беларускі пісьменнік From Wikipedia, the free encyclopedia
Андрэй Іванавіч Горват ці часам Андрусь Горват (нар. 1983[1], Калінкавічы, Гомельская вобласць, БССР, СССР) — беларускі пісьменнік і журналіст, найбольш вядомы кнігай «Радзіва „Прудок“» (2016); прадпрымальнік у сферы турызму[2].
Андрэй Горват | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 1983 |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Альма-матар |
|
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік, журналіст, грамадскі дзеяч, публіцыст |
Мова твораў | беларуская |
Прэміі | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўся ў 1983 г.[3][4] у Калінкавічах[5] (Гомельская вобласць, БССР, СССР). Продкі паходзяць з вёскі Прудок Калінкавіцкага раёна Беларусі.
У 2006 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ.
Разам з Васілём Васілевічам Чайкам (нар. 1965) прыняў удзел у стварэнні дакументальна-пазнавальнага фільма аўтарства і рэжысуры Аляксандра Матафонава «Лабірынты. Зачараваныя замкі панаў Горватаў» (2009) для беларускага тэлебачання[6]. У час здымак дакументальнага фільма каля будынка былога палаца Горватаў у Нароўлі зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне.
З восені 2013 г. да сакавіка 2015 г. працаваў дворнікам Купалаўскага тэатра[7]. Пасля пераехаў на сталае жыхарства ў дзедаву хату ў вёсцы Прудок на Палессі, заняўся аднаўленнем хаты. У час свайго жыцця ў Прудку працаваў настаўнікам і актыўна рабіў запісы аб сваім вясковым жыцці і назіраннямі за аднавяскоўцамі на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Facebook». Гэтыя запісы і сталі асноваю для кнігі «Радзіва „Прудок“».
У 2016 г. праз сайт «Талака» сабраў 5290 рублёў з ахвяраванняў 364 асоб на выданне кнігі, якую пісаў 3 гады (з 2014 г.). Кніга выпускалася з 2016 г. некалькі разоў і агульны тыраж дасягнуў больш за 7000 асобнікаў. Пасля выдання кнігі выдаліў свой акаўнт у Facebook.
16 мая 2018 г. адбылася прэм’ера спектакля «Радзіва „Прудок“» у тэатры імя Янкі Купалы. Рэжысёр спектакля — Раман Падаляка, ролю Андруся выканаў Міхаіл Зуй, таксама бралі ўдзел Святлана Анікей, Дзмітрый Есяневіч[8]. Першыя паказы ішлі з вялікімі аншлагамі, квіткі на пяць чэрвеньскіх паказаў былі распраданы за 6 гадзін пасля пачатку продажу[9]. Летам 2019 г. у Брэсце (2 паказы), Пінску, Калінкавічах і Гомелі (2 паказы) у мясцовых дзяржаўных тэатрах з аншлагам адбылося шэсць паказаў спектакля «Радзіва „Прудок“» ад Купалаўскага тэатра ў Мінску — цалкам 600 гледачоў[10]. Купалаўскі тэатр хацеў прывезці спектакль «Радзіва „Прудок“» у рамках свайго «палесскага туру» і ў Мазыр, але мясцовыя ўлады не далі на гэта свае згоды[11].
У снежні 2018 г. у кнігарнях з’явілася другая кніга аўтара «Прэм’ера», на якой ён быў пазначаны як Андрэй Горват. Да выхаду кнігі аўтар не запланаваў аўтограф-сесій і іншых мерапрыемстваў[12].
21 верасня 2019 г, калі ў Купалаўскім тэатры адбылося свята з нагоды адкрыцця 100-га сезону, Андрэй Горват правёў некалькі экскурсій па закуліссі Купалаўскага тэатра. Гідамі былі таксама акцёры і супрацоўнік тэатра[13].
12 лістапада 2020 г. Андрэй Горват, бізнесмены Пётр Кузняцоў (Гомель) і Аляксандр Баранаў (Мазыр) разам набылі на аўкцыёне руіны былога палаца Горватаў у Нароўлі, пад вельмі абмежавальныя ўмовы[14].
24 мая 2021 г. у якасці прадпрымальніка ў сферы турызму прысутнічаў у Нароўлі на дыялогавай пляцоўцы па развіцці ўнутранага і прамысловага турызму Нараўлянскага раёна[15].
5 кастрычніка 2022 г. падарыў Нараўлянскаму гісторыка-этнаграфічнаму музею кнігу Уладзіміра Тугая «Чырвоны Мазыранін» (2022), купленую Горватам за свой кошт; на кнізе Андрэй Горват пакінуў свой дарчы аўтограф[16].
