Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гісторыя Украіны — падзеі на тэрыторыі сучаснай Украіны з моманту пачатку рассялення там людзей і да сённяшняга дня.
Тэрыторыя сучаснай Украіны пачала асвойвацца першабытнымі людзьмі яшчэ ў каменным веку — самай старажытнай стаянкай на сённяшні дзень лічыцца Каралёва ў Закарпацці. Адносна шчыльна былі заселены таксама сярэдняе Паднястроўе, раён дняпроўскіх парогаў і прадгор’і Крыма. У часы максімальнага зледзянення каля 100 тыс. гадоў таму паўночна-заходняя частка тэрыторыі Украіны была пакрыта ледавіковых шчытом. Падчас апошняга зледзянення паўднёвая мяжа ледавіка праходзіла па Палессі. Астатняя тэрыторыя была пакрыта тундра і халодным стэпам. Перыяд неаліту і энеаліту (медны век) прадстаўлены трыпольскай культурай, помнікі і перыяды якой даследчыкі падзяляюць на тры этапы: ранні (4500-3500), сярэдні (3500-2750) і позні (2750—2000 да н.э.). Гэтая культура Правабярэжнай Украіны лічыцца адной з самых развітых раннеземляробчых археалагічных культур Усходняй Еўропы. Для перыяду бронзавага веку для тэрыторый паўднёва-заходняй часткі характэрная белагрудаўская культура.
Усяго на тэрыторыі Украіны вядома некалькі дзесяткаў дагістарычных археалагічных культур палеаліту, мезаліту, неаліту, бронзавага, меднага і жалезнага вякоў. Знаходкі археолагаў дазваляюць меркаваць, што менавіта на гэтых землях быў упершыню выкарыстаны конь для верхавой язды.
На ўзбярэжжы Крыма з 8 стагоддзя да н.э. ўзнікаюць грэчаскія калоніі, галоўныя з якіх — Херсанес (каля Севастопаля) і Пантыкапей — паступова сталі цэнтрамі дзяржаўных утварэнняў. Гэтыя землі з 1 стагоддзя да н.э. трапілі пад уплыў Рыма. На стэпавай частцы Украіны пануюць качавыя плямёны: кімерыйцы (9 ст. да н.э.— 7 ст. да н.э.), скіфы (7 — 3 стст. да н.э.), сарматы (3 ст. да н.э.— 3 ст. н.э.).
З IV стагоддзя пачынаецца эпоха Вялікага перасялення народаў. Праз украінскія стэпы праходзяць плямёны готаў, потым — гунаў, яшчэ пазней — аланаў. З VIII стагоддзя Паўночную і цэнтральную Украіну засяляюць усходнеславянскія плямёны, сярод якіх былі паляне, драўляне, севяране, валыняне ды інш. Паступова на гэтых землях фармуецца гэтак званая Кіеўская Русь — першае ўсходнеславянскае дзяржаўнае ўтварэнне. З 862 года Кіеўскай Руссю кіруе варажская дынастыя Рурыкавічаў. Найбольшы росквіт Кіеўскай Русі прыпадае на X стагоддзе, калі Кіеў пазбаўляецца ад хазарскай залежнасці, а потым і цалкам знішчае Хазарыю як дзяржаву. Зрабіўшы гэта, Кіеў, аднак, адкрыў прычарнаморскія стэпы для пранікнення качавых плямёнаў: печанегаў, торкаў ды полаўцаў (кіпчакоў), якія прынеслі старажытнарускай дзяржаве багата клопатаў.
