Паўночна-Заходні край
Віленская, Віцебская, Гарадзенская, Ковенская, Магілёўская і Менская губэрні ў складзе Расейскай імпэрыі / From Wikipedia, the free encyclopedia
«Паўно́чна-Захо́дні край» або «паўно́чна-захо́днія губэ́рні» (рас. Северо-Западный край, северо-западные губернии) — размоўная, публіцыстычная і афіцыйна-бюракратычная назва шасьці губэрняў Расейскай імпэрыі (Віленская, Ковенская, Гарадзенская, Менская, Магілёўская і Віцебская губэрні), уведзеная расейскімі ўладамі датычна земляў анэксаванага Вялікага Княства Літоўскага ў рэчышчы палітыкі русіфікацыі гістарычных ліцьвінаў — беларусаў.
Тэрмін «Паўночна-Заходні край» («паўночна-заходнія губэрні») ад пачатку ўжываўся ва ўрадавай расейскай тэрміналёгіі датычна Віленскага ваеннага генэрал-губэрнатарства па гвалтоўнай ліквідацыі ў Расейскай імпэрыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы (1839 год) як жаданьне паказаць ня толькі ўяўны спадчынна-дынастычны, але і этнаканфэсійна рускі характар гэтых зямель, які наўмысна праз аманімічнае азначэньне рас. «русский» намагаліся атаясаміць з Маскоўскай царквой і Маскоўскай дзяржавай. Аднак да пачатку сялянскай рэформы (1861 год) і асабліва да нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў тэрмін «Паўночна-Заходні край» выкарыстоўваўся вельмі рэдка і не пашыраўся на Віцебскую і Магілёўскую губэрні. Да пачатку 1860-х гадоў часьцей за ўсё ў расейскай урадавай тэрміналёгіі «паўночна-заходнія губэрні» не вылучаліся асобна, а фігуравалі разам зь «беларускімі» (Віцебскай і Магілёўскай губэрнямі) і «паўднёва-заходнімі губэрнямі» («Паўднёва-Заходнім краем» — Кіеўскім ваенным генэрал-губэрнатарствам) пад агульнай назвай «заходнія губэрні» (або «Заходні край»).
Падпарадкаваньне ў 1863 годзе (праз пачатак паўстаньня 1863—1864 гадоў) Віцебскай і Магілёўскай губэрняў уладзе віленскага ваеннага генэрал-губэрнатара пашырыла тэрмін «Паўночна-Заходні край» і на гэтыя («беларускія») губэрні, што захавалася нават па выхадзе ў 1869 годзе Віцебскай і Магілёўскай губэрняў з-пад улады віленскага генэрал-губэрнатара.
У расейскай імпэрскай ідэалёгіі (г. зв. «заходнерусізьме») тэрмін «Паўночна-Заходні край» фактычна пазначаў паўночна-заходнюю частку «адзінай Русі» — «Паўночна-Заходнюю Русь» («Паўночна-Заходнюю Расею»), што асабліва пачало прапагандавацца па здушэньні паўстаньня 1863—1864 гадоў. Апроч таго, замацаваньне з 1860-х гадоў за шасьцю губэрнямі (Віленскай, Ковенскай, Гарадзенскай, Менскай, Віцебскай і Магілёўскай) назвы «Паўночна-Заходні край» («паўночна-заходнія губэрні»), нават па скасаваньні ў 1912 годзе Віленскага генэрал-губэрнатарства, фактычна было прызнаньнем, што гэтая тэрыторыя ёсьць землямі былога Вялікага Княства Літоўскага і мае падобныя агульныя рысы ва ўсіх дачыненьнях, што і адлюстроўвалася, адпаведна, у спэцыфіцы кіраваньня і рэжыме законаў у гэтых губэрнях. З 1830-х гадоў спэцыфіка кіраваньня і рэжым законаў у паўночна-заходніх (і паўднёва-заходніх) губэрнях паступова набывалі выразна дыскрымінацыйны характар у дачыненьні многіх катэгорыяў мясцовага насельніцтва (у параўнаньні зь іншымі часткамі Расейскай імпэрыі).
Плошча Паўночна-Заходняга краю (шасьці губэрняў — Віленскай, Ковенскай, Гарадзенскай, Менскай, Магілёўскай і Віцебскай) у пачатку XX ст. складала 266 978 квадратных дзесяцін[1]. Яго цэнтрам лічылася Вільня.