Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Людамір Міхал Рагоўскі (польск.: Ludomir Michał Rogowski; 3 кастрычніка 1881, г. Люблін, Польшча — 14 сакавіка 1954, Дуброўнік[2]) — польскі кампазітар і дырыжор.
Людамір Міхал Рагоўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 3 кастрычніка 1881[1] |
Месца нараджэння |
|
Дата смерці | 13 сакавіка 1954 (72 гады) |
Месца смерці | |
Краіна | |
Альма-матар | |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | кампазітар, дырыжор |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Паходзіў з інтэлігентнай польскай сям’і. З малых гадоў будучы кампазітар знаходзіўся ў атмасферы вялікай любові да музыкі. Ягоны бацька, Дамінік Рагоўскі быў скрыпач-аматар, добра граў на скрыпцы, а маці, Караліна Касакоўская, — на фартэпіяна. Яна нарадзілася ў шляхецкай сям’і, якая раней жыла на Віленшчыне. Вядома, што няня Л. Рагоўскага была беларускага паходжання і спявала яму народныя песні. Таленавітае дзіця, ужо ва ўзросце сямі гадоў ён добра ведаў нотную грамату і спрабаваў самастойна сачыняць музыку.
Вучыўся ў Варшаўскім музычным інстытуце (скончыў у 1906), потым у музычных навучальных установах Лейпцыга, Мюнхена, а таксама ў Рыме і Парыжы.
У 1909—1912 гг. працаваў у Вільні, дзе пачаў кіраваць сімфанічным аркестрам, весці заняткі ў школе арганістаў, супрацоўнічаць з беларускім тэатрам Ігната Буйніцкага, а таксама з газетай «Літоўскі кур’ер» у якасці музычнага крытыка і публіцыста.
Са снежня 1926 года жыў і працаваў у Дуброўніку (Харватыя).
У час побыту ў Вільні Людамір Рагоўскі захапіўся беларускім фальклорам, пасябраваў з нашаніўцамі Янкам Купалам, Іванам Луцкевічам і Аляксандрам Уласавым. У 1910 годзе кампазітар паклаў на музыку верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?». Верш Купалы з нотамі Рагоўскага газета «Наша ніва» надрукавала асобнай лістоўкай (Вільня, 1910) на беларускай мове і лацінкай, а таксама быў надрукаваны ў «Беларускім календары» на 1910 год.
Творчасць Л. Рагоўскага цесна звязана з беларускай музычнай культурай: ён кіраваў хорам у Беларускім музычна-драматычным гуртку, ствараў музычнае афармленне да спектакляў трупы І. Буйніцкага, склаў «Беларускі песеннік з нотамі для народных і школьных хароў» (выдадзены ў 1911), куды ўключыў і ўласныя апрацоўкі беларускіх народных песень, які адыграў вялікую ролю ў прапагандзе беларускай нацыянальнай песні[3]. У Вільні была напісана першая частка сімфанічнай «Беларускай рапсодыі» для малога аркестра пад назвай «Беларускі пейзаж». Адбіткі беларускага фальклору адчуваюцца і ў сімфанічным творы «Аблокі» (1912).
Музычная спадчына Л. Рагоўскага складае 7 сімфоній, 7 опер, 3 балеты, у т.л. «Купала» (паст. 1926, Варшава), шэраг сімфанічных паэм, аркестравых сюіт, камерных і харавых твораў, кантаты і квартэты, музыку да спектакляў.
У публікацыі «Нашай Нівы» з 1910 года (3 снежня, № 49) чытаем, што пасля заканчэння сімфанічнага канцэрта кампазітара і дырыжора Людаміра Міхала Рагоўскага ў Вільні (12 лістапада) у знак падзякі за ўклад у развіццё беларускай музыкі «яму былі дадзены на ўспамін… ад арганізатараў беларускага тэатру — беларуская дуда[4]». Дуду дарыў Ігнат Буйніцкі. Па словах даследчыцы Ірыны Шумскай, калі ў 1911 годзе Міхал Рагоўскі пераяжджаў з Вільні ў Парыж, то ахвяраваў падораныя інструменты ў калекцыю Івана Луцкевіча, якая стала пазней асновай для Беларускага музея ў Вільні. Пасля яго ліквідацыі дуда засталася ў фондзе аднаго з літоўскіх музеяў, пад нумарам LNM EM95. Вядомая як «Дуда Ігната Буйніцкага». Колавая ліра 1809 года, падораная Рагоўскаму падчас таго самага канцэрту, трапіла ў Беларусь і захоўвалася ў зборах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, адкуль была перададзена Нацыянальнаму музею гісторыі і культуры Беларусі (зараз Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь) у 1957 годзе[5].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.