Нараўлянская сядзіба

From Wikipedia, the free encyclopedia

Нараўлянская сядзібаmap

Палацава-паркавы комплекс Горватаў у Нароўлі — помнік архітэктуры позняга класіцызму сярэдзіны XIX ст., размешчаны з паўночна-ўсходняга боку г. Нароўлі (Нараўлянскі раён) на правым беразе ракі Прыпяць. Пабудаваны ў 1850 г. уладальнікам вакольных зямель заможным дваранінам Даніэлем Ігнатавічам Горватам (1810—1868) як прыватная рэзідэнцыя і цэнтр вялізнага нараўлянскага маёнтка і належаў роду Горватаў да 1918 г., пакуль не быў нацыяналізаваны савецкай уладай без кампенсацыі Горватам. Быў самай шыкоўнай рэзідэнцыяй з усіх, якія належалі Горватам, меў прадметы мастацтва еўрапейскага значэння, і з’яўляўся адной з самых шыкоўных і значных дваранскіх сядзіб у Мінскай губерні Расійскай імперыі. У савецкі час у палацы спачатку месціліся школа (а ў канікулярны перыяд — дом адпачынку). У часы Другой сусветнай вайны — нямецкая камендатура; палац быў разбомблены і згарэў. Пасля вайны і пэўнага аднаўлення ў будынку месцілася беларускамоўная школа, пазней школа-інтэрнат, з якой пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г. вывезлі дзяцей-сірот у іншае месца. Палац быў пакінуты пустым і пачаў паступова прыходзіць да заняпаду і развалу, нягледзячы на тое, што атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. 12 лістапада 2020 г. Андрэй Горват, бізнесмены Пётр Кузняцоў (Гомель) і Аляксандр Баранаў (Мазыр) разам набылі на аўкцыёне руіны будынка былога палаца Горватаў у Нароўлі, пад вельмі абмежавальныя ўмовы на 5 гадоў — кансервацыі, рэстаўрацыі і пераводу ў камерцыйнае выкарыстанне[6].

Хуткія факты Палацава-паркавы комплекс Горватаў, Краіна ...
Палацава-паркавы комплекс
Палацава-паркавы комплекс Горватаў
Thumb
Задні (паўночны) фасад палаца Горватаў на фотаздымку каля 1914 г.
51°48′22″ пн. ш. 29°30′04″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Нароўля
Архітэктурны стыль позні класіцызм[1][2]; альтанка пры палацы — ампір[3] альбо класіцызм[4]
Архітэктар дакладна невядома; пры ўдзеле жонкі заснавальніка — Іфігеніі Горват (з роду Ратынскіх)
Заснавальнік Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868)
Будаўніцтва 1850
Будынкі
палац • фантан • гаспадарчыя і вытворчыя пабудовы • альтанка • парк
Вядомыя жыхары Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868); Артур Даніэлевіч Горват (1831—1903); Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935); Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка (1830—1911)[5]; Тадэвуш Раствароўскі (1860—1928); Андрэй Раствароўскі (1899—1980)
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 312Г000536шыфр 312Г000536
Стан руіны
Thumb
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Закрыць

Аўтар праекта і будаўніцтва

Дакладна не вядома, хто з’яўляецца архітэктарам праекта палаца. Паводле пазнейшых сведчанняў Антона Геранімавіча Кеневіча (1877—1960), у аздабленні палацавых пакояў прымала ўдзел сама жонка Даніэля Ігнатавіча Горвата (1810—1868) — Іфігенія Горват (з роду Ратынскіх), якая мела вялікую прыхільнасць да мастацтва і з веданнем справы падыходзіла да дэкарыравання інтэр’еру палаца[7].

Будаўніцтва двухпавярховага палацу ў стылі італьянскага позняга класіцызма[8][9] на высокім беразе Прыпяці было скончана ў 1850 г., а само будаўніцтва адбывалася ў папярэднія гады[10]. Паблізу палаца былі пабудаваны гаспадарчыя пабудовы (каменны леднік, драўляны флігель), стайня, каменная аднапавярховая аранжарэя і кветнік, а за каменнай сцяной за палацам з паўночнага захаду былі вытворчыя будынкі горватаўскага маёнтка Нароўля (бровар, свіран, стайні, фабрыка і г.д.). Адначасова з будаўніцтвам палацу праходзіла будаўніцтва парку каля палацу.

На тэрыторыі сядзібы акрамя палаца ў пазнейшыя часы былі ўзведзены каталіцкая капліца-пахавальня Горватаў, фантан, парадная стайня, брама, дом вартаўніка, ружанец, вежы і іншыя пабудовы[11].