Севярын Квяткоўскі (літаратар): «"Радзіва Прудок" — гэта не проста кніга. Гэта вынік праекта... "Радзіва Прудок" стваралася ў рэжыме рэаліці-шоў. Адна справа, калі аўтар выстаўляе ў Інтэрнет кавалкамі ўжо гатовы прадукт, як у выпадку з тэлесерыяламі. Іншая справа, калі ні аўтар, ні чытач не ведаюць, якім будзе працяг. Куды пойдзе аўтар, з кім сустрэнецца, што падумае і адчуе. Жывая сітуацыя выклікае азарт і жаданне сачыць за развіццём падзей. Андрусь Горват першы, хто ў Беларусі рэалізаваў рэаліці-праект у літаратурным фармаце... Кніга, безумоўна, з'яўляецца прыкладам мастацкай літаратуры, бо "я" аўтара там галоўнае»[18].
Вікторыя Папова (журналіст): «Горват — першы апантаны даўншыфтар, які сапраўды кінуў усё і з'ехаў жыць у вёску. Відавочна, для яго гэта не гульня, не мульцік, не часовы прыпадак — ён напраўду выйшаў у адкрыты космас і спрабуе выжыць, выстаяць у адзіночку на нашым хутары з усімі яго любатамі… Яшчэ адна важная прычына поспеху — абаяльная і жывая беларуская мова аўтара. Не ведаю, як Андрусь гэта робіць, але музыка яго слоў ідэальна кладзецца на вушы нават тых людзей, хто валодае "мовай" павярхоўна ці не знаёмы з ёй зусім»[19].
Мікалай Пінігін (тэатральны рэжысёр): «Тое, што з'явіўся Горват — гэта цуд. Па-першае, я не чытаў нічога лепшага такога фармату ў беларускай літаратуры. Па-другое, у гэтай гісторыі ёсць шлях. Па-тряцяе, гэта не маніфест ці заклік, а звычайная гісторыя. "Радзіва Прудок" — гэта лепшае, што за апошні час з'явілася ў беларускай літаратуры. Тым больш, што ён яшчэ і працаваў дворнікам у Купалаўскім. Я прачытаў два разы і не мог адарвацца»[20].
Звяртаючы ўвагу на сугучнасць прозвішчаў, беларускі пісьменнік і журналіст Андрэй Іванавіч Горват з юнацкіх гадоў пачаў вывучаць гісторыю шляхецкага роду Горватаў і гісторыю родавых сядзіб, каб даведацца пра патэнцыйныя сваяцкія адносіны. Сам Андрэй Горват паходзіць з прыгонных сялян вёскі Прудок (Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць, Беларусь) і лічыць, што яго продкі, паводле ўласных генеалагічных даследаванняў, могуць паходзіць ад шляхціца Кандрата Горвата (сына Гілярыя-Ваўрынца Нікшыча-Горвата)[21], нашчадкі якога збяднелі і перайшлі ў стан сялян.
Андрэй Горват таксама з 2006 г. хадзіў з думкай, каб набыць занядбаны і струхлелы будынак былога палаца Горватаў у Нароўлі, каб папярэдзіць яго поўны заняпад і знішчэнне і захаваць напамін аб слаўным родзе Горватаў[22]. У занядбаным будынку абваліўся дах, многа дзе адсутнічала падлога і вокны.
12 лістапада 2020 г. Андрэй Горват, бізнесмены Пётр Кузняцоў (Гомель) і Аляксандр Баранаў (Мазыр) разам набылі за 53 357 беларускіх рублёў 63 капейкі[23] (прыблізна 21 тысяча долараў ЗША) ва ўласнасць на аўкцыёне руіны былога палаца Горватаў у Нароўлі, пад вельмі абмежавальныя ўмовы на 5 гадоў — кансервацыі, рэстаўрацыі і пераводу ў камерцыйнае выкарыстанне[24]. Калі ўмовы не будуць выкананы за 5 гадоў, то руіны будынка палаца павінны быць вернуты ва ўласнасць дзяржавы. Андрэй Горват узяў кіраванне па частковай кансервацыі і антыаварыйным работам з дапамогай валанцёраў і краўдфандзінгу. Сам Горват выказваўся, што хацеў бы зрабіць з палаца Горватаў у Нароўлі музейны комплекс з функцыямі гатэля і рэстарана[25][26][27]. Акрамя нерухомасці, пакупнікам таксама прадастаўлена права арэнды зямельнага ўчастка плошчай больш за 1 га тэрмінам на 50 гадоў[28].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.