беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар From Wikipedia, the free encyclopedia
Францы́ск Скары́на, або Франці́шак Скары́на (паміж 1485—1490[1][2][3][4][5][6][7], або каля 1470[8][9], Полацк — каля 1551, Прага) — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік, вучоны-медык. Перакладчык і выдавец кніг Бібліі беларускім зводам царкоўнаславянскай мовы.
Францыск Скарына | |
---|---|
Франциск Скорина с Полоцька ст.-слав: Франциск Скорининъ | |
Ф. Скарына. Гравіраваны партрэт з кнігі «Быццё». Прага. 1519 | |
Род дзейнасці | асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік, вучоны-медык |
Дата нараджэння | каля 1490 або паміж 1470 і 1490 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | каля 1551 |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бацька | Лука Скарына |
Жонка | Маргарыта |
Дзеці | Сімяон, Францішак |
Альма-матар | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Творы ў Вікікрыніцах |
Нарадзіўся ў сям’і заможнага купца ў Полацку, адным са значнейшых гандлёвых і вытворчых цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага. Магчыма, у Полацку атрымаў і пачатковую адукацыю. У 1504 годзе паступіў у Кракаўскую акадэмію, дзе атрымаў ступень бакалаўра, а ў 1512 годзе ў Падуанскім універсітэце стаў доктарам медыцыны. Пераехаў у Прагу і там 6 жніўня 1517 года выдаў першую друкаваную беларускую кнігу — «Псалтыр».
Лічыцца адным з найвыдатнейшых гістарычных дзеячаў Беларусі. Імем Францыска Скарыны названы вышэйшыя ўзнагароды краіны — медаль і ордэн, а таксама Гомельскі ўніверсітэт, Нацыянальная бібліятэка, грамадскае аб’яднанне Таварыства беларускай мовы, іншыя арганізацыі і аб’екты. У розных краінах Францыску Скарыну пастаўлены помнікі, а таксама прысвечаны скульптурныя і жывапісныя творы.
На думку даследчыкаў, прозвішча Скарына паходзіць ад слоў скора (скура) або скорина (скарынка). Іван Насовіч у «Слоўніку беларускай гаворкі» дае скарына, скарынка і скарыначка як цвёрдая паверхня выпечанага хлеба і падае прыклады «Скорину поломай да положи въ капусту» і «Дай убогому скорынку»[10], у такім самым значэнні скарынка і скарыначка дае і Тлумачальны слоўнік сучаснай беларускай мовы[11]. Імаверна, прозвішча асветніка паходзіць ад старабеларускага слова скора — сырая скура, шкура, мех. Яшчэ «Аповесць мінулых часоў» кажа пра даніну з драўлян «медомъ и скорою»[12]. Ад скоры называлася і прафесія ў Вялікім княстве Літоўскім, напрыклад, у запісе Метрыкі ад 10 красавіка 1473 года пра наданне «Яну, конюшему Виленьскому, шесть человек: Юрко скаринич, Иван скаринич, Левон скаринич, Рожай конокормец»[13] або «Князю Евлашку Телятине два человека скориничи: Гридко и Хотян»[14], дзе скарыніч пэўна не прозвішча. Бацька і брат Францыска гандлявалі пушнінай і скурамі. Род заняткаў, імаверна, быў спадчынным, магчыма, продак сям’і — рамеснік-скарыніч, які разбагацеў і заняўся гандлем[15].
Пэўная дата нараджэння Францыска Скарыны невядома, усе версіі грунтуюцца на супастаўленні ўніверсітэцкіх актаў. Скарына паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт у 1504 годзе, а ў акце Падуанскага ўніверсітэта 1512 года ён названы «маладым чалавекам». Пётр Уладзіміраў адносіў час нараджэння да апошняй чвэрці XV ст., думаў, што калі Скарына ў 1504 годзе паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт, яму было не менш за 14 гадоў[16]. Гэтай даты трымаюцца амаль усе даследчыкі жыцця асветніка[17]. Мікалай Алексютовіч лічыў часам нараджэння Скарыны 1485—1490 гады[3], як Сцяпан Майхровіч[4] і Сямён Падокшын[5], гэтую ж дату прапаноўваюць энцыклапедычныя слоўнікі[6]. Уладзіслаў Віслоцкі сцвярджаў, што абітурыент для паступлення ва ўніверсітэт мусіў дасягнуць 14-гадовага ўзросту[18]. Аднак вядомы выпадкі, калі студэнтамі станавіліся раней — гісторык Ян Длугаш, матэматык Станіслаў Гжэпскі і паэт Мікалай Рэй паступілі ва ўніверсітэт у 13-гадовым узросце. Многія юнакі станавіліся студэнтамі і ў сталейшым узросце — настаўнік Скарыны Ян з Глогава стаў студэнтам у 17 гадоў, Мікалай Капернік — у 18, яго настаўнік Войцех з Брудзева — у 22, граматык Ежы з Легніцы — у 30, а вядомы італьянскі гуманіст Філіп Калімах — у 35 гадоў. Уладзімір Пічэта лічыў 14-гадовы ўзрост Скарыны дужа малым і трымаўся часу яго нараджэння каля 1485 года[1], такой думкі трымаўся і Яўген Неміроўскі[19]. У 1925 годзе Мікалай Шчакаціхін звязаў дату нараджэння з выдавецкім знакам асветніка (сонца з паўмесяцам), які сустракаецца на 26 выявах, і выказаў думку, што яна прыпала на сонечнае зацьменне, а менавіта на 6 сакавіка 1486 года[2].
Першыя звесткі пра полацкіх Скарынаў вядомы з пачатку 1440-х гадоў, калі полацкі купец Грыдка Скарына прадаў рыжскаму купцу Герке ў крэдыт болей за беркавец воску, а пры атрыманні аплаты ў Рызе быў схоплены Геркам і два тыдні трыманы ў кайданах[20]. З гэтага вынікае, што полацкія Скарыны — даволі стары род і ўжо да сярэдзіны XV ст. даволі заможны[20]. У 1492 годзе ў пераліку прэтэнзій вялікага князя маскоўскага Івана Васілевіча да вялікага князя Аляксандра згадваецца Лук’ян Скарына, які разам з іншым палачанінам абрабаваў велікалуцкага купца. Магчыма, названы Лук’ян тоесны Луку Скарыне — бацьку Францыска, які названы пазнейшымі дакументамі. Старэйшага брата Францыска, Івана Скарыну, каралеўскі дэкрэт называе адначасова віленскім мешчанінам і палачанінам.
У сваіх выданнях Скарына больш за 100 разоў ужывае імя «Францыск», зрэдку — «Францишек»[21]. У прадмове да Псалтыры 1517 года сказана: «… я, Францишек Скаринин сын с Полоцка», — тая ж форма сустракаецца ў прадмовах да кнігі Іова, Прытчаў Саламонавых і ў віленскай Псалтыры. Форма «я, Франциско Скорина», сустракаецца ў прадмове да першай кнігі Царстваў, так падпісаны і партрэт асветніка ў пражскіх выданнях. У творным склоне імя («… выложена Франциском Скориною») сустракаецца каля 50 разоў[22], у родным склоне («Повелением, працею и выкладом… Франциска Скоринина сына») 64 разы. У Літоўскай і Кароннай метрыках, актах Кракаўскага і Падуанскага ўніверсітэтаў імя асветніка на лацінскай мове даецца як Franciscus. Урэшце, у пражскіх дакументах 1538—1539 гадоў названы Francisco welisch gartner[23].
І толькі ў адзіным дакуменце — прывілеі караля Жыгімонта Старога ад 21 кастрычніка 1532 года — асветнік названы Georgij Franciscij Skorina, у гэтым жа дакуменце Скарына называны яшчэ пяць разоў, але толькі адным імем — Franciscus або Francisco. На падставе гэтага дакумента ў 1875 годзе Антоній Петрушкевіч выказаў здагадку, што сапраўдным імем Скарыны было Георгій, а імя Францыск ён мусіў узяць, каб паступіць у Кракаўскі ўніверсітэт[24]. Меркаванне стала паноўным у 1940—1950-я гады, калі Скарыну звалі выключна Георгіем. «Георгій Скарына» — назва драматычнай паэмы Міхася Клімковіча і гістарычнага рамана Мікола Садковіча і Яўгена Львова. У 1967 годзе Акадэмія навук БССР прыняла кампраміснае рашэнне, пры скарочаным іменаванні пісаць Францыск Скарына, пры поўным — Францыск (Георгій) Скарына[25]. У 1925 годзе польскі даследчык Генрык Лаўмянскі аналізаваў яшчэ адзін акт 1532 года — грамату Жыгімонта Старога, — і звярнуў увагу, што асветнік там названы egregius Franciscus Skorina de Polocko, таму выказаў здагадку, што пісар у дакуменце паблытаў словы Georgius і egregius (г. зн. шаноўны, слаўны)[26].
Невядома хроснае імя Скарыны, старая гіпотэза, што Скарына ў хрышчэнні быў Георгіем, супярэчыць сукупнасці адкрытых і вывучаных крыніц — акты Кракаўскага ўніверсітэта абвяргаюць вымушанае хаванне Скарынам праваслаўнага імя Георгій. У зімнім семестры 1504 года, калі Скарына паступаў ва ўніверсітэт, сярод абітурыентаў было 10 Георгіяў (сярод іх і Георгій, сын Якава з Ваўкавыска) і толькі тры Францыскі, у тым ліку Скарына[27]. Каталікі шанавалі св. Георгія не меней за св. Францыска. У Віленскім кафедральным саборы алтар св. Георгія існаваў з 1428 года, а сам святы разам з Казімірам і Мікалаем лічыўся заступнікам Вільні[28].
Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, на думку чэшскіх навукоўцаў Ільі Лямешкіна і Пятра Войта на адзіным вядомым партрэце Скарына не мае вусоў, тое, што лічылі за вусы, напраўдзе — цень ад носа[29].
Імя асветніка ў пасляслоўях яго выданняў абавязкова суправаджае «с Полацька», «из славного града Полоцька», «с Полоцка града», «из града Полоцька»[30]. З архіўных крыніц вядома, што купец Лука Скарына меў у Полацку ўласную зямлю і гандлёвую справу, якая перайшла ў спадчыну старэйшаму сыну Івану. У яго камерцыйных аперацыях удзельнічаў і малодшы Францыск, што дазваляла яму вучыцца за мяжой і, мабыць, пазней часткова фінансаваць сваё пражскае і віленскае кнігавыдавецтва. Памёр бацька, імаверна, каля 1511—1512 года, бо акты Падуанскага ўніверсітэта за 1512 год называюць Францыска «русінам… сынам нябожчыка пана Лукі».
Пачатковую адукацыю Францыск Скарына мог атрымаць у Полацку, а імаверней у сталіцы — Вільні. Прынамсі Скарына ведаў лацінскую мову, якую ў Вялікім Княстве Літоўскім вучылі ў трывіяльных і трывіяльна-квадрыяльных школах пры парафіяльных касцёлах, каталіцкіх біскупскіх кафедрах і мужчынскіх кляштарах. У польскай хроніцы Яна з Камарова згадваецца кляштар бернардзінцаў-абсервантаў у Полацку, быццам заснаваны ў 1498 годзе, праз што ў каталіцтва навярнулася да 1000 палачан[31]. Аднак Полацкая рэвізія 1552 года не паведамляе пра каталіцкія кляштары, няма звестак пра школу і ў грунтоўнай працы Антонія Карбовяка[32], дзе зафіксаваны ўсе вядомыя крыніцам навучальныя ўстановы.
