Медан
горад у Інданезіі From Wikipedia, the free encyclopedia
горад у Інданезіі From Wikipedia, the free encyclopedia
Медан (індан.: Medan) — адміністрацыйны цэнтр і найбуйнейшы горад інданезійскай правінцыі Паўночная Суматра, размешчаны на поўначы правінцыі[3]. Бліжэйшыя Малакскі праліў, буйны порт Белаван і міжнародны аэрапорт Куаланаму робяць Медан рэгіянальным і мультыкультурным цэнтрам, які таксама выступае фінансавым асяродкам Суматры і варотамі ў заходнюю частку Інданезіі. Каля 60 % эканомікі Паўночнай Суматры апіраюцца на гандаль, сельскую гаспадарку і перапрацоўчую прамысловасць[4], у тым ліку экспарт з 4 мільёнаў акраў плантацый пальмавага алею. Нацыянальнае агенцтва планавання развіцця ўключыла Медан у лік чатырох галоўных гарадоў Інданезіі, нараўне з Джакартай, Сурабаяй і Макасарам[5][6].
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Паводле перапісу 2020 года, у межах горада Медан пражывала 2 435 252 чалавека[7][8]; афіцыйная ацэнка колькасці насельніцтва на сярэдзіну 2022 года складала 2 494 512 чалавека. З улікам прылеглай гарадской тэрыторыі насельніцтва складае больш за 3,4 мільёна чалавек, што робіць яго чацвёртай па велічыні гарадской агламерацыяй у Інданезіі[9]. Рэгіянальная агламерацыя Медана, у якую ўваходзяць суседні Бінджай, рэгенцтва Дэлісерданг і частка рэгенцтва Каро, з’яўляецца найбуйнейшай агламерацыяй за межамі Явы: па дадзеных перапісу 2020 года, у ёй пражывае 4 744 323 жыхара[10].
Горад быў заснаваны ў месцы зліцця рэк Дэлі і Бабура каронцам на імя Гуру Патымпус. Тады паселішча называлася Кампунг-Медан-Путры (Kampung Medan Putri) і было часткай султанату Дэлі, заснаванага ў 1632 годзе. У канцы ⅩⅨ стагоддзя нідэрландскія каланісты, якія шукалі новыя плошчы для плантацый, выбралі Медан і Дэлі для заснавання Дэлійскай тытунёвай кампаніі. За некалькі гадоў нідэрландскі гандаль тытунёвымі вырабамі ператварыў Медан у эканамічны цэнтр, за што ён атрымаў мянушку Het Land Dollar («зямля грошай»). Дэлійская чыгунка, створаная для дастаўкі тытуню, каўчуку, чаю, драўніны, пальмавага алею і цукру з Медана ў порт Белаван для наступнага экспарту па ўсім свеце, садзейнічала далейшаму хуткаму развіццю Медана. Горад спачатку быў сталіцай Дзяржавы Усходняя Суматра, а затым, у незалежнай Інданезіі, стаў цэнтрам правінцыі Паўночная Суматра.
Тэрмін «медан», магчыма, паходзіць ад слова «мадан» (ᯔᯑᯉ᯳) з мовы батак-каро, якое літаральна азначае «ацалёны», «благаславёны» або «ачунялы».[11] Гэты тэрмін звязаны з гістарычным каронскім дзеячам і заснавальнікам горада па імі Гуру Патымпус (Guru Patimpus), які быў вядомы як народны лекар. Найстарэйшыя сведчанні выкарыстання гэтага тэрміна для абазначэння горада адносяцца прыкладна да адрэзка ⅩⅢ–ⅩⅤ стагоддзяў, падчас каронскага праўлення Ару[12].
Існуе таксама распаўсюджаная гіпотэза, паводле якой «медан» мае малайскае паходжанне і літаральна азначае «поле». Тэрмін «медан» (مدان) на малайскай мове можа быць вытворным ад малаяламскага mythaan-am (മൈതാനം, «поле»), якое з’яўляецца роднасным тамільскаму слову maitāṉ-am (மைதானம், «зямля»)[13].
Медан размешчаны на землях былога каралеўства Ару , заснаванага народам каро і квітнеючага паміж XIII і XVI стагоддзямі[14]. Побач Медана захавалася некалькі археалагічных помнікаў, у тым ліку Ката-Рентанг, партовае паселішча ў наваколлях Хампаран-Перака[15]; Ката-Чына, старажытны гандлёвы цэнтр у Медан-Марэлане[16]; і Бентэнг-Путры-Хіджаў, руіны форта ў Дэлі-Туа[17].
