Remove ads
кантынент From Wikipedia, the free encyclopedia
Антарктыда (грэч. ανταρκτικός — супрацьлегласць Арктыцы) — мацярык у паўднёвым паўшар’і, у межах Паўднёвага палярнага круга, займае цэнтральную частку Антарктыкі. Цэнтр Антарктыды прыкладна супадае з паўднёвым геаграфічным полюсам. Плошча 12,4 млн км² (13,9 млн км² разам з астравамі і шэльфавымі ледавікамі, што ў 68 разоў больш за плошчу Беларусі). Берагі Антарктыды (больш за 30 тыс. км) зрэзаны слаба. Пераважаюць ледавіковыя абрывы вышынёй 20—100 м. Абмываецца Паўднёвым акіянам (моры Уэдэла, Лазарава, Рысер-Ларсена, Касманаўтаў, Садружнасці, Дэйвіса, Моўсана, Дзюрвіля, Роса, Амундсена, Белінсгаўзена). У напрамку да Паўднёвай Амерыкі цягнецца вузкі Антарктычны паўвостраў. На востраве Роса ў моры Роса ўзвышаецца дзеючы вулкан Эрэбус (3794 м).
Антарктыда | |
---|---|
Названа ад | анты-[d][1] і Арктыка |
Этнахаронім | Antarcticain, Antarcticaine, Antartidanhën, Antartidanhon, Antartiku, Antartiko, Antartiko, Antartiko, antártica, antártico, Antarctican і Antartach[2] |
Знаходзіцца ў адміністрацыйнай адзінцы | |
Часавы пояс | UTC-4, UTC-3, UTC+0, UTC+03:00, UTC+5, UTC+6, UTC+7, UTC+8, UTC+10, UTC+11 і UTC+12 |
Знаходзіцца ў межах геаграфічнага аб’екта | Паўднёвае паўшар’е |
Геаданыя | Data:Antarctica.map |
Найвышэйшы пункт | Гара Вінсан |
Найніжэйшы пункт | Bentley Subglacial Trench[d] |
Колькасць насельніцтва |
|
Першаадкрывальнік | Міхаіл Лазараў, Фадзей Фадзеевіч Белінсгаўзен і Першая руская антарктычная экспедыцыя |
Плошча |
|
Дамен верхняга ўзроўня | .aq |
Дэ-юрэ на падставе | Дагавор аб Антарктыцы |
Геаграфія тэмы | geography of Antarctica[d] |
Максімальная тэмпература | 17,5 °C[4] |
Тэлефонны код краіны | +672 |
Катэгорыя для знятых тут фільмаў | Category:Films shot in Antarctica[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Антарктыда — самы высокі кантынент на Зямлі. Сярэдняя вышыня з улікам ледавіковага покрыва 2040 м (для параўнання, Азія — 950 м, Аўстралія — 350 м). Сярэдняя вышыня карэннай падлёднай паверхні 410 м (значная частка ляжыць ніжэй за ўзровень мора). Большая частка Антарктыды — пласкагор'е.
Трансантарктычныя горы ўздоўж разломаў ад мора Уэдэла да мора Роса перасякаюць амаль увесь мацярык і падзяляюць Антарктыду на дзве часткі — Усходнюю і Заходнюю, — якія маюць рознае паходжанне і геалагічную будову.
Цэнтральную частку Усходняй Антарктыды займае плато Савецкае (вышыня да 4000 м), на поўначы паверхня зніжаецца і ўтварае нізіну Міжнароднага геафізічнага года. Уздоўж узбярэжжа горныя хрыбты Зямлі Вікторыі, Зямлі Каралевы Мод, горы Прынс-Чарлз і іншыя.
Паверхня Заходняй Антарктыды значна ніжэйшая, больш расчлянёная, без ледавіковага покрыва гэта — група астравоў, злучаных паміж сабой лёдам. Хрыбты размешчаны ў глыбіні мацерыка і на ўзбярэжжы. Самы высокі масіў Вінсан (5140 м, у гарах Элсуэрт). Рэльеф карэннай скальнай паверхні Антарктыды — чаргаванне горных падняццяў (падлёдавыя горы Гамбурцава і Вярнадскага) і глыбокіх нізін. Тут знаходзіцца найглыбейшая дэпрэсія мацерыка — упадзіна Бентлі, верагодна, рыфтавага паходжання (каля 2555 м ніжэй за ўзровень мора).
