беларуская паэтка, перакладніца, драматург From Wikipedia, the free encyclopedia
Ната́льля Арсе́ньнева (20 верасьня 1903, Баку — 25 ліпеня 1997, Рочэстэр, ЗША) — беларуская паэтка, перакладніца, драматургіня.
Натальля Арсеньнева лац. Natalla Arsieńnieva | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзілася | 20 верасьня 1903 Баку |
Памерла | 25 ліпеня 1997 (93 гады) Рочэстэр, ЗША |
Пахаваная | |
Муж | Францішак Кушаль |
Дзеці | Яраслаў (1923—1943), Уладзімер |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэтка, перакладніца, драматург |
Жанр | верш, ода, элегія |
Мова | беларуская мова[1] і расейская мова[1] |
Дэбют | «Пад сінім небам» (1927) |
Подпіс | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Творы на сайце Kamunikat.org | |
Натальля Арсеньнева нарадзілася 20 верасьня 1903 году ў сям’і начальніка Бакінскай мытнай акругі й былой настаўніцы ў Баку. У 1905 бацьку Натальлі перавялі спачатку на Валынь, а пасьля ў Вільню. Радавод яе бацькі ўзыходзіць да роду маці Міхаіла Лермантава[2]. Паводле М. Мішчанчука, род Арсеньневых — генэалягічная лінія бабулі расейскага клясыка[3], Лізаветы Аляксееўны Арсеньневай (1773—1845).
Сям’я Арсеньневых складалася з трох сясьцёр і аднаго брата. Іхняя маці, былая настаўніца, дала Натальлі бліскучую хатнюю адукацыю, рыхтуючы дачку адразу ў сярэднюю школу[4]. У дзяцінстве захаплялася маляваньнем. У дзесяць гадоў, будучая паэтка з адзнакаю здала ўступныя экзамэны й паступіла адразу ў другую клясу Віленскай Марыінскай гімназіі. Тут яна правучылася толькі два гады праз пачатак Першай сусьветнай вайны. У 1914 сям’я Арсеньневых эвакуявалася ў Яраслаўль. Юная Натальля працягвала вучобу ў Кацярынінскай жаночай гімназіі, дзе дадаткова наведвала літаратурны гурток. У 1917 рабіла ілюстрацыі мастацка-літаратурнага часопісу, які выдаваўся гуртком. Тут яна ў чатырнаццаць гадоў напісала свой першы верш на расейскай мове «Облако»[5]. З пачаткам антыбальшавіцкага паўстаньня ўлетку 1918, сям’я Арсеньневых пакрысе адпраўляецца ў Вільню, да якой дабіраліся этапамі больш за год празь Вялікія Лукі Пскоўскай губэрні й Дрысу. Падчас пераезду, усе дзеці перахварэлі на «гішпанку». Сястра Натальлі Галіна ў выніку хваробы памерла[6].
У 1920 сям’я вярнулася ў Вільню. За час бежанства ўся віленская маёмасьць Арсеньневых была раскрадзеная, а ў іхнай кватэры жылі чужыя людзі. У Вільні 16-гадовая Натальля давала ўрокі францускай і нямецкай моваў, каб дапамагчы сям’і. Тут будучая паэтка паступіла ў Віленскую беларускую гімназію, дзе настаўнічалі Максім Гарэцкі, Браніслаў Тарашкевіч, Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч і іншыя дзеячы беларускага нацыянальнага ўздыму[7]. Натальля Арсеньнева пазьней адзначала: «па праўдзе, я сталася беларускай паэткай толькі ўвосень 1920 году»[8]. У гімназіі прымала ўдзел у пастаноўцы «Паўлінкі» Янкі Купалы.
У чэрвені 1921 атрымала атэстат аб сярэдняй адукацыі — «матуру»[9]. Ужо ў верасьні пачала настаўнічаць у адной зь сямі беларускіх школаў у Вільні. Адначасова паступіла на гуманістычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту й друкавалася ў розных заходнебеларускіх часопісах і газэтах[6]. На яе паэтычныя здольнасьці зьвярнуў увагу асабіста Максім Гарэцкі[2].
