Проня
рака ў Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Про́ня — рака ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях Беларусі, правы прыток Сажа. Даўжыня 172 км.
Проня | |
---|---|
| |
Характарыстыка | |
Даўжыня |
|
Басейн | 4 910 км² |
Расход вады | 29,5 м³/с |
Вадацёк | |
Выток | |
• Месцазнаходжанне | в. Ланенка Дубровенскага раёна |
• Каардынаты | 54°26′17″ пн. ш. 30°45′17″ у. д.HGЯO |
Вусце | Сож |
• Каардынаты | 53°26′37″ пн. ш. 31°00′43″ у. д.HGЯO |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Сож → Дняпро → Чорнае мора |
Краіна | |
Рэгіёны | Віцебская вобласць, Магілёўская вобласць |
— выток, — вусце | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Рака пачынаецца ў вёсцы Ланенка Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці і мае кірунак з поўначы на поўдзень да ўпадзення ў Сож[1] на ўсходняй ускраіне горада Слаўгарада. Цячэ пераважна па Аршанска-Магілёўскай раўніне.
Назва
Даследчыкі Уладзімір Тапароў і Алег Трубачоў лічаць гідронім Проня словам балцкага паходжання. Назва зведала эвалюцыю: Проня < *Прёна < *Пърена.
Адпачатнай формай кораня мяркуецца *Pir-, які можа прысутнічаць у назвах сожскіх рэк тыпу Пяранка / Пірянка, Перанка / Перынка (тройчы ў басейне Верхняга Сажа вышэй за Мсціслаў), якія адразу на ўсходзе ад цячэння Проні[2].
Такога ж паходжання найімаверней і назва ракі Проня на Павоччы, тым больш яна мае прыток з назвай Піроча[3], у якім можа быць той жа балцкі корань *Pir-.
Вялікая адлегласць, на якой мусіў адбывацца адзін і той жа працэс фанетычнай трансфармацыі (Проня на Пасожжы і Проня на Павоччы), больш-менш такая ж (з паўтысячы кіламетраў), што аддзяляе, напрыклад, і сожскую раку Стрячи ад вілейскай ракі Страча (< Стряча), назвы якіх мусілі аднолькава прайсці трансфармацыю ад адпачатнага *Sir-int-[4]. На такія «гідранімічныя ізаглосы» са «звышдалёкімі сувязямі» звяртаў увагу Уладзімір Тапароў[5].
Ёсць версія, што старажытная назва ракі Проня — Прапой, той, які мае хуткае цячэнне, магчыма, гэта слова дало назву гораду Прапошаску (сучасны Слаўгарад)[6].
Народная версія аб утварэнні назвы ракі больш маляўнічая. Паводле падання, калісьці жылі дзяўчына Бася і юнак Проня. Яны моцна любілі адзін аднаго, але бацькі Басі не дазвалялі ёй выйсці замуж за беднага Проню. Тады маладыя людзі вырашылі бегчы і папрасілі багоў, каб тыя дазволілі ім быць разам. Багі выканалі іх просьбу. І калі не помнячы сябе ад шаленства бацька кінуўся ў пагоню за ўцекачамі, то выехаўшы на адну з палян, убачыў зліццё дзвюх рэк — гэта і былі Бася і Проня[7].
Магчыма, што з дзяўчынай Проней здарылася іншая неспадзёўка — яна быццам была з цыганскай сям’і і выпадкова ўтапілася, а яе кавалеры назвалі ў памяць аб ёй раку[8].
Гідраграфія
Даўжыня ракі 172 км. Вадазбор складае 4910 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 29,5 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 ‰[9][10].
