Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Лівы (саманазва: līvlizt, латв. lībieši, аг.-усх.-слав.: либь) — малы фіна-ўгорскі народ, карэнныя жыхары Курляндыі. Агульная колькасць у Латвіі (згодна з перапісам 2011 г.) — 179 чал. У 2013 г. у Канадзе памёр апошні носьбіт ліўскай мовы[1].
Найбліжэйшыя сваякі ліваў — сучасныя эстонцы, з якімі лівы падтрымлівалі эканамічныя і культурныя сувязі да пачатку XX ст. Кантакты з эстонцамі бачныя і на ўзроўні мовы ліваў.
Нашчадкі старажытных ліваў у Латвіі — малалікая этнічная група, якая займае тэрыторыю галоўным чынам на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, у межах Вентспілскага раёна. Паводле веравызнання лівы, у асноўным, з’яўляюцца пратэстантамі-лютэранамі.
У Латвіі лівы лічацца адным з двух аўтахтонных у краіне народаў разам з латышамі (латгальцы, хоць і маюць вельмі адметную латгальскую мову, уключаюцца ў склад латышоў). У прэамбуле Канстытуцыі (Сатвэрсмэ) Латвійскай Рэспублікі гаворыцца: «Латвійскую ідэнтычнасць ў еўрапейскай культурнай прасторы ад старажытнасці твораць латышскія і ліўскія традыцыі»[2].
Пачынаючы з III тысячагоддзя да н.э. лівы засялялі тэрыторыю сучаснай Латвіі, прыбыўшы на прыбалтыйскія землі з поўначы ці паўночнага ўсходу. Займалі землі, што прылягалі да Фінскага заліва, у басейнах рэк Даўгава і Гаўя, паўночную частку Курземскага паўвострава. Пазней лівы былі часткова выцеснены, часткова асіміляваны балцкімі плямёнамі.
Да канца I тысячагоддзя н.э. тэрыторыя рассялення ліваў, якія асіміляваліся куршамі і латгаламі, зменшылася. У IX—XII стст. лівы займалі землі на ўзбярэжжы Рыжскага заліва.
На поўначы Беларусі вядомыя адзінкавыя знаходкі жаночых упрыгажэнняў ліваў XII—XIII стст.: шкарлупкападобныя фібулы, бранзалеты, крыжападобныя шпількі і інш. (Браслаў, Маскавічы, Полацк і інш.).
Менавіта ліўскае suž «воўк» з’яўляецца фанетычна найбліжэйшым словам з усёй фінскай лексікі (эстонскае suzi, фінскае susi) да першакрыніцы, ад якой пайшла назва дняпроўскай ракі Сож (Suž > Съжь > Сож)[3]. Узнікненне назвы адносяць да часоў балцка-фінскага ўзаемадзеяння ў рэгіёне сожскіх вярхоўяў, пачатак якога датуюць 4400—4200 гг. да н.э. Тады, у пачатку сярэдняга неаліту, на тэрыторыю протабалтаў (Нарвенская і Нёманская археалагічныя культуры) з паўночнага ўсходу насунулася фіна-вугорская па паходжанні археалагічная культура ямачна-грабенчатай керамікі[4].
Згодна з археолагамі, жылі ў паўзямлянкавых і наземных (аднакамерных зрубных) жытлах з ачагамі, радзей з печамі-каменкамі. Сярод помнікаў ліваў X — пачатку XII стст. гарадзішча і селішча Кентэскалнс — паселішча на месцы Рыгі, гарадзішча Айзкраўклэ, селішчы Кабэлэс, Саласпілс, Лаўкскола.
Асноўным заняткам старажытных ліваў было земляробства, значную ролю ў гаспадарчым жыцці адыгрывала рыбалоўства і бортніцтва, а таксама гандаль.
