Чэрыкаў
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Чэ́рыкаў[3] (трансліт.: Čerykaŭ) — горад раённага падпарадкавання ў Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Чэрыкаўскага раёна, на рацэ Сож, на скрыжыванні аўтадарог Магілёў — Касцюковічы і Бабруйск — Крычаў. За 77 км ад Магілёва, за 32 км ад чыгуначнай станцыі Крычаў. Насельніцтва 8165 чал. (2017)[4].
Горад
Чэрыкаў
| ||||||||||||||||||||||||||||||
У форме «Чериков» назва сустракаецца ўжо ў 1699 г. Назва Чэрыкаў антрапанімічнага, адыменнага паходжання. На ўсходзе цяперашняй Беларусі частыя прозвішчы з фармантам -ік- (> -ык-), пасля якога можа быць канцавы суфікс -аў.
Асновы, якія пашыраюцца фармантам -ік-, могуць пашырацца і іншымі фармантамі або самастойна ўтвараць аснову прозвішча, як у шэрагу: Біба — Бібоў — Бібель — Бібік, Бібікаў[5]. Мяркуецца, што гэты фармант з дымінутыўным (памяншальным) значэннем[6]. Паводле паходжання ён балцка-славянскі, бо ёсць таксама ў літоўскай і прускай мовах[7][8].
Корань Чэр- таксама ў такіх прозвішчах з усходу Беларусі тыпу Чэ́ранда, Чэ́расеў, Чэ́рачэнь. Этымалогія гэтага кораня ў беларускай антрапаніміі недастаткова прасветленая[9]. Той жа корань у балцкіх азёрных назвах Чэрас (каля Мёраў і ў вярхах ракі Таропы), ад кораня Ker-[10].
Асабістае імя, што легла ў аснову назвы Чэрыкаў, В. Жучкевіч прапаноўваў звязваць са словамі чертить, чертало[11], але пакідаў па-за ўвагай скарачэнне Чэр-т- у Чэр-. Згодна з народна-этымалагічнай версіяй, на месцы пазнейшага Чэрыкава «рэзалі авечак», каб аплаціць даніну татарам, і назва паселішча пайшла ад выразу «чырык (авечак)»[12].
Першы пісьмовы ўпамін пра Чэрыкаў датуецца 1460[12]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) ён увайшоў у склад Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. У 1578 годзе мястэчка стала цэнтрам староства Магілёўскай эканоміі.
У пачатку XVII стагоддзя Чэрыкаў атрымаў статус горада[13]. У 1641 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў гораду Магдэбургскае права[13] і герб: «у блакітным полі срэбны мур з трыма вежамі, у цэнтральнай — брама з збройным рыцарам з дзідай у руцэ»[14].
У кастрычніку 1648 года казакі на чале з Крывашапкай занялі Чэрыкаў, адкуль рабілі набегі на шляхецкія маёнткі Мсціслаўскага ваяводства. Неўзабаве казакоў разбіў аддзел полацкай шляхты на чале з князем Лукомскім. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) горад спустошылі маскоўскія захопнікі[13].
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Чэрыкаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1773 годзе Чэрыкаў зноў атрымаў статус горада і стаў цэнтрам павета Мсціслаўскай правінцыі (у 1796—1802 гадах — Беларускай, пазней — Магілёўскай губерні). У 1781 годзе расійскія ўлады даравалі яму новы герб. На 1787 год у горадзе было 300 дамоў, дзейнічалі 2 царквы, працавала школа. У 1789 годзе адкрылася 2-класнае вучылішча. У канцы XVIII стагоддзя праз Чэрыкаў прайшоў тракт Магілёў — Чавусы — Крычаў — Мсціслаў, у XIX стагоддзі — Маскоўска-Варшаўская шаша. У гэты час на Сажы існавалі тры прыстані; праводзіліся конныя кірмашы, працаваў цукровы завод. На 1811 год у горадзе было 364 двары, на 1839 год працавалі 2 плісавыя, 1 палатняная, 1 гарбарная, 1 паташная і 2 медзеплавільныя мануфактуры. У пачатку 1840-х гадоў — 380 драўляных і 2 мураваныя будынкі, працавалі 39 крамаў, на 1848 год — 407 дымоў.
У часы нацыянальна-вызваленчага паўстання (1863—1864) Я. Жукоўскі сфарміраваў у Чэрыкаве паўстанцкі аддзел, які пазней злучыўся з Горацкім аддзелам Л. Звяждоўскага. На 1865 год у горадзе было 15 мураваных (астрог, 2 адміністрацыйныя будынкі, паштовая станцыя, застаўны шашэйны дом, 9 крамаў і 2 жылыя дамы) і 566 драўляных будынкаў (царква, касцёл, 4 малітоўныя школы, 54 крамы, гарадскі млын, 505 жылых дамоў). План складаўся з 4 плошчаў, 12 вуліц, 13 завулкаў, частка з якіх была брукаванай. На 1880 год у Чэрыкаве было 564 будынкі. У 1886 годзе пачала дзейнічаць метэаралагічная станцыя[15]. У 1904 годзе ў горадзе працавалі 23 дробныя прадпрыемствы, 162 рамеснікі, бальніца на 20 ложкаў. У 1913 годзе працавалі вінны завод, лесапільна-мукамольны завод, млыны.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чэрыкаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала горад разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Чэрыкаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна Калінінскай, у 1927—1930 гг. Магілёўскай акругі, з 1938 года — у Магілёўскай вобласці. У Другую сусветную вайну з 17 ліпеня 1941 года да 1 кастрычніка 1943 года горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
У 1959—1962 і 1965—1966 гадах Чэрыкаў уваходзіў у склад Крычаўскага раёна, у 1962—1965 гадах — у склад Краснапольскага раёна. У 2002 годзе адбылося афіцыйнае зацвярджэнне гістарычнага гарадскога герба[16].
Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў, лесанарыхтоўчай прамысловасці. База юных турыстаў. Гасцініца.
Дзейнічаюць дом культуры, Чэрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, бібліятэкі.
У Чэрыкаве працуюць 2 сярэднія, вячэрняя, спартыўная школы, школа мастацтваў.
У сучасным плане горада галоўныя вуліцы з’яўляюцца працягам аўтамагістраляў. У цэнтры ўтварылася 3—5-павярховая забудова. У цэлым жа пераважаюць будынкі сядзібнага тыпу. Вядзецца будова 5-павярховых дамоў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.