From Wikipedia, the free encyclopedia
Евангелле (ад грэч. εὐαγγέλιον — добрая вестка) — агульная назва першых чатырох кніг Новага Запавету пра зямное жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста.
У канон кніг Бібліі ўваходзяць: Евангелле ад Мацвея, з ліку дванаццаці вялікіх апосталаў Ісуса Хрыста; Евангелле ад Марка, з ліку сямідзесяці меншых апосталаў, які быў спадарожнікам вялікага апостала Пятра; Евангелле ад Лукі, з ліку меншых апосталаў, спадарожніка вялікага апостала Паўла; Евангелле ад Іаана, з ліку вялікіх апосталаў.
Тры першыя кнігі Чацвераевангелля (ад Мацвея, ад Марка, ад Лукі) у біблеістыцы названы сінаптычнымі (грэч. зводныя; падзеі, якія можна аглядаць разам), таму што яны блізкія паміж сабою кампазіцыяй і зместам. Ад сінаптычных евангелляў, у якіх апавядаецца пераважна пра зямное жыццё Хрыста і цуды, створаныя ім у Галілеі, адрозніваецца Евангелле ад Іаана, дзе гутарка ідзе пра духоўны сэнс Хрыста-богачалавека, увага акцэнтуецца на боскай прыродзе Хрыста і на цудах, створаных ім у Іўдзеі. Рукапісы-першакрыніцы Чацвераевангелля напісаны старажытнагрэчаскай мовай александрыйскай рэдакцыі, вядомай адукаваным людзям Рымскай імперыі і суседніх дзяржаў. Некаторыя даследчыкі лічаць, што першае Евангелле ад Мацвея напісана ў арыгінале на арамейскай мове. Усе чатыры Евангеллі, узаемадапаўняльныя паводле зместу, адзіныя паводле хрысталагічнай канцэпцыі, прызнаны хрысціянскай царквою кананічнымі ў адрозненне ад некананічных, вольных інтэрпрэтацый евангельскага зместу (евангеллі ад Пятра, ад Андрэя, ад Філіпа і інш.; гл. Апокрыфы). Кананічныя Евангеллі складаюць асноўную крыніцу і крытэрый хрысціянскай веры, таінстваў і догматаў, сімвалічна выяўленых у боскай літургіі і царкоўным мастацтве. Пропаведзь Евангелля, пераўтварэнне асабістага і грамадскага жыцця паводле Хрыстовага закону свабоды — асноўнае прызначэнне хрысціянскай царквы.
Паводле царкоўнай традыцыі, Евангелле напісана вучнямі Хрыста і іх паслядоўнікамі ў другой палове I стагоддзя. Самым раннім па часе ўзнікнення, відаць, з’яўляецца Евангелле ад Марка, паколькі ў ім ёсць намёкі на іўдзейскае паўстанне 66-70-х гадоў. Час яго стварэння можна аднесці на 70-я гады. Кароткі тэкст гэтага Евангелля паслужыў крыніцай для евангелляў ад Мацвея і Лукі. Наяўнасць у яго тэксце значнай колькасці лацінізмаў дала падставу хрысціянскаму багаслову Кліменту Александрыйскаму (2―3 ст.) меркаваць, што напісана яно было за межамі Палесціны, магчыма, у Рыме. Узнікненне ж Евангелля ад Мацвея навуковая літаратура звязвае з Сірыяй, як і тэкст Евангелля ад Іаана, які, паводле царкоўнай традыцыі, прывязваецца да Эфеса. Запісы ж Евангелля ад Лукі адносяцца да розных месцаў ад Кесарыі да Рыма. Самае апошняе па часе свайго напісання Евангелле ад Іаана адлюстравала ў сабе пэўныя рысы агнастыцызму, якія не ўласцівы тром іншым кананізаваным у 4 стагоддзі хрысціянскай царквою евангеллям.
Навуковая крытыка, заснаваная на тэксталагічным даследаванні кананічных кніг, паказала, што звесткі пра цуды Хрыста маюць шмат агульнага з разнастайнымі тагачаснымі крыніцамі і магчыма скампанаваныя ў II―III стагоддзях у перыяд узнікнення самой хрысціянскай царквы і афармлення яе веравызнання. Падобныя да евангельскага апісання жыцця Хрыста шматлікія міфы усходніх паганскіх рэлігій аб паміраючых і ўваскрасаючых багах, таксама прасочваюцца магчымыя запазычанні са сказанняў пра Майсея, Ісуса Навіна і іншых прароцтваў са Старога Запавету. Прасочваючы гісторыю жыцця Хрыста, крытыка звярнула асаблівую ўвагу на розныя супярэчнасці, якія маюцца ў тэкстах кананічных евангелляў — адзначана, што аўтары кананічных евангелляў праявілі дрэннае веданне гісторыі і геаграфіі Палесціны пачатку н. э. Так, евангелісты сцвярджаюць, што нараджэнне Хрыста адбылося ў часы панавання іўдзейскага цара Ірада, хоць апошні памёр у 4-м годзе да н.э. Недарэчнымі з’яўляюцца і ўпамінанні евангелістамі Назарэта, Капернаума і іншых гарадоў і мястэчак, якіх яшчэ не было ў I стагоддзі, калі, паводле сцверджання хрысціянскіх багасловаў, ствараліся тэксты кананічных евангелляў. Падобныя факты даюць падставу сцвярджаць, што кананічныя евангеллі ствараліся ў розны час і з’яўляюцца вынікам шматразовых перапрацовак, якія рабіліся ў розных месцах.
Прадстаўнікі рацыяналісцкай крытыкі Бібліі і хрысціянства — матэрыялістычнага (французскія філосафы-асветнікі другой паловы XVIII ст.) і ідэалістычнага (Б. Баўэр, Д. Штраус; XIX ст.) кірункаў — адмаўлялі рэальна-гістарычны змест Евангелля, бачылі ў ім міфы і легенды II—IV ст., аднак ацэньвалі міфалогію і рэлігію па-рознаму: матэрыялісты-асветнікі схіляліся да атэізму, некаторыя з іх прызнавалі толькі сацыяльна-рэгулятыўную ролю евангельскага вучэння; паслядоўнікі ідэалістычнай плыні «міфалагічнай школы» ў рэлігіязнаўстве адзначалі яго духоўна-этычную каштоўнасць. У савецкі час ад папярэдняй традыцыі бралася толькі адмаўленне гістарычнасці евангельскіх падзей і аднабаковая крытыка евангельскіх маральных установак, у выніку чаго т. зв. навуковы атэізм у 1920—1930-я гады набыў вульгарна-сацыялагічны кірунак. У сучасным еўрапейскім рэлігіязнаўстве заўважаецца тэндэнцыя да сінтэзу гістарычнай (багаслоўскай) і крытычна-міфалагічнай інтэрпрэтацый Евангелля, спалучэння экзегетыкі і філасофскай герменеўтыкі[крыніца?].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.