Сям’я Скарыны мела цесныя сувязі з Вільняй, бацька асветніка гандляваў там футрам і скурай. Старэйшы брат Францыска Іван пэўны час жыў у сталіцы, у дакументах названы «мешчанінам віленскім». У сталіцы здаўна дзейнічала школа пры віленскай кафедры, у 2-й палове XV ст. яна неаднакроць згадваецца ў актах віленскага капітула[33]. Пра віленскую школу, якая падрыхтавала яго да паступлення ў Кракаўскі ўніверсітэт, згадвае ў 1477 годзе гаспадарскі пісар Адам з Котры, ён «из детинства ест при школе виленской ласкаве ховался»[34]. Паводле Антонія Карбовяка, кафедральная школа да пачатку XV ст. была адзінай вучэбнай установай у Вільні, толькі ў 1513 годзе пробашч парафіяльнага касцёла св. Яна атрымаў дазвол на адкрыццё другой віленскай школы[35]. Пры кафедральнай школе выкладалі катэхізіс, а таксама трывіяльныя прадметы — граматыку, рыторыку і логіку. Выпускнікі школы добра размаўлялі на лацінскай мове і, калі хацелі, працягвалі адукацыю звычайна ў Кракаўскім універсітэце[36].
У рэктарства шаноўнага айца пана Іаана Аміцына з Кракава, доктара мастацтваў і кананічнага права, ласкаю Бога і апостальскага прастола біскупа лаодзіцэнскага і суфрагана кракаўскага, а таксама плябана [касцёла] святога Мікалая па-за сценамі Кракава, у зімні семестр у год Пана 1504 наступныя асобы ўпісаны...
Францыск сын Лукі з Плоцка 2 грошы Рэгістрацыйная кніга-метрыка Кракаўскага ўніверсітэта, 1504 год |
У зімні семестр 1504 года паступіў вучыцца ў Кракаўскі ўніверсітэт на факультэт вольных мастацтваў або філасофіі. Універсітэт быў заснаваны яшчэ ў 1364 годзе Казімірам Вялікім, а ў 1400 годзе кароль Ягайла значна пашырыў установу, якая атрымала сваю другую назву — Ягелонскі ўніверсітэт. Універсітэт меў тры асноўныя факультэты: багаслоўскі, юрыдычны і медыцынскі. Каб паступіць на адзін з іх, абітурыент павінен быў прайсці навучанне на факультэце вольных мастацтваў. Спачатку шкаляр вывучаў цыкл «трывіум» (граматыка, рыторыка і логіка), потым «квадрывіум» (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка)[37].
Універсітэт славіўся як адзін з асноўных цэнтраў еўрапейскай астраноміі і астралогіі, матэматыкі, прававых і гуманітарных навук. За 77 год (з 1433 па 1510) ва ўніверсітэт запісалася больш за 17 тысяч абітурыентаў, з іх больш за 8 тысяч былі іншаземцамі. Праз два ці, зрэдку, тры гады студэнт мог здаць іспыты і атрымаць ніжэйшую вучоную ступень бакалаўра, што рабілі, аднак, далёка не ўсе студэнты. За ўказаны час ступень бакалаўра атрымалі толькі крыху больш за 4 тысячы студэнтаў або 23,7 %, а наступную ступень магістра толькі 822 чалавекі ці ўсяго 4,7 % ад агульнай колькасці абітурыентаў[38].
Выкладчыкі Кракаўскага ўніверсітэта былі добра вядомыя ў Еўропе сваёй навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю. Рэктарам універсітэта ў 1505/06 вучэбным годзе быў Мацей Мяхоўскі (1457—1523), які спецыялізаваўся ў галіне медыцыны. Ён быў прыдворным лекарам каралёў Уладзіслава і Жыгімонта, яго брашура пра прафілактыку чумы вытрымала пяць перавыданняў[39], а «Трактат пра дзве Сарматыі» (Кракаў, 1517)[40] стаў на доўгія часы крыніцай ведаў еўрапейцаў пра Вялікае Княства Літоўскае і Маскоўскую дзяржаву[41]. Не менш знакамітым быў прафесар Ян з Глогава (1445—1507), у якога Скарына слухаў лекцыі па «Другой аналітыцы» Арыстоцеля і па лагічных творах Пятра Іспанскага, і які стаў настаўнікам многіх будучых вучоных, у тым ліку Мікалая Каперніка[42]. Шматлікія працы прафесара друкаваліся ў Кракаве, Лейпцыгу, Страсбургу і выкарыстоўваліся як навучальныя дапаможнікі для студэнтаў[43]. Лекцыі па арыфметыцы і музыцы чытаў Мартын Бем з Алькуша (каля 1470—1540)[44], добра вядомы сваім сучаснікам трактатам «Аб рэформе рымскага календара»[45]. Ян са Столбніцы (каля 1470—1530)[46] чытаў лекцыі амаль па ўсіх прадметах факультэта вольных мастацтваў, яго падручнік па філасофіі прыроды перавыдаваўся 5 разоў[47], а ў працы «Уводзіны ў касмаграфію Пталемея» (1512) упершыню ў Польшчы была змешчана геаграфічная карта, на якой быў пазначаны нядаўна адкрыты кантынент — Амерыка[48]. Працы прафесараў акадэміі сістэматычна публікаваліся ў кракаўскай друкарні Яна Галера. Няма сумнення, што ў Кракаве Францыск Скарына ўсвядоміў навучальныя і асветніцкія магчымасці друкаванай кнігі.
У 1504/1505 вучэбным годзе, калі Францыск стаў студэнтам, ва ўніверсітэт паступіў 291 чалавек, з іх 141 — ураджэнцы Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, а 150 — з-за мяжы. З 291 абітурыента вучоную ступень атрымалі 60 юнакоў, у тым ліку і Скарына. Праз 2 гады (мінімальны час для студэнтаў філасофскага факультэта), у 1506 годзе ён вытрымаў экзамен на ступень бакалаўра вольных мастацтваў. У прамацыйнай кнізе ўніверсітэта захаваўся наступны запіс: «У год Пана 1506, у час дэканства Леанарда з Добшыц, бакалаўра кананічнага права… У тым жа годзе … у бліжэйшы дзень пасля свята Св. Люцыі, на які прыпадае сухаядзенне, асобы, узведзеныя ў ступень бакалаўра, былі размеркаваны ў наступным парадку месцаў: Мацвей з Семнійклоп, Андрэй з Зынты, Іаган з Гараў, Тамаш з Падляшша, Францыск з Полацка, ліцвін, Павел з Марыенбурга (прэфэкт, ён жа стараста), Іаган з Шкокі, Андрэй са Стжэльна, Якаў з Эльбінга, Іаган з Марыенбурга, Іаган з Фраўштата, Канрад з Монтэрэгіа, Іаган з Ураціслава, Валянцін з Нова Віла, Андрэй з Пакоста»[49]. Гэта адбылося 14 снежня 1506 года[50]. З усіх студэнтаў, атрымаўшых разам са Скарынам ступень бакалаўра, захаваліся звесткі толькі пра Андрэя з Пакоста, які пасля застаўся пры ўніверсітэце, чытаў тут лекцыі, а пасля стаў гнезненскім вікарыем і пракуратарам[51].
Невядома, дзе быў і чым займаўся Скарына на працягу няпоўных 6 гадоў. Падуанскія дакументы называюць Скарыну доктарам вольных навук і прафесарам. Каб атрымаць гэтае званне, трэба было здаць магістарскі экзамен, што для бакалаўра тады займала прынамсі два гады. Паводле статута Падуанскага ўніверсітэта, кандыдат на атрыманне доктарскай ступені мусіў для допуску да іспыту праслухаць трохгадовы курс лекцый, а пасля на працягу года займацца лекарскай практыкай пад наглядам вядомага лекара[52]. Ёсць меркаванні, што ён скончыў універсітэт у Празе, дзе атрымаў ступень доктара філасофіі. Але больш лагічна дапусціць, што ён атрымаў доктарскую ступень у Кракаве, дзе дзейнічалі 2 кафедры медыцыны (без права даваць доктарскія дыпломы). Лёс мог прывесці Скарыну ў які-небудзь італьянскі ўніверсітэт — Падуанскі або Балонскі.
Запіс у акце Падуанскага ўніверсітэта 9 лістапада 1512 года называе Скарыну «secretarii regis Datiae» (сакратаром караля «Дацыі»). Першыя даследаванні распачаў Антоній Флароўскі, які выказаў здагадку, што маецца на ўвазе Данія. Навуковец звярнуўся ў дзяржаўны архіў у Капенгагене з просьбай пашукаць дакументы пра Скарыну. У 1937 годзе ён атрымаў адказ ад дырэктара архіва, што згадак пра Скарыну ў дакументах першых дзесяцігоддзяў XVI ст. не знайшлося[53]. Пасля Флароўскі напісаў румынскаму гісторыку П. Панаітэску, які ў адказ паведамляў, што назва Дакія датычна румынскіх княстваў XVI ст. амаль не ўжывалася, і што ні адзін з румынскіх ваяводаў таго часу каралём сябе не называў. Тым не менш, Флароўскі працягваў лічыць, што Скарына мог быць звязаны з Валахіяй, прыводзячы сцвярджэнне пра румынскага кнігадрукара ў 1508—1512 гадах і пра тое, што ў Карлавым універсітэце вучылася нямала юнакоў з тых зямель[54]. Пётр Уладзіміраў лічыў, што Скарына быў сакратаром караля Даніі, да якога летам 1509 года вялікі князь Жыгімонт адправіў дэлегацыю для заключэння дагавора пра сяброўства[55]. Доказам ён прыводзіў знаходку ў Капенгагене асобніка «Малой падарожнай кніжкі».
Назву Дакія ў XVI ст. ужывалі як да Даніі, так і да Валахіі. Настаўнік Скарыны Мацвей з Мехава ў «Трактаце пра дзве Сарматыі» пісаў: «Скандынавія знаходзіцца на паўночным-захадзе, за Германскім морам, у суседстве з Дакіяй, пад уладай дакійскага гаспадара, на адлегласці многіх міль ад Скіфіі»[56], пэўна разумеючы Данію. Там самым часам, у польскай дакументацыі XVI ст. назву Дакія адносілі ў асноўным да Трансільваніі, а ў 1512 годзе кароль Жыгімонт узяў шлюб з дачкой трансільванскага князя Стэфана[57]. Такім чынам, Скарына мог знаходзіцца як у Капенгагене, так і ў Трансільваніі.