Антарктыда ўкрытая магутным шчытом мацерыковага лёду, не занятая ледавікамі тэрыторыя (каля 0,2—0,3 %) — асобныя горныя вяршыні (нунатакі), хрыбты, невялікія ўчасткі сушы — антарктычныя аазісы. Агульная плошча зледзянення (пачалося 30 млн гадоў назад, пасля разрыву перамычкі, якая злучала Паўднёвую Амерыку і Антарктычны паўвостраў, што прывяло да фарміравання антарктычнага цыркумпалярнага цячэння і ізаляцыі прыантарктычных водаў — вядомых сёння як Паўднёвы акіян — ад Сусветнага акіяна) 12 044 тыс. км², аб’ём лёду 25 млн км³ (да 90 % сусветнага лёду сушы). Сярэдняя тоўшча ледавіковага покрыва 1720 м, найбольшая — 4500 м. Калі растане ўвесь антарктычны лёд, узровень Сусветнага акіяна падымецца на 60 м.
Антарктычны ледавіковы шчыт з’яўляецца буйнейшым на планеце і пераўзыходзіць бліжэйшы па памерах Грэнландскі ледавіковы шчыт ў 10 разоў. Ледавіковы шчыт мае форму купала з павелічэннем стромкасці яго паверхні ў кірунку ўзбярэжжа, дзе ён пераходзіць у ледавіковыя абрывы і шэльфавыя ледавікі. Накапленне лёду на ледавіковым шчыце прыводзіць да «цячэння» лёду ў зону абляцыі (разбурэння), якой з’яўляецца ўзбярэжжа мацерыка; лёд адколваецца ў выглядзе айсбергаў. Гадавы аб’ём абляцыі ацэньваецца ў 2500 км³.
Асаблівасць Антарктыды — вялікая плошча шэльфавых ледавікоў (да 10 % плошчы, што ўзвышаецца над узроўнем мора). Гэтыя ледавікі з’яўляюцца крыніцай айсбергаў рэкордных памераў. У летні перыяд (зіма ў паўднёвым паўшар’і) плошча ледавіковага покрыва Антарктыды павялічваецца на 3—4 млн км² у выніку разрастання шэльфавых ледавікоў, перш за ўсё вакол Антарктычнага паўвострава і ў моры Роса.
Большая частка Антарктыды — Антарктычная платформа, астатняя належыць да антарктычнага складкавага пояса, які з’яўляецца працягласцю Андаў. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жалезныя, медныя і свінцовыя руды; знойдзены мінералы з утрыманнем брому, волава, марганцу, малібдэну, радовішчы графіту і інш.
Кантынентальны (за выключэннем узбярэжжа) антарктычны, халодны і суровы. Пануюць антарктычныя паветраныя масы, фарміруецца антарктычны антыцыклон. Сярэднія тэмпературы зімой ад −20 да −30 °C на ўзбярэжжы і ад −60 да −70 °C ва ўнутраных раёнах; летам адпаведна ад −10 да −30 °C, −40 °C.
Абсалютны мінімум тэмпературы −89,2 °C зафіксаваны ў цэнтральнай частцы на станцыі Усход (Полюс холаду Зямлі) беларускім палярнікам В. Л. Карпюком.
Радыяцыйны баланс адмоўны: да 90 % сонечнай цеплыні адлюстроўваецца снежнай паверхняй і толькі 10 % ідзе на абаграванне мацерыка. Хоць ў Цэнтральнай Антарктыдзе зімой на працягу некалькіх месяцаў працягваецца палярная ноч, гадавая сумарная радыцыя набліжаецца да гадавой сумарнай радыяцыі экватарыяльнай зоны.
Ападкі толькі ў выглядзе снегу: 30—50 мм у цэнтральнай частцы Антарктыды, 700—1000 мм на ўзбярэжжы за год.
Моцныя штармавыя цыкланічныя і сцёкавыя (абумоўленыя купалападобным рэльефам мацерыка) вятры ў прыбярэжных раёнах дасягаюць хуткасці 50—60, часам 80 м/с. Самы хуткі вецер на планеце зафіксаваў беларускі палярнік А. А. Гайдашоў на станцыі Ленінградская: 88 м/сек. Таўшчыня слоя сцёку паветра складае звычайна 200—300 м, з-за вялікай колькасці ледзянога пылу гарызантальная бачнасць пры такіх вятрах вельмі нізкая. Максімальнай моцы сцёкавыя вятры дасягаюць антарктычнай зімой — з красавіка па лістапад яны дзьмуюць амаль без перапынку цэлыя суткі, з лістапада па сакавік — у начны час ці калі Сонца знаходзіцца нізка над гарызонтам. Летам у дзённы час дзякуючы прагрэву прыпаверхнаснага слоя паветра сцёкавыя вятры на ўзбярэжжы спыняюцца.