У шаснаццатым стагоддзі Гуру Патымпус Сембірынг Пелаві, каронец з рэгенцтва Каро, звярнуўся з вераванняў пемены ў іслам. Падчас свайго падарожжа на вучобу ў Датука Ката Бангуна, Гуру Патымпус сустрэў і ажаніўся з дзяўчынай з паселішча Пулабраян. У далейшым, у суправаджэнні сваіх двух сыноў, Калока і Кечыка, сужэнцы заснавалі вёску Медан паміж рэкамі Дэлі і Бабура.
У 1632 годзе Ачэхскі султанат пад уладай Гоча Пахлавана пашырыўся і ўключыў Медан. Перунггіт стаў пераемнікам свайго бацькі ў 1669 годзе і аб’явіў незалежны султанат Дэлі, які ўключыў таксама Медан.
Пачынаючы з 1860-х гадоў нідэрландскія ўлады пачалі расчышчаць новыя землі для тытунёвых плантацый. Саід Абдула Білсагіх, зяць дэлійскага султана Махмуда Перкаса Алама, пераканаў нідэрландскага гандляра тытунём Якаба Нінхёйса перанесці свой бізнэс з Явы ў Дэлі. Нідэрландскія купцы Ван дэр Фальк і Эліёт, а таксама кітайскія браты Чжан Цзюэгань і Чжан Яосюань , таксама былі піянерамі тытунёвай прамысловасці ў Дэлі. У 1867 годзе Нінхёйс, Янсэн, Клемен і Крэмер заснавалі кампанію «De Deli Maatschappij» ; у 1869 годзе яны перанеслі галаўны офіс з Лабухан-Дэлі ў Медан. Гэта зрабіла Медан цэнтрам тытунёвага гандлю, які мацней узрос з адкрыццём Суэцкага канала ў 1869 годзе.
Султан Мамун ар-Рашыд Перкаса Аламія, які ўладарыў у 1873—1924 гадах, перанёс сталіцу каралеўства ў Медан. У 1888 годзе завяршылася будаўніцтва палаца Маймун , а ў 1907 годзе — Вялікай мячэці Медана . У 1898 годзе нідэрландскі прадпрымальнік Айнт Херман дэ Бур пабудаваў гатэль свайго імя для размяшчэння еўрапейскіх турыстаў з круізных лайнераў, што пачалі наведваць Медан.
Падчас Нідэрландскай Ост-Індскай аперацыі 1942 года (у ходзе Другой сусветнай вайны) японцы ўвайшлі ў Медан на роварах і акупавалі горад. Перадача ўлады была хаатычнай, але з дапамогай паліцыі кэмпэйтай японцы змаглі ўтрымліваць горад да сваёй капітуляцыі ў 1945 годзе. Затым Медан перайшоў пад юрысдыкцыю Камандавання Паўднёва-Усходняй Азіі , якое ўзначальваў брытанскі адмірал лорд Луіс Маўнтбатэн. Пасля абвяшчэння незалежнасці Інданезіі 17 жніўня таго ж года Медан стаў часткай новай незалежнай Рэспублікі Інданезія, у самім горадзе пра навіну стала вядома 30 верасня.
У кастрычніку войскі саюзнікаў высадзіліся ў гаване Белаван і рушылі на Медан. Наступныя канфлікты паміж саюзнікамі і інданезійскім войскам сталі вядомыя як бітва пры Медане[18][19]. Саюзнікі аднавілі кантроль над Меданам у красавіку 1946 года, а ў снежні 1947 года нідэрландцы заснавалі дзяржаву Усходняя Суматра са сталіцай у Медане. Яна стала часткай Злучаных Штатаў Інданезіі ў 1949 годзе, якія ператварыліся ва ўнітарную Рэспубліку Інданезія ў 1950 годзе[20].
Медан развіваўся як цэнтр гандлю падчас праўлення Амалудзіна аль-Сані Перкаса Аламсія. Развіццё 1970-х гадоў, асабліва плантацыі пальмавага алею і каўчуку, зрабіла Медан найажыўленейшым горадам за межамі Явы, а праграма перасялення прыцягнула мноства яванскіх і батакскіх мігрантаў (якія сёння складаюць амаль дзве трэці насельніцтва горада).
У траўні 1998 года студэнцкія дэманстрацыі ў Медане, якія доўжыліся некалькі месяцаў наконт азіяцкага фінансавага крызісу 1997 года, перараслі ў беспарадкі, пасля таго як адзін студэнт быў забіты ў сутыкненні з сіламі бяспекі. На наступны дзень бунтаўшчыкоў стала больш, а многія магазіны і транспартныя сродкі ў дзелавым раёне (у асноўным належалі кітайскім жыхарам) былі спалены і разрабаваны. У выніку была ўведзена каменданцкая гадзіна больш як на два тыдні, пакуль не аднавіўся мір[21].
