From Wikipedia, the free encyclopedia
Experty.by — інтэрнэт-праект, прысьвечаны беларускай музыцы[3], а таксама зьвязаныя зь ім аднайменныя музычныя ўзнагароды[4] беларускіх музычных крытыкаў[5][6]. Акрамя таго, партал выступае суарганізатарам іншай музычнай прэміі «Rock Profi»[7][8].
Experty.by | |
Тып | музыкальны сайт |
---|---|
Даступныя мовы | расейская, беларуская |
Уладальнік | Зьміцер Безкаравайны[1][2] |
Пачатак працы | 13 чэрвеня 2008 году |
Камэрцыйны? | не |
Рэгістрацыя | ёсьць, не абавязкова |
Актуальны стан | замарожаны |
experty.by |
Сайт адкрыўся 13 чэрвеня 2008 году[9]. Заснаваны беларускімі музычнымі журналістамі Зьмітром Безкаравайным (у мінулым «Музыкальная газета», «БелГазета» — кіраўнік праекту), Зьмітром Падбярскім (у мінулым «Белорусская деловая газета», радыё «Свабода»), Алегам «О’К» Клімавым (шэф-рэдактар «Музыкальной газеты», часопісу «НОТ-7(be)») і Сяргеем Будкіным («Наша Ніва», «Tuzin.fm») для сыстэматычнага апісаньня й ацэнкі дыскаў беларускіх артыстаў і папулярызацыі беларускай музыкі[10][11].
Аснова праекту — рэцэнзіі чатырох пастаянных аўтараў («штатныя экспэрты»[12]), якія аглядаюць кожны дыск. У 2013 годзе арыгінальны квартэт узмацнілі Аляксандар Чарнуха («Ultra-music.com») ды Ягор Цывілька (блог «Broken CD»)[13][14]. Аўтары пішуць рэцэнзію, выстаўляе сваю ацэнку, зь сумы якіх вылічваецца сярэдні бал дыску ў рамках праекту. На аснове гэтага бала складаюцца рэйтынгі па выніках кожнага паўгодзьдзя й году[15].
З 2009 году ў працы праекту таксама прымае ўдзел 8 пазаштатных экспэртаў — аўтарытэтных прадстаўнікоў беларускай мэдыя-супольнасьці[16]. З 2010 году на сайце даступна магчымасьць праслухоўваньня практычна ўсіх рэцэнзуемых альбомаў он-лайн[17]. У траўні таго ж году партал правёў свой фэстываль[18]. З 2014 году пераможцу ў намінацыі «Альбом году» прапануецца дапамога ў арганізацыі канцэрту[19].
За дзевяць гадоў крытыкамі было разгледжана больш за 500 (уключая клясыку «Ляпіса Трубяцкога», «N.R.M.», «Песьняроў» і яшчэ некаторыя альбомы, выпушчаныя ў 2007 годзе й раней) сучасных альбомаў беларускіх артыстаў: 59 па выніках 2008[20], 60 па выніках 2009[21], 44 па выніках 2010[22], 63 па выніках 2011[23], 67 па выніках 2012[24], 47 па выніках 2013[25], 38 па выніках 2014[26], 45 па выніках 2015[27], 29 па выніках 2016[28], 33 па выніках 2017 гадоў[29].
У 2018 годзе праект сышоў у «бестэрміновы адпачынак», па словах кіраўніка праекту Зьмітра Безкаравайнага ў камэнтары «Белсату»[30]. У той жа час партал выбраў топ-10 найлепшых альбомаў за 2008—2017 гады, і «Thou» ад «Port Mone» узначаліў фінальны чарт[31].
|
|
Штогадовыя ўзнагароды Experty.by называюць найлепшы беларускі альбом кожнага году па некалькіх вэрсіях (па кожнай зь іх таксама абнародуецца топ-10)[32].
