князь вялікі літоўскі From Wikipedia, the free encyclopedia
Гедзімін, Гедымін (23 лютага[2] 1275—1341) — вялікі князь літоўскі (1316—1341).
Гедзімін Вялікі лац. Giedzimin[1] | |
Гедзімін Вялікі (уяўны партрэт) З Коданскай галерэі, 1709 год | |
10-ы вялікі князь літоўскі | |
1316 — 1341 | |
Папярэднік | Віцень |
Наступнік | Яўнут |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 23 лютага 1275, |
Памёр | 1341 , |
Нашчадкі |
сыны: Манівід, Нарымонт-Глеб, Альгерд, Кейстут, Любарт-Фёдар, Карыят-Міхал, Яўнут-Іван дачкі: Альдона-Ганна, Данміла-Лізавета, Бірута (умоўнае імя), Марыя Старэйшую, Аўгуста-Анастасія, Марыя Малодшая і Яўхімія |
Дынастыя | Гедзімінавічы |
Жонка |
1-я: Віда 2-я: Вольга Ўсеваладаўна 3-я: Леанідыя |
У часы Гедзіміна Вялікае Княства Літоўскае стала моцнай ўсходне-эўрапейскай дзяржавай, займела дынастычныя сувязі з амаль усімі навакольнымі краінамі — Мазоўшам, Польшчай, Галіцка-Валынскім княствам, Цьверскім княствам, Масковіяй. Апроч Вільні, мураваныя замкі зьявіліся ў Медніках, Лідзе, Крэве, Віцебску. Узмацнілася запазычаньне элемэнтаў заходне-эўрапейскай культуры. Адначасна Гедзімін паклаў падмурак рускаму вэктару палітыкі гаспадарства, які разьвіваўся ў наступныя дзесяцігодзьдзі. Яго шматлікія нашчадкі ўтварылі дынастыю Гедзімінавічаў[3].
Гідземін (адзначаецца пад 718 годам у форме Diddeminum[4], дзе першую літару трэба чытаць як G[5]) — імя германскага паходжаньня[5][6]. Іменная аснова -гед- (-гад-, -гід-) (імёны ліцьвінаў Гедзень, Гедвін, Гедмонт; германскія імёны Gedenus, Gedovin, Gadamundus) паходзіць ад старагерманскага gidd- 'пыхлівы, ганарысты', ісьляндзкага geð 'нораў, тэмпэрамэнт'[7] або гоцкага gadiliggs 'сваяк, родзіч'[8], а аснова -мін- (-мен-) (імёны ліцьвінаў Мінят, Асьміна, Гальмін; германскія імёны Miniatus, Osminna, Galmin) — ад гоцкага minan 'менаваць, памятаць, любіць'[9], minthi 'памяць'[10]. Такім парадкам, імя Гедзімін азначае «пыхлівы думкамі»[11].
Адпаведнасьць імя Гедзімін старажытнаму германскаму імю Diddeminum — як і правільнае прачытаньне першай літары гэтага імя — сьцьвердзіў францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[5][6][12].
Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Gedeminne (1322 год[13], 25 студзеня 1323 году[14], 26 траўня 1323 году[15][16][17], 2 кастрычніка 1323 году[18]); Gedemynde (29 лістапада 1322 год)[19]; Gedemini (31 жніўня 1324 году)[20]; Godeminnus (2 чэрвеня 1325 году)[21]; Кедименъ (1330—1359 гады)[22]; Ghodemi(n)ne (1 лістапада 1338 году)[23]; Ghedemynne (1 лістапада 1338 — 1341 гады)[24]; братъ Гедиминовъ, князя Литовъского, Воини Полотскыи князь[25], великого князя Литовскаго Гедемина[26] (Наўгародзкі першы летапіс); Гедименъ (Сафійскі першы летапіс)[27]; Gidymin (Хроніка Быхаўца)[28]; Гедименъ[29], Гедиманъ[30] (Ніканаўскі летапіс); Gidzimin Witennowic (Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі)[31].