5 верасня 2005 года рэйс 091 авіякампаніі Mandala Airlines абрушыўся праз хвіліну пасля вылету са старога міжнароднага аэрапорта Палонія па шляху ў Джакарту. Самалёт урэзаўся ў густанаселены жылы раён уздоўж дарогі Djamin Ginting у Паданг-Булане. Са 117 пасажыраў і членаў экіпажа на борце выжылі толькі 17, таксама загінула 49 жыхароў на зямлі[22]. У выніку ў Дэлісэрдангу быў пабудаваны міжнародны аэрапорт Куаланаму, будаўніцтва якога завяршылася ў 2012 годзе, замяніўшы стары аэрапорт. Пасля перамяшчэння аэрапорта законы аб абмежаванні вышыні ў Медане памякчылі.
Медан знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы вострава Суматра, у правінцыі Паўночная Суматра. Горад з’яўляецца паўанклавам у межах рэгенцтва Дэлісерданг, акружаны ёю з трох бакоў і Малакскім пралівам з поўначы. Натуральная гавань, якая ўтварылася ў месцы ўпадзення рэк Дэлі і Бабура ў праліў, спрыяла развіццю Медана як гандлёвага порта[23].
Вышыня Медана розніцца ад 2,5 да 37,5 м над узроўнем мора; на поўдні знаходзіцца горны хрыбет Барысан, а у 50–70 км ад горада — вулканы, такія як Сібаяк і Сінабунг.
Згодна з кліматычнай класіфікацыяй Кёпена, Медан мае экватарыяльны клімат вільготных трапічных лясоў (Af) без істотнага сухога сезона[24]. У найбольш сухі месяц (студзень) у сярэднім выпадае каля адной траціны ападкаў, чым у найбольш вільготны месяц (кастрычнік), пры гэтым агульная гадавая колькасць ападкаў складае каля 2200 мм. Сярэдняя тэмпература ў горадзе складае каля 27 °C на працягу года.
Клімат Медана (27 м, 1961–1990 гг.) | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Абсалютны максімум, °C | 35 | 36,1 | 36,1 | 37,2 | 36,1 | 37,2 | 37,2 | 37,2 | 36,1 | 35 | 35 | 34,4 | 37,2 |
Сярэдні максімум, °C | 31,6 | 32,0 | 32,7 | 32,9 | 33,4 | 33,3 | 32,9 | 33,3 | 31,9 | 31,7 | 31,0 | 30,9 | 32,3 |
Сярэдняя тэмпература, °C | 25,5 | 26,1 | 26,6 | 27,2 | 27,2 | 26,9 | 26,9 | 26,9 | 26,6 | 26,1 | 26,1 | 25,8 | 26,5 |
Сярэдні мінімум, °C | 22,2 | 22,6 | 23,2 | 23,5 | 23,3 | 23,6 | 23,5 | 22,8 | 22,2 | 22,6 | 23,0 | 22,5 | 22,9 |
Абсалютны мінімум, °C | 18,3 | 18,3 | 18,3 | 19,4 | 18,3 | 17,2 | 16,1 | 18,3 | 18,8 | 17,7 | 15,5 | 18,3 | 15,5 |
Норма ападкаў, мм | 92 | 115 | 97 | 157 | 178 | 141 | 167 | 185 | 263 | 387 | 253 | 228 | 2 263 |
Крыніца: World Meteorological Organization[25], Worldwide Bioclimatic Classification System (сярэднясутачная і рэкордная t °C)[26] |
З 2000 па 2008 год Меданам кіраваў Абдзіла, пакуль яго і віцэ-мэра не злавіла Камісія па выкараненні карупцыі. С’ямсул Арыфін, губернатар правінцыі Паўночная Суматра, прызначыў выконваючым абавязкі мэра Афіфудзіна Лубіса, а пасля адстаўкі таго ў 2009 годзе — Рахудмана Харахапа. Апошні неўзабаве падаў у адстаўку, каб балатавацца на паўнапраўную пасаду мэра ў 2010 годзе, пакінуўшы Арыфіна часова выконваць абавязкі мэра. У 2013 годзе Харахап таксама быў арыштаваны за карупцыю, а выконваючым абавязкі мэра стаў ягоны намеснік Дзулмі Элдзін[27].
Дзулмі Элдзін быў абраны мэрам у 2016 годзе[28] і займаў гэтую пасаду да свайго арышту за хабарніцтва ў 2019 годзе. Яго змяніў віцэ-мэр Ак’яр Насутыён, які займаў гэтую пасаду да канца свайго тэрміну ў 2021 годзе.
Цяперашні мэр Медана — Бобі Насутыён, віцэ-мэр — Аўлія Рахман[29].
Медан падзелены на 21 раён (індан.: kecamatan), плошча і колькасць насельніцтва якіх указаны ў табліцы ніжэй па дадзеных перапісаў 2010[30] і 2020 гадоў[8], а таксама афіцыйных адзнак на сярэдзіну 2022 года[1]. У табліцы таксама пазначана колькасць кварталаў (індан.: kelurahan) у кожным раёне і іхнія паштовыя індэксы.
