Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Алба́нцы (алб.: Shqiptarët) — індаеўрапейскі народ, карэнныя насельнікі Балканскага паўвострава. Большасць албанцаў жыве ў Албаніі і Косава, а таксама ў суседніх краінах. У выніку эміграцыі склаліся значныя абшчыны албанцаў у Італіі, Германіі, Швейцарыі, ЗША. Агульная колькасць (2018 г.) — 6 697 000 чал.
Албанцы (Shqiptarët) | |
Албанскі народны строй у Чарнагорыі | |
Агульная колькасць | 6697000 (2018 г.)[1] |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Албанія — 2810000 (2011 г.)[2] Рэспубліка Косава — 1616869 (2011 г.).[3] |
Мова | албанская |
Рэлігія | іслам, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | магчыма ілірыйцы, фракійцы |
Упершыню плямёны албанцаў згадваюцца на Балканскім паўвостраве ў 1038 г. візантыйскім храністам Міхаілам Аталіятам[12]. У XI—XIII стст. яны ўзгадваюцца ў пісьмовых помніках Балгарыі, Сербіі, Дуброўніка. Першы пісьмовы помнік "Мешары" на албанскай мове быў напісаны ў 1555 г.[13] Албанская саманазва Shqiptarët вядома з XIV ст. і паходзіць ад алб.: shqipoj "размаўляць зразумела"[14].
У 1854 г. лінгвістамі быў усталяваны той факт, што албанская мова складае асобную замкнёную галіну індаеўрапейскіх моў. Была вылучана тэорыя аб яе паходжанні ад старажытных ілірыйскіх моў. У канцы XIX ст. у перыяд фарміравання адзінай албанскай нацыі тэорыя ілірыйскага паходжання набыла незвычайную папулярнасць сярод албанскіх інтэлектуалаў[15]. Да нашых дзён яна з’яўляецца асноўнай у навуковых колах, абапіраецца на лінгвістычныя і археалагічныя сведчанні. Разам з гэтым высоўваюцца іншыя версіі аб паходжанні албанцаў ад пеласгаў[16], ад фракійцаў[17], або ад розных груп балканскага насельніцтва, якое адасобілася толькі ў перыяд пасля Сярэднявечча[18].
Генетычныя даследаванні дэманструюць, што албанцы дастаткова адасоблены, але маюць шмат агульнага ў паходжанні з іншымі балканскімі народамі, а таксама народамі Заходняй Еўропы[19].
Асноўнымі гаспадарчымі заняткамі албанцаў здаўна былі жывёлагадоўля і земляробства, у лясных мясцовасцях — паляванне, каля буйных азёр і на марскім узбярэжжы — рыбалоўства. Хаця суседдзі часцяком атаяснялі албанцаў менавіта з жывёлагадоўчым заняткам, у большасці выпадкаў яны спалучалі яго з апрацоўкай зямлі. Вырошчвалі ў далінах збожжавыя, гародніну, вінаград, масліны і інш. У гарах сеялі азімыя. Часцяком сем'і жывёлагадоўцаў стваралі невялікія палеткі ў некалькіх месцах. Зямлю апрацоўвалі драўляным плугам з жалезным лемешам.
Сельскае насельніцтва трымала коз, буйвалаў, коняў, аслоў, але ў якасці галоўнай свойскай жывёлы і багацця разглядаліся авечкі. Была распаўсюджана авечкагадоўля адгоннага тыпу. Узімку статкі трымалі каля жытла. Улетку пераганялі на горныя пашы.
Таварная сельская гаспадарка з’явілася толькі ў канцы XIX ст., прычым ахапіла далёка не ўсе раёны, населеныя албанцамі. Уцягванню ў грашовую эканоміку замінала сістэма панскіх латыфундый. Пад уплывам рынкавых патрэб пачало развівацца садаводства, вырошчванне цытрусавых. На тэрыторыі сучаснай Албаніі таварная вытворчасць шоўку і мёду была вядома з XVII ст.