Нягледзячы на сусветнае пацяпленне, за апошнія 35 гадоў тэмпература ў Антарктыдзе істотна панізілася. Тэмпература паветра каля паверхні зніжаецца на 0,7 °C кожныя дзесяць гадоў. Гэтая тэндэнцыя ставіць у тупік вучоных, паколькі большасць сцэнарыяў кліматычных змяненняў зыходзяць з таго, што палярныя вобласці планеты павінны хутчэй і інтэнсіўней падвяргацца ўздзеянню глабальнага пацяплення. Нават частковае раставанне Антарктыды ў XXI стагоддзі лічыцца малаверагодным.
У 1990-х расійскімі вучонымі было выяўлена падлёднае назамярзаючае возера Усход.
У студзені 2006 супрацоўнікі амерыканскай геафізічнай абсерваторыі Ламант-Догерці, грунтуючыся на інфармацыі савецкай антарктычнай экспедыцыі 1958—1959, выявілі другое і трэяе па памерах падлёдныя азёры, плошчай 2000 км² и 1600 км² адпаведна, якія знаходзяцца на глыбіні каля 3 км ад паверхні кантынента.
Усяго на 2006 год у Антарктыдзе выяўлена крыху больш за сто разнастайных азёраў (ад прэсных да горка-салёных).
Для аазісаў характэрны ўмовы тыповых палярных пустынь Свабодныя ад лёду ўчасткі ўзбярэжжа і скалы ўкрыты лішайнікамі, імхамі, водарасцямі (на Антарктычным паўвостраве — папарацепадобныя, каля 10 відаў кветкавых раслін) і самкнутага покрыва не ўтварае (антарктычныя імхова-лішайнікавыя пустыні). Фаўна своеасаблівая і бедная: з птушак — пінгвіны, буравеснікі, паморнікі, знойдзена каля 70 відаў членістаногіх (кляшчы, нагахвосткі, ціхаходы і інш.).
Антарктычныя жывёлы цалкам залежаць ад прыбярэжнай экасістэмы Паўднёвага акіяна: з-за беднасці расліннасці ўсе хоць колькі значныя харчовыя ланцугі прыбярэжных экасістэм пачынаюцца ў водах, якія абмываюць Антарктыду. Антарктычныя воды багатыя зоапланктонам, які з’яўляецца асновай ланцуга харчавання многіх відаў рыб, кітовых, цюленяў, пінгвінаў. Цалкам сухапутныя жывёлы ў Антарктыдзе адсутнічаюць.
У прэснаводных азёрах мацерыковых прыбярэжных аазісаў існуюць алігатрофныя экасістэмы, населеныя сіне-зялёнымі водарасцямі, круглымі чарвякамі, весланогімі рачкамі і дафніямі. Птушкі залятаюць сюды эпізадычна.
Для нунатакаў характэрны толькі бактэрыі, лішайнікі, імхі. На ледавіковы шчыт зрэдку залятаюць паморнікі, якія рухаюцца за людзьмі.
Існуе меркаванне аб наяўнасці ў падлёдных азёрах Антарктыды крайне алігатрофных экасістэм, практычна ізаляваных ад знешняга свету.
У 1994 годзе вучоныя перадалі паведамленне аб хуткім павелічэнні колькасці раслін у Антарктыдзе, што выглядае пацвярджэннем гіпотэзы аб глабальным пацяпленні клімату на планеце.
Пошукі еўрапейскімі мараплаўцамі невядомай паўднёвай зямлі пачаліся ў XVII ст. Аднак адкрыццё Антарктыды адбылося толькі ў 1820 г., калі 16 (28) студзеня расійская экспедыцыя Ф. Белінсгаўзена і М. Лазарава заўважылі пакрытую лёдам сушу. Зрэшты, на права быць першаадкрывальнікамі шостага кантыненту прэтэндуюць англічане і амерыканцы: 18 (30) студзеня брытанская экспедыцыя на чале з Э. Брансфілдам і 17 лістапада амерыканскі кітабой Натаніэль Палмер таксама дасягнулі Антарктыды. У 1820-х-1840-х найбольшы ўнёсак у вывучэнне Антарктыды зрабілі француз Дзюмон-Дзюрвіль, брытанцы Джэймс Уэдэл і Джэймс Рос. Нягледзячы на іх экспедыцыі, да 1890-х звесткі аб Антаркыдзе былі вельмі няпоўнымі. Што казаць, калі знакаміты французскі пісьменнік Жуль Верн у кнізе «20 000 лье пад вадой» правёў сваіх герояў да Паўднёвага полюса па моры.