У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) правёў новыя будаўнічыя мерапрыемствы па ўпрыгожванні палаца і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол яго, а ў 1899 г. на акцыянерным машынабудаўнічым заводзе Франца Крулля ў Рэвелі закупіў шмат «дроту і гаплікаў» для правядзення ў нараўлянскім маёнтку тэлефоннай лініі[12]. І ў 1902 г. тэлефон быў пастаўлены[13]. Асабліва маштабныя працы праводзіліся ў 1902—1914 гг., для чаго закупаліся будаўнічыя матэрыялы: жалеза і дрот у Мазыры (у фірме Кацмана), бляшаныя вырабы ў Кіеве (на заводзе бляшаных вырабаў М. І. Шлосберга), вялікая колькасць белага і «бемскага» шкла (у Кіеўскай канторы Мальдаўскага завода), фарбы (каляровыя і бронзавыя), прыборы для новых вокнаў і дзвярэй, вапна і цэмент у Кіеве (у краме Палянкоўскага), паліваная кафля, фрызы (белаглазураваныя), шэрыя неглазураваных куты, карнізы, тэракотавыя «базікі» (на Рыжскім фарфоравым заводзе), бэлькі, асфальтавы лак і г.д.[14] А сукно, палатно, ваўняныя і іншыя матэрыялы закупляліся ў мануфактурнай суконнай краме Хаіма Давідавіча Літвінава[15]. Работы выконвалі пераважна мясцовыя спецыялісты: печкавыя і кафляныя ў палацы і пры млыне выконваў Сяргей Іваноў, мулярныя Какоўкін, цяслярныя Мордух Хайфман, малярныя Аўгуст Мілер, а таксама іншыя мясцовыя майстры[16].

У пачатку ХХ ст. нараўлянскі палац, гэтак жа як і ўсе выдатныя гаспадарчыя і фабрычныя будынкі горватаўскага маёнтка, цудоўна выглядалі з боку Прыпяці, па якой госці параходам прыбывалі ў Нароўлю. Нараўлянская сядзіба Горватаў была найбольш велічнай і складанай ў кампазіцыйных адносінах сярод іншых сядзіб Горватаў (у Ліпаве, Барбарове, Галоўчыцах, Грушаўцы, Хабне, Жарах)[17].

Архітэктура палаца

Thumb
Задні (паўночны) фасад палаца. Фота паміж 1915 і 1917 г.

Палац уяўляў сабой двухпавярховы будынак з умацаванымі сценамі таўшчынёй да 1 метра. Па цэнтры галоўнага і бакавых фасадаў плоскія рызаліты з уваходнымі парталамі і тэрасамі. Вуглы дваровага фасада фланкіраваныя гранёнымі эркерамі. Развітыя лесвіцы ў мінулым падводзілі да ўваходаў з чатырох бакоў будынка. Плоскасць сцен другога паверху па ўсім перыметры была ўпрыгожана пілястрамі. Галоўны фасад завершаны прамавугольным атыкам, на якім раней быў надпіс: "DIH 1850 г. " (абазначаў дату пабудовы і імёны ўладальнікаў Даніэля (D) і Іфігеніі (I) Горватаў (H)[18]. Галоўны фасад меў порцік з 6 тасканскімі калонамі: 2 сярэднія калоны стаялі асобна, а іншыя чатыры, якія падпіралі балкон, — парамі. Знутры палаца на балкон вялі тры вельмі высокія арачныя французскія вокны, змешчаныя паміж іанічнымі пілястрамі, здвоенымі па кутах рызаліту. Упрыгожаннем галоўнага фасада былі высокія дзверы з паўкруглымі завяршэннямі, якія выходзілі на верхні балкон, і здвоеныя пілястры. Акрамя іанічных пілястраў, элементамі ўпрыгожвання фасадаў палаца з’яўляліся таксама аконны дэкор, прафіляваны міжпавярховы карніз, а таксама кансольны карніз. Палац быў накрыты нізкім 4-скатным жалезным дахам, пафарбаваным у чырвоны колер[19].

На цокалях галоўнага (паўднёвага) фасада ляжалі бронзавыя ільвы ў натуральную велічыню, якія былі схаваны пад час нямецкай акупацыі ў 1941 г. і да нашага часу не знойдзены. Задні (паўночны) фасад меў двух’ярусны порцік (з трохкутным франтонам), у ніжняй яго частцы размяшчалася тэраса з лесвіцай, па баках якой на цокалях ляжалі два сфінксы[20].

Планіроўка палацу калідорная з вестыбюлем і квадратнай залай у цэнтры. На першым паверсе было 16 пакояў, а на другім — 10 пакояў. Пад першым паверхам мелася 8 скляпоў (сутарэнняў)[21].

Інтэр’ер палаца

Thumb
Бальная зала палаца. Фота каля 1914 г.

Інтэр'ер палаца меў класічную планіроўку са шматлікімі памяшканнямі, калідорамі ў бакавых крылах палаца. У цэнтральнай частцы першага паверха мелася зала (хол) на шырыню порціка галоўнага фасада, а побач знаходзіліся бібліятэчнае памяшканне і чытальная зала (чытальня), вокны якіх выходзілі ў парк. Пакоі ў бакавых, ад цэнтральнай часткі, крылах размяшчаліся анфіладай, кожная з іх мела свой стыль. У афармленні інтэр’ера былі выкарыстаныя арачныя нішы.

Рэпрэзентатыўныя пакоі палаца мелі паркетныя падлогі, выкладзеныя рознымі спосабамі (рознымі малюнкамі) у кожным пакоі, з розных парод дрэў, а таксама мелі розныя люстры, апраўленні дзвярэй, каміны і разнастайныя па форме, узору і якасці рознакаляровыя кафляныя печы, якія ацяпляліся з боку калідора[22]. Менавіта незвычайнай прыгажосці паркетныя падлогі больш за ўсё уражвалі гасцей палаца[23].

