Салігорск
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Саліго́рск[3] (трансліт.: Salihorsk, руск.: Солигорск) — горад у Беларусі, на правым беразе ракі Случ. Адміністрацыйны цэнтр Салігорскага раёна Мінскай вобласці (да 2009 года — горад абласнога падпарадкавання). Насельніцтва на 2017 год — 106 839 чалавек[4], што пры даволі невялікай плошчы горада ў 15 км² робіць Салігорск адным з самых шчыльнанаселеных гарадоў краіны. Знаходзіцца за 136 км на поўдзень ад Мінска. Канцавая чыгуначная станцыя на адгалінаванні Слуцк — Салігорск ад лініі Баранавічы — Асіповічы, побач з горадам праходзяць аўтамабільныя дарогі Мінск — Мікашэвічы і Бабруйск — Чырвоная Слабада. Таксама злучаны аўтабільнымі дарогамі з Любанню, Лунінцом.
Горад
Салігорск
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Салігорск з’яўляецца адным з самых маладых гарадоў Рэспублікі Беларусь (пазней быў заснаваны толькі Новалукомль). Яго гісторыя пачынаецца з пабудовы I Старобінскага (потым — Салігорскага) калійнага камбіната, пазней пераўтворанага ў 1 рудаўпраўленне ААТ «Беларуськалій» пасля выяўлення багатых радовішчаў калійнай солі на гэтых тэрыторыях. Першапачаткова Салігорск меў назву Новастаробінск (да 1959 года) і статус рабочага пасёлка. Горад — з 1963, з 1965 — цэнтр аднайменнага раёна. Адзін з найбуйнейшых цэнтраў вытворчасці калійных угнаенняў у свеце.
Назву «Салігорск» афіцыйна зацвердзілі ў 1959 годзе. Раней у некаторых дакументах Старобінскага райвыканкама, якому падпарадкоўвалася тэрыторыя Салігорска, пасёлак называўся Новастаробінскам (Нова-Старобінскам), аднак дэ-факта такой назвы ніколі не меў[5]. Адмову ад першай назвы некаторыя тлумачаць нягучнасцю зліцця ў ёй слоў «Новы» і «Стары»[6].
Назва «Новастаробінск» прысутнічала на памятным камяні, пастаўленым на месцы заснавання Салігорска:
10-VIII-1958 тут быў заснаваны горад Нова-Старобінск. Арыгінальны тэкст (руск.)
10-VIII-1958 здесь заложен город Ново-Старобинск[7]. |
Аднак пазней камень быў перанесены на іншае месца, і яму надалі новую таблічку, на якой замест старой назвы напісана ўжо «Салігорск».
У 1949 года каля вёскі Чыжэвічы Старобінскага раёна Мінскай вобласці правялі геалагічную экспедыцыю, якая выявіла значныя паклады калійнай солі. На глыбіні 349,5 м свідраваная шчыліна раскрыла тоўшчу, у прарэзе якой былі знойдзены прамысловыя паземы калійных салей. У 1949―1952 гадах на радовішчы здзяйсняліся геолагавыведніцкія працы з мэтаю выяўлення формы і аб’ёму прамысловай часткі радовішча, выяўлення якасці калійных рудаў і атрымання зыходных звестак для геолага-экалагічнай ацэнкі радовішча. Паводле вынікаў гэтай працы былі выяўлены буйныя столкі сырых калійных салей. У 1952 годзе шэраг навукоўцаў, якія працавалі ў галіне адкрыцця і распрацоўкі Старобінскага радовішча калійных салей, былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР[8].
9 чэрвеня 1958 года Урад СССР прыняў пастанову аб пабудове I Старобінскага (потым — Салігорскага) калійнага камбіната (цяпер 1 Рудаўпраўленне ААТ «Беларуськалій»). А 10 жніўня таго ж года на месцы вёскі Вішнёўка Старобінскага раёна пачалося будаванне паселішча для будучых шахцёраў[9]. Пазней у склад места ўвайшлі вёскі Кавалёва Лаза, Пяшчанка, Пакроўка, Круты Бераг, Сяльцо і Цэсліны. 8 жніўня 1959 года Салігорск атрымаў цяперашнюю назву і афіцыйны статус рабочага пасёлка[10].
