Маладзечна
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Маладзе́чна[3] (трансліт.: Maladziečna) — горад у Мінскай вобласці Беларусі на рацэ Уша, адміністрацыйны цэнтр Маладзечанскага раёна. За 73 км на паўночны захад ад Мінска. Насельніцтва — 89 068 чал. (2024)[4].
Горад
Маладзечна
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Назва Маладзечна ад назвы прытока ракі Уша ракі Маладзечанкі (*Маладзечны, *Маладзечні), на якой адпачатна паселішча паўстала.
Адпачатная балцкая назва ракі звязаная з літоўскім maldas, meldas «трыснёг», ад якога літоўскія гідронімы тыпу Mald-upis, Maldenis[5]. Падобным чынам утвораная гібрыдная (балцкі корань з пазнейшым афармленнем) назва сожскай рачулкі Стабачна (< *Стабка < *Stabė «Каменная»).
Менш імаверна, што назва горада ўтварылася ад словаў «маладзец» (у значэнні — дзяцюк, ваяр княжацкай дружыны[6]), «малады», «малодшы» або ад спалучэння даўніх словаў «мала» і «надэчыць», што азначае «малазмяшчальнае месца».
У раёне Маладзечна ў бронзавым веку (XI тысячагоддзе да н. э. — VII стагоддзе да н. э.) жылі плямёны культуры шнуравой керамікі.
Насельнікі займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, хоць больш старадаўнія заняткі — паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва — таксама займалі значнае месца у іх гаспадарчай дзейнасці.
Наступная стадыя ў развіцці насельніцтва рэгіёна — культура штрыхаванай керамікі. Жыллём для насельнікаў служылі хаты слупавой канструкцыі[7].
На захадзе ад Маладзечна ў пачатку II тысячагоддзя спынілася ўмоўная мяжа паміж старалітоўскай племянной тэрыторыяй і тэрыторыяй, якую ў выніку экспансіі (імаверна пры Брачыславе) кантралявалі крывічы[8]. Пра гэта сведчаць тапонімы каля Маладзечна тыпу Палачаны, Гарадзілава (ад імя тыпу *Гарадзіла). Пазней адбылася літоўская палітычная (і часткова дэмаграфічная, у выглядзе перасялення літоўскага баярства) экспансія ў адваротным кірунку, пра гэта сведчыць суцэльная прастора тапонімаў, вытворных ад балцка-літоўскіх імёнаў, ажно да Менску (непасрэдна ля Маладзечна — Цівідаўка і Насілава, ад імёнаў тыпу Ti-vydas, Nasilà).
Першы пісьмовы ўспамін Маладзечна ў прысяжным лісце князя ноўгарад-северскага Дзмітрыя Альгердавіча каралю Ягайлу і датуецца 16 снежня 1388 года[9][10]. З 1413 года мясцовасць у складзе Віленскага ваяводства.
У XV ст. каля сутокаў Маладачанкі і Ушы (на яе правым забалочаным беразе) пабудавалі драўляны замак, які неаднаразова цярпеў ад пажараў (у 1519 двойчы, у 1533 годзе) і быў зруйнаваны ў XVIII ст.
Цэнтр намесніцтва, у 1500 годзе згадваецца намеснік маладзечанскі Іван Кошка, акольнічы смаленскі. Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў, Маладзечна ўвайшло ў склад Менскага павета Менскага ваяводства. У 1567 годзе тут праходзілі папярэднія перамовы прадстаўнікоў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага датычна ўмоў Люблінскай уніі[9]. У канцы XVI ст. Маладзечна сярод 20 найбуйнейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі[9]. У розныя часы мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Заслаўскіх, Мсціслаўскіх, Сангушкаў, Агінскіх і інш.
У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) у 1708 годзе Маладзечна пэўны час займалі шведскія войскі. У 1757 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў мястэчку прывілей на гандаль. У 1758 годзе ўладальнік паселішча Міхал Казімір Агінскі збудаваў тут касцёл Св. Казіміра, пры якім з 1762 года дзейнічаў кляштар трынітарыяў (скасаваны расійскімі ўладамі ў 1831)[11].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Маладзечна апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Вілейскім павеце Мінскай, з 1847 Віленскай губерні. У вайну 1812 года 4 снежня каля мястэчка расійскія войскі разбілі ар’ергард французскай арміі маршала Віктора.