Найдастойнейшыя паны дактары! Прычына склікання Вашых Дастойнасцей наступная: прыбыў нейкі вельмі вучоны малады чалавек, доктар мастацтваў, бедны, родам з надзвычай далёкіх краёў, магчыма на чатыры тысячы міль і больш ад гэтага слаўнага горада, для таго, каб узвялічыць славу і бляск Падуі, а таксама красуючай супольнасці філосафаў гімназіі і святой нашай Калегіі. Ён звярнуўся да Калегіі з просьбай дазволіць яму ў якасці дару і асобай міласці падвергнуцца з ласкі Божай выпрабаванням у галіне медыцыны пры гэтай святой Калегіі. Калі, Вашыя Дастойнасці, дазволіце, прадстаўляю яго самога. Малады чалавек і вышэйзгаданы доктар носіць імя пана Францыска, сына нябожчыка Лукі Скарыны з Полацка, русін[заўв 1]. Тадэа Мусаці, царква св. Урбана, Падуя, 5 лістапада 1512 года |
Не пазней за восень 1512 года Францыск Скарына прыбыў у Італію, у Падую, каб атрымаць ступень доктара медыцыны. Падуанскі ўніверсітэт, заснаваны яшчэ ў 1222 годзе[58], прыцягваў да сябе прафесараў і студэнтаў з розных краін Еўропы. Да часу прыезду Скарыны ва ўніверсітэце прайшлі навучанне не менш за 36 тысяч студэнтаў, з іх каля 16 тысяч былі іншаземцамі[59]. Універсітэт меў чатыры факультэты: свабодных мастацтваў, права, медыцыны і багаслоўя. Медыцынскі факультэт, атрымаўшы самастойнасць у XIV ст., меў асаблівую міжнародную папулярнасць. Так, у 1501—1503 гадах у Падуі вывучаў медыцыну і права Мікалай Капернік[60]. Скарына прыехаў у Падую ў цяжкі для горада час. Венецыянская рэспубліка, у склад якой уваходзіла Падуя, знаходзілася ў стане вайны са Свяшчэннай Рымскай імперыяй і Папскай дзяржавай. У 1509 годзе аб’яднаныя войскі імператара Максіміліяна і папы Юлія ІІ аблажылі горад, які, тым не менш, аблогу вытрымаў. Універсітэт жа ў сувязі з ваеннымі падзеямі 1509—1516 гадоў быў практычна закрыты[61]. Аднак доктарскія экзамены калегія ўніверсітэта ўсё ж прымала: так, праз шэсць дзён пасля Скарыны экзамен на ступень доктара права трымаў Мікала Гозій з Сіракуз[52].
Актавая дакументацыя ўніверсітэта захавалася даволі добра. Яшчэ каля 1740 года канцлер факультэта свабодных мастацтваў Джузепе Марыа Міната сабраў старыя акты ў 37-томны звод, да якога быў прыкладзены старанна складзены паказальнік[62]. На жаль, імя дактаранта пададзена з памылкай: «Luca Porina di Poloczko», як і час абароны. У канцы XVIII ст. абат Франчэска Дарыгела склаў спіс усіх дактароў, што абаранілі дысертацыі ва ўніверсітэце. У рукапісе, які захоўваецца ў бібліятэцы ўніверсітэта дагэтуль[63], імя асветніка перададзена дакладна. Спіс Дарыгела даследаваў С. Віндакевіч у пошуках палякаў, што вучыліся ва ўніверсітэце[64]. І. Шляпкін на падставе спісаў адшукаў акты і апублікаваў іх на лацінскай мове ў 1892 годзе[65]. У 1937 годзе запіс адшукаў і паведаміў пра гэта А. Флароўскі, які рыхтаваў сваю знаходку да друку, але праз Другую сусветную вайну не здолеў зрабіць гэтага. У 1960 годзе Янка Садоўскі паўторна адкрыў дакумент, а пасля і апублікаваў[66]. У 1961 годзе ў Рыме выйшлі ў свет факсіміле арыгінала, лацінскі тэкст і беларускі пераклад[67]. Акты дазваляюць дакладна апісаць усе цырымоніі, звязаныя з наданнем Францыску Скарыне доктарскай ступені.
У першым акце апавядаецца пра пасяджэнне калегіі дактароў вольных мастацтваў і медыцыны, якое адбылося ў царкве святога Урбана 5 лістапада 1512 года а 10 гадзіне раніцы. Адкрыў сход віцэ-прыёр калегіі Тадэа Мусаці, які ва ўступным слове прадставіў кандыдата: «Францыск, ён сын нябожчыка Лукі Скарыны з Полацка, русін»[68]. Пасля ў залу запрасілі Скарыну, ён «пакорліва і пачціва прасіў дапусціць яго да іспытаў па медыцыне». Затым калегія прыступіла да абмеркавання. Выступленні, паводле акта, былі шматлікімі. Канечна пытанне вырашалася галасаваннем, якое было аднагалосным — усе дактары выказаліся за допуск Скарыны да іспытаў[52].
Іспыты праходзілі ў два этапы. Спачатку кандыдат павінен быў прайсці гутарку і дыскусію, якія паказвалі яго падрыхтаванасць да наступнага этапу. Першы іспыт адбыўся 6 лістапада 1512 года а 3 гадзіне. Паводле акта, Скарына «бліскуча адказаў па памяці і абверг прад’яўленыя яму пярэчанні; выдатна аргументуючы, ён паказаў сябе з найлепшага боку»[69]. Дыскусію вялі прафесары-экзаменатары Францыска дэ Ноаліс, Іераніма а Мула, Барталамеа Барызона і Іераніма дэ Урбіна пад старшынствам віцэ-прыёра Тадэа Мусаці, акрамя таго, у царкве прысутнічала яшчэ 8 дактароў. Калегія прызнала, што Францыск Скарына «варты быць дапушчаным да асаблівага экзамену па медыцыне»[70].
Уласна іспыт адбыўся 9 лістапада 1512 года ў палацы біскупа. Аднак гэта была хутчэй загадзя падрыхтаваная парадная цырымонія, бо пытанне з прысваеннем ступені было вырашана яшчэ 6 лістапада[70]. Сярод ганаровых гасцей былі біскуп Аргеліскі Паўла Забарэла, віцэ-рэктар універсітэта, доктар медыцыны і свабодных мастацтваў Францыска Фульманелі з Вероны, названы ў акце «выдатным навукоўцам», а таксама «высокашаноўны ў Хрысце айцец і пан доктар Сікст» — гэта быў не хто іншы, як кардынал Сікст дэла Раверэ, пляменнік папы Юлія ІІ. Скарыне ізноў прапанавалі пытанні па медыцыне. Паводле дакумента, «пан магістр Францыск, сын нябожчыка пана Лукі Скарыны з Полацка, русін, на прапанаваныя яму раніцай гэтага дня пытанні па медыцыне бліскуча адказваў па памяці і адхіліў выказаныя яму пярэчанні, выдатна аргументуючы, ён праявіў сябе найлепшым чынам. У сувязі з гэтым усімі там прысутнымі вучонымі, з агульнай згоды ён быў ацэнены як падрыхтаваны і варты быць дапушчаным да асобага экзамену па медыцыне»[заўв 1].
Пасля гэтага Тадэа Мусаці абвясціў Францыска Скарыну доктарам медыцыны, а Барталамеа Барызона ўручыў доктарскую мантыю і берэт, у якіх Скарына і адлюстраваны на сваім вядомым партрэце, змешчаным у двух пражскіх выданнях. У канцы акта пералічаны імёны 24 прафесараў Падуанскага ўніверсітэта. Менавіта ў гэтым акце (а пасля і на палях зборніка Джузепе Міната[71]) Скарына названы «secretarii regis Datis»[72].
Падуанскі ўніверсітэт захаваў памяць пра Францыска Скарыну. У адну з аўдыторый, названую Залай сарака, перанеслі кафедру, з якой, як лічыцца, чытаў лекцыі Галілеа Галілей, а таксама памясцілі сорак партрэтаў найбольш знакамітых выхаванцаў універсітэта. Партрэты напісаны тэмперай на палатне і размешчаны ў два рады. Партрэт Скарыны знаходзіцца ў другім радзе: злева ад яго выява знакамітага польскага паэта Яна Каханоўскага, справа — маскоўскага лекара Пятра Постнікава . Акрамя Скарыны, у зале знаходзіцца выява яшчэ аднаго чалавека, звязанага з Беларуссю, — караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя. Партрэты намаляваны ў 1940-х гадах італьянскім мастаком Джакама даль Форна. Скарына намаляваны ў чырвонай доктарскай мантыі, па-над якой накінуты аблямаваны мехам плашч. Пад мантыяй белая кашуля з вышытым каўняром. Галава не пакрытая, бачны высокі лоб з вялікімі залысінамі. На правай руцэ — чорная пячатка. Выява на партрэце ніякага падабенства з вядомым партрэтам на гравюры не мае. У верхняй частцы партрэта змешчаны надпіс: «Franciscus Skoryna de Poloczko 1512»[72].
Пасля падуанскай абароны звестак пра Скарыну зноў няма на працягу пяці гадоў. Стаўшы доктарам медыцыны, Францыск Скарына атрымаў магчымасць займацца лекарскай практыкай. Гэты занятак у той час добра аплачваўся і, магчыма, дазваляў часткова пакрываць выдавецкую дзейнасць, якая наўрад ці была прыбытковай. Тым не менш, як асабліва выключны лекар Скарына сябе не зарэкамендаваў[73]. Магчыма, ён працаваў і настаўнікам, бо «доктарам мастацтваў» у тыя часы называлі і настаўніка гуманітарных навук — філалогіі, паэтыкі, красамоўства і інш.
Не выключаецца, што рабіў гэта на радзіме. На карысць гэтай здагадкі сведчыць выдатнае веданне ім жывой гаворкі сваіх бацькоў — старабеларускай літаратурнай і штодзённай гутарковай мовы. Відаць, у гэты час ён пачаў перакладаць Біблію. Перыяд 1513—1516 гадоў у жыцці Скарыны не асветлены дакументамі, але менавіта ў гэты час ён вырашыў пачаць кнігадрукаванне. Безумоўна, яго ў гэтых намерах падтрымлівалі землякі з Вільні, Полацка, беларускія купцы, члены віленскага магістрата. Няма сумненняў, што ў 1510-х гадах Францыск Скарына наведаў Вялікае Княства Літоўскае — Вільню, Полацк, іншыя гарады — і заручыўся падтрымкай суайчыннікаў.
6 жніўня 1517 года ў Празе выходзіць першая кніга Псалтыр, друкаваная «повелением и працею избранного мужа, в лекарских науках доктора Франциска, Скоринина сына с Полоцька»[74]. Кнігадрукаванне ў Чэхіі пачалося ў 1468 годзе, яшчэ пры жыцці Іагана Гутэнберга[75]. Даследчыкі лічаць, што Скарына арэндаваў адну з пражскіх тыпаграфій[76] разам з абсталяваннем і персаналам, які рабіў асноўную тыпаграфскую працу[77][78]. У сваіх выданнях Скарына часта паведамляе: «Выложена працею і вытиснена повелением»[79], гэта значыць, што пераклад зроблены ўласна Скарынай, а друкавалі выданне другія асобы па яго «повелению».
У 1517 годзе пры падтрымцы віленскіх мецэнатаў Якуба Бабіча і Багдана Онькава асветнік заснаваў у Празе першае ў гісторыі ўсходнеславянскіх народаў выдавецтва, абсталяваў друкарню.
