беларуская паэтка From Wikipedia, the free encyclopedia
Ната́лля Арсе́ннева (у шлюбе — Кушаль; 20 верасня 1903, Баку — 25 ліпеня 1997, Рочэстэр, Нью-Ёрк) — беларуская паэтка, перакладчыца, драматург.
Наталля Аляксееўна Арсеннева | |
---|---|
| |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 20 верасня 1903 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 25 ліпеня 1997 (93 гады) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Муж | Францішак Кушаль |
Дзеці | Яраслаў Кушаль[d] і Уладзімір Кушаль[d] |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | мовазнаўца, драматург, перакладчыца, паэтка, пісьменніца |
Мова твораў | беларуская і руская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзілася 20 верасня 1903 года ў сям’і начальніка Бакінскай мытнай акругі Аляксея Арсеннева і былой настаўніцы ў Баку. У 1905 годзе бацьку Наталлі перавялі спачатку на Валынь, а пасля ў Вільню. Радавод яе бацькі ўзыходзіць да роду маці Міхаіла Лермантава[1]. Паводле літаратуразнаўцы Мікалая Мішчанчука, род Арсенневых — генеалагічная лінія бабулі рускага класіка[2], Лізаветы Аляксееўны Арсенневай (1773—1845).
Сям’я Арсенневых складалася з трох сясцёр і аднаго брата. Іхняя маці, былая настаўніца, дала Наталлі добрую хатнюю адукацыю, рыхтуючы дачку адразу ў сярэднюю школу[3]. У дзяцінстве захаплялася маляваннем. У дзесяць гадоў, будучая паэтка з адзнакаю здала ўступныя экзамены і паступіла адразу ў другі клас Віленскай Марыінскай гімназіі. Тут яна правучылася толькі два гады праз пачатак Першай сусветнай вайны. У 1914 годзе сям’я Арсенневых эвакуявалася ў Яраслаўль. Юная Наталля працягвала вучобу ў Кацярынінскай жаночай гімназіі, дзе дадаткова наведвала літаратурны гурток. У 1917 годзе рабіла ілюстрацыі мастацка-літаратурнага часопіса, які выдаваўся гуртком. Тут яна ў чатырнаццаць гадоў напісала свой першы верш на рускай мове «Облако»[4]. З пачаткам антыбальшавіцкага паўстання ўлетку 1918, сям’я Арсенневых пакрысе адпраўляецца ў Вільню, да якой дабіраліся этапамі больш за год праз Вялікія Лукі Пскоўскай губерні і Дрысу. У часе пераезду, усе дзеці перахварэлі на «іспанку». Сястра Наталлі Галіна ў выніку хваробы памерла[5].
У 1920 годзе сям’я вярнулася ў Вільню. За час бежанства ўся віленская маёмасць Арсенневых была раскрадзеная, а ў іх кватэры жылі чужыя людзі. У Вільні 16-гадовая Наталля давала ўрокі французскай і нямецкай моў, каб дапамагчы сям’і. Тут яна паступіла ў Віленскую беларускую гімназію, дзе настаўнічалі Максім Гарэцкі, Браніслаў Тарашкевіч, Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч і іншыя дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння[6]. Наталля Арсеннева пазней адзначала: «па праўдзе, я стала беларускай паэткай толькі ўвосень 1920 года»[7]. У гімназіі прымала ўдзел у пастаноўцы паводле «Паўлінкі» Янкі Купалы.
У чэрвені 1921 годзе атрымала атэстат аб сярэдняй адукацыі — «матуру». Ужо ў верасні пачала настаўнічаць у адной з сямі беларускіх школ у Вільні. Адначасова паступіла на гуманістычны факультэт Віленскага ўніверсітэта і друкавалася ў розных заходнебеларускіх часопісах і газетах[5]. На яе паэтычныя здольнасці звярнуў увагу асабіста Максім Гарэцкі[1].