Падчас вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў, 14 красавіка 1831 года атрад Міхала Ходзькі пры падтрымцы местачкоўцаў выбіў расійскі гарнізон з Маладзечна. Аднак ужо 22 красавіка 1831 года царскія карнікі занялі паселішча, пачалі дзейнічаць ваенна-палявыя суды над паўстанцамі. У 1864 годзе для русіфікацыі краю расійскія ўлады адкрылі настаўніцкую семінарыю, выкладанне ў ёй вялося рускай мовай пад наглядам Маскоўскага патрыярхату. У 1873 годзе будова Лібава-Роменскай чыгункі спрыяла пераўтварэнню невялікага мястэчка ў чыгуначны вузел.
У Першую сусветную вайну Маладзечна з восені 1915 года апынулася ў прыфрантавой паласе. Тут дыслацыраваліся часці расійскай 10-й арміі Заходняга фронту, размяшчаўся яе штаб, пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года выдавалася армейская газета «Бюллетень военно-революционного комитета 10-й армии». У сакавіку 1917 года быў створаны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 23 сакавіка па 13 красавіка 1917 года тут праходзіў 1-ы з’езд 10-й арміі. У гарнізоннай пякарні, дзе працавала 60 салдат і 140 вольнанаёмных рабочых, у ліпені 1917 года створана першая бальшавіцкая арганізацыя.
Савецкая ўлада ўстаноўлена 7 (20) лістапада 1917 года. З 18 лютага 1918 года Маладзечна акупіравана германскімі войскамі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 18 снежня 1918 года адноўлена савецкая ўлада, 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б)Б горад у складзе БССР, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны з ліпеня 1919 года да ліпеня 1920 года і з кастрычніка 1920 года Маладзечна занята польскімі войскамі.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) Маладзечна апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе было самастойнай гмінай Вілейскага павета Віленскага ваяводства. З 1927 года — цэнтр Маладзечанскага павета, а 26 красавіка 1929 года атрымала статус горада[12][13]. З 1922 па 1939 гады на тэрыторыі фальварка Гелянова (з 1929 года ў складзе горада) размяшчаўся гарнізон 86-га пяхотнага палка Войска Польскага.
У 1939 годзе Маладзечна ўвайшло ў БССР, у 1940 годзе горад стаў цэнтрам раёна Вілейскай вобласці. Імёны людзей, звязаных з Маладзечнам, ёсць у спісах ахвяр катынскага расстрэла, так, былі забіты падпаручнік Стэфан Чапурно[14][15], лекар 12-га дывізіёна 19-га палка ў Маладзечна, падпаручнік запасу Тадэвуш Ставіньскі[14][16], чыноўнік падатковага ведамства ў Маладзечне, паручнік пяхоты Антоні Дэрвіньскі, які нарадзіўся ў Маладзечне[17], паручнік Вацлаў Лужынскі, выпускнік мясцовай гімназіі[14][16]. Загінулі таксама вайскоўцы ды паліцыянты, якія ў розныя часы служылі ў Маладзечне, напрыклад капітан пяхоты Чэслаў Жэшатарскі[18].
У 1940 годзе ў Маладзечне адкрылася педагагічнае вучылішча, таксама на гэты час у горадзе працавалі 2 клубы, бібліятэка, бальніца, 2 аптэкі. У Вялікую Айчынную вайну з 25 чэрвеня 1941 года да 5 ліпеня 1944 года горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
З 20 верасня 1944 года горад стаў адміністрацыйным цэнтрам Маладзечанскай вобласці. 20 студзеня 1960 года пасля скасавання Маладзечанскай вобласці ўвайшоў у склад Мінскай вобласці.[19]
28 чэрвеня 1958 года створана Маладзечанскае музычнае вучылішча, якое 1 верасня 2011 года перайменавана ва УА «Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага».
17 сакавіка 1988 года зацверджаны першы герб Маладзечна[20]. Аўтары герба: доктар гістарычных навук, краязнаўца, археолаг, дырэктар краязнаўчага музея Генадзь Каханоўскі (1936—1994) і мастак Юрый Герасіменка-Жызнеўскі (1948—1997).