Тацьцяна Заміроўская як калумніст «БелаПАН» у 2009 годзе так ацаніла першыя вынікі працы праекту: «Спроба стварэньня Інтэрнэт-партала, дзе кожны новы CD-рэліз беларускіх музыкаў аглядаецца цалкам разнамаснай чацьверкай найлепшых музычных крытыкаў краіны, як ні дзіўна, удалася»[81]. Яна ж ужо як аўтар «БелГазеты» адзначала, што к 2012 году музычная прэмія сайту стала больш важкай, чым «Рок-каранацыя»[65]. У 2018 годзе з нагоды замарозкі сайту Тацьцяна Заміроўская напіша ў часопісе «па-расейску: Большой»: «Пакінутая база тэксту нават важней за пакінутую музыку. Бо, калі мы вывучаем нейкі перыяд у мастацтве, мы ў першую чаргу звяртаемся да тэксту, да архіва, да дакументацыі. А, калі сканчаецца нешта класнае, мы ў першую чаргу ныем»[82].
Алег Хаменка, франтмен гурта «Палац», праз «Советскую Белоруссию» ў 2008 годзе падкрэсьліў важнасьць зьяўленьня дадзенага музычнага рэсурсу, таму што «нам усім не хапала менавіта такой прадметнай крытыкі за подпісам прафэсійных і вядомых у музычных колах людзей»[9].
Віталь Артыст, франтмэн гурта «beZ bileta», у 2010 годзе праз «Советскую Белоруссию» так ацаніў партал: «Добра, дарэчы, што зьявіўся сайт experty.by — цікавае напаўненьне й таксама ёсьць свая музычная прэмія»[83]. Павал Сьвярдлоў, рэдактар «KYKY.ORG», у аглядзе ўсіх музычных прэміяў Беларусі на 2013 год адзначыў асаблівасьцю ўручэньня ўзнагародаў сайта тое, што яно «праходзіць у камернай абстаноўцы, без канцэрту й іншай мітусьні»[84].
Музычны крытык, аўтар «Энцыклапедыі беларускай папулярнай музыкі» Зьміцер Падбярэскі праз «Sputnik» у 2015 годзе прыпісаў прэмію «Experty.by» да ліку «найбольш аб’ектыўных з усіх беларускіх музычных прэміяў»[85].
Рэната Харват, суарганізатар фэстывалю «Budapest Showcase Hub», для Беларускага тэлеграфнага агенцтва ў 2017 годзе станоўча ацаніў высілкі партала па прасоўваньні айчынных артыстаў за мяжу й канстатаваў, што «за апошнія некалькі гадоў намаганьнямі праекта Experty.by сучасная беларуская музыка атрымала прыкметную прысутнасьць на міжнародных шоўкэйс-фэстах і канфэрэнцыях»[86].
Ільля Сьвірын, галоўны рэдактар газэты «Культура», у 2017 годзе ацаніў карыснасьць парталу так: «Без сумневу, гэты праект сяк-так уплывае на агульную музычную сытуацыю. Зьяўляюцца новыя цікавыя й зусім нефарматныя праекты, а музыканты выграбаюць з кішэняў апошнія пенязі, каб зрабіць сабе якасны запіс, бо ведаюць, што яго будуць ацэньваць — прыдзірліва й па гамбурскім рахунку. Ды й публіка даведваецца шмат новага»[87]. За два гады да таго ў ацэнках творчасьці гурта «Port Mone» ён жа зьвяртаўся да вынікаў «самай кваліфікаванай і выразнай музычнай прэміі Беларусі»[88], падзяліў меркаваньне Аляксандара Чарнуха, рэдактара «Ultra-music.com», які назваў яе самай грунтоўнай «з пункту гледжаньня крытэраў для адбору самых моцных рэлізаў году» ў 2012 годзе[66].
У 2019 годзе Лёша Горбаш з «34mag» у рэтраспэктыве 2010—2019 гадоў назваў партал, экспэрты якога 10 гадоў «цярпліва адслухвалі й ацэньвалі ўсе альбомы й выбіралі найлепшыя зь іх», адзіным, хто займаўся каталягізацыяю беларускай музыкі[89].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.