28 верасня 1922 года Наталля Арсеннева выйшла замуж за Францішка Кушаля — сябра Беларускай вайсковай камісіі, а пасля жаўнера польскага войска. Ад яго яна мела двух сыноў: Яраслава (1923—1943) і Уладзіміра. Першыя паўтара года пасля шлюбу пражылі ў Слоніме. Тут Наталля Арсеннева моцна пасябравала з Гальяшом Леўчыкам[8]. Улетку 1923 года Францішак Кушаль адправіў гасцяваць Наталлю да свайго дзеда Вінцука Кушаля ў вёску Доры ў Валожынскім павеце. Тут яна правяла амаль тры месяцы і пазней ездзіла сюды кожнае лета. Гэтыя гасцяванні паэтка апісала наступным чынам:
Тут, у чыста беларускім сялянскім асяроддзі, я цесна зжылася з Беларуссю, калі можна так сказаць, ужо не ў тэорыі, а на практыцы, зжылася з найчысцейшаю беларускаю моваю, з беларускім жыццём і прыродаю. Мужавы бацька — стары Кушаль — быў найшчырэйшым беларускім патрыётам, хоць палітыкай ніколі не займаўся і ў жыцці сваім ніколі нікуда не выязджаў далей за Валожын, Івянец, Ракаў ці Маладзечна[3]. |
У 1924 годзе мужа Наталлі Арсенневай перавялі на Памор’е, дзе яны пражылі 13 гадоў у Хэлмне і год у Равічы, на самой граніцы з Германіяй[9].
У 1927 годзе Наталля Арсеннева надаўжэй прыехала ў Вільню і падрыхтавала да друку свой першы зборнік «Пад сінім небам». Адначасова яна займалася перакладам «Дзядоў» Адама Міцкевіча: пераклала 1-ю, 2-ю і пачала чацвёртую часткі. Пераклад быў ацэнены станоўча і частка яго была надрукавана ў адным з віленскіх беларускіх часопісаў, аднак цэласць недзе загінула, а ў друкароў ці рэдактараў яе пазней знайсці не ўдалося[8]. У 1935 годзе ўпершыню наведала Вільню ўзімку, дзе чытала свае вершы і пазнаёмілася з Максімам Танкам, творчасць якога зрабіла на яе моцнае ўражанне[10].
На пачатку 2-й сусветнай вайны муж Наталлі Арсенневай аказаўся ў савецкім палоне — Старабельскім лагеры[11]. Баючыся быць адрэзанай ад дзяцей, якія былі ў Дорах, паэтка пайшла туды з Вільні, ноччу, праз Ліпаўку на Ашмяны. Пад Вішневам, як падазроная асоба арыштавана савецкай дзяржбяспекай, адвезена ў пастарунак НКУС у Валожыне і адпушчана адтуль праз пяць дзён. Дабраўшыся да Дораў, праз цяжкае матэрыяльнае становішча Наталля Арсеннева вырашыла ехаць з дзецьмі назад у Вільню, але Беларускі камітэт там нічым ёй не дапамог[12]. Тады Арсеннева вырашае падаць заяўку ў савецкую рэпатрыяцыйную камісію па дазвол уезду на тэрыторыю СССР. Дазвол быў атрыманы і 31 снежня 1939 года яна чарговы раз пакінула Вільню, асела ў Вілейцы, дзе жыў брат яе братавай. Апрача таго, у Вілейцы тым часам жыў Максім Танк, які ўладкаваў Наталлю Арсенневу стылістам у абласную «Сялянскую газету»[13].
На пачатку сакавіка 1940 года Саюз беларускіх пісьменнікаў запрасіў Наталлю Арсенневу і Максіма Танка ў Мінск. Там паэтка пазнаёмілася з Янкам Купалам, Змітраком Бядулям і іншымі. Аднаго вечара, калі Танк, Арсеннева і беларускі крытык і драматург Алесь Кучар ішлі па Савецкай вуліцы, Танк голасна гаварыў па-беларуску, на што атрымаў спалоханую заўвагу Алеся Кучара:
Ведаеце, не гаварыце так голасна па-беларуску, у нас гэта не прынята[13]. |
13 красавіка 1940 года на золку Наталля Арсеннева разам з сынамі была арыштавана органамі НКУС і без афіцыйнага абвінавачвання сасланая ў ГУЛАГ у Казахстане. У лютым 1941 года атрымала выклік у Маскву. Дабраўшыся цягніком да Лубянкі, Наталлю Арсенневу беспаспяхова спрабавалі намовіць падпісаць развод з сваім мужам, які ў той час знаходзіўся побач на Лубянцы. Пасля чарговага вяртання ў Казахстан, паэтцы разам з двума дзецьмі было дазволена вярнуцца на ранейшае месца жыхарства. У траўні 1941 года Наталля Арсеннева была ўжо ў Дорах. Праз некалькі дзён ёй прыйшоў загад ехаць у Беласток, дзе яна адшукала Максіма Танка і той уладкаваў яе на кватэру і працу ў рэдакцыю газеты, дзе паэтка працавала да пачатку савецка-германскай вайны[14].