Даліна добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, скрынкападобная, у вярхоўі невыразная; шырыня яе ад 0,4—0,6 км у верхнім цячэнні да 1—2 км у ніжнім. Берагі пераважна стромкія, абрывістыя, у верхнім цячэнні нізкія і забалочаныя, адкрытыя (вышыня 1—1,5 м, на асобных участках да 7 м), ніжэй вусця ракі Бася трапляюцца невялікія тэрасы. Пойма роўная, двухбаковая, сухая, лугавая; шырыня яе 0,25—0,5 км, у вусці 0,8—1,2 км (на асобных участках звужаецца да 80 м), ніжэй вусця ракі Быстрая пашыраецца да 3,8 км.
Сілкаванне Проні змяшанае, пераважна снегавое[11].
Рэчышча каналізаванае на працягу 19 км: ад вытоку да вусця ракі Пнёўка (15 км) і ад паўднёвай ускраіны горада Горкі ўніз па цячэнню (4 км): на астатнім працягу звілістае, каля горада Горкі разгаліноўваецца на некалькі рукавоў[12]. Шырыня ракі ў межань 15—20 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 50 м.
Рака Проня на ўчастку ад Горак да ўпадзення рэчкі Быстрая цячэ ў бязлесай зоне, а ад вёскі Равячына ў вузкім каньёне парослым кустамі. Кусты і вярбы схіляюцца над вадой і часта заступаюць шлях, у тым ліку і заваламі. Гэты ўчастак складае 30 кіламетраў[12].
Прытокі
Рака Проня на сваім шляху прымае некалькі дзясяткаў розных прытокаў і ручаёў. Найбуйнейшыя з іх (ад вытока да вусця):
Сярод іншых прытокаў рэкі Зярня́, Каменка, Крупка, Шыпоўка, Тросліўка (Гіжэнка).
Водны рэжым
Найбольшы ўзровень разводдзя звычайна ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем ад 2,8 м у верхнім да 3,8 м у ніжнім цячэнні. Замярзае ў вярхоўі ў канцы лістапада[9], ніжэй — у 1-й дэкадзе снежня[9]; крыгалом у канцы сакавіка — пачатку красавіка[9]. Прымае сцёк з сеткі меліярацыйных каналаў. Улетку магчымы дажджавыя паводкі[9][10]. У разводдзе затапляецца вадой на 10—40 сутак на глыбіню 0,4 м у верхнім цячэнні і 1,5— 2,5 метраў у ніжнім.
Ля вёскі Ляцягі Слаўгарадскага раёна на рацэ знаходзіцца гідралагічны пост рачны 1 разраду р. Проня—в. Ляцягі[14].
Флора і фаўна

20 % водазбору пакрыты лесам[10].
З рыб водзяцца шчупак (Esox lucius), верхаводка (Alburnus alburnus), акунь звычайны (Perca fluviatilis), галавень (Leuciscus cephalus), лешч (Abramis brama).
Карысныя выкапні
Ля ракі вядомы залежы мелу. Каля вёскі Скварск знаходзяцца радовішчы тугаплаўкіх глін і будаўнічых пяскоў[15].
Гісторыя
Старажытныя часы

Пойма ракі Проня была абжытая людзьмі як мінімум з каменнага веку, аб чым сведчаць шматлікія гарадзішчы, размешчаныя па яе берагах.
Ля вёскі Радамля Чавускага раёна на адгор’ях правага берага Проні, знаходзіцца гарадзішча з двух умацаваных пляцовак. Паўночна-ўсходняя пляцоўка авальная ў плане, памерамі 30×45 м. З паўночнага боку захаваліся рэшткі некалі высокага вала. Паўночна-заходняя пляцоўка аддзеленая ад першай вузкай глыбокай лагчынай, з боку плато прасочваюцца рэшткі двух валоў і равоў. Памеры пляцоўкі 30×40 м. За валамі, паўночней гарадзішча, на плато, размяшчаўся неўмацаваны пасад-паселішча. Горад Радамля ўпершыню згадваецца ў летапісах у 1535 годзе[16].
