Біблія (ад грэч.βιβλία / biblia — кнігі, звод кніг[3][4]) — збор старажытных рэлігійных тэкстаў, кананізаваных у іудаізме і хрысціянстве[3][4], гістарычных паданняў — літаратурных і фальклорных твораў[5]. Першая кніга Бібліі — «Быццё», была напісана каля XVI ст. да н.э. (ёсць меркаванні, што кніга Iова яшчэ больш старадаўняя за Быццё), а апошняя кніга «Апакаліпсіс» — у канцы I ст. н.э. Сама назва «Біблія» паходзіць з грэчаскай мовы — τὰ βιβλία і перакладаецца як «кнігі». Такім чынам, Біблія не з’яўляецца адзінай кнігай, а зборнікам асобных кніг, напісаных у розныя часы рознымі асобамі.
Уключае апавяданні пра паходжанне свету і чалавека, рэлігійныя павучанні, догматы, прароцтвы, малітвы і інш., на працягу тысячагоддзяў біблейскія творы распаўсюджваліся ў рукапісах[4]. У Бібліі адлюстраваліся вераванні, культы, традыцыі, сацыяльныя ўмовы жыццядзейнасці людзей розных гістарычных эпох, іх маральна-этычныя прынцыпы, уяўленні аб светабудове і да т.п. Яе ідэі, вобразы, нормы складаюць духоўную аснову хрысціянскай, іудзейскай і мусульманскай культуры, з’яўляюцца адной з важных крыніц развіцця мастацкай культуры, фарміравання ідэалаў і ўзораў, якія вызначаюць менталітэт грамадства[3]. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы выкарыстоўвае літаратура, выяўленчае, тэатральнае, музычнае і іншыя віды мастацтва[4].
Біблія лічыцца Свяшчэнным Пісаннем для хрысціянскай і іудаісцкай рэлігій. Складаецца з дзвюх частак — Старога і Новага Запаветаў[3][4][5]. Іудзейская рэлігія прызнае толькі Стары Запавет, хрысціянская — абедзве часткі[4].