У пачатку 1990-х гадоў старшыня Маладзечанскага гарвыканкама Генадзь Дзмітрыевіч Карпенка правеў самую буйную кампанію па дэсаветызацыі тапанімікі ў Рэспубліцы Беларусь.[19] Так, 25 красавіка 1993 года на цэнтральнай плошчы Маладзечна ў прысутнасці некалькіх тысяч гараджан адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі». Раней па ініцыятыве настаўніка Лявона Цімохіна і дырэктара завода жалезабетонных вырабаў Мікалая Івашкевіча з Салаўкоў прывезлі камень, які стаў асновай для помніка. Пасля пры падрыхтоўцы да «Дажынак» помнік перанеслі ў Зялёны Гарадок — гістарычны раён горада побач з гарадскім паркам, затым далей у парк.[21]
3 мая 1991 года першым намеснікам старшыні Маладзечанскага гарвыканкама прызначаны Віктар Іосіфавіч Ганчар.
18 сакавіка 1997 года ў горадзе адбылася ўрачыстая кансекрацыя новага касцёла Св. Іосіфа[22].
21 снежня 1999 года зацверджаны новы герб Маладзечна (аўтары герба: А. А. Шпунт і мастак І. А. Шпунт)[23].
17 кастрычніка 2002 года адкрыты Палац культуры (ДУ «Палац культуры г. Маладзечна»).
31 мая 2005 года адбылося аб’яднанне Маладзечанскага раёна і горада Маладзечна ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку — Маладзечанскі раён з адміністрацыйным цэнтрам у горадзе Маладзечна[24].
У 2011 годзе ў горадзе прайшоў фестываль «Дажынкі-2011».
21 кастрычніка 2011 года адкрыты Лядовы палац з аквапаркам (Спартыўна-забаўляльны цэнтр ДУ «Мінская абласная комплексная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа „Алімпік-2011“»).
У 2013 годзе ў межы горада ўключаныя некаторыя вуліцы вёскі Рагазы, частка тэрыторыі Цюрлёўскага сельсавета[25].
10 сакавіка 2017 года адбылася акцыя пратэсту (каля 1000 чалавек) названая як «Марш недармаедаў» ці «Марш раззлаваных беларусаў». Людзі сабраліся на цэнтральнай плошчы і пасля мітынгу прайшлі маршам да будынка падатковай інспекцыі. Пратэставалі супраць так званага «дэкрэта аб дармаедстве» і «падатку на беспрацоўных» (Дэкрэта прэзідэнта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства») і іншых дзеянняў уладаў. Гучалі лозунгі: «Нет декрету № 3 — Лукашенко уходи», «Баста», «Ганьба», «Жыве Беларусь» і іншыя.[26][27][28][29]
13 ліпеня 2019 года адбылося адкрыццё «Вуліцы стрыт-фуда» («Завулак ката Францыска») на міні-рынку па вул. Ф. Скарыны. На дзень адкрыцця працавалі 12 павільёнаў ежы, прастора для выстаў і вулічных выступаў. Лічыцца мясцовай славутасцю.[30][31][32][33][34][35]
19 мая 2020 года адменены Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2020» у сувязі з пагрозай распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі COVID-19. Фестываль у Маладзечне ў 1993 годзе заснаваны па ініцыятыве Генадзя Карпенкі. З 1993 па 1996 праводзіўся штогод, пасля раз у два гады. З 2011 года зноў праводзіўся штогод, ажно да 2020.[36][37]
31 ліпеня 2020 года кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святлана Ціханоўская разам з Веранікай Цапкала і Марыяй Калеснікавай падчас перадвыбарчага мітынгу на гарадскім стадыёне сабралі па розных ацэнках ад 3 да 5 тысяч жыхароў.[38][39][40][41][42][43][44]
9—11 жніўня 2020 года на цэнтральнай плошчы сабралася да 2 тысяч жыхароў, якія пратэставалі супраць фальсіфікацый на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што сканчалася жорсткімі сілавымі разгонамі і затрыманнямі (арыштамі) да 80-90 чалавек штодня, часта з збіццём і катаваннямі пасля і суправаджалася поўным адключэннем інтэрнэту ўсімі правайдэрамі каля трох сутак. 13-22 жніўня прысутнасць супрацоўнікаў сілавых структур у горадзе практычна не назіралася. 16 жніўня адбылася найбольш масавая за ўсю гісторыю пратэстная акцыя на цэнтральнай плошчы горада — па розных ацэнках ад 5 да 7 тысяч жыхароў. З 23 жніўня сілавікі пачалі з’яўляцца падчас акцый пратэсту на цэнтральнай плошчы і ў іншых раёнах горада, затрымліваць пратэстуючых супраць гвалту і фальсіфікацый на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — распачаліся масавыя палітычныя рэпрэсіі.