З XII стагоддзя Кіеўская Русь распадаецца на асобныя княствы. На тэрыторыі Украіны галоўнымі княствамі былі Кіеўскае, Чарнігаўскае, Галіцкае ды Валынскае. У XIII стагоддзі праз Кіеўскую Русь праходзяць орды мангола-татар. Карыстаючыся феадальнай раздробленасцю, яны досыць лёгка падаўляюць супраціў мясцовых князёў і абкладаюць рускія гарады данінай. Антычныя гарады чарнаморскага ўзбярэжжа пасля распаду Рымскай імперыі трапляюць пад палітычны і культурны ўплыў Візантыі. Найбуйнейшым горадам тут застаецца Херсанес (у сярэднявечча вядомы як Херсон). У XII стагоддзі ў горнай частцы Крыму ўзнікла дзяржава Феадора, на базе насельнікаў якой узнікла народнасць крымскіх грэкаў, або феадарытаў. Яе помнікамі з’яўляюцца пячорныя гарады Крыма — Чуфут-Кале, Эскі-Кермен ды інш. Стэпавы Крым з XIII стагоддзя трапляе пад уладу татар.
З XIV стагоддзя мангола-татарская дзяржава, галоўным чынам праз міжусобіцы, аслабляецца. Затое Літоўскае княства, ўзнікшы ў XIII ст., істотна ўзмацняцца ад часоў княжання Гедзіміна (пачатак XIV ст.) Ён устанавіў пратэктарат над Кіеўскім княствам. У 1362 годзе літоўскі князь Альгерд разбіў татар у бітве на Сініх Водах і прыяднаў Кіеў да Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая падзея мела вялікае сімвалічнае значэнне, бо Літва, як і Масква, прэтэндавала на званне пераемніка Кіеўскай Русі, і на пачатку была бясспрэчным лідарам у «збіранні» рускіх земляў. З канца XIV ст. пачынаецца палітычная і культурная экспансія Польшчы. У 1387 годзе Польшча захоплівае Галічыну. З канца XV ст. узмацняецца Вялікае Княства Маскоўскае, якое ў канцы XV — пачатку XVI стст. захапіла ў Літвы частку земляў. З XV ст. на літоўска-крымскім памежжы ўзнікае казацтва, якое аказала вырашальны ўплыў на ўтварэнне ўкраінскага этнасу. Этнічная тэрыторыя Украіны, выцягнутая з захаду на ўсход, і цяпер прыкладна адпавядае былой мяжы між Літвою ды Крымскім ханствам. У 1569 годзе, карыстаючыся цяжкім становішчам Літвы, якая вяла вайну з Масквой, Польшча захоплівае Валынь, Падляшша, украінскае Палессе і Кіеўшчыну, г.зн. усе ўкраінскія землі, якія дагэтуль належалі Літве. У 1596 годзе Кіеўская мітраполія заключыла з Рымска-каталіцкай царквой Берасцейскую царкоўную вунію, паводле якой перайшла пад уладу Рымскага Папы. Палітыка апалячвання ды акаталічвання прывяла да антыпольскіх паўстанняў на ўкраінскіх землях. Наймацнейшае з іх, пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, пачалося ў 1648 годзе. Пасля шэрагу паразаў гетман Хмяльніцкі быў вымушаны перайсці пад пратэктарат Масквы, што адбылося ў 1654 годзе на Пераяслаўскай Радзе. Гэтая падзея выклікала «руска-польскую вайну», у выніку якой да Маскоўскага царства адыйшлі значныя тэрыторыі, у тым ліку горад Кіеў. Крым з XV стагоддзя цалкам падпарадкоўваецца Крымскаму ханству, адной з рэштак Залатой Арды і пратэктарату Турцыі. На базе нашчадкаў мангола-татар, а таксама іншых народнасцей, тут утвараецца крымска-татарскі этнас, які складаў большасць на паўвостраве аж да дэпартацыі 1944 года. Акрамя ўласна Крыма, ханства займала тэрыторыі ўкраінскага Прычарнамор’я і Прыазоўя, а таксама вялікую частку сённяшняга Краснадарскага края Расіі. У XVIII ст. як Польшча, так і Крымскае ханства аслаблі і сталі ахвярамі агрэсіўных суседзяў. У 1775 годзе ўкраінскае казацтва ліквідавана, яго архіў працяглы час захоўваўся ў крэпасці Святой Лізаветы (цяпер Крапыўныцкы ва Украіне). У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—1795 гг.) украінскія землі Польшчы адыйшлі да Расіі, акрамя Галічыны, якая адыйшла да Аўстрыі. У 1783 годзе Расійская імперыя заваявала Крымскае ханства.