Ля вёскі Высокае Чавускага раёна, на мысе правага берага ракі Проні, авальнае гарадзішча, памерамі 42×26 м. Паселішча абаронена дугападобнымі валам вышынёй 4 метры і ровам. Культурны пласт змяшчае ляпную (I тыс. н.э.) і ганчарную старажытнарускую кераміку XI—XIII стагоддзяў[16].
На левым беразе Проні ля вёскі Сянькова знаходзіцца гарадзішча, на паўночны ўсход ад Слаўгарада — курганны магільнік, у 3,5 км — стаянка каменнага стагоддзя і паселішча эпохі Кіеўскай Русі, у 1 км на ўсход яшчэ шэраг стаянак каменнага стагоддзя, на правым беразе ў 2 км на поўнач ад вёскі Завад-Віравая курганны магільнік[17].
У гарадскім парку Слаўгарада, на стромкім мысе правага берага ракі Сож, каля вусця ракі Проня, старажытнае гарадзішча на Замкавай гары, памерамі 40×90 м. Захаваліся сляды ўмацаванняў: вала і рва. Тут знаходзіўся старажытнарускі Прупой (Прапошаск), упершыню згаданы ў грамаце Расціслава Мсціславіча ў 1136 годзе. Па даных раскопак вал на селішчы ўзведзены ў XII стагоддзі. На поўнач ад гарадзішча прасочваюцца рэшткі неўмацаванага пасаду[18].
Паўночная вайна

У 1708 годзе падчас Паўночнай вайны ў данясенні камандуючага корпусам Баўра Пятру I называецца рака Проня[19]:
![]() |
Сего сентября 27 дня в пути, не дошед вёски Берёзовки, получилъ ваш царского величества указ через Майора Чирикова, И пришёл в тое вёску Берёзовку, и стал промеж вёсак Берёзовка и Улуки. И сей ночи переберязь реку Проню, пойду до указанного места… | ![]() |
28 верасня 1708 года ў раёне вёскі Лясной на ўчастку паміж Проняй і Сажом адбылася бітва пры Лясной, якую Пётр I называў «маці Палтаўскай бітвы»[20].
Вайна 1812 года
Проню французскія войскі фарсіравалі двойчы — па дарозе на Маскву і назад. Пры адступленні фарсіраванне ракі адбылося ў раёне вёскі Галавічы Дрыбінскага раёна[20].
Вялікая Айчынная вайна
Да кастрычніка 1943 года
Проня была акупіравана немцамі ўжо ў сярэдзіне ліпеня 1941 года. 18 ліпеня 1941 года стралковая рота 107-га палка 55-й стралковай дывізіі загінула пры абароне аўтадарожнага моста праз раку Проню ў Слаўгарадзе (Прапойску)[21].
У Горацкім раёне, у вярхоўях Проні і Мярэі, 12—13 кастрычніка 1943 года адбылася Бітва пад Леніна — першы бой польскай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі[20]. На гэтым месцы пабудаваны мемарыял, а найблізкая вёска названа Касцюшкава[20].
Пасля кастрычніка 1943 года

У 1943—44 гадах фронт стаяў на рацэ 9 месяцаў. Страты аднаго савецкага боку толькі на тэрыторыі Чавускага раёна склалі больш за 16 тысяч чалавек[22].
За час снежаньскіх баёў 1943 года на ўчастку Скварск—Прылёпаўка—Пуцькі 290-я і 385-я стралковыя дывізіі страцілі да 1500 салдат. Прыкладна столькі ж стратаў было з боку немцаў. У гісторыю Вялікай Айчыннай вайны гэты эпізод увайшоў пад назвай «Прылёпаўскі плацдарм»[22].
У фарсіраванні Проні ўдзельнічалі 10-я армія, 49-я армія , 50-я армія , 15 стралковых злучэнняў і далучаныя да іх артылерыйскія, танкавыя, авіяцыйныя і сапёрныя часткі[22].