17 снежня 2020 года начальнік Маладзечанскага РАУС палкоўнік міліцыі Вадзім Сяргеевіч Прыгара дададзены ў санкцыйны спіс Еўрасаюза, Вялікабрытаніі і ЗША з-за ўдзелу ў арганізацыі масавых палітычных рэпрэсій і «падрыву дэмакратыі» ў Беларусі.[45][46][47][48][49][50][51][52]
19 ліпеня 2021 года сілавікі прыйшлі з ператрусам у рэдакцыю маладзечанскай «Рэгіянальнай газеты», была канфіскавана тэхніка. Ператрус прайшоў і ў галоўрэда выдання Аляксандра Манцэвіча, пасля яго з жонкай павезлі на допыт, пасля чаго адпусцілі[53][54][55][56]. 22 ліпеня 2021 года «Рэгіянальная газета» спыніла выпуск друкаванай версіі выдання па незалежных ад рэдакцыі прычынах[57][58][59], а 20 студзеня 2022 года інфармацыйную прадукцыю сайта і тэлеграм-канала «Рэгіянальнай газеты» суд Маладзечанскага раёна прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі.
15 кастрычніка 2021 года судом ліквідавана Рэспубліканскае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне «NSNL» (РМГА «Некст Стоп — Нью Лайф»), дзякуючы якому ў Маладзечне з’явілася «Вуліца стрыт-фуда» («Завулак ката Францыска»). Арганізацыя была заснавана ў 1989 годзе, а ў Маладзечне пачала дзейнічаць ад 2019 года. Сябры NSNL займаліся актывізмам-урбанізмам, праблемамі інклюзіі, правоў чалавека, гендара. Ліквідацыя найбольш імаверна адбылася ў рамках «зачысткі» КДБ Беларусі грамадскіх арганізацый, якія фармавалі грамадзянскую супольнасць Беларусі.[60][61][62]
15 сакавіка 2022 года аднавіла працу Маладзечанская цэнтральная бібліятэка імя М. Багдановіча пасля васьмігадовага рамонту.[63]
У верасні 2022 года закрыты рэчавы рынак, які працаваў больш за 20 гадоў з канца 1990-х (ТАА «Маладзечанскі кірмаш», дырэктар Святлана Пузянкова на момант закрыцця).[64]
5 ліпеня 2022 пасля рэканструкцыі адкрыты футбольны комплекс «Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 4 горада Маладзечна».[65]
15 сакавіка 2023 года затрымалі 64-гадовага заснавальніка і галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча, завялі крымінальную справу, пасля перавялі ў следчы ізалятар, відавочна ў межах палітычных рэпрэсій, скіраваных супраць незалежных СМІ ў Беларусі. Праваабарончыя арганізацыі прызналі яго палітычным вязнем.[66][67][68][69][70][71][72][73]
9-10 чэрвеня 2023 адбыўся ХХII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2023».[74][75][76]
15 ліпеня 2023 адбылося ўрачыстае адкрыццё новага будынка ЗАГСа ў цэнтры Маладзечна з удзелам міністра юстыцыі Сяргея Хаменкі і старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандра Турчына. У будынку ЗАГСа размясцілася таксама служба «Адно акно».[77][78]
4-14 жніўня 2023 года ў Маладзечне праведзены гульні па пляжным валейболе ў рамках II Гульняў краін СНД 2023.[79][80] Гульні мелі вельмі нізкую папулярнасць сярод жыхароў Беларусі, нягледзячы на магчымасць бясплатнага наведвання і прымус бюджэтнікаў як гледачоў.[81]
25 верасня 2023 года старшыню Маладзечанскага райвыканкама Горлава Юрыя Мікалаевіча вызваліў ад пасады Лукашэнка і прызначыў сваім памочнікам — інспектарам па Гомельскай вобласці.[82][83]
3 лістапада 2023 года вынесены прысуд галоўнаму рэдактару «Рэгіянальнай газеты» і палітвязню Аляксандру Манцэвічу — 4 гады калоніі і штраф у памеры 400 базавых велічынь, што складае 14 800 рублёў (~4500$). Журналіста абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь паводле арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса. Крымінальную справу вёў суддзя Аляксей Іршын, дзяржабвінавачанне падтрымліваў памочнік пракурора Аляксандр Марцінчык.[84][85][86][87][88]