На працягу трох гадоў Скарына выдаваў ілюстраваныя кнігі Бібліі пад агульнай назвай «Бивлия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Інтэнсіўная выдавецкая дзейнасць Скарыны ў Празе ў 1517—1519 гадах дазваляе думаць, што ён пасяліўся тут не пазней як у 1516 годзе. За тры гады Скарына выдаў 23 кнігі (калі лічыць усе кнігі Пяцікніжжа і Царстваў асобнымі выданнямі). 11 кніг маюць дакладныя даты, на пяці толькі год друку — 1519, а на чатырох з пяці выданняў Пяцікніжжа дата наогул не пазначана. Таму храналагічны час выхаду можа быць дадзены толькі для выданняў 1517—1518 гадоў, для астатніх толькі прыблізна: Псалтыр, «Іоў», «Прытчы Саламона», «Ісус Сірахаў» (усе 1517), «Еклезіяст», «Песня песням», «Прамудрасць Божая», «Царствы», «Ісус Навін» (усе 1518), «Юдзіф», «Суддзі», «Быццё», «Выхад», «Левіт», «Лічбы», «Другі закон», «Руф», «Эсфір», «Плач Ераміі», «Прарок Данііл» (усе 1519). Некаторыя з апошніх выданняў, якія не маюць выхадных звестак і традыцыйна датуюцца 1519 годам, магчыма, надрукаваны ў 1520 годзе[80].
Агульны аб’ём выданняў — 1200 лістоў, з іх у 1517 годзе надрукавана 324, 1518 — 352, 1519 — 524 лісты. За такі кароткі тэрмін немагчыма падрыхтаваць да выдання тэксты кніг і выканаць тэхнічныя задачы па іх мастацкім афармленні (ілюстрацыі, застаўкі, буквіцы, каляровы друк і г.д.). Значыць, хутчэй за ўсё, у 1517 годзе Францыск Скарына ўжо меў рукапіс поўнай Бібліі ў сваім перакладзе. Пра гэта ўскосна сведчаць спісы Скарынавых перакладаў, якія не ўвайшлі ў яго друкаваную Біблію. У Празе ён не паспеў выдаць кніг прарокаў, апрача прарока Данііла, і кніг Новага Запавету.
Каля 1520 года Францыск Скарына пераехаў у сталіцу Вялікага Княства Літоўскага Вільню. Выказваецца меркаванне, што прыезд Скарыны быў выкліканы падрыхтоўкай да друку толькі што прынятага Статута, які вялікі князь абяцаў надрукаваць «вялікай колькасцю кніг бітымі літарамі»[81]. Друк так і не адбыўся, але мяркуецца, што шрыфт для выдання быў адліты, ён пазней выкарыстоўваўся для набору «Малой падарожнай кніжкі» і Апостала[82].
У пачатку 1520-х гадоў ён заснаваў у доме [[Якуб Бабіч|Якуба Бабіча[заўв 2] першую ва Усходняй Еўропе друкарню і пачаў тут кнігадрукаванне. Каля 1522 года выдаў «Малую падарожную кніжку», якая складаецца па меншай меры з 21 часткі: Псалтыр, «Часасловец», «Акафіст жываноснай труне Гасподняй», «Канон жываноснай труне Гасподняй», «Акафіст архангелу Міхаілу», «Канон архангелу Міхаілу», «Акафіст Іаану Прадцечы», «Канон Іаану Прадцечы», «Акафіст Багародзіцы», «Канон Багародзіцы», «Акафіст апосталам Пятру і Паўлу», «Канон апосталам Пятру і Паўлу», «Акафіст цудатворцу Міколе», «Канон цудатворцу Міколе», «Акафіст крыжу Гасподняму», «Канон крыжу Гасподняму», «Акафіст Ісусу», «Канон Ісусу», «Шасцідневец», «Канон пакаяльны», «Паслядоўнасць царкоўнага збору»[83]; а таксама «Апостал», які выйшаў асобным выданнем у 1525 годзе. Некаторыя часткі «Малой падарожнай кніжкі», магчыма, выходзілі як асобныя выпускі.
У Вільні Скарына выконваў функцыі сакратара віленскага біскупа Яна з князёў літоўскіх. У самым раннім дакуменце, датаваным кастрычнікам 1523 года, ён пазваны «egregio et honorabilibus Francisco Phisico»[84] (гэта значыць «паважаны і шаноўны Францыск Фізік», гэты тытул звычайна адносілі да дактароў медыцыны). 20 сакавіка 1526 года «egregio viro Francisco, medicinae doctore» (паважаны муж, пан Францыско, доктар медыцыны) удзельнічаў пры рэгістрацыі граматы на заснаванне касцёла ў мястэчку Вісіце[85]. У Вільні Францыск Скарына ажаніўся з Маргарытай, удавой віленскага радцы Юрыя Адверніка, мабыць, аднаго з былых фундатараў друкарні ў Вільні, і жыў у яе камяніцы на Нямецкай вуліцы недалёка ад палаца князёў Слуцкіх. Няма звестак, што Скарына меў у Вільні ўласны дом. Імаверна, усе сродкі ён аддаваў на выдавецкую справу. Фінансавае становішча асветніка палепшылася пасля таго, як яго жонка Маргарыта перамагла ў судовым працэсе са сваякамі за яе віленскі дом (1529).
У адной з кніг вядомага славіста Варфаламея Копітара, надрукаванай у Вене ў 1839 годзе, апублікаваны артыкул «Гістарычнае пытанне пра доктара медыцынскага факультэта Прагі Францыска Скарыну, які чыніў падкопы супраць доктара Марціна Лютэра»[86]. У артыкуле апавядаецца, як у 1525 годзе спачатку Меланхтан, а пасля Лютэр пазнаёміліся з нейкім доктарам Францыскам, які зачараваў іх сваёй вучонасцю і манерамі. Аднак хутка Лютэр спалохаўся папярэджванняў сваіх сяброў, пакінуў Вітэнберг і напісаў у магістрат просьбу затрымаць доктара і падвергнуць яго катаванню[87]. Францыск, аднак, зачараваў і сяброў магістрата, і тыя адпусцілі яго.
Копітар сцвярджаў, што тым доктарам быў Францыск Скарына. Тым не менш, Копітар лічыў сваё сцвярджэнне гіпотэзай, якая магла стаць фактам толькі пасля знаходкі ў архівах Вітэнберга дакументаў з імем Скарыны. Не паведамляе Копітар і пра крыніцы, на падставе якіх ён зрабіў вывад пра сустрэчу Лютэра і Скарыны, мімалётам спасылаючыся на Зекендорфа, які «прытрымліваўся іншага погляду пра гэты інцыдэнт». Зекендорф у сваёй працы паведамляе пра нейкага яўрэйскага доктара з Польшчы, які спрабаваў атруціць Лютэра. Доктара схапілі, аднак сам Лютэр пажадаў, каб злачынцу не катавалі, а адпусцілі[88]. Паводле Зекендорфа, падзея адбылася ў 1525 годзе, а імя доктара медыцыны не паведамляецца. Аднак у адным з лістоў Лютэра барону Шварцэнбергу ад 21 снежня 1524 года згадваецца «доктар Францыск»[89], з якім рэфарматар быў у добрых зносінах. Знаёмства з доктарам працягвалася да верасня 1525 года, калі Лютэр пераехаў у Торгау пасля апісанага інцыдэнта.
Даследчыкі лічаць, што пад загадкавым доктарам не крыецца асоба Францыска Скарыны, які ў тым жа 1525 годзе надрукаваў у Вільні Апостал, а ў сакавіку 1526 года прысутнічаў пры зацвярджэнні граматы князя Юрыя Слуцкага біскупам Янам[90].
Першым звесткі пра жонку Скарыны знайшоў Пётр Уладзіміраў, які яшчэ ў 1888 годзе надрукаваў акт 1529 года[91]. У акце даецца рашэнне караля Жыгімонта па скарзе віленскіх жыхароў Марціна Субачовіча і Мікалая, сына Багдана Чупрына. Адказчыкам па справе была «Малкгорета, жоне доктора Францышъка Скоринина, которая перед тым была за рядцою виленьским Юрем Одверником»[92].
Гэтая скарга пачалася ў 1523 годзе, яшчэ пры жыцці Юрыя Адверніка, і тычылася дома «в месте Виленьском, который лежит на Рынку подле дому Иванова Плешывцова и Василева Воропанева», а таксама іншай маёмасці — «иншое имене и статъки». Большасць даследчыкаў лічыць, што Адвернік фінансаваў кнігавыдавецкую дзейнасць Скарыны[93]. Да 1529 года ўсе першапачатковыя ўдзельнікі скаргі памерлі, Юрый Адвернік памёр пасля кастрычніка 1525 года[94][заўв 3]. Справа аказалася працяглай: спачатку яе разглядаў гарадскі суд, пасля войт з бургамістрамі і радцамі, потым да справы далучыўся ўплывовы біскуп Ян з князёў Літоўскіх, у якога Скарына быў лекарам и сакратаром. Істцы спасылаліся на тэстамент Дароты Станіслававы, які быў без пячаткі і які, згодна са скаргай, «зламал судом своим князь Ян, бискуп виленский». Рашэнне караля было на карысць Маргарыты: «тот дом доктора Францышъка Скорины Маркгорете держати и въжывати супокойне на вечные часы». Акт быў падпісаны ў прысутнасці самога Скарыны, біскупа Яна і іншых Паноў Рады.
Акрамя гэтага акта, «Маргарета, суўласніца выдатнага мужа Францыска, называнага доктар Скарынін», згадваецца яшчэ ў познаньскім акце ад 23 кастрычніка 1529 года[96]. Дакументальных пацвярджэнняў пра смерць Маргарыты няма, аднак у пазнейшых архіўных матэрыялах з 1532 года яе імя не згадваецца. Вялікі пажар у Вільні летам 1530 года выкаціў дзве трэці горада. Магчыма, у тым пажары загінула і яго жонка, пакінуўшы маленькага сына Сімяона.[97]
Пасля друкавання Апостала Скарына спыняе друкарскую дзейнасць. Адной з прычын даследчыкі называюць вялікі пажар у Вільні 2 сакавіка 1530 года, які знішчыў палову горада, у тым ліку кафедральны сабор, палац біскупа Яна і, магчыма, дом Якуба Бабіча, у якім знаходзілася тыпаграфія, а таксама дом на Рынку, які належаў жонцы асветніка Маргарыце. У 1536 годзе пакідае віленскую кафедру заступнік Скарыны біскуп Ян[98].
Як лічаць даследчыкі (Антоній Флароўскі, Іосіф Первольф, Сымон Брага, Віктар Дарашкевіч), у канцы 1520-х — пачатку 1530-х гадоў Скарына мог наведаць Маскву з мэтай распаўсюджання сваіх выданняў. Гэтыя меркаванні грунтуюцца на тэксце граматы Жыгімонта Аўгуста 1552 года: «… калі ў праўленне нашага богададзенага бацькі нейкі яго падданы, вядомы набожным намерам, вырашыўшы надрукаваць і выдаць на рускай мове Свяшчэннае Пісанне, прыбыў да маскавітаў, гэтыя кнігі былі публічна спаленыя паводле загаду князя, бо былі выданы падданым рымскай царквы і ў месцах, якія падлягаюць яе ўладзе»[99]. Грамата была надрукавана ў 1862 годзе аўстрыйскім гісторыкам І. Фідлерам[100], а ў 1888 годзе варшаўскі даследчык І. Первольф адзначыў, што ў грамаце маецца на ўвазе Скарына[101]. Версію падрабязна абгрунтаваў А. Флароўскі[102]. Версія лічыцца магчымай з-за напружаных сацыяльна-палітычных абставін у Маскоўскай дзяржаве, дзе яшчэ былі памятныя наўгародска-пскоўскія ерасі з іх вольным тлумачэннем біблейскіх тэкстаў і з канца XV ст. быў свой афіцыйны звод Бібліі. У 1525 годзе ў Маскве быў асуджаны Максім Грэк, якому былі вядомы выданні Скарыны, і ў працах якога існуюць тэкстуальныя супадзенні з пражскімі кнігамі Царстваў[103], а таксама вялікая колькасць беларусізмаў[104].
