Радашковічы
гарадскі пасёлак у Беларусі, да 1940 г. горад From Wikipedia, the free encyclopedia
гарадскі пасёлак у Беларусі, да 1940 г. горад From Wikipedia, the free encyclopedia
Радашко́вічы[4] (трансліт.: Radaškovičy, руск.: Радошковичи) — гарадскі пасёлак у Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці, на сутоках рэк Вязынка і Гуйка з Рыбчанкай, на Вілейска-Мінскай воднай сістэме. Цэнтр Радашковіцкага сельсавета (не ўваходзіць у яго склад). Месціцца за 32 км ад Маладзечна, 41 км ад Мінска, 10 км ад чыгуначнай станцыі Радашковічы; на аўтамабільнай дарозе Мінск — Маладзечна.
Гарадскі пасёлак
Радашковічы
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
З 1549 і да 1940 года Радашковічы мелі статус горада (места).
Распаўсюджаная беларуская назва паселішча — Ра́дашкавічы[5][6][7] (прыметнік — радашкаўскі). У гістарычных крыніцах таксама ўпамінаюцца як Радушкавічы і Радашкевічы[8].
Назва Радашковічаў адыменнага паходжання. Вядомае старажытнае балцка-прускае імя *Radašas (< Radasch), таго ж іменнага паходжання і сучаснае літоўскае прозвішча Radašauskas (< Radašas)[9]. Аснова Rad- таксама ў балцка-літоўскіх антрапонімах тыпу Rad-min'as, Rad-vin'as, Nau-rad'as, Skau-rad'as[10]. Гэтую аснову звязваюць з літоўскім rasti «знаходзіць, адшукваць», rado «знайшоў» з шырокімі індаеўрапейскімі паралелямі[11]. Сваім значэннем яна сінанімічная аснове Gaud- (як у імені Каргаўд, ад якога тапонім Каргаўды), што звязаная з літоўскім gauti «атрымліваць, здабываць». Аснова Rad- і ў адыменным прозвішчы Радзівіл. Антрапанімічны пашыральнік -aš- / -uš- таксама ў антрапонімах тыпу Milašis, Tribušis, Narušis, (вядомыя сярод сучасных літоўскіх прозвішчаў), ад якіх тапонімы Мілашы, Трыбушкі, Нарушышкі. Так жа сама, як радашковіцкая назва, утвораная і назва Рабушкі ў гэтым рэгіёне (ад вядомага ў літоўскай антрапаніміі прозвішча Rabušis). У непасрэднай блізкасці ад Радашковічаў адыменныя балцкія тапонімы Дзякшняны, Мігаўка, Мідраўшчына (< Dekšnys, Migis, Mitras).
На ўскраіне Радашковічаў месціцца гарадзішча жалезнага веку з мясцовай назвай Шведская Гара, якое датуецца V—VIII стагоддзямі і сведчыць аб засяленні гэтых зямель у старажытнасці[12].
Першы пісьмовы ўспамін пра Радашковічы датуецца 1447 годам, калі кашталян віленскі Пётр Сенька Гедыгольдавіч заснаваў тут касцёл Найсвяцейшая Тройцы. У розныя часы мясцовасць была ва ўладанні Вярэйскага, Гаштольдаў, каралевы Боны, Глябовічаў, Агінскіх, Радзівілаў. З 1539 года да сярэдзіны XIX ст. тут у дзень Святой Тройцы рэгулярна праводзіліся кірмашы[12].
У 1549 годзе Радашковічы атрымалі статус горада, у якім было 130 двароў, 8 корчмаў, майстэрні. Прыкладна ў гэты ж час тут збудавалі драўляны замак. У Лівонскую вайну ў 1567 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст пастанавіў склікаць пад Радашковічамі збройную дэманстрацыю, разлічваючы на далучэнне да яе незадаволеных маскоўскай уладай князёў і баяраў. На попіс сабралася 47 тысяч салдат, у тым ліку 30 тысяч паспалітага рушання і 2400 салдат, дасланых з Каралеўства Польскага, зброі налічвалася каля 100 адзінак[13]. У 1569 годзе Жыгімонт Аўгуст надаў паселішчу Магдэбургскае права. У Баркулабаўскім летапісе ў 1603 годзе адзначаецца, што ў «Радашковічах ...было паветрые вялікае ў пост Філіпаў».
За часамі Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе ў Радашковічах адбыліся перамовы паміж каралём Швецыі Карлам XII і Станіславам Ляшчынскім. У 1764 годзе горад складалася з Новых і Старых Радашкавічаў, было 134 двары, у тым ліку 45 жыдоўскіх, 2 млыны, казённая ўласнасць. 23 лютага 1792 года кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў Радашковічам гарадскі герб: «у срэбным полі паясная выява Святога Стэфана, пабітага камянямі»[14]. У адпаведным прывілеі падкрэслівалася, што: «усе юрыдыкі зямянскія, ваяводскія, старосцінскія, замкавыя, духоўныя і свецкія пад уладу і юрысдыкцыю магістрату Радашковіцкага паддаць». Далей у гэтым дакуменце зазначалася, каб «усіх абывацеляў у тым месце, як зараз аселых, так і напотым асядаюць, маючых да права мескага ўключыць і за людзей вольных лічыць».
