Сінадальны пераклад
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сінадальны пераклад (руск.: Синодальный перевод) — тэрмін, які азначае пераклад кніг Бібліі на рускую мову, ажыццёўлены на працягу XIX стагоддзя і зацверджаны расійскім Свяцейшым правячым сінодам для хатняга (не богаслужэбнага) чытання[1]. Першы тэкст Сінадальнага перакладу (толькі Евангеллі) быў апублікаваны ў 1819 годзе. Поўны тэкст Сінадальнага перакладу Бібліі выйшаў у 1876 годзе. Сёння, па-за межамі богаслужэння, набыў статус агульнацаркоўнага, ці нават, афіцыйнага перакладу Рускай праваслаўнай царквы. У наш час гэта найболей распаўсюджаны рускі пераклад, які ўжываецца не толькі ў хатнім чытанні, але выкарыстоўваецца на занятках у нядзельных школах і ў семінарыях. З сярэдзіны XX ст. у рускіх праваслаўных выданнях біблейскія цытаты пачынаюць прыводзіцца па тэксце сінадальнага пераклада (раней — выключна па славянскім тэксце Лізавецінскай Бібліі)[2]. Для хрысціянскага богаслужэння у Рускай праваслаўнай царкве выкарыстоўваецца пераклад Бібліі на царкоўнаславянскую мову — Лізавецінская Біблія[3].
Сінадальны пераклад | |
---|---|
Поўная назва |
Библия. Книги Священного Писания Ветхого и Нового Завета |
Мова | руская |
Поўная Біблія апублікавана | 1876 |
Апакрыфічныя кнігі | Тавіта, Юдзіф, 1 Макавейская, 2 Макавейская, 3 Макавейская, Мудрасці, Мудрасць Сіраха, Баруха, Ліст Ераміі, 2 Ездры, 3 Ездры |
Перакладзена з | масарэцкі тэкст, Септуагінта, Вульгата, Textus Receptus |
Канон | Праваслаўны |
Сінадальны пераклад змяшчае ўсе кнігі царкоўнаславянскай Лізавецінскай Бібліі: 50 кніг Старога Запавету і 27 кніг Новага Запавету.
Пераклад 39-ці кананічных кніг Старога Запавету ажыццяўляўся з старажытнаяўрэйскай мовы (масарэцкага тэксту) з некаторым улікам Септуагінты і царкоўнаславянскага тэксту[4]. У прыватнасці, нумарацыя псалмоў у Псалтыры даецца паводле Септуагінты. Дзесяць некананічных кніг перакладзены з старажытнагрэчаскай мовы, але адна (Трэцяя кніга Ездры) перакладзена з лацінскай Вульгаты[5]. Пераклад Новага Запавету быў выкананы з старажытнага грэчаскага арыгінала па выданні Эльзевіраў, вядомаму як Textus Receptus[6] з некаторым улікам дадзеных вядомых да таго часу рукапісаў (перш за ўсё ў тых выпадках, калі імі пацвярджаліся разыходжанні царкоўнаславянскага тэксту з Textus Receptus).