Мазыр
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Мазы́р[3] (афіц. транс.: Mazyr) — горад раённага падпарадкавання (да жніўня 2007 г. — абласнога падпарадкавання) у Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Мазырскага раёна, порт на р. Прыпяць. За 133 км на паўднёвы ўсход ад Гомеля, 7 км ад чыгуначнай станцыі на лініі Калінкавічы—Оўруч (Украіна). Аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Гомелем, Бабруйскам, Оўручам (Украіна). Найбуйнейшы порт у Беларусі. Аэрапорт. Насельніцтва 111 801 чалавек (2017)[4].
Горад
Мазыр
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Назва вядомая ад 1155 года ў формах "Мозър", "Мозыр", "Мозырь"[5]. Назва антрапанімічнага, адыменнага паходжання.
Як на ўсходзе цяперашняй Беларусі, так і ў суседняй Смаленшчыне корань Маз- дастаткова распаўсюджаны ў антрапаніміі. Ён прысутны ў прозвішчах тыпу Мазыра, Мазікаў, Мазай, Мазала, Мазітаў (з пашыральнікамі -r-, -k-, -j-, -l-, -t-).
Прозвішчы такога тыпу антрапаніміст М. Бірыла звязваў з мазаць (ад праслав. *mazati)[6]. Магчымая таксама сувязь з балцкай лексікай тыпу латышскага mazs, літоўскага mažas "малы", якія часам звязваюць з балцкім коранем са значэннем "мазаць" ("намазаны" > "стончаны" > "зменшаны" > "малы")[7].
Згодна з іншай версіяй, назва Мазыр магла ўтварыцца ад імя народнасці мазуры[8], але гэтая версія не ўлічвае шырокай прысутнасці кораня Маз- у антрапаніміі рэгіёна.
Клімат Мазыр | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | |
Абсалютны максімум, °C | 10,2 | 15,5 | 21,6 | 29,5 | 33,2 | 37,7 | 36,2 | 36,4 | 34,9 | 26,6 | 19,1 | 12,3 | |
Сярэдні максімум, °C | −2,3 | −0,7 | 5,2 | 13,7 | 20,4 | 23,1 | 25,2 | 24,4 | 18,4 | 11,8 | 4,0 | −0,4 | |
Сярэдняя тэмпература, °C | −5,1 | −4,2 | 0,9 | 8,5 | 14,5 | 17,6 | 19,6 | 18,6 | 13,5 | 7,4 | 1,3 | −3,1 | |
Сярэдні мінімум, °C | −7,9 | −7,6 | −3,4 | 3,2 | 8,6 | 12,0 | 14,0 | 12,8 | 8,5 | 3,0 | −1,4 | −5,9 | |
Абсалютны мінімум, °C | −33,8 | −30,4 | −28,7 | −9,7 | −2,8 | 0,4 | 0,7 | 1,2 | −3,6 | −9,7 | −20,6 | −34 | |
Норма ападкаў, мм | 35,3 | 35,8 | 45,4 | 45,8 | 61,2 | 74,4 | 94,1 | 67,2 | 62,4 | 47,9 | 44,8 | 42,1 | |
Крыніца: Мазыр Надвор'е і клімат |
Мяркуецца, што паселішча, ад якога бярэ свой пачатак сучасны Мазыр, узнікла ў VIII ст. ва ўрочышчы Кімбараўка (ад старалітоўскага двухасноўнага імя Кібар, Kim-bar'as, носьбіт якога меў апынуцца на Прыпяці ў XV ст.), дзе існавала ўмацаванае гарадзішча[9]. У XI—XII стст. умацаваны горад перанеслі на Замкавую гару[10].
Першы пісьмовы ўпамін пра Мазыр датуецца 1155 годам, калі ён перайшоў ад Кіеўскага да Чарнігаўскага княства. Працяглы час Мазыр знаходзіўся ў складзе Тураўскага княства, князі і епіскапы якога называліся тураўскімі і мазырскімі. У 1240—1241 горад пацярпеў ад татарскіх набегаў.
З сяр. XIV ст. Мазыр далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У XIV—XVIII стст. тут існаваў драўляны замак.
У 1471 Мазыр увайшоў у склад Кіеўскага ваяводства. У XVI ст. горад стаў цэнтрам гродавага староства, з правядзеннем адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы (1565—1566) — сталіцай павету.
У пач. XVI ст. Мазыр складаўся з трох частак — цэнтральнай з астрогам, неўмацаванага пасаду і Рынку. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім у 1534—1537 усходнія захопнікі зруйнавалі Мазыр[11]. На 1552 у горадзе існавалі цэрквы Спаса, Міколы, Прачыстай Багародзіцы[11].