Рамёствамі займаліся пераважна албанцы-хрысціяне. Яны стваралі прафесійныя аб’яднанні (фраталія, эснаф, руфет), развівалі ткацтва, выраб зброі, будаўніцтва. Меліся рамесныя паселішчы з пэўнай спецыялізацыяй. Рамеснікі самі гандлявалі сваімі таварамі, таму былі вымушаны вандраваць. У некаторых раёнах важнае значэнне атрымала адыходніцтва — сезонная праца ў Стамбуле, найманне маракамі на іншаземныя судны. Прамысловая вытворчасць узнікла толькі ў XX ст. Колькасць прамысловых рабочых не была вялікай.
Асноўны тып сельскага паселішча — вёска. Албанскія вёскі звычайна вялікія, будуюцца на схілах гор або пагоркаў паміж зімовымі і летнімі пашамі. Найбольш старажытныя вёскі маюць раскіданую або кластарную планіроўку. Паміж жытламі застаюцца кавалкі зямлі, прыдатныя для апрацоўкі. Пры кластарнай планіроўцы вылучаюцца своеасаблівыя кварталы ладжэ. У мінулым марское ўзбярэжжа ўлетку затаплялася, тут было шмат балот, і рэдкія групы пастухоў сяліліся на ўзвышшах. Меліярацыя прывяла да з’яўлення сухой прыморскай прасторы, дзе будаваліся вёскі з рэгулярнай планіроўкай.
Гарады на тэрыторыі, населенай албанцамі, узніклі ў глыбокай старажытнасці. Звычайна яны ўзводзіліся на гандлёвых шляхах або каля марскіх бухт. Сэрцам горада былі замак або крэпасць. Паселішча гараджан расло ці непасрэдна ў межах умацаванняў, ці каля іх. У мінулым хрысціяне і мусульмане жылі ў розных кварталах, аднак дамы будавалі аднолькава з шырокімі падворкамі, схаванымі каменным плотам. Сучасная гарадская забудова з’явілася толькі пасля I Сусветнай вайны.
Відавочна, найбольш старым тыпам жытла была хаціна, якая будавалася з драўляных бярвенняў і мела пакаты дах. Вокнаў у такіх хацінах не было. Унутраная прастора падзялялася плеценай агарожай на жыллёвую і гаспадарчую. Узімку ў гаспадарчай частцы трымалі свойскую жывёлу. На летніх пашах пастухі ладзілі сезонныя хаціны з каменю без раствора. У прыморскай нізіне былі распаўсюджаны каркасныя жытлы, якія абмазваліся сумессю гліны і трыснягу. Аднак з пачатку XX ст. або нават раней сталі будаваць пераважна двухпавярховыя каменныя дамы штопі. Другі паверх штопі можа быць драўляным або фахверкавым. Ён выкарыстоўваецца для жылля. Ніжні паверх — гаспадарчы. Адметнымі з’яўляюцца албанскія дамы-вежы кула з байніцай для абароны ўваходу, вузкімі вокнамі, якія зачыняліся камянямі.
Дахі прынята крыць трыснягом, саломай, шыферам, дахоўкай, плоскімі камянямі.
У кожным рэгіёне Балканскага паўвострава, населеным албанцамі, народная вопратка мае свае асаблівыя рысы. Мужскі строй звычайна ўключаў абліпальныя ваўняныя штаны і ваўняную кашулю. Галаўныя ўборы розныя — кучомкі, невялікія шапкі, фескі. Старажытнай часткай мужчынскай вопраткі лічыцца саронг фустанела, падобны на кілт[20]. Вадная дэталь мужчынскага строя — рамень. Асновай жаночага сторя з’яўляецца блуза з доўгімі рукавамі і манжэтамі, дзве спадніцы, хустка і залатыя ўпрыгожванні.
Албанскія кулінарныя традыцыі фарміраваліся пад уплывам некалькіх фактараў — заняткаў, рэлігійных звычаяў, блізкасці прыбярэжнай зоны да міжземнаморскага свету і горнай — да іншых балканскіх народаў. У выніку склаліся дзве кулінарныя традыцыі — міжземнаморская і балканская. Земляробы і насельніцтва прыбярэжнай зоны гатавалі ежу пераважна ў гліняным посудзе. Гараджане і жывёлагадоўцы часцей выкарыстоўвалі металічны посуд. Да другой паловы XX ст. харч захоўвалі ў драўляных скрынях. У прыбярэжнай зоне вырошчвалі масліны і шырока спажывалі аліўкавы алей. Аснову рацыёна складалі кукурузны хлеб і гародніна. На астатніх землях кухня вызначалася наяўнасцю вялікай колькасці мясных і малочных вырабаў, перавагай сметанковага масла. У розных рэгіёнах, населенных албанцамі, існуюць характэрныя толькі для іх гатункі сыроў. Шырока распаўсюджаны тварог г'іза.