У пачатку 1530-х гадоў пагоршылася матэрыяльнае становішча беларускага першадрукара, памерлі амаль усе айчынныя апекуны яго пачынанняў: Якуб Бабіч, Багдан Онкаў, Рыгор Адвернік. У пачатку ліпеня 1529 года памірае брат асветніка Іван, які меў асноўную маёмасць у Познані. Адразу ў гродскі суд былі пададзены іскі, у якіх быў і іск Францыска Скарыны[105]. Адказчыкам выступаў пляменнік Скарыны Раман. 26 кастрычніка 1529 года адбыўся суд, пасля якога крэдыторы атрымалі ў кошт кампенсацыі маёмасць нябожчыка Івана (пераважна скуры), а Францыск Скарына, «як галоўны апякун паважанай Маргарыты», «з’явіўшыся асабіста», заявіў, што вызваляе Рамана Іванавіча ад прэтэнзій на суму ў 204 коп літоўскіх грошай «назаўсёды і навечна», атрымаўшы ў пакрыццё доўга 23 500 скур. Такім чынам, на той момант прэтэнзіі крэдытораў к нябожчыку Івану Лукічу Скарыне былі ўладжаныя[106].
Пачалася чарада працэсаў у Вільні за нерухомую маёмасць жонкі. Паводле рашэння суда, жонка Скарыны атрымала ў спадчыну дом у Вільні ды іншую маёмасць. Але аднавіць выдавецкую справу тады не ўдалося: за нечаканай смерцю брата Івана ў Познані пачалася зацяжная судовая цяганіна з яго крэдыторамі. Амаль тры гады асветніку прыйшлося змагацца з правакацыямі і падступнасцю хітрых гандляроў.
У 1530 годзе нейкія прычыны схілілі яго з’ездзіць у Кёнігсберг. Пра гэта стала вядома пасля публікацыі ў 1918 годзе А. А. Мілавідавым чатырох дакументаў 1530 года прускага герцага Альбрэхта, васала Польшчы і пляменніка караля Жыгімонта[107]. У першым лісце ад 16 мая да віленскага ваяводы А. Гаштольда Альбрэхт выказвае высокае меркаванне пра таленты Скарыны, «найвыдатнейшага мастацтва, якое ён дэманструе з дзіўным бляскам і вопытам, атрыманым, відаць, дзякуючы шматгадовым працам і вандроўкам з мэтай атрымання мноства ведаў, мы міласціва прылічылі яго да кругу нашых падданых». Такім чынам, герцаг Альберт наблізіў асветніка да свайго двара і фактычна залічыў яго да дваранскага саслоўя. Альбрэхт хадайнічае перад Гаштольдам «наконт асабістых спраў і маёмасці, пакінутых у Вільні разам з жонкай і дзецьмі» і просіць, каб «доктар Францыск… не быў пакінуты на волю лёсу». Другі дакумент — падарожная грамата ад той жа даты, адрасаваная «ўсім і кожнаму паасобку»[108]. Трэці дакумент ад 18 мая адрасаваны Віленскаму магістрату[109], сэнс якога — таксама просьба ў садзейнічанні Скарыне. У чацвёртым лісце ад 26 мая А. Гаштольду Альбрэхт скардзіцца, што Скарына «тайна звёў з сабой іўдзея і нашага друкара, … пакінуў мноства нямоглых і недалекаваных…». Імаверна, гэта было звязана з распаўсюджаннем у 1529—1530-х гадах у Прускім герцагстве пандэміі англійскай гарачкі . Даследчыкі думаюць, што паездка магла быць звязана з судовымі спрэчкамі са сваякамі жонкі[110][111], а таксама з планамі Альбрэхта выдання літаратуры ў інтарэсах пратэстантызму ў Кёнігсбергу[112], дзе Скарына мог працаваць як лекар[113]. Пасля вяртання ў Вільню Скарына меў намер абнавіць сваё друкарскае абсталяванне, для чаго і вывез з Прусіі друкара[114].
5 лютага 1532 года кароль Жыгімонт выдаў указ, у якім загадваў затрымаць Скарыну і зняволіць яго па скарзе варшаўскіх яўрэяў Лазара і Майсея[115]. Скарга тычылася даўгоў нябожчыка Івана, а таксама маёмасці, якую, па іх меркаванню, «доктар Францыск, яго брат, узяў сабе», «збег з горада Вільны, пераязджае з аднаго месца ў іншае». Наступны дакумент ад 12 красавіка паведамляе пра суму доўга і пра тое, што Майсей упаўнаважвае Якуба Бжоску спагнаць з «доктара Скарыны» суму па скарзе[116]. У сярэдзіне красавіка Францыска Скарыну, які прыехаў у Познань, заключылі ў турму. Яго пляменнік Раман адразу прыехаў з Гданьска і 26 красавіка заявіў у магістраце, што паколькі, па сведчанні самога яўрэя, доўг быў зроблены яго бацькам, то і адказваць павінен ён сам[117]. На новае разбіральніцтва ні варшаўскі яўрэй, ні яго ўпаўнаважаны не з’явіліся. Раман патрабаваў, каб Скарыну вызвалілі з турмы, заявіўшы, што мае неабходную маёмасць, каб заплаціць доўг, калі яго справядлівасць будзе даказана судом, а таксама ўнёс залог[118]. Майсей звярнуўся са скаргай да караля, 2 мая[119] Жыгімонт выдаў новы ліст, якім загадаў не вызваляць Скарыну. Новае разбіральніцтва працягнулася 4 чэрвеня, зноў Раман патрабаваў вызваліць Скарыну, але безвынікова. Тым часам, напэўна з пратэкцыі Яна з князёў Літоўскіх[120], справа пачала карэнна мяняцца. У новым лісце ад 24 мая[121] кароль, даведаўшыся, што «Францыск Скарына з’яўляецца вельмі паважаным і маёмасным чалавекам, што нічога з рэчаў брата ў яго няма і што ёсць спадчыннікі … Івана Скарыны», загадваў «неадкладна вызваліць названага Францыска Скарыну». 17 чэрвеня Францыск Скарына «з’явіўся асабіста» ў магістрат, праз свайго паверанага Мацея Лонгія прад’явіў ліст[122] і патрабаваў, каб у суд вызвалі Майсея ці яго паверанага, з якіх ён патрабаваў кампенсацыю за ўрон, прычынены не толькі яму, але і «паважанаму пану і ўладыку, біскупу віленскаму». Судовую справу закрылі два каралеўскія ўказы. У першым з іх ад 21 лістапада 1532 года загадвалася, каб Францыска Скарыну «збавілі ад нападак і дамаганняў» за даўгі яго брата[123]. Другі ўказ ад 25 лістапада таго ж года падкрэсліваў заслугі Скарыны[124], яго «дабрачыннасць, незвычайную вучонасць у мастацтве медыцыны, вопытнасць і ўменне». Таксама «выдатны і слаўны Францыск Скарына з Полацка» вызваляўся з-пад юрысдыкцыі гарадскіх і земскіх судоў, браўся пад каралеўскую «ахову і апеку». У грамаце кароль адзначыў, што зрабіў ён гэта, «далучаючыся да шчырых просьбаў некаторых нашых дарадчыкаў».
Такім чынам, працэс скончыўся для асветніка шчасна, хоць яму і прыйшлося правесці некалькі месяцаў у познаньскай турме. Віленскі біскуп Ян, у якога Скарына служыў сакратаром і ўрачом, заставаўся на пасадах да 1535 года, пасля чаго быў пераведзены ў Познань, дзе неўзабаве памёр. Яшчэ раз імя Францыска Скарыны згадвалася ў судовай справе двух зяцёў Івана Скарыны, якая разглядалася ў Полацку 4 кастрычніка 1535 года[125]. Суд вырашыў перадаць Міхну Аўсяннікаву «дворыща, што в замъку Полоцъком суть», аднак прызнаў, што ў маёмасці ёсць і «часть доктора Франъцышка Скорыны», за якой, пры наяўнасці прэтэнзій, доктару трэба будзе звярнуцца да Аўсяннікава. Францыска Скарыны, аднак, у той час ужо не было ў краіне. Спалучэнне розных абставін і адсутнасць выразнай сацыяльнай падтрымкі вымусілі Францыска Скарыну пакінуць ВКЛ і ад’ехаць у Прагу.
Дакладна невядома, чаму Францыск Скарына пакінуў ВКЛ і пераехаў у Прагу: судовыя скаргі скончыліся для яго ўдала, а сам ён атрымаў шматлікія прывілегіі, якія паляпшалі яго маёмасны стан. Асветнік мог працягваць службу ў біскупа Яна і выдавецкую дзейнасць. Лічыцца, што віленская тыпаграфія магла ўцалець пасля злашчаснага пажару 1530 года, бо гравіраваная на дрэве арнаментыка Скарыны выкарыстоўвалася ў віленскіх тыпаграфіях яшчэ праз шмат часоў пасля смерці Скарыны. Магчыма, нейкую ролю ў ад’ездзе адыграла маравая пошасць 1530—1533 гадоў[126].
У 1535 годзе кароль Чэхіі і Венгрыі Фердынанд вырашыў стварыць у Празе батанічны сад, аднак у краіне не знайшлося садоўніка з неабходнымі ведамі, і пачаліся пошукі садоўнікаў. У чэрвені 1538 года ў батанічным садзе працавала ўжо чатыры мужчыны і адна жанчына. У «Пераліку работ па італьянскаму саду ў чэрвені 1538 г.» названа імя «Францыска, італьянскага садоўніка» (Franciscus welischer gartner)[127], гэтае ж імя («майстра Францыска») згадваецца ў лісце ад 27 чэрвеня 1538 года. Гэтым садоўнікам быў сам Францыск Скарына, бо ў грамаце Фердынанда ад 29 студзеня 1552 года згадваецца «памерлы доктар Францыск Рус Скарынін з Полацка, наш садоўнік». Адносіны Скарыны з Багемскай каморай былі складанымі: камора абвінавачвала Францыска ў тым, што «ён працуе мала»[128], у сваю чаргу, камора затрымлівала заробкі Скарыны. У красавіку 1539 года запазычанасць перад Францыскам склала каля 200 гульдэнаў[129], таму Скарына вырашыў звярнуцца асабіста да караля. У лісце ад 21 ліпеня таго ж года кароль загадвае «разлічыцца з ім і каб вы яго больш не затрымлівалі»[130]. Такім чынам, беларускі асветнік працаваў батанікам у Празе да 1539 года.