Thumb
Бальная зала палаца. Фота каля 1914 г.

Кожны паверх меў некалькі ванных пакояў. Асабліва дзівосным быў ніз сцен у адным з ванных пакояў на другім паверсе: было такое ўражанне, што гэта чыстае глыбокае дно ракі, у якім плаваюць розныя рыбы большай і меншай велічыні і з якога вырастаюць водарасці. Панэлі ў пакоях, лесвічныя клеткі былі зробленыя са светлага дуба. Горваты любілі ўсякага роду надпісы і мастацкія выслоўі, якія былі напісаныя на сценах алеем. Напрыклад, на першым паверсе ў куточку каля сходаў быў надпіс: «Няма выніку без прычыны»[24].

Пакоі палаца былі вельмі шчыльна завешаны мноствам сямейных партрэтаў Аскерак і Горватаў, а таксама карцінамі на ваенную тэматыку і краявідамі[25]. Напрыклад, былі карціны аўтарства Яна Дамеля і Януарыя Сухадольскага[26][27]. Архітэктар і дызайнер Тадэвуш Раствароўскі, які меў сяброўскія і сваяцкія адносіны з гаспадарамі сядзібы, намаляваў эскізы сцэн з антычнымі міфалагічнымі сюжэтамі для аздаблення плафонаў бібліятэкі, які былі ўласна выкананы, верагодна, дызанерам Марыянам Жэгота-Янушайцісам[28]. Палац аздаблялі бронзавыя работы санкт-пецярбургскага скульптара і мастака Хопіна, меліся мяккія крэслы (фатэлі) у стылі Луі-Філіпа I ці клубныя, крытыя светлай скурай[29].

Thumb
Спальны пакой. Фота каля 1914 г.

Шафы бібліятэчнай залы (на першым паверсе) з зашклёнымі дзвярыма, якія вялі на тэрасу, і чатырма вокнамі былі запоўненыя шматтысячнымі тамамі кніг, пераважна выданняў ХVIII—ХІХ стст., старадрукамі, рукапісамі і архівамі Аскеркаў і Горватаў[30]. Адзін з пакояў у паўночна-заходнім рызаліце на першым паверсе выкарыстоўвалася пад музей прыроды, дзе стаялі вакол сцен велізарныя шкляныя шафы, напоўненыя калекцыямі пудзілаў мясцовых палескіх птушак, звяроў, рыб і змей[31]. У музейным пакоі была выдатная алебастравая столя, якая ўражвала наведвальнікаў: дзве намаляваныя алегарычныя выявы прадстаўлялі: адна — раку Дняпро, другая — Прыпяць. Адзін пакой меў столю ў выглядзе пазалочанай зоркі[32].

Найраскошнейшым па афармленні быў пакой бальнай залі, якая займала ўсю шырокую прастору цэнтральнай частцы палаца на другім паверсе. Вялікія шкляныя дзверы бальнай залы выходзілі як на паўднёвы, так і паўночны фасады, а чатыры высокіх люстэркі эфектыўна павялічвалі прастору залы. З правага боку ад бальнай залы ў паўночнай частцы палаца знаходзіўся «чырвоны» салон, галоўным упрыгожваннем якога была падлога: складзеная з паркета розных парод дрэў, яна уяўляла сабой кампазіцыю «арабескі», якая нагадвае ўсходнія дываны[33]. Сцены «блакітнага» салона на другім паверсе былі абабітыя атласам сіняга колеру, а столя уяўляла сабой неба з залатымі зоркамі. Сентэнцыя «блакітнага» салона абвяшчала: «Дзіўна, што пад тваімі слядамі не растуць кветкі. Ты рай, ты май, ты вясна»[34]. На другім паверсе паўночнай часткі палаца быў шэраг парадных пакояў, аздабленне якіх канчаткова завяршылася толькі ў пачатку ХХ ст.: сцены былі ўпрыгожаны тынкавым ляпным дэкорам, выкананым у выглядзе рам, у сярэдзіне якіх размяшчаліся жывапісныя палотны[35]. Для пакоя вялікай ядальні Тадэвуш Раствароўскі намаляваў больш 10 карцін[36].

У сутарэннях знаходзіліся кухні, пральні і службовыя пакоі.

Паркавая тэрыторыя

Парк і ўяздная брама

Thumb
Домік вартаўніка (злева) і ўяздная брама (па праекту Тадэвуша Раствароўскага). На пярэднім плане — цэнтральная алея да сядзібы Горватаў. Фота каля 1914 г.

Парк пейзажнага тыпу плошчай 8,2 га быў разбіты адначасова з будаўніцтвам палаца, на роўнай тэрасе і канчаткова сфармаваўся да 1870 г. Цэнтральная алея даўжынёй каля 1 км ад уяздных варот (брамы) да палаца падзяляла парк на дзве няроўныя часткі[37]. Парк меў з поўдня і захаду агароджу з цэглы. У абсадцы цэнтральнай алеі парка былі выкарыстаны таполя чорная, таполя канадская шэрая і таполя марыландская, а таксама ляшчына[38]. Перад фасадам палацу быў створаны вялікі круглы газон: паблізу портыку на газоне раслі две ліпы, а па баках раслі два кусты персідскага бэзу, падстрыжаныя ў форме шара. Унутры парка былі ўчасткі розных дрэў і клумб, салітэраў і палян[39]. Арганізацыя парка была заснавана на паслядоўнай змене звязаных паміж сабой ландшафтных участкаў[40]. Парк вылучаўся мностам экзотаў, асабліва было многа шаўкоўніцы белай[41]. Раслі сасна чорная, псеўдатсуга Мензіса, белая акацыя, конскі каштан, бяроза, бэз, ядловец, вязавік, спірэя[42].