28 верасьня 1922 году Натальля Арсеньнева выйшла замуж за Францішка Кушаля — чальца вайсковай камісіі Беларускай Народнай Рэспублікі. Ад яго яна мела двух сыноў: Яраслава (1923—1943) і Ўладзімера. Паводле зьвестак Б. Сачанкі, Ф. Кушаль прымаў удзел у карных апэрыцыях «супраць свайго народу»[7]. Першыя паўтара году пасьля шлюбу пражылі ў Слоніме. Тут Натальля Арсеньнева моцна пасябравала з Гальяшом Леўчыкам[10]. Улетку 1923 Францішак Кушаль адправіў гасьцяваць Натальлю да свайго дзеда Вінцука Кушаля ў вёску Доры ў Валожынскім павеце. Тут яна правяла амаль тры месяцы й пазьней езьдзіла сюды кожнае лета. Гэтыя гасьцяваньні паэтка апісала наступным чынам:
Тут, у чыста беларускім сялянскім асяродзьдзі, я цесна зжылася зь Беларусьсю, калі можна так сказаць, ужо не ў тэорыі, а на практыцы, зжылася з найчысьцейшаю беларускаю моваю, зь беларускім жыцьцём і прыродаю. Мужавы бацька — стары Кушаль — быў найшчырэйшым беларускім патрыётам, хоць палітыкай ніколі не займаўся і ў жыцьці сваім ніколі нікуда не выязджаў далей за Валожын, Івянец, Ракаў ці Маладэчна[4]. | ||
У 1924 мужа Натальлі Арсеньнева перавялі на Памор’е, дзе яны пражылі 13 гадоў у Хэлмне й год у Равічы, на самой мяжы зь Нямеччынай[11].
У 1927 годзе Натальля Арсеньнева надаўжэй прыехала ў Вільню й падрыхтавала да друку свой першы зборнік «Пад сінім небам». Адначасова яна займалася перакладам «Дзядоў» Адама Міцкевіча: пераклала 1-ю, 2-ю й пачала чацьвёртую часткі. Пераклад быў ацэнены станоўча й частка яго была надрукаваная ў адным зь віленскіх беларускіх часопісаў, аднак цэласьць недзе загінула, а ў друкароў ці рэдактараў яе пазьней знайсьці не ўдалося[10]. У 1935 годзе ўпершыню наведала Вільню ўзімку, дзе чытала свае вершы й пазнаёмілася з Максімам Танкам, творчасьць якога зрабіла на яе моцнае ўражаньне[12].
З пачаткам Другой сусьветнай вайны муж Натальлі Арсеньневай апынуўся ў савецкім палоне — Старабельскім лягеры[13]. Баючыся быць адрэзанаю ад дзяцей (дзеці на пачатак вайны знаходзіліся ў Дорах), паэтка адна ноччу пехатою пайшла туды зь Вільні: ішла празь Ліпаўку на Ашмяны. Пад Вішневам, як падазроная асоба была арыштаваная бальшавікамі, адвезеная ў пастарунак НКВД у Валожыне й празь пяць дзён адпушчаная. Дабраўшыся да Дораў, у сувязі зь цяжкім матэрыяльным становішчам Натальля Арсеньнева вырашыла ехаць зь дзецьмі назад у Вільню, але Беларускі камітэт нічым ёй ня змог дапамагчы[14]. Тады паэтка вырашае падаць заяўку ў бальшавіцкую рэпартацыйную камісію аб дазволе ўезду на тэрыторыю СССР. Дазвол быў атрыманы й яна 31 сьнежня 1939 у чарговы раз пакінула Вільню й асела на гэты раз у Вялейцы, дзе жыў брат яе братавае. Апрача таго, у Вялейцы на той час жыў Максім Танк, які ўладкаваў Натальлю Арсеньневу стылістам у абласную «Сялянскую газэту»[15].