1 верасня 1959 года ў Салігорску адкрылася пачатковая школа з рускай мовай навучання, пераўтвораная ў 1960 годзе ў сярэднюю школу. У лістападзе 1961 года пачаліся заняткі ў Салігорскім горнахімічным тэхнікуме. У канцы 1959 года пачалося будаванне гарадской паліклінікі, у 1962 годзе — бальніцы (адкрылася ў 1965 годзе). 4 лістапада 1959 года пачаў працаваць Дом культуры будаўнікоў. У траўні 1961 года адкрылася першая ў горадзе бібліятэка. 28 красавіка 1961 года адбыўся ўвод ў эксплуатацыю кінатэатра.
У 1962 годзе Салігорск злучылі чыгункай са Слуцкам. У 1963—1979 гадах у горадзе ўвялі ў эксплуатацыю 4 калійныя камбінаты. У 1964—1967 гадах вялося будаванне Салігорскага вадасховішча. 1 жніўня 1984 года адкрыўся новы будынак чыгуначнай станцыі.
25 снежня 1962 года Салігорск увайшоў у склад Любанскага раёна. 7 сакавіка 1963 года Загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР рабочаму пасёлку Салігорску надалі афіцыйны статус горада абласнога падпарадкавання. 6 студзеня 1965 года горад стаў цэнтрам Салігорскага раёна.
23 лютага 1978 года ў склад горада ўключаны пасёлак Пакроўка Чыжэвіцкага сельсавета[11].
Буйны цэнтр горназдабываючай прамысловасці Беларусі і адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў і пастаўшчыкоў калійных мінеральных угнаенняў — вытворчае аб’яднанне ААТ «Беларуськалій». Прадукцыя гэтага прадпыемства пастаўляецца ў Еўропу, Усходнюю Азію, краіны Міжземнамор’я, Паўднёвую Афрыку, Індыю, Кітай, Паўднёвую і Паўночную Амерыку — усяго больш чым у 50 краін свету[20].
Усяго ў Салігорску 62 дзяржаўныя і акцыянерныя прадпрыемствы. Сярод найбуйнейшых — заводы горна-шахтавага абсталявання, рамонтна-механічны, зборнага жалезабетону, жалезабетонных канструкцый, даследча-эксперыментальны, клееных драўляных канструкцый, ліцейна-механічны. Лёгкая прамысловасць — ААТ «Купалінка» і ЗАТ «Калінка». 6 банкаў і 155 прыватных камерцыйных структур. Гасцініцы «Алеся», «Жамчужына», «Новае Палессе».
У горадзе добра развіты будаўнічы комплекс, які ўключае ААТ «Будтрэст № 3 ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі», народнае прадпрыемства «Шахтаспецбуд» і Домабудаўнічы камбінат.
Грузавыя перавозкі ажыццяўляе Аўтапарк № 3, пасажырскія — Аўтобусны парк № 1.
Абслугоўваннем гараджан займаецца 105 гандлёвых прадпрыемстваў (63 — з дзяржаўнай формай уласнасці, 42 — з недзяржаўнай) і 11 фірменных магазінаў. У горадзе — 72 прадпрыемствы грамадскага харчавання на 7026 пасадачных месцаў.
Служба побыту прадстаўлена камбінатам бытавога абслугоўвання на 206 працоўных месцаў, 3 атэлье, 13 цырульнямі.
У горадзе знаходзіцца 11 агульнаадукацыйных школ і тры гімназіі, дзе навучаецца каля 18 тысяч навучэнцаў, будаўнічы прафесійны коледж, педагагічны каледж, горнахімічны каледж, эканамічны тэхнікум. Працуе 31 дзіцячая дашкольная ўстанова на 6229 дзяцей. Для арганізацыі пазакласнай выхаваўчай работы дзейнічае 11 спецыялізаваных дзіцячых устаноў. Сярод іх — школа мастацтваў, музычная і мастацкая школы, станцыя юных тэхнікаў, дзіцячы тэатр танца, краязнаўчы музей, цэнтр дзіцячай творчасці.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.