From Wikipedia, the free encyclopedia
Ігна́т Цярэ́нцьевіч Буйні́цкі (10 (22) жніўня 1861, в. Палівачы Празароцкай воласці, цяпер Глыбоцкі раён — 9 (22) верасня 1917) — беларускі акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч, стваральнік нацыянальнага прафесійнага тэатра, удзельнік літаратурнага жыцця.
Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі | |
---|---|
Род дзейнасці | акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч |
Дата нараджэння | 10 (22) жніўня 1861 |
Месца нараджэння | фальварак Палівачы, Празароцкая воласць (цяпер Глыбоцкі раён), Дзісенскі павет |
Дата смерці | 9 (22) верасня 1917 (56 гадоў) |
Месца смерці | Палачаны, Маладзечанскі раён |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Тарквіній (Тарквіній-Тэафіл) Буйніцкі (1824—1896) |
Маці | Клацільда Гласка |
Жонка | 1) Францішка Бжазоўская (1869—1899); 2) Марыя Мацееўна Аношка (1863—1937). |
Дзеці | 4 дачкі |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Творы ў Вікікрыніцах |
Яшчэ пры жыцці яго называлі бацькам беларускага тэатра[1]. Ігнат Буйніцкі ўпершыню вывеў «мужыцкі» танец на сцэну, як выканаўца і пастаноўшчык паказаў невычарпальныя магчымасці і прыгажосць беларускіх народных танцаў. Як драматычны акцёр выступаў пераважна ў характарных ролях, умела выяўляў гумар і тонкую іронію. У сваёй музычна-тэатральнай дзейнасці ён працягваў развіваць на больш высокім прафесійным узроўні традыцыі тэатра В. Дуніна-Марцінкевіча[1].
Належаў да шляхецкага каталіцкага роду Буйніцкіх гербу «Лебедзь», які яшчэ ў XVIII — пачатку XIX ст. адносіўся да сярэднезаможных у Полацкім ваяводстве ВКЛ і Віцебскай губерні Расійскай імперыі. Аднак бацька Ігната — Тарквіній-Тэафіл Буйніцкі — ужо быў збяднелым шляхціцам[2]. Бацькам Тарквінія Буйніцкага і дзедам Ігната Буйніцкага быў Зігфрыд-Гіяцынт Буйніцкі. Маці Ігната — Клацільда Гласка — таксама была збяднелай шляхцянкай і адносілася да шляхецкага каталіцкага роду Гласкаў[2], які яшчэ ў XVIII — пачатку XIX ст. адносіўся да сярэднезаможных у Полацкім ваяводстве ВКЛ і Віцебскай губерні Расійскай імперыі. І Буйніцкія, і Гласкі сустракаюцца сярод шляхты Полацкага ваяводства ВКЛ яшчэ з XVI ст., дзе займалі земскія пасады і мелі маёнткі. Імя па бацьку будзе пісацца ў афіцыйных дакументах Расійскай імперыі на праваслаўны манер як «Цярэнцьевіч».
Пасля заканчэння чатырохкласнага рэальнага вучылішча ва Улацлаўку Варшаўскай губерні[3], Ігнат Буйніцкі скончыў Рыжскае землямернае вучылішча (паводле звестак Язэпа Дылы — Віленскае землямерна-таксатарскае вучылішча[4]), вучыўся ў прыватнай драматычнай студыі ў Вільні[5]. Працаваў каморнікам на Навагрудчыне, Магілёўшчыне, Полаччыне, Ашмяншчыне: вырашаў пытанні продажу зямлі сялянам[6]. Пасля працы Буйніцкі ішоў на вячоркі, адкуль вяртаўся з запісамі песень, замалёўкамі народных строяў і арнаментаў[7].
Зямлю ў Палівачах Буйніцкі набыў, узяўшы крэдыт у банку[6]. У Празароках ён арганізаваў крэдытнае таварыства, дзе сяляне пад невялікі працэнт маглі атрымаць пазыку[8].
Ажаніўся Ігнат Буйніцкі зусім маладым са збяднелай шляхцянкай Францішкай Бжазоўскай (1869—1899), ад гэтага шлюбу ў яго было чатыры дачкі: Ванда-Ігнаціна (нар. 13 красавіка 1890), Гелена-Герменгільда (нар. 16 сакавіка 1892), Людвіга (нар. 19 сакавіка 1894), Леанціна-Эміліана (нар. 1898). У 1899 годзе жонка Буйніцкага памерла і ён ажаніўся зноў — са збяднелай шляхцянкай з Магілёва Марыяй Аношка (1863—1937). Ад гэтага шлюбу нарадзіліся яшчэ дзве дачкі: Яўгенія (нар. 20 снежня 1900) і Анатолія-Іаланта (нар. 1903)[9]. Другая жонка кінула Ігната Буйніцкага, сказаўшы: «Здурнеў пан Ігнат, я не магу глядзець на тыя мужыцкія танцы»[10]. Дачка ад другога шлюбу Анатолія-Іаланта была шлюбам за Станіславам-Янам Грушэцкім (капітан Войска Польскага, адзначаны Крыжам Храбрых)[11][12].
У час Першай сусветнай вайны ў 1917 адправіўся на Заходні фронт[13], быў на вайсковай службе ў Маладзечне. Па сведчанні музыкі трупы Яна Голера, Буйніцкі памёр на сцэне ў час рэпетыцыі (з роту пайшла кроў), займаючыся салдацкай мастацкай самадзейнасцю[13]. Быў пахаваны на мясцовых могілках[13].
Паводле іншай, не пацверджанай версіі, ён заразіўся тыфам і памёр у гарачцы ў шпіталі каля мястэчка Гарадок, быў пахаваны на салдацкіх могілках ля вёскі Палачаны, а потым дачка Алена перавезла яго прах у родныя Палівачы[10]. «Антон Луцкевіч ва ўспамінах піша, што калі дочкі Ванда і Гэля прывезлі астанкі бацькі ў 1918 годзе ў Палевачы на цягніку, каб пахаваць яго ў трох соснах, як гэтага хацеў сам дзядзька Ігнат, то на станцыю не прыйшоў ні адзін жыхар. Магчыма, час тады быў такі, цьмяны»[14].
У 1975 годзе, між іншым дзякуючы намаганням Уладзіміра Караткевіча, перазахаваны ў Празароках на цэнтральнай плошчы[13], на магіле ўстаноўлены помнік (скульптар І. Міско, архітэктар М. Бурдзін)[15].
Сядзіба Ігната Буйніцкага, якая знаходзілася за чыгуначным пераездам Палівачы, не захавалася[16].
У 1907 г. у сваёй сядзібе ў Палівачах (каля Празарокаў) заснаваў самадзейны тэатр, дзе спачатку прымалі ўдзел яго сваякі. У ім удзельнічала 8 акцёраў, і чалавек прыблізна 16 танцораў. Перад канцэртамі былі рэпетыцыі, якія праводзіў сам Буйніцкі[17]. Тэатр даваў канцэрты і спектаклі ў Палівачах, Празароках і навакольных вёсках. Вывучаў беларускія песні, танцы, народнае адзенне.
У Вільні 12 лютага 1910 г. тэатр Буйніцкага па адмысловым запрашэнні рэдакцыі «Нашай Нівы» прыняў удзел у прадстаўленні, якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай «Першая беларуская вечарынка ў Вільні». Выступленне танцавальнай трупы Буйніцкага мела на гэтай вечарыне каласальны поспех. Разам з новымі драматычнымі акцёрамі і спевакамі трупа стала прафесійнай і атрымала назву «Першая беларуская трупа» або «Тэатр Ігната Буйніцкага».
Другое выступленне трупы Ігната Буйніцкага адбылося 22 лютага 1910 года на этнаграфічным вечары, прысвечаным культурам народаў Паўночна-Заходняга краю. У вечары прымалі ўдзел хоры, якія выконвалі расійскія, украінскія, літоўскія, польскія і яўрэйскія песні. Польскі кампазітар Людамір Міхал Рагоўскі адмыслова для беларускай часткі выступлення напісаў музыку на словы верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?», які пазней стаў неафіцыйным гімнам трупы[4]. Апрача песень на вечары паказвалі і народныя танцы ў выкананні трупы Ігната Буйніцкага.
Пасля неаднаразовых поспехаў беларускіх спектакляў Ігнат Буйніцкі ў канцы лета 1910 года нарэшце атрымлівае ад губернскіх уладаў дазвол на гастрольную паездку. Перад адпраўкай у падарожжа, рэжысёр са значнай часткай акцёраў прыязджае да сябе ў Палівачы, каб па-сур’ёзнаму падрыхтаваць гастрольны рэпертуар[4]. У 1910—1913 г. тэатр гастраляваў па Беларусі (Мінск, Слуцк, Полацк, Дзісна, Свянцяны, Паставы, Нясвіж, Ляхавічы), двойчы выступаў у Пецярбургу (1911, 1912), а таксама ў Варшаве (1913)[7][8].
Большасць спектакляў Буйніцкі ставіў самастойна. У рэпертуары групы налічвалася больш за дзясятак танцаў («Лявоніха», «Юрка», «Верабей», «Мяцеліца», «Гняваш», «Мельнік», «Антошка», «Чобат», «Качан», «Чабор», «Полька» і інш.)[18]. Музычнае суправаджэнне ладзіў традыцыйны «траісты ансамбль» — цымбалы, скрыпка, дуда. Вядомы імёны выканаўцаў-музыкантаў, якія выступалі ў гастролях трупы — І. Голер, І. Маскаленка (цымбалы), А. Шульга (дуда), Франак Голер (скрыпка) [19].
Адначасова І. Буйніцкі старанна адбіраў для сваіх выступаў народныя песні. У гэтым яму дапамагаў кампазітар Л. Рагоўскі і хормайстар трупы Я. Феакцістаў. Напрыклад, хорам выконваліся такія песні, як «Дуда-весялуха», «Ах ты дзьмі», «Падушачка», «За гарамі, за лясамі», «Ох ты дуб», «Прыляцелі гусі», «Ды куды ж ты, дуб зялёны» і іншыя[1][19].
І. Буйніцкі падтрымліваў свой тэатр уласнымі сродкамі. У рэпертуары тэатра акрамя танцаў і песень былі невялікія сцэнкі, пастаноўкі п’ес «Па рэвізіі»[1] і «Пашыліся ў дурні»[1] Маркі Крапіўніцкага, «Хам»[1] і «У зімовы вечар»[1] паводле Элізы Ажэшка, «Міхалка» братоў Далецкіх, «Сватанне» Антона Чэхава, «Модны шляхцюк»[1] Каруся Каганца, Янкі Купалы, Альберта Паўловіча і інш. У большасці гэта былі пастаноўкі І. Буйніцкага, таксама ён іграў у ролях[20].
І. Буйніцкі меў сяброўскія і творчыя кантакты з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Элізай Ажэшкай, Змітраком Бядулем, Цёткай (якая сама ўдзельнічала ў спектаклях трупы як актрыса).
Тэатру ўвесь час даводзілася пераадольваць прыдзіркі цэнзуры і ўсялякія перашкоды мясцовых уладаў, якія бачылі ў дзейнасці трупы пагрозу вялікадзяржаўнай палітыцы царызму. У сваёй кнізе заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь А. П. Цыхун піша, што з-за выкарыстання беларускай мовы на афішах вечароў з удзелам трупы Буйніцкага артысты мелі праблемы з царскай паліцыяй[21]. Царскія ўлады непрыхільна ставіліся да паказу са сцэны твораў на беларускай мове, асабліва на вострыя сацыяльныя тэмы і часта забаранялі спектаклі[1].
З-за матэрыяльных цяжкасцей і ўціску царскіх уладаў у 1913 г. дзейнасць трупы была спыненая[13].
У 1914 г. Буйніцкі паспрабаваў стварыць новую трупу, аднак 1-я сусветная вайна перашкодзіла здзейсніць гэту задуму. У пачатку 1917 г. Буйніцкі з’явіўся ініцыятарам арганізацыі прафесійнага тэатра ў Мінску — Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, з якога пачаўся Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Сённяшні Купалаўскі тэатр быў заснаваны на базе Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Ствараў таварыства Ігнат Буйніцкі. Прыязджаў у Мінск ужо ў ваеннай форме. На працягу многіх гадоў у тэатры існаваў артэфакт — світка Буйніцкага, у якой ён выступаў. Яе перадавалі акцёру, які лепш за ўсіх выконваў ролі, якія граў сам Ігнат. Пазней світка знікла.
Буйніцкі быў узорам добрага артыста для сваіх калег, выходзіў на сцэну ў драматургічных творах, дэкламаваў вершы, танцаваў, спяваў сола і ў хоры (меў лёгкі бас-барытон)[7]. Буйніцкі адрозніваўся тэмпераментным выкананнем беларускіх народных танцаў.
Выступаў у ролях бытавога і характарнага плану: Антон, Мірановіч («Пашыліся ў дурні», «Па рэвізіі» Крапіўніцкага), Ігнась («Модны шляхцюк» Каганца), Аляксей («У зімовы вечар» Ажэшкі)[20]. Відавочна, што ён быў сінтэтычным акцёрам. Любіў асабліва дэкламаваць. І паэзію, і прозу. Але перавагу аддаваў гумарыстычным творам[22]. Ігра Буйніцкага вызначалася жыццёвай і бытавой дакладнасцю, глыбокай самабытнасцю, тонкім гумарам[23].
Паводле ўспамінаў Ядзвігі Іванаўны Радзевіч, удзельніцы трупы, Буйніцкі быў ветлівы, прывабны, росту сярэдняга і сярэдняй паўнаты, голас яго быў бліжэй да барытону, размаўляў з калегамі па-беларуску[17]. Яшчэ адзін удзельнік трупы, І. Голер адзначаў[17], што «Ігнат Буйніцкі быў сярэдняга росту, чорнавалосы, з сівымі скронямі. Танцаваў заўсёды „з сэрцам“. Акцёрам танцы паказваў сам, музыкам мелодыі таксама напяваў сам. Займаўся з трупай стала і ўзімку, і ўлетку.»
Дзейнасць Буйніцкага ажыццяўлялася ў складаны і супярэчлівы перыяд беларускага адраджэння, калі грамадскае жыццё Беларусі бурліла, утвараючы магутны стваральны струмень, які падхапляў створаную народам спадчыну: музычную, літаратурную, тэатральную і перамолваў усё гэта, надаючы выніку стройную форму, скончанасць і цэласнасць.
І. Буйніцкі быў яскравым прадстаўніком свайго часу, яго асабісты талент і выдатныя здольнасці яго паплечнікаў дапамаглі вывесці аматарскую трупу на высокі прафесійны ўзровень. Яго творчасць сведчыць пра з’яўленне новай тэндэнцыі — прафесіяналізацыі народных традыцый[19]. І. Буйніцкі збіраў фальклорны матэрыял, пераймаў сялянскія песні і танцы. У нескладаным сцэнічным афармленні выкарыстоўваліся элементы беларускага народнага выяўленчага мастацтва, акцёры выступалі ў беларускіх нацыянальных касцюмах. Буйніцкі беражліва ставіўся да захавання вытокавай харэаграфіі, імкнуўся не мяняць узор танцу.
З. Абрамовіч так апісвае выступленне танцавальнай групы ў спектаклі[19]:
Дуда і скрыпка падаюць тэмп… Мелодыя нарастае, а Буйніцкі, узяўшыся ўбокі і злёгку сагнуўшыся, вядзе нас за сабой без усялякай рысоўкі, «запальвае» нас танцам, у якім няма нават намёку на якую-небудзь стылізацыю |
З. Бядуля ў адным з артыкулаў адзначаў, што Буйніцкі, надаючы танцам асаблівую жвавасць і бойкасць, свядома не мадэрнізуе іх ніякімі новымі рыскамі, пакідаючы іх сырым этнаграфічным матэрыялам[24].
Імкненне да этнаграфічнай рэгіянальнай дакладнасці праяўлялася ў выбары касцюмаў, тыпу арнаменту, колеравых спалучэнняў, у роспісах заднікаў, куліс, харэаграфічнай лексіцы[19]. Пры гэтым разнастайнасць творчых форм, якія аб’ядноўвала трупа ў адным выступленні: п’еса, танцы, дэкламацыя вершаў і харавыя спевы — не выглядалі стракатым калейдаскопам дзякуючы таму, што звязальнай тэмай кожнага вечара была народная, фальклорная аснова творчага матэрыялу[19]. Буйніцкі стварыў выдатны сімбіёз народнай і прафесійнай творчасці[19].
Творчая назіральнасць, цудоўныя музычныя даныя дазволілі І. Буйніцкаму этнаграфічна дакладна фіксаваць стылістыку народнага танца і ствараць яркія, дынамічныя, фальклорна-праўдзівыя танцавальныя сюіты-дывертысменты, якія сталі вытокамі нацыянальнага балетнага мастацтва[19]. Ён шырока прапагандаваў музычную творчасць народа, яго песні і танцы, імкнуўся да стварэння сінтэтычнага тэатра, у якім, акрамя драматычнага мастацтва, былі б прадстаўлены харавыя спевы і народная харэаграфія[1]. Важным значэннем яго дзейнасці стала магчымасць азнаёміць з беларускай нацыянальнай культурай шырокае кола людзей самых розных сацыяльных груп[19].
І. Буйніцкі нястомна прапагандаваў беларускі тэатр, арганізоўваў аматарскія гурткі[20]. Акрамя тэатральнай дзейнасці, ён прымаў удзел і ў іншых формах грамадскага жыцця, напрыклад, уваходзіў у склад праўлення Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны[25].
Буйніцкі быў родам з аднаго з найбольш дударскіх рэгіёнаў Паазер’я. Па ўспамінах аднавяскоўцаў, мясцовыя музыкі (з цымбаламі, скрыпкай і дудой) заўжды віншавалі Буйніцкага на Вялікдзень[26]. Дуда была знакавым інструментам Глыбоцкага краю, а адным з моцных цэнтраў яе бытавання былі Палівачы.
Ігнат Буйніцкі ўпершыню ў гісторыі вывеў беларускую дуду на тэатральную сцэну і зрабіў яе візітоўкай свайго тэатра. Пра скокі пад дуду пісалі на плакатах-анонсах трупы. Дудар Адам Шульга прымаў актыўны ўдзел у гастролях тэатра ў Вільні, Варшаве і Пецярбургу.
Для Буйніцкага дуда была не проста адным з трох інструментаў у традыцыйнай капэлі, але сімвалам беларускай культуры ў цэлым, сінонімам беларускай даўніны і народнасці. У публікацыі «Нашай Нівы» з 1910 года (3 снежня, № 49) чытаем, што пасля заканчэння сімфанічнага канцэрта кампазітара і дырыжора Людаміра Міхала Рагоўскага ў Вільні (12 лістапада) у знак падзякі «яму былі дадзены на ўспамін…. ад арганізатараў беларускага тэатру — беларуская дуда»[27]. Па словах даследчыцы Ірыны Шумскай, калі ў 1911 годзе Міхал Рагоўскі пераязджаў з Вільні ў Парыж, то пакінуў падораныя інструменты ў фонды калекцыі Івана Луцкевіча, якія сталі асновай для створанага пазней беларускага музея. Пасля ліквідацыі музея ў 1944 годзе дуда трапіла ў фонд літоўскага музея, дзе захоўваецца па сённяшні дзень. Паходжанне дуды з беларускага музея пацвярджае надпіс на мяху дуды.
Ігнат Буйніцкі зрабіў важкі ўнёсак у захаванне і развіццё традыцыі беларускай дуды. Гэты ўнёсак заўважалі і ягоныя сучаснікі. Янка Купала ў прысвечаным Ігнату Буйніцкаму вершы напісаў: «Важна рэй Ігнат Буйніцкі/Ў танцах нашых водзіць… Пад дуду і пад цымбалы/Топне, прысьпявае…/Сьцеражыцеся, ўсе людзі:/Беларус гуляе!»[28][29].
Буйніцкаму прысвячалі вершы Янка Купала[30], Змітрок Бядуля, Віталь Гарановіч, Алесь Жыгуноў, Уладзімір Караткевіч[31], Антон Бялевіч, Пятрусь Макаль, Навум Гальпяровіч, аповесць «Апошняя дзея» прысвяціла яму Ірына Жарнасек[8][32]. Мастак Я. М. Ціхановіч у 1983 годзе намаляваў партрэт Буйніцкага, збоку прыпісаўшы радкі купалаўскага верша[33].
У в. Празарокі ў будынку сярэдняй школы створаны музей заснавальніка беларускага тэатра (адкрыты ў 1982 г.), дзе прадстаўленыя афішы спектакляў, здымкі трупы, лісты Зоські Верас і Зыгмунта Абрамовіча, успаміны празароцкіх старажылаў. У скверы — магіла Ігната Буйніцкага і помнік яму (устаноўлены ў 1976 г.; скульптар І. Міско, архітэктар М. Бурдзін)[20][34]. Вялікую ролю ў перапахаванні і ўшанаванні памяці пра Ігната Буйніцкага адыграў пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Менавіта Уладзімір Караткевіч разам з тэатразнаўцам Уладзімірам Няфёдам адшукалі занядбаную магілу Буйніцкага ў 1975 годзе і паспрыялі яе перанясенню ў Празарокі, дзе тады ж адкрылі помнік[29].
Насупраць помніка Ігнату Буйніцкаму ў 1994 годзе пачалі ўзводзіць будынак музея-сядзібы. У 1998 годзе будаўніцтва прыпынілі, да гэтага часу паспелі закласці фундамент і часткова ўзвесці сцены. З таго часу даўгабуд плошчай амаль 400 квадратных метраў муляе вочы чыноўнікам. Прадаць незавершаны будынак спрабавалі яшчэ ў 2009 годзе, таксама за адну базавую велічыню (35000 рублёў), аднак пакупнікоў не знайшлося. Было прынята рашэнне разабраць спаруду, калі недабудаваны музей-сядзібу не выкупяць да 2012 года[35].
У Мінску ў гонар Буйніцкага названы вуліца і завулак, у Маладзечне — вуліца, у Глыбокім — вуліца і глядзельная зала гарадскога цэнтра культуры[8].
З 1992 года прысуджаецца прэмія імя І. Ц. Буйніцкага ў галіне тэатральнага мастацтва[6].
У 2007 годзе быў выпушчаны канверт з арыгінальнай паштовай маркай у гонар стагоддзя з часу стварэння першага тэатра ў Беларусі пад кіраўніцтвам Ігната Буйніцкага. 16 жніўня 2011 года Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэнне памятныя манеты «І. Буйніцкі. 150 гадоў».
У 2018 годзе Ігнату Буйніцкаму быў прысвечаны міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў Дударскі рэй, які праходзіў на Глыбоччыне. Удзельнікі фэсту ўсклалі кветкі на магіле Ігната Буйніцкага ў Празароках. У трупе Ігната Буйніцкага быў дудар Адам Шульга[36].
У Глыбокім дзейнічае народны тэатр фальклору «Цярэшка», праграмы якога заснаваны на імкненні захаваць пераемнасць традыцый першага беларускага тэатра І. Ц. Буйніцкага. Кіруе гуртом Наталля Нікіфаровіч[37].
Стрыечны прапраўнук Ігната Буйніцкага Максім Буйніцкі вядомы як кінарэжысёр[38].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.