У пачатку сакавіка 1940 году Натальлю Арсеньневу й Максіма Танка запрасілі ў Менск па запрашэньні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Тут паэтка пазнаёмілася зь Янкам Купалам, Зьмітраком Бядулям і іншымі. Аднаго вечара, калі Танк, Арсеньнева й беларускі крытык ды драматург Алесь Кучар ішлі па Савецкай вуліцы, Танк голасна гаварыў па-беларуску, на што атрымаў спалоханую заўвагу Алеся Кучара:
Ведаеце, не гаварыце так голасна па-беларуску, у нас гэта ня прынята[15]. | ||
13 красавіка 1940 году на золку Натальля Арсеньнева разам з сынамі была арыштаваная органамі НКВД і без афіцыйнага абвінавачваньня сасланая ў сталінскі ГУЛАГ у Казахстане. У лютым 1941 году атрымала выклік у Маскву. Дабраўшыся цягніком да Лубянкі, Натальлю Арсеньневу беспасьпяхова пыталіся намовіць падпісаць развод з сваім мужам, які ў той час знаходзіўся побач на Лубянцы. Пасьля чарговага вяртаньня ў Казахстан, паэтцы разам з двума дзецьмі было дазволена вярнуцца на ранейшае месца жыхарства. У траўні 1941 году Натальля Арсеньнева была ўжо ў Дорах. Празь некалькі дзён ёй прыйшоў загад ехаць у Беласток, дзе яна адшукала Максіма Танка й той уладкаваў яе на кватэру й на працу ў рэдакцыю газэты, дзе паэтка працавала да пачатку Вялікай Айчыннай вайны[16].
З пачаткам нямецка-савецкай вайны Натальля Арсеньнева празь Ліду, Багданава й Валожын дабралася зь Беластоку ў Доры, адкуль з малодшым мужавым братам адправілася ў зруйнаваны Менск. Пазьней яна з мужам атрымала кватэру на былой Ленінградзкай вуліцы. Да гэтага часу вызвалены з Лубянкі Францішак Кушаль жыў на адной кватэры з Антонам Адамовічам пасьля пярэбараў з жонкай на Ленінградзкую вуліцу прапанаваў ёй пайсьці на працу ў рэдакцыю «Беларускай газэты»[17]. Перакладала лібрэта да опэры «Кармэн» і «Евгения Онегина». У гэты час да Натальлі Арсеньневай зьвярнуліся па напісаньне лібрэта да новай опэры, за сюжэт якой паэтка ўзяла верш «Лясное возера» з цыклю «Зачараваны кут» са зборніку «Пад сінім небам». Напісаньне музыкі было даручанае кампазытару Міколу Шчаглову. Апрача гэтага, паэтка напявала мэлёдыі шматлікіх песень, пачутых ёю яшчэ ў Дорах. Тэксты іншых народных песень, якія пазьней увайшлі ў опэру Натальля Арсеньнева ўзяла з фальклёрнага зборніка Еўдакіма Раманава[18]. Пасьля прэм’еры «Ляснога возера» паэтка зрабіла пераклад «Затонутага звона» Герхарта Гаўптмана.
У другой палове 1942 году Натальля Арсеньнева атрымала ліст ад свайго брата Сяргея, які ў 1940 уцёк у Нямеччыну й празь цяжкую хваробу прасіў узяць апеку над сваёй сям’ёй. Паэтка парупілася аб атрыманьні дазволу на пераезд і спачатку выехала ў Бэрлін, а затым у Ляйпцыг, дзе ейны брат ляжаў у санаторыі «Reisengebirge». Падчас яе знаходжаньня ў Ляйпцыгу Сяргей Арсеньнеў памёр у санаторыі, і Натальля праз сканчэньне тэрміну пропуска вымушаная была вяртацца ў Менск[19].
Па вяртаньні ў Менск Натальля Арсеньнва распачала працы над перакладамі «Цыганскага барона» Ёгана Штраўса, «Разьбітага кубка» Генрыха фон Кляйста, «Зачараванай жалейкі» Моцарта й «Вольнага стральца» Карла Марыі фон Вэбэра. 22 чэрвеня 1943 ад міны, што ўзарвалася ў Менскім гарадзкім тэатры загінуў сын Яраслаў. Ягонае пахаваньне адбылося на Вайсковых могілках. Па сьмерці сына кампазытар Мікола Шчаглоў папрасіў Натальлю напісаць арыю для кнігі Праксэды для 3-а акта опэры «Усяслаў Чарадзей». Калі лібрэта да опэры было скончанае, найлепшыя ўвэртуры й арыі былі выкананыя сьпевакамі й поўным аркестрам у студыі Менскага радыё[20]. У гэты час у рэдакцыю «Беларуская газэты» заходзіў вядомы беларускі драматург Францішак Аляхновіч. Пасьля Другога Ўсебеларускага кангрэса сустрэлася з Ларысай Геніюш, якая прыехала з Прагі.