Назва раёна (kecamatan) | Назва на інданезійскай | Плошча ў км² | Перапіс 2010 | Перапіс 2020 | Ацэнка сяр. 2022 | К-сць вёсак | Паштовы індэкс |
---|---|---|---|---|---|---|---|
Медан-Тунтунган | Medan Tuntungan | 20,68 | 80 942 | 97 249 | 100 200 | 9 | 20134-20141 |
Медан-Джохар | Medan Johor | 14,58 | 123 851 | 151 756 | 156 957 | 6 | 20142-20146 |
Медан-Амплас | Medan Amplas | 11,19 | 113 143 | 129 726 | 132 458 | 7 | 20147-20149, 20219 і 20229 |
Медан-Дэнаі | Medan Denai | 9,05 | 141 395 | 169 643 | 174 744 | 6 | 20226-20228 |
Медан-Арэа | Medan Area | 5,52 | 96 544 | 117 029 | 120 788 | 12 | 20211-20217 |
Медан-Кота | Medan Kota | 5,27 | 72 580 | 84 666 | 86 738 | 12 | 20211-20219 |
Медан-Маймун | Medan Maimun | 2,98 | 39 581 | 49 231 | 51 066 | 6 | 20151-20159 |
Медан-Палонія | Medan Polonia | 9,01 | 52 794 | 59 915 | 61 056 | 5 | 20152-20157 |
Медан-Бару | Medan Baru | 5,84 | 39 516 | 36 522 | 36 681 | 6 | 20153-20156 |
Медан-Селаянг | Medan Selayang | 12,81 | 98 317 | 103 176 | 103 559 | 6 | 20131-20133 |
Медан-Сунггаль | Medan Sunggal | 15,44 | 112 744 | 129 063 | 131 559 | 6 | 20121-20128 |
Медан-Хельвецыя | Medan Helvetia | 13,16 | 144 257 | 164 910 | 168 287 | 7 | 20123-20126 |
Медан-Пецісах | Medan Petisah | 6,82 | 61 749 | 71 844 | 73 565 | 7 | 20112-20119 |
Медан-Барат | Medan Barat | 5,33 | 70 771 | 88 602 | 92 021 | 6 | 20111-20117 |
Медан-Тымур | Medan Timur | 7,76 | 108 633 | 116 985 | 118 008 | 11 | 20231-20239 |
Медан-Перджуанган | Medan Perjuangan | 4,09 | 93 328 | 103 813 | 105 380 | 9 | 20232-20237 |
Медан-Тэмбунг | Medan Tembung | 7,99 | 133 579 | 146 534 | 148 346 | 7 | 20221-20225 |
Медан-Дэлі | Medan Deli | 20,84 | 166 793 | 189 321 | 192 933 | 6 | 20241-20244 |
Медан-Лабухан | Medan Labuhan | 36,67 | 111 173 | 133 765 | 137 863 | 6 | 20251-20254, 20524 і 20525 |
Медан-Марэлан | Medan Marelan | 23,82 | 140 414 | 182 515 | 190 940 | 5 | 20250-20256 |
Медан-Кота-Белаван | Medan Kota Belawan | 26,25 | 95 506 | 108 987 | 111 181 | 6 | 20411-20415 |
Усяго | 265,10 | 2 097 610 | 2 435 252 | 2 494 512 | 151 |
Цэнтр горада складаецца з раёнаў Медан-Пеціса, М.-Бару, М.-Палонія, М.-Маймун, М.-Кота і М.-Барат (Заходні Медан). Медан-Лабухан — адзін з найбуйнейшых па плошчы раёнаў (разам з Медан-Белаван і Медан-Марэлан) і размешчаны ў паўночнай частцы горада. Медан-Тунтунган служыць варотамі ў рэгенцтва Каро, М.-Хельвецыя — у горад Бінджай і Лангкат, а М.-Амплас — у Тэбінгтінггі і Пематангсіянтар.
Медан — найбуйнейшы горад Інданезіі за межамі Явы і чацвёрты па велічыні горад (пасля Джакарты, Сурабаі і Бандунга). Насельніцтва павялічылася больш чым у чатыры разы менш чым за пяцьдзесят гадоў — з 568 000 у 1968 годзе[31] да 2,1 мільёна ў 2010 годзе. Па стане на 2020 год насельніцтва Медана складала 2 435 252 чалавека, а насельніцтва ягонай рэгіянальнай агламерацыі — 4 756 863 чалавекі.
