Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Салома — сухія сцёблы злакавых і бабовых зерневых культур, якія застаюцца пасля малацьбы, а таксама сцёблы льна, канопляў, кенафа і іншых раслін, вызваленыя ад лісця, суквеццяў, насення.
Адрозніваюць азімую і яравую салому, злакавую і бабовую, а па відах раслін — пшанічную, жытнюю, ячменную, ільняную, канапляную і інш. Добрая злакавая салома — светлая, бліскучая, пругкая; доўгаляжаўшая — крохкая, пыльная, часта з рэзкім пахам.
Хімічны склад і пажыўнасць залежаць ад віду раслін, клімату, спосабаў уборкі, малацьбы, захоўванні і іншых фактараў. У саломе 35—45 % клятчаткі і іншых складаных цяжкапераварымых вугляводаў, 2—6 % пратэіна (у бабовай 4—9 %), 1,2—2 % тлушчу, 4—7 % залы. У 100 кг прасяной саломы ў сярэднім 40 кармавых адзінак і 2,3 кг пераварымага пратэіну, у ячменнай — 33 кармавыя адзінкі і 1,3 кг пераварымага пратэіну. У яравой саломе больш пратэіну, менш клятчаткі, таму пажыўнасць яе вышэй, чым у азімай.
Выдатным вынаходствам народнай дэкаратыўнай творчасці з’яўляюцца падвясныя ўпрыгожванні з саломы, якія вывешваліся пад час калядных святаў. Сабраныя з саламяных трубачак, яны бязважкія і ажурныя. Падвешаныя за нітку ці конскі валасок за столевую балку над сталом, яны нагадваюць павуціну. Мабыць таму і называюць іх беларусы часцей за ўсё «павукамі». Падвясныя «павукі» мелі не толькі дэкаратыўнае значэнне. Іх паходжанне звязваюць з земляробчай сімволікай саломы.
Салому зерневых культур выкарыстоўваюць у кармленні, у асноўным буйнога рагатага ската. З прычыны невысокай пажыўнасці і пераварымасці, салому выкарыстоўваюць, галоўным чынам, для надання рацыёну неабходнага аб’ёму, або як дадатак да рацыёнаў з вялікай колькасцю сакавітых кармоў. Для павелічэння спажыўнасці саломы ўжываюць розныя спосабы падрыхтоўкі — драбненне, запарванне, абмешванне, апрацоўку хімічнымі рэчывамі. Распаўсюджанае таксама грануляванне саломы ў сумесі з канцэнтратамі і штучна высушанай травой. Скату можна скормліваць усе віды саломы, акрамя грэчкавай, якая часам выклікае пачырваненне скуры, сып, пухліны суставаў.
Салому выкарыстоўваюць таксама на подсціл сельскагаспадарчым жывёлінам і як сыравіну для вырабу саманнай цэглы, ізаляцыйных пліт, матаў.
Салома льну, канопляў — сыравіна для атрымання трасты, з якой вылучаюць тэкстыльныя валокны.
У Германіі праводзіліся даследаванні па выкарыстанні саломы ў якасці сыравіны для сухой перагонкі.
Салома на Вікісховішчы |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.