З пачаткам наступленьня савецкага войска на Менск Натальля Арсеньнева разам зь дзеячам Цэнтральная беларускай рады ўцякалі празь Беласток, Варшаву ў Каралявец, адкуль пераехалі ў Бэрлін. Тут паэтка ўладкавалася на працу ў газэту «Раніца». Тут яна напісала большую частку вершаў, якія пазьней увайшлі ў зборнік «Не астыць нам»[21]. 3ь лютага 1945 празь несупынныя бамбаваньні Бэрліну Натальля Арсеньнева разам зь сям’ёй Шчагловых і Каханоўскіх пераехала ў мястэчка Амбэрг, непадалёк ад чэскай мяжы, дзе цярпелі моцную харчовую й фінансавую нястачу. Далейшыя гады паэтка са сваім мужам правяла ў лягерах для г. зв. «перамешчаных асобаў». Увосень 1945 Арсеньнева разам з мужам перабралася ў Рэгенсбург, дзе знайшлася магчымасьць весьці культурную працу пры Беларускім камітэце[21]. Пазьней Натальлю Арсеньневу перавезьлі ў лягер у Міхэльсдорфе, пазьней — у Віндышбэргердоф, дзе Натальля Арсеньнева разам зь беларускай супольнасьцю ставіла канцэрты[22]. Да свайго ад’езду ў ЗША Арсеньнева пасьпела пабываць у Розэнгайме.
У Злучаныя Штаты Натальля Арсеньнева пераехала 15 чэрвеня 1950 году (спачатку ў Нью-Ёрк, пазьней — у Рочэстэр), дзе ёй напачатку давялося працаваць упакавальніцай агуркоў на фабрыцы кансэрваў. Празь некалькі тыдняў паэтка разам з мужам ужо займелі сваю невялікую кватэру[4]. Працавала ў эмігранцкай газэце «Беларус», на Радыё Свабода, у Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. У 1970—1980-я адышла ад актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцьці беларускай эміграцыі.
25 ліпеня 1997 году Натальля Арсеньнева памерла ў горадзе Рочэстэр (ЗША), дзе жыла зь сям’ёй сына Ўладзімера.
Свае першыя вершы Натальля Арсеньнва напісала ў чатырнаццацігадовым узросьце на расейскай мове. Паводле зьвестак паэткі, першы зь іх называўся «Облако», другі — «Юг»[5]. Пра свае паэтычныя густы ў часе навучаньня ў Кацярынінскай жаночай гімназіі пісьменьніца расказала ў сваім «Аўтабіяграфічным нарысе»:
…Мае старэйшыя сяброўкі (з 7-га і 8-га клясаў) зьмяшчалі ў нашым часопісе свае вершы пад Бальмонта, Гумілёва, Ахматаву… Бальмонта я ня надта любіла, ён выдаваўся мне нейкім няшчырым, штучным. Ахматаву, наадварот, я ў душы лічыла бясстыднай і не любіла таксама. Але Гумілёў мне падабаўся. Падабаліся і вершы маіх сябровак, што насьледвалі яго. Я ім страшэнна зайздросьціла[5]. | ||
Першае беспасярэдняе знаёмства Натальлі Арсеньневай зь «беларускаю вёскаю і найчысьцейшаю беларускаю моваю» адбылося ў часе прыжываньня ў Дрысе, калі сям’і Арсеньневых недзе каля 1919 кватаравала ў невялікай сялянскай хаце разам з гаспадарамі[23]. Пазьней яна пра гэта напісала:
Тут я пачула ўпершыню і беларускія песьні, і беларускія казкі. Я вельмі ўсім гэтым зацікавілася, і вёска, і людзі, і песьні, і мова падабаліся мне незвычайна[23]. | ||