Парадную частку палацу ўпрыгожвалі экзатычныя клён ясенялісты белаакаймлёны, лох вузкалісты, туя заходняя і інш.[43] Уздоўж палацу раслі елкі калючыя блакітныя. Меліся чатыры баскеты з грабавымі алеямі, якія ўтварылі амаль злучаныя калідоры вышынёй да 3 метраў[44]. У адной з алей расла таполя пятроўская. Галоўныя сцяжынкі ў парку мелі кальцавы маршрут па перыметру парка і былі заснаваны на прынцыпе раскрыцця дальніх перспектыў — на раку Прыпяць, сярэдніх і блізкіх — на паркавыя пейзажы[45]. Маршрут пачынаўся ад паўночнага партэра палаца каля ракі, ішоў на ўсход да капліцы-пахавальні і альтанкі-веыж, далей дугой на поўдзень уздоўж ракі Нараўлянка ішоў да ўяздной брамы і адначасова да цёмнай яловай алеі ўздоўж цэглавай агароджы. За цэглавай агароджай з вежамі ў псеўдагатычным стылі ішла другая шырокая алея перпендыкулярна цэнтральнай алеі[46]. Паўднёва-усходняя частка парку мела рэгулярную планіроўку, што было нехарактэрным для пейзажных паркаў[47].

Thumb
Цэнтральны ўваход у гарадскі публічны парк — шмат разоў патынкаваная і пафарбаваная ўяздная брама сядзібы Горватаў, створаная па праекту Тадэвуша Раствароўскага. Фота 2017 г.

У парку меўся участак-«школка», дзе вырошчвалі найболей каштоўныя пладова-ягадныя кусты, пладовыя дрэвы, экзатычныя дрэвы, кусты і кветкі[48].

У парку была створана таксама сажалка. Існуе легенда, што ў ёй патанула адзіная дачка Даніэля Ігнатавіча Горвата. Няўцешны бацька загадаў засыпаць вадаём і засеяць гэтае месца травой. З дарогі да варот сядзібы вялі два рады елак.

У пачатку XX ст. былі пабудаваны новыя ўяздныя вароты па праекце Тадэвуша Раствароўскага — брама з калонамі, аркамі і простымі пілонамі — з цэлгы, патынкаваная. Побач быў пабудаваны дом вартаўніка ў стылі псеўдаготыкі. Да цяперашняга дня дом вартаўніка не захаваўся, а брама ў савецкі час была патынкавана шмат разоў і набыла больш аб’ёму. Вакол брамы ў горватаўскія часы раслі ў дэкаратыўных мэтах сіметрычныя групы шаўкоўніцы з грушай, высаджаныя ў форме трохвугольніка[49].

Thumb
Гарадскі публічны парк. Фота 2017 г.

Не захавалася каштанавая алея, якая вяла да плацу і была арыентавана на поўнач з выгінам на ўсход. Прыблізна пасярэдзіне каштанавай алеі была стайня, дзе трымалі скакавых коней для выездаў. У свой час парк быў насычаны элементамі малых архітэктурных форм: капліца-пахавальня Горватаў, альтанка, фантан, вежы і інш.

Пасля нацыяналізацыі маёнтка Горватаў савецкай уладай у 1920 г., сядзібны парк стаў гарадскім публічным паркам культуры і адпачынку. На месцы ранейшай сажалкі быў створаны стадыён для футбола. У 1980-х гг. у парку былі ўстаноўлены электрычныя атракцыёны: карусель, арэлі і інш. На тэрыторыі парку таксама месціліся тыр, хлебная крама, танцавальная пляцоўка, сцэна, рачны вакзал, кафэ «Брыз» і прыстань на правым беразе Прыпяці. Парк ад ракі Нараўлянкі з поўдня быў абкружаны агароджай з чыгуну, якая вяла на паўночны-захад да кандытарскай фабрыкі «Чырвоны Мазыранін».

Пачаткова высаджаных Горватамі дрэў у цяперашнім парку засталося нямнога. Цяпер у парку растуць пераважна мясцовыя пароды дрэў: дуб, ясень, ліпа, елка, сасна, вярба. І пераважаюць маладыя пасадкі. Планіроўка парка стала рэгулярнай, а не пейзажнай[50].

Капліца

Thumb
Каталіцкая капліца-пахавальня роду Горватаў (не захавалася). Фота каля 1914 г.
Thumb
Інтэр’ер капліцы-пахавальні роду Горватаў (не захавалася). Фота каля 1914 г.

Ва ўсходняй частцы парку сярод густых дрэў паблізу палацу і берагу Прыпяці была невялікая мураваная каталіцкая капліца-пахавальня роду Горватаў у неагатычным стылі[51]. Горваты былі католікамі, а найбліжэйшы касцёл знаходзіўся ў 35 км ад Нароўлі. Таму пабудова выкарыстоўвалася як хатняя капліца для набажэнстваў сям’і Горватаў і іх службітаў-католікаў[52]. Капліца мела рызу, касцёльную бялізну, фісгармонію, кадзіла, а таксама абраз (намаляваны Тадэвушам Раствароўскім).