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года Радашковічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі заштатным горадам Вілейскага павета. У час вайны 1812 года пры наступленні французскіх войскаў на Мінск тут на тры дні спыняўся Напалеон Банапарт. Падчас вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў паселішча на пэўны час вызвалілі з-пад расійскай улады. У 1842 годзе Радашковічы сталі цэнтрам воласці Віленскай губерні.
У 1835 годзе была пабудавана праваслаўная мураваная капліца, у 1848 годзе святаром Станкевічам пабудавана праваслаўная Ільінская царква. У 1851 годзе пабудавана праваслаўная Пакроўская царква. Станам на 1859 год тут было 222 будынкі (на 1866 год — 225 будынкаў[15]). У 1863 годзе было адкрыта народнае вучылішча, у 1884 годзе вучылася 38 хлопчыкаў. Станам на 1866 год у Радашковічах было 2 пастаялыя двары, піваварны завод, 2 гасцініцы, сінагога, 3 яўрэйскія малітоўныя дамы, касцёл, царква.
У 1882 годзе ў Траецкім касцёле ахрысцілі Яна Луцэвіча (Янку Купалу).
Станам на 1897 год тут было гарадское і рэальнае вучылішчы, царква, касцёл, капліца, малітоўны дом, сінагога, бровар, 13 піцейных і 6 пастаялых двароў, гарбарны завод, раз у тыдзень праводзіліся таржкі, 1 штогадовы кірмаш. Побач з горадам была аднайменная ферма, 1 двор. У 1908 годзе ў горадзе было 30 мураваных і 463 драўляныя пабудовы, мураваны касцёл і сінагога, драўляная царква, 2 казённыя і 83 прыватныя лаўкі, вадзяны млын, 6 пякарняў, гарбарная, каменячосная, 6 абутковых і 2 ганчарна-кафляныя майстэрні, мылаварны завод, 65 рамеснікаў. На той год у горадзе было 8 вуліц: Мінская, Віленская, Дубраўская, Заслаўская, Татарская і інш[16].
У 1913 годзе тэатральны гурток у Радашковічах паставіў «Паўлінку» паводле п’есы Янкі Купалы.
У лістападзе 1917 года бальшавікі захапілі ўладу ў горадзе. 1 (14) снежня 1917 года быў створаны мясцовы Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 20 лютага 1918 года горад акупаваны войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут была ўтворана Беларуская рада, жыхары горада атрымалі пасведчанні Народнага Сакратарыята Беларусі[17]. Жыхары воласці пісалі звароты ў Народны Сакратарыят Беларусі са скаргамі на дзеянні нямецкіх акупацыйных улад[18]. 14 снежня 1918 года горад заняты Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі тэрыторыя ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны з ліпеня 1919 да ліпеня 1920 года і з кастрычніка 1920 года пад акупацыяй Польшчы (Віленская акруга ГУУЗ).
Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Радашковічы апынуліся ў складзе Польшчы, у беларускай гістарыяграфіі землі вядомы пад назвай Заходняя Беларусь. Радашковічы сталі цэнтрам гімны ў Вілейскім павеце, з 1927 года ў Маладзечанскім павеце Віленскага ваяводства.
У 1921 годзе ў горадзе створана адна з першых у Заходняй Беларусі арганізацыя Таварыства беларускай школы[16]. Цягам 1922—1928 гадоў працавала Радашковіцкая беларуская гімназія імя Ф. Скарыны, закрытая польскімі ўладамі, у 1928—1929 навучальным годзе дзейнічала прыватная беларуская школа, але і яна была закрыта. Існаваў гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры[18]. У горадзе былі паштовае агенцтва, гімназія, электрастанцыя, касцёл і праваслаўная царква.
У выніку паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь з верасня 1939 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй, з лістапада ў складзе Беларускай ССР. У 1940 годзе афіцыйны статус паселішча панізілі да гарадскога пасёлка, які стаў цэнтрам раёна Вілейскай вобласці. У Другую сусветную вайну з 25 чэрвеня 1941 года да 3 ліпеня 1944 года Радашковічы былі пад пад акупацыяй Германіі. У час нямецкай акупацыі былі спалены 233 двары, забіты 1393 жыхары[16].
З 20 верасня 1944 года цэнтр раёна Маладзечанскай вобласці. З 20 студзеня 1960 года ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці.
Радашковічы былі адзіным буйным населеным пунктам Беларусі (апрача Мінска), дзе мясцовыя ўлады яшчэ ў 1990 годзе ўсталявалі над будынкам адміністрацыі беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг побач з сцягам БССР[19]. У 2004 годзе ў склад Радашковічаў увайшла вёска Сярэбранка. У падпарадкаванні Радашковіцкага пасялковага Савета знаходзілася вёска Удранка, якая 29 снежня 2009 года ўвайшла ў склад Радашковіцкага сельсавета[20].
Прадпрыемствы па вытворчасці керамічных вырабаў, харчовай і лёгкай прамысловасці. Санаторый «Хваёвы Бор», санаторый-прафілакторый «Зорны», дзіцячы аздараўленчы комплекс «Маяк». Цэнтр ганчарнага рамяства[26].
Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, кінатэатр. У Радашковічах працуюць сярэдняя і мастацтваў школы, школа-інтэрнат.
Медыцынскія паслугі падаюць пасялковая бальніца і паліклініка.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.