Пасля нападу нацыстаў на СССР Наталля Арсеннева праз Ліду, Багданава і Валожын дабралася з Беластока ў Доры, адкуль з малодшым мужавым братам адправілася ў зруйнаваны Мінск. Пазней яна з мужам атрымала кватэру на былой Ленінградскай вуліцы. Дагэтуль вызвалены з Лубянкі Францішак Кушаль жыў на адной кватэры з Антонам Адамовічам, а пасля пераезду з жонкай на Ленінградскую вуліцу прапанаваў ёй пайсці на працу ў рэдакцыю «Беларускай газеты»[15]. Перакладала лібрэта да опер «Кармэн» і «Яўген Анегін». У гэты час да Наталлі Арсенневай звярнуліся па напісанне лібрэта да новай оперы, за сюжэт якой паэтка ўзяла верш «Лясное возера» з цыкла «Зачараваны вугал» са зборніка «Пад сінім небам». Напісанне музыкі было даручана кампазітару Міколу Шчаглову. Апроч гэтага, паэтка напявала мелодыі шматлікіх песень, пачутых ёю яшчэ ў Дорах. Тэксты іншых народных песень, якія пазней увайшлі ў оперу Наталля Арсеннева ўзяла з фальклорнага зборніка Еўдакіма Раманава[16]. Пасля прэм’еры «Ляснога возера» Арсеннева зрабіла пераклад «Затанулага звана» Герхарта Гаўптмана.
У другой палове 1942 года Наталля Арсеннева атрымала ліст ад свайго брата Сяргея, які ў 1940 годзе ўцёк у Германію і праз цяжкую хваробу прасіў узяць апеку над сваёй сям’ёй. Паэтка парупілася пра атрыманне дазволу на пераезд і спачатку выехала ў Берлін, а затым у Лейпцыг, дзе яе брат ляжаў у санаторыі «Reisengebirge». У часе яе знаходжання ў Лейпцыгу Сяргей Арсеннеў памёр у санаторыі, і Наталля праз сканчэнне тэрміну пропуска вымушана была вяртацца ў Мінск[17].
Па вяртанні ў Мінск Наталля Арсеннева распачала працы над перакладамі «Цыганскага барона» Ёгана Штрауса, «Разбітага кубка» Гайнрыха фон Кляйста, «Чароўнай флейты» Моцарта і «Вольнага стральца» Карла Марыі фон Вебера. 22 чэрвеня 1943 ад міны, што ўзарвалася ў Мінскім гарадскім тэатры загінуў сын Яраслаў. Яго пахаванне адбылося на Вайсковых могілках. Па смерці сына кампазітар Мікола Шчаглоў папрасіў Наталлю напісаць арыю для кнігі Праксады для 3-га акта оперы «Усяслаў Чарадзей». Калі лібрэта да оперы было скончана, найлепшыя ўверцюры і арыі былі выкананыя спевакамі і поўным аркестрам у студыі Мінскага радыё[18]. У гэты час у рэдакцыю «Беларускай газеты» заходзіў вядомы беларускі драматург Францішак Аляхновіч. Пасля Другога Усебеларускага кангрэса сустрэлася з Ларысай Геніюш, якая прыехала з Прагі.