Чэшскі храніст Вацлаў Гаек паведамляў пра пажар у Празе 2 чэрвеня 1541 года[131], у якім сярод іншых асоб у доме адміністратара пражскай епархіі Яна з Пухава згарэлі «кухарка Магдалена, а таксама хлопчык Францішак, сын колішняга доктара Руса»[132]. Даследчыкі (А. Флароўскі і інш.) тлумачылі гэты летапісны фрагмент у тым сэнсе, што Скарына памёр каля 1540—1541 гадоў, а яго малы сын загінуў у гэтым пажары[133]. Гэтую гіпотэзу падтрымалі многія біёграфы, сярод іх і Мікалай Алексютовіч[134]. Аднак іншыя даследчыкі слова «колішні» тлумачыць не ў сэнсе «нябожчык», а ў значэнні «настаўнік», што магло значыць чэшскае слова «доктар» у адпаведнасці з яго лацінскім значэннем. У гэтым тлумачэнні Ф. Скарына служыў настаўнікам у «казацеля» (прапаведніка) ксяндза Яна, які мог кіраваць адной з каталіцкіх школ. Віктар Дарашкевіч выказваў меркаванне, што словы Гаека «nekdy doktora Rusa» трэба перакладаць не як «памерлага доктара Руса», а як «доктара Руса, які некалі жыў у Празе»[135].
Імаверна, памёр каля 1551[136] або ў студзені 1552 года. Аднак ёсць версія пра смерць Скарыны яшчэ да 1541 года[137], такая дата найчасцей сустракалася ў савецкіх энцыклапедычных даведніках[138].
Захавалася «давераная грамата» караля Фердынанда I, выдадзеная 29 студзеня 1552 года: «Мы, Фердынанд і г.д., абвяшчаем гэтай граматай, што колішні доктар Францішак Рус Скарына з Полацка, які некалі тут жыў, наш садоўнік — у гэтым каралеўстве чэшскім быў чужаземцам — сышоў на вечны спакой і пакінуў пасля сябе сына Сімяона Руса і пэўную маёмасць, паперы, даўгі і іншае, яму належнае. І прасіў нас вышэйзгаданы Сімяон [выдаць] грамату і агульны ўказ на выпадак, калі б ён знайшоў што-небудзь з маёмасці вышэйзгаданага свайго бацькі, каб яму была выдадзена і аказана дапамога». Кароль задаволіў гэтую просьбу і загадаў усім службовым асобам Чэшскага каралеўства дапамагаць Сімяону Скарыне ў такой справе. Сярод спадчыны асветніка названы кнігі і іншыя паперы[139]. У тым самым 1552 годзе заявілі пра свае прэтэнзіі Марцін Онкавіч і лаўнік віленскага магістрата купец Тоўсцік адносна «рэчаў і маёмасці… пакінутых пасля смерці доктара Францыска Скарыны і ацэненых у 150 коп у літоўскай манеце»[140].
Месца пахавання Скарыны невядома. Сімяон Скарына ўзяў ад бацькі ў спадчыну і яго прафесію, чэшскі храніст Вацлаў Бжэзан паведаміў, што старшы святар Іржы Чэтл да сваёй смерці (22 мая 1577) «карыстаўся паслугамі доктара, нейкага паляка Сімяона, па прозвішчы Рус, з Полацка»[141]. Прозвішча паходзіць ад «рускі», у тагачасным сэнсе — «беларус», а «паляк» — звычайны анахранізм, бо ўсіх жыхароў Рэчы Паспалітай у Еўропе часам называлі палякамі. Апошні раз імя Сімяона Скарыны ўпамінаецца чэшскім даследчым садова-паркавага мастацтва Ф. Тэплым: ён згадвае пра «старога садавода Руса з Полацка Шымона Русака», «якога праз яго нядужасці паслаў ягамосць пан у 1584 годзе лячыцца ў Добры Водзе, каля Капліцы »[142] — горада ў паўднёвай Чэхіі.
У 2017 годзе даследчык Адам Мальдзіс выказаў здагадку, што Скарына мог быць пахаваны ў касцёле Святога Віта ў Чэскім-Крумлаве на поўдні Чэхіі[143].
Пасля знаёмства з лацінскімі, чэшскімі, старажытнаяўрэйскімі і царкоўнаславянскімі тэкстамі Бібліі, у 1517—1519 гадах Францыск Скарына пракаментаваў і надрукаваў кірыліцай у Празе 23 кнігі Бібліі пад агульным загалоўкам «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Доўгі час сярод лінгвістаў вялася дыскусія пра мову, на якую ён пераклаў кнігі: на беларускую рэдакцыю царкоўнаславянскай мовы ці на царкоўны стыль старабеларускай мовы. Беларускія лінгвісты прыйшлі да высновы, што мова перакладаў Бібліі Францыска Скарыны — гэта беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы, дзе ёсць пэўны ўплыў гутарковай беларускай, чэшскай і польскай моў[144].
Заснаванне беларускага кнігадрукавання стала вяршыняй духоўнай дзейнасці Францыска Скарыны, найбольш выразным і яскравым пралогам беларускага Адраджэння 1-й паловы XVI ст. У друкаванай кнізе Скарына бачыў невычарпальныя магчымасці духоўнай асветы народа, выхавання высокіх хрысціянскіх, маральных і грамадзянскіх якасцей, усё большага далучэння і актыўнага ўзаемадзеяння з еўрапейскім культурна-гістарычным соцыумам. Імаверна, працяглыя падарожжы па краінах з развітым кнігадрукаваннем (Польшча, асабліва Італія, Чэхія і інш.), знаёмства з друкаванай кнігай, якая з канца XV ст. усё ў большых маштабах пранікала на землі ВКЛ, спрыялі яго планам, а падтрымка беларускіх мяшчан Вільні і Полацка забяспечыла іх ажыццяўленне. У адрозненне ад Польшчы, дзе ў той час значныя колы духавенства і вярхоўная ўлада не падтрымлівалі падобных праектаў (як раней Швайпольта Фіёля ў канцы XV ст.), дзе існавала значная манапалізацыя друкарскай справы, больш падыходзіла для рэалізацыі яго планаў Чэхія. Менавіта ў Празе Скарына ў асноўным завяршыў свой пераклад і каменціраванне тэкстаў Бібліі на падставе лацінскіх, чэшскіх, старажытна-яўрэйскіх і царкоўна-славянскіх крыніц і ў 1517—1519 гадах выдаў 23 кнігі Старога Запавету. Віленскія выданні 1520-х гадоў — «Малая падарожная кніжка» і Апостал — больш звязаны з традыцыйнай беларускай і ўсходне-славянскай кніжнасцю (за выключэннем некаторых дадаткаў, арнаментыкі і каментарыяў Скарыны) і выдаваліся на царкоўна-славянскай мове. У Вільні Францыск Скарына, у адрозненне ад Прагі, меў сваю друкарню ў доме старшага бурмістра Якуба Бабіча каля Рынку і больш актыўна займаўся непасрэднымі друкарскімі справамі[145].
Кнігі Скарыны вылучаюцца высокімі выдавецкімі і друкарскімі якасцямі. Беларускае кнігадрукаванне адразу пачалося з высокага еўрапейскага ўзроўню. Рэнесансныя выданні Ф. Скарыны, адметныя мастацкім, гравюрным, арнаментальным упрыгожваннем, шрыфтам і іншымі кампанентамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства, былі арыентаваны на ўсе слаі беларускага насельніцтва. Яны вылучаліся практычнымі памерамі, а каментарыі разлічаны на ўспрыняцце кніжнай прамудрасці простым («паспалітым») людам «языка рускага» (беларускай і іншых усходне-славянскіх моў). 3 гэтай мэтай ён тлумачыў на палях кнігі архаічныя царкоўна-славянскія словы «рускай мовай». Іншыя маргіналіі Скарыны павінны былі падкрэсліць духоўнае адзінства Свяшчэннага Пісання. 3 замежных, магчыма, славянскіх выданняў ён запазычыў падзел псалмоў на вершы[145].
Кнігі Скарыны зрабілі вялікі ўплыў на развіццё духоўнай культуры Беларусі і Украіны, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай Русі, распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях. Арнаментальныя матэрыялы Віленскай друкарні Скарыны да 1652 года выкарыстоўваліся ў выданнях найбуйнейшай беларускай друкарні — Віленскай брацкай друкарні і яе філіяла — Еўінскай друкарні, а некаторыя пражскія ініцыялы сустракаюцца ў выданнях Астрожскай друкарні ва Украіне ў канцы XVI ст.[145]
Невядома, хто супрацоўнічаў са Скарынам у яго выдавецкай і друкарскай дзейнасці. На думку даследчыкаў, шматлікія рэнесансныя гравюры пражскіх выданняў выконваліся прадстаўнікамі розных мастацкіх школ пры ўдзеле самога Францыска (партрэт Скарыны да кнігі «Ісус Сірахаў» і «Царствы»). У Віленскай друкарні, безумоўна, працавалі і беларускія мастакі, гравёры, рамеснікі, друкары.[145]
Маргінальныя запісы XVI—XVIII ст. на кнігах Скарыны сведчаць пра іх актыўнае выкарыстанне рознымі слаямі беларускіх і замежных чытачоў: купцамі, святарамі, настаўнікамі, вучнямі, тагачаснай адукаванай элітай, гарадскім патрыцыятам, праваслаўнымі і ўніяцкімі манахамі і інш.[145]
Да цяперашняга часу захаваліся прыкладна 523 кнігі. Найбольшая колькасць экзэмпляраў (350) захоўваецца ў Расіі, 47 - ва Украіне, 36 - у Польшчы, 28 - у Беларусі, 19 - у Славеніі, 18 - у Даніі, 11 - у Германіі, 10 - у Вялікабрытаніі, па 2 - у Літве. і Чэхіі. З 28 экзэмпляраў Беларусі цяпер 10 захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы[146].
Выдадзеныя ў Празе:
Выдадзеныя ў Вільні:
Францыск Скарына зрабіў істотны ўклад у развіццё беларускай літаратуры. Ён значна пашырыў межы і магчымасці традыцыйных літаратурных жанраў — прадмоў, сказанняў і пасляслоўяў.
У нарацыях пісьменніка адлюстроўваюцца пераважна падзеі старажытнай гісторыі. Так, прадмова да кнігі «Юдзіф» утрымлівае літаратурна апрацаваныя гістарычныя сюжэты пра блізкаўсходнія царствы старажытных часоў. У творах Ф. Скарыны ў белетрызаваным стылі апісваюцца найбольш значныя царкоўныя саборы, дэталёва паведамляецца пра дзяржаўных асоб, многіх філосафаў і рэлігійных дзеячаў.
Пісьменнік на старонках прадмоў і сказанняў стварыў яркія і запамінальныя вобразы рэальных гістарычных асоб — цара Саламона, Юдзіфі, Аляксандра Македонскага, філосафа Філона, апосталаў Пятра і Паўла. Ф. Скарына акцэнтаваў увагу пераважна на дзейнасці гістарычных персанажаў, паказваў значнасць іх спраў і веліч учынкаў.
Асабліва каларытны вобраз егіпецкага цара Пталамея Філадэльфа, створаны Ф. Скарынам у прадмове да кнігі «Ісус Сірахаў». Пісьменнік звяртае ўвагу на дзейнасць Пталамея па пашырэнні кніжных ведаў, мудрасці і філасофіі, дэталёва апісвае запрашэнне ім з Іерусаліма ў Александрыю 72 вучоных дзеля перакладу кніг з яўрэйскай на грэчаскую мову. Ф. Скарына паведамляе пра захапленне Пталамея кнігамі, створаную ім унікальную Александрыйскую бібліятэку, дзе той сабраў звыш сарака тысяч рарытэтных кніг. Пісьменнік паказвае асветніцкую місію цара Пталамея арнаментаванымі і ўзнёслымі словамі: «Таковый убо был милосник наукы и мудрости, иже болей избрал оставити в науце и в книгах вечную славу и паметь свою, нежели во тленных великих царскых сокровищах».