У канцы ХІХ стагоддзя ўзрастае цікавасць да Антарктыды, звязаная са змяншэннем колькасці кітоў у Арктыцы. У 1890-х пачаўся сапраўдны антарктычны даследчы бум. У пачатку ХХ стагоддзя з геаграфіяй Антарктыды змагаліся такія легендарныя палярнікі як Роберт Скот, Эрнест Шэклтан, Руаль Амундсен, Дуглас Моўсан, Эрых фон Дрыгальскі і іншыя. У 1911 экспедыцыя Амундсена і ў 1912 Скота дасягнулі Паўднёвага полюса.
Пасля Другой сусветнай вайны актывізуецца метэаралагічнае, гляцыялагічнае і геалагічнае вывучэнне Антарктыды. Адзначэнне Міжнароднага геафізічнага года у 1957—1958 падштурхнула самыя развітыя краіны свету да адкрыцця цэлай сеткі палярных станцый (у тым ліку і ўнутры мацерыка) і вядзення ўзгодненых сістэматычных даследаванняў. У канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя найбольшы вопыт і дасягненні ў даследваннях антарктыкі маюць ЗША, Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Новая Зеландыя. Далучаюцца і навыя гульцы: Кітай, Японія, ПАР і інш.
Антарктыда як частка Антарктыкі, з’яўляецца міжнароднай тэрыторыяй, статус якой рэгулюецца Дагаворам аб Антарктыцы. Устаноўлена, што ўсе тэрытарыяльныя прэтэнзіі ў Антарктыцы «замарожваюцца», і што Антарктыка выкарыстоўваецца толькі ў мірных мэтах.
Насённяшні дзень некаторыя дзяржавы працягваюць прэтэндаваць на тэрыторыі ў Антарктыдзе. Так, Нарвегія прэтэндуе на тэрыторыю, якая большаю за тэрыторыю самой Нарвегіі ў дзесяць разоў. Аўстралія лічыць сваёй амаль палову Антарктыды і спрачаецца з Францыяй за Зямлю Адэлі. Чылі з Аргенцінай прэтэндуюць практычна на адну і тую ж тэрыторыю — на Антарктычны паўвостраў, які яны нават па-рознаму называюць. На вялізарныя тэрыторыі претэндуюць Вялікабрытанія і Новая Зеландыя.
Асаблівую пазіцыю займаюць ЗША і Расія (раней — СССР), якія заявілі, што могуць выставіць свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі, хаця пакуль гэтага не рабілі.
Ваенная дзейнасць у Антарктыдзе забаронена. Ваенны персанал дзяржаў-удзельніц дагавора можа выкарыстоўвацца толькі ў мэтах правядзення навуковых даследаванняў. Антарктыда — цалкам нейтралізаваная і дэмілітарызаваная тэрыторыя свету. У насельніцтва станцый і ўдзельнікаў экспедыцый няма зброі (акрамя ракетніц) з прычыны поўнай адсутнасці драпежных звяроў.
З-за суровасці клімату ў Антарктыдзе няма пастаяннага насельніцтва. Часовае насельніцтва, якое базуецца на навуковых станцыях, складае ад 5000 чалавек летам да 1000 чалавек зімой. На сёняшні дзень больш за 40 краін маюць у Антарктыдзе навуковыя станцыі. Да ліку пастаянных антарктычных аператараў належыць большасць вялікіх і высокаразвітых краін.
Чвэрць жыхароў Антарктыкі прапісаны на амерыканскай станцыі Мак-Мёрда. Раўнютка на Паўднёвым полюсе дзейнічае яшчэ адна амерыканская станцыя Амундсен-Скот. У адным з самых суровых месцаў Усходняй Антарктыды кідае выклі прыродзе знакамітая расійская станцыя Усход.