У якасці спецый албанцы ўжываюць пераважна часнык і чырвоны перац. Прысмакі — пірагі, смажаныя каштаны, салодкі рыс з вінаградам і г. д. Найбольш папулярныя традыцыйныя напоі — кава і ракія.
Албанцы маюць складаную сацыяльную структуру. Яе асновай з’яўляецца сям'я, якая можа ўяўляць сабою як адзінку грамадства, аб’яднаную шлюбам, так і супольную сваяцкую гаспадарку. У мінулым у гарадах і земляробчых рэгіёнах дамінавалі пашыраныя сем'і, што часам налічвалі 50 чалавек. У жывёлагадоўцаў найчасцей сустракаліся малыя нуклеарныя сем'і.
У горных раёнах сем'і звычайна трымаліся блізка да сваякоў, атрымоўвалі ад іх дапамогу, карысталіся традыцыйным судом. У выніку ўзніклі буйныя родавыя аб’яднанні фіс, у якія ўваходзілі сем'і, што паходзілі ад аднаго продка-мужчыны. Унутры фіс вылучаліся меншыя братэрствы влазнія і дробныя сваяцкія групы барку. У канцы XVII ст. асманскія ўлады стварылі адміністрацыйныя аб’яднанні фламур (або байрак) і каджабашы. Да пачатку XX ст. яны выконвалі альтэрнатыўныя функцыі кіравання і пры саслабленні сваяцкіх аб’яднанняў бралі функцыі рэгулявання абшчынным жыццём. У вёсках і гарадах фарміраваліся тэрытарыяльныя суседскія абшчыны, часцяком падзеленыя па рэлігійнай прыкмеце, а таксама прафесійныя карапарацыі. У нашы дні захоўваюцца этнатэрытарыяльныя супольнасці з моцнай самасвядомасцю. Так, у Албаніі вылучаюць паўночную групу албанцаў чэг (або гег) і паўднёвую тоск.
Албанскія сем'і звычайна патрыярхальныя, кіруюцца мужчынамі. Дзеці належаць да сваяцкай групы бацькі, таму ў мінулым пры разводзе заставаліся з ім. Вяселлю папярэднічаў цыкл абрадаў, галоўным з якіх з’яўляліся заручыны. Сватаўство адбывалася праз сваякоў і сяброў жаніха і нявесты. У мусульман жаніх павінен быў заплаціць значны выкуп. Вясельны пір арганізоўваўся пры непасрэдным удзеле сваякоў і суседзяў. Мужчыны і жанчыны піравалі асобна. Маладыя не сядзелі за агульным сталом. Да стала толькі на кароткі тэрмін выводзілі нявесту. Важную ролю ў вясельнай цырымоніі мелі падарункі і пажаданні, спевы, абрад аб’яднання сям'і жаніха з кумам, провады кума. У маладой сям'і мужу і жонцы забаранялася звяртацца адзін да іншага, называючы імя, асабліва ў прысутнасці іншых людзей.
Албанскія рамеснікі лічыліся выдатнымі разьбярамі, кавалямі, збройнікамі. Асабліва вядома албанская халодная зброя з інкрустацыяй. Традыцыйная архітэктура зведала моцны ўплыў Візантыі, а потым Асманскай імперыі. Захаваліся праваслаўныя храмы пачатку XIV ст., мячэці і масты XV - XVIII стст.[21] У XIX ст. узнікла прафесійнае выяўленчае мастацтва[22].
Албанская вусная народная спадчына блізкая да вуснай спадчыны іншых балканскіх народаў, аднак маецца пэўная спецыфіка. Албанскі фальклор багаты на легенды, паданні і казкі. Вылучаецца сюжэт пра братоў-асілкаў Муджа і Халіла. Папулярным героем казак і паданняў з’яўляецца Скандэрбег[23]. Песні маюць розную тэматычную накіраванасць, звычайна суправаджаюцца музыкай. Распаўсюджаныя музычныя інструменты — барабан, дарбука, флейта, балканскія гуслі, горн і інш.[24] Пад уплывам Візантыі сфарміравалася албанская народная ізапаліфанія, унесеная ў 2005 г. у спіс ЮНЕСКА нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва.