Пастава сёньняшняй афіцыйнай навукі што да паходжаньня Гедзіміна дужа розьніцца ад зьвестак летапісаў і хронік ВКЛ. Гэтак, летапісы ВКЛ аднастайна сьведчаць, што Гедзімін быў сынам Віценя. Але сёньняшняя навука, на груньце адно ліста рыскае рады, лічыць Гедзіміна братам Віценя[32]. Таксама існуе меркаваньне (на груньце слоў «Задоншчыны»: «правнуки есми Сколомендовы»), што продкам Гедзіміна быў яцьвяскі князь Скаламенд.
Падрабязны аповед Раўданскага рукапісу сьведчыць, што Гедзімін быў старэйшым сынам вялікага князя літоўскага Віценя, нарадзіўся ў вотчыннай сядзібе Віценя Эйраголе ў 1257 г. і там жа жыў да займаньня вялікакняскага стальца (1316 г.). Гэтыя зьвесткі пацьвярджаюць і шматлікія летапісы ВКЛ, якія згодны, што Гедзімін быў сынам Віценя, а род Віценя быў «з рожаю Колюмнов» і меў вотчынай Эйраголу. Таксама «замак Гедзіміна» на Дубісе (відавочна, Эйраголу) ведаў і сучасьнік падзей Пётр з Дусбургу. Такім парадкам, сьведчаньні розных крыніц пацьвярджаюць аўтэнтычнасьць зьвестак Раўданскага рукапісу.
Раўданскі рукапіс таксама паведамляе аб трох шлюбах Гедзіміна — з швэдкай Відай (сыны ад яе — Монтвід (нарадзіўся ў 1276 г.) і Нарымунт (1277 г.)), з смаленскай княжной Вольгай Усеваладаўнай (сыны ад яе — Альгерд (1296 г.) і Кейстут (1297 г.)) і з полацкай княжной Еўнай Іванаўнай (сыны ад яе — Любарт (1299 г.), Яўнут (1301 г.) і Карыят (1306 г.)). Іхныя шматлікія нашчадкі ўтварылі дынастыю Гедзімінавічаў. Таксама Гедзімін меў 7 дачок — Альдону-Ганну, Данмілу-Елізавету, Біруту (умоўнае імя), Марыю Старэйшую, Аўгусту-Анастасію, Марыю Малодшую і Яўхімію.
Паводле Раўданскага рукапісу літоўскія паны паднесьлі Гедзіміна на вялікае княжаньне ў студзені 1316 году. Пачатак валадараньня Гедзіміна вызначыўся ўтварэньнем у Вялікім Княстве Літоўскім самастойнай Літоўскай праваслаўнай мітраполіі, падпарадкаванай беспасярэдне канстантынопальскаму патрыярху (існавала ў 1317—1330 гадох, цэнтар — Наваградак), і спробай нармалізаваць дачыненьні з каталіцкім Захадам.
Не пазьней за 1320 год Гедзімін заснаваў мураваны замак у Вільні, які стаў яго галоўнай рэзыдэнцыяй (фактычна перанёс сталіцу Вялікага Княства Літоўскага з Наваградку ў Вільню[33][34]). Таксама таго ж году ён заснаваў Беласток. Каля 1321 году Гедзімін збудаваў у Вільні касьцёл для манахаў-францішканаў і аднавіў іх касьцёл у Наваградку, збудаваны яшчэ Віценем і спалены ў выніку нападу крыжакоў.
У 1318 годзе сын Гедзіміна Альгерд ажаніўся з дачкой апошняга віцебскага князя з Рагвалодавічаў, а ў 1320 годзе пачаў княжыць у Віцебску. У 1320 годзе шлюбам дачкі Гедзіміна Марыі зь вялікім князем цьвярскім Дзьмітрыем Міхайлавічам быў замацаваны хаўрус зь Вялікім княствам Цьвярскім. У 1322 годзе другі зяць Гедзіміна і яго намесьнік у Горадні Давыд Даўмонтавіч быў кароткі час князем Пскова, што прывяло да выхаду Пскова з-пад кантролю Ноўгараду. Каля 1322 году пад уладу Вялікага Княства Літоўскага перайшлі Берасьцейшчына і Падляшша, пра што паведамляюць позьнія літоўскія (беларускія) летапісы (ускосна пацьвярджаецца пералікам ваяводаў Галіцка-Валынскага княства 1335 году, дзе няма ваяводаў з гэтых зямель). У 1323 годзе адбыўся набег літоўскага войска на наўгародзкую воласьць Вялікія Лукі. Пад беспасярэднюю ўладу Гедзіміна адыйшлі ў 1320-я гады Таропецкае і Ржэўскае княствы на поўначы Смаленскай зямлі.