А ўвогуле ў канцы 2010-х існуе больш за 100 антарктычных станцый (пастаянна дзеючыя і сезонныя). Да ліку апоншіх адносіцца і Беларуская антарктычная станцыя (Гара Вячэрняя)
З мэтай мець карэнных антарктыдцаў на выпадак дзяльбы кантынента некаторыя краіны арганізуюць на сваіх станцыях роды. Першае немаўля з’явілася на свет у Антарктыдзе 7 студзеня 1978 на аргенцінскай станцыі. З таго часу ў Антарктыдзе нарадзілася каля дзесяці дзяцей. Некалькі памерлых палярнікаў былі тут і пахаваны.
Антарктыдзе прысвоены інтэрнэт-дамен верхняга ўзроўню.aq і тэлефонны прэфікс +672. У Аннарктыцы дзейнічаюць два банкаматы.
У Антарктыдзе праводзяцца назіранні за кліматычнымі і метэаралагічнымі працэсамі, якія з’яўляюцца кліматаўтваральнымі фактарамі для ўсёй Зямлі. Вывучаюцца ўздзеянні космасу і працэсы, што адбываюцца ў зямной кары. Існуе не менш дзясятка кірункаў фундаментальных навуковых даследаванняў, цалкам завязаных на Антарктыду.
Гляцыялогія ўжо сёння прыносіць сур’ёзныя навуковыя вынікі аб тым, якой была Зямля сто, тысячу, сотні тысяч гадоў назад. У лядовым покрыве Антарктыды аказаліся запісанымі звесткі аб клімаце і складзе атмасферы за апошнія сто тысяч гадоў. Па хімічным саставе розных слаёў лёду вызначаецца ўзровень сонечнай актыўнасці на працягу апошніх стагоддзяў. Падлёдныя азёры Антарктыды даюць унікальны шанц даследаваць мікраарганізмы, якія жылі мільёны гадоў назад.
Антарктычныя станцыі, размешчаныя па ўсяму перыметру мацерыка, ствараюць ідэальныя магчымасці для маніторынгу сейсмічнай актыўнасці па ўсёй планеце. У Анатарктыцы праходзяць тэсціраванне тэхналогіі, якія ў бліжэйшай будучыні планіруецца выкарыстоўваць для даследавання, асваення і каланізацыі Месяца і Марса.
Антарктыда — апошні рэсурсны рэзерв чалавецтва, апошняе месца, дзе можна будзе здабываць мінеральную сыравіну пасля яе вычарпання на пяці абжытых мацерыках. Гэта таксама амаль 90 % сусветных запасаў прэснай вады. У выпадку падзелу Антарктыды, дзяржава-гаспадар антарктычнага сектара атрымае пад свой кантроль суднаходныя фарватары, рыбныя рэсурсы і багатыя карыснымі выкапнямі шэльфы Сусветнага акіяна. Гаспадарчая дзейнасць ажыццяўляецца ў галіне палярнага, у тым ліку экстрэмальнага, турызму.
Высокую рынкавую цану мае генетычная інфармацыя, што ўтрымліваецца ў антарктычнай флоры і фаўне. Сярод краін, якія здабываюць мікраарганізмы ў Антарктыцы разгарнулася мікрабіялагічная і фармакалагічная гонка. У ЗША пададзена заяўка на патэнт антыфрыза, створанага на аснове антарктычных мікраарганізмаў. Іспанскай кампаніяй атрыманы патэнт на выкарыстаннеў медыцыне глікапратэіна з антарктычных бактэрый, які валодае моцнымі зажыўляльнымі ўласцівасцямі. У Германіі запатэнтаваны экстракт з зялёных водарасцей, які актыўна прымяняецца ў касметалогіі.
Антарктыда — выдатная стратэгічная база для акустычнай тамаграфіі акіяна, адсочвання падводных лодак, фіксіравання ядзерных выпрабаванняў, вывучэння параметраў руху касмічных спадарожнікаў. Згодна з некаторымі крыніцамі, антарктычныя станцыі выкарыстоўваліся для ўдакладнення разлікаў траекторый міжкантынентальных балістычных ракет СССР і ЗША.
Рэспубліка Беларусь мае багатыя традыцыі вывучэння і асваення Антарктыкі. Беларусы прымалі актыўны ўдзел у даследваннях у складзе савецкіх антарктычных экспедыцый. Пачынаючы з 1957, у розныя гады ў палярных экспедыцыях удзельнічала звыш 100 беларусаў. У асноўным гэта былі навукоўцы: эколагі, метэаролагі, гідролагі.