Албанскі народны танец развіваўся пад уплывам суседніх народаў, прычым заўважны значныя адрозненні ў танцавальным мастацтве албанцаў поўдню і поўначы[25]. Прынята вылучаць гарадскія і сельскія танцы. Гарадскія вельмі разнастайныя па музыцы і стылю. Сельскія маюць рэгіянальныя асаблівасці. Распаўсюджаны карагоды, парныя танцы, асобныя танцы для мужчын і жанчын.
Албанская мова належыць да асобнай групы індаеўрапейскіх моў. Першая пісьмовая ўзгадка пра асобную албанскую мову з’явілася ў 1285 г. У 1555 г. на ёй быў напісаны трэбнік "Мішары". У 1635 г. у Італіі быў складзены албанска-лацінскі слоўнік. У наш час з’яўляецца афіцыйнай мовай Албаніі і Косава. Вылучаюць 2 буйных і некалькі малых дыялектаў. Пісьмовасць на аснове лацінкі.
У народнай культуры албанцаў захаваліся некаторыя старажытныя паганскія традыцыі — вера ў духаў, ахвярапрынашэнні, рэшткі старажытнай міфалогіі. Аднак з пачатку нашай эры на Балканскім паўвостраве распаўсюджвалася хрысціянства, з канца XIV ст. — іслам, якія аказазвалі значны ўплыў на духоўнае жыццё албанцаў. Падчас панавання Асманскай імперыі ў XV - пачатку XX стст. афіцыйныя ўлады імкнуліся ўкараніць іслам, хаця ніколі не забаранялі праваслаўе і каталіцызм. Асманская дзяржава садзейнічала раз'яднанню народа па рэлігійнай прыкмеце, паколькі кожная канфесія мела свае правы і кіраванне. Для яднання ў XIX ст. прыхільнікі албанскага нацыянальнага руху былі вымушаны адмовіцца ад рэлігійных чыннікаў на карысць свецкага нацыяналізму. У многіх албанскіх сем'ях да нашых дзён існуе традыцыя мець два імя — асабістае хрысціянскае і афіцыйнае мусульманскае[26].
Палітыка свецкасці і згоды захоўвала актуальнасць у незалежнай Албаніі ў 1912 - 1939 гг. У канцы II Сусветнай вайны ўлада апынулася ў руках камуністаў, якія ў барацьбе з апазіцыяй імкнуліся саслабіць яе падтрымку з боку рэлігійных лідараў. 22 лістапада 1967 г. Албанія была абвешчана атэістычнай дзяржавай. Усе рэлігійныя ўстановы апынуліся пад забаронай. Іх паступовае адраджэнне пачалося толькі ў 1990 г. Але і ў нашы дні рэлігія не адыгрывае вызначальнай ролі ў паўсядзённым жыцці жыхароў краіны.
Сярод албанцаў, што апынуліся на тэрыторыі Югаславіі, у першую чаргу асіміляваліся праваслаўныя вернікі, у той час як мусульмане захоўвалі сваю тоеснасць. У некаторых выпадках іншыя мусульмане нават далучаліся да албанцаў, як гэта здарылася з косаўскімі цыганамі-ашкалі. Рэлігійныя супярэчнасці асабліва выявіліся падчас косаўскага канфлікта ў 1999 г. Улады Сербіі абвінавачваюць косаўскіх албанцаў у разбурэнні праваслаўных цэркваў[27].
Албанцы паўднёвай Італіі і Грэцыі (за выключэннем албанцаў-чамаў) традыцыйна спавядаюць хрысціянства. Прычым, царква заўсёды адыгрывала значную ролю ў захавання іх адасобленнасці ад італьянцаў і грэкаў.