Адміністрацыйная адзінка |
Плошча ў км² |
Перапіс 2010 |
Перапіс 2020 |
Ацэнка сяр. 2022 |
Шчыльнасць насельніцтва 2022 (/км²) |
Нататкі |
---|---|---|---|---|---|---|
Медан (горад) | 279,29 | 2 097 610 | 2 435 252 | 2 494 512 | 8 932 | [32] |
Бінджай (горад) | 93,77 | 246 154 | 291 842 | 300 009 | 3 199 | [32] |
Рэгенцтва Дэлі-Серданг | 2 581,23 | 1 790 431 | 1 931 441 | 1 953 986 | 757 | [32] |
Рэгенцтва Каро (часткова) | 234,96 | 86 244 | 98 328 | 100 378 | 427 | [32] |
Вялікі Медан | 3 189,25 | 4 220 439 | 4 756 863 | 4 848 885 | 1 520 | [32] |
Асноўнымі этнічнымі групамі ў Медане з’яўляюцца батакі і яванцы, з меншай колькасцю малайцаў, ачэхцаў, індыйцаў, ніасцаў і сунданцаў[33].
Меданскія батакі з’яўляюцца нашчадкамі протамалайцаў і сёння складаюцца з трох субэтнасаў. Карэнныя жыхары народнасці каро ў асноўным жывуць у паўднёвых частках Медана, уключаючы Паданг-Булан, Медан-Джохор і Тунтунган. У Марындале і Ампласе або ў бліжэйшых гарадскіх цэнтрах, такіх як раён Медан-Перджуанган, жывуць прадстаўнікі народа тоба, якіх нідэрландцы наймалі на свае плантацыі алейных пальмаў. Нарэшце, у Медан-Тэмбунгу ў асноўным пражываюць прадстаўнікі мандалілінг, якія імігравалі ў Медан пасля набыцця Інданезіяй незалежнасці ў пошуках магчымасцяў працаўладкавання. Асноўнымі мовамі, на якіх размаўляюць батакі ў Медане, з’яўляюцца батак і каро.
Вялікая яванская абшчына ў Медане складаецца пераважна з нашчадкаў людзей, перавезеных з Явы ў ⅩⅨ стагоддзі для працы па кантракце на розных плантацыях Паўночнай Суматры. Па большай частцы яны размаўляюць на мясцовым дыялекце яванскай мовы.
Малайцы таксама з’яўляюцца ўраджэнцамі Медана і жылі рыбакамі на ўскраінах горада з часоў каралеўства Ару. Пачынаючы з ⅩⅧ стагоддзя, яны пачалі рассяляцца па ўсім горадзе, пры гэтым вялікая колькасць людзей ужо пражывала ў Медан-Маймуне, Кота-Мацуме, Лабухане і Белаване і размаўляла на малайскай мове.
Іміграцыя з паўднёвага Кітая ў Дэлі пачалася ў ⅩⅥ стагоддзі і паскорылася ў ⅩⅨ і пачатку ⅩⅩ стагоддзяў, калі імігранты шукалі працу плантатарамі і чорнарабочымі-кулі. У Медане пражывае найбольшая кітайская дыяспара на Суматры, у асноўным засяроджанае ў цэнтры горада. Большасць кітайцаў у Медане гавораць на меданскай хакіенскай гаворцы , але многія таксама гавораць на мандарынскім, чаашаньскім або кантонскім дыялектах.
У Медане таксама пражывае значная тамільска-інданезійская абшчына. Кампунг-Мадрас, ажыўлены раён у цэнтры горада, вядомы як тамільскі раён.
Іміграцыя мінангкабау ў Медана рэзка вырасла з 1960-х па 1980-я гады, склаўшы 8,6 % насельніцтва горада. Большасць жыхароў мінангкабау ў Медане гавораць на мінангкабау. Прадстаўнікі народа заснавалі шмат рэстаранаў падангскай кухні па ўсім горадзе[34].
Многія ачэхскія жыхары шукалі прыстанішча ў Медане пасля паўстання ў Ачэху ў канцы 1970-х гадоў. Цяпер яны валодаюць некалькімі ачэхскімі локшычнымі (вядомыя як Mie aceh) у раёнах Сеція-Будзі і Сунггал. Большасць гаворыць на ачэхскай мове, таксама распаўсюджана гаёнская мова.
Розныя моўныя супольнасці Медана маюць зносіны на слэнгу, званым меданскім дыялектам (Bahasa Medan або Dialek Medan). Гэты дыялект інданезійскай мовы ўключае запазычанні з розных мясцовых моў, асабліва малайскай.
Рэлігія Медана — перапіс 2019 г.[35] | ||||
---|---|---|---|---|
Рэлігія | Працэнт | |||
Іслам | 65.78% | |||
Пратэстанцтва | 20.14% | |||
Будызм | 8.65% | |||
Каталіцтва | 4.63% | |||
Індуізм | 0.79% | |||
Іншае | 0.01% | |||
Большасць жыхароў Медана — мусульмане, складаючы каля 66 % насельніцтва. Значная хрысціянская дэмаграфічная група (каля 25 % ад агульнай колькасці насельніцтва) уключае каталікоў, метадыстаў, лютэран і батакскую пратэстанцкую царкву . Будысты складаюць каля 9 % насельніцтва, ёсць невялікія абшчыны індуістаў, канфуцыянцаў і сікхаў. Некаторыя батакі вызнаюць традыцыйныя вераванні, такія як пемена і пармалім .