Экалогія
У раёне горада Горкі ў раку часам зліваюцца неачышчаныя сцёкавыя воды з агульнагарадскіх ачышчальных збудаванняў, якія забруджваюць раку, што пацверджана задаволеным іскам Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь да камунальных службаў Горак па прычыне шкоды, нанесенай рыбным запасам ракі Проні ў 2005 годзе[23]. Вада ў раёне Горак брудная[24].
У 2011 годзе саўгас-камбінат «Горкі» забрудзіў раку Проню на працягу амаль 15 кіламетраў[25].
Населеныя пункты на рацэ
Гарады
У месцы ўпадзення ў Проню ракі Парасіца знаходзіцца горад Горкі, у месцы зліяння Проні з рэкамі Быстрая і Гольша стаіць гарадскі пасёлак Дрыбін, ля вусця — горад Слаўгарад.
Іншыя населеныя пункты
У Дубровенскім раёне: вёскі Ланенка, Лосеўка; у Горацкім раёне: вёскі Радзівонаўка, Сава, Сенькава, Азаравічы, Малая Каралёўка, Вялікая Каралёўка, Кузавіна, Старажоўка; у Дрыбінскім раёне: вёска Галавічы; у Чавускім раёне: вёскі Будзіна, Скварск, Прылёпаўка, Пуцькі, Старасёлы, Ключ, Загоранка, Высокае, Петухоўка, Дужаўка; у Слаўгарадскім раёне: вёска Новая Слабада.
Турызм
Рака прыдатная для сплаву на байдарках. У наваколлях Проні знаходзіцца шэраг славутасцяў.
Славутасці
У вёсцы Ланенцы Дубровенскага раёна захавалася Пакроўская царква, пабудаваная ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя[26][27].
Ля вёсак Сянькова, Радамля і Высокае знаходзяцца стадаўнія гарадзішчы[16][17].
У вёсцы Будзіна пастаўлены помнік у гонар прарыву абароны часткамі 49 арміі[28].
У вёсках Кузьмінічы[29] і Петухоўка[30] ёсць брацкія магілы савецкіх воінаў, а ў вёсцы Прылёпаўка[31] — мемарыял часоў Вялікай Айчыннай вайны.
У вёсцы Петухоўка знаходзіцца помнік прыроды мясцовага значэння «Байкоўскія крыніцы»[32][33].
У Горках дзейнічае Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, які быў закладзены ў 1848 годзе па праекце А. Кампіёні. На сённяшні дзень гэты выбітны ландшафтны аб’ект налічвае больш за 1000 відаў і разнавіднасцей раслін[17][34], яго дэндрарый у 1963 годзе быў абвешчаны Батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння[35]. Цяпер на тэрыторыі Батанічнага саду расце каля 400 відаў і разнавіднасцей дрэў, кустоў, каля паўтысячы лекавых і іншых раслін. У аранжарэі растуць трапічныя і субтрапічныя віды раслін, якіх налічваецца больш за 300[36].
У культуры
У літаратуры
Проні прысвяцілі вершы Аляксей Пысін[37] і Алесь Корнеў[38]. Яна згадваецца ў рамане Леаніда Левановіча «Бесядзь цячэ ў акіян»[39].
Падзеі твора Уладзіміра Успенскага «Невядомыя салдаты» («руск.: Неизвестные солдаты»), які быў адзначаны[40] М. А. Шолахавым, як «лепшы твор аб Вялікай Айчыннай вайне», а таксама ў кнізе Дзеева і Пятрэнкі «Прастрэленыя кіламетры»[41] адбываюцца таксама і падчас фарсіравання Проні.
У выяўленчым мастацтве
Мікалай Рыжоў назваў сваю выстаўку «Прыгажуня Проня» і прысвяціў Проне некалькі сваіх карцін[42], таксама яна намалявана на акварэлі Мікалая Арасланава «Апошні лёд на Проні»[43]. Яўген Зайцаў у 1954 годзе стварыў карціну «Вечар на рацэ Проні»[44].
Заўвагі
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.