Пад палогай капліцы быў склеп-крыпта для пахавання членаў сям’і Горватаў. Пахавана там было толькі некалькі асоб, у тым ліку цела сына Эдварда Артуравіча Горвата Даніэля (1892—1917), які памёр вясной 1917 г. у Хельсінкі (Фінляндыя)[53]. Да нашага часу тут захавалася толькі каменнае надмагілле аднаго з членаў сям’і Горватаў. Сама капліца з рэшткамі нябошчыкаў была вымыта ракой Прыпяць у 1979 г. падчас паводкі і не захавалася да нашага часу[54].

Мураваная альтанка і драўляная альтанка

Thumb
Мураваная альтанка-вежа (абярэгавага і сакральнага прызначэння) — унутры якой знаходзілася скульптура Хрыста, які нясе на сабе крыж. (Скульптура Хрыста не захавалася). Фота 2012 г.

У парку каля левага берагу рэчкі Нараўлянкі, дзе яна ўпадае ў Прыпяць, Даніэлем Горватам была пабудавана своеасаблівая мураваная альтанка-вежа (з цэглы і патынкавана), якая месцілася блізка каля капліцы-пахавальні Горватаў і была звязана з капліцай сваім прызначэннем. Мураваная альтанка ніколі не служыла бяседкай ці маяком на Прыпяці, а мела толькі адну функцыю — сакральную і абярэгавую: у альтанцы знаходзілася скульптура Хрыста, які нёс на сабе крыж, — кампазіцыя сімвалізавала шлях Хрыста на Галгофу[55]. Скульптура Хрыста ў савецкія часы была вынята з альтанкі і выкінута як непатрэбная[56].

Альтанка, якая ўяўляе сабой трох’яруснае квадратнае ў плане мураванае збудаванне вышынёй каля 11 метраў[57] у стылі ампір[58] альбо класіцызму[59], вылучаецца дасканаласцю прапорцый і стройнасцю форм[60][61]. Ніжні ярус умацаваны вуглавымі контрфорсамі і завершаны дарычным фрызам. Другі ярус скразны, з вялікімі паўцыркульнымі арачнымі праёмамі з чатырох бакоў. Вуглы аздоблены 3/4 калонамі са своеасаблівымі капітэлямі. Верхні ярус-ратонда з шасцю калонамі карынфскага ордара, завершаная паўсферычным купалам з вазай. У дэкоры — маскароны, разеткі, гірлянды, акантаваны арнамент, валюты, іонікі і інш. З альтанкі адкрываецца цудоўны від на месца ўпадзення Нараўлянкі ў Прыпяць.

Акрамя мураванай альтанкі (сакральнага значэння), паблізу Прыпяці на пагорку каля палацу мелася драўляная альтанка-бяседка, якая ўяўляла сабой слуп з васьмісхільным дахам і з лаўкамі вакол яго.

Тэнісны корт

З заходняга боку цэнтральнага газону ў парку меўся забетаніраваны тэнісны корт, які на зіму засыпаўся мятровым слоем сухога лісця, каб не трэскаўся ад марозу. У тэніс гулялі ўсе дарослыя жыхары палацу. Бавіліся і ў кракет. Са з’яўленнем электрычнасці ў сядзібе гульні праходзілі да позняга вечара.

Фантан

Thumb
Фантан перад заднім (паўночным) фасадам нараўлянскага палаца Горватаў. Фота каля 1914 г.

Шырокая лесвіца з боку фасада палаца, арыентаванага на раку Прыпяць, вяла да тэрасы, на якой размяшчаўся мураваны фантан, пабудаваны ў стылі ампір, — з цэглы і патынкаваны. Фантан уяўляў сабой басейн са скругленымі вугламі, з двух бакоў абрамлены паўкруглымі лаўкамі з усталяванымі адзін супраць аднаго манументальнымі тронамі на ляпных ільвіных лапах. (Цяпер жыхары Нароўлі звычайна назваюць гэтыя троны «панскімі крэсламі»[62][63]). Па цэнтры басейна на нізкім цыліндрычным цокалі была ваза, якую трымалі сірэны.

Фантаны былі характэрны для еўрапейскіх рэгулярных паркаў, але не атрымалі шырокага распаўсюджання ў паркабудаўніцтве Беларусі ў тыя часы і сустракаліся вельмі рэдка — толькі ў сядзібах Бачэйкаве, Дубоі, Нароўлі і Сёмкаве[64].

Яшчэ адзін мураваны фантан быў пабудаваны не на тэрыторыі сядзібы, а ў мястэчку Нароўля — побач з драўляным жылым домам Юзафа Ліневіча (Ляневіча) 1912 года. Рэшткі таго фантану захаваліся да нашага часу[65].

Гаспадарчыя пабудовы

У палацава-паркавы ансамбль уваходзілі таксама гаспадарчыя пабудовы. На паўночным усходзе ад сядзібы размяшчаўся ружоўнік, на захадзе — лядоўня (студня), кладоўка («аптэка») і аранжарэя.