Лічыцца, што першым распаўсюджвальнікам хрысціянства на тэрыторыі Албаніі быў Св. Павел[28]. Падчас уваходжання Балканскага паўвострава ў склад Візантыі, тут доўгі час дамінавала канстанцінопальская праваслаўная царква. У 733 г. упершыню ўзгадваецца мітраполія з цэнтрам ў Дурэсе. У XI - XVIII стст. праваслаўныя вернікі на землях, населеных албанцамі, падпарадкоўваліся аўтакефальнай праваслаўнай царкве з цэнтрам у Охрыдзе. Падпарадкаванне албанскіх тэрыторый у XV - XVI стст. Асманскай імперыяй суправаджалася ісламізацыяй мясцовага насельніцтва. Большасць уцекачоў з Албаніі, якія пазней склалі абшчыны арберэшаў і арнаутаў, былі праваслаўнымі. Праваслаўнае насельніцтва захоўвалася пераважна на поўдні Албаніі.
У 1767 г. цэнтр кіраўніцтва царквою зноў быў перанесены ў Канстанцінопаль. З другой паловы XIX ст. праваслаўны клір актыўна ўдзельнічаў у нацыянальным адраджэнні, садзейнічаў набыццю албанскай мовай статуса царкоўнай . 17 красавіка 1937 г. пасля доўгатэрміновых перагавораў з канстанцінопальскім патрыярхам была прызнана Албанская праваслаўная царква. Тым не меней, сярод албанскіх праваслаўных вернікаў за межамі Албаніі заставалася шмат прыхільнікаў грэчаскага праваслаўя.
Пасля абвяшчэння Албаніі атэістычнай дзяржавай у 1967 г. албанская царква была забаронена, 1608 храмаў і манастыроў разбурана, многія святары і манахі сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій. Пасля ўзнаўлення дзейнасці праваслаўных абшчын у 1990 г. пачаўся канфлікт паміж прыхільнікамі кліра албанскага і грэчаскага паходжання. Ён скончыўся пагадненнем 1998 г.[29]
У 2011 г. толькі 6,75% вернікаў Албаніі спавядала праваслаўе[30]. Аднак праваслаўныя албанцы таксама жывуць у Грэцыі, Італіі, ЗША і іншых краінах.
Першыя каталіцкія абшчыны на землях, населеных албанцамі, з’явіліся ў XI ст. У 1443 г. Скандэрбег звярнуўся за дапамогай да Папы Рымскага і прызнаў каталіцкае веравызнанне. Пасля задушэння албанскага паўстання Асманскай імперыяй рымскія каталіцкія абшчыны албанцаў захоўваліся пераважна на паўночным захадзе сучаснай Албаніі і поўдні Чарнагорыі. Многія з каталікоў з’яўляліся гараджанамі, займаліся рамяством, гандлявалі з італьянскімі гарадамі, служылі маракамі ў венецыянскім флоце.
З XVII ст. францысканцы распачалі місіянерскі рух для падтрымкі хрысціянства сярод албанцаў-сялян, якія выступалі супраць мусульман-феадалаў. Гэты рух жывіўся дзякуючы фінансавай і дыпламатычнай дапамозе Аўстрыі. Адным з галоўных цэнтраў распаўсюджвання каталіцызму і арганізацыі антымусульманскай барацьбы быў рэгіён Мірдыта. У 1872 г. шкодэрскі сінод, арганізаваны па прапанове Пія IX, стварыў агульную албанскую рымскую каталіцкую царкоўную арганізацыю[31].
У наш час рымскія каталікі разам з грэка-каталікамі складаюць 10,03% ад усяго насельніцтва Албаніі (2011 г.). Акрамя таго, албанскія каталіцкія абшчыны існуюць у Чарнагорыі. Вылучаюцца 6 албанскіх каталіцкіх епархій[32], 2 з якіх (Тырана і Дурэс, а таксама Шкодэр і Пулт) маюць статус арцыбіскупстваў.
Першая абшчына албанцаў-каталікоў візантыйскага абраду была заснавана ў 1628 г., аднак у 1765 г. уніяцкія парафіі былі ліквідаваны асманскімі ўладамі. Галоўным цэнтрам уніятаў стала паўднёвая Італія, дзе былі створаны каталіцкія адукацыйныя ўстановы для вернікаў-албанцаў усходняга абраду. У 1900 г. адбылося аднаўленне на тэрыторыі Албаніі. У 1939 годзе была заснавана апостальская адміністратура. Большасць грэка-каталікоў жыве на поўдні Албаніі. Грэка-каталікі складаюць значную частку арберэшаў Італіі.