4 студзеня 2024 года старшынёй Маладзечанскага райвыканкама стаў Павел Валянцінавіч Губко, упершыню за многія гады Лукашэнка прызначыў на гэту пасаду ўраджэнца Маладзечанскага раёна.[89][90][91][92]
У Маладзечне вылучаюцца мікрараёны: Залінейны, Старое Месца, Парашкі (ЗПМ), 11-ы, 10-ы, 6-ы, 1-ы, 2-і, 3-і, 4-ы, Цэнтральны, Гелянова, Здземелева, Паўднёвы (Рагазы).
Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай прамысловасці, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў.
Вузел чыгунак на Мінск, Полацк, Вільнюс, Ліду і аўтадарог на Мінск, Вільнюс, курортны пасёлак Нарач.
Гасцініца «Маладзечна», знаходзіцца побач цэнтральнай плошчы, за 10 хвілін хады ад чыгуначнага вакзала і аўтавакзала.[107].
У 1970 годзе пачаў працу завод сілавых паўправадніковых вентыляў (з 1994 года — ААТ «Электрамодуль»)[108].
У 1984 годзе пачаў працу завод парашковай металургіі (з 1991 года ВРУП «Маладзечанскі завод парашковай металургіі»)[109][110].
У 1980 годзе арганізаваны Маладзечанскі завод лёгкіх металаканструкцый праз зліццё двух заводаў: металаканструкцый і лёгкіх металаканструкцый. Першы ўведзены ў эксплуатацыю ў 1968 годзе, другі — у 1978 годзе[111].
У 1989 годзе створана беларуска-германскае вытворчае сумеснае прадпрыемства «Мiнскi мэблевы цэнтр» (СП «ММЦ» ТАА) — мэблевая фабрыка па вытворчасці корпуснай мэблі з масіву[112][113].
У 2006 годзе адбылося поўнае спыненне вытворчай дзейнасці і пачаўся працэс ліквідацыі (банкруцтва) РУП «Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў»[114].
У 2012 годзе пачаў працу завод вагавымяральнага абсталявання (ЗАТ «ЗВА»)[115][116].
У Маладзечне 14 сярэдніх школ, мастацкая школа, 6 вучылішч, у т.л. медыцынскае і музычнае, політэхнічны каледж, гандлёва-эканамічны каледж, 4 публічныя бібліятэкі.
Сярэдняя навучальная ўстанова па адрасе вуліца Касманаўтаў-3. Упершыню пра будаўніцтва школы згадана на жнівеньскай нарадзе настаўнікаў Маладзечна ў 1963/1964 навучальным годзе. Школа будавалася на новай вуліцы з сакавіка 1965 года, за красавік узведзены 2-гі паверх, у маі — трэці, пачалося будаўніцтва майстэрняў, актавай і спартыўнай залаў. Адкрыццё школы адбылося 1 верасня 1965 года[117], установа атрымала ганаровае імя Юрыя Гагарына. Першы дырэктар — Уладзімір Цітавіч Каралькоў, першыя намеснікі дырэктара — Ілья Раманавіч Салавейчык, Пётр Пятровіч Валынец і Уладзімір Іосіфавіч Нічыпаровіч.[118]
Сярод выпускнікоў школы: Андрэй Віталевіч Гендрых — намеснік начальніка Службы спецыяльнай сувязі ФСА Расіі; Генадзь Яўгенавіч Тур — беларускі ўрач-анколаг; Алег Багданавіч Нячаеў — беларускі ўрач-анестэзіёлаг; Юрый Казіміравіч Касабуцкі — беларускі каталіцкі дзеяч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі; Людміла Багданаўна Церах — дацэнт кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай акадэміі мастацтваў; Аляксандр Іванавіч Асіповіч — беларускі гісторык; Анатоль Анатолевіч Лабінскі — беларускі ўрач-анколаг-хірург; Васіль Генрыхавіч Богдан — беларускі ўрач-хірург; Ігар Анатолевіч Франчук — украінскі прадпрымальнік, народны дэпутат Украіны II, III і IV скліканняў.