Найстарэйшым даоскім храмам Медана з’яўляецца храм Гунунг Тымур . У Медане знаходзіцца найбуйнейшы будыйскі храм у Паўднёва-Усходняй Азіі — Маха Віхара Майтрэя . Найстарэйшая царква горада, Меданскі сабор , была пабудавана пад імем Indische Kerk («Індыйская царква») сумеснымі намаганнямі нідэрландскай і індыйскай абшчын. Храм Шры Марыяман у раёне Кампунг-Мадрас — найстарэйшы індуісцкі храм горада, пабудаваны прыкладна ў 1881 годзе; ён акружаны больш за сотняй статуй розных божастваў. У 2005 годзе пабудавана царква Прасвятой Дзевы Марыі (Graha Maria Annai Velangkanni) — каталіцкая царква ў інда-магольскім стылі ў гонар аб’яўлення Дзевы Марыі ў ⅩⅦ стагоддзі ў індыйскім штаце Тамілнад.
У горадзе дзейнічае праваслаўная абшчына Прападобнага Сергія Раданежскага, заснаваная ў 2005 годзе[36].
Пастановай урада № 28/2008 сталічны рэгіён Медана быў прызнаны нацыянальным стратэгічным рэгіёнам Інданезіі. З’яўляючыся буйным гандлёвым і эканамічным цэнтрам Інданезіі, Медан вырабляе і гандлюе такімі таварамі, як карыца, тытунь, чай, кава, каўчук і пальмавы алей. Ён таксама мае ўзрастаючы прадукцыйны сектар, які вырабляе такія тавары, як аўтамабілі, абсталяванне, кафля, папера і цэлюлоза.
Месцазнаходжанне Медана робіць яго асноўным цэнтрам міжнароднага гандлю на захадзе Інданезіі, экспарт якога ідзе ў Еўропу, Паўночную Амерыку і на Блізкі Усход. Ягоны гандлёвы і турыстычны бізнес таксама стаў важным для праекта Трохвугольніка росту Інданезія–Малайзія–Тайланд[37]. Многія транснацыянальныя кампаніі маюць офісы ў горадзе: Asian Agri[38], London Sumatra[39], Musim Mas[40], Philips Lighting, Toba Pulp Lestari, Marriott, Wilmar, ABB Group і DBS Bank. Хуткае развіццё Медана прывяло да росту цэн на жылую нерухомасць[41].
Медан — адзін з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў Інданезіі нараўне з Джакартай, Бандунгам і Сурабаяй. У лік гандлёвых цэнтраў Медана ўваходзяць:
Медан вядомы як «кулінарны рай Інданезіі» дзякуючы разнастайнасці нацыянальных кухняў і вядомым вулічным гандлярам і латочнікам. Сярод вядомых рэстаранаў Медана: Nelayan (халяльныя кітайскія морапрадукты і дзімсам ), Garuda і Uda Sayang (насі-паданг і гулаі), Sate Afrizal Amir (сатэ-паданг), Cahaya Baru (чапаці і гатаванне ў тандырах), OnDo Batak grill і Tesalonika (бабі-пангганг (свініна на грылі) і саксанг), Jalan Selat Panjang і Jalan Semarang (кітайская інданезійская кухня), Jalan Pagaruyung (індыйская і малайская кухня) і Jalan Padan Bulan (батакская кухня ). Сярод іншых важных кулінарных напрамкаў горада ўключаюць Merdeka Walk, адкрытую пляцоўку з мноствам рэстаранаў, і буйны рынак Pasar Rame[42].
Мясцовая кухня Медана заснавана на мностве кулінарных традыцый. Далей прадстаўлены адны з найбольш вядомых страў:
У Медане захавалася мноства ўзораў каланіяльнай нідэрландскай архітэктуры. Яркія прыклады ўключаюць старую гарадскую ратушу, паштовае аддзяленне Медана , Гатэль дэ Бур (таксама вядомы як Inna Dharma Deli), мост Ціці-Гантунг (Titi Gantung), будынак-офіс кампаніі Лонсум , асабняк Чжан Яосюаня, будынак A.V.R.O.S. , будынак Варэнхёйс і воданапорная вежа Ціртанадзі.
Дэлійскі султан (цяпер чыста цырыманіяльны тытул) да гэтага часу жыве ў палацы Маймун, пабудаваным у 1887—1891 гадах. Вялікая мячэць Медана, пабудаваная ў 1906 годзе, была спраектавана ў мараканскім стылі нідэрландскім архітэктарам А. Ё. Дынгемансам[43].