У траўні 1323 году Гедзімін праз Рыгу зьвярнуўся з шэрагам лістоў да Рымскай Курыі, Ганзейскага хаўрусу, саксонскіх рэзыдэнцыяў францішканскага і дамініканскага ордэнаў. У гэтых лістах Гедзімін, тытуляваны як «кароль Літвы і Русі, уладар і князь Жамойці», запрашаў у Вялікае Княства Літоўскае манахаў і майстроў розных спэцыяльнасьцяў, гарантаваў ім розныя прывілеі. 20 кастрычніка 1323 году Гедзімін склаў мір з рыскім арцыбіскупам і магістратам Рыгі (гэтак званая Дамова 1323 году). Межы Вялікага Княства Літоўскага і Лівонскага ордэна абвяшчаліся адкрытымі для гандлю і вольнага перамяшчэньня людзей. Дачыненьні з Тэўтонскім ордэнам на прускай мяжы засталіся варожымі, у пачатку 1324 адбыўся шэраг нападаў на Жамойць, у ліпені — аблога войскамі Вялікага Княства Літоўскага ордэнскага замка Хрыстмэмэль. У кастрычніку 1324 году рымскі папа Ян XXII накіраваў сваіх легатаў, упаўнаважаных ахрысьціць Гедзіміна. Аднак у апошні момант Гедзімін адмовіўся ад прыняцьця каталіцтва, бо задаволіўся мірам з Тэўтонскім ордэнам, складзеным у лістападзе 1324 году з дапамогай легатаў. Адначасна вялікі князь наладзіў добрыя стасункі з Польшчай і ў 1325 годзе выдаў сваю дачку Альдону-Ганну за Казімера, сына караля Ўладзіслава Лакетка.
У 1326 годзе Гедзімін даслаў свайго брата полацкага князя Воіна, менскага князя Васіля і дарагабужскага князя Фёдара пасольствам да Ноўгарада, вынікам якога было складаньне міру з Ноўгарадам і аднаўленьне міру зь Інфлянтамі. Сфэра ўплыву Гедзіміна на Русі няўхільна пашыралася. У 1327—1329 гадох у Пскове па Давыдзе княжыў цьвярскі князь Аляксандр Міхайлавіч, які абапіраўся на падтрымку Гедзіміна.
У 1326 годзе Гедзімін накіраваў войска ў 1200 вершнікаў на чале з Давыдам Гарадзенскім, якое спустошыла зямлю варожага Польшчы Брандэнбурскага маркграфства. А ў 1328 годзе ўмяшаўся ў канфлікт паміж рыскім магістратам і Лівонскім ордэнам, напэўна, спадзеючыся, што гэта прывядзе да ліквідацыі ордэна. Увосень 1329 году ён на просьбу рыжанаў спустошыў уладаньні ордэна, а ўвесну 1330 году — уладаньні рыскага арцыбіскупа. Аднак закалот скончыўся паразай месьцічаў і дакананьнем імі міру з ордэнам (30 сакавіка 1330 году), што прывяло да аднаўленьня вайны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і крыжакамі. Супольны напад прускай і лівонскай галін ордэна на Жамойць адбыўся ўжо ў сакавіку 1330 году. У адказ у верасьні таго ж году Гедзімін паслаў войска на дапамогу польскаму каралю, які ажыцьцявіў напад на Прусію. У далейшым напады ордэнскіх рыцараў на Вялікае Княства Літоўскае сталі рэгулярнымі: яны адбываліся ў 1332, 1333 (да Полацку), 1334 (да Полацку), 1339, 1340 гадох.