З канца XVIII ст. і да Першай Сусветнай вайны ўкраінскімі землямі валодалі Расія і Аўстрыя. На ўкраінскіх землях з канца XVIII ст. пачынаецца рух украінскага адраджэння. Найбольш ён быў пашыраны на аўстрыйскіх тэрыторыях (Галіччына) — праз меншую жорсткасць тамтэйшага рэжыму — дзе дзейнічалі Іван Франко, Міхайла Грушэўскі і іншыя выбітныя дзеячы ўкраінскага адраджэння.
Да канца 18 — пачатку 19 стагоддзя Украіна была пераважна аграрным краем, а з сярэдзіны 19 стагоддзя цяперашнія ўсходнія рэгіёны Украіны, а затым і Кіеўшчына пачынаюць развівацца як прамысловыя. Вялікую ролю ў індустрыялізацыі Украіны сыграў еўрапейскі капітал, у тым ліку — знакаміты французскі «рускі заём» у мільярд франкаў. У наладжванні вытворчасці на поўдні Украіны таварнага збожжа, якое масава экспартавалася праз чарнаморскія парты, вялікую ролю адыгралі не толькі ўкраінскія сяляне, але і нямецкія каланісты, колькасць якіх ва Украіне складала каля паўмільёна.
Першая сусветная вайна прывяла да краху некалькіх імперый, у ліку якіх былі расійская і аўстрыйская і, такім чынам, дала падняволеным народам шанц на самавызначэнне. 17 сакавіка 1917, хутка пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі, была створаная Украінская Цэнтральная Рада. 20 лістапада 1917 была створаная Украінская Народная Рэспубліка, а 22 студзеня 1918 была абвешчаная яе Незалежнасць. На аўстрыйскай тэрыторыі была створаная Заходне-Украінская Народная Рэспубліка, якая прыядналася да УНР 22 студзеня 1919. У той жа час, 25 снежня 1917 у Харкаве бальшавікі старылі альтэрнатыўную УНР, якая ў 1919 была пераназваная ва Украінскую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку. Пачалася барацьба паміж гэтымі дзвюма дзяржавамі. УССР апіралася на бальшавікоў, а УНР — спачатку на немцаў, а пасля 1919 — на палякаў. У выніку Галічына і Валынь адыйшлі да Польшчы, Закарпацце — да Чэхаславакіі, Букавіна і Бесарабія — да Румыніі, а на большай частцы Украіны ўсталявалася савецкая ўлада.
У 1922 УССР ўвайшла ў склад СССР. У 1934 сталіца УССР была перанесеная з Харкава ў Кіеў. У 1938 у выніку падзелу Чэхаславакіі Карпацская Украіна абвясціла незалежнасць 15 сакавіка 1939. Карпацкая Украіна была акупавана Венгрыяй. У верасні 1939 годзе ўкраінскія землі, што належалі Польшчы, былі занятыя Чырвонай Арміяй і далучаны да УССР. У 1940 годзе да УССР далучаны Паўночная Буковіна і Паўднёвая Бесарабія.
У 1941—1942 тэрыторыя Украіны была акупаваная нямецкімі войскамі. Нацысцкія ўлады ўсталявалі жорсткі акупацыйны рэжым. Нямецкія нацысты знішчылі сотні тысяч мірных жыхароў. У 1943—1944 Украіна была вызваленая ад нацыстаў.
