рака ў Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Сож — рака ў Смаленскай вобласці Расіі, у Магілёўскай і Гомельскай абласцях і на мяжы Беларусі з Расіяй і з Украінай[1], а таксама на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці Украіны[2]. Левы прыток ракі Дняпро.
Сож | |
---|---|
Характарыстыка | |
Даўжыня | 648 км |
Басейн | 42 140 км² |
Расход вады | 219 м³/с (у вусці) |
Вадацёк | |
Выток | Расія |
• Месцазнаходжанне | Смаленская вобласць |
• Каардынаты | 54°41′21″ пн. ш. 31°57′57″ у. д.HGЯO |
Вусце | Дняпро |
• Каардынаты | 51°56′50″ пн. ш. 30°48′24″ у. д.HGЯO |
Ухіл ракі | 0,17 м/км |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Дняпро → Чорнае мора |
Краіны | |
Рэгіёны | Смаленская вобласць, Магілёўская вобласць, Гомельская вобласць, Чарнігаўская вобласць |
Код у ДВР | 04010000412105000011550 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Даўжыня 648 км, у межах Беларусі 493 км. Плошча вадазбору 42,14 тыс. км²[3], у межах Беларусі 21,5 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 219 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,17 ‰.
Узнікненне назвы Сож сягае часоў балцка-фінскага ўзаемадзеяння ў рэгіёне вярхоўяў гэтай ракі, пачатак якога датуюць 4400—4200 гг. да н.э. Тады, у пачатку сярэдняга неаліту, на тэрыторыю протабалтаў (Нарвенская і Нёманская археалагічныя культуры) з паўночнага ўсходу насунулася фіна-вугорская па паходжанні археалагічная культура ямачна-грабенчатай керамікі. Яе пашырэнне запынілася, крыху не даходзячы да Дзвіны, фрагментарна сляды яе фіксуюць і на поўдні ад Дзвіны[4].
Саму назву "Сож" асобныя навукоўцы звязваюць з ліўскім suž[5], эстонскім suzi, фінскім susi «воўк», яна зведала эвалюцыю Suž > Съжь > Сож[6][7]. Менавіта на Пасожжы і на сумежных тэрыторыях назіраецца асаблівая канцэнтрацыя балцкіх «ваўчыных» гідронімаў: бел. Воўчаса, Аўчоса, укр. Вовчасова, Вовчасок, Вовчас / Овчес (усе да балцкага *Vilkesà, ад балцкага vilkas «воўк»)[8][9].
Найімаверней, сам Сож у верхнім цячэнні або адзін з яго прытокаў там жа першапачаткова меў балцкую «ваўчыную» (Vilk-) назву, якая была перакладзеная прышлымі фінамоўнымі прадстаўнікамі культуры ямачна-грабенчатай керамікі і пазней пашырылася ніжэй на ўсё цячэнне Сажа (падобным чынам і назва ракі Акі распаўсюдзілася з яе вытокаў на ўсё цячэнне[10]). Ідэнтычная пасожскай сітуацыя балцка-фінскага «ўзаемаперакладу» і каля літоўскага Вількаміра, дзе побач з «ваўчынай» ракой Vilkesa знаходзяцца «ваўчыныя» тапонімы Sužai і Sužionys[11].
Менавіта на Пасожжы адна з найбольш значных канцэнтрацый балцкай гідраніміі на ўсім Верхнім Падняпроўі[12].
Існуе і некалькі іншых версій паходжання назвы Сож. Ул. Тапароў, балтыст і прыхільнік «фінскай» версіі, пералічваў такія з іх, згодна з якімі назву Сож у мінулым звязвалі таксама з прускім suge «дождж» (чытаецца, аднак, як suji), з назвай сакаў (скіфаў) або з індаеўрапейскім коранем з семантыкай «чысты»[13]. Гомельскі філолаг А. Рогалеў звязвае з чарнігаўска-сумскімі дыялектызмамі «сажкі» (ямы на балоце), «сага», «сога», «саж» (возера)[14]. Географ В. Жучкевіч звязваў з старажытнарускім сожжь «выпаленыя ўчасткі лесу, падрыхтаваныя для разворвання»[15].
Пачынаецца за 12 км на поўдзень ад горада Смаленск і цячэ па Смаленскай вобласці, далей працякае па тэрыторыі Магілёўскай і Гомельскай абласцей Беларусі, вусце каля гарадскога пасёлка Лоеў. У вярхоўях з’яўляецца дзяржаўнай мяжой Беларусі з Расіяй, у апошніх 20 км цячэння з Украінай.