Характэрная адзнака творчага метаду Ф. Скарыны — рэгулярнае акрэсленне сваёй місіі перакладчыка і выдаўца. Ён нязменна ўказваў на асветніцкія матывы і адукацыйнае прызначэнне сваёй творчай працы, у аснове якой — пашырэнне ведаў, мудрасці, навукі, добрых нораваў. Так, пра высакародную і гуманістычную скіраванасць сваёй працы над кнігай «Ісус Сірахаў» Ф. Скарына пісаў: «Прото ж и я, для похвалы Божней и для посполитого доброго и розмноженыя мудросты, уменыя, опатрености, разуму и науце, приложил есм працу выложити книгу сию на рускый язык, елика бо прежде писана быша к нашему научению».
Беларускі першадрукар выявіў сябе як майстар паэтычнага слова. У прадмовах да кніг «Іоў», «Зыход» і «Эсфір» змешчаны некалькі цікавых рыфмаваных радкоў, якія не страцілі свайго мастацкага і духоўна-маральнага значэння да нашага часу.
Першы паэтычны твор Ф. Скарыны — вершаванае чатырохрадкоўе на тытуле кнігі «Іоў» (1517):
Богу въ Троици единому ко чти и ко славе, |
У вершаванай форме паэт сцісла, але надзвычай дакладна сфармуляваў прызначэнне свайго выдання. Гэты верш — адзін з найбольш ранніх узораў беларускай версіфікацыі. У яго структуры прыкметны яшчэ даволі значныя адступленні ад усталяваных сілабічных нарматываў. Тут захавана колькасная суразмернасць сумежных радкоў, адпаведны ўздым і спад інтанацыі перад і пасля цэзуры, парнасць рыфмоўкі (славе — похвале, веселию — научению).[147]. Істотна, што выкарыстаная Ф. Скарынам рытмічная суаднесенасць радкоў — 16:15, 15:14, дазваляла лёгка запомніць верш, з’яўлялася эстэтычна прывабнай і дасканалай.
Другі вершаваны твор Ф. Скарыны «Веруй у Бога адзінага» змешчаны ў прадмове да кнігі «Выхад» (каля 1519):
Веруй в Бога единаго, |
Верш напісаны ў адпаведнасці з логікай біблейных «Дзесяці запаведзей Майсея», але даступнай для беларускага чытача мовай. У гэтым вершы адыход аўтара ад прынцыпаў сілабізму яшчэ больш відавочны: з усіх пяці двухрадкоўяў толькі трэцяе захоўвае васьміскладоўнік, усе астатнія маюць розную метрычную структуру. У выніку кожнае двухрадкоўе з’яўляецца па сутнасці завершанай інтанацыйна і сінтаксічна структурнай адзінкай[147]. Верш мае пераважна паралельную рыфму і адметную рытмічную структуру — 9:12, 9:7, 9:9, 7:11, 10:11, — даволі мілагучную і лёгкую для чытацкага ўспрымання.
Трэці верш Ф. Скарыны змешчаны ў канцы прадмовы да кнігі «Эсфір» (1519):
Не копай под другом своим ямы — |
Па змесце прыведзенае чатырохрадкоўе — гэта апрацоўка старажытнага мудраслоўя, у якім гучыць заклік да чалавека пазбягаць злых учынкаў. Верш знітаваны паэтычнай думкай, звязанай з канкрэтным сюжэтам і павышанай эмацыянальнасцю. Пра гэта сведчыць і графічнае вылучэнне страфы ў канцы прадмовы[147]. Дзеля рытмічнай арганізацыі верша паэт ужывае суаднесенасць радкоў — 11:5, 13:7.
Такім чынам, першыя паэтычныя творы Ф. Скарыны — гэта няроўнаскладовыя, дасілабічныя вершы, у якіх сустракаецца ізасілабізм — роўнаскладовасць у межах вершаванага перыяду. Метрыка вершаў Ф. Скарыны цалкам адпавядае моўна-фанетычным асаблівасцям беларускай мовы. Яны напісаны паводле прынцыпаў танічнай і сілаба-танічнай моўных сістэм.
Вершаваныя ўстаўкі ў прадмовах Ф. Скарыны выконвалі важныя эстэтычныя функцыі. Паэтычныя радкі стваралі ўзнёслае ўспрыманне ўсёй кнігі, абуджалі эмоцыі і глыбокія пачуцці ў чытача, рыхтавалі яго да сустрэчы з незвычайным, таямнічым, прыгожым.
Паэтычны талент Ф. Скарыны выявіўся на ніве гімнаграфіі — духоўных вершаў у гонар Бога, Маці Божай, святых, якія ён апублікаваў у «Малой падарожнай кніжцы». Ф. Скарына пераклаў і творча перапрацаваў творы старажытных паэтаў-гімнографаў — Іосіфа Песняпісца, Яна Дамаскіна, Рамана Мілагучнага.
У «Малой падарожнай кніжцы» сярод мноства духоўных песнапенняў ёсць два акафісты, якія ўтрымліваюць імянныя акравершы Ф. Скарыны, што сведчаць пра гімнаграфічныя здольнасці паэта. Так, «Акафіст Ісусу» змяшчае акраверш: «Делал доктор Скоринич Францыскус». Як паказаў аналіз, гэты твор быў складзены з перапрацаваных частак песнапенняў папярэдніх гімнографаў.
«Акафіст Іаану Прадцечу» — арыгінальны паэтычны твор, які ўтрымліваў акраверш: «Писал доктор Скоринич Францыскус». Ён напісаны паводле ўзораў візантыйскіх гімнаў і блізкі да іх тэматычна. Біблейны персанаж Іаан Прадцеча паслужыў для Ф. Скарыны незаменнай персаніфікаванай асновай для стварэння вобраза станоўчага героя, ідэальнага чалавека, місія якога — выхоўваць і навучаць, быць бездакорным узорам для пераймання, служыць прыкладам добрых спраў і ўчынкаў. Паводле мастацкай канцэпцыі Ф. Скарыны, станоўчы герой — адукаваны чалавек, духоўна трывалы і інтэлектуальна прасветлены, навучае людзей дабру і справядлівасці, нязменна спрыяе развіццю народаў («разные языки житием просветівый»). Ён смела змагаецца з ворагам, цярплівы і надзейны, захоўвае цялесную чысціню, не злоўжывае віном.
Францыск Скарына першым сярод усходніх славян падрыхтаваў сістэматызаваны кодэкс кананічных біблейскіх кніг, пра што сведчыць дакладны пералік і вызначэнне місіі кожнай з іх у «Прадмове да ўсёй Бібліі». Асветнік слушна вылучыў чатыры асноўныя жанрава-тэматычныя групы кніг, што складалі Біблію, пра што ён пісаў у прадмове да «Першай кнігі Царстваў»: першая група — законы, навукі і суды Божыя, другая — гістарычныя і летапісныя кнігі, трэцяя — «кнігі пра мудрасць, розум і навуку Старога і Новага запаветаў», чацвёртая — кнігі прароцтваў і ўяўленняў.
Францыск Скарына асабіста ажыццявіў пераклад надрукаваных ім кніг Бібліі. У прадмове да «Першай кнігі Царстваў» ён літаральна пісаў: «О сих всех книгах, мною на руски язык ново выложенных и о именах их ширей, в предисловиах от мене на кожныи роздельно положенных, выписано знойдеши».
Пры перакладзе Бібліі Францыск Скарына абапіраўся на глыбокі філалагічны аналіз папярэдніх выданняў і выкарыстоўваў старадрукі. Рыхтуючы да друку тэксты Свяшчэннага Пісання, асветнік грунтоўна займаўся іх глыбокімі тэксталагічнымі апрацоўкамі, экзегетыкай і герменеўтыкай — каментаваннем біблейных кніг, тлумачэннем незразумелых месцаў на палях, што з’яўляецца адным з вызначальных кампанентаў яго творчага метаду.
Пра ўласныя філалагічныя прынцыпы і характар апрацоўкі біблейных кніг ён паведамляў у прадмове да «Псалтыра»: «Так же положил есми на боцех некоторыи слова для людей простых, не рушаючи самое „Псальтыри“ ни в чем же. Яко суть „онагри“ и „геродеево жиліще“ и „хлябне“ и иные слова, которые суть в „Псалтыри“ неразумные простым людем. Найдуть е на боцех русским языком, что которое слово знаменуеть. Теже розделил есми вси псалмы на стихи по тому, яко ся в ыных языцех делить».
Францішак Скарына зыходзіў з таго, што ў тэксце Бібліі існуюць два семантычныя ўзроўні: першы — літаральны, знешні і другі — унутраны, глыбінны, духоўны. Асветнік даводзіў, што не толькі асобныя выказванні, але нават кожнае слова ў Бібліі мае свой унутраны, патаемны сэнс, які патрабуе тлумачэння, пэўнага духоўнага напружання. «Написаны суть воистину сие книги внутрь духовне е, разумеющим о тайнах превеликих Божиих». Такім чынам, ён узаконьваў алегарызм, прытрымліваючыся думкі, што ўнутраны сэнс Бібліі здольныя зразумець пераважна духоўныя асобы, адукаваныя людзі. Францыск Скарына ўказваў таксама і на выключную важнасць літаральнага, вонкавага аспекту біблейнага дыскурсу. На яго думку, знешні бок, літаральнае прачытанне Бібліі адрасаваны простым людзям: «Написаны теж и зовнутрь, понеже не толико докторове а люди вченые в них разумеють, но всякий простый и посполитый, чтучи их или слухючи, может поразумети, что ест потребно к душному спасению его». Францыск Скарына ўслед за евангелістам Матфеем лічыў, што просты чалавек можа ўбачыць у Святым Пісьме тое, што нярэдка застаецца неўспрынятым і добра адукаванымі людзьмі.
Выданні Скарыны з’яўляюцца ўнікальнымі помнікамі свецкай рэнесанснай біблейскай пісьменнасці. Іх месца ў еўрапейскім і беларускім культурна-гістарычным працэсе вызначаецца гістарычнымі ўмовамі, традыцыямі, своеасаблівасцю і агульным узроўнем духоўнага развіцця Беларусі і ўсходне-славянскіх зямель ВКЛ. Разам з тым яны адлюстроўваюць і асабістыя рысы выдаўца, яго духоўную адоранасць і непаўторнасць, веліч яго подзвігу.
Біблія Скарыны не адпавядае поўнасцю ніводнаму з вядомых рукапісных ці друкаваных зводаў Свяшчэннага Пісання. Яна адыходзіць ад царкоўных традыцый не столькі сваім складам і зместам (дзе многа кананічнага), колькі агульнай накіраванасцю, жывым духам і свецкай хрысціянскай прыўзнятасцю, грамадскімі, нацыянальна-патрыятычнымі, гуманістычнымі і асветніцкімі тэндэнцыямі. Творы Скарыны непарыўна і арганічна звязаны з яго выданнямі, тэмамі і накіраванасцю яго духоўнай дзейнасці. Яны ўяўляюць сабой сукупнасць уступных, заключных і каментуючых матэрыялаў, якія дастасаваны да адпаведных біблейскіх кніг і ствараюць з імі і з усёй Бібліяй разам арганічную цэласнасць. Асноўную ролю адыгрываюць «предьсловия» і блізкія да іх па функцыях «сказания». У пражскіх выданнях 21 прадмова і 4 сказанні, у віленскіх — адпаведна 2 і 21. Большасць даследчыкаў адносіць прадмовы і сказанні да адной жанравай разнавіднасці, на думку іншых (У. Конан, В. Дарашкевіч, А. Яскевіч) — сказанні бліжэй да пазнейшых беларускіх пропаведзей, казанняў. Яны звычайна больш сціслыя, адрозніваюцца сваёй стылістыкай, красамоўствам, насычаны багаслоўскай рыторыкай[148].