Стайня, дзе трымалі скакавых коней, была драўлянай, а яе сярэдняя частка, якая служыла жыллём для яе апекуна, была мураванай. За агароджай побач з палацам знаходзіўся «фальварак» маёнтка: мураваная вінакурня, стайні для цяглавых коней, кароўнікі, кандытарская фабрыка і інш.

Кандытарская фабрыка

Thumb
Гістарычныя будынкі кандытарскай фабрыкі «Чырвоны Мазыранін» з чырвонай цэглы

У 1913 г. на тэрыторыі сядзібы ў фальварку — побач з палацам, за агароджай — Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) пабудаваў кандытарскую фабрыку. У савецкія часы фабрыка была нацыяналізавана ўладамі без кампенсацыі Горватам і атрымала ў 1925 г. назву «Чырвоны Мазыранін». Да цяперашняга часу на тэрыторыі фабрыкі «Чырвоны Мазыранін» захаваліся вытворчыя будынкі фабрыкі Эдварда Горвата, зробленыя з чырвонай цэглы ў эклектычным стылі, у якім спалучаюцца рысы раманскага (аркатура, байніцы) і гатычнага стыляў (стральчатыя аркі і праёмы).

Гістарычныя падзеі

У 1876 г. на тэрыторыі парку нараўлянскага палаца Горватамі быў пахаваны дваранін-каталік Андрэй Ліневіч (1814—1876), адміністратар нараўлянскага маёнтка Артура Даніэлевіча Горвата (1831—1903)[66].

У 1897 г. Артур Горват з Нароўлі выслаў у Познань рагі лася, якія 21 студзеня 1898 г. у Познані доктар граф Францішак Хлапоўскі (1846—1923), сваяк Артура Горвата, прадставіў на паседжанні аддзелу прыродазнаўцаў і тэхнікаў Таварыства прыяцеляў навук у Познані, каб прадэманстраваць развіццё рагоў у аленя і лася, паказваючы пры тым розніцу[67].

У пачатку XX ст. у нараўлянскім палацы пражываў[5] на першым паверсе ў сярэднім пакоі направа ад ад холу (цэнтральнага пакоя) выдавец беларускамоўнага буквара-катэхізіса «Элементаж для добрых дзетак-каталікоў» (1862), адзін з лідараў Студзеньскага паўстання (1863—1864), паўстанцкі начальнік Вільні (1863), сібірскі катаржанін, а таму вельмі аўтарытэтная сярод каталіцкага маянтковага дваранства беларуска-літоўскіх губерняў асоба — Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка (1830—1911), дачка якога Ядвіга была жонкай Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935), уласніка Нароўлі. Хоць Аляксандр Аскерка быў пахаваны ў Вільні на могілках Росі, Эдвардам Горватам у горватаўскай фамільнай каталіцкай капліцы, якая знаходзілася ў сядзібным парку каля нараўлянскага палаца Горватаў, быў створаны кенатаф з надпісам «Grobowiec Aleksandra Oskierki» як напамін аб асобе[68].

Палац Эдварда Горвата ў Нароўлі, паводле здагадкі мемуарыста Андрэя Раствароўскага (1899—1980), быў месцам, дзе неўзабаве пасля расійскай рэвалюцыі (1905) адбыўся перадвыбарчы з’езд каля 60 землеўласнікаў Рэчыцкага павета для выбрання ўпаўнаважаных для выбараў у парламент Расійскай імперыі[69], таму жанчыны з палаца выехалі на той час у маёнтак Вадовічы, а дзеці — у маёнтак Рудакоў[69].

Thumb
(злева — направа) Аляксандра Эдвардаўна Горват (1895—1943), Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935), Станіслаў Станіслававіч Ваньковіч (1885—1943) на балконе палаца ў Нароўлі падчас вяселля ў 1916 г.

У 1916 г. у нараўлянскім палацы адбылося гучнае ва ўсім беларуска-літоўскім краі вяселле Станіслава Станіслававіча Ваньковіча (1885—1943) і Аляксандры Эдвардаўны Горват (1895—1943), дачкі Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935), на якое з’ехаліся многія вядомыя дваранскія сем’і[70]. У якасці пасагу ад Аляксандры Горват горватаўскі палац і значны маёнтак Нароўля прызначаўся яе мужу Станіславу Ваньковічу, але яны так і не былі перададзены Ваньковічам да 1917 г. Бацька Аляксандры Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) валодаў маёнткам да 1917 г. і палацам да 1918 г., калі палац і маёнтак былі нацыяналізаваны савецкімі ўладамі.

У сакавіку 1920 г. польскае войска ўвайшло ў Нароўлю, куды вярнуліся і многія памешчыкі (у тым ліку Горваты), якім была вернута іх былая зямельная маёмасць, адабраная раней распараджэннямі рэвалюцыйных улад[71]. 27 чэрвеня 1920 г. па рацэ з поўдня да мястэчка падышоў бальшавісцкі бронепараход «Геройскі» Дняпроўскай ваеннай флатыліі, які сваімі стрэламі выгнаў польскае войска. Нараўлянскія Горваты пасля чарговай нацыяналізацыі нараўлянскай маёмасці выехалі ў Польшчу, дзе Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) да сваёй смерці кіраваў маёнткам Горжычкі (Gorzyczki) у Пазнаньскім ваяводстве і жыў у неарэнесансавым палацы ў Горжычках, якія ён атрымаў па спадчыне ад сваёй маці графіні Караліны Патвароўскай (1839—1921)[72].

