краіна ў Еўропе From Wikipedia, the free encyclopedia
Бо́снія і Герцагаві́на (басн.: Bosna i Hercegovina, харв.: Bosna i Hercegovina, лац. сербск.: Bosna i Hercegovina, кір. сербск.: Босна и Херцеговина) — заходне-балканская дзяржава.
| |||||
Гімн: «Intermezzo» | |||||
Дата незалежнасці | 1 сакавіка 1992 (ад Югаславіі) | ||||
Афіцыйныя мовы | баснійская, сербская, харвацкая | ||||
Сталіца | Сараева | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Сараева, Баня-Лука | ||||
Форма кіравання | Канфедэрацыя | ||||
Прэзідыум Высокі прадстаўнік Старшыня Савета Міністраў | Бакір Ізятбегавіч (басняк) Небайша Радманавіч (серб) Жэлька Комшыч (харват) Крысціян Шміт Векаслаў Беванда | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2012) • На душу насельніцтва |
$31,909 млрд $8,215 | ||||
ВУП (намінал) • Разам (2012) • На душу насельніцтва |
$17,326 млрд $4.461 | ||||
ІРЧП (2013) | 0,755 (высокі) (81-ы) | ||||
Этнахаронім | Баснійцы | ||||
Валюта | Баснійская марка | ||||
Інтэрнэт-дамен | .ba | ||||
Код ISO (Alpha-2) | BA | ||||
Код ISO (Alpha-3) | BIH | ||||
Код МАК | BIH | ||||
Тэлефонны код | +387 | ||||
Часавыя паясы | Цэнтральнаеўрапейскі час, UTC+1, UTC+2 і Europe/Sarajevo[d] |
Мяжуе на захадзе і поўначы з Харватыяй, на ўсходзе з Сербіяй, на паўднёвым усходзе з Чарнагорыяй. Мае выхад да Адрыятычнага мора[1].
Тэрыторыя — 51 тыс. кв. км. Сталіца — горад Сараева (прыблізна 300 тыс. чалавек). Буйныя гарады: Тузла, Баня-Лука, Мостар, Зеніца. Краіна размяшчаецца на тэрыторыі двух гісторыка-геаграфічных рэгіёнаў: Босніі і Герцагавіны.
Федэрацыя Босніі і Герцагавіны i Рэспубліка Сербская. Акруга Брчко знаходзіцца пад кіраваннем ААН.
Гісторыю дзяржаўнасці Босніі і Герцагавіны можна прасачыць з сярэдніх вякоў — да XV стагоддзя тут існавала незалежнае Каралеўства Боснія. Пасля, на працягу многіх стагоддзяў, нават фармальна Боснія і Герцагавіна не мела незалежнасці.
З XV стагоддзя Боснія знаходзілася ў складзе Асманскай імперыі. З нашчадкаў тых славян, якія прынялі іслам у гэты час, утварылася асобная рэлігійна-этнічная група — баснякі-мусульмане.
Пасля распаду Аўстра-Венгерскай імперыі Боснія і Герцагавіна ўвайшла ў склад адзінай паўднёваславянскай дзяржавы Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 года — Каралеўства Югаславія).
У гады Другой сусветнай вайны ўся тэрыторыя Босніі і Герцагавіны апынулася ў так званай Незалежнай дзяржаве Харватыя, у якой праводзілася палітыка тэрору і этнічных чыстак супраць іншых этнічных груп, у першую чаргу — сербаў. Тады этнічная карціна рэгіёна істотна змянілася: колькасць сербаў зменшылася, а колькасць баснякоў і харватаў павялічылася.
Пасля вызвалення тэрыторыі Югаславіі Сацыялістычная Боснія і Герцагавіна стала адной з яе саюзных рэспублік.
Незалежнасць Рэспублікі Боснія і Герцагавіна была абвешчана ў 1992 годзе па выніках рэферэндуму (які баснійскія сербы праігнаравалі). Абвяшчэнне незалежнасці прывяло да нарастання супярэчнасцей паміж народамі.
Першапачаткова ўзяты курс урада на пабудову нацыянальнай унітарнай дзяржавы баснійцаў праваліўся, пачалася Баснійская вайна — адразу тры этна-палітычныя канфлікты: сербска-харвацкі, сербска-баснійскі, харвацка-баснійскі[2].
ААН накіравала ў Боснію міратворчыя сілы. Праз 42 месяцы пад ціскам ЗША ў Дэйтане было заключана Дэйтанскае пагадненне, паводле якога Боснія і Герцагавіна падзяляецца на дзве часткі: баснійска-харвацкую Федэрацыю Босніі і Герцагавіны (51 % тэрыторыі) і Рэспубліку Сербскую (49 %). 14 снежня 1995 года ў Парыжы падпісана мірная дамова.
Боснія і Герцагавіна можа быць вызначана як канфедэрацыя, члены якой — Рэспубліка Сербская і Федэрацыя Босніі і Герцагавіны — маюць адносна высокі ўзровень аўтаноміі ў палітычнай, эканамічнай і іншых галінах жыцця[3][4].
Дэйтанская мадэль прадугледжвае складаную сістэму ўлады, якая ўлічвае інтарэсы трох дзяржаваўтваральных народаў.