Аднаўленьне вайны на захадзе не спыніла рускіх справаў Гедзіміна, хоць і ўскладніла іх. Хаўрусьнік Гедзіміна цьвярскі князь Аляксандар у 1329 годзе страціў Пскоў, але ў 1331 годзе ў другі раз атрымаў яго пры дапамозе Гедзіміна і заставаўся пскоўскім князем да 1337 году. У 1331 годзе Гедзімін зрабіў няўдалую спробу правесьці на вакантную пасаду пскоўскага япіскапа свайго вылучэнца Арсенція. Пра памер уплыву Гедзіміна на Русі ў гэты час сьведчыць тое, што другі кандыдат у япіскапы, якога Гедзімін імкнуўся захапіць, праехаў у Ноўгарад з Валыні толькі вакольным шляхам праз Бранск і Таржок, прычым ля Кіева яго ледзь не захапіў кіеўскі князь Фёдар.
Хаўрусьнікамі Гедзіміна ў той час былі смаленскі князь Іван Аляксандравіч (называў Гедзіміна «братъ мой стареиший Кедименъ»[lower-alpha 1]), казельскі князь Аляксандар Мсьціслававіч — зяць Гедзіміна. У 1331 годзе Гедзімін аддаў сваю дачку Яўфімію за галіцка-валынскага князя Баляслава-Юрыя. У 1333 годзе сын Гедзіміна Нарымонт-Глеб быў запрошаны князем у Ноўгарад, што было праявай палітычнага зьвязу паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Ноўгарадам, накіраванага супраць маскоўскага валадара Івана Каліты. Аднак Гедзімін пазьбягаў наўпростага супрацьстаяньня з Масквой і ў 1333 годзе аддаў дачку Аўгусту за Сямёна Гордага, сына Каліты. Да 1338 году Нарымонт зьехаў з Ноўгараду і пачаў княжыць у Полацку і, магчыма, таксама ў Пінску, але захаваў сваіх намесьнікаў у некалькіх воласьцяў, падараваных яму ноўгародцамі (Ладазе, Арэшку, Карэле і палове Капор’я).
Літоўскія летапісы паведамляюць пра заваяваньне Гедзімінам Кіеўскай зямлі, але гэты сюжэт большасьць дасьледнікаў лічыць мітычным. Тым часам у Кіеве ў 1322—1363 гадох княжыў Фёдар — хутчэй за ўсё брат Гедзіміна (роднае імя Фёдара было, імаверна, Міндоўг). Запісы канцылярыі маскоўскага мітрапаліта Феагноста называюць князя Фёдара «братам Гедзіміна»[35]. Існуюць зьвесткі, што князь Фёдар падпарадкоўваўся татарскаму баскаку. У 1340 годзе памёр апошні галіцка-валынскі князь Баляслаў-Юры, што дазволіла ўладкавацца на Валыні малодшаму сыну Гедзіміна Любарту. Канчатковы падзел галіцка-валынскай спадчыны паміж Вялікім Княствам Літоўскім, Ардой і Польшчай адбыўся ўжо па сьмерці Гедзіміна. Ён загінуў узімку 1341—1342 гадоў, напэўна, пры аблозе ордэнскага замка Баэрбург. На падставе чэскай крыніцы існуе вэрсія пра атручваньне Гедзіміна[36].