Вайна прынесла Украіне каласальныя разбурэнні і мільённыя ахвяры. Насельніцтва скарацілася з 41,7 млн чалавек на чэрвень 1941 да 27,4 млн чалавек на пачатак 1945. Практычна ўся яе тэрыторыя была арэнай жорсткіх баёў. Пры адступленні абодва варожыя бакі выкарыстоўвалі тактыку «выпаленай зямлі». Прадпрыемствы былі эвакуіраваны ці разбураныя, некалькі мільёнаў украінцаў загінула на фронце ці ў акупацыі, каля трох мільёнаў немцы ўгналі ў Германію на прымусовыя работы. Чвэрць жыхароў апынулася да канца вайны без прытулку.
У 1960-я-1970-я чатыры гарады УССР былі ўдастоены звання Горад-герой: Кіеў, Адэса, Севастопаль і Керч.
Пасля Другой сусветнай вайны да Украіны было далучанае Закарпацце. Частка Галічыны была перададзеная Польшчы. У 1954 ў склад Украіны быў перададзены Крым.
У першыя пасляваенныя гады ў Савецкай Украіне актыўна ішло аднаўленне разбурана вайной гаспадаркі, адбудоўваўся буйнейшы ў свеце прамысловы рэгіён ва Усходняй Украіне. Пасля смерці Сталіна да ўлады ў СССР прыйшоў былы першы сакратар кампартыі Украіны М. Хрушчоў. Пасля яго змяшчэння з вышэйшай пасады ў дзяржаве кіраўніком СССР стаў другі выхадзец з Украіны — былы першы сакратар Днепрапятроўскага абкама кампартыі Украіны Л. Брэжнеў. Колькасць украінцаў у складзе вышэйшага калегіяльнага органа ўлады ў СССР — Палітбюро ЦК КПСС дасягнула паловы штатнага складу. У афіцыйнай іерархіі саюзных рэспублік УССР займала ганаровае другое месца — пасля РСФСР і перад БССР.
26 красавіка 1986 года, праз памылкі праектавання і будаўніцтва, ігнараванне праблемы, здарылася катастрофа на Чарнобыльскай АЭС. Тым часам 1 траўня ў Кіеве прайшоў парад, кіраўніцтва СССР прымусіла кіраўнікоў Украінскай ССР правесці яго, каб не выклікаць паніку.[1] Пасля ацэнкі маштабаў радыеактыўнага забруджвання была запланавана эвакуацыя, але яна была затрымана па рашэнні ўрада СССР і ЦК КПСС. Чарнобыльская катастрофа аказала вялікі ўплыў на грамадска-палітычнае жыццё, некаторыя называюць гэта пачаткам канца Савецкага Саюза.
Працэс адраджэння УГКЦ пачаўся з сустрэчы Папы Яна Паўла ІІ з Прэзідэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым. На жаль, аднак, пачатак 1990-х гадоў быў адзначаны міжканфесійнай канфрантацыяй на фоне маёмасных спрэчак, ускладненай расколам ўнутры ўкраінскага праваслаўя.
22 кастрычніка 1989 г. на Саборы святароў і свецкіх у Львове было абвешчана адраджэнне Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Адроджаную царкву ўзначаліў Іван (Баднарчук), епіскап Маскоўскага патрыярхату. 2 кастрычніка 1990 г. улады Украіны афіцыйна зарэгістравалі УАПЦ.
16 ліпеня 1990 года абвешчана Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце. 2-17 кастрычніка 1990 г. ва Украіне адбылася Рэвалюцыя на граніце, асноўнай мэтай акцыі было не дапусціць падпісання новай саюзнай дамовы СССР. Патрабаванні студэнтаў былі задаволены падпісаннем пастановы Вярхоўнай Рады, якая гарантавала іх выкананне.[2]
Пасля правалу жнівеньскага путчу 24 жніўня 1991 г. Вярхоўная Рада Украіны прыняла Акт абвяшчэння Незалежнасці Украіны. Тэкст акту быў напісаны і абвешчаны Леўкам Лук’яненкам. Украінская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка спыніла існаванне, стаўшы сучаснай Украінай.