У IX—XII стст. адбываецца моцнае расслаенне ліваў з вылучэннем раннефеадальных вярхоў. Пра гэта сведчаць летапісныя крыніцы, якія згадваюць «князёў і старэйшын» ліваў (Каўпа, Дабрэл і інш.), а таксама археалагічныя матэрыялы (пахаванні з вялікай колькасцю прадметаў, што сведчаць пра высокі сацыяльны статус пахаваных, скарбы рэчаў з серабра).
У XI — пачатку XII стст. лівы плацілі даніну Полацкаму княству, але ў канцы XII ст. трапілі пад моцны нямецкі ўплыў. У 1205 г. значная частка ліўскага насельніцтва прымае ад немцаў хрысціянства. Нягледзячы на гэта, лівы працягваюць барацьбу супраць нямецкай прысутнасці, карыстаючыся дапамогаю латгалаў і палачанаў. У 1220-я гады лівы канчаткова падпарадкоўваюцца Ордэну Мечнікаў і пачынаюць браць удзел у ваенных кампаніях супраць эстаў, латгалаў, палачанаў і князёў паўночнай Русі. Пачынаючы з канца XIII ст. звестак пра ліваў у летапісах вельмі мала, яны ўсё больш асімілююцца.
Пахавальны абрад у ліваў — трупапалажэнне ў бескурганных (Айзкраўклэ, Саласпілс, Лаўкскола, Вампэніешы, Ідыпі) і курганных (Стэдэры, Чыекуры, Прыедэ) могільніках. Для наддзвінскіх ліваў характэрны бескурганныя могільнікі і курганы, а для ліваў, што жылі ў басейне Гаўі, толькі курганныя могільнікі. У склад пахавальнага інвентару абавязкова ўваходзілі гаршкі. У жаночых пахаваннях знойдзены авальныя (чарапахападобныя) фібулы, злучаныя нагруднымі ланцужкамі, шыйныя грўні, рознакаляровыя шкляныя пацеркі, бронзавыя бранзалеты і пярсцёнкі, жалезныя нажы ў похвах, у мужчынскіх — прадметы ўзбраення і бытавыя рэчы. Сустракаецца і трупаспаленне.
Пачынальнік латышскай паэзіі Аўсэкліс (Мікеліс Крогзэміс), які паходзіў з «ліўскіх» краёў на латвійска-эстонскім памежы, прысвяціў лівам вершы «Думкі апошняга ліва каля вусця Салакі»[5]:
Бывай, святая зямля, святыя пячоры,
Дзе бацькі насалоджваліся нябеснымі імгненнямі!
Бывай, Салаца, якая маіх братоў
У калысках хваляў гушкала!
Бывай, старое белае Лайміна мора,
Якое вучыла бацькоў свабодзе.
(…)
Няхай несмяротны латыш, наш брат,
Яшчэ тысячу гадоў завіхаецца наўкола цябе.
Няхай ён згадвае нас, каторыя спяць у цемры,
Калі робіць слаўныя справы пад сонцам.
І пакуль ён жыве на балтыйскіх берагах,
Мы таксама разам з ім працягнем жыць.
Да ліваў сябе залічаюць заснавальнікі этна-культурнага фалькларысцкага руху ў Латвіі — сям’я Сталтаў (Дайніс і Хэлмі), якія ў 1976 годзе стварылі фальклорны гурт Skandinieki (Скандыніекі). За нашчадкаў ліваў лічаць сябе таксама ўдзельнікі вядомага ў Латвіі сямейнага музычнага фальклорнага гурта Delve (Дэлвэ).
Ліўская ідэнтычнасць, што схіляе да асобнасці, ускосна дапамагае фалькларыстам трымацца этна-каштоўнасцяў і ў сучасных умовах глабалізацыі.
У складзе Латвійскага ўніверсітэта ад 2018 года дзейнічае навуковая ўстанова «Ліўскі інстытут»[6]. У студзені 2023 года ў Латвіі была ўсталяваная першая двухмоўная, латышска-ліўская шыльда на ўездзе ў Талсінскі край (адміністрацыйная адзінка ў складзе Латвіі).
Сцягам сучаснага ліўскага руху лічыцца зялёна-бела-сіні.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.