Адам Шульга
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Адам Шульга — дудар з трупы Ігната Буйніцкага. Гады дзейнасці (1907—1913). Імаверна нарадзіўся ў вёсцы Скрыпшчына на Глыбоччыне, а пахаваны ў Празароках.
Вядома, што ў класічны склад капэлы трупы Ігната Буйніцкага ўваходзілі тры музыкі: дудар (Адам Шульга), скрыпач (Франак Голер) і цымбаліст (Ян Голер).
«Музыкаў нас траіх было — Адам Шульга, дудар, мой брат Франак на скрыпцы іграў і я на цымбалах. Ну і яшчэ восем танцораў — Буйніцкі са сваімі трыма дочкамі і гімназісты з Дзісны — хлопец і тры дзеўкі… Мы са сваімі выкрэнтамі паўсвету аб’ездзілі — два разы ў Пецярбургу былі, у Варшаве, у Вільні». З гэтай гутаркі відавочна, якім быў асноўны рэпертуар трупы: «У Буйніцкага танцавалі найбольш скочныя танцы — „Лявоніху“, „Качана“, „Мяцеліцу“, „Ваўчка“. Яны танцавалі і падпявалі самі сабе, а мы, музыкі, таксама памагалі пець»[1].
Адам Шульга выступаў з тэатрам Ігната Буйніцкага ў Вільні, Варшаве і Пецярбургу. Захаваліся фотаздымкі на якіх прысутнічае дудар.
Але перад выступамі ў Пецярбургу трупа Буйніцкага у 1911 годзе паспела захапіць таксама і мінскую публіку. Язэп Дыла пісаў:
І вось трэці сігнал! У відоўні цёмна, заслона ўзнеслася, і на сцэне пад гукі цымбалаў, скрыпак і дуды Буйніцкі са сваімі дочкамі і іншымі малайцамі-танцорамі пачаў весці „Лявоніху“… Было на што паглядзець! Такой „Лявоніхі“ і ў такім бліскучым выкананні я яшчэ ніколі і нідзе не бачыў!.. А „Мельнік“, а „Юрка“, а „Мяцеліца“!!! Ды гэта ж была сапраўдная нястрымная мяцеліца!.. Далей пайшлі „Верабей“, „Гневаш“, „Антошка“! А „Чабор“! І скуль толькі ў іх бралася гэтулькі энергіі і нязморанасці пры выкананні танцаў?! Здавалася, што нават вопратка, у якую яны былі апрануты, жыла на іх!.. Ніводзін самы таленавіты балетмайстар не мог бы не пазайздросціць Ігнату Буйніцкаму ў такой пастаноўцы нацыянальных беларускіх танцаў!.. Творча-арганізатарскі талент Буйніцкага прыдаў народным беларускім танцам столькі захаплення, столькі мастацкай прыгажосці |
Імаверна, што дуда, выяву якой выкарыстаў у сваёй публікацыі «Белорусский сборник» (Вільня, 1912) беларускі этнограф, фалькларыст і археолаг Еўдакім Раманавіч Раманаў, была дудой Адама Шульгі. Пра гэта сведчыць тое, што дуда гэтая вельмі падобная да так званай дуды Ігната Буйніцкага, якая была падорана Людаміру Міхалу Рагоўскаму, а пасля апынулася ў зборах беларускага музея Івана Луцкевіча ў Вільні. Пасля гвалтоўнай ліквідацыі музея перайшла ў фонды аднаго з літоўскіх музеяў. Здабленні адной і другой дуды зробленыя ў тых самых месцах і маюць вельмі падобныя ўзоры. Падобныя таксама памеры, прапорцыі і форма меха. Магчыма, абодва інструменты зрабіў адзін майстар. На сувязь з тэатрам Буйніцкага і Адам Шульгом указвае таксама паходжанне дуды з Дзісенскага павета. Сам Раманаў пісаў у сваёй публікацыі, што ўжо ў той час было нялёгка знайсці цікавы інструмент. Больш за тое, Раманаў прымаў удзел у беларускіх вечарынах, у якіх з 1910 года актыўны ўдзел прымала трупа Ігната Буйніцкага і дудар Адам Шульга[2].
Ад дудара Адама Шульгі была запісаная мелодыя «Чы-чы, чы-чы, верабей…». Запіс быў апублікаваны ў «Дзіцячым сьпеўніку» Антона Грыневіча ў 1925 годзе ў Вільні. Гэтая мелодыя лічыцца неафіцыйным гімнам фэсту Дударскі рэй.
Даты і месцы нараджэння і смерці Адама Шульгі невядомыя. Памяць пра музыку захоўваецца ў зборах Глыбоцкай цэнтральнай бібліятэкі і Глыбоцкага гісторыка-краязнаўчага музея. Памяць пра дудара ўшанавалі ўдзельнікі першага міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў Дударскі рэй у 2017 годзе[3].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.