Першым палярнікам Беларусі быў В. К. Шымановіч, удзельнік другой комплекснай антарктычнай экспедыцыі (1957). Бадай што, самай легендарнай асобай стаў берасцеец Ф. Ф. Кабот., удзельнік дзвюх савецкіх антарктычных экспедыцый. Гэта аб ім пісалі газеты ўсяго свету, калі ён, не будучы ўрачом, выдаліў апендыцыт ўрачу станцыі Леаніду Рогазаву. Аперацыя праходзіла без наркозу паслядоўна па ўказаннях самога ўрача і прайшла паспяхова.
Вялікі ўклад палярнікаў Беларусі ў даследаванні Антарктыды адлюстраваны ў многіх навуковых працах. Супрацоўнікі Рэспубліканскага гідраметцэнтра, удзельнікі савецкай антарктычнай экспедыцыі, зафіксавалі ў 1983 на станцыі Усход самую нізкую тэмпературу на планеце: — 89,2 °C (Карпюк В. Л.); у 1989 на станцыі Ленінградская самы моцны вецер на планеце: 78 м/сек. (Гайдашоў А. А.)
Пасля набыцця незалежнасці Рэспубліка Беларусь страціла цікавасць да ледзянога кантыненту, але ў 2006 паўднёвыя палярныя даследванні былі адроджаны. Да іх былі прыцягнуты і старыя савецкія палярнікі (Аляксей Гайдашоў, Юрый Гігіняк), і пляяда маладых. Перадавая група беларускіх вучоных была накіраваная на станцыю ў лістападзе 2006. Такім чынам, пачатак самастойнай прысутнасці Беларусі ў Антарктыдзе супаў з Міжнародным палярным годам, якім аб’яўлены 2007-ы. Для вядзення пастаяннай навуковай работы і круглагадовага пражывання неабходна было мадэрнізаваць электраабсталяванне станцыі, а таксама ўстанавіць новае ацяпляльнае і навуковае абсталяванне. З моманту перадачы ў эфір першай зводкі назіранняў, перш за ўсё метэаралагічных назіранняў Беларусь стала паўнавартасным удзельнікам Дагавора аб Антарктыцы.
У 2007 годзе на ўрачыстым паседжанні беларускіх палярнікаў, прывечаным 50-годдзю пачатку даследаванняў Антарктыды, пад эгідай Беларускага геаграфічнага таварыства быў створаны аддзел палярных даследаванняў. Аб’яднанне беларускіх палярнікаў дазволіць прафесіянальна ажыццяўляць грамадскую каардынацыю як на этапе падрыхтоўкі, так і рэалізацыі нацыянальных антарктычных даследаванняў.
У 2007—2010 праведзеныя тры беларускія антарктычныя экспедыцыі. За гэты час у Антарктыдзе пабывалі 12 беларускіх спецыялістаў.
11 мая 2011 Урадам Беларусі зацверджаная Дзяржаўная праграма «Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый на 2011—2015 гады». З таго значна пашырыўся аб’ём навукова-даследчых работ спецыялістамі з Беларусі ў Антарктыдзе, часу вядзецца будаўніцтва ўласнай станцыі на базе гары Вячэрняй. Для стварэння беларускай станцыі выкарыстоўваецца бязвыплатна перадаваемая Расіяй палявая база на ўзбярэжжы мора Касманаўтаў (непадалёку ад закансерваванай савецкай станцыі «Маладзёжная», калісьці — «сталіцы» савецкай Антарктыды). Станам на люты 2016 года, у Антарктыдзе ўжо працуюць першыя тры модулі беларускай антарктычнай станцыі. Усяго плануецца пабудаваць каля 12-15 модуляў, разлічаных прыкладна на 12 чалавек.
Расія мае ў Антарктыдзе 5 дзеючых станцый («Мірны», «Усход», «Новалазараўская», «Прагрэс», «Белінсгаўзен»), 1 дзеючую базу («Дружная-4») і 3 закансервіраваныя станцыі («Маладзёжная», «Руская», «Ленінградская»). Па іншых даных: 10 станцый: 7 зімовачных (3 з іх закансервіраваны) і 3 сезонныя станцыі.
Перасталі існаваць былыя савецкія станцыі «Піянерская», «Камсамольская», «Савецкая», «Усход-1», «Лазараў», «Полюс недасягальнасці», «Аазіс» (апошняя перададзена ПНР у 1959).
З 1992 паўнавартасным удзельнікам кансультацый па Дагавору аб Антарктыцы стала Украіна, якая атрымала ад Вялікабрытаніі станцыю Фарадэй (цяпер: «Акадэмік Вярнадскі»).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.