Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ко́сава (сербск.: Косово / Kosovo, алб.: Rrafshi i Kosovës) — гістарычная вобласць на Балканскім паўвостраве, складаецца з Косава Поля (усходняя частка, даліна ракі Ібар) і Метохіі (заходняя частка ў даліне ракі Белы Дрын)[1]. Спрэчная тэрыторыя паміж Сербіяй і Рэспублікай Косава.
У перакладзе з сербскай мовы Косава азначае «зямля чорных драздоў», сербск.: Кос — «чорны дрозд».
У VIII—XII стагоддзях тэрыторыя Косава напераменку ўваходзіла ў склад дзяржаў Рашка, Першае Балгарскае царства і Візантыя.
З канца XII ст. у сербскай дзяржаве. Пасля Косаўскай бітвы ў 1389 годзе разам з астатняй Сербіяй трапіла пад сюзерэнітэт турэцкага султана (з 1459 года ў складзе Асманскай імперыі).
Да XVII ст. большасць насельніцтва краю складалі сербы, у ходзе аўстра-турэцкай вайны 1683—1699 гадоў тэрыторыя Косава была ненадоўга занятая Аўстрыйскімі войскамі, пасля вяртання туркі пачалі рэпрэсіі ў дачыненні да мясцовага насельніцтва, што паслужыла штуршком да масавай эміграцыі сербаў з Косава ў Габсбургскую манархію. Зыход сербаў з Косава працягваўся і ў першай палове XVIII ст. Апусцелую тэрыторыю Косава сталі засяляць албанскія перасяленцы, аднак і ў сярэдзіне XIX ст. у гарадах Косава працягвала пераважаць славянскае насельніцтва.
У сярэдзіне — канцы XIX ст. Косава стала цэнтрам албанскага нацыянальнага руху. У 1878 годзе ў горадзе Прызран створана ваенна-палітычная арганізацыя Прызрэнская ліга (Албанская ліга), якая выступала за аб’яднанне ўсіх зямель, на якіх пражывалі албанцы, у адну адміністрацыйную адзінку, якая магла б карыстацца аўтаномнымі правамі ў складзе Асманскай імперыі. Пасля адмовы турэцкіх уладаў абмяркоўваць пытанне аб аўтаноміі лідары албанскага руху спынілі з імі ўсе кантакты, узброеныя атрады Прызрэнскай лігі занялі частку тэрыторыі Косава, стварыўшы органы мясцовай албанскай адміністрацыі, падначаленыя часоваму ўраду. Рух быў задушаны ў 1881 годзе пасля ўступлення на тэрыторыю Косава турэцкай арміі. У 1897—1900 гадах у Косава зноў актывізаваўся албанскі рух у падтрымку самакіравання.
Па выніках Балканскіх войнаў 1912—1913 гадоў Косава было падзелена паміж Каралеўствам Сербія і Каралеўствам Чарнагорыя. У 1918 годзе Косава ўвайшло ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 года — Югаславія) і было падзелена паміж трыма адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі (Вардарскай, Зэцкай і Мараўскай банавінамі).
У красавіку 1941 года акупавана італьянскімі войскамі. Частка Косава была далучана да Албаніі, уключанай у 1939 годзе ў склад Італіі. Вызвалена ў канцы 1944 года Народна-вызваленчай арміяй Югаславіі і Народна-вызваленчай арміяй Албаніі.
З 1945 года ў складзе сацыялістычнай Югаславіі. У 1945—1963 гадах — як аўтаномная вобласць, у 1963—1969 гадах — аўтаномны край Косава і Метохія (з 1969 Косава) у складзе Сацыялістычнай Рэспублікі Сербія. Згодна з Канстытуцыяй СФРЮ 1974 года, аўтаномны статус краю быў пашыраны — Косава набыло амаль роўныя з Сербіяй правы.
У 1970-я гады ў Косава пачасціліся выпадкі нецярпімага стаўлення албанцаў да сербаў, больш за 50 тысяч сербаў пакінулі тэрыторыю краю. У 1981 годзе ў Косава адбыліся масавыя беспарадкі. У 1989 годзе Скупшчына Сербіі прыняла папраўкі да канстытуцыі Сербіі, якія абмежавалі правы аўтаномных краёў. Гэта рашэнне выклікала ўсплёск албанскага сепаратызму, пасля масавых хваляванняў у Косава было ўведзена ваеннае становішча. У тым жа годзе ў Косава была створана Дэмакратычная ліга Косава.
У верасні 1991 года ва ўмовах распаду Югаславіі косаўскія албанцы абвясцілі незалежную Рэспубліку Косава[2].
Сербія не прызнае суверэнітэт Рэспублікі Косава над рэгіёнам. Паводле канстытуцыі Сербіі, Косава ўваходзіць у яе склад як Аўтаномны край Косава і Метохія.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.