Прэзідыум Босніі і Герцагавіны — калегіяльны орган кіраўніцтва, які складаецца з трох прадстаўнікоў: басняка, харвата і серба. Басняк і харват абіраюцца прамым галасаваннем на тэрыторыі мусульмана-харвацкай Федэрацыі Босніі і Герцагавіны, а серб абіраецца прамым галасаваннем на тэрыторыі Рэспублікі Сербскай. Кожныя 8 месяцаў адбываецца ратацыя старшынь. Тэрмін паўнамоцтваў — 4 гады[5].
Парламенцкая асамблея (Скупшчына), якая складаецца з Палаты народаў і Палаты прадстаўнікоў:
Савет міністраў, які складаецца з дзевяці міністэрстваў: замежных спраў; бяспекі; абароны; фінансаў; знешняга гандлю і эканамічных сувязей; транспарту і сувязі; па грамадзянскіх справах; па правах чалавека і справах бежанцаў; юстыцыі[6].
Старшыня Савета міністраў прызначаецца Прэзідыумам Босніі і Герцагавіны і зацвярджаецца Палатай прадстаўнікоў[5].
Высокі прадстаўнік каардынуе міжнародныя намаганні па выкананні грамадзянскіх аспектаў мірнага ўрэгулявання. Можа звальняць дзяржаўных дзеячаў, дзеянні якіх нясуць пагрозу міру і бяспецы Босніі і Герцагавіны, а таксама адмяняць рашэнні баснійскіх уладаў і выносіць свае ўласныя[6][4].
Падзеі грамадзянскай вайны нанеслі значную шкоду эканамічнай сферы Босніі і Герцагавіны — розныя крыніцы ацэньваюць агульны фінансавы ўрон ад 20 да 80 млрд даляраў. Прамысловая вытворчасць рэзка скарацілася і складала каля 15 % ад даваеннага. Узрос узровень беспрацоўя. Падчас вайны эканамічны і сацыяльны стан Босніі і Герцагавіны знаходзіўся на самым нізкім узроўні.
Пасля заканчэння ваенных дзеянняў у 1995 годзе дзяржаве аказвалася маштабная міжнародная дапамога, якая была накіравана на аднаўленне эканамічнай сферы. Аднак наступствы міжэтнічных рознагалоссяў працягвалі негатыўна ўплываць на развіццё эканомікі. Боснія і Герцагавіна застаецца адной з самых дэпрэсіўных дзяржаў Еўропы[7].
Перапіс насельніцтва ў Босніі і Герцагавіне быў праведзены з 1 па 15 кастрычніка 2013 года (канчатковыя вынікі перапісу былі апублікаваны 30 чэрвеня 2016 года).
Агульнае насельніцтва Босніі і Герцагавіны складае 3 млн. 531 тыс. чалавек, з іх 1 млн. 769 тыс. (50,11 %) баснякоў, 1 млн. 86 тыс. сербаў (30,78 %), 544 тыс. складаюць харваты (15,43 %).
Агульнае насельніцтва рэспублікі скарацілася на 833 тыс. у параўнанні з 1991 годам. Гэтыя страты выкліканыя дэмаграфічнай катастрофай грамадзянскай вайны 1992—1995 гадоў, калі загінулі каля 100 тыс. чалавек і 700 тыс. эмігравалі з краіны ў Заходнюю Еўропу. Значэнне эканамічнай эміграцыі 2000-х гадоў на фоне вялікіх ваенных страт цяжка ідэнтыфікаваць. У любым выпадку, атрыманыя лічбы ілюструюць катастрофу, з якой сутыкаецца рэгіён: сённяшняе насельніцтва Босніі і Герцагавіны знаходзіцца на ўзроўні 1960-х гадоў.
Значная змена этнічных прапорцый. Яшчэ больш зменшылася доля сербскага праваслаўнага насельніцтва — на 0,62 % або 283 тыс. у параўнанні з 1991 годам. Сур’ёзна знізілася доля харватаў (мінус 1,87 працэнта або 211 тыс.). Доля бяснякоў павялічылася ў працэнтных адносінах на больш як 6 працэнтаў, але скарацілася ў абсалютным (мінус 136 тыс. чалавек)[8].
Рэльеф — пераважна гарысты, з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход цягнуцца шматлікія горныя хрыбты (Магліч, Озран). Найбуйнейшы горны масіў — Дынарскае нагор’е.
Найбуйнейшая рака Босніі і Герцагавіны — Сава, якая ўпадае ў Дунай і ўтварае натуральную мяжу з Харватыяй. У даліне Савы знаходзяцца ўрадлівыя нізіны.
Большая частка тэрыторыі краіны знаходзіцца ў зоне ўмерана-кантынентальнага клімату, які змяняецца міжземнаморскім на поўдні і паўднёвым захадзе[1].
Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Босніяй і Герцагавінай усталяваныя 22 лістапада 1993 года. Па выніках 2013 года двухбаковы гандлёвы абарот склаў 10 мільёнаў долараў ЗША (рост больш, чым у 2,3 разы ў параўнанні з 2012 годам), асноўная доля гандлю прыпадае на беларускі экспарт (9,6 млн долараў ЗША).
7 сакавіка 2014 годзе у гораде Сараева Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Босніі і Герцагавіне (па сумяшчальніцтве) Аляксандр Хайноўскі ўручыў даверчыя лісты Старшыні Прэзідыума Босніі і Герцагавіны Жэльку Комшычу.
У лютым 2024 года Мінск наведала ўрадавая дэлегацыя Рэспублікі Сербскай Босніі і Герцагавіны на чале з Прэзідэнтам Міларадам Додзікам[9].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.