Агульная даўжыня рачной сістэмы (3410 рэк) 16 220 км, густата рачной сеткі на тэрыторыі Беларусі 0,38 км/км². На вадазборы ў межах Беларусі больш за 300 рэк і ручаёў часткова або поўнасцю каналізаваных, пракладзена больш за 170 меліярацыйных каналаў даўжынёй 5 км і больш. Верхняе цячэнне на паўднёва-заходняй ускраіне Смаленскага ўзвышша, сярэдняе — на Аршанска-Магілёўскай раўніне, ніжняе — у Гомельскім Палессі. У сярэднім і ніжнім цячэнні Сож працякае праз тэрыторыі, забруджаныя радыёнуклідамі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Суднаходства ад вёскі Барысавічы Клімаўскага раёна (за 373 км ад вусця) — пры высокіх узроўнях, рэгулярнае — ад горада Слаўгарад.
57 % гадавога сцёку прыпадае на перыяд веснавога разводдзя. Пад’ём узроўняў вясной пачынаецца звычайна ў 3-й дэкадзе сакавіка (радзей — у пачатку сакавіка) або ў сярэдзіне красавіка, доўжыцца 10—15 сутак у верхнім цячэнні, 20—25 сутак у нізоўі. Сярэдняя вышыня над самай нізкай межанню 4—5 м, найбольшая 6— 7,5 м. Зімовыя ўзроўні ў сярэднім на 10—20 см вышэй за летнія, але ў асобныя гады ў выніку адліг павышаюцца ў нізоўі да 2,5 м. Замярзае ў пачатку снежня, крыгалом у канцы сакавіка — пачатку красавіка ад вусця да вярхоўя. Веснавы крыгаход 3—5 сутак. На Беларусі найбольшая таўшчыня лёду ў рацэ 62—65 см. Сярэдняя тэмпература вады ў чэрвені — жніўні 19—21 °C, найбольшая ў ліпні — да 28 °C.
Даліна пераважна трапецападобная, ад вытоку да вусця Проні — выразная, глыбокаўрэзаная (20—30 м). Шырыня ў вярхоўі ад 0,3 км да 1 км, на вялікім працягу 1,5—3 км, пры зліцці з далінамі рэк Асцёр і Проня — 5 км, ніжэй горада Ветка — да 7 км, пры зліцці з далінай Дняпра — да 20 км. Схілы спадзістыя, умерана стромкія (радзей стромкія), вышынёй 15—25 м (месцамі да 40 м), парэзаны ярамі, лагчынамі, далінамі прытокаў. Правы схіл больш адкрыты, левы зарос лесам і хмызняком. На Беларусі амаль на ўсім працягу вылучаюцца пойма з нізкім (1,5—2,5 м над урэзам вады) і высокім (3—4 м) узроўнямі і 2 надпоймавыя тэрасы. Пойма двухбаковая, месцамі левабярэжная або чаргуецца па берагах. Паверхня яе перасечана лагчынамі, старарэччамі і невялікімі азёрамі-старыцамі. Затапляецца на 5—10 сутак на глыбіню 0,5—2,5 м, у вусцевай частцы — да 4—5 м.
Рэчышча звілістае. У ніжнім цячэнні вялікая колькасць лукавін, рукавоў, старыц. Да Гомеля трапляюцца астравы (даўжыня 30—300 м, шырыня 10—50 м). Шырыня ракі ў верхнім цячэнні 40—80 м, у ніжнім 90—125 м, месцамі да 230 м. Дно роўнае. Берагі да вусця Проні пераважна стромкія, вышынёй 1,5—4 м, ніжэй па цячэнні спадзістыя; на лукавінах, дзе рэчышча падыходзіць да карэннага берага (напрыклад, каля вёскі Гайшын Слаўгарадскага раёна), абрывістыя, вышынёй 12—15 м, месцамі да 35 м. Ніжэй горада Ветка па берагах пясчаныя пляжы.
Водзяцца: шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась залаты, верхаводка, гусцяра, мінога ўкраінская, галавень, судак.
Гарады: Крычаў, Чэрыкаў, Слаўгарад, Чачэрск, Ветка, Гомель. Гарадскія пасёлкі: Хіславічы (Расія), Лоеў.
Ціхі Сож. Валавяныя воды. Як у люстры, густою сцяною |
Леанід Гаўрылаў. «Сож»[16]. |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.