Вялікі князь Гедзімін у сваім лісьце-пасланьні да манахаў-францішканаў Саксоніі, датаваным 26 траўнем 1323 году, запрашаў у Вялікае Княства Літоўскае чатырох прапаведнікаў, каб яны маглі апеквацца двума касьцёламі, збудаванымі ў Вільні і Наваградку. Гедзімін ставіў умову і пажаданьне, каб місіянэры абавязкова ведалі польскую, зэмгальскую (у 1289—1290 гадох па паразе паўстаньня супраць Лівонскага ордэну у ВКЛ перасялілася каля 100 тысячаў зэмгалаў) і рускую мовы. У пасланьні таксама дадавалася, што гэтымі мовамі валодалі іншыя місіянэры, якія дагэтуль былі або яшчэ знаходзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім[37]. Гісторык Анатоль Астапенка (сьледам за Паўлам Урбанам) зьвяртае ўвагу на тое, што гэты ліст Гедзіміна ёсьць сьведчаньнем вынятковага ўжытку тагачаснымі ліцьвінамі славянскай беларускай мовы, тым часам брак патрэбы ў жамойцкай (летувіскай) мове тлумачыцца тым, што Жамойць доўгі час не ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага[38].
Адзначаецца[37], што дзеля фальсыфікацыі гісторыі ВКЛ на карысьць летувізацыі расейскі гісторык Уладзімер Пашута, сябра-карэспандэнт АН СССР, у сваёй манаграфіі «Образование Литовского государства» (Масква, 1959 год) сфальсыфікаваў зьмест памянёнага ліста Гедзіміна ад 26 траўня 1323 году: Пашута заявіў, што Гедзімін у гэтым сваім лісьце нібы казаў пра валоданьне «летувіскай, польскай і зэмгальскай мовамі»[39].
Гандлёвае пагадненьне Гедзіміна з магістрам Лівонскага ордэну і Радай месьцічаў Рыгі, як і папярэдняе мірнае пагадненьне 1323 году, змацоўвалася цалаваньнем крыжа — добра вядомым рытуалам, які належаў да славянскай традыцыі. Такім рытулам карысталіся яшчэ кіеўскія князі (у тым ліку, калі здрадным чынам паланілі Ўсяслава Чарадзея ў 1067 годзе), ім жа змацоўваліся граматы вядомых гандлёвых пагадненьняў XIII ст. князёў Смаленскага, Полацкага і Віцебскага княстваў з Рыгай і «Гоцкім берагам». Апроч таго, у лацінскім тэксьце памянёнага гандлёвага пагадненьня ўжываўся славянскі тэрмін «баяры» караля Гедзіміна[40]. Таксама ў 1326 годзе дыплямат Гедзіміна Лесій, які ўважаў сябе за ліцьвіна, ужыў славянскае ўдакладеньне «ладзьдзі» да адпаведнай лацінскай назвы караблёў у зробленай пад прысягай у Рызе заяве, у якой зьвінавачваў крыжакоў у парушэньні ўмоваў мірнага пагадненьня 1323 году[41].
Паводле Каспара Нясецкага (1682—1744), за яго часам у польскім каронным архіве захоўвалася пячаць вялікага князя Гедзіміна з выявай анёла. Гэтыя зьвесткі пацьвярджаў Мікалай Карамзін. Калі адзін адбітак вялікакняскай пячаці ў пачатку 1323 году спалілі крыжакі, то Гедзімін у сваім наступным лісьце ганіў іх як «паклёпнікаў, супольнікаў д’ябла, разбуральнікаў веры і бязбожных гарэтыкоў». Гедзімін пісаў: «Тых, хто зьневажае гэтую пячаць, мы ў гэтым лісьце адхіляем як зласьлівых разбуральнікаў веры, хлусьлівых і нязбожных гарэтыкоў». Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, застаецца мала сумневаў, што мова была пра пячаць з хрысьціянскай сымболікай[42]. Пагатоў лацінская пячаць Гедзіміна месьціла тытулятуру «Dei gracia Gedemini Lethvinorvm et Rvthenor. reg.» («Божай міласьцю Гедзімін гаспадар ліцьвінаў і русінаў») і выяўляла Гедзіміна ў тыпова рускай княскай чапцы, падобнай да мітры[43]. Апроч таго, у грамаце да папы Яна XXII Гедзімін пісаў, што верыць у Тройцу і карыстаўся хрысьціянскімі выразамі, на пячацях гэтай граматы былі анёлы<ref>Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 24.</ref.
Папярэднік Віцень |
Вялікі князь літоўскі 1316—1341 |
Наступнік Яўнут |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.