геўгелія (13) Дойран (16) Кончэ (31) Наво-Село (44) Радавіш (53) Струміца (62) |
2741 | 173,572 | Усходні | Берава (4) Вініца (12) Дэльцэва (20) Зрноўцы (26) Карбінцы (29) Кочані (32) Лозава (39) Македанска-Каменіца (40) Пехчэва (49) Пробішціп (51) Светы-Ніколэ (57) Чэшынава-Аблешэва (70) Шціп (71) |
3539 | 177,411 |
Геаграфічная вобласць Македонія падзеленая цяпер паміж трыма краінамі — яе паўднёвая частка, амаль палова ўсёй тэрыторыі, Эгейская Македонія, уваходзіць у склад Грэцыі; усходнія землі — Пірынская Македонія — прыналежаць Балгарыі, а Рэспубліка Македонія раскінулася на поўначы і захадзе, у даліне ракі Вардар.
На большай частцы тэрыторыі размяшчаюцца хрыбты сярэдневысокіх горных сістэм Скопска Чорная Гара, Пінд (вышэйшы пункт — г. Кораб (2753 м) і Пірын, падзеленых шырокімі міжгорнымі катлаванамі. Адзін ад іншага горныя хрыбты адлучаюць даліны рэк Вардар і Струміца, якія працякаюць праз усю краіну. На паўднёвым захадзе размешчаныя часткова належныя Македоніі буйныя азёры Ахрыдскае і Прэспа, а на паўднёвым усходзе — буйнае Дойранскае возера. На рэчцы Длабоцы знаходзіцца самы высокі ў Македоніі вадаспад вышынёй 136 м — Корабскі вадаспад.
Рэгіён сейсмічна актыўны, землетрасенні даволі моцныя. У выніку апошняга, якое адбылося ў 1963, быў моцна разбураны горад Скоп’е.
У Македоніі клімат пераходзіць ад умеранага да субтрапічнага. Сярэдняя тэмпература студзеня — 11-12 °C, ліпеня — 21-23 °C. Гадавая колькасць ападкаў 500—700 мм.
Па дадзеных на ліпень 2004 г, насельніцтва рэспублікі складае 2,071,210 чалавек.
Асаблівасцю дэмаграфічнай сітуацыі ў Македоніі з’яўляецца перавышэнне нараджальнасці албанскай часткі насельніцтва над славянскай, што характэрна наогул для мусульманскіх меншасцей у шматлікіх дзяржавах свету. Аднак у апошнія гады нараджальнасць албанцаў падае хутчэйшымі тэмпамі: у 2005 колькасць парадзіх-албанак склала 30,8 % ад агульнага ліку жанчын, якія нарадзілі дзяцей, тады як у 2001 дадзены паказчык дасягаў амаль 40 %.
Сталіцай рэспублікі і самым буйным яе горадам з’яўляецца Скоп’е (насельніцтва 600 тыс.). Іншыя буйныя гарады — Бітала, Куманава, Прылеп і Цетава (насельніцтва 50 — 100 тыс.).
68 % насельніцтва гаворыць на македонскай мове паўднёваславянскай групы моў. 25 % насельніцтва гаворыць на албанскай мове, 3 % — на турэцкай, 2 % — на серба-харвацкай.
Большасць жыхароў краіны (каля 67 %) належыць да некананічнай Македонскай праваслаўнай царквы (адзіны выпадак у свеце, калі большасць насельніцтва належыць на некананічнай праваслаўнай юрысдыкцыі). У 1967 г., царква абвясціла сваю незалежнасць ад Сербскай праваслаўнай царквы, але яе аўтакефалія не прызнаецца іншымі праваслаўнымі цэрквамі. Мусульмане складаюць 30 % ад агульнай колькасці вернікаў, прыхільнікаў іншых канфесій — 3 %. Усяго ў Македоніі 1200 праваслаўных цэркваў і манастыроў і 425 мячэцяў.
У Македоніі здабываюць храміты, медныя, свінцова-цынкавыя і жалезныя руды, марганец. Ёсць прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі, машынабудаўнічыя, хіміка-фармацэўтычныя, лёгкай і харчовай прамысловасці.
Вытворчасць фільмаў у Македоніі пачалася ў 1905 годзе са з’яўленнем піянераў кінематографа на Балканах братоў Манакі, якія здымалі, у асноўным, кароткія дакументальныя фільмы, засяроджваючы ўвагу на традыцыях, паўсядзённым жыцці, а таксама значных падзеях, як, напрыклад, візіт у Македонію султана Мехмеда V у 1911 годзе. На працягу 1920-х гадоў у буйных гарадах было адкрыта некалькі кінатэатраў, першым з якіх быў «Апалон», адкрыты ў Скоп’і ў 1925 годзе. Пасля Другой сусветнай вайны і абвяшчэння Народнай Рэспублікі Македоніі ў складзе Югаславіі македонскі кінематограф пачаў станавіцца больш значным, але да 1980-х гадоў прытрымліваўся югаслаўскай ідэалагічнай хвалі. Асноўнымі тэмамі фільмаў у гэты перыяд былі вызваленне ад войскаў Нацысцкай Германіі ў Другой сусветнай вайне, грамадзянская вайна ў Грэцыі, камуністычныя партызаны і паўстанні супраць Асманскай імперыі. Першым мастацкім фільмам у Македоніі стала стужка «Фросіна» 1952 года, а першай каляровай карцінай стала «Міс Стоўн», знятая ў 1958 годзе. У 1979 годзе ў Бітале быў заснаваны міжнародны кінафестываль братоў Манакі, які праводзіцца да цяперашняга часу.
У 1980-я гады ў македонскім кіно ўвага пачынае надавацца асабістым драмам і дылемам сучаснага жыцця. У 1994 годзе рэжысёр Мілча Манчэўскі прыносіць міжнароднае прызнанне кінематографу сваёй краіны фільмам «Перад дажджом», які атрымаў намінацыю на прэмію «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове, а таксама здабыў шмат міжнародных узнагарод, у тым ліку Залатога ільва на Венецыянскім кінафестывалі. Гэты фільм засяроджваецца на тэме этнічных хваляванняў падчас Баснійскай вайны, якая дасягнула свайго гвалтоўнага піку. Пасля гэтага многія македонскія фільмы ў 1990-х і 2000-х гадах атрымлівалі міжнародную аўдыторыю. Асаблівага поспеху дасягнулі фільмы «Пыл» Мілчы Манчэўскага, часткова зняты ў Нью-Ёрку, «Ілюзія» рэжысёра Светазара Рыстоўскага і «Сакрэтная кніга» сумеснай французска-македонскай вытворчасці. Італьянска-македонская стужка «Бал-Кан-Кан» з’яўляецца самай касавай у краіне з 500 тысячамі гледачоў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.