З пачаткам наступлення савецкіх войск на Мінск, Наталля Арсеннева разам з дзеячамі Цэнтральнай беларускай рады эвакуюецца праз Беласток, Варшаву ў Кёнігсберг, затым у горад Форст у зямлі Брандэнбург, дзе з сынам правяла каля месяца, і адкуль пераехалі ў Берлін. Тут паэтка ўладкавалася на працу ў беларускую газету «Раніца». Тут яна напісала большую частку вершаў, якія пазней увайшлі ў зборнік «Не астыць нам»[19]. 3 лютага 1945 года праз няспынныя бамбардзіроўкі Берліна Наталля Арсеннева разам з сям’ёй Шчагловых і Каханоўскіх пераехала ў мястэчка Амберг, паблізу чэшскай мяжы, дзе цярпелі цяжкую харчовую і фінансавую нястачу. Далейшыя гады паэтка са сваім мужам правяла ў лагерах для гэтак званых «перамешчаных асоб». Увосень 1945 года Арсеннева разам з мужам перабралася ў Рэгенсбург, дзе знайшлася магчымасць весці культурную працу пры Беларускім камітэце[19] і выкладаць у Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы французскую і нямецкую мовы. Друкавалася на старонках шматлікай эміграцыйнай перыёдыкі[20]. Пазней, у 1946[20] годзе, Наталлю Арсенневу перавезлі ў лагер у Міхельсдорфе, потым — у Віндышбергердорфе , дзе Наталля Арсеннева разам з беларускай грамадой ставіла канцэрты[21]. Да свайго ад’езду ў ЗША Арсеннева паспела пабываць у Розенгайме.
У Злучаныя Штаты Наталля Арсеннева пераехала 15 чэрвеня 1950 года (спачатку ў Нью-Ёрк, пазней — у Рочэстэр), дзе ёй напачатку давялося працаваць упакавальніцай агуркоў на фабрыцы кансерваў. Праз некалькі тыдняў паэтка разам з мужам ужо займелі сваю невялікую кватэру[3]. Удзельнічала ў заснаванні Беларуска-Амерыканскага Задзіночання, дзе была культурна-асветным рэферэнтам (1951—1953) і сакратаром (1959—1967) Галоўнай управы[20]. У 1952—1954 гадах Працавала рэдактарам у эмігранцкай газеце «Беларус», на Радыё Свабода, у Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
У 1967 годзе ў сувязі са смерцю пасля цяжкае хваробы (ва ўзросце 38 гадоў) нявесткі Наталлі Кушаль (у дзявоцтве Куліковіч) пераехала да сына Уладзіміра ў Рочэстэр (штат Нью-Ёрк) даглядаць унукаў Пятра і Наталлю[20].
У 1970—1980-я гады адышла ад актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці беларускай эміграцыі.
25 ліпеня 1997 года Наталля Арсеннева памерла ў горадзе Рочэстэр (штат Нью-Ёрк). Пахавана на мясцовых могілках[22] (могілкі Маўнт Хоўп), побач са сваім мужам Францішкам Кушалем[23].
Друкуецца з 1920 года. Яе талент заўважыў і падтрымаў Максім Гарэцкі. Ранняя лірыка, якую яна змяшчала ў перыядычных выданнях Заходняй Беларусі, пераважна прыродаапісальная, інтымная. Яна імкнулася перадаць імгненныя ўражанні, пачуцці, адлюстраваць зменлівы стан душы, плынь унутранага быцця.
Творчасць Наталлі Арсенневай 1920—30-х гадоў стала значнай з’явай заходнебеларускай літаратуры. Кніга лірыкі «Пад сінім небам» (Вільня, 1927) узбагаціла беларускую паэзію глыбокім пранікненнем у сферу чалавечых пачуццяў, свежасцю лірычных інтанацый, багаццем вобразнай палітры. Максім Танк у сваіх «Лістках календара» пісаў пра паэтку: «Трэба прызнаць, што са сваіх інтымных пачуццяў яна ўмее вязаць прыгожыя карункі»[24]. Гэтыя асаблівасці лірыкі Арсенневай уласцівыя і кнізе «Жоўтая восень», што рыхтавалася да друку яшчэ ў 1935—36 гадах, але апублікаваная цалкам толькі ў кнізе выбранага як асобны раздзел.