Сярод турыстычных славутасцяў Медана ёсць некалькі паркаў забаў і аквапаркаў:
Музей Паўночнай Суматры — размешчаны на поўдзень ад цэнтра горада, быў афіцыйна адкрыты ў красавіку 1982 года міністрам адукацыі і культуры Дааедам Ёсефам. У аснове калекцыі музея ляжаць артэфакты этнічных груп Паўночнай Суматры.
Музей Букіт-Барысан (Bukit Barisan Museum) — ваенны музей, адкрыты брыгадным генералам Леа Лапулісай 21 чэрвеня 1971 года. У музеі, размешчаным па адрасе Jalan H. Zainul Arifin, 8, захоўваецца шэраг гістарычных відаў зброі, якія выкарыстоўваліся падчас паўстання 1958 года на Паўночнай Суматры , а таксама прадстаўлены карціны, якія паказваюць паўстанне супраць Нідэрландаў[45].
Міжнародны музей і галерэя дзікай прыроды Рахмат (Rahmat International Wildlife Museum & Gallery) — выбітная калекцыя таксідэрміі, якая адкрылася ў 1999 годзе. Ён размешчаны на вуліцы Jalan Letjen S. Parman, 309[46].
Міжнародны аэрапорт Куаланаму адкрыўся 25 ліпеня 2013 года ў якасці замены аэрапорта Палонія. Размешчаны ў 39 км ад цэнтра горада Медан, гэта першы аэрапорт Інданезіі, які мае прамыя чыгуначныя зносіны з горадам. Аэрапорт мае пасажырскі тэрмінал плошчай 224 298 м² і абслугоўвае кампаніі Garuda Indonesia, Indonesia AirAsia, Lion Air, Susi Air і Wings Air[47], якія здзяйсняюць прамыя ўнутраныя рэйсы ў многія буйныя гарады Суматры, а таксама міжнародныя пералёты праз востраў Ява ў розныя месцы за мяжой, уключаючы Малайзію, Сінгапур, Тайланд, Саудаўскую Аравію і Шры-Ланку.
Порт Белаван размешчаны на паўночна-ўсходнім узбярэжжы Суматры, за 19 км на поўнач ад Медана, да яго можна дабрацца па чыгунцы праз канал на поўдзень ад вострава[48]. Першапачаткова пабудаваная ў 1890 годзе для экспарту тытунёвых вырабаў у Еўропу, гавань была пашырана ў 1907 годзе за кошт новага ўчастка з улікам запытаў кітайскіх і мясцовых гандляроў.
Рост плантацый каўчуку і пальмавага алею на поўначы Суматры ў пачатку ⅩⅩ стагоддзя прынёс у порт новае будаўніцтва. Некалькі буйных прычалаў былі пабудаваны ў 1920-х гадах, а да 1938 года порт апрацоўваў найбольшую вартасць грузаў ва ўсёй Нідэрландскай Ост-Індыі. Аб’ёмы гандлю істотна ўпалі пасля здабыцця Інданезіяй незалежнасці, але ў сярэдзіне 1960-х гадоў зноў дасягнулі ўзроўню да атрымання суверэнітэту. У выніку буйной рэструктурызацыі ў 1985 годзе быў пабудаваны кантэйнерны тэрмінал; ён амаль адразу ж ахапіў каля адной пятай кантэйнернага экспарту Інданезіі. Асноўныя экспартуемыя тавары ўключаюць каўчук, пальмавы алей, чай і кава[49].
У цяперашнім порце ёсць два тэрміналы. Першы, які абслугоўвае пасажыраў, прапануе паромныя перавозкі ў такія гарады, як Пенанг, Лангкаві, Батам, Джакарту і Сурабаю. Другі, міжнародны кантэйнерны тэрмінал Белаван, выкарыстоўваецца для экспартных і імпартных паслуг і з’яўляецца адным з найбуйнейшых партоў суднаходнай галіны ў Інданезіі.
Асноўныя дарогі праз Медана ўключаюць Транссуматранскую магістраль і платную дарогу Бельмера. Іншыя платныя дарогі звязваюць горад з аэрапортам, Бінджаем і Тэбінгтынггі.
Найбуйнейшы чыгуначны вакзал горада — станцыя Медан . У горадзе таксама ёсць шэраг невялікіх станцый, сярод якіх Medan Pasar, Pulu Brayan, Titi Papan, Labuhan і Belawan. З іх Ціці-Папан і Пулу-Браян абслугоўваюць выключна грузавыя цягнікі, а астатнія — таксама і пасажырскія.
Экспрэс-цягнікі курсуюць паміж Меданам і такімі гарадамі, як Тэбінгтынггі , Пематангсіянтар , Танджунгбалай і Рантаупрапат , таксама здзяйсняюцца чыгуначныя зносіны паміж Меданам і міжнародным аэрапортам Куаланаму. Іншыя чыгуначныя лініі злучаюць Медан з такімі гарадамі, як Бінджай, і портам Белаван.