Па Люблінскай уніі (1569) і пераходу Кіеўскага ваяводства да Каралеўства Польскага з ініцыятывы мясцовай шляхты Мазырскі павет далучыўся да Менскага ваяводства.
На 1571 — 550 будынкаў, дзейнічалі 5 цэркваў, працавалі шпіталь і 44 крамы, на 1576 — 293 мяшчанскія двары[11].
28 студзеня 1577 кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Мазыру Магдэбургскае права і герб «у блакітным полі чорны аднагаловы арол з срэбным шыльдам на грудзях, на шыльдзе — чырвоная літара S»[12]. Вытрымка з адпаведнага вялікакняжацкага прывілея:
Надаем тому гораду нашему печать гарадскую, то есть Орел з Сем в нем вырисованым... которую ўрад гарадский на судах и иншых справах и потребах гарадских печатовать и того герба ўжывать мают вечные часы |
У 1609 Мазыр пацярпеў ад вялізнага пажару. Аднак ужо ў 1613 коштам ахвяраванняў завяршылася аднаўленне ўмацаванняў і горад быў «…абнесена высокім валам з 7 вежамі, або фортамі». У 1616 староста Б. Стравінскі заснаваў тут касцёл. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 маскоўскія войскі на чале з Валконскім захапілі і спустошылі мясціну[13].
У 1-й пал. XVIII ст. у Мазыры збудавалі базыльянскі манастыр, каля горада — Кімбараўскія цыстэрыянскія кляштары. З 1752 пачаў дзейнічаць кляштар марыявітак. У 1723—1773 пры Фарным касцёле існавала місія езуітаў[14]. У 1726 адкрылася езуіцкая школа (у 1773 яе пераўтварылі на свецкую вучэльню[14]). У 1750 казакі спустошылі кляштар цыстэрыянак ва ўрочышчы Кімбараўка.
На 1724 у Мазыры існавалі Кіеўская, Оўруцкая, Свідоўская, Нагорная, Гончая і іншыя вуліцы. У горадзе было два замкі — Верхні (Стары), які размяшчаўся на Замкавай гары, і Ніжні. У падножжа Замкавай гары быў Рынак, на паўночным захадзе ад яго знаходзіліся гарадская ратуша, пякарня і стайня. Гандаль вёўся ў 56 крамах, якія атачалі пляц. Тамака ж быў шпіталь. Паводле гарадскага плану (1769), — Пятніцкая, Слуцкая, Кіеўская, Жытомірская вуліцы і Рынак; у горадзе было 211 двароў, 6 цэркваў і касцёлаў, ратуша, 2 майстэрні для абпалу цэглы.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Мазыр апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам павету Мінскай губерні. У 1796 царскія ўлады даравалі гораду новы расійскі герб. На 1825 тут было 530 драўляных і 3 мураваныя будынкі, дзейнічалі 2 кляштары, працавалі 22 крамы і 27 корчмаў. У 1834 у Мазыры адкрылася шляхецкае вучылішча, ператвораная ў 1859 у прагімназію, потым — у гімназію. На 1862 — 491 будынак, дзейнічалі 4 цэрквы, касцёл і 2 іўдзейскія малітоўныя дамы, працавала 71 крама; штогод з 6 да 27 студзеня і з 6 да 28 жніўня праводзіліся кірмашы. Месцічы актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызваленчым паўстанні (1863—1864).
На 1878 у Мазыры дзейнічалі 3 царквы (у тым ліку мураваная, гвалтоўна пераробленая царскімі ўладамі з бернардзінскага касцёла), касцёл і сінагога. У 1879 тут заснавалі тэлеграфную станцыю, а ў 1885 — запалкавую фабрыку «Маланка» («Молния»). Пракладка Палескіх чыгунак у 1880-я гг. паспрыяла далейшаму эканамічнаму развіццю Мазыра. Паводле вынікаў перапісу (1897) у горадзе было 628 двароў, дзейнічалі 4 царквы, 2 капліцы, сінагога, 4 іўдзейскія малітоўныя дамы, працавалі бальніца, прагімназія, 1-класнае прыходскае і прыватнае жаночае 2-класнае вучылішча, паштова-тэлеграфная кантора, бровар, майстэрня апрацоўкі скураў, 3 крупадзёркі, маслабойня, 170 крамаў, 13 заезных двароў, 8 корчмаў, 3 вінныя крамы. На 1904 — 1210 жылых дамоў, у тым ліку 102 мураваныя, 50 газавых ліхтароў, водаправод, 2 друкарні, аптэка, 2 бібліятэкі, лясніцтва. У верасні 1913 тут адбылася I сельскагаспадарчая і прамысловая выстаўка. Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Мазыры было 1210 жылых будынкаў, 3 фабрыкі, 16 майстэрняў, 5 навучальных устаноў, земская бальніца, метэастанцыя, друкарня і 2 кнігарні. У лютым 1918 горад занялі нямецкія войскі.