Thumb
Дом адпачынку ў будынку палаца. Фота 1925 г.

У савецкі час у палацы спачатку месціліся школа (а ў канікулярны перыяд — дом адпачынку). Ніякіх будаўнічых мерапрыемстваў, акрамя невялікіх рамонтаў, у палацы не праводзілася. У 1928 г. у будынку былога палаца (у былой Вялікай ядальні) прайшла канферэнцыя настаўнікаў Нараўляншчыны[73].

У красавіку 1935 г. у Мінск у Дзяржаўную бібліятэку Беларусі імя У. Леніна (для папаўнення кніжнага фонду) з шафаў школы, якая месцілася ў будынку былога палаца Горватаў, былі прывезены 1800 кніг, якія раней належалі нараўлянскім Горватам, — на польскай, французскай і англійскай мовах, у тым ліку камплекты часопісаў 1848 года[74].

У час Другой сусветнай вайны, 27 жніўня 1941 г. немцы захапілі горад, у палацы месцілася нямецкая камендатура. У жніўні 1942 г. савецкія партызаны знішчыні мясцовы фашысцкі гарнізон. 23 сакавіка 1943 г. нямецкія акупанты ў Нароўлі здзейснілі масавы расстрэл местачкоўцаў: у палацавым парку былі забіты 54 чалавекі[75]. Пазней савецкімі ўладамі ў парку каля палаца на месцы пахавання быў усталяваны помнік забітым жыхарам з пералікам імён на шыльдзе. Пры вызваленні Нароўлі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў у 1943 г. будынак значна пацярпеў: пажарам, распачатым пасля бамбардзіроўкі, былі знішчаны перакрыцці, дах, пашкоджаны вонкавы дэкор будынка, а таксама амаль цалкам знішчаны інтэр’еры і прадметы будынка.

У 1951 г. архіўны фонд «Нараўлянскі маянтковец Горват» (галоўным чынам, дакументы з прадпрыемстваў і прыватнага архіва нараўлянскіх Горватаў за тры пакаленні — 216 спраў за 1853—1915 гг.) з Дзяржаўнага архіва Палескай вобласці быў пераведзены ў Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, а ў 1964 г. — у Цэнтральны дзяржаўны архіў БССР у Мінску. Цяпер гэтыя нараўлянскія дакументы ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі маюць назву «фонд 986. Горваты, маянткоўцы. 1836—1915 гг.» (218 спраў)[76].

Thumb
Палац адразу пасля Другой сусветнай вайны. Фота 25 сакавіка 1946 г.

У пачатку 1950-х гг. будынак былога палацу быў рэканструяваны з мэтай прыстасавання яго пад беларускамоўную школу, а з боку бакавога (паўночна-заходняга) фасада будынка быў ўзведзены новы корпус. Будаўнічыя работы праходзілі без уліку былой гісторыі палаца, таму многія страчаныя ў 1943 г. архітэктурныя элементы і вонкавы дэкор былога палацу не былі адноўлены. Пазней у будынку была школа-інтэрнат[77][78], з якой пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г. вывезлі дзяцей-сірот у іншае месца. Палац быў пакінуты пустым і пачаў паступова прыходзіць да заняпаду і развалу, нягледзячы на тое, што атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

У 1992—1994 гг. спецыялісты Гомельскай абласной праектнай майстэрні (пад кіраўніцтвам В. І. Мелеха) зрабілі абмеры і працоўныя чарцяжы будынка і праект аднаўлення, які прадугледжваў рэстаўрацую фасадаў з аднаўленнем дэкаратыўных элементаў і перапланіроўку ўнутранай прасторы палаца, а пасля стварэння грамадска-культурнага цэнтра горада Нароўлі (для правядзення выставак, канцэртаў, культурных сустрэч), «Цэнтра рамёстваў», кафэ-бара, актавай залы, більярднай. Але вытворчыя работы ў той перыяд не былі пачаты і стан пакінутага будынка толькі значна пагоршыўся. Новы корпус з боку бакавога (паўночна-заходняга) фасада будынка было палаца быў разбураны.

У 2006 г. група спецыялістаў (пад навуковым кіраўніцтвам архітэктара Алены Уладзіміраўна Ваяводскай) ААТ «Праектрэстаўрацыя» пачала карэкціроўку праекта аднаўлення палаца, але ў сувязі з прыпыненнем фінансавання карэкціроўка не была звершана.

Пасля ўдзелу ў адкрыцці выстаўкі архіўных дакументаў «Ваньковічы. Слаўны род зямлі беларускай» (пры дапамозе Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі) у маі 2008 г. у Мінску ў «Доме Ваньковічаў», адзіная жывая праўнучка Эдварда Артуравіча Горвата — Аляксандра Крысціна Ваньковіч (нар. 1959 г.) — наведала будынак былой нараўлянскай сядзібы Горватаў[79][80][81].