Па выніках Усеўкраінскага рэферэндуму 1991 г. 90,32 % грамадзян Украіны прагаласавалі за Акт незалежнасці Украіны,[3] і быў абраны першы прэзідэнт Украіны — Леанід Краўчук. На наступны дзень пасля рэферэндуму Украіну прызналі Канада і Польшча, а да канца студзеня 1992 года — 91 дзяржава.
8 снежня ў Белавежскай пушчы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук, прэзідэнт РСФСР Борыс Ельцын і старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Але Вярхоўная Рада Украіны не ратыфікавала пагадненне, такім чынам Украіна не ўвайшла ў СНД[4], а мела асацыяванае членства, спыненае ў 2018 годзе ўказам прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.[5] 25 студзеня 1991 г. Прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў падаў у адстаўку і роспуск Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік стаў канечным.
Унутраны стан СССР перад роспускаў прычыніўся глыбокаму крызісу ў былых савецкіх рэспубліках, у тым ліку ва Украіне — збядненню насельніцтва, гіперінфляцыі, масаваму беcпрацоўю. У 1992 годзе адбыўся царкоўны раскол, калі былы мітрапаліт Украіны Філарэт абвясціў сябе Кіеўскім патрыярхам. Ніводны праваслаўны патрыярх не прызнаў Кіеўскі патрыярхат, але яго падтрымаў украінскі ўрад.
У 1994 г. на датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах перамог Леанід Кучма. Ён кіраваў краінай 10 гадоў. 28 чэрвеня 1996 года Вярхоўная Рада ўхваліла Канстытуцыю Украіны. У лістападзе 2004 г. адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх перамог Віктар Януковіч. Але яго супернік Віктар Юшчанка не прызнаў вынікаў выбараў, заявіўшы пра іх фальсіфікацыю. Яго падтрымалі шырокія колы грамадства, асабліва на захадзе краіны, а таксама ЗША і краіны Еўрасаюза. Юшчанка пачаў кампанію грамадзянскага супраціву, вядомую як Аранжавая рэвалюцыя. Яе вынікам стала скасаванне вынікаў выбараў і правядзенне паўторнага галасавання, у якім перамог Юшчанка. Адначасна Вярхоўная Рада ўхваліла змены да Канстытуцыі, змяніўшы выбарчую сістэму і пазбавіўшы прэзідэнта шэрагу паўнамоцтваў, у тым ліку права фарміравання ўрада. У сакавіку 2006 г. адбыліся парламенцкія выбары, на якіх найбольшую колькасць галасоў набрала Партыя рэгіёнаў Віктара Януковіча. Але партыі Віктара Юшчанкі («Наша Украіна») ды яго паплечніцы падчас «Памаранчавай рэвалюцыі» Юліі Цімашэнка разам набралі прыкладна такую ж колькасць галасоў. У выніку вырашальнай стала пазіцыя больш дробных партый. Калі перагаворы пра стварэнне кааліцыі між «памаранчавымі» партыямі зайшлі ў тупік, Сацыялістычная партыя Аляксандра Мароза перайшла ад «памаранчавага» блоку да Партыі рэгіёнаў і разам з імі ды камуністамі стварыла Антыкрызісную кааліцыю. Прэм’ер-міністрам Украіны стаў Віктар Януковіч.
На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года перамог Віктар Януковіч, які ў другім туры перамог Юлію Цімашэнка.
21 лістапада 2013, за некалькі дзён да саміту ў Вільнюсе, Кабінет міністраў Украіны вырашыў прыпыніць працэс падрыхтоўкі Пагаднення аб асацыяцыі Украіны і Еўрапейскага саюза. Гэта выклікала масавыя акцыі пратэсту Еўрамайдан ва Украіне. Пратэстоўцы стварылі лагеры на Майдане Незалежнасці, а ў снежні 2013 года і студзені 2014 года пратэстоўцы пачалі займаць розныя ўрадавыя будынкі, спачатку ў Кіеве, а пазней і ў Заходняй Украіне.