Кнігі Скарыны прызначаліся для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царкоўных службах і свецкіх бібліятэках. Францыск Скарына ўлічваў адсутнасць у ВКЛ і ўсёй Усходняй Еўропе развітой кніжна-пісьмовай традыцыі перапісвання біблейскіх зводаў, недастатковае знаёмства з імі свецкіх і нават царкоўных колаў. Асобныя рукапісныя зводы Бібліі («Генадзіеўская Біблія», 1499; «Дзесятаглаў» Мацея Дзевятага, 1502—1507; «Пяцікніжжа» дзяка Фёдара, 1514) не былі прызначаны для шырокага распаўсюджання, і толькі вынаходніцтва друку адкрыла перад ёй шырокія перспектывы. Каб пазбегнуць спрошчанага, памылковага ўспрыняцця Бібліі, Скарына імкнуўся ў простай і зразумелай форме каменціраваць біблейскія тэксты, падаваць звесткі пра гістарычныя, бытавыя, багаслоўскія, моўныя рэаліі. У тэалагічным кантэксце асноўнае месца ў прадмовах і сказаннях Скарыны займала т. зв. экзагеза — тлумачэнне алегарычнага зместу кніг Старога Запавету як прадвесця і прароцтва новазапаветных падзей, перамогі хрысціянства ў свеце і надзеі на вечнае духоўнае выратаванне. Комплекс прадмоў і сказанняў дапаўняюць калафоны — пасляслоўі з некаторымі выхаднымі звесткамі і т. зв. надпісанні — сціслыя ўступныя каментарыі да частак кожнай кнігі[148].
Даследчыкі адзначаюць стылявы і жанравы сінкрэтызм асноўных твораў Францыска Скарыны, дасканаласць выяўленчых сродкаў, публіцыстычнасць, экспрэсіўнасць, прытчавы і алегарычны характар, багацце гістарычных, філасофскіх, тэалагічных каментарыяў, сугучнасць узнёслай моўнай стылістыцы кніг Бібліі[148].
У творах Скарыны своеасабліва сінтэзаваліся антычныя і сярэдневяковыя традыцыі з ідэалогіяй еўрапейскага Адраджэння, хрысціянскі гуманізм з рэнесансна-гуманістычнымі ўяўленнямі. Патрыятычныя пачуцці, яго намаганні садзейнічаць усебаковаму духоўнаму і грамадскаму развіццю Айчыны не супярэчаць поглядам на гісторыю чалавецтва, права, заканадаўства, звычаі і традыцыі іншых народаў. Ён далёкі ад рэлігійнага фанатызму, ваяўнічага місіянерства. Яго канфесіянальныя погляды вызначаюцца талерантнасцю, а ў пражскіх выданнях — нават пэўнай неакрэсленасцю. Сучасныя даследчыкі звяртаюць шмат увагі на характарыстыку асветніцкіх імкненняў Скарыны, яго павагу да свецкіх навук, кніжнай справы, літаратуры, мастацтва, пісьменства, духоўных здабыткаў старажытных часоў і эпохі Адраджэння[149].
Францыск Скарына высока ацэньваў выдатных дзеячаў антычнага свету, знакамітых біблейскіх герояў, пазітыўна ставіўся да сучаснага яму караля Жыгімонта Старога. У сістэме Боскай іерархічнай пабудовы свету і зямной грамадскай гісторыі Скарына аналізаваў вядомую сярэдневяковай тэалогіі антыномію: «закон прыражоны» (Боскі) і «закон пісаны». Ідэі прававой дзяржаўнасці, справядлівага і маральнага вяршэнства законаў у тыя часы былі надзвычай актуальнымі. Менавіта тады быў распрацаваны і зацверджаны першы агульнадзяржаўны збор законаў — Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 года, які сістэматызаваў і рэгуляваў асноўныя сферы сацыяльных і прававых адносін. Апалогія «прыражонага закона» ў Скарыны — гэта праекцыя ідэальнай мадэлі прававой арганізацыі грамадства, заснаванай на Боскіх і хрысціянскіх запаветах. «Закон прироженый в том наболей соблюдаем бываеть: то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех, и того не чинити иным, чего сам не хощеши от иных имети». «Закон пісаны», па словах Скарыны, быў таксама дараваны ад Бога ў Свяшчэнным Пісанні, а пазней устаноўлены ад людзей праз царкоўныя саборы і земскія законы. Скарына не бачыў неабходнасці ў параўнанні пісаных законаў розных краін і народаў. Для яго больш істотныя асноўныя пастулаты права, іх блізкасць і падабенства да «прыражонага закона». Як абгрунтаванне саслоўна-манархічнага ладу, удасканалення земскага заканадаўства ўспрымалася сучаснікамі яго апісанне старажытных правоў і статутаў, заключаных у біблейскіх кнігах: права паспалітае, язычніцкае, царскае, рыцарскае, гарадское, марское, купецкае і інш.[150]
Кнігі Скарыны сведчаць пра значныя змены ў развіцці духоўных і этнаінтэграцыйных працэсаў на Беларусі, асэнсаванні гістарычнага і культурна-моўнага адзінства беларускай народнасці. Традыцыйнасць этнагістарычных вызначэнняў у Скарыны — «Русь», «руская мова», «Бівлія руска» — не пярэчаць таму, што ў сваіх выданнях ён меў на ўвазе перш за ўсё Русь айчынную, уласна беларускія землі з іх насельніцтвам, традыцыямі і культурай. Яскравым пацвярджэннем этнагістарычнай і патрыятычнай свядомасці Скарыны з’яўляецца яго замілаванне Полацкам і Полаччынай. Яно напаўняе яго агульнапатрыятычныя ўяўленні канкрэтным зместам — любоўю да сваёй малой радзімы, сям’і. Францыск Скарына адзначаў: «Понеже от прирождения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя, птици, летающие по воздуху, ведаюць гнёза своя; рибы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчёлы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають». Адсюль і палкае жаданне Скарыны служыць свайму народу, распаўсюджваць хрысціянскія і рэнесансна-гуманістычныя погляды, натхняць на асабістую і грамадскую актыўнасць, дасканаласць, пасціжэнне высокіх сэнсаў зямнога быцця і Боскіх запаветаў[149].
Палітычныя і сацыяльныя погляды Скарыны складаліся пад уздзеяннем рэальных працэсаў, што адбываліся на Беларусі, у ВКЛ, Польшчы, іншых еўрапейскіх краінах. Яго палітычным ідэалам была моцная і асветная манархічная ўлада, якая падтрымлівае хрысціянскую справядлівасць, законнасць, правасуддзе, мірныя зносіны з суседзямі, спрыяе развіццю духоўнай культуры, гандлю, рамяства. Ідэальнымі правіцелямі Скарына лічыў старажытных грэчаскіх і рымскіх цароў і заканадаўцаў: Салона, Нуму Пампілія, Лікурга, егіпецкага цара Пталамея IV Філапатара. На яго думку, манарх павінен быць набожным, мудрым, адукаваным, дабрачынным, чулым, а таксама справядлівым да сваіх падданых. Сацыяльныя адносіны Скарына таксама ацэньваў хрысціянскімі прынцыпамі: не адмаўляючы існавання класавых процілегласцей, лічыў, што ўзаемаадносіны паміж «богатыми» і «убогими» павінны складвацца на аснове «братолюбия» і «друголюбия»[151]. Значная ўвага да пытанняў права, ролі народаў у выпрацоўцы законаў, ідэй справядлівасці, роўнасці ўсіх людзей перад законам сведчыць пра тое, што ён быў занепакоены рэальным становішчам спраў на сваёй Радзіме, з’явамі сацыяльнай дыскрымінацыі, феадальнай анархіі, свавольства[152].
Скарына з’явіўся выразнікам ідэалогіі, духоўных патрэб гараджан Беларусі (пераважна купцоў і рамеснікаў). Светапогляд Скарыны тлумачыўся не толькі тыповымі рысамі эпохі, але і культурна-гістарычнымі абставінамі. На светапогляд Скарыны паўплывалі народна-этычныя і эстэтычныя, а таксама літаратурныя традыцыі. У цэнтры ўвагі знаходзілася праблема чалавека і грамадства. Скарына разглядаў і вырашаў пытанні сэнсу жыцця, духоўнага свету, годнасці чалавека, паходжання маральных уяўленняў, агульнага і індывідуальнага дабра. Ён сцвярджаў самакаштоўнасць чалавечага жыцця, але не адмаўляў і веры ў жыццё на тым свеце. Этыка Скарыны арыентуе чалавека на грамадска-карыснае зямное жыццё, служэнне «пожитку посполитому», маральнае ўдасканаленне, «абы, начившися мудрости», людзі «добре живучи на свете». Праблемы сэнсу жыцця і вышэйшага дабра разглядаліся ў прадмовах да шматлікіх кніг, у тым ліку да кніг Прытчаў Саламона, Ісуса Сірахава, Еклезіяста[153].
Духоўная спадчына Францыска Скарыны была асэнсавана і ў значнай ступені ўспрынята і развіта наступнымі пакаленнямі беларускіх мысліцеляў, гуманістаў-асветнікаў. Супастаўленне прававых ідэй Скарыны са зместам Статута 1529 года дазваляе зрабіць выснову пра практычнае ўвасабленне некаторых ідэй асветніка ў заканадаўства[154].
Найбуйнейшыя мерапрыемствы па ўшанаванні Францыска Скарыны адбываліся ў Беларусі і іншых краінах у 1917, 1925, 1967, 1972, 1986—1991, 2017 гадах. Асаблівую значнасць мела святкаванне ў 2017 годзе 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, яно дало імпульс даследаванню і папулярызацыі спадчыны Францыска Скарыны. На працягу 2012—2017 гадоў намаганнямі Алеся Сушы і Рамана Матульскага арганізаваны міжнародныя выставы выданняў Скарыны (у тым ліку з замежных збораў) у Мінску, Полацку, Маскве, Празе, Лондане і інш.; адбыліся навуковыя канферэнцыі, мастацкія конкурсы, пленэры, масавыя мерапрыемствы для дзяцей; з друку выйшлі дзясяткі навуковых і папулярных публікацый на розных мовах. Пад кіраўніцтвам Алеся Сушы таксама праведзена навуковая работа па выяўленні, апісанні і атрыманні лічбавых копій выданняў Скарыны з Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Чэхіі і іншых краін, у выніку сфарміравана электронная калекцыя з больш за 200 паўнатэкставых копій (у фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі). У 2013—2017 гадах рэалізаваны фундаментальнай значнасці навуковы і выдавецкі праект па факсімільным узнаўленні кніжнай спадчыны Францыска Скарыны (выдадзена 20 тамоў). У 2015—2017 гадах адбылося вяртанне «Малой падарожнай кніжкі» Францыска Скарыны ў Беларусь.
Жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны вывучае комплексная навуковая дысцыпліна — скарыназнаўства.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.