У 2009 г. Андрэй Іванавіч Горват разам з Васілём Васілевічам Чайкам (нар. 1965) прынялі ўдзел у стварэнні дакументальна-пазнавальнага фільму аўтарства і рэжысуры Аляксандра Матафонава «Лабірынты. Зачараваныя замкі панаў Горватаў» (2009) для беларускага тэлебачання[82]. У час здымак дакументальнага фільму каля будынка былога палаца Горватаў у Нароўлі Андрэй Горват зрабіў прапанову сваёй сяброўцы Вользе аб шлюбе, што ў канечным выніку і адбылося[83].

Продаж руін будынка былога палаца і рэстаўрацыя

Thumb
Будынак палаца Горватаў у Нароўлі на беразе Прыпяці. Фота 2012 г.

Звяртаючы ўвагу на сугучнасць прозвішчаў, беларускі пісьменнік і журналіст Андрэй Іванавіч Горват (нар. у 1983 г.) з юнацкіх гадоў пачаў вывучаць гісторыю шляхецкага роду Горватаў і гісторыю родавых сядзіб, каб даведацца пра патэнцыйныя сваяцкія адносіны. Сам Андрэй Горват паходзіць з прыгонных сялян вёскі Прудок (Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць, Беларусь) і лічыць, што яго продкі, паводле ўласных генеалагічных даследаванняў, могуць паходзіць ад шляхціца Кандрата Горвата (сына Гілярыя-Ваўрынца Нікшыча-Горвата)[85], нашчадкі якога збяднелі і перайшлі ў стан сялян.

Андрэй Горват таксама з 2006 г. хадзіў з думкай, каб набыць занядбаны і струхлелы будынак былога палаца Горватаў у Нароўлі, каб папярэдзіць яго поўны заняпад і знішчэнне і захаваць напамін аб слаўным родзе Горватаў[86]. У занядбаным будынку абваліўся дах, многа дзе адсутнічала падлога і вокны.

Thumb
Руіны былога палаца Горватаў (1850). Фота 2017 г.

12 лістапада 2020 г. Андрэй Горват, бізнесмены Пётр Кузняцоў (Гомель) і Аляксандр Баранаў (Мазыр) разам набылі за 53 357 беларускіх рублёў 63 капейкі[87] (прыблізна 21 тысяча долараў ЗША) ва ўласнасць на аўкцыёне руіны былога палаца Горватаў у Нароўлі, пад вельмі абмежавальныя ўмовы на 5 гадоў — кансервацыі, рэстаўрацыі і пераводу ў камерцыйнае выкарыстанне[6]. Калі ўмовы не будуць выкананы за 5 гадоў, то руіны будынка былога палаца павінны быць вернуты ва ўласнасць беларускай дзяржавы. Андрэй Горват узяў кіраванне па частковай кансервацыі і антыаварыйным работам з дапамогай валанцёраў і краўдфандзінгу. Сам Горват выказваўся, што хацеў бы зрабіць з палаца Горватаў у Нароўлі музейны комплекс з функцыямі гатэля і рэстарана[88][89][90]. Акрамя нерухомасці, пакупнікам таксама прадастаўлена права арэнды зямельнага ўчастка плошчай больш за 1 га тэрмінам на 50 гадоў[91].

У цяперашні час уласнікі з дапамогай сваіх грошай, найманых будаўнікоў, валанцёраў і грашовых ахвяраванняў ад іншых асоб вядуць працу па аднаўленні будынка палацу[92][93].

У мастацтве

Дзесьці пасля 1949 г. Мечыслаў Ялавецкі (1876—1963) малюе акварэль «Нароўля. Палац над Прыпяцю. Мазырская зямля, Палессе»[94].

У ліпені 1969 г. літаратар Уладзімір Караткевіч з экспедыцыяй наведаў беларускае Палессе: ад Гомеля і да Брэста. Свае ўражанні аб наведванні Нароўлі, яе прыродзе, горватаўскім палацы і альтанцы апісаў у сваім нарысе «Званы ў прадоннях азёр» (1969) у раздзеле «Бакены з рыбай».

Летам 1982 г. у Нароўлі кінастудыя «Беларусьфільм» здымала большасць сцэн кінастужкі «Культпаход у тэатр» (рэжысёр Валерый Давідавіч Рубінчык), у тым ліку каля нараўлянскай альтанкі, у клубе фабрыкі «Чырвоны Мазыранін» і будынку былога палаца Горватаў.

У 2009 г. Адам Глобус (нар. 1958) малюе карціну «Залаты пыл. Нароўля, шакаладная фабрыка Чырвоны мазыранін»[95].

У сваёй мастацкай кнізе «Радзіва "Прудок". Дзённік» (2016) Андрэй Горват у раздзеле «Прашу перадаць мне ва ўласнасць палац» расказвае аб сваім першым візіце ў Нароўлю ў 2006 г., знаёмстве з нараўлянскім палацам і сваіх ідэі і захадах набыць будынак былога палацу Горватаў у Нароўлі.

26 красавіка 2020 г., у чарговую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка з афіцыйным візітам прыехаў у Нароўлю. Тут прэзідэнту падарылі карціну з выявай знакамітага нараўлянскага палаца Горватаў, а Аляксандр Лукашэнка з удзячнасцю адзначыў: «Карціну павесім дома»[96].

Медыя

www.instagram.com/panski_dom/ — адрас у сацыяльнай сетцы.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Wikiwand in your browser!

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.

Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.