Вершы, створаныя ў акупаваным Мінску, склалі зборнік «Сягоння» (1944). Талент паэткі раскрыўся ў бок філасофскага, гуманістычнага асэнсавання гістарычных падзей, узмацніліся грамадзянскія, трагічна афарбаваныя ноты. Вайна ўспрымаецца ёю як вялікая трагедыя еўрапейскіх народаў. Зруйнаваны, пакрыты папялішчамі свет выклікаў адчай і адчуванне ўласнага бяссілля: «За ўсё гэта, за ўсё — не наплачацца нават паэт». У ваенных вершах Наталля Арсеннева не імкнулася быць суддзёй падзей, не падзяляла ўдзельнікаў вайны на «сваіх і чужых», ёй аднолькава шкада ўсіх загінуўшых — як сына Дняпра, так і сына Рэйна. Яна абрала пазіцыю нейкага «надсусветнага» назіральніка[25]. Скразны матыў ваеннай лірыкі — матыў непасільнасці выказаць і аб’яднаць смуткам і тугою аднаго чалавека, нават калі ён паэт, сусветны смутак і жаль, што апанаваў чалавецтва, кінутае ў вір вайны. Побач з тэмай «жыцця… ў жалобнай раме», асуджэння вайны, смутку сярод руін і ахвяр, у творах моцна гучала нацыянальна-патрыятычная тэма Бацькаўшчыны (вершы «Песня каліноўцаў», «Жыве Беларусь», «Малітва», «Прысяга», «Краіне», «Зняволены сцягам»), сцвярджалася ідэя вольнасці і моцы Беларусі, выказвалася вера ў той момант, калі Беларусь акрыяе ў змаганні і плён яе ніў будуць збіраць не чужынцы.
Напісала лібрэта да опер Мікалая Шчаглова «Лясное возера», «Усяслаў Чарадзей» і аперэты «З выраю». Пераклала на беларускую мову некалькі п’ес, якія ставіліся ў менскім гарадскім тэатры, сярод іх «Затонуты звон» Герхарта Гаўптмана, «Вяселле Фігаро» і «Чарадзейная жалейка» Моцарта, «Кармэн» Жоржа Бізэ і «Цыганскі барон» Ёгана Штрауса. Супрацоўнічала з Антонам Кецкам у падрыхтоўцы зборніка «Эвангельскі хрысьціянскі сьпеўнік».
У творчасці эміграцыйнага перыяду нацыянальныя і гісторыка-патрыятычныя матывы паглыбіліся, набылі настальгічную афарбоўку. Пастаяннай прыхільнасцю паэтэсы карыстаецца беларуская нацыянальная сімволіка (цыклы вершаў «Не астыць нам», «Брамы», «На ростанях»). Асобныя творы прысвечаны Францішку Скарыну («У гасподзе Падуанскай»), дню абвяшчэння незалежнасці Беларусі («25 сакавіка», «Ён граць не сціхне»), Слуцкаму паўстанню («На Слуцкія ўгодкі», «Косы», «Сыны і маці»). Само імя Беларусі для паэткі, аддзеленай ад Бацькаўшчыны не толькі геаграфічнай, але і палітычнай адлегласцю, становіцца «пякучым сымбалем болю», аднак толькі з ім яна адчувае сябе нястрачаным чалавекам.
З сярэдзіны 1980-х гадоў яе творы зноў робяцца вядомымі і папулярнымі ў Беларусі.
У шлюбе з Францішкам Кушалем мела двух сыноў — Яраслава (1923—1943) і Уладзіміра (1924—?). Яраслаў загінуў ад выбуху закладзенай савецкімі партызанамі бомбы, у мінскім тэатры ў часе прадстаўлення. Уладзімір ажаніўся з Наталляй Куліковіч (1928—1967), дачкой Мікалая Шчаглова-Куліковіча, ад якой меў двух дзяцей — Пятра і Наталлю, якіх пасля смерці жонкі дапамагалі даглядаць ягоныя бацькі[26]
У СССР творы Наталлі Арсенневай былі забароненыя. Дагэтуль творы паэткі не ўключаныя ў школьную праграму па беларускай літаратуры ў сярэдніх школах.
З сярэдзіны 1980 гадоў творы Наталлі Арсенневай становяцца вядомымі і папулярнымі, асабліва верш «Малітва», які будучы пакладзеным на музыку кампазітарам Міколам Равенскім стаў гімнам «Магутны Божа», у гонар якога названы фестываль духоўнай музыкі; у 1995 годзе гэтую песню прапаноўвалі зрабіць дзяржаўным гімнам Беларусі.
У 2003 годзе ў яе гонар быў усталяваны помнік у мястэчку Старыя Дарогі Мінскай вобласці на тэрыторыі музея-сядзібы[27]. У лістападзе 2022 года стала вядома, што з мемарыяльнай зоны перад будынкам музея быў выдалены партрэт Наталлі Арсенневай[28].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.