Надземная чыгунка, якая праходзіць па некалькіх чыгуначных лініях вакол Медана, дазваляе пазбегнуць чыгуначных пераездаў і памяншае заторы на дарогах[50].
Як мотарыкшы, так і веларыкшы шырока даступныя ў Медане па таннай, загадзя абумоўленай цане. Таксама шырока выкарыстоўваюцца райдшэрынгавыя сэрвісы Gojek і Grab.
Хоць таксі існуюць, большасць мясцовых жыхароў карыстаюцца сістэмай маршрутнага таксі, у Медане званыя sudako. Гэтыя мікрааўтобусы ідуць па маршрутах, пазначаных нумарамі, указанымі на аўтатранспарце. Карты маршрутаў не публікуюцца, а звычайна распаўсюджваюцца з вуснаў у вусны. У Медане і бліжэйшых гарадскіх раёнах ёсць дзве сістэмы хуткаснага аўтобуснага транспарту: Trans Mebidang і Trans Metro Deli, кожная з якіх мае некалькі дзейных калідораў.
Калідор | Адпраўленне — Прызначэнне |
---|---|
1 | Medan — Binjai |
2 | Medan — Lubuk Pakam |
Trans Mebidang
Калідор | Адпраўленне — Прызначэнне |
---|---|
1 | Pinang Baris — Lapangan Merdeka |
2 | Amplas — Lapangan Merdeka |
3 | Belawan — Lapangan Merdeka |
4 | Medan Tuntungan — Lapangan Merdeka |
5 | Tembung — Lapangan Merdeka |
Trans Metro Deli
Тэлевізійныя станцыі Медана ўключаюць дзяржаўныя і прыватныя нацыянальныя сеткі, а таксама мясцовыя каналы. У горадзе мае штаб-кватэру грамадская станцыя TVRI Sumatera Utara, якая абслугоўвае ўсю Паўночную Суматру. У Медане даступныя наступныя каналы:
Radio Republik Indonesia Medan — адзінае грамадскае радыё ў Медане. На некаторых мясцовых мовах транслююцца такія станцыі, як Kardopa Radio (на батакскай), CityRadio FM і A-Radio FM (на кітайскай) і Symphony FM (на малайскай). Сярод іншых папулярных станцый у Медане: Prambors FM, MNC Trijaya FM, I-Radio, KISS FM, VISI FM і Delta FM.
Мімбар Умум (Mimbar Umum) — найстарэйшая газета Медана. Іншыя буйныя газеты, якія друкуюцца ў Медане, уключаюць Waspada , Analisa, Jurnal Medan, Berita Sore, Harian Global, Harian Medan Bisnis, Sumut Pos, Posmetro Medan, Sinar Indonesia Baru і Tribun Medan , а таксама нацыянальныя газеты на мандарынскай мове, такія як Harian Indonesia (印尼星洲日报), Guoji Ribao (国际日报) і Indonesia Shangbao (印度尼西亞商报), і англамоўныя, як The Jakarta Post .
З 1930-х па 1960-я гады Медан быў крыніцай асноўнага корпуса інданезійскай літаратуры, вядомага як «Roman Medan». У гэтых кнігах звычайна апісвалася мясцовае жыццё Медана і прылеглых раёнаў Дэлі.
У Медане выраслі некалькі пісьменнікаў любоўных раманаў, сярод якіх Хамка , Юсуф Суіб, Тамар Джая, Мату Мона, Ахмад Дамхуры і іншыя[51].
У Медане дзейнічаюць больш за 30 бальніц: тры дзяржаўныя, а астатнія прыватныя.
У Медане зарэгістравана больш за 827 пачатковых школ, 337 сярэдніх школ і 288 старшых школ, уключаючы дзяржаўныя, прыватныя, рэлігійныя і міжнародныя школы.
У лік 72 зарэгістраваных універсітэтаў[53], акадэмій, палітэхнічных інстытутаў і каледжаў Медана ўваходзяць:
Футбол — адзін з найпапулярнейшых відаў спорту ў Медане, тут ёсць пяць мясцовых клубаў: Persatuan Sepakbola Medan dan Sekitarnya (вядомы як PSMS Medan), Medan Jaya, Medan Chiefs, Bintang PSMS і Medan United. Для футбольных матчаў у асноўным выкарыстоўваецца шматмэтавы стадыён Тэладан.
У Медане таксама ёсць трэніровачны цэнтр ушу Jalan Plaju і баскетбольны клуб Angsapura Sania.
У Медане размяшчаюцца такія замежныя консульствы і пасольствы[56]:
Медан — сталіца правінцыі Паўночная Суматра.Арыгінальны тэкст (англ.)Medan is the capital city of North Sumatra province.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.