Першаю беларускаю кнігаю для будучай паэткі стала кніжка апавяданьняў Максіма Гарэцкага «Лірныя сьпевы», якая стала для яе «найлепшым лемантаром»[24]. Свае беларускія вершы Натальля Арсеньнева пачала пісаць у Віленскай беларускай гімназіі: першы зь іх называўся «Хай жаўцее, сьціхае сад з кожнай гадзінай», другі — «Сьветлы дзень дагарае над сумнай зямлёю». Рукапісы гэтых вершаў яна пасьля лекцыі аддала Максіму Гарэцкаму, які абмежаваўся адно толькі стрыманым «цікава». Увечары таго ж дня ў суботу, на заўсёднай вечарыне пісьменьнік публічна зачытаў два вершы юнае паэткі — «Восень» і «Сьветлы дзень дагарае над сумнай зямлёю» — без аніводнай праўкі[25]. Вершы Максім Гарэцкі суправадзіў уступнымі словамі:
Я хачу вас сёньня пацешыць, асабліва тых, хто любіць беларускае слова. Дай Бог, каб я не памыліўся, але мне здаецца, што ў нас сёньня нарадзілася паэтка, большая і за Цётку, і за Буйлянку[25]. | ||
Першы зборнік вершаў Натальлі Арсеньневай «Пад сінім небам» выйшаў у Вільні ў 1927 г. Затым яна падрыхтавала да друку другі — «Жоўтая восень» (1937), які з розных прычынаў так і ня ўбачылі чытачы як асобнае выданьне. Зборнік «Сягоньня» выйшаў у 1944 г. Сьледам за ім рыхтаваўся да друку чарговы — «Не астыць нам» (асобнаю кнігаю не друкаваўся). Апошнім творчым набыткам паэткі стаў зборнік выбраных твораў «Між берагамі» (1979)[26].
Раньняя лірыка, якую Арсеньнева зьмяшчала ў пэрыядычных выданьнях Заходняй Беларусі, пераважна прыродаапісальная, інтымная. Яна імкнулася перадаць імгненныя ўражаньні, пачуцьці, адлюстраваць зьменлівы стан душы, плынь унутранага быцьця[27].
Вершы, напісаныя ў акупаваным Менску, склалі зборнік «Сягоньня» (1944). Талент паэткі разьвіўся ў бок філязофскага, гуманістычнага асэнсаваньня гістарычных падзеяў, узмацніліся грамадзянскія трагічна-афарбаваныя ноты. Скразны матыў ваеннай лірыкі — матыў непасільнасьці выказаць і аб’яднаць смуткам і тугою аднаго чалавека, нават калі ён паэт, сусьветны смутак і жаль, што апанаваў чалавецтва на гэтым пэрыядзе гісторыі[27].
У шэрагу з ваеннай тэматыкай, у творах Натальлі Арсеньневай моцна гучала нацыянальна-патрыятычная тэма Бацькаўшчыны (вершы «Песьня каліноўцаў», «Жыве Беларусь», «Прысяга», «Краіне», «Зьняволеным сьцягом», «У гушчарах»). У творчасьці эміграцыйнага пэрыяду нацыянальныя й гісторыка-патрыятычныя матывы паглыбіліся, набылі настальгічную афарбоўку: (цыклі вершаў «Не астыць нам», «Брамы», «На ростанях»). Асобныя творы прысьвечаныя Францішку Скарыне («У гасподзе Падуанскай»), дню абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі («25 сакавік», «Ён граць ня сьціхне»), Слуцкаму збройнаму чыну («На Слуцкія ўгодкі», «Косы», «Сыны і маці»)[27].
У СССР творы Натальлі Арсеньневай былі забароненыя. Дагэтуль творы паэткі не ўключаныя ў школьную праграму па беларускай літаратуры ў сярэдніх школах.
Зь сярэдзіны 1980 гадоў творы Натальлі Арсеньневай становяцца вядомымі й папулярнымі, асабліва верш «Малітва», які будучы пакладзеным на музыку кампазытарам Міколам Равенскім стаў гімнам «Магутны Божа», у гонар якога названы фэстываль духоўнай музыкі; у 1995 гэтую песьню прапаноўвалі зрабіць дзяржаўным гімнам.
У 2003 у яе гонар быў усталяваны помнік у мястэчку Старыя Дарогі Менскай вобласьці на тэрыторыі музэю-сядзібы.[28] У лістападзе 2022 года стала вядома, што з мэмарыяльнай зоны перад будынкам музэю быў выдалены партрэт Натальлі Арсеньневай[29].
|
|
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.