Лідзія (Сямёнаўна) Сымонаўна Са́вік (1 сакавіка 1936, в. Камуна, Любанскі раён, Слуцкая акруга — 22 чэрвеня 2024, Мінск[1]) — беларуская літаратуразнаўца, крытык. Кандыдат філалагічных навук (1977).

Хуткія факты Лідзія Сымонаўна Савік, Дата нараджэння ...
Лідзія Сымонаўна Савік
Дата нараджэння 1 сакавіка 1936(1936-03-01)
Месца нараджэння
Дата смерці 22 чэрвеня 2024(2024-06-22) (88 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Муж Мікалай Пятровіч Савік
Род дзейнасці літаратуразнаўца
Навуковая ступень кандыдат філалагічных навук
Альма-матар
Член у
Закрыць

Біяграфія

Нарадзілася 1 сакавіка 1936 года ў в. Камуна Любанскага раёна Слуцкай акругі (цяпер — Мінская вобласць) ў сялянскай сям’і. Бацькі Адам Васілевіч і Алена Піліпаўна Адзярыха, разам з Эмануілам Модзіным, Цімафеем Смірновым і інш., былі арганізатарамі камуны (вёска Камуна) на Мар’інскім балоце над ракой Арэсай.

Па нападзе Германіі на СССР у часе Другой сусветнай вайны бацька прызваны ў Чырвоную армію, загінуў у 1941 годзе пад Масквой. Камуну спалілі немцы, маці[2] з двума дзецьмі, Лідай і Ірынай, знаходзілася ў савецкім партызанскім атрадзе «Камсамолец» брыгады імя Панамарэнкі, была сувязной, потым — у гаспадарчым узводзе. Пасля вызвалення Беларусі жылі ў Любані. Потым, у сувязі з пераводам айчыма Сымона Шыкунова па працы і пераездам сям’і, жыла ў Барысаве, Заслаўі, Дзяржынску.

Працавала піянерважатай у Вязанскай школе Дзяржынскага раёна (1954—1955), у Дзяржынскай школе № 1 (1955—1959), у 1959 годзе пераехала ў Мінск, працавала ў Мінскай школе № 62. Скончыла філалагічны факультэт БДУ (1962), Інстытут удасканалення настаўнікаў (1964), аспірантуру. Працавала ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Якуба Коласа АН БССР (1966—1978). У 1977 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме «Праблемы сучаснай беларускай „вясковай“ прозы». 3 1978 года працавала ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, малодшым, затым старшым навуковым супрацоўнікам, адначасова з 1982 года — у Беларускім універсітэце культуры. Выкладала ў ВНУ беларускую літаратуру, чытала спецыяльныя курсы пра творчасць рэпрэсіраваных і эмігранцкіх пісьменнікаў.

3 1992 года — дацэнт Беларускага ўніверсітэта культуры, чытала курс лекцый па сучаснай беларускай літаратуры. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (Саюз беларускіх пісьменнікаў) (з 1992 года). Адна з арганізатараў і сакратар Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Была сакратаркай секцыі крытыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшынёй камісіі па вяртанні спадчыны беларускіх пісьменнікаў. Акадэмік Міжнароднай АН Еўразіі (1995).

Памерла 22 чэрвеня 2024 года ў Мінску.

Літаратурная і навуковая дзейнасць

Літаратурнай дзейнасцю займалася з 1974 года[3]. Дэбютавала ў друку артыкулам «Сучасная беларуская проза» (1974). Кірунак навуковай дзейнасці — праблемы развіцця беларускай літаратуры XX стагоддзя. Атрымала дазвол на працу ў архівах КДБ Рэспублікі Беларусь, сабрала дакладныя звесткі пра лёс рэпрэсаваных беларускіх паэтаў і празаікаў. Даследвала эмігранцкую беларускую літаратуру, збірала матэрыялы пра жыццё і дзейнасць вядомых беларусаў у Францыі, Германіі і ЗША.

Выдала творы рэпрэсаваных пісьменнікаў Янкі Нёманскага «Творы» (1984), Сымона Баранавых «Новая дарога» (1989), Барыса Мікуліча «Аповесць для сябе» (1993) і інш. Даследвала таксама эмігранцкую беларускую літаратуру. Апублікавала нарысы жыцця і творчасці Наталлі Арсенневай, Майсея Сяднёва, Уладзіміра Дудзіцкага, Хведара Ільяшэвіча, Уладзіміра Случанскага. Аўтар шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій пра творчасць пасляваенных аўтараў: Васіля Быкава, Янкі Брыля, Івана Шамякіна, Сяргея Грахоўскага, Аркадзя Марціновіча, Анатоля Кудраўца, Янкі Сіпакова, Віктара Карамазава, Алеся Жука, Вольгі Іпатавай, Міколы Гіля, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Асіпенкі, Барыса Сачанкі, Яна Скрыгана, Ларысы Геніюш.

Аўтар манаграфій «Адчуванне часу», «Пад мірным небам Бацькаўшчыны», «Каб не астыла цяпло зямлі», суаўтар кніг «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гадоў» (1985), «Сыны і пасынкі Беларусі» (1996), «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы» (2001), «Культура беларускага замежжа» і інш. Выдала кнігу «Космас беларуса: жыццяпіс Б. У. Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта» пра Барыса Кіта — акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Аўтар шэрагу даследаванняў пра творчасць беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, напрыклад «Пакліканыя: літаратура беларускага замежжа» (2001). Аўтар звыш 100 артыкулаў і рэцэнзій, 230 энцыклапедычных артыкулаў. Друкавалася на старонках рэспубліканскіх перыядычных выданняў.

Некаторыя творы

  • Праблемы сучаснай беларускай «вясковай» прозы. (Агульны агляд мастацкай і крытычнай літаратуры) // Кніга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. — Минск. 1974. С. 179—194;
  • Проблемы современной белорусской «деревенской» прозы. (10.01.03) Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата филологических наук /АН БССР Институт литературы им. Янки Купалы/. — Минск. 1977. 21 с.;
  • Адчуванне часу. Тэма вёскі ў сучаснай беларускай прозе. — Мінск. 1981;
  • Каб не астыла цяпло зямлі. Беларуская проза 70 — пачатку 80-х гг.). — Мінск. 1984;
  • Пад мірным небам Бацькаўшчыны. Нарыс творчасці Барыса Сачанкі. — Мінск. 1986. 120 с.
  • У. І. Ленін і Кастрычніцкая рэвалюцыя ў беларускай літаратуры (сааўтары: У. Гніламёдаў, С. Ляўшук). — Мінск. 1987;
  • Вяртанне. Жыццяпіс Барыса Уладзіміравіча Кіта. — Мінск. 1993. 75 с.;
  • Космас беларуса. Жыццяпіс Барыса Уладзіміравіча Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта. — Мінск. 1996. 381 с; 2 выд. — Мн., 1998. 449 с.;
  • Пакліканыя. Літаратура беларускага замежжа. — Мінск. 2001. 478 с.;
  • Адна між замкаў: Літаратурны партрэт Вольгі Іпатавай. — Мінск. 2003. 165 с.

Сям’я

Муж — Мікалай Савік (нар. 1937), навуковец-кібернетык.

Зноскі

  1. Памерла пісьменніца Лідзія Савік . Рацыя (22 чэрвеня 2024). Праверана 24 чэрвеня 2024.
  2. Алена Піліпаўна Адзярыха ўзнагароджана ордэнам і баявымі медалямі як удзельніца Вялікай Айчыннай вайны.

Літаратура

Спасылкі

Wikiwand in your browser!

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.

Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.