From Wikipedia, the free encyclopedia
Су́нды (сунд.: Urang Sunda) — аўстранезійскі народ, карэнныя насельнікі заходняй часткі вострава Ява ў Інданезіі. Агульная колькасць (2013 г.) - 36 705 тыс. чал.[1] Ад назвы сундаў паходзіць найменне Зондскіх астравоў.
Сунды з'яўляюцца аўстранезійцамі, нашчадкамі перасяленцаў 2 тысячагоддзя да н. э. Яны звязваюць пачатак сваёй гісторыі з плато Прыанган на захадзе Явы, створанага "калі богі пасміхаліся". Відавочна, у фарміраванні судскага народа і яго суцэльнай культуры вызначальную ролю адыграла сундская індуісцкая дзяржава, якая існавала ў VII - XVI стст.
Традыцыйны занятак — земляробства. Вырошчваюць рыс, кукурузу, чай, какава, тытунь і г. д. Жывёлагадоўля мае дадатковае значэнне. Трымаюць буйвалаў, коней, курэй, качак. На марскім узбярэжжы важнай формай здабычы з'яўляецца рыбалоўства. Акрамя таго, рыбу разводзяць на рысавых палетках і ў штучных сажалках. Распаўсюджаныя рамёствы — ткацтва, пляценне (асабліва добра вядомы плеценыя капелюшы), апрацоўка металаў, выраб керамікі і інш. У нашы дні многія сунды жывуць у буйных гарадах і працуюць у прамысловасці.
Насельнікі сельскай мясцовасці жывуць у буйных вёсках нага́ры, якія маюць лінейную планіроўку і будуюцца недалёка ад вады. Каркасныя хаціны ладзяць з бамбуку або дрэва, ставяць на па́лі, крыюць драўлянай дранкай або чарапіцай. Сучасныя сунды імкнуцца ўзводзіць тыпавыя цагляныя дамы, аднак старыя хаціны ўсё яшчэ выкарыстоўваюцца з-за іх мабільнасці. Яны проста разбіраюцца і пераносяцца ў іншае месца.
Звычайная ежа — звараны на пару рыс з прыправамі і рагі, падлівы з цыбулі. Да яго падаецца мяса і садавіна. Асабліва папулярны бананы. Вараць розныя кашы з кукурузы і клубянёвых культур. П'юць чай і каву, пальмавае віно і піва.
Аснова жаночай вопраткі — саронг. Валасы багата мажуць алеем і сцягваюць на патыліцы ў вузел. Мужчыны апранаюць пад доўгі саронг штаны, на галаву — чорны капялюшык. Знакамітыя сундскія доўгія плеценыя капелюшы, якія выдатна ахоўваюць ад спякотнага сонца, у нашы дні робяць амаль выключна на продаж. І жанчыны, і мужчыны любяць розныя ўпрыгожванні з высакародных металаў. Да XX ст. быў распаўсюджаны звычай падпілоўваць і фарбаваць зубы.
Суседская абшчына дэса на чале старасты куву займаецца пераважна адміністрацыйным кіраваннем, хаця да канца XIX ст. яна таксама пераразмяркоўвала землі, мела абшчыннае жытло, займалася ірыгацыяй. У другой палове XX ст. улады Інданезіі садзейнічалі ўмацаванню кааператываў і арганізацый узаемнай дапамогі. Сем'і пераважна малыя нуклеарныя. Главой сям'і можа быць як бацька, так і маці, але большая частка маёмасці перадаецца па мужчынскай лініі.
Фальклор сундаў надзвычай багаты. Для яго характэрна вялікая колькасць гістарычных і міфалагічных паданняў, якія перадаюцца ў вершаванай форме чытырохрадкоўяў. Многія музычныя інструменты робяць з бамбуку. У вёсках і гарадах распаўсюджаны гамеланы. Сунды маюць багатыя танцавальныя традыцыі. Найбольш папулярны народны танец джайпанган можа ўключаць эратычныя элементы. Народны лялечны тэатр ваянг голек абыгрывае як бытавыя жартоўныя сцэны, так і ісламскія рэлігійныя падданні.
Сундская мова — аўстранезійская, блізкая да мадурскай і малайскай, у меншай ступені да яванскай. На ёй размаўляе каля 15% жыхароў Інданезіі. Падзяляецца на 6 буйных дыялектаў. Дыялект прыянган лічыцца літаратурным.
Большасць сучасных вернікаў-сундаў — мусульмане-суніты. Аднак захавалася традыцыйная рэлігія сунда вівітан, на развіццё якой у эпоху сярэднявечча моцна паўплывалі будызм і індуізм. Прыхільнікі сунда вівітан лічаць, што сусвет падзяляецца на тры часткі. Адна належыць багам і духам, другая — людзям і жывёлам, трэцяя — гэта забаронены свет або пекла. Родапачынальнікам сусвету лічыцца бог Санг Х'янг Керса. Хаця сунда вівітан мае дастаткова распрацаваную тэалогію, у Інданезіі яна не прызнаецца асобнай афіцыйнай рэлігіяй, і колькасць яе паслядоўнікаў адносна малая.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.