Спіс Папаў Рымскіх і антыпапаў
спіс артыкулаў у адным з праектаў Вікімедыя / From Wikipedia, the free encyclopedia
Па́па Ры́мскі (лац.: Pontifex Romanus — «Рымскі Пантыфік»; ці Pontifex Maximus — «Вярхоўны Суверэнны Пантыфік») — у міжнародным праве — суверэнная персона выключнай уласцівасці (persona sui generis), паколькі адначасна валодае трыма непадзельнымі функцыямі ўлады:
- Манарх і суверэн Святога Прастола;
- Як наступнік Святога Пятра (першага біскупа Рыма — у каталіцкім разуменні, першага Папы Рымскага) — бачны кіраўнік Каталіцкай Царквы і яе вярхоўны іерарх;
- Суверэн горада-дзяржавы Ватыкан[K 1].
Згадванні пра епіскапаў, якія кіравалі маёмасцю абшчын ранніх хрысціян, захаваліся ў крыніцах, датаваных пачаткам II стагоддзя. У каталіцкім успрыманні апостальскага хрысціянства Папа Рымскі кіраваў Царквой заўсёды. Зрэшты, між усімі хрысціянскімі канфесіямі, а таксама сярод секулярных даследчыкаў і рэлігіязнаўцаў сфарміраваўся кансэнсус, што Папства было цалкам аформлена на базе рымскага епіскапату ў V стагоддзі. Да IV стагоддзя рымскія епіскапы як буйныя землеўласнікі занялі ў Царкве асаблівае становішча, а з сярэдзіны VI стагоддзі яны (прыняўшы да таго часу назву «Папаў») сталі фактычнымі ўладарамі Рыма. У 756 годзе, атрымаўшы ад Піпіна Кароткага землі вакол Рыма, Папа стаў свецкім кіраўніком Папскай вобласці. Да Латэранскага Сабору 1059 года, які зацвердзіў абранне Папаў выключна кардыналамі, Папы, падобна іншым епіскапам, абіраліся супольна духавенствам і свецкім дваранствам. Назіралася пэўная форму ўплыву на Папаў ад франкскіх каралёў, якая потым змянілася своеасаблівай спробай паставіць Папаў у залежнасць ад імператараў Свяшчэннай Рымскай імперыі, якія актыўна спрабавалі ўдзельнічаць у выбары Папаў. Перыяд сярэдніх вякоў стаў часам змагання Папаў за прымат духоўнай улады над свецкай. З 1309 па 1377 гады рэзідэнцыя Папаў, якія падпалі пад уладу каралёў Францыі, знаходзілася ў Авіньёне. У Рым, скарыстаўшыся паслабленнем Францыі ў выніку Стагадовай вайны, папства вярнуў Грыгорый XI. Царкоўны раскол, што адбыўся ў XVI стагоддзі ў выніку Рэфармацыі, істотна паслабіў уплыў Рымскага Папы. Свецкая ўлада Папаў скончылася з ліквідацыяй Папскай вобласці і яе ўключэннем у склад аб’яднанай Італіі ў 1870 годзе. З 1929 года Папа па Латэранскіх пагадненнях ізноў атрымаў свецкую ўладу і стаў кіраўніком Ватыкана[1][2].
Папа Рымскі абіраецца пажыццёва на сходзе кардыналаў (канклаве) пасля смерці свайго папярэдніка (ці адрачэння, што бывае вельмі рэдка)[3]. Пасля таго, як камерленга, часовы кіраўнік Калегіі кардыналаў[4], афіцыйна пасведчыць смерць Папы, пачынаецца перыяд вакантнага прастола (лац.: Sede Vacante), які працягваецца да выбараў новага Пантыфіка. У гэты час Святым Прастолам і Каталіцкай Царквой кіруе Калегія кардыналаў[5]. Як толькі новаабраны заяўляе пра прыняцце прастола (гэта адбываецца адразу пасля абрання), пантыфікат лічыцца распачатым.
Адразу пасля абрання на канклаве, новы Папа абірае сабе імя і адпаведны нумар, пад якімі ён будзе кіраваць. Пасля 1555 года ўсе Рымскія Папы змянялі імя (руск.) (бел. пры ўступе на прастол, хоць Папа фармальна рабіць гэта не абавязаны.
Антыпапа — у Каталіцкай Царкве так прынята называць чалавека, які незаконна насіў званне Папы. Звычайна пытанне пра тое, хто з прэтэндэнтаў, якія адначасна аспрэчвалі папскі сан, з’яўляўся законным Папам, а хто антыпапам, вырашалася ўжо пасля гістарычнай «перамогі» прыхільнікаў аднаго з іх. Пры прыняцці Папамі парадкавага нумара нумар Папы, прызнанага антыпапам, не ўлічваецца. Нягледзячы на тое, што царква не прызнае антыпапаў, у выходзячым штогод афіцыйным даведніку Annuario Pontificio у рэестры пантыфікаў іх імёны прысутнічаюць, заключаныя ў дужкі[6].