У горадзе знаходзяцца Мінскі абласны краязнаўчы музей, Мінскі абласны драматычны тэатр, Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка». У горадзе штогод праводзіцца больш 30 культурных мерапрыемстваў, у т.л. рэспубліканскі тэатральны фестываль «Маладзечанская сакавіца» і Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі (з 1993).
У 2006 і 2013 гадах горад стаў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля»[119].
У Маладзечне працуюць рэп і хіп-хоп гурты (Usplёsk, Буркіна Фасо, ХЗКН, Stickoxydal і іншыя).
Выпускаецца гісторыка-краязнаўчы і літаратурна-мастацкі альманах «Куфэрак Віленшчыны»
Праз Маладзечна праходзяць рэспубліканскія аўтамабільныя дарогі Р28 (Мінск-Маладзечна-Нарач), Р56 (Маладзечна-Валожын), Р106 (Маладзечна-Смаргонь).
Адлегласць ад Маладзечна(аўтамабільнымі шляхамі) | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Вільнюс ~ 145 км Осла ~ 2206 км Гданьск ~ 710 км | Талін ~ 706 км Хельсінкі ~ 793 км Рыга ~ 401 км | Полацк ~ 222 км Санкт-Пецярбург ~ 783 км Мурманск ~ 2101 км | |||||||
Гродна ~ 266 км Варшава ~ 609 км Берлін ~ 1176 км | Магілёў ~ 285 км Смаленск ~ 387 км Казань ~ 1600 км | ||||||||
Брэст ~ 421 км Кракаў ~ 838 км Барселона ~ 3008 км | Львоў ~ 683 км Адэса ~ 1082 км Стамбул ~ 1905 км | Мінск ~ 77 км Ерэван ~ 2650 км Доха ~ 5221 км |
Будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі (1870-я) спрыяла ператварэнню мястэчка ў чыгуначны вузел. У пачатку XX стагоддзя праз Маладзечна прайшла яшчэ адна чыгунка — Балагое-Сядлецкая, якая злучыла важныя рэгіёны Расійскай імперыі. Маладзечна стаў чыгуначным вузлом. У 1907 годзе ўзведзены будынак вакзала ў стылі «мадэрн», які захаваўся да цяперашняга часу.
Маладзечна — чыгуначны вузел з кірункамі на Мінск, Вільнюс, Ліду і Полацк. Пасажырскімі цягнікамі звязаны з Масквой, Санкт-Пецербургам, Рыгай, Калінінградам, Гродна, Віцебскам і іншымі.
Пасажырскія перавозкі па горадзе ажыццяўляюцца толькі аўтобусамі. Грузавыя і пасажырскія перавозкі ў горадзе ажыццяўляе філіял «Аўтобусны парк № 4» ААТ «Мінаблаўтатранс». У будучыні плануецца замяніць аўтобусы на электробусы.
Прадстаўніцтва партыі БНФ, аддзяленне праваабарончай арганізацыі Беларуска-Хельсінкскі камітэт, скауцкая дружына «Маладэчына».
У горадзе зарэгістравана 5 рэлігійных суполак.
Маладзечна ўваходзіць у турыстычны маршрут «У краі Нарачанскім»[120].
Гатэль «Маладзечна» знаходзіцца побач з цэнтральнай плошчай, за 10 хвілін хады ад чыгуначнага і аўтобуснага вакзалаў. У горадзе працуе краязнаўчы музей.
Страчаная спадчына
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.