25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мазыр абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасці з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павета («падраёна») Гомельскага раёна[15]. З 5 сакавіка да 29 чэрвеня 1920 горад знаходзіўся пад польскай уладай. У 1924 Мазыр стаў цэнтрам раёна БССР (у 1926—1927 гг. горад у Слабадскім раёне). У 1924—1930 і 1935—1938 горад быў адміністрацыйным цэнтрам акругі. 27 верасня 1938 Мазыр атрымаў афіцыйны статус горада абласнога падпарадкавання. У 1938—1954 ён быў цэнтрам Палескай вобласці. У Другую сусветную вайну з 22 жніўня 1941 да 14 студзеня 1944 горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. Акупанты стварылі ў Мазыры лагер смерці, знішчылі 4,7 тыс. жыхароў. Дзейнічала патрыятычнае падполле.
У 1948 аднавіў працу Мазырскі краязнаўчы музей. У 1953 адбыўся ўвод у эксплуатацыю рамонтава-экскаватарнага, у 1963 — кабельнага завода. У 1958 пачаўся рух на мосце праз раку Прыпяць. 15 мая 1959 года ў склад горада ўключана вёска Целепуны Баброўскага сельсавета[16], 29 чэрвеня 1962 года — вёска Баравікі Баброўскага сельсавета[17]. У 1975 адбыўся пуск першай чаргі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. У 1988 пачаўся рэгулярны трамвайны рух. 9 сакавіка 1988 года ў склад горада ўключаны вёскі Бабры і Майская Козенскага сельсавета[18].
У 1912-14 гг. у Целепуках, прыгарадзе Мазыра працаваў Мазырскі фанерна-дрэваапрацоўчы завод. Вырабляў дошкі, фанеру і інш. У 1910—1913 гг. меў 2 паравыя рухавікі (150 к.с.), працавала да 200 рабочых; выраблена прадукцыі на 565,4 тыс. руб.
Цэнтр нафтаперапрацоўчай прамысловасці (Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод). Працуюць прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі (Мазырскі машынабудаўнічы завод, «Мазырсельмаш», «Беларускабель»), дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасці (вытворчасць куханнай солі — ААТ «Мазырсоль»).
Гасцініцы гарадскога савета «Дынама», «Элада», гасцінічны комплекс «Прыпяць».
У Мазыры, акрамя аўтобусаў, працуе трамвайны транспарт. Даўжыня лініі — больш за 20 кіламетраў. Дзейнічае адзін маршрут[32]. У горадзе знаходзяцца чыгуначныя станцыі Мазыр-Паўночны і Мазыр.
Дзейнічаюць кінатэатр «Мір», Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа, Мазырская філармонія, парк культуры «Перамога». У 1990 годзе адкрыўся Палац культуры МНПЗ. Жыхароў горада абслугоўваюць больш за 50 бібліятэк. У Мазыры ёсць краязнаўчы музей, музей прыкладнай творчасці, гарадская выстаўная зала.
У Мазыры працуюць будаўнічы тэхнікум, вучылішча — геалогіі, будаўнічая, медыцынская і музычная, 15 сярэдніх і 4 музычныя школы, 35 дашкольных устаноў. Установа вышэйшай адукацыі — Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна.
Асноўныя спартыўныя аб’екты: басейн, 3 стадыёны, гарналыжны комплекс, школа алімпійскага рэзерву Беларусі. Мясцовая футбольная каманда — ФК «Славія-Мазыр».
У кабельнай сетцы Мазыра вяшчае мясцовы тэлеканал. Таксама горад мае ўласныя друкаваныя выданні — газеты «Жыццё Палесся» і «На свае вочы».
Архітэктурна-планіровчную сістэму Мазыра абумовіў складаны рэльеф (рака Прыпяць, мноства яраў). Культурны і гістарычны цэнтр горада — плошча Леніна — геаграфічна знаходзіцца на ўскраіне, на беразе Прыпяці. Уздоўж ракі праходзіць вуліца Савецкая, перпендыкулярна да якой рэчышчам і схіламі яраў у глыб горада падымаюцца іншыя вуліцы.
Праз горад праходзяць турыстычныя маршруты: «Мазыр старадаўні», «Палескі край, яго традыцыі і побыт», «Мазыр даўні і сучасны», «Святыні Мазыршчыны»[33]. Працуе Мазырскі аб’яднаны краязнаўчы музей культуры.
Страчаная спадчына
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.