Распаўсюджванне іслама сярод албанцаў адбылося падчас панавання Асманскай імперыі ў XV - пачатку XX стст. Для падпарадкавання старшынь буйных кланаў асманскія шлады патрабавалі адпраўкі ў Стамбул у якасці заложнікаў іх старэйшых сыноў, дзе яны атрымоўвалі адукацыю, служылі ў арміі і прымалі іслам. Мусульмане мелі пэўныя прывілегіі перад прадстаўнікамі астатніх канфесій. Іслам даваў магчымасць рабіць кар'еру ў арміі або ў дзяржаўным апараце. Такім чынам да канца XVII ст. вышэйшыя колы грамадства былі ісламізаваны. Шчыльныя сваяцкія адносіны садзейнічалі пранікненню іслама ў асяроддзе прастачыннага насельніцтва.
Пасля абвяшчэння незалежнасці Албаніі ўрад гэтай краіны часткова фінансаваў мусульманскія рэлігійныя інстытуты, хаця прытрымліваўся секулярызму і садзейнічаў абнаўленню духоўнага жыцця мусульман[33]. У 1923 г. быў арганізаваны Нацыянальны мусульманскі кангрэс, які абвясціў мусульманскую абшчыну Албаніі незалежнай ад халіфата. Прымаліся захады для апранання албанцамі, у тым ліку жанчынамі, сучаснага еўрапейскага адзення, навучанню ў свецкіх школах, спрашчаліся рытуалы. Мусульманскі клір удзельнічаў у ўкараненні дзяржаўных рэформ — агітаваў за нацыянальную еднасць, дапамагаў свецкай школьнай адукацыі. Мусульманскі клір моцна пацярпеў ад забароны рэлігійнага жыцця ў 1967 - 1989 гг. У нашы дні 56,7% насельніцтва Албаніі вызначаюць сябе як мусульмане. Абсалютная большасць з іх — суніты. У Тыране працуе мусульманскі ўніверсітэт.
На тэрыторыі Югаславіі мусульманская абшчына албанцаў доўгі час была аб’яднана з мусульманскай абшчынай Босніі. У югаслаўскім Косава рэлігійны чыннік не адыгрываў значнай ролі, хаця выяўляўся ў паўседзённым жыцці, што, напрыклад, прыводзіла да малой прапорцыі міжканфесійных шлюбаў. У албанцаў Македоніі захоўваліся многія традыцыйныя парадкі, і ступень уплыву іслама была большай[34]. Пасля абвяшчэння незалежнасці Косава і абвастрэння канфлікта з Сербіяй ў 1991 - 1999 гг. частка косаўскіх албанскіх нацыяналістаў імкнулася атаясамляць барацьбу за нацыянальныя правы з джыхадам. Аднак мусульманскія лідары канстатавалі, што канфлікт у Косава па сутнасці не быў рэлігійным. У наш час албанская мусульманская абшчына Косава незалежная. Мусульманская абшчына ў Паўночнай Македоніі прызнаецца з боку дзяржавы і ўзгадваецца ў Канстытуцыі гэтай краіны.
Частка албанскіх вернікаў належыць да алавіцкага ордэна дэрвішаў бекташы. У Албаніі яны складаюць 2,09% ад усіх вернікаў. Бекташы таксама ёсць сярод албанцаў Паўночнай Македоніі. Ордэн узнік у XIII ст. на тэрыторыі Персіі. У XIV - XVIII ст. паслядоўнікі вучэння бекташы з’явіліся на тэрыторыі Асманскай імперыі, у тым ліку на Балканскім паўвостраве. У 1826 г. ордэн фактычна быў забаронены на тэрыторыі Анатоліі, таму бекташы-албанцы падтрымалі антытурэцкую апазіцыю і ўдзельнічалі ў албанскім нацыянальным руху. У 1925 г., калі ордэны дэрвішаў апынуліся пад забаронай у Турцыі, кіраўніцтва ордэна канчаткова перамясцілася ў Албанію[35]. На тэрыторыі Берата знаходзіцца гара Тамор, куды ў жніўні арганізуюцца паломніцтвы бекташы ўсяго свету.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.