16 студзеня 2014 года былі прынятыя дыктатарскія «законы» з грубым парушэннем нарматыўных актаў і заканадаўчай працэдуры і, нягледзячы на рэзкую крытыку, падпісаны прэзідэнтам на наступны дзень, 17 студзеня. Яны былі атрыманы падняццем рук, без выкарыстання сістэмы «Рада» і без абмеркавання, а іх тэксты сталі даступныя толькі пасля таго, як за іх прагаласавалі дэпутаты. Гэтыя законы абмяжоўвалі правы грамадзян, давалі дзяржаўным уладам больш свабоды для пакарання пратэстоўцаў і накіраваны на крыміналізацыю апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. У выніку бітваў паміж пратэстоўцамі і паліцыяй у лютым 2014 года загінула каля 80 чалавек пачалася Рэвалюцыя годнасці.
Пасля гвалту парламент развярнуўся супраць Януковіча і 22 лютага прагаласаваў за адхіленне яго ад улады і вызваленне Юліі Цімашэнкі з турмы. У той жа дзень прыхільнік Януковіча Уладзімір Рыбак падаў у адстаўку з пасады спікера парламента, а на яго месца прыйшоў вернік Цімашэнкі Аляксандр Турчынаў, які пасля быў прызначаны часовым прэзідэнтам. Януковіч збег з Кіева у Расею і знаходзіцца ў вышуку ва Украіне за забойства пратэстоўцаў. Расія заявіла, што прызначэнне Турчынава выконваючым абавязкі Прэзідэнта было неканстытуцыйным.[6] У прыватнасці, Расія лічыць, што пераход быў «пераваротам».[7][8][9]
Канфлікт працягваўся крымскім крызісам у лютым-сакавіку, калі расійскія войскі захапілі кантроль над Крымам.[10] Крым быў аднабакова анексаваны Расіяй 18 сакавіка 2014 года.[11]
Крымскі крызіс суправаджаўся прарасійскімі хваляваннямі на ўсходзе Украіны і на поўдні Украіны.[11] У красавіку 2014 года ўкраінскія сепаратысты самаабвесцілі Данецкую Народную Рэспубліку і Луганскую Народную Рэспубліку і 11 мая 2014 года правялі рэферэндумы; сепаратысты сцвярджалі, што амаль 90 % прагаласавалі за незалежнасць. Пазней, у красавіку 2014 года, баі паміж украінскай арміяй і праўкраінскімі добраахвотніцкімі батальёнамі супраць сіл, якія падтрымлівалі Данецкую Народную Рэспубліку і Луганскую Народную Рэспубліку, перараслі ў вайну на Данбасе.[11][12] Да снежня 2014 года больш за 6400 чалавек загінулі ў выніку гэтага канфлікту, і, паводле дадзеных Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, гэта прывяло да таго, што больш за паўмільёна ўнутрана перамешчаных жыхароў Украіны і дзвесце тысяч бежанцаў уцяклі ў (пераважна) Расію і іншыя суседнія краіны.[13][14][15][16] У канцы 2020 года колькасць загінулых у канфлікце вырасла да больш чым 13 000 чалавек і амаль 1,5 мільёны перамешчаных асоб.[17]
На датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах у чэрвені 2014 года перамог Пётр Парашэнка. 20 чэрвеня было абвешчана аднабаковае тыднёвае перамір’е з адначасовым ультыматумам прарасейскім наймітам і мясцовым баевікам пакінуць краіну, пасля чаго пачалося вызваленне дзяржавы, якое было сарванае ўжо адкрытай узброенай агрэсіяй Расіі. З дапамогай заходніх краін Украіне ўдалося замарозіць вайну на лініі размежавання, а Расіі замацаваць стан нявызначанасці на Данбасе ў Мінскіх пагадненнях.
Эканамічная частка Пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрапейскім саюзам была падпісана 27 чэрвеня 2014 г. прэзідэнтам Пятром Парашэнкам.[18] 1 студзеня 2016 года Украіна далучылася да зоны свабоднага развіцця з ЕС. Грамадзяне Украіны атрымалі дазвол на бязвізавы ўезд у Шэнгенскую зону на тэрмін да 90 дзён на працягу любога 180-дзённага перыяду 11 чэрвеня 2017 года, а Пагадненне аб асацыяцыі афіцыйна ўступіла ў сілу 1 верасня 2017 года.[19]
З дапамогай МВФ і жорсткай грашова-крэдытнай і фіскальнай палітыкі ўдалося стабілізаваць фінансавае становішча краіны і запоўніць пустую дзяржаўную казну. У эканамічных рэформах Парашэнка абапіраўся на замежных спецыялістаў, якія ўдзельнічалі ва ўрадзе. Сярод іх быў былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, які ў рэшце рэшт стане ў апазіцыю да прэзідэнта і значна знізіць яго рэйтынг даверу. У той жа час ён заручыўся падтрымкай алігархічных колаў для сур’ёзных змен, за выключэннем нацыяналізацыі банка «Надра» Дзмітрыем Фірташам, а ў працэсе разбурэння сістэмы буйной уласнасці, пабудаванай Кучмай, не адбылося. Наадварот, уцёкі за мяжу прадстаўніка Дняпра Ігара Каламойскага, які дапамагаў змагацца з сепаратыстамі пры падтрымцы Данецка, і нацыяналізацыя ПрыватБанка нагадвалі многім аб барацьбе за перадзел уласнасці ў 1990-я гады.
Значныя дасягненні на знешнепалітычнай арэне: падтрымка антырасейскіх санкцый, атрыманне бязвізавага рэжыму з краінамі Еўрасаюза ў спалучэнні з неабходнасцю пераадолення надзвычай складаных задач унутры краіны. Старыя мясцовыя ўлады таксама не хацелі ніякіх зменаў: улады былі ачышчаны ад актывістаў антымайдану (люстрацыя), але часткова. Пачалася барацьба з карупцыяй, абмяжоўваючыся прысудамі дробным чыноўнікам і электроннымі дэкларацыямі, а новаствораныя НАБУ і НАЗК адзначыліся скандаламі ў сваёй працы. Судовая рэформа спалучалася з прызначэннем старых, скампраметаваных суддзяў. Расследаванне злачынстваў супраць жыхароў Майдану зацягнулася. З мэтай процідзеяння масавай глабальнай расійскай антыўкраінскай прапагандзе ў «інфармацыйнай вайне» было створана Міністэрства інфармацыйнай палітыкі, якое на працягу 5 гадоў, за выключэннем забароны Лабараторыі Касперскага, Dr.Web, 1С, Mail.ru, Яндэкс, расійскіх сацыяльных сетак «У Кантакце», «Аднакласнікі» і прапагандысцкіх СМІ, не паказала эфектыўнай працы. У 2017 годзе прэзідэнт падпісаў закон «Аб адукацыі».
19 мая 2018 года Парашэнка падпісаў Указ, які ўвёў у дзеянне рашэнне Савета нацыянальнай бяспекі і абароны пра канечнае спыненне ўдзелу Украіны ў статутных органах Садружнасці Незалежных Дзяржаў.[20][21] Станам на люты 2019 года Украіна звела да мінімуму ўдзел у СНД і фактычна завяршыла свой выхад. Вярхоўная Рада Украіны не ратыфікавала пагадненне, то бок Украіна ніколі не была членам СНД.[4]
21 лютага 2019 года ў Канстытуцыю Украіны былі ўнесены змены, нормы пра стратэгічны курс Украіны на сяброўства ў Еўрапейскім саюзе і НАТА замацаваны ў прэамбуле Асноўнага закона, трох артыкулах і пераходных палажэннях.[22]
21 красавіка 2019 г. у другім туры прэзідэнцкіх выбараў перамог акцёр і шоўмен Уладзімір Зяленскі, якому ўдалося кансалідаваць галасы выбаршчыкаш розных палітычных спектраў і атрымаць 73,23 % галасоў. 20 мая адбылася цырымонія інаўгурацыі, пасля чаго Зяленскі абвясціў пра роспуск Вярхоўнай Рады і прызначыў датэрміновыя выбары. Датэрміновыя парламенцкія выбары 21 ліпеня дазволілі новастворанай прапрэзідэнцкай партыі «Слуга народа» атрымаць абсалютную большасць месцаў упершыню ў гісторыі незалежнай Украіны (248). Спікерам парламента абраны старшыня партыі Дзмітрый Разумкоў. Большасць змагла сфарміраваць урад самастойна, без стварэння кааліцый, і зацвердзіць Аляксея Ганчарука прэм’ер-міністрам.[23] 4 сакавіка 2020 года з-за падзення ВУП на 1,5 % (замест павелічэння на 4,5 % на момант выбараў) Вярхоўная Рада звольніла ўрад Ганчарука, а Дзяніс Шмыгаль[24] стаў новым прэм’ер-міністрам.[25]
28 ліпеня 2020 г. у Любліне Літва, Польшча і Украіна стварылі ініцыятыву «Люблінскі трохвугольнік», якая накіравана на спрыянне далейшаму супрацоўніцтву паміж трыма гістарычнымі краінамі Рэчы Паспалітай і далейшую інтэграцыю Украіны і ўступленне ў ЕС і НАТА.[26]
2 лютага 2021 года ўказ прэзідэнта забараніў тэлевізійнае вяшчанне прарасійскіх тэлеканалаў 112 Ukraine, NewsOne і ZIK.[27][28] Рашэннем Савета нацыянальнай бяспекі і абароны і Указам прэзідэнта ад 19 лютага 2021 г. былі ўведзены санкцыі супраць 8 фізічных і 19 юрыдычных асоб, у тым ліку супраць прарасійскага палітыка і кума Пуціна — Віктара Мядзведчука і яго жонкі Аксаны Марчанка.[29][30]
На саміце ў Бруселі ў чэрвені 2021 года лідары НАТА паўтарылі рашэнне, прынятае на саміце ў Бухарэсце 2008 года, паводле якога Украіна стане членам Альянсу з Планам дзеянняў па сяброўстве (ПДЧ) як неад’емнай часткай працэсу і правам Украіны вызначаць сваю будучыню і знешнюю палітыку без умяшання звонку.[31]
17 мая 2021 года асацыяцыя «Трыа» была ўтворана падпісаннем сумеснага мемарандума паміж міністрамі замежных спраў Грузіі, Малдовы і Украіны. Асацыяцыя «Трыа» — трохбаковы фармат для пашырэння супрацоўніцтва, каардынацыі і дыялогу паміж трыма краінамі (якія падпісалі Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС) па пытаннях агульнага інтарэсу, звязаных з еўрапейскай інтэграцыяй, Усходнім партнёрствам і абавязацельствамі па далучэнні да Еўрапейскага саюза.[32] Станам на 2021 год, Украіна рыхтуецца афіцыйна падаць заяўку на ўступленне ў ЕС у 2024 годзе, каб далучыцца да Еўрапейскага Саюза ў 2030-я гады.[33]
3 сакавіка 2020 года ва Украіне быў зафіксаваны першы выпадак заражэння каронавірусам COVID-19.[34] Кожны дзень Міністэрства аховы здароўя публікуе новую інфармацыю аб распаўсюджванні пандэміі. З-за каранцінных абмежаванняў у краіне ўзмацніўся эканамічны крызіс, колькасць афіцыйна беспрацоўных павялічылася на 67 %.
23 лютага 2021 г. ва Украіне былі зарэгістраваны 2 вакцыны супраць каронавіруса: AstraZeneca і Pfizer — BioNTech.[35][36] 24 лютага першы чалавек быў прышчэплены.[37]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.