Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Дударскі рэй» — міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў, які з 2017 года адбываецца ў Глыбокім і Глыбоцкім раёне ў пачатку траўня і супадае з каляндарным святкаваннем свята Юр’я. Фэст аб’ядноўвае дударскія рэгіёны Еўропы на аснове іх прыналежнасці да мясцовай дударскай традыцыі этнарэгіёну.
Дударскі рэй | |
---|---|
Асноўная інфармацыя | |
Гады правядзення | з 2017 года |
Краіна | Беларусь |
Горад | Глыбокае і Глыбоцкі раён |
Заснавальнікі | Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт |
Тэматыка | фэст дударскіх рэгіёнаў |
Назва фестывалю ўзятая з верша Янкі Купалы:[1]
Важна рэй Ігнат Буйніцкі |
Месцам правядзення фэсту абраны Глыбоцкі край з прычыны багатай дударскай традыцыі ў мінулым і размяшчэння ў сэрцы Паазер’я, гісторыка-этнаграфічнага рэгіёну, з якім найбольш звязаная традыцыя беларускай дуды[2]. З Глыбоцкага краю паходзіць найстарэйшая захаваная дуда 1849 года, так званая Глыбоцкая дуда. Копія дуды, зробленая Сяргеем Чубрыкам, захоўваецца ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі.
З гэтым рэгіёнам звязаная дзейнасць трупы Ігната Буйніцкага, які ўпершыню вывеў беларускую дуду на тэатральную сцэну і замацаваў вобраз дуды ў якасці нацыянальнага сімвала. У тэатральнай групе Буйніцкага быў дудар Адама Шульга. Па ўспамінах аднавяскоўцаў, мясцовыя музыкі (з цымбаламі, скрыпкай і дудой) заўжды віншавалі Буйніцкага на Вялікдзень[3]. Захавалася таксама дуда падораная Ігнатам Буйніцкім дырыжору Міхалу Рагоўскаму пасля заканчэння сімфанічнага канцэрта кампазытара і дырыжора ў Вільні (12 лістапада, 1910 г.). Калі ў 1911 годзе Міхал Рагоўскі пераяжджаў з Вільні ў Парыж, то пакінуў падораныя інструменты ствараемаму ў фондзе калецыі Івана Луцкевіча, якая сталася асновай створанага ў 1921 годзе Беларускага музея ў Вільні[4]. Пасля ліквідацыі музея ў 1944 годзе дуда трапіла ў фонд літоўскага музея, дзе захоўваецца па сённяшні дзень. Паходжанне дуды з беларускага музея пацвярджае надпіс на мяху дуды[5]. Інструмент вядомы пад назвай «Дуда Ігната Буйніцкага».
Непадалёк Палівачоў жыў і дзейнічаў знакаміты на ўсю ваколіцу дудар Пётр Бурэц з вёскі Асінаўка, а таксама ягоны вучань Мікола Караткевіч (1932 г.н.) — магчыма апошні этнавясковы дудар. У вёсцы Шо жыў і дзейнічаў Уладзімір Забела (1928 г.н.) — дудар[6] і арганізатар традыцыйных святаў. У Глыбокім нарадзіўся і вырас дудар і майстар дуд Дзмітрый Дзёмін, які стаў заслужаным культурным дзеячам Карэліі. Дзмітрый Дзёмін пачаў рабіць сваю версію копіі Глыбоцкай дуды, але трагічна загінуў у 2020 годзе. Дзмітрый быў не толькі дударом, але таксама майстрам, які займаўся вырабам марыйскай дуды — шувыр і эстонскай дуды — торупіл. Шматлікія інструменты засталіся ў музейных калекцыях у Карэліі.
Глыбоцкі край — радзіма шматлікіх згадак, легенд і літаратурных твораў, прысвечаных беларускай дудзе. Пра дуду пісалі такія мясцовыя аўтары, як Янка Пачопка, Вацлаў Ластоўскі, Міхась Машара, Віталь Гарановіч, Віктар Арочка, Максім Нікіфаровіч і іншыя[8].
Пад псеўданімам Васіль Люцьвяг, Вацлаў Ластоўскі надрукаваў у часопісе «Крывіч» гісторыка-абычаёвы нарыс «Дуда», у якім прааналізаваў значэнне беларускай дуды для беларускай культуры і гісторыі. Вацлаў Ластоўскі быў адным з першых хто заўважыў значэнне і сімвалізм дуды ў нацыянальнай літаратуры. У сваёй фундаментальнай, для беларускай літаратуры, працы «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» згадаў пра камедыю Каятана Марашэўскага, драматурга XVIII ст., прафесара рыторыкі і паэтыкі Забельскага дамініканскага калегіума (в. Валынцы, Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобл.). У камедыі сустракаецца забаўны дыялог законніка, які спалохаўся дуды, з беларускім селянінам[9].
Знакамітых асоб глыбоцкага краю ў вобразе песняра-дудара прадстаўлялі Янка Купала, у вершы «Дудар» (1910 г., прысвечаны Вацлаву Ластоўскаму), у вершы «Ігнату Буйніцкаму» (1911 г.) і Мадэст Яцкевіч, у вершы «Дудар» (3 верасня 1919 г., прысвечаны Вацлаву Ластоўскаму). Вершы глыбоцкай дудзе прысвячалі паэты звязаныя з Глыбоччынай: Антоні Круман, Ян Ляснеўскі, Зінаіда Васілеўская, Віктар Лагун, Ірына Грумандзь, Максім Нікіфаровіч і Віктар Арочка. Мастацкія творы дударам прысвячалі мастакі з Глыбоччыны і не толькі: Эдуард Мацюшонак[10], Дзмітрый Літвінскі, Раман Плавінскі, Святлана Скавырка, Юлія Арэхава, Віталь Назарэвіч і інш. Дудары былі выяўленыя ў розных тэхніках, такіх як алейныя карціны, разьба па дрэве, маляваныя дываны, выцінанка, гліна, саломка, кераміка.
Неафіцыйным гімнам фэсту з’яўляецца мелодыя «Чы-чы, чы-чы, верабей…», запісаная ад дудара і апублікаваная ў «Дзіцячым сьпеўніку» Антона Грыневіча ў 1925 годзе ў Вільні. Другая вядомая мелодыя запісаная ад музыканта трупы Ігната Буйніцкага, гэта «Юрачка».
Дагэтуль прайшлі чатыры фэсты, тры ў традыцыйнай форме (2017, 2018, 2019) і адзін (2020) у фармаце анлайн. У фэсце прымалі ўдзел вядомыя беларускія дудары і майстры: Юрась Панкевіч, Сяргей Чубрык, Дзяніс Сухі, Дзмітрый Дзёмін, а таксама госці з Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Шатландыі, Партугаліі, Бельгіі, Латвіі, Харватыі і Македоніі. У анлайн фестывалі ўдзельнічалі дудары з Латвіі, Сербіі, Македоніі, Італіі, Іспаніі і Партугаліі[11].
Фэст праходзіць у Глыбокім, а таксама ў іншых мясцовасцях Глыбоцкага раёну — Удзела, Мосар, Падсвілле, Пліса, Празарокі[12].
У фэсце прымалі ўдзел акрамя беларусаў прадстаўнікі наступных этнарэгіёнаў: Вялікапольшча, Рэгіён казла і Суская зямля (Польшча), Арава і Нітра (Славаччына), Мараўская валахія (Чэхія), Шатландыя (Вялікабрытанія), Фландрыя і Валонія (Бельгія), Торыж-Вэдраш (Партугалія), Рэгіён Суйты (Латвія), Загор’е (Харватыя), Радавіш (Македонія).
Фэст ладзіць Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт. У працы над падрыхтоўкай фэсту і яго правядзеннем удзельнічаюць такія культурныя ўстановы Глыбокага як: Глыбоцкая цэнтральная раённая бібліятэка, Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей, Глыбоцкая дзіцячая школа мастацтваў (музычная школа), Глыбоцкая дзіцячая мастацкая школа імя Язэпа Драздовіча і інш.
У межах фэсту працуюць дзве сталыя экспазіцыі. У Глыбоцкай цэнтральнай бібліятэцы створаная сталая экспазіцыя «Дуда мая ты спеўная[13]», прысвечаная беларускай дудзе. У калекцыю ўваходзяць кнігі, альбомы і мастацкія творы прысвечаныя тэме беларускай дуды і іншым дударскім традыцыям Еўропы. Калекцыя і экспазіцыя запачаткаваня ў 2017 годзе. Адкрыццё адбылося падчас першага фэсту дударскіх рэгіёнаў «Дударскі рэй». У сталай экспазіцыі Глыбоцкага гісторыка-краязнаўчага музея змешчаная копія Глыбоцкай дуды з вёскі Верацеі. Арыгінал Глыбоцкай дуды з вёскі Верацеі (каля Празарок) захоўваецца ў фондзе Нацыянальнага музея Літвы і датуецца 1849 годам (найстарэйшая з захаваных беларускіх дуд). Унікальнасць глыбоцкай дуды ў тым, што яе мех пашыты са скуры барсука, поўсцю навонкі. Музей ладзіў таксама выставы прысвечаныя іншым дударскім рэгіёнам, у тым ліку Польшчы і Славакіі.
У Глыбоцкай дзіцячай школе мастацваў (музычная школа) вядзецца вывучэнне дуды як дадатковага інструменту. Заняткі ў межах вывучэння духавых інструментаў вядзе дырэктар школы Мікола Лашкоў. Канцэрты і адмысловыя выступы ладзяцца таксама падчас фэсту[14].
Глыбоцкім дударам прысвячалі свае карціны глыбоцкія мастакі Эдуард Мацюшонак і Дзмітрый Літвінскі. Скульптуру створаную на падставе вобразу дудара з Дзісеншчыны стварыў знакаміты беларускі скульпат Алесь Шаціла.
Глыбоцкая дзіцячая мастацкая школа імя Язэпа Драздовіча падчас фэсту ладзіць адмысловыя тэматычныя выставы. Навучэнцы школы малюць дуду і дудароў[15].
Глыбоцкі дом рамёстваў падрыхтаваў цэлую серыю дударскіх сувеніраў, прысвечаных першаму дударскаму фэсту. Святлана Скавырка намалявала два адмысловыя дываны ў стылістыцы Язэпа Драздовіча, з выявамі дудароў, якія сталіся лагатыпамі і візітнымі картачкамі фэсту. Cкульптар па дрэву, Віктар Дудкевіч, выканаў цэлы шэраг фігурак дудароў, памятных драўляных медальёнаў з дударскімі матывамі, сувенірныя дуды; Арцём Фамін — аўтар памятных гліняных медальёнаў з лагатыпам дуды; Кацярына Кляпацкая робіць шапкі-магеркі, атрыбут паазерскага дудара. Майстрыха Юлія Арэхава выканала серыю выцінанак з дударом і